Сяргей Вераціла (№122)

Requiem

*  *  *

Тоіцца рыба на дне акіяна,

Тоіцца звер у пушчанскіх бярлогах,

Тоіцца ў маціцы перліны ззянне,

Тояцца ў памяці згукі былога.

 

Тоіцца жук пад зялёнай сцяблінаю,

Тоіцца позірк пад акулярамі,

Тоіцца сон паміж коўдрай й прасцінаю,

Тоіцца гром паміж небам і хмарамі.

 

У ночы глыбокай тоіцца ранак,

Тоіцца смерць паміж буйнага квецця,

Тоіцца ў лесе забыты паўстанак,

Тояцца рукі, у рукі заплецены.

 

Тоіцца ўсё і знаку чакае.

Час настае, і мовіцца слова.

Слова, што тоіцца, робіцца яваю,

І раскрывае згукі былога,

І пранікае на дно акіяна,

У пушчы глухія,

У сон напалоханы.

 

Слова, што сказана,

Слова, што мовіцца,

Што

у душы

у паэтавай

тоіцца.

 

 

*  *  *

Дождж толькі пакрапаў, і то на ўскраіне,

Яму, дажджу – па-любому.

Я, асцярожна і лёгка ступаючы,

выйшаў з дому

З горадам на спатканне.

Вакзал гаманіў,

прадаваў газеты, целы і піва.

Цягнікі па рэйках развозілі накірункі,

П’яны бомж мармытаў шчасліва,

Ашалелая баба плакала з клункамі.

А я – адчужэлы. Мне мітусня –

не даспадобы,

Вывальваюся з натоўпу, пазбягаючы ачмурэння

і гвалту.

Пранеслі гарачыя булкі з цынамонам –

запахла здобаю.

Мне падабаюцца пахі такога кшталту.

Яшчэ падабаецца, як пахне ліпаю.

(Такога спякотнага ліпеня

мне не прыпомніць.)

І я навучыўся думаць голасам нізкім

і хрыплым,

Недзе нават салодкім,

як вобраз жанчыны паўсоннай,

Мяккай і цёплай,

як угрэтая сонцам лава,

І такой жа даступнай,

што хоць ты плаці перасохлым

лісцем.

Пальцы доўгія, тонкія кісці –

У маёй каханай, а вечар крывую

На даляглядзе

Падводзіць рысу спатканню,

Там, на захадзе,

гэта можна пабачыць кожнаму.

Дождж толькі пакрапаў, і то на ўскраіне.

А я не выходзіў сёння з дому.

 

 

*  *  *

Я збудаваў свой свет з чароўнай мары,

Хоць і няма пад небам гэтым міру.

А ўсё ж пяе абуджаная ліра:

Я збудаваў свой свет з чароўнай мары.

 

Нямала песняроў пакутуюць пад жвірам,

На іх касцях святкуюць розныя пачвары.

Я ж збудаваў свой свет з чароўнай мары,

Хоць і няма пад небам гэтым міру.

 

 

*  *  *

Адчуць эмоцыяй

Недастатковасць метафары.

Адчуць пальцамі

Кроплі расы на кветцы.

Пераставіць словы месцамі.

Назваць гэта – творчасць.

 

Разамлелы рытм

Няўлоўным бегам крыві да скроняў

Ад каранёў.

 

І не дагнаць бессаромную думку,

Якая кладзецца на рытм

Лёгкі, няўлоўны, няроўны.

 

Адчуць пальцамі

Недастатковасць метафары.

Адчуць эмоцыяй

Кроплі расы на кветцы.

Даведацца

Пра свой самотны світанак.

Зблытаць вечар

З цыгарэтным дымам.

Паляцець за рытмам

У адчуванне.

 

 

*  *  *

І напэўна ж успамінам

Стануць гэтыя гады,

Доўгім-доўгім, нават дзіўным,

Як гульня празрыстых ліній.

(Ах, як доўга кава стыне.)

Колер вечара быў сіні,

І чарнеліся сады

Над угрэтаю вадою,

Дзе шалела драбяза.

Быў акунь ёй злыбядою,

Йшлі аблокі чарадою

Па-над лесам грамадою,

Сена пахла сырадоем,

І кацілася сляза,

Што народжана ўспамінам:

Колер вечара быў сіні.

 

 

*  *  *

Камусьці восень “залатая”,

А мне шкада

Лістоты хрусткай,

Што так журботна ападае

З радкамі

Мовы беларускай.

 

 

*  *  *

Ужо чарнеюць чаромхаў ягады,

Ужо яблыкі кажуць бакі абагрэтыя.

А ў твае валасы павуцінка ўпрадзена

Прадвесніцаю бабінага лета.

 

 

*  *  *

Кубачак з кавай даўно састыў

І зноўку паспеў у руках нагрэцца.

Дзень ніяк не сканчаўся,

І вечар не надыходзіў.

 

Бясконцая працягласць была ягонаю

адметнасцю.

Ягонаю адзнакаю была самота.

А мне хацелася плакаць.

Верылася мне,

што гэтак будзе лягчэй.

Верылася мне,

што гэтак будзе не так самотна.

Мроілася мне,

Што ты

на тым, на іншым краі зямлі

Таксама думаеш пра мяне.

Што кубачак з кавай

у тонкіх тваіх руках

Састывае

У бясконцай працягласці дня.

 

 

*  *  *

Бясконцыя дажджы –

Надакучлівы напамін

Пра блізкія снягі.

 

І кляновае вогнішча

Паміж шэрых калонаў

Дзеля нечага

Сагрэла мне душу.

 

 

*  *  *

Змяніўся шэры ранак шэрым днём,

І шэры вечар стаў яго наступнік,

А неба пад аблокавым рыззём

Сабе гатуе да Калядаў крупнік.

 

 

Піва ды іншае

  1. Спасцігаю навуку супраціву,

Намагаючыся не зважаць на страты.

Хоць незаўважна,

Але затое няўхільна

Падкрадаецца восень.

 

  1. Грабеньчык уступае ў стасункі

з валасамі,

Даводзячы іх да парадку,

Не запытваючыся ў іх дазволу.

Не ўлічваючы іхніх пажаданняў.

Але цяпер мой грабеньчык –

у шуфлядцы:

Я пайшоў і пастрыгся.

 

  1. Размяркоўваючы жаданні,

Пакідаю месца для смеху,

Як неабходнае ўмове выратавання.

А таму яшчэ раз нагадаю,

Што і я – смяротны.

 

  1. Напружана, бліскуча,

утрапёна і бясконца

У жыццё ўзіраецца

Год за годам,

І пра мінулае не ўзгадае,

І пра будучае не памяркуе

Бязглузда-празрыстая шыба.

 

  1. Спаміж амальгамаю й шклом

Пражываюць адлюстраванні.

Іхні выгляд – вынік нашых эмоцый,

З якімі падыходзім да люстэрка.

 

  1. У гадзіннікавым механізме

Жывуць чалавечкі –

Так я думаў

Раней, у маленстве.

Яны ўвесь час даганяюць і ловяць

Гадзіны, хвіліны, секунды

І паказваюць нам сваю здабычу.

Неяк, можа, і невыпадкова

Я даведаўся пра існаванне

Тэрцыяў.

Імі цяпер мераю

Жыццё ў эпоху мікраарганікі.

 

  1. Гадзіннік як сродак баўлення часу:

Паназіраю за стрэлкамі –

Вось і да вечара не так ужо і далёка.

 

  1. Спёка. Стужу галаву ў піве.

Паволі залюшчваюцца вочы.

І чарговая зорка

Прытуляецца да пляча.

 

 

*  *  *

Усё будзе добра,

бо так напісана ў кнігах.

Яны сустрэнуцца,

і ім даруецца ростані грэх,

А сёння на горад абрынулася адліга,

І з тратуарамі развітваецца снег.

 

Раскашуючы,

кот разваліўся на падваконні

І ўзіраецца, як кашаю робіцца снежань.

А мне падалася метафара зусім свежаю

Пра тое, што вокны ў дамах – іконамі.

 

І недзе за адным, і, можа быць,

што ў нас

Народзіцца той, каму паклоняцца магі

і каралі.

Ветру паўднёваму крыкнулі: “Фас!” –

І вецер стараецца паказаць галечу

гарадское зямлі.

 

А я вучуся верыць у непадсуднасць

чакання

І перажываю яшчэ адну адлігу:

“Усё будзе так,

быццам і не было расстання,

Усё будзе добра,

бо так напісана ў кнігах”.

 

 

*  *  *

I

Мяне прывучала вакно

Глядзець на расталую зіму за шклом.

 

Мяне прывучалі дзверы

Слухаць крокі па сходах.

 

Мяне прывучала самота

Глядзець у вакно і слухаць крокі.

 

II

Я жывы яшчэ, пакуль яшчэ жывы.

І, пакуль жывы, кахання прагну.

Вымерзлы, як кветка на марозе,

Я твае чакаю крокі

І тваю маленечкую постаць

Прагну я за шклом пабачыць,

Дзе зіма…

Зіма растала.

Я прывучаны самотай.

 

 

Requiem

Калі не стане позірк мой агністым,

Калі на твар адбітак ляжа смерці,

Душа згарнецца камячком празрыстым,

Душы маёй не дадзена памерці.

 

Яна ўзлунае да нябёс высокіх,

Агорне горы, вымерае мора,

На светлых гонях, у садах глыбокіх

Спазнае меру шчасця, сну і гора.

 

Спазнае ўсё, ў чым замінае цела,

І, можа, зноў да цела паімкнецца,

Ізноў такой празрыстай, чыстай, белай

Маю сагрэе кроў, маё абудзіць цела.

 

Душы маёй не дадзена памерці,

Душа згарнецца ў камячок празрысты.

І буду жыць, і слоў маіх не сцерці.

І стане слова запаветным ды агністым.

 

І птушка паляціць,

І пацячэ рака,

І сок салодкі прарасце ў траве,

І дождж пральецца.

І буду жыць, пакуль душа жыве.

І буду жыць, і слова адгукнецца:

І птушкай паляціць,

Ракою пацячэ,

Травою прарасце,

Дажджом пральецца.

 

 


Апублікавана

у