Дзень Горняпесня
вочы ейныя колеру глебы
пахне яна кожны раз новым я ці то босх ці то пітэр брэйгель пахне яна кожны раз новым я не заняты нумар гатэлю пахне яна кожны раз новым вочы ейныя колеру глебы гэта не песня а толькі прадмова
свіцязь
паі-ці-ці паі-ці-ці паі-ці-ці
аднекуль з гарадскога дна даплывае гук да вушных ракавін
пралупляю тое, што пад бровамі, прыслухоўваюся
памагі-і-іце памагі-і-іце памагі-і-іце
а, гэта даўно знаёмы лямант бабулькі
што жыве на паверх глыбей
я быў павёўся аднойчы, турбаваў міліцыю
зблыталі дом спачатку – быў надпіс трохі змыты дабраліся нарэшце, стаім пад дзвярыма я, мянты, суседзі мятыя
адтуль: памагі-іце памагі-іце
кажуць: не будзем ламаць ты што, не знаеш? гэта старая русалка яна калісьці лямантам у вір хлапцоў вабіла накаціла, відаць, настальгія
штодзень між дамоў у выкапанай ім жа яміне
бялявы сабака нявыспаны, праходжу міма адным вокам лыпае, па спіне ляпаю а ён лісце аблізвае, усё пільнуе гаспадара што паехаў у тагасветнае плаванне
перада мной пара свежых гараджанаў
выбраліся на шпацыр, ад іх пахне прынятым душам рабізна і плёскат аўтамабіляў
тут па жыцці кажуць адно аднаму: не хвалюйся
і любяць на арэлях гойдацца баяцца падводных камянёў тэлефонная сетка то ловіць, а то не ловіць тут у думкі занураюцца а калі што якое, то лепей часова залегчы на дно а дзеці – дзеці гуляюцца ў пяску і лужынах
гэты горад падняўся на паверхню
занадта хутка занадта хутка у насельнікаў – кесонная хвароба
адсюль сышло мора, пакінуўшы соль на асфальтах
*
учора караткевіч плакаў пад снегам
недалёка ад соннай артэрыі менска
усе подбегам
асобныя бегам
я абдымаю дрэвы калі мне кепска
памятаеш мы чулі гукі лютні ды песню сумнага чорнага hleba
але тут ён валяецца чэрствы
у нашым значэнні нячэшскім
хрумсціць пад нагамі кімсьці кінуты
нечапаны бо адсюль нават галубы – у выраі
κοινός τόπος
пакуль мяне не было ў пакой заляцела галубка
не ведаю якім ейнае заканчэнне але цельца на паркеце шпалерах аконных рамах
узяў паперчыну нешта маркерам пазначана
паклаў ёю птушку ў пакет з супермаркета выйшаў аддаў дзецям – пахавайце пад клёнам
сам назіраў з акна: толькі шуфлікам ямка –
на працэсію пачалі злятацца галубы з суседняга парку і дзіцячых пляцовак лапаталі – у гармідары я перастаў бачыць
назаўтра ўсё ўсеяна белымі пацеркамі перлінамі
ўпярэмешку з пер’ем – галубы калі хавалі сваю цароўну выплёўвалі сэрцы пеючы вітальныя гімны хорам
сёння ноччу я сплю: нехта поруч буркоча нешта нутро топча і я гатовы табе сваё выплюнуць градзінай дзічкай шарыкам для пінг-понга пакоцаным
а ты не бяры да галавы не пераймайся
у нас з галубамі па два – так што яшчэ адно ў запасе
*
я не горац
і нават не народжаны ў краіне дзе ёсць іншыя горы, акрамя лысых і святых таму, трапіўшы ў месца, дзе ёсць зялёныя парослыя дрэвамі, проста з каменю горы горы, на якія налазіць туман, сагнаны ў кучы – магчыма, насамрэч, гэта аблокі але ж звычайна яны там, наверсе, а калі на ўзроўні вачэй – значыць туман тут ён спуджаны пагрозлівым выразам твару вяршынь, збіраецца групамі
адным словам, трапіўшы туды, дзе ўсё гэта існуе я не магу прыдумаць належнай метафары бо хутчэй за ўсё мясцовыя пісачы даўно панапрыдумвалі я проста магу падабраць колькі слоў, на якія яны падобны
спачатку з гарамі так, як з людзьмі іншай расы:
яны ўсе на адзін твар і ты можаш адрозніць іх толькі памерам ды наяўнасцю / адсутнасцю расліннасці: вось гэта маленькая і аброслая а гэтая з плешкай і істотна большая
потым, калі трохі даўжэй на іх глядзець
да галавы прыходзіць уся гэтая класічная фішка пра гераічнасць іхніх паставаў непакору і ўсе гэтыя вобразы паэтаў якім вецер раздзімае валасы
але як я ні спрабаваў ад гэтага адксціцца, гэты пафас нахлынае ўсё адно
трасца, небеспадстаўна, бо калі ты па-над аблокамі, то ёсць толькі адзінае вытлумачэнне сітуацыі: ты на небе, а калі ты на небе то, халера, пра што яшчэ думаць, калі не пра вечнае
о пакрыўджаны век
о эпоха белліту
Ffynnon Garw
The Englishman who went up a hill but came down a mountain (1995)
Christopher Monger
у нейкі момант пачынаеш разумець усялякіх ацтэкаў
егіпцян і г.д. вось што нам трэба: трэба насыпаць горы каб нашы дзеці нарэшце пачалі нараджацца з арлінымі насамі
а не з кірпатымі й пляскатымі
насыпаць горы насыпаць
прадаць маёмасць купіць машыны абавязкова з кузавам рыдлёўкі лапаты шуфлі мяхі усё для таго каб
насыпаць горы насыпаць горы
каб у нас атрымліваліся не толькі паэты каб смерць у літаратуры напаткала не толькі калі кінуўся ў раку і не толькі таму што балота засмокча або мароз а яшчэ і таму што сарваўся з гары
насыпаць горы насыпаць
адну за адной – няхай гэта будзе народны рух і ніхто не кіруе ім і не звярае з планам каб сыпалі няроўна а потым можна будзе сачыць за тым як кожная з іх атрымае імя як паціху некаторыя пакрыюцца дрэвамі і людзі будуць назіраць за сваімі гадаванцамі
насыпаць горы насыпаць
а тады трохі пазней з’явіцца нацыянальнае свята – Дзень Гор а быць можа цэлы тыднёвы фэст на які будуць ездзіць пазырыць замежнікі а на гарах будзе расці бульба і нацыянальная годнасць
насыпаць горы насыпаць
да таго ж у праекта ёсць прыемны бонус: тое месца адкуль мы будзем выграбаць зямлю і каменне для нашых гор стане цалкам гатовым морам [назва для яго даўно валяецца без справы]
насыпаць горы насыпаць
забяспечыць нашчадкаў на стагоддзі прыбыткам з турызму возьмем сябе ў рукі – падправім здабытае Стаўры і Гаўры
насыплем горы насыплем
comments powered by HyperComments |