ЭСЭМЭСКІ НЯБЁСАЎ
Я пакуль што жывы
Я пакуль што жывы…
Не складаючы крылы,
Зноў накладваю швы
На свой будзень пахілы.
Я пакуль што жывы,
Бачу дзятлінку ў росах,
Сонца шар агнявы,
Зорак велічны россып.
Я пакуль што жывы,
Каб любіць з новай сілай
Пах прывялай травы
І гарачага пылу…
Я пакуль што жывы…
Асэнсаванне
Нішто не даследуе роздум да кроплі…
Вось мой чарнавік, не канчаецца след…
Ты ставіш нарэшце апошнюю кропку,
А ў ёй і за ёю – зноў новы сусвет.
Паветраная нацыя
Нічога няма…
Толькі енк, стогны, слёзы
Пад небам растурзаным, злосным і шэрым.
Ці можна істотам, бядой нецвярозым,
Знайсці ратавальную кропельку веры?
Яе зачакаліся рабскія душы,
Якія не дыхалі воляй ніколі.
Але хто зняверцаў усіх разварушыць,
Што лічаць сваё вызваленне прыколам?
Да праўды вяртаецца люд без падману,
Калі голас роду на подзвіг пакліча…
З паветра сляпога, з глухога туману
На свет выплываюць жывыя абліччы.
Змарнаваны час
Прывыкнуць да рознага можна,
Ды толькі які ў страху толк,
Калі гвалт народ асцярожны
Дубінкамі ў мэтлухі стоўк?
Хрумсціць новы дзень пад абцасам,
Бязмэтна цячэ ў забыццё…
Шкада змарнаванага часу,
Бо гэта не пыл, а жыццё.
Існасць
Зноў віна вагомая,
Згас чарговы дзень.
Хто мы? – Невядомыя…
Дзе мы? – А нідзе…
Нямая Айчына
Радзіма без мовы – істота нямая,
Душа папярхаецца гукам чужым.
Насуперак гвалту пакуль што трымае
Нас даўні запас на апошняй мяжы.
Матуліна слова замены не мае,
З яго б’е народнага духу бруя,
Яно суцяшае, вядзе і ўзнімае…
Нямая Айчына!
Яна – не мая…
Паплач
Хоць новае світанне пад пытаннем,
Хоць зло штурхае ў цемру белы свет,
Паплач, слабей ад гэтага не станеш…
Яснее позірк за слязой услед.
Паплач, адпрэч чужынскія грымоты
Ракет, снарадаў і тупой хлусні…
Адмыецца Зямля крывёй і потам
Або загіне ў атамным агні?
Мы звыклі плакаць, ды было навошта
Пакутаваць з-за нейкай драбязы?..
Звёў чалавек свой розум да шызы,
Таму відаць цяпер рубеж апошні
Праз шкло павелічальнае слязы.
Пахі агрэсіі
А кола вайны грузна коціць…
І ў сценах расійскай дзярждумы
Смурод абгарэлае плоці
Сцёр пахі французскай парфумы.
Чарнігаўшчына. Моцныя духам
На вуліцы ў вёсцы – танкі,
А людзі сядзяць на прызбе,
Маўчком ігнаруюць пытанні,
З пагардай глядзяць на прышлых.
Дзядуля з узнятым кіем
Для іх прамаўляе свядома:
“Мясціны ў нас тут глухія…
Вяртайцеся лепш дадому!”
Сірата
Выбухнуў мозг, рвуцца нервы…
Як жа мне жыць, Божа мілы?..
Хлопчык маленькі кансерву
Маме прынёс на магілу…
Эсэмэскі нябёсаў
Не можа галодны і босы
Ні гвалт, ні забойствы спыніць…
Ды ёсць эсэмэскі нябёсаў
У сполахах грозных зарніц.
Хто ў высях цярпліва ўладарыць?
Хто, змораны тупасцю, злом,
Прысунуў чарніліцу-хмару
І піша маланкі пяром?
Думаць магу
Стаю на трывожным схіле жыцця,
Нібы на самым краёчку Зямлі,
А нада мною аблокі ляцяць –
Вандроўныя, вечныя жураўлі.
Спяшыць свет на ўсе галасы спяваць,
Свавольнік-вецер валтузіць траву…
Пакуль не выбухнула галава,
Я думаць магу, а таму – жыву.
Быць!
Быць ці не быць? – пытанне рубам
Паўстала над жывой планетай…
Вайна вядзе гаворку груба,
Яна плявала на паэтаў.
Яна красу жыцця дратуе…
А я сцвярджаю ў новым слове
Зноў ісціну адну і тую:
“Нянавісць не мацней любові…”
Але, пакуль бліжэй не сталі
Да праўды мы ў святой патрэбе,
Пульсуе вогненны пытальнік
Над кожнай галавой у небе.
Смелы чмель
Ад трагедый ёсць адна замова –
Кіравацца праўдаю ў жыцці.
Трэба ўсё рабіць своечасова…
Але як да гэтага прыйсці?
Мы не разгадаем рэбус самі,
Вырастае смеласць як, адкуль?..
Мужна чмель ваюе з вераб’ямі,
Хоць надзей на перамогу – нуль…
Успамінаю
Хоць жыццё, як жар-птушку, за хвост не ўхопіш,
Ды са мной застаецца радасць зямная.
Вецер здзьмуў з цяпельца астылы попел,
А я нешта згадваю, успамінаю…
Адыходзячая натура
На тварах грозны век відзён,
Набок стаптаныя абцасы…
Палоніць вояў вечны сон,
Мы адыходзім з родным часам.
Хтось дзень свабоды набліжаў,
А хтось свой лёс адбыў прыдворным,
Але для ўсіх ляжыць мяжа
У свеце ўсё-ткі бела-чорным.
Прыйшлі, прыдатныя якраз
Без пераліку і без нормы…
Мы пералітыя ў наш час,
Нібы круты метал у форму.
Чака
Сцюдзёнага снежня шурпаты сувой
Лёг лёгка на дол абяздолены.
Плыве лёс, як зорачка, над галавой,
А згледзець і мне не дазволена.
Адгуў і прапаў гвалтам сціснуты год,
Чарговы, з праклятымі стрэсамі.
Што вынес з яго раз’яднаны народ,
Што вараць галовы пад стрэхамі?
З гранаты чакання сарвана чака,
Не вернецца тое, што страчана…
Сцюдзёнага снежня льняная шчака
Халодзіць мой лоб разгарачаны.
І ты…
Нам шмат чаго яшчэ незразумела,
Жывем, нібыта некуды спяшаць.
Але зліваецца з нязнаным смела
Адкрытая, збалелая душа.
Нічога тут бясследна не знікае –
У царстве сонцаў, зор і цемнаты.
Ідэя неўміручасці такая:
І ты – часцінка Космасу…
І ты…
Быць сабою
Звычайна быць сабою – гэта значыць
Сваёй натуры дагаджаць ва ўсім…
Але жыццё крутнулася іначай,
Набыткі і гулянкі – проста дым.
Ты молішся, пытаешся: што будзе?
Напнута нітка глузду і звініць…
Ды ёсць адказ, які не любяць людзі:
Каб быць сабою, трэба свет любіць.
Ратаванне
Чалавека ратуе ад страху прырода…
Проста трэба спакойна адно зразумець,
Людзі – тая ж часцінка касмічнага роду,
Дзе ў адно паяднаныя – існасць і смерць.
Чалавека ратуе ад смутку прырода…
Колькі цудаў на доле і волі ўгары!
Паглядзі на аблокі ў падсветцы заходу
І ў нямым утрапенні навечна замры.