І Дагэтуль чалавек жывы, покуль зь ім душа размаўляе

— Рыгор Барадулін
 
«САБРАЦЬ АГУЛЬНАЕ»   Прамінуў яшчэ адзін год нашага жыцця, у тым ліку пісьменніцкага і чытацкага. Разышліся па сваіх адрасах прэміі, ухвалы і крытычныя папрокі… Напісаліся адметныя творы, з’явіліся новыя імёны, перастварылася на родную мову не адна сусветная класічная глыба, адкрылася нечаканым бокам запыленая мінуўшчына… Раздумаешся, нібыта плённы літаратурны набытак маем. А ў душы чамусьці адчуваецца пэўная незадаволенасць, нейкае адчуванне нацягнутасці ў выбары і недаверу ў ацэнках. Спішам гэта на ўзрост і кансерватыўны погляд на сучаснасць. А каб канчаткова пазбыцца творчага песімізму, занурымся ў чытанне чарговага нумара часопіса «Дзеяслоў», які адкрываецца нізкай вершаў Людкі Сільновай. Публікацыя, як заўсёды, у яе лірычна-экспрэсіўным стылі. Але калі раней яе вершы адпачатку здзіўлялі нечаканай асацыятыўнасцю і эмацыйным узлётам, дык цяпер толькі аддаленым рэхам адгукаюцца яны на свой былы срэбна-чараўнічы голас. Аднак, даў Бог, яшчэ здараюцца ў іх радкі з агнём жыцця і экспрэсіўным супрацівам часу.  І такія натуральныя пачуцці абуджаюць чытача да высокіх праяў спагады і душэўнасці ў нашым даволі блытаным і прагматычным свеце.   Дні прайшлі – і зніклі мары, Слоўнік, пантэон і памяць, Нашы песні пад гітару, Нашых вершаў дробных замець…   Друкуецца другая, заключная, частка рамана Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро». Адмысловая дэтэктыўная гісторыя, фінал якой зададзены папярэдне спланаванымі наступствамі… Напрыканцы ўсё абсалютна нечакана заканчваецца «хэпі-эндам», без ахвяр і злачынцаў; адзінокі пажылы паэт, які спрабуе вярнуцца да лірычных пачуццяў першага кахання і пачаткоўскай творчай узрушанасці, у сваіх кампутарных запісах, зробленых ім адносна распаведзеных у рамане падзей, аказваецца на парадак вышэй службовага вопыту прыватнага следчага… Пры ўсім пры тым, як заўжды ў прозе Федарэнкі, чытача захапляюць яго адметная яснамоўнасць, вытанчаная стылёвасць і адпрыродная філасофская скіраванасць, якія  дапамагаюць яму годна выйсці з уласна вытканай павучынай пасткі заблытанага сюжэта. «У следчага і ў аўтара дэтэктываў адна задача – з дэталяў сабраць агульнае. Але, па-перашае, у маім тэксце невядомы не толькі злачынца, а і ахвяра, па-другое – я многа думаў і прыйшоў да высновы, што дэтэктыў – стары добры традыцыйны класічны дэтэктыў, дзе ўсё пабудавана на хітрым злачынстве і непазбежным пакаранні, немагчымы ў нашых цяперашніх варунках. У лепшым выпадку ён будзе ўспрыняты як парадокс, у горшым – як нацягнутасць». Як на маё меркаванне, раман «Жэтон на метро» ёсць прыхаванай і па-майстэрску выштукаванай пародыяй на сучасны канвеер штампаваных дэтэктываў. Ну і пэўная спроба самабытнага таленавітага пісьменніка выйсці за межы адведзенай яму крытыкай класічна-традыцыйнай (пераважна тэматычна вясковай) творчай прасторы. І ўсё ж, прызнаюся, як для мяне, яго колішнія слуцкія, разбітыя рэвалюцыйным часам, «нічые» былі больш нашымі, чым адзінокія суверэнныя калекцыянеры сувенірных жэтонаў мінскага метро… Аднак шмат чаго, узніклага пры чытанні твора, – шараговага і палемічнага – пераважыла вось гэтая, як бы міжвольна ўстаўленая ў тэкст, экзістэнцыйна-філасофская тэза А. Федарэнкі: «Дзіўна, што нас палохае будучая смерць, але не палохае мінулая. Нас жа не было раней, да нараджэння, мы ўжо як мінімум адзін раз былі мёртвыя. Колькі часу? Столькі, колькі нас не будзе – вечнасць. Цэлую вечнасць мы былі мёртвыя. Значыць, мы ўжо адзін раз прайшлі бясконцасць і ўваскрэслі з яе». Мажліва, і дзеля гэтага прымхлівым прыхільнікам краснага пісьменства зрэдзьчас варта чытаць сучасныя дэтэктыўныя раманы. Следам друкуецца нізка вершаў «Знакі жыцця» Леаніда Галубовіча. Надзённыя, у пэўным сэнсе дзённікавыя, нататкі-развагі, некаторыя з якіх можна было б аднесці і да жанру эсэ, публікуе ў часопісе вядомы паэт Леанід Дранько-Майсюк. Погляд на чалавечае жыццё збоку і знутры, яго аналіз і мастацкая рэтраспекцыя ў часе. У прыватнасці ў заяўленай падборцы пераважаюць культурна-гістарычныя знакі Масквы часоў савецкага застою, што кантрастуюць з выявамі Масквы сучаснага «застрою»… Найперш згадваюцца месцы культурнага прызначэння, адметныя выбітной архітуктурай, якія наноў ажыўляюцца і эстэтычна «перадаюцца» цяперашняму і, магчыма, перададуцца іншаму часу. Агулам, лірычна-паэтычная экскурсія па памятных месцах былога студэнта Літаратурнага інстытута. І тут, як заўсёды, таленавіты паэт стварае запамінальныя тэксты: «Памятаю, як на мяжы сярэдзіны 1970 – пачатку 1980 гадоў ці не ўсе мае знаёмыя на якія толькі хітрыкі не пускаліся, каб займець таганкаўскі вельмі жаданы квіток на тую ці іншую пастаноўку (тады ў гэты прывідны тэатр было надзвычай цяжка патрапіць!), а я – далёкі ад фікуснай таганкаўскай эстэтыкі – пасмейваўся ў душы са сваіх знаёмых, бо не любіў, калі ў мастацтве шкарпэткі нацягваюць на чаравікі, калі талент жывіцца празмерным самавыстаўленнем. Я любіў (і люблю!) мастацтва, сумежнае з далікатнасцю, таму ў тыя гады меў іншы кірунак, аддаваў перавагу тэатру на Малой Броннай, і з выбарам не памыліўся. Дарэчы, і да сцэны на Малой Броннай звычайнаму гледачу цяжка было даступіцца, амаль немагчыма было ўшыцца ў глядзельную залу, бо і тут квіткі разляталіся ўмомант, ішлі нарасхоп (і перш за ўсё на паказы А. Эфраса!), і мой сябар па інтэрнацкім пакоі С. Казначэеў прапанаваў: «Уладкуемся туды мыць падлогу!» Уладкаваліся…». Філосаф па адукацыі і бард па прызванні Алесь Камоцкі ў сваёй новай нізцы вершаў разважае над часам і вечнасцю дадзенага чалавеку жыцця:   Прыходзіў сэнс нясмела і часова, Але нядоўгім быў ягоны век, – Галоўны вораг сэнсу, чалавек, Штораз цынічна пераблытваў словы. Цяпер не так, цяпер усё мудрэй – Сівыя камяні жаданні імітуюць, Згубі сваю душу – дадуць табе другую, Бяры, насі і сам яе чым хочаш грэй.   Друкуецца ўрывак з рамана «Цялец» аднаго з пісьменнікаў старэйшага пакалення Уладзіміра Ліпскага, па стылі, вобразнасці (партрэтнасці) і сюжэтнай канве якога можна ўяўляць родных і блізкіх людзей аўтара, прыгажосць беларускай прыроды і знешнюю зменлівасць цяжкасцяў і прасвятленняў савецкага, у тым ліку і ваеннага, часу. Тэкст чытэльны, пісьмо шчырае і даверлівае. Спецыяльна для «сучасных» дзяўчатак працытую гэты фрагмент: «Бацька двужыльным удаўся мужыком. У калгасе – ударнік.  Возьмецца касіць, пляжыць да поту, да мазалёў. Калі араў на валах, то хадзіў за плугам, пакуль валы перастаўлялі ногі. А прыцемкам, раніцай і ўвечары, рабіў усё для сваёй гаспадаркі. Карове сена нарыхтуй, плот рамантуй, гной з хлява выкінь, дроў у печ назапась, свінчо абсмалі, разбяры. Яго клопат адзін: даць гаспадыні Марыі Адамаўне ўсё-ўсё, каб было чым карміць і дзяцей, і худобу, і курэй. Ён – здабывала, мама – раздавала. Гэтыя функцыі яны так умела выконвалі, што, выбіўшыся з пасляваеннай галоты, сям’я Майскіх не вельмі жыравала, але ніколі і не галадала, нічога ні ў кога не пазычала, нікому не зайздросціла. Жыць з гонарам, прыстойна і сумленна – вось навігатар іх сэрца». Нізка вершаў Наталлі Русецкай уяўляе сабой чыста лірычны дзённік колазвароту дзён беларускай паэткі, што жыве ў Любліне. На мой погляд, яе тэксты стылістычна блізкія да паэтыкі Марыі Вайцяшонак і Валянціны Аксак, хіба толькі з менш адчувальнай повяззю аўтара з жывым акаляючым светам у яго лёсавызначальных канструкцыях. Але пры гэтым Н. Русецкая, можа, больш тонкая, датклівая і сцярожкая ў вобразных аддалена-затоеных метафарычных асацыяцыях:   нясу сябе праз лістапад нібы віна паўнюткі келіх і сонца дастае да дна густой гранатавай купелі і грэе   Урывак з біяграфічнага рамана «Подых Тэмры» Віктара Стахвюка з Беласточчыны выдрукаваны на мясцовым гутарковым дыялекце, які ў сваім сінтэзе з’яўляецца вытворным ад беларускага, польскага і ўкраінскага памежных моўных уплываў. Хоць напачатку і нялёгка даецца чытанне, але пры звыканні адчуваецца, што стылёва, сюжэтна і вобразна тэкст напісаны на добрым мастацкім узроўні, хоць і не без хаатычнай разбалансаванасці. Для чытацкай ацэнкі працытую адзін з заключных фрагментаў рамана: «Ліжыш і думаеш, і віэдэш, што нэ спочнэш, покуоль хватіт сіл. Будэш іті стэжкою правды і віэры, стэжкою продкув твоіх зо словяно-арыйськоі расы. Расы русув, найстаршоі на Міргард-зэмліэ, з котороі вэдэ напрамкі корні своіэ наш, застывшы в дрымоті, белоруські этнос і гінувшэ Пуляшэ, аж проснэтсе, вкінута в компрадорскі сон сусьвіэтноою большэвіёю, сама Русь Біэла і вспуомніт правдіву родословну свою. А я вэрнусь! Я вжэ ворочаюсь! Сюды, на Родіну». Вершы Андрэя Сцепанюка, усё з таго ж Падляшша, – гэта суровы, шчыры і бязлітасны суд уласна-вобразнага жыцця, вынесены на людзі, але ў такім таемна-безадказным стылі, дзе змест хаваецца за пачуццямі ды эмоцыямі – і канчатковы прысуд штораз адкладваецца:   Пасля слоў давай сядзем і пакаштуем халоднай гарбаты Маглі б закурыць папяроску але гэта робіцца пасля сексу А ў нас толькі скончыліся словы Нуль слоў Нуль думак Нуль вершаў Змярканне   Нешта ў стылі сацыяльнага фэнтэзі з іранічна-гумарыстычнай падкладкай пад назвай «Фірма» друкуе Алесь Бычкоўскі (назваўшы тэкст «амаль крымінальным чытвом» (вылучэнне маё, – ЛеГал), – як бачым, гэты новы жанр паступова ўваходзіць у літаратурную моду). Паколькі я сам былы алкаголік (хоць даводзяць, што такіх не бывае), то магу ўскосна пацвердзіць рэалістычную шчырасць і мастацкую праўдзівасць у падобных даволі жывых і адносна майстравітых  апісаннях аўтара. Вязка-навязлівыя вершы Марыны Юрчык у рубрыцы «Дэбют» сваімі разгалінаванымі асацыяцыямі намагаюцца пусціць карэнне ў найбольш адчувальныя сферы чытацкай душы, і здаецца, самым удалым з іх гэта ўдаецца… На першы погляд, вельмі сентыментальная навела Элізы Ажэшкі «Бог ведае хто» (пра надзённыя рэаліі паўстанскага атачэння 1863 года) у сваім нечаканым фінале ўздымае гістарычны і філасофскі сэнс бунтарскай і натуральнай нацыянальнай годнасці чалавека. З польскай пераклад зрабіў Анатоль Бутэвіч. Працытую эмацыйны маналог пана Буракевіча, ладныя часткі кажуха якога дзіўным чынам патраціліся на матэрыяльную дапамогу паўстанцам Каліноўскага: «Няхай панове будуць ласкавыя пры кожнай патрэбе, такой агульнай… пры кожнай такой аказіі, што да грошай, альбо трохі працы якой патрэбна, звяртацца да мяне… Я хачу… я жадаю… хоць нечым паслужыць… нашай маці… бо і я таксама… сын яе… а што шэльма лёс закінуў мяне ў асяроддзе самых чужых на гэтым свеце, то я і не навязваюся нікому… а толькі… д’ябал ведае, што ў сэрцы сядзіць і не дае спакою…». Друкуюцца вершы (цяпер ужо шырока вядомага) паэта Веніяміна Блажэннага (1921–1999). Выдатная прадмова і пераклады Насты Кудасавай. Пры чытанні складвалася ўражанне, што паэзія аўтара гарманічна пераўвасобілася ў вершы перакладчыцы. Выбітную прозу нядаўняй набеліянткі Вольгі Татарчук «Зялёныя дзеці, або Апісанне загадкавых здарэнняў на Валыні…» цудоўна пераклала Марына Шода. Валянцін Акудовіч працягвае занатоўваць і друкаваць асноўныя і найбольш значныя этапы як уласнай творчай біяграфіі, так і грамадска-нацыянальных асветніцкіх ініцыятыў і праектаў суверэннага часу – гэтым разам пра стварэнне і дзейнасць Беларускага калегіюма. Франц Сіўко піша пра сямейна-лёсавую драматургію вялікага рускага (яснапалянскага) пісьменніка Льва Талстога. Міхал Талочка – пра сваіх вясковых (апошніх і помных) землякоў, пра паступовае згасанне традыцый і культуры малой бацькаўшчыны. Леанід Галубовіч рэцэнзуе зборнік вершаў Георгія Ліхтаровіча «Санеты». Анатацыі новых кніг – у рубрыцы «Дзеяпіс». Таксама напрыканцы нумара выкладаецца змест часопісаў за 2019 год. Не прамініце прачытаць. ЛеГал   Будзьма з «Дзеясловам»!   Падпісацца на літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі ды атрымліваць яго шэсць разоў на год. Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813, для ведамаснай падпіскі — 748132.
 
«І ХАЙ НІХТО НЕ ПОЙДЗЕ ПАКРЫЎДЖАНЫМ»   Ну вось, і пачала паціху атачаць нас імгла меланхалічнай восені. Такому флегматычнаму часу якраз, асабліва ў выходныя дні, спрыяе няспешнае роздумнае чытанне. Найперш мастацкай літаратуры. Нашага разліву, як кажуць, беларускай, сучаснай. То – чарговы «Дзеяслоў» вам у рукі. У 102 яго нумары вас чакае сустрэча з адмысловай прозай Андрэя Федарэнкі і Валерыя Гапеева. Думаю, падасца займальным і цікавым і эсэ ў стылі нон-фікшн філосафа Валянціна Акудовіча. Гэта – найбольш вартае, як на маё меркаванне, з салідных публікацый часопіса. На іх адмеце шырэй і грунтоўней прыпынімся. Пачатак рамана Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро», што публікуе часопіс, у пэўнай меры новая старонка ў творчасці вядомага пісьменніка. Ён спрабуе асэнсаваць сферу бізнесу і выкласці займальную гісторыю з дэтэктыўнай падсветкай. Вядома, расповед не столькі пра сам бізнес, як пра людзей, што ў яго ўкручаны. Ды і не толькі бізнес. Гаворка вядзецца пра двух зводных братоў з Расіі, Літавых, адзін з якіх робіць прыўладную палітычную кар’еру і ўжо стаіць адной нагой на прыступцы да самага высокага месца ва ўрадзе імперскай дзяржавы, а другі, трохі старэйшы, працуе ў вялікай лесаапрацоўчай кампаніі, маючы там свае немалыя акцыі. Малодшы кіруе старэйшым, бо нешта ў маладосці такое здарылася, што ад таго ўчынку (магчыма, крымінальнага) залежыць службовы і жыццёвы лёс іх абодвух. Таму Леаніда Літава пераводзяць (вядома, з падачы брата) з аднаго месца на другое (Латвія, Украіна, Эстонія, Польшча). Не больш двух гадоў працы, і – змена месца дыслакацыі. Цяпер ён ужо два гады ў Беларусі, якая яму вельмі палюбілася, прыжыўся тут з сям’ёй і нават сабраўся вывучыць беларускую мову (мы ж ведаем, рускія – ветлівыя людзі). Да таго ж пачаў пісаць гістарычную прозу. Жыве і паводзіць ён сябе вельмі дзіўна, а часам і падазрона. (Sic! – пабудаваў у падворку бункер, называючы яго працоўным кабінетам.) Упарта шукаў знаёмства з беларускамоўнымі, каб хтосьці з іх дапамог з літаратурнай апрацоўкай тэкстаў. І знайшоў пенсіянера, былога выкладчыка ўніверсітэта, а той звёў Літава з паэтам Ракам, які некалі вучыўся ў таго самага выкладчыка, прафесара Самусенкава. Абодва беларусы знаходзяцца ў творчым і псіхалагічным крызісе. Адзінота і замкнёнасць змушаюць іх да знаёмства і стасункаў з Літавым… Чым далей, тым болей гісторыя заблытваецца, заводзіць герояў у непралазную палескую пушчу… А між тым, таемнасць аўтарскай задумы аніяк не выдаецца, і гэта яшчэ больш напружвае… Тут і жанчыны, і грамадска-палітычная падаплёка, і літаратура, і маральныя зрушэнні… Стыль пісьма, мова, вобразы і характары герояў Федарэнкі так дасціпна і нязмушана кладуцца на душу чытача, што ён, забыўшыся, рухаецца за сюжэтам, міжвольна ўжываючыся ў яго і суперажываючы ўсяму, што там адбываецца… Чытвом пазначыў жанр свайго прыгодніцкага тэкста «І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаны, або Грак і Монця Хрысцік» адметны і сталы празаік з Івацэвічаў Валеры Гапееў. Сюжэт раскручваецца па волі аўтара вельмі заманліва для чытача. Але, у адрозненне ад Федарэнкі, тут рука вопытнага складальніка пазлаў праглядаецца амаль візуальна. Ход гісторыі, якую распавядае нам аўтар, хоць асаблівай навізной і не вылучаецца, у функцыянальных дэталях і мастацкім афармленні мае свае падтэкставыя ізюмінкі. Чытанне даецца лёгка, ды і змест і яго высновы даволі ясна праглядваюцца. Зрэшты, насамрэч не ўсё так проста. Калі коратка, то фрагмент чытва, які падаецца ў часопісе як інтрыга для ўсяго будучага тэкста, можна выкласці ў пяці сказах. Хлопцы з правінцыі заканчваюць вучобу ў магістратуры ўніверсітэта. Адзін – таленавіты тэарэтык, другі прагматычны і амбітны практык. Працуюць над адным перспектыўным вынаходніцтвам і хочуць давесці яго да канца. Але месца ў аспірантуры ёсць толькі для аднаго, і яно выпадае Монцю (Мацвею). Даніла затойвае глыбокую крыўду на свайго калегу. Інтэрнацкія сябры, адчуўшы крыўду і роспач Данілы, наважваюць яго на подласць: падкласці ў рэчавы тайнік Монці бэнээфаўскія ўлёткі і распавесці пра тое людзям з органаў… Монцю «разаблачаюць» і выстаўляюць з універсітэта як апазіцыянера (хоць той ні сном, ні духам…). Ён едзе ў свой райцэнтр да хваравітай і адзінокай маці, а не знайшоўшы там працы, патрапляе ў гурт гастарбайтэраў, што адпраўляюцца на заробкі ў Расію. Аднак працадаўцы аказваюцца крымінальнікамі і завозяць хлопцаў у Чэчню, прадаючы іх горцам у рабства… Монця апынаецца ў безвыходнай сітуацыі, але ў яго ачахлы дух усяляе надзею такі ж, палонены перад ім, рускі афіцэр па прозвішчы Грак, якога Монця заспявае пры смерці і выходжвае… Словам, каб выйсці за межы ўласнага гора, абодвум даводзіцца натуральна прабіваць самыя што ні ёсць горы… « – Я тут усё аблазіў. У левы бок нам дарогі няма, наверх – няма, управа – вось апошні крок. Такім чынам, скалу скінем у прорву – зможам перайсці.<…> Гэта табе не твае беларускія лясы, дзе можна і грыба з’есці, і жабку. Тут камяні грызці не станеш. Заблукаць у гарах – лягчэй лёгкага, бо тут усё падманнае. І адлегласці, і велічыні. <…> У нас няма іншага паратунку, як самім шукаць выйсця. Іначай апынемся ў нейкі дзень на дне прорвы. <…> Сек Грак, затым – Мацвей, потым зносілі і выкідалі аскалёпкі ў прорву, і зноў секлі. Скала паддавалася – з адным узмахам аддавала кавалачак на два-тры сантыметры са свайго нутра». Тэкст займальны – яго сюжэтная ніць, як провад з пераменным токам, штораз напружвае і падвышае цікавасць да чытання. Сіла волі, гонар і маральнасць падчас вялікіх выпрабаванняў чалавечага цела і духу. Што праўда, чытача чакае незадача: калі раман Федарэнкі будзе ў часопісе дадрукаваны цалкам, то больш чым на публікацыю фрагмента з чытва Гапеева часопіс не разлічвае. Прыхільнікам давядзецца чакаць кніжкі. З малой прозы публікуюцца апавяданні Алены Брава («Карыятыда ў маціцовых кліпсах»), Сяргея Рублеўскага («Хлюст наезны») і дэбютанткі Дар’і Значонак («У ноч на сямнаццатага ліпеня»). Спадзяюся, што шмат каго зацікавіць і гісторыя элітарнага часопіса «Крыніца», выкладзеная ў асабістай інтэрпрэтацыі і з уласнага пункту гледжання вядомым і папулярным філосафам Валянцінам Акудовічам, але як па мне, дык даволі аб’ектыўна, хоць і занадта сцісла праз спрошчанасць і не дарэшты асветленную запавуціненую частку некаторых вострых і цямнейшых вуглоў у існаванні гэтага знакавага мастацка-літаратурнага і культаралагічнага выдання 1990-х гадоў. «Не было нічога дзіўнага, што як мы згуртаваліся ў «Крыніцы», дык загалоўнай творчай фігурай тут мне бачыўся не галоўны рэдактар Някляеў, а Разанаў. Якім жа было маё здзіўленне, калі неўзабаве высветлілася, што суладна са мной мяркуе не шмат хто. Ды, відаць, і сам Разанаў не быў пэўны ў сваім вяршынстве. <…> А значна пазней нечакана ўзважылася: «Цалкам верагодна, што Разанаў і Някляеў аднолькава таленавітыя. Проста ў іх розныя мэтавыя аўдыторыі. Разанаў – паэт для багоў, Някляеў – дзеля жывых людзей». Можа яно і насамрэч так, толькі чаму аднойчы раптам падумалася ні з чаго: прачнуцца праз тысячу гадоў і пачытаць Разанава…» Напомню, што гэта працяг тэкстаў, якія Акудовіч друкуе ў часопісе са сваёй будучай кніжкі «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым (Хроніка беларускага інтэлектуала)». Што да краснага пісьменства гэтага нумара, то паэзія ў пераважнай большасці прадстаўлена вершамі. Выглядае, што Уладзімір Арлоў не задаволіцца адным зборнікам баладаў («Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань»). І трэба зазначыць, што яго новы твор «Цвіў скрыпень» ад упомненых розніцца больш каларытнай і душэўнай лірыкай, не зважаючы на метафарычную аўтабіяграфічнасць зместу. Аўтар піша пра ўласныя дзяцінства і маладосць, адшукваючы ў тым матыльковым часе абрысы, характар і мужчынскія праявы свайго бацькі – генна-гістарычную радаслоўную.   ты не дачакаўся маёй першай кнігі магчыма ты прачытаў яе як і ўсе наступныя досыць было б кнігі баладаў Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань цябе магла прывабіць назва ты быў лейтэнантам памятаеш? у тое лета я прасіў цябе калі пасля будзе працяг дай мне ведаць напрыклад затэлефануй на дзень нараджэння   Аб’ёмная нізка вершаў Васіля Жуковіча (да яго пашанотнага юбілею – віншуем!) – гэта факталагічныя будні прамінулага часу, зарыфмаваныя з сённяшняй айчыннай рэчаіснасцю і зрытмізаваныя з ходам нашай гісторыі і лёсам самога паэта ў прыватнасці.   Малая радзіма?.. Правал паміж слоў, Хоць нехта у сэнс іх паверыў, Назваў недарэчна святыню малой, Аднёс яе ў шэраг памераў. Радзіма… У ёй да сканчэння вякоў Прастора душу набывае. Магчыма, бывае малая любоў, Святыні малой не бывае.   Паэзія нешматслоўная ў сваёй духоўнай спрадвечнай моўкнасці. Гэткага вершатворнага канону стараецца прытрымлівацца паэт Віктар Ярац.   Лужуць фасолю бабулі ў вянках сівізны. Згадкі – не дзікія пчолы, не восы, а востра так джаляць…   Хмельна-іранічныя, правакацыйна-жывыя, лёгкаслоўныя вершы Андрэя Хадановіча ўсё яшчэ бягуць прыпознена вясёлай кампаніяй, напамінаючы пра сябе, за сваім выдадзеным фарматам («зборнік «Школа травы», 2019). Вартае сучаснае мастацкае выяўленне свету праз прызму ўласных думак і адчуванняў.   ці помніш філфак і першыя перакуры паэзію бруднай красы, дацэнтаў нянавісць і жах як помнікі несусветнай літаратуры у рытм не траплялі, але цяклі па вушах   Напевы, шэпты, замовы і літанні зболенай душы – у стоена-таямнічых паэтычных радках Антаніны Хатэнкі.   Схамянуся ў паўсонным зіхценні, чужаніца й шчымліва свая: сумны Нехта, заблуджаны ў ценях, – гэта я? Гэта – я? Гэта – я.   Безумоўна, да гэтага шэрагу, як своеасаблівыя ўзоры высокага мастацкага слова, адносяцца санетны «Марафон» нямецкага паэта Георга Гайма (пераклад Ганны Янкута), дзе гістарычны міф праецыруецца на спрадвечную братазабойчую светабудову, і перастворанае са старабеларускай Алесем Разанавым казанне на пахаванні Зоф’і, княгіні Чартарыйскай багаслова Лаўрэнція Зізанія (?–1634) пад назвай «Як рыба хвастом надае свайму целу рух», дзе Разанаў сваім талентам пераніцоўвае рэлігійна-духоўныя пастулаты ў экзістэнцыйныя сэнсы і надае багаслоўнасці Зізанія сучасную філасофскую ўзвышанасць… У публіцыстычна-крытычнай частцы часопіса чытач можа пазнаёміцца з шэрагам гістарычных і актуальных тэкстаў. Мабыць, найбольш прыцягальным і вартым увагі можна назваць артыкул Юрася Пацюпы «Яшчэ адна ананімная паэма» з адсылам да архіўных крыніц, што тычацца беларускамоўнага краснага пісьменства ХІХ стагоддзя. Чытачу прапануецца расшыфраваны В. Мартысюком вершаваны тэкст пакуль пэўна невядомага аўтара «Чортава сіла». Да юбілею знанага паэта Анатоля Сыса рэдакцыя выдрукоўвае адшуканае ў спадчыне Алеся Ліпая (таксама заўчасна адышоўшага творцы) яго даўняе інтэрв’ю з тады яшчэ маладым «братам Максіма Багдановіча»… Арыгінальны, досведны, сцісла-афарыстычны і па-майстэрску выстыляваны расповед Адама Глобуса пра сусветна вядомага мастака Пабла Пікаса варты шырокай чытацкай увагі. Літаратуразнаўца Алесь Пяткевіч разважае над кнігай «Як укладалі “Спадчыну”», што летась пабачыла свет у «Бібліятэцы Бацькаўшчыны» (укладанне Н. Гардзіенка і Л. Юрэвіча). Выданне прыўрочана да 135-годдзя ад нараджэння і 75-годдзя смерці Янкі Купалы. Зіна Гімпелевіч рэцэнзуе зборнік вершаў Ю. Шамецькі «Непрадказальнае», а Леанід Галубовіч – трохтомнік выбраных твораў У. Мароза. Напрыканцы вас чакае кніжны навігатар «Дзеяпіс». Чытайма. Пакуль хмурэе да першага снегу…   ЛеГал       Будзьма з «Дзеясловам»!   Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі ды атрымліваць яго шэсць разоў на год. Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813, для ведамаснай падпіскі — 748132.
 
 «РУШ НАПЕРАД! ТОЛЬКІ РУХ ДАЕ АДЧУВАННЕ ЖЫЦЦЯ…» [caption id="attachment_1307" align="alignleft" width="300"] Фота Міраслава Адамчыка[/caption] Напрыканцы лета пабачыў свет першы пасляюбілейны – 101 – нумар часопіса «Дзеяслоў». Калі накрэсліць рэзюме да яго, то найперш, у адрозненне ад большасці папярэдніх, кідаецца ў вочы тэматычная стракатасць і шырокая аўтарская геаграфія. Як на мой погляд, гэта добра, асабліва апошняе. Адкрываецца нумар нізкай вершаў Валянціны Аксак пад містычна-інтрыгуючым назовам «Меню таемнай вячэры». Гэта, па-простаму кажучы, збеларушчаныя (нацыяналізаваныя) хрысціянскія матывы. Своеасаблівы пошук святасці зямной грэшніцай. У верлібрах, «якія камусьці ўяўляюцца вершамі», вібрыруе той унутраны душэўна-духоўны покліч, наўслед якому ідзе аўтар у сваіх мастацкіх пожадах і вымогах такога ачышчальнага шляху. І спадзяецца, што   Калі-небудзь я зразумею тую, што стаяла на гаўбцы з келіхам чылійскага шыразу, а цераз дзверы з кухні йшоў дымок ад спаленай намёртва каляднае куцці.   Вядомы пісьменнік гістарычнай тэматыкі Вітаўт Чаропка друкуе кароткае апавяданне трансцэндэнтнага характару «Радасць руху», пра фізічнае і духоўнае пераадоленне трагічных і лёсавызначальных сітуацый у жыцці чалавека. І ўвогуле, ці заўсёды гэта магчыма? На тое ў аўтара ёсць, апроч уласнага досведу, такія высновы: «Руш наперад, нават калі расчараванні сагнулі цябе і аднялі надзею. Руш наперад, крок за крокам, як анямелую нагу, цягні за сабой цяжар сваіх грахоў, як свой крыж іх нясі, не азірайся назад, руш наперад! Нават калі не дойдзеш да патрэбнай мэты, дык наблізішся да яе, затое іншы па тваіх слядах дойдзе да яе і будзе табе ўдзячны за пракладзеную сцяжыну. Руш наперад! Толькі рух дае адчуванне жыцця, толькі так спазнаеш радасць руху! Дык руш наперад, куды цябе вядзе твой вольны розум!» Уладзімір Някляеў прапануе чытачам нальшанскую легенду «Зорка Дзіва». Гэта яшчэ адна па-майстэрску выпісаная знаным паэтам гісторыя родавай (крэўна-крэўскай) сутнасці беларускай нацыі ў яе міфалагічным узнаўленні. Каханне і любоў, нараджэнне і смерць, гібель і ўваскрашэнне… Як і большасць такіх аб’ёмных паэтычных твораў гэтага аўтара, легенда напісана ў дэкламацыйным стылі, немалаважным для публічнага ўспрымання. Усё без швоў суцэльна знітавана: думка, рытміка і эмоцыя, дзе слова трымаецца за слова, як каханкі – адно за аднаго… З такіх палкіх міфа-метафарычных узаемаадносін і нараджаецца паэзія:   То пад ім яна стагнала, То яна над ім Зоркай бліскала і ззяла, І кахала, абдымала У агні сваім. І да зоркі кожны дотык Цела працінаў… Ні раней ён і ні потым Гэтак не кахаў. Бог паслаў яму каханку!.. І прачнуўшыся наранку, Сон на яве ўбачыў Янка Той, які прысніў: У агні стаяла Дзіва… І ўсміхнуўся ён шчасліва, І ў агонь ступіў.   Нечаканы па сваёй ідэі, змесце і форме празаічны тэкст прапануе пісьменнік Васіль Гігевіч. Называецца ён «Творчасць», з падзагалоўкам «спроба аналізу». Чытач адразу ж настройваецца на літаратурна-крэатыўны лад, чакаючы неардынарных развагаў на заяўленую тэму. Аднак у нашым выпадку не ўсё так проста. Калі ў першай частцы аўтар і насамрэч задаецца спробай аналізу літаратурнай творчасці, то далей ён нечакана адыходзіць ад гэтага і пачынае абгрунтоўваць свае філасофскія і мыслярскія тэзісы пра ўсё чалавечае жыццё, высноўваючы яго ад першапачатку Слова і першакрыніц быцця (тут – ад кастрычніцкай рэвалюцыі) да нашых дзён. Метад цікавы, але занадта ўжо хаатычны і разбэрсаны – ад праставата-наіўнай, падчас сентыментальнай спробы апісання працэсу і сутнасці самой літаратурнай творчасці да практычна-дакументальных сюжэтаў (мажлівасці і немагчымасці пры тых ці іншых умовах і раскладах зямнога жыцця ўвогуле)… Свой эсэістычна-публіцыстычны запал і набыты асветніцкі досвед В. Гігевіч у рэшце рэшт зводзіць да маральнасці і пошукаў бяспечнай чалавечай будучыні, якія, нібыта панацэю, прапісвае дзесяццю рэцэптамі-запаветамі Новай рэлігіі, падкрэслена «заснаванымі на разумнасці». Што й казаць, тут ёсць поле для разгортвання шырокай палемікі. Але як чытач уласна я не магу не пагадзіцца з наступнымі развагамі літаратара: «Думаю, што творчае натхненне, як і каханне, сапраўды ёсць, існуе ў прыродзе чалавека. Можа, гэта той рытмічны гул, які з’яўляецца ў душы творцы. Як і каханне, яно прыходзіць да ўсіх, яно даецца кожнаму, – і таленту, і бездару. Натхненне – душэўнае ўзрушэнне, і не думаю, што творцы, якіх называюць графаманамі, адчуваюць жыццё горш, чым таленавітыя людзі. Ніяк не пагаджуся глядзець на графаманаў як на калег-нябог. Бяда многіх аўтараў не ў адсутнасці натхнення, а ў нежаданні ці няўменні выказаць, выкласці на паперы свае перажыванні, перажыванні сваіх герояў». З вышыні ўласнага набытага жыццёвага і творчага вопыту прапануе чытачам сваю паэтычную нізку Галіна Каржанеўская. Вершы простыя, як «дарога да Бога», філасофія іх больш чым відавочная:   «Бывай» не гаварыце маладосці, Пакуль да вас прыходзіць Муза ў госці, Пакуль між сном і явай, раніцою Рэальнымі здаюцца планы, мроі…   Друкуецца заканчэнне факталагічнай аповесці пра Адама Станкевіча «...Усе бачылі нястачу віна…» Леаніда Дранько-Майсюка з кнігі «У Вільні і больш нідзе». Па сутнасці, гэта архіўна-біяграфічны нарыс з літаратурна-мастацкімі ўстаўкамі аўтара пра вядомага беларускага ксяндза і грамадскага нацыянальнага дзеяча і асветніка, замучанага і даведзенага да гібелі бальшавікамі ў Азярлагеры пад далёкім халодным Брацкам у1949 годзе. Зачапіў за жывое такі нечаканы пасаж у пасляслоўі: «Яму заўсёды давяралі грошы, і ён ні разу нікога не падмануў, не ўтаіў ні капейкі… <…> Зрэшты, можна і не здзіўляцца, што быў такі – гадаваўся ж у сям’і, дзе шчыра шанавалі запавет: не крадзь! Грошы з ягоных рук без астачы йшлі на грамадскую справу, і калі справа ўдавалася, то ён мог тады і весела ўздыхнуць: «Эх, каб грошы ўмелі размаўляць і размаўлялі па-беларуску, то тады па-беларуску гаварылі б усе!». І напрыканцы аповесці аўтар піша: «Душа Адама Станкевіча супакоена верай: Бог прамаўляе беларускай мовай таксама… Магчыма, у апошнюю сваю хвіліну святар адкрыў галоўнае: калі пытацца, то пытацца заўсёды варта пра адно – дзе ты, Беларусь? А магчыма, у тую хвіліну ўспомніў пра вяселле ў Кане Галілейскай, на якім Ісус Хрыстос ваду ператварыў у віно – зрабіў немагчымае. Тое ж немагчымае рабіў і ён, Адам Станкевіч, бо таксама ж бачыў нястачу віна, – брак Беларусі ў Беларусі, – і да апошняга (як мог і як умеў!) ператвараў буднае – у святочнае. І аддаў жыццё, бо толькі жыццё – плата за высокую мэту!» Нізка вершаў віленчанкі Ванды Марцінш душ Рэйш «Плод авакада» – гэта, па ўсім, даніна любові і павагі партугальскай Мадэйры ў яе гожым беларускамоўным успрыманні. Прырода, культура народа, яго душа, пачуцці і філасофія духоўнага жыцця… Вершы і сама іх паэтыка зроблены ў мастакоўскім стылі – яны каляровыя, пахкія, эмацыянальна-чуйныя, візуальна-вабныя і прыцягальныя:   Хачу пад сэрца стук Палаць, згараць датла, Пакуль спявае лук, Пакуль ляціць страла.   Шчымліва-горкія, а часам проста сентыментальныя і павучальныя гісторыі з пасляваеннага маленства – сіратлівага, галоднага і халоднага – прадстаўленыя трыма кароткімі навеламі магіляўчаніна Міхася Булавацкага. Яны так і названыя: «Згадкі маленства» («Лыска», «Шаптуха», «Яблынька»). Разважаючы над тэкстамі, нечакана прыйшло на розум неардынарнае параўнанне, што гэтыя тэксты могуць успрымацца сучаснымі маладымі чытачамі прыкладна так жа, як пяцьдзясят гадоў таму маім чытацкім пакаленнем – «Пяць лыжак заціркі» Змітрака Бядулі. Адным словам, нязмушаная, шчырая (сёння сказалі б «нон-фікшн») проза класічнай беларускай правінцыі вартая ўвагі. Вершы Ганны Комар – гэта аддаленыя, але не адстароненыя асацыяцыі, якія ўводзяць чытача ў тэкст сваёй нечаканай падвоенай метафорыкай, адлюстроўваючы яго сэнс і духоўна-інтэлектуальную сутнасць… Кажучы шчыра, вершы з ранейшых публікацый і кніг паэткі мне былі бліжэйшымі, больш празрыстымі, менш загадкавымі, але значна глыбейшымі ў сваіх ідэйных і мастацкіх праяўленнях.   А ў яе пад адзеннем ад ключыц да шчыкалатак словы, напісаныя вострым прадметам, нашкрабаныя наспех, рэльефныя, для чытання з заплюшчанымі вачыма.   Два аповеды Паўла Касцюкевіча пад агульным назовам «Мяне вучыў ангельскай Лі Харві Освальд» уяўляюць сабой аўтарскія фантазіі, заснаваныя на рэальных гісторыях, як палітычнага, так і сямейна-родавага характару. Натуральныя і ў той жа час выбітныя – мова, стыль, форма і сюжэты робяць тэксты займальнымі і чытэльнымі. Будзённа-запозненая лірыка кахання, у тым ліку і віртуальна-мройлівая – у нізцы вершаў Таццяны Барысюк. Спрошчаная складанасць жыцця:   Апошні дзень вясны – апошняе каханне. Я мару зліцца з ім у жарсным парыванні. Ды толькі ці магчыма шчаслівае здзяйсненне? Анёлам за плячыма ён, мройным вабным сненнем… Не для мяне, о не!..   Вершы мастацтвазнаўцы – так можна сказаць, прачытаўшы паэтычную падборку лідчанкі Кацярыны Янчэўскай «Белае шмакроп’е».   Граматыка і сінтаксіс пачуццяў, Задумкі для карцін сярод галін, Узнёсласць колеру ў смарагдавы  ландшафце.   Аднак за ўсімі яркімі і вабнымі фарбамі прыхаваны няпросты ўнутраны дух жыцця:   Стары калодзеж чыстай вады абдымае крыніцу пяшчоты. Журботу маўчання майго – паглыні! Перамяні на мову!   Вядомы іраніст, парадыст і сатырык з Віцебска Міхась Мірановіч публікуе заканчэнне выбраных і перакладзеных ім на беларускую мову «Непрычасаных думак» Станіслава Ежы Леца. Вось адна з найбольш прыкольных: «Плагіятары могуць спаць спакойна. Муза – жанчына, яна наўрад ці скажа, хто ў яе быў першым». А Вольга Гапеева друкуе ў сваіх перакладах вершы індыйскага паэта Мохана Рана, які ўжо даўно жыве ў Вялікабрытаніі, але піша на мове хіндзі (хоць пазначана, што пераклады В. Гапеевай зроблены з ангельскай мовы). Як піша сам індыйскі паэт: «на твары маім маска, адмыслова прыдуманая для гэтага верша». Да 60-годдзя выдатнага (заўчасна памерлага: 1959–2005) паэта Анатоля Сыса крытык і літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў, які жыве ў Любліне, узгадвае таленавітага творцу праз прызму шматзначных сведчанняў яго былых таварышаў, сяброў і калегаў, а таксама архіўных даведак і розных публікацый у друку. Ёсць пэўная спроба аналізу жыцця і творчасці выбітнай асобы як паэта і чалавека. Аўтар як бы папярэджвае нас, што мажліва «не ўсе літаратуразнаўцы ды і звыклыя чытачы будуць згодныя з такой высокай ацэнкай творчасці Анатоля Сыса, з сакралізацыяй яго неадназначнай асобы і «запісваннем» нашага сучасніка ў пантэон нацыянальных класікаў узроўню Купалы і Багдановіча, прыніжаючы тым самым статус Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Максіма Танка, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і іншых выдатных беларускіх паэтаў ХХ ст. Бяспрэчна аднак, што Анатоль Сыс назаўсёды застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры як выдатны паэт канца ХХ ст., творчы лідэр свайго пакалення, голас нацыянальнага адраджэння ў Беларусі, пісьменнік з нетыповай біяграфіяй і трагічным лёсам». Сёння пісьменнік і філосаф Валянцін Акудовіч як бы абвяргае свой даўні, але вельмі жывучы сафізм з усім вядомым выразам «мяне няма» і ўпарта даводзіць сучаснаму чытачу, што ён быў, ёсць і будзе ў нашым нацыянальным адраджэнскім працэсе, культуры і літаратуры. У публікацыі «“Крыніца” і “Крыніца”» (з хронікі беларускага інтэлектуала) ён піша пра нашумелы ў свой час элітарны часопіс – пэўней, пра тое, як ён сам бачыць і разумее з сённяшняга пункту погляду гэты літаратурна-культуралагічны і ў нейкай меры філасофскі праект постсавецкага часу, – яго быццё і кананне… Лявон Юрэвіч з Нью-Ёрка піша пра пошукі першакрыніц, якімі, мажліва, карыстаўся У. Караткевіч падчас працы над легендай «Ладдзя Роспачы». Публіцыстка Марыя Міцкевіч публікуе артыкул пра братоў Луцкевічаў і іх грамадска-палітычную і літаратурную сувязь з Якубам Коласам, пра неацэнную значнасць іх асветніцкай працы ў справе адраджэння нацыянальнай нівы жыцця беларускага народа. Паэт Васіль Жуковіч у сваім эсэ цёпла ўспамінае чысты і годны талент паэта і рэдактара Алеся Пісьмянкова. Уладзімір Сіўчыкаў прапануе чытацкай увазе штрыхі да творчага партрэта вядомага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава. Літаратуразнаўца Алена Лепішава піша пра эксперыментальную драматургію канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў («Пакаленне “нетутэйшых”»). Вольга Гапеева прэзентуе антыраман «не для ўсіх» «Калі прыгледзецца – Марс сіні» Зм. Вішнёва: як аўтарскую шчырасць адносна трагізму авангарда. Леанід Галубовіч рэцэнзуе зборнік хоку Уладзіміра Сцяпана «Шапка». Традыцыйная рубрыка «Дзеяпіс» з анатацыямі новых кніжных навінак завяршае публікацыі нумара. Усім прыхільнікам беларускай літаратуры жадаю зацікаўленнага чытання.   ЛеГал
 
 НАВАГОДНЯЕ ЧЫТАННЕ: «ДЗЕЯСЛОЎ-97»  Неўпрыкмет мінуўся яшчэ адзін год стваральнага жыцця ў беларускім сучасным літаратурным працэсе. Шмат напісана і нямала выдадзена. І нават калі браць па вялікім рахунку – сярод усяго гэтага ёсць таленавітыя, адметныя і вартыя шырокай чытацкай увагі творы нашых паэтаў, пісьменнікаў… і крытыкаў. Хоць чамусьці менавіта апошнім, бедным, якраз і дастаецца найбольш таго самага пякучага выспятку. За што? А за тое, што ўсё-ткі не ўсё напісанае і выдадзенае вартае чытання і ўхвалы… М-да… Іншая справа – часопіс. Да прыкладу – “Дзеяслоў”. Тут ёсць разнастайны жанравы выбар. Таму нешта ды знойдзецца для чытання на ўсякі густ. Нават для самых што ні на ёсць літаратурных гурманаў. Ну вось хоць бы і ў гэтым 97-м (6-м) нумары. Пераднавагодняе выданне адкрываецца публікацыяй перастварэння “Каляднай казані” Лявонція Карповіча са старабеларускай мовы, зробленае вядомым сучасным паэтам Алесем Разанавым. Л. Карповіч (1580–1620) – паэт-публіцыст і вядомы царкоўны дзеяч (узначальваў антыўніяцкае супрацьстаянне ў ВКЛ), народжаны ў Пінску (памёр у Вільні); быў архімандрытам брацкага праваслаўнага манастрыра Святога Духа ў Вільні, таксама меў датычнасць да навучальнай і выдавецкай дзейнасці, у прыватнасці, да выдання кніг Мялеція Сматрыцкага. Перастварэнне, як мне падаецца, надало “казанню” свецкасці, жывой логікі, душэўнага цяпла і той простасці, што закранае глыбіню сутнасці зямнога чалавечага жыцця і яго духоўнага працягу ў боскай вечнасці…   Ці многія з вас, праваслаўныя хрысціяне, падрыхтавалі свой розум ды ад зямных уяў аддалілі? Ці многія з вас адчулі патрэбу свой дом душэўны абмыць ды ачысціць выспавяданнем грахоў сваіх і пакаяннем праўдзівым, ад сэрца, і ўжо гэта зрабілі? …………………………………… Дык чаму душэўны твой дом застаецца такі занядбаны? Чаму не ачысціш ніяк ад бруду і цвілі сваё начынне? Калі, вось, на лаву альбо на стол сядзе пляма якая, яе сціраеш, чаму ж тады не зважаеш на плямы, што на душы, і самохаць сябе пазбаўляеш боскіх дароў? Хіба не ведаеш, што кірмаш жыцця нашага дужа кароткі і хутка ўжо скончыцца, а ты нічога яшчэ не набыў?!   Нізку адмысловых вершаў рознай тэматычнай скіраванасці – ад грамадзянска-палітычных да пачуццёвай лірыкі – прапануе чытачу Уладзімір Някляеў. Творы – дасканалыя па версіфікацыі, вытанчаныя па майстэрству і стылю, напоўненыя зрушлівым і ўзвышаным духам, аднак пазнавальныя і прадказальныя карэннымі праявамі, што вынікаюць са шматгадовага вопыту літаратурнай творчасці і грамадскай працы. Вось адзін з такіх вершаў:   Сарвалася ў бездань дарога, І я азірнуўся ўначы: За спінай маёй анікога. Хоць крыкам крычы – Ніхто мне вяроўку не кіне, Ніхто не працягне руку!.. А недзе Агонь у каміне. Каханая на скразняку.   Вельмі актыўны апошнім часам пісьменнік Віктар Казько. Чытачам прапануецца аповесць “Як я “рабіў” шпіёнам у Нью-Ёрку”. У гэтым тэксце так шмат фактычнага матэрыялу і фігуруе каля дзясятка сапраўдных імён, таму я не ведаю, чаму ён названы аповесцю, а не, скажам, эсэ альбо яшчэ якім мемуарным жанрам. Аднак – аповесць. Пра што? Пра былога савецкага чалавека і найбольш пра сябе самога. Пра чалавека Хрыста, які быў у кроку ад чалавека Юды… Пра паўсядзённую працу органаў дзяржбяспекі (КДБ) і спробы схілення да працы на гэтыя органы. Аўтар зазначае:“Лічыцца, што самая старажытная на зямлі прафесія – прастытуцыя. Падман. Выведка – яна прастытуткай была ці не раней. Калі ўжо не блізняты яны, то, бясспрэчна, аднаяйкавыя родзічы”. І вось пад яе пільным наглядам і адбывалася драматычная эвалюцыя савецкага чалавека – ад грамадзяніна да асобы. В. Казько, не шкадуючы слоў, падрабязна апісвае гэтае калючае прадзіранне праз заслоны знешне аточанага ад усяго свету жыцця, а таксама не хавае перанесеных пакут, і ўрэшце выкрывае і высмейвае псеўдакамуністычныя рэаліі і вычварэнні сацыялістычнага будаўніцтва. Ну і асноўная гаворка ў аповесці – пра ўдзел пісьменніка ў асамблеі ААН у Нью-Ёрку якраз на пачатку гарбачоўскай перабудовы. Як мне здаецца, то на такія доўгатэрміновыя мерапрыемствы ў самае логава капіталізма пасылаліся ўсё-ткі правераныя людзі. Не думаю, што В. Казько нейкім дзіўным чынам пазбег гэтага. Але ўнутрана аўтар усё ж заставаўся натурай творчай і таму не да канца вытлумачальнай, а да ўсяго яшчэ і глыбока перакананым беларускім нацыянальным чалавекам. Як ён піша:“Сапраўды, усё таемнае з цягам часу становіцца яўным, як шыла ў мяшку: згвалтаваная і падманная гісторыя, сапраўдны кошт усіх рэвалюцый, справядлівых і несправядлівых войнаў, крывавая, забітая ў Гулагах праўда. І гэта толькі здаецца, што ўсе мы розныя і таемныя. Карэннае, нашчадкавае, у барадзе Карла Маркса не схаваеш, у дрыгве і багне не стоіш, чужое ёсць чужое, сваё ж заўсёды бярэ верх, кілой яно выпрэ з цябе. Кожны на зямлі смяецца, плача, робіць і нават крадзе і хлусіць так, як бацькі і бацькаўшчына запаветавалі”. І ў той жа час пісьменнік шчыра прызнаецца, што ён “не жадаў выходзіць з дваццатага свайго веку – вясковая вернасць. Вернасць свайму стойлу, балоту і часу”. Аднак жа паступова празарэнне адбывалася… І ўжо з сённяшняга часу вымалёўваецца гэты наш ментальны і, дасць Бог, неўміручы гістарычны вобраз: “І я іду, іду па сваім жа следзе праз каменні спатыкання, па сцежках, бара́х і дубровах, багне і дрыгве дзяцінства. Па апякаючай і чаруючай нас памяці, прагі загадак, сакрэтаў таямніц, няхай і марна прывідных. Іду на чужыне і дома, па тым, што наканавана і загадана мне вечнасцю – быць шпіёнам, хаця на кожным кроку выракаюся гэтага, толькі ў галаве трымаю: назіраць і бачыць, слухаць і маўчаць. Чым не наш з вамі партрэт, партрэт беларуса сёння”. Друкуюцца ў апошнім нумары “Дзеяслова” 2018 года новыя вершы Леаніда Галубовіча і Валянціны Аксак. Калі ў першага пераважае традыцыйны песімізм і самотлівая адзінота, дык у яго зямлячкі з-пад Нясвіжа больш існыя і глыбокія тэмы і матывы замешаныя на хрысціянскіх традыцыях і нярэдка супярэчлівых ім сучасных успрыманнях гэтага свету, бо “уцёкі ад дзікае слівы// ў завінены рай// апынуліся бегам// па трэнажорнай дарожцы” (маюцца на ўвазе папярэднія зборнікі паэткі “Дзікая сліва” і “Завінены рай”). Бо:   Пасталела нарэшце – ужо не азіраюся. Там нічога няма. Нават жменькі попелу са спаленых дзённікаў. Але палюбіла чытаць чужыя ўспаміны. У іх так прыгожа распавядаецца пра тое, чаго не было. І я гэта помню. Дараваць – не значыць забыць. Уважліва чытаю між радкоў.   Неяк цяжка давялося мне падмастакоўвацца да ўспрымання дзіцячай прозы Сяргея Рублеўскага, да гэтага яго новага дзедаўскага стылю. Я маю на ўвазе аповед пра сабачку, унукаў і іх шчаслівага дзядулю “Тузік-Гузік”. Хоць у рэшце рэшт пэўнае паразуменне адбылося. Алесь Бычкоўскі публікуе заканчэнне свайго фэйсбучнага рамана “Край ваўкалакаў”. На першы погляд, прыземленыя, але жывыя натуральныя запісы беларускага жыцця ў правінцыйным гарадку. Ёсць звычайныя шараговыя нататкі, але сустракаюцца і адметныя, можна сказаць, афарыстычныя і філасофскія, як вось гэтыя: “Дзядуля мой з Палесся быў вернікам. Бывае, паслухае вядзьмарскія заклёны, кульне гранчак самагонкі і абавязкова зап’е свянцонай вадой…”; “Працаваў аператарам вёрсткі ў газеце. Калі раздрукаваны аркуш фармату А3 з маёй вёрсткай выпаўзаў з прынтара ў рукі, заўсёды адчуваў сябе Францішкам Скарынам”. З чаго ж “вырастае” і складваецца гэты “раман”? З непахіснай любові аўтара да беларушчыны, неабыякавасці да сучаснага парадаксальнага жыцця і вернасці свайму літаратурнаму пакліканню. Ну і – гумару, іроніі ды правакацыйнасці, як жа без гэтага можа трываць прывязка да фэйсбуку: “Чамусьці я ўпэнены: каб стаць пісьменнікам у нашай краіне, можна ўвогуле нічога не пісаць. Замест творчасці трэба часцей рабіць сэлфі з помнікамі Купалу-Коласу, святкаваць чарговыя ўгодкі Міцкевіча-Багдановіча, наведваць магілы Караткевіча-Янішчыц, бываць на шматлікіх прэзентацыях, даваць аўтарытэтныя каментары ў сацыяльных сетках і трубіць-гудзець-трэсці-звінець пра гэта на ўвесь свет праз фэйсбук. І ўсе пачнуць лічыць цябе творцам, паслядоўнікам традыцый айчыннай літаратуры…” Як заўжды, іранічна-аптымістычны Андрэй Хадановіч надае нашай – то блазнавата-шумнай, то сумнавата-шчымлівай – паэзіі пэўнага еўрапейскага глянцу і адпаведнага настрою. Для ўзору хоць бы гэтая страфа:   Неймаверны горад сышоў са сваіх графіці і вядзе ў ноч музеяў, бо кожная ноч – музей: “Нарадзіўся – расці вялікім, мой неафіце, адрывайся, спявай і танчы, не цверазей.   Друкуюцца побытавыя і падарожныя – гэтым разам амерыканскія – запісы з нізкі “Уладзевы гісторыі” Уладзіміра Січыкава (“Стрыптыз каля Белага Дома”). Прысутнічае фактура і жывы досціп. Тэксты для разняволенага чытання. Вершы нашай беларускай палтаўчанкі Іны Снарскай, як заўсёды, эмацыйна-душэўныя і мройна-праніклівыя. У іх ёсць ужо даволі разняволены ўкраінскі росхрыст дум і пачуццяў, але засталіся відавочныя і згадлівыя беларускія мяккасць, дабрыня і спагадлівасць.   Паляцелі на поўдзень гусі, Развіталіся да вясны. Уплятаю я сны Беларусі У свае даматканыя сны.   У рубрыцы “Дэбют” маладая паэтка з Магілёва (цяпер вучыцца ў польскім горадзе Лодзь) Яніна Асіпцова спрабуе згарманізаваць спакойную разважлівасць і жарстлівую пачуццёвасць у своеасаблівых вершаваных маналогах, раскрываючы пространі сваіх няспраўджаных мрой і няўрымслівай закаханасці… Іншыя з іх зацягнутыя і блізкія да празаічных высноў і сыходаў. Аднак літаратурная і паэтычная адоранасць аўтара несумнеўныя.   І табе здаецца, што збіраеш Пялёсткі, А насамрэч трапляеш у чарговыя Пасткі, Для бязмежнай прасторы прыдумваеш Межы, І гуляеш у краіны, планеты і зоркі, Толькі Верыш сістэме адноснасці свету, Лету Летуценна дапісваеш сэрцам Санэты.   Публікуецца кідкая на таленты ды імёны падборка перакладаў з сучаснай польскай паэзіі, прапанаваная Андрэем Хадановічам. Прачытаўшы, думаеш, а добра было б, каб і нашых лепшых паэтаў прадстаўлялі за мяжой гэтак жа гожа і паўнавартасна. Сярод перакладзеных на беларускую мову Войцех Бановіч, Ілона Віткоўска, Эва Ліпска, Юлія Фядорчук. З вершаў В. Бановіча:   Напішы паэту. Вышлі паштоўку або напішы ў фэйсбуку што яго сляпая ўпартасць табе патрэбная.   Друкуецца ўрывак з рамана вядомага ўкраінскага паэта і пісьменніка Аляксандра Ірванца “Харкаў-1938” у перакладзе заўчасна памерлага нашага таленавітага творцы Уладзіслава Ахроменкі з яго кароткай прадмовай да тэкста. Гэта фантэзійны раман пра мажлівую некалі Украінскую Рабоча-Сялянскую Рэспубліку. Нездарма ва ўступным слове перакладчык задаецца іранічным пытаннем: а якой магла б быць Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), калі б у свой час перамога аказалася на яе баку? Выбітны фалькларыст і перакладчык Уладзімір Васілевіч публікуе (з разгорнутай біябібліяграфічнай прадмовай) побытавы з дамешкам маральнай і матэрыяльнай культуры людзей вёскі Камаровічы, што на Мазыршчыне, нарыс Эмы Яленскай у перакладзе з польскай мовы. Як зазначае перакладчык, гэтая “праца стала, можна сказаць, універсальным комплексным даследаваннем, пабудаваным на прыкладзе адной вёскі, дзе знайшло месца адлюстраванне яе гісторыі, геаграфіі і культуры яе насельнікаў”. Штрыхі да творчага партрэта вядомага пісьменніка, рэдактара і энцыклапедыста Барыса Сачанкі “Служыць Бацькаўшчыне” публікуе літаратар Анатоль Астапенка. А паэт Васіль Жуковіч прапануе чытачам часопіса цікавы рознабаковы артыкул пра жыццё і творчасць вядомага паэта Анатоля Вярцінскага. Друкуюцца ўспаміны тагачаснага падлетка “Дарагія цені” Паўла Ляхновіча – пра Ракаў, яго ваколіцы, людзей і іх жыццё ў далёкіх ужо 1960-х гадах не так даўно мінулага ХХ стагоддзя. Наш сучасны філосаф Валянцін Акудовіч працягвае публікацыю хронікі беларускага інтэлектуала – гэтым разам у асноўным гаворка вядзецца пра літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО”, што выдаваўся пры тыднёвіку “Культура”. Паэт і нацыянал-патрыёт Славамір Адамовіч публікуе згадкі “Кулакі дабра” з новай уласнай кнігі “Лісты да Зянона”. Тэксты ў выглядзе дзённікавых нататкаў у Славаміра, як заўсёды, гарачыя, правакацыйныя і палемічныя. Вартае чытанне. Літаратуразнаўца з Віцебска Ірына Саматой друкуе артыкул пра мастацкі свет паэта і перакладчыка Уладзіміра Папковіча. Леанід Галубовіч рэцэнзуе кнігу Віктара Казько “Казань пра ката, каторы смяяўся”. Апроч усяго гэтага змястоўнага, напрыканцы змяшчаецца міні-анатацыйная выдавецкая рубрыка “Дзеяпіс” ды змест часопіса за 2018 год. Ну, дык чытайма лепшае!   ЛеГал       Будзьма з «Дзеясловам»!   Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі ды атрымліваць яго шэсць разоў на год. Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813, для ведамаснай падпіскі — 748132.
 
Дзеяслову - 15!
1 лістапада ў менскай кавярні-клубе «Грай» прайшоў юбілейны канцэрт, прысвечаны часопісу. Быў прэзентаваны новы, дзевяносты нумар унікальнага выдання. На дзеяслоўскіх старонках, без перабольшання, друкуецца ўся сучасная беларуская літаратура, прадстаўлена творчасць усіх пакаленняў нашых пісьменнікаў і фактычна ўсе роды і жанры літаратуры. Павіншаваць «Дзеяслоў» і яго стваральнікаў прыйшлі многія: аўтары, чытачы, сябры рэдакцыі, аматары мастацкага слова і музыкі. Першы нумар часопіса, як распавёў адзін з яго заснавальнікаў і галоўны рэдактар, празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, пабачыў свет 23 верасня 2002 года. Цягам свайго існавання калектыў рэдакцыі, колькасць якога, дарэчы, ніколі не перавышала 4 чалавек, імкнуўся як мага больш шырока і дэмакратычна рэпрэзентаваць нацыянальную літаратуру. Фота: Аляксандр Кісялёў Творы, упершыню апублікаваныя ў выданні, пазней атрымлівалі высокія літаратурныя ўзнагароды, такія, як Прэмія Гедройца, “Дэбют”, “Кніга году” ды іншыя. “Час second-hand” Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову таксама быў апублікаваны ў часопісе, а пазней выдадзены асобнай кнігай дзякуючы намаганням Саюза беларускіх пісьменнікаў. Акрамя таго,  у 2006 годзе рэдакцыяй была заснаваная кніжная серыя “Бібліятэка часопіса “Дзеяслоў””, у якой выйшла ўжо 20 кніг. Існуе і штогадовая прэмія “Залаты апостраф” за найлепшую публікацыю ў “Дзеяслове”. Барыс Пятровіч. Фота: Аляксандр Кісялёў Паэт і грамадскі дзеяч Уладзімер Някляеў сказаў шмат цёплых слоў пра часопіс, у якім аўтар друкаваў і друкуе свае лепшыя творы, і перадаў віншавальную грамату ад імя Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны. Уладзімер Някляеў. Фота: Аляксандр Кісялёў Анатоль Івашчанка. Фота: Аляксандр Кісялёў Выступілі вядомыя пісьменнікі, кожнаму з якіх было чым падзяліцца з гледачамі: добрымі ўспамінамі, звязанымі з часопісам, сваімі вершамі, перакладамі і песнямі. Вялі вечарыну намеснік Старшыні СБП, паэт Усевалад Сцебурака і Барыс Пятровіч. Вольга Гапеева. Фота: Аляксандр Кісялёў Валярына Кустава. Фота: Аляксандр Кісялёў  Гурт “Крама”. Фота: Віка Трэнас Гурт “Крама”. Фота: Віка Трэнас На сцэне прагучала жывая музыка ў выкананні барда Віктара Шалкевіча, беларускіх гуртоў “Рэха” і “Bar Akaryna”, завяршыўся канцэрт выступам легендарнай “Крамы”.
 
Агляд "Дзеяслова" №89
«І ЎСЁ МАЦНЕЙ ЖАДАННЕ ЛЁТУ» Напрыканцы лета, размораныя і квёлыя пасля адпачынку, прыхільнікі беларускай літаратуры могуць нарэшце разгавецца беларускім словам. Выйшаў чарговы (89-ты) нумар часопіса “Дзеяслоў”. Цэнтральным творам, фармуючым чарговы нумар часопіса “Дзеяслоў”, безумоўна з’яўляецца пачатак новага рамана Людмілы Рублеўскай “Пантофля Мнемазіны”. Ён напісаны па ўсё той жа схематычна-пазнавальнай форме яе папярэдніх твораў. Падчас нават ствараецца ўражанне, што ты чытаеш працяг ужо апрабаваных чытачамі раманаў (“Ночы на Плябанскіх млынах”, “З’яўленне Інфанты”, “Дагератып”). Магчыма, некалі яны звядуцца ў адзіны цыкл, як, да прыкладу, раманы В. Адамчыка (параўнанне, зразумела, умоўнае). Словам, адчуваецца наследаванне караткевічаўскай формулы: на нацыянальным падмурку выснаваць прыгодніцкі антураж твора. Пры ўсім пры тым, адзначу, што тэксты Л. Рублеўскай прафесійныя і па-мастацку таленавітыя, напісаныя з адмысловым майстэрствам. Нібыта нічога звышарыгінальнага: гісторыя замешаная на перапляценні сучаснага і нядаўняга беларускага часу; маладая жанчына страчвае бясследна прапалага ў замежжы мужа, пасля сямі гадоў знікнення яго вобраз пачынае з’яўляцца ў яе візіях і згадках, а тут яшчэ падаспела нечаканая спадчына, якую ён, аказваецца, пакінуў (стары дом у мястэчку). З яго гераіня і пачынае закручваць інтрыгоўны сюжэт, заснаваны на родавай лініі былога сужэнца, прозвішча якога Корвус (гэткая повязь адраджэнскай знітаванасці ў творах пісьменніцы)… Чытач патрапляе ў1930-я, ваенныя і пасляваенныя гады… Закрутак многа і, можа, нават залішне, бо нярэдка даводзіцца празмерна напружваць галаву наконт той ці іншай сітуацыі. Да ўсяго на кожным  артэфакце Рублеўская пачынае акцэнтаваць увагу чытача і выкладаць ледзь не ўвесь датычны да яго вікіпедаўскі лікбез. Аднак жа трэба адзначыць, маладых прыхільнікаў сваёй творчасці пісьменніца прывязвае да старонак прозы моцна. Чым? Адмысловым сюжэтам, сучасным стылем пісьма. У словах, выразах, ідыёмах, мімалётных згадках-замалёўках, лёгка, іранічна, бесканфлікта, без асаблівых прэтэнзій на нешта грандыёзнае, а насамрэч – старонка за старонкай – складвае глыбокі пласт містычна-памятлівай беларускай прозы. Пісьменніца наўмысна падчэплівае чытача, няўзнак выдаючы свае літаратурныя зацікаўленасці, маўляў, “такога я магу вам нагаварыць на сто старонак. Лепшага за мяне спецыяліста па закручванні сюжэту ўсё адно не знойдзеце. Не таму, што я Леў Талстой, а таму, што я мадэратар сайта фанфікшэна. Ну, ведаеце, калі школьніцы альбо іх расчараваныя ў жыцці настаўніцы пішуць працягі прыгод Гары Потэра і Северуса Снэйпа, альбо паляўнічых на монстраў Дзіна і Сэма Вінчэсцераў з серыяла “Звышнатуральнае”, альбо вампіра Эдварда і анемічнай Бэлы, ці Арагорна з Арвен, ці Шарлака Холмса з Ватсанам, ці Жалезнага Чалавека з Халкам, зялёным і няшчасным… У свой час мяне гэтая дурата проста выратавала…” Уласна я нават замілаваўся, успомніўшы маленства, натыкнуўшыся на слова “дзёдзя” (так у вёсцы ласкава звалі свіней, асабліва пры дзецях, праўда, у нас казалі “дзюдзя”). Не памятаю ўжо, калі і кім гэтае слоўца згадвалася. Сустракаюцца і шмат іншых падобных слоў-знаходак і слоў-памятак. А вось некаторых сучасных, такіх, да прыкладу,  як квэст і фанфік, у тэксце аж занадта, нераўнуючы, як спаму. Не зважаючы на дробныя суб’ектыўныя заўвагі, магу запэўніць чытача, што пачатак рамана Л. Рублеўскай захапляльны і варты ўвагі. А тое, што ён чытэльны, не выклікае сумненняў. Вершы Людкі Сільновай лёгкія, эмацыйна-пачуццёвыя, як палёт руплівай пчалы над адцвітаючым кветнікам… Боль схаваны ўнутр метафары, вонкі – пожад жыццёвай энергіі:   Ўсё гэта я?.. Паэт ва ўзросце Складаным робіцца ці простым – Як немаўля, што, без адзення, Увесь – адчай, увесь – здзіўленне Перад чужой магутнай сілай?..   “Парыжскія казкі” Адама Глобуса – гэта змрочна-мройныя творчыя выявы мастака ў мажлівым свеце, у якім рэчаіснасць мяняецца згодна з жаданнем герояў і аўтара тэкстаў. Аднак, як папярэджвае чытачоў пісьменнік: “здавалася б, што гісторыя павінна была скончыцца добра, але ў яе сумнае заканчэнне”… Што тычыцца вершаў Сяргея Ваганава, то, скажу шчыра, чытаць яго публіцыстычныя нарысы і эсэ мне цікавей. Тут сабраныя роздумы літаратара над пражытым – канкрэтнымі з’явамі, людзьмі, падзеямі… Ёсць і кранальна-разняволеныя строфы, скажам, у вершы, прысвечаным В. Казько:   І цяпнуўшы гарэлкі, сэрца зрушу, – Няхай язык што хоча, то пляце! – Я б цалаваў заветраную грушу, Што на Палессі кожны год цвіце.   У кароткім апавяданні Паліны Сцепаненкі “Лядоўня ў кватэры № 0” слова “лядоўня” на пачатку тэкста ўжываецца столькі разоў, што здаецца, ты чытаеш, лежачы побач з тым самым гудлівым надакучным халадзільнікам (ужывём такое яго вызначэнне, каб не паўтарацца)… Не мой стыль, але сама задума цікавая, заснаваная на фактах нядаўняга часу. Найбольш адцеміўся наступны фрагмент: “У слове СУМленне адчуваецца сум. Адчуванне страты – у адзін момант чалавек стаў недасягальным, нібыта памёр. Мур. Паміж зняволенымі і воляй”. Гэткая афарыстычная набіўка (тату́) нашага беларускага бясчасся… Друкуюцца вершы берасцейца Васіля Дэбіша – шчымліва-лірычныя, зямныя, зацепленыя на шчырай сыноўняй любові да адышоўшай маці, каханай, але не заўсёды вернай жанчыны, векавечнай Бацькаўшчыны… Узнёслая песня жыццю. Нібыта чорнай магіяй сапраўднай паэзіі павеяла ад верша “Вароны”:   На снезе белым – чорныя вароны. Галгочуць. З учарашняга яшчэ… Глядзяць на свет, нібыта шлюць праклёны Спусцелымі палонкамі вачэй. Пранізаны завеямі ліхімі, Іх крылы б’юцца ў такт, як ветракі. І добра бачна, скамянеў пад імі Глыбокі снег. Ім хлеб даю з рукі. Дык не бяруць. Глядзяць – нібыта судзяць – З прамерзлых дрэў, сцяжынак і слупоў. Нібы смяюцца: “Прыйдзе час і будзем Мы піць нябёсы з вашых чарапоў”.   Навеяла настальгічную асацыяцыю з радком вядомага верша майго кіраўніка паэтычнага семінару на ВЛК расійскага паэта Ю. Кузняцова: “Я пил из черепа отца”… Жыццёва-творчыя “запісы” Аксаны Спрынчан “Разынкавая муроўка”, з якой высвечваюць і па-сапраўднаму мастацкія разынкі. Вось адзін з запісаў: “Мой двухпавярховы дом стаўся трохпавярховым, бо паміж першым і другім паверхам звілі гняздо малінаўкі. Калі б мой дом быў дасканалым, вядома ж, яны не здолелі б зладзіць гняздзечка.У недаробленым і непрыгожым закрасавала даробленае і прыгожае. У мой дом цяпер можна лятаць. Хіба гэта не падарунак Нябёсаў?!”. Схіляе да разваг паэтычная нізка Сяргея Сцяпана. Мудрыя глыбокія вершы, напісаныя жыццёвым вопытам душы і плоці, амаль без метафар – як адлюстраванне стомленага духу:   Падняцца ранкам, Каву падагрэць, Глядзець праз шкло На чырвань арабінаў. І раптам З ціхім болем зразумець, Што ўжо жыццё Становіцца  ўспамінам.   “Тутэйшыя”. Короткое содержание скачать” – так называецца апавяданне Зараславы Камінскай. Спроба разважання маладых сучаснікаў над нацыянальнай самасвядомасцю народа ды жыццёвым і творчым лёсам іх беларускага Песняра Янкі Купалы падчас універсітэцкіх іспытаў, а таксама намаганні выявіць псіхалагічны, духоўны, творчы і матэрыяльны ўмоўны падзел у жыцці паэта на пачатку сталінскіх рэпрэсій.…  І хто ж галоўны герой п’есы “Тутэйшыя” – ці не сам Янка Купала? Твор можна было б развіваць і да аб’ёму аповесці ці кароткага еўрапейскага рамана… У рубрыцы “Дэбют” – вершы Веранікі Міхалёвай. Такая мілая натхнёная родным словам і клопатам пра лёс сваёй Айчыны патрыётка, якая шукае ўласныя рыфмы на прасторах беларускага жыцця, натыкаючыся на рыфы сучаснага дзяржаўнага беспрасвецця і народнай годнасці і цярплівасці. Прыкладна так:   Слёзы мае – ад нясцерпнага вечнага болю За народ свядомы, што свабодным даўно быць мусіў. Я плачу за тых, хто не дачакаліся волі. Гэта слёзы малення. Аб прывіднай Беларусі.   Аксана Данільчык прапануе чытачам свае пераклады з класічнай італьянскай паэзіі канца ХVIII – пачатку ХХ  стагоддзяў (Дж. Леапардзі, Дж. Кардучы, Дж. Паскалі, К. Мікельстэдтэр і Дз. Кампана). Друкуецца заканчэнне кнігі падарожных эсэ паляка Рышарда Капусцінскага “Кіргіз злазіць з каня”. Гэтым разам пісьменнік выкладае нам свой погляд на апошнія савецкія гады эканамічнага і нацыянальна-духоўнага ў жыцці Туркменістана, Таджыкістана, Кіргізстана і Узбекістана. Як для таго часу, то напісана без “предубеждения” ды ідэалагічных нацяжак. Пераклад Я. Салейчука. Пры канцы хачу прывесці цытату, якая па сутнасці завяршае публікацыю. Гэта выказванне ідэолага суфісцкай дактрыны ісламу  Аль-Газалі. Яно, пэўным чынам, кладзецца і на стасункі самога аўтара эсэ з чытачом. “І няхай ведае, – папярэджваў Аль-Газалі, – што карысць, якую ён атрымае з-за памылкі свайго Шэйха, калі б той памыліўся, будзе большай, чым тая карысць, якую мог бы атрымаць ад сваёй уласнай праўды, нават калі б сапраўды меў рацыю”. Працягваецца публікацыя “Кнігі Роду” (новай беларускай Бібліі) з заўвагамі і каментарыямі Ірыны Дубянецкай. Нацыянальны аспект, які высноўваецца з прачытання і разважанняў над выдадзенымі біблійнымі кнігамі Францішка Скарыны. Вельмі досведны і актуальны артыкул маскоўскага (па месцы пражывання) беларускага навукоўца Аляксея Каўкі. Вучоны піша: “Нядаўна брытанскі “The Economist” прысвяціў нашаму супляменніку адмысловы артыкул з аглядам жыццятворчага шляху “беларускага Марціна Лютэра”. Скарына, у адрозненне ад нямецкага пратэстанта-рэфарматара, не зрушваў падваліны папскае царквы, аднак, гаворыцца ў артыкуле, паводле значнасці зробленага ў пашырэнні друкам свяшчэнных тэкстаў, беларускага слова, кірылічнага пісьма наогул ён павінен разглядацца “як адна з найвялікшых фігур еўрапейскай культуры”. Што сімвалічна праілюстравана помнікам Францішку з высока ўзнятай Святою Кнігай перад нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Святло незгасальнае свеціць і цемра не схавае яго. Дасюль – пачатак ХХІ стагоддзя – у Беларусі, ужо незалежна-суверэннай, па-ранейшаму моляцца “за державу нашу российскую”. Малітваў за Беларусь, Богам сцеражоную, у тутэйшых цэрквах Маскоўскай патрыярхіі пакуль не чутно”. Літаратуразнаўца і паэт Віктар Жыбуль суправаджае пачатак публікацыі захаванай спадчыны неардынарнага і неадназначнага пісьменніка і паэта Алеся Наўроцкага.  Мне, як літаратару, гэта цікава, але напэўна далёка не кожнаму чытачу. Следам друкуецца даволі глыбокі і ўдумлівы (адзін з лепшых, які мне давялося прачытаць) матэрыял Валерыя Назарава “Маленькая сага…” пра творчасць Янкі Брыля, а менавіта пра яго “Муштук і папку”, з паралельнымі разважаннямі над некаторымі архіўнымі тэкстамі пісьменніка. Як піша аўтар, “пісьменнік здолеў адлюстраваць у лёсе сваёй сям’і сапраўдную гісторыю народа, які быў падзелены, права якога на слова знішчалася ў зачатку, лепшыя сыны якога аказваліся ў гулагах і камерах смяротнікаў. Таму маленькая сага Я. Брыля, выкліканая паяўленнем горкай сямейнай рэліквіі, з’яўляецца сама па сабе рэліквіяй нацыянальнай”. Удзячнае слова ў вянок памяці вядомага берасцейскага вучонага-літаратуразнаўцы Генадзя Праневіча напісаў крытык, яго літаратурны калега і таварыш Алесь Бельскі. Ірына Саматой з Віцебска разважае над творчым плёнам рана адышоўшага з жыцця мясцовага краязнаўцы Міхася Райчонка. Друкуецца заканчэнне манаграфіі Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі” (1871 года выдання) ў перакладзе вядомага педагога і фалькларыста Уладзіміра Васілевіча. Завяршаецца і публікацыя ўспамінаў Ліі Салавей пра сваю мядзельшчыну 1930-х, ваенных і пачатку пасляваенных гадоў пад назвай “Гавэнды майго краю”. Займальнае, скажу вам, чытанне. Рэцэнзіяй Леаніда Галубовіча на кніжку бялыніцкага (па нараджэнні) паэта, які ўжо чвэрць веку жыве ў Японіі, Вячаслава Казакевіча “За мной придет Единорог” і кароткай анатацыйнай рубрыкай “Дзеяпіс” загортваецца апошняя старонка часопіса. Далучайцеся да беларускага.   ЛеГал   Будзьма з «Дзеясловам»!   Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі і спраўна атрымліваць яго шэсць разоў на год. Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813, для ведамаснай падпіскі — 748132.
 
Агляд "Дзеяслова" №86
НАПРАДВЕСНІ 86 нумар “Дзеяслова” атрымаўся ўніверсальным. Змешчаныя ў ім тэксты і творы ўключаюць у сябе вельмі шырокую панараму культурнай, філасофскай і літаратурна-мастацкай тэматыкі. На зачыне вядзецца рэч пра надыходзячае вялікае свята – 500-гадовы юбілей беларускага кнігавыдання. Таму за аснову ўзяты скарынаўскі духоўны і нацыянальны подзвіг – выдрукаваная ім Біблія. Чытачам прапануецца ацаніць пачатак працы над перакладам старазапаветнай прозы – першы раздзел Кнігі Роду з каментарыямі (пра стварэнне свету).  Гэта, безумоўна, важная падзея для беларускага нацыянальнага самавызначэння і самаўсведамлення ў свеце. Цікава, што не зважаючы на тэалагічную складанасць ды інтэлектуальнасць, тэкст прадмовы да гэтай неардынарнай працы, якая толькі пачалася, напісаны доктарам філасофіі і сакральнай тэалогіі Ірынай Дубянецкай, чытаецца жыва і з непадробнай цікавасцю. Працягвае Скарыніяну публікацыя перастварэнняў, зробленых Алесем Разанавым з выдадзенай ім кнігі вершаў “Маем найбольшае самі”, дзе Ф. Скарына гучыць па-сучаснаму зразумела і даходліва, але не менш глыбока і ўзвышана. Чытач даведаецца, што   Таму габраі людзям не сталым, якім яшчэ не было трыццаці гадоў, не давалі гэтыя кнігі чытаць – бо ў іх замкнёны вялікія таямніцы і гэтыя таямніцы пераўзыходзяць розум людскі.   Шырока заяўлена ў часопісе і сучасная мастацкая літаратура. Валянціна Аксак прапануе нізку паэтычных асацыяцый, звернутых да (а часцей: ад)  уласнага і надзённага жыцця, занатаваных прозаю. Шчыра кажучы, тэксты мала чым розняцца ад свабодных вершаў паэткі, якія ўжо палюбіліся чытачам. У іх, як і ў згаданай публікацыі, даткліва зладжана гармонія думак і вычуванняў аўтара. Самі па сабе гэтыя вершы ў прозе простыя для чытання і ў той жа час з падсвечанай таямніцай падтэкставага ўспрымання. “Заходжу ў хату. Вітаюся з бацькамі. Стаю ў чаканні адказу. А яны маўчаць. Проста глядзяць на мяне зверху, з-пад самае столі. Маладыя. Усмешлівыя. Прыгожыя. Шчаслівыя. Аблямованыя вішнёваю самаробнаю рамай. Такой жа, як і Маці Божая і Ісус Хрыстос побач. І самі ўжо сталі іконамі”. Мы даўно прызвычаіліся да Алеся Камоцкага як да выканаўцы аўтарскай песні (можна сказаць, барда). Прычым песні ў яго даволі глыбокія, з філасофскімі падкладкамі і высновамі. Я і сам іх прыхільнік. Праўда, мне падалося, што жанр і манера выканання бардаўскай песні міжволі схілілі паэтычны талент Камоцкага да запатрабаванняў слухачоў і тэкставай празрыстасці. Дзякаваць Богу, шчырасць і мастацкая даверлівасць засталіся ўсё тыя ж. Не на пустым месцы ўзнікаюць такія радкі:   Хутчэй за ўсё, не так плануе аўтар, Хутчэй за ўсё, мы самі нішчым цуды.   І тут можна было б пагаварыць пра даволі шырокае кола паэтаў, якія, узняўшыся на пэўны мастацкі ўзровень, як бы прыпыніліся ў сваім творчым развіцці і спакойна пайшлі па гарызантальным шляху да свайго непазбежнага небасхілу. Памятаеце, у Някляева ў адным з яшчэ маладых яго вершаў былі такія, на першы погляд, мімаходныя радкі: “Так верш я скляпаў. Неблагі… Не горшы з усіх маіх вершаў”…  На жаль, многія тым і здавольваюцца: раз чарговы вершык напісаўся не горшы за іншыя, дык і добра… Анатоль Івашчанка са сваёй нізкай вершаў “Сінявокая” – адваротны бок гэтага медаля. Ён якраз з тых, хто творчым высілкам волі адрывае свой гарызантальны пагля́д, прагнучы вертыкальнай духаўздымнасці. Яго вершы нясуць у сабе новае ўспрыняцце старога свету, выяўляючы нестандартны фармат чалавечых і метафарычна-вобразных узаемаадносін, спрабуючы замацаваць суб’ектыўнае на трывалым грунце аб’ектыўнага:   Не той паэта, хто вершыкі піша, не той празаік, хто піша пра заек. Цяперашнім часам пісьменнік іншы найболей збярэ падабаек. Той, хто напіша чоткі пражэкт, той, хто засвоіць найбольшы бюджэт, хто ўсё разруліць, выдаіць грант… Вось хто цяперака думкі гігант!   Да паэтаў пошукавых, неаднастайных адносіцца і Таццяна Дзмітрыева з Магілёва. Сорамна, што дагэтуль не быў знаёмы з яе творчасцю. Большасць вершаў, якія склалі яе падборку ў “Дзеяслове”, нязмушана-арыгінальныя, з тонкай, як кажуць, скурай, з нервовымі, адчувальна балявымі канчаткамі. Раю пачытаць. Як і вось гэты верш з цыкла “Zug. Accelerando”:   аўтобус нахіляецца да мяне – на прыпынку больш нікога   У паэтычнай рубрыцы друкуюцца таксама вершы Юркі Голуба і Леаніда Галубовіча. Што да прозы. Найперш вылучаецца чарговая нізка апавяданняў Віктара Казько “На кручку”. Гэта густы хаатычны тэкст з панарамай савецкага (расійскага) і постсавецкага жыцця аўтара ў яго філасофскім развароце. Ён – для цярплівага, уважлівага і ўдумлівага чытача. Той жа, хто прачытае аповеды да канца, атрымае своеасаблівы мастацкі шок, пасля якога задумаецца над біблейскімі метамарфозамі зямнога чалавечага жыцця. Нядаўна я спытаў у Віктара Апанасавіча пра цяжкаваты замес яго стылістыкі. І ён адказаў мне, што гэта натуральная (жывая і рэчаісная) манера яго пісьма, якую ён выправіць не можа, не парушыўшы ўжо пазнавальнай многімі чытачамі сваёй літаратурнай адметнасці. Больш за тое, яна суладная і адпаведная яго празаічнаму дыханню, мысленчаму і сюжэтнаму ходу. Спрачацца не выпадала. Не магу не працытаваць некалькі важных, на мой погляд, фрагментаў з яго прозы, якія паказваюць на маштаб пісьменніцкай задумы В. Казько. З апавядання “Зямля як тэкст, альбо Валгаград, Сталінград, Царыцын”: “Савецкая рэчаіснасць паправіла справу. Угноіла глебу пад свае крывавыя міфы, сімвалы і святыні. Перапісала ці не ўсе тэксты сваёй і чужой зямлі, звяла іх да нікчэмнасці. Як жа мы зніякавелі і здрабнелі пасля здабычы агню і вырывання з пячораў. Ці не адно толькі ўдала атрымліваецца ў нас – паскудзіць, гадзіць на магілы продкаў ды на вечным агні памяці пражыць шашлыкі і каля яго спарвацца. Такія нашы сёння пасланні будучыні, тэксты, рукапісы і паліпсесты творцаў новых ідэалаў”. З аповеду “Дзверы замкнутыя, ключ у вечнасці”: “Сацыёлагі і псіхолагі растлумачылі і ахрысцілі падобную з’яву стварэннем у людства катастрафічнай свядомасці. Свядомасці самазнішчэння і самазабойства, да чаго прыводзіць адчуванне замкнутасці свету на самім сабе. Інакш, кароткае замыканне прасторы і часу, вякоў і стагоддзяў, калі якраз і нараджаюцца монстры і цмокі – Леніны, Сталіны, Троцкія і Гітлеры”. А вось Вінцэся Мудрова чытаць лёгка. Ён вольна і майстравіта выкладае прыгоды свайго маладога жыцця, прыхарошаныя і прыперчаныя сваім арыгінальным мастацкім талентам. Вось і гэты яго расповед пра “нябесныя знакі” 1986 года, што выявіліся яму на марознай Поўначы расійскага Наябрска, напэўна, намі, беларусамі, будуць зразумелымі лепш, чым іншымі. Вельмі прыцягальная проза Паўла Ляхновіча. Яго апавяданне “Прыпяць цячэ…” нечым асацыіруецца ў чытацкай свядомасці з хэмінгуэеўскім шэдэўрам “Стары і мора”. Рамантычна-драматычнае падводнае паляванне на велічнага сама заварожвае. Прырода і чалавек ды прырода чалавека – вось асноўная ідэя і тэматыка творчасці гэтага адоранага пісьменніка. Даволі чытэльная проза паэткі Таццяны Будовіч-Барадулі. Яе праца ў літаратурным музеі, расчытка спадчыны і лёсаў нашых творцаў, разгадка самагубстваў – усё гэта міжвольна прыўнесена ёю ў панараму кароткіх расповедаў, якія сваёй псіхалагічнай неардынарнасцю накладваюцца на нашу рэчаіснасць. Не сказаў бы, што “мне зайшлі”, кажучы фразеалогіяй аўтара, дэбютныя празаічныя тэксты Марыны Булатоўскай. Гэта, як кажуць, для маладых і прасунутых. Спадзяюся, Марына перажыла ўжо гэтыя свае літаратурныя парыванні. Таму не сумняюся, што з плёну тых перажыванняў выснуюцца новыя, ужо больш сур’ёзныя і глыбокія рэчы. Друкуецца вялікая падборка перакладаў з сучаснай украінскай літаратуры. Асабіста мяне найбольш уразілі вершы Наталкі Белацарківец і Сяргія Жадана (пераклад А. Хадановіча), а таксама проза Марыны Варыч (пераклад Б. Пятровіча). На гэтым рубрыка не сканчваецца, бо ў дадатак выстаўленая проза ўжо вядомага нам Этгара Керэта ў перакладзе з іўрыту Паўла Касцюкевіча. Гэтым разам перакладчык выбраў кароткія арыгінальныя прытчавыя аповеды ізраільскага пісьменніка з яго кнігі “Раптам стук у дзверы”, вартыя прачытання і траты часу. Вольга Гронская прапануе чытачам пазнаёміцца з сучаснай аўстрыйскай паэзіяй праз поглядна-крытычныя асацыяцыі яе прадстаўніка Фердынанда Шмаца. Скажу шчыра: пачытаўшы, мне падалося, што наша сучасная не менш цікавейшая і не менш глыбейшая па сваім мастацкім узроўні. У скароце друкуецца манаграфія Канстанціна Тышкевіча (1806-1868) “Вілія і яе берагі” (у гідраграфічных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных адносінах), адмыслова перакладзеная з польскай мовы Уладзімірам Васілевічам. “Дзеяслоў” узнавіў публікацыю дзённікавых запісаў Міхала Дубянецкага. Нататкі носяць назву “Трэба рызыкаваць”. Чытанне вымагае роздуму і асэнсавання. Да прыкладу, такі фрагмент пра часы савецкай цэнзуры: “Заведзеная сістэма функцыянуе спраўна – усе ператварыліся ў апалчэнцаў цэнзуры – і аўтары, і рэдактары, і паліграфісты. Многія па перакананні, што так яно і павінна быць, некаторыя ж – каб не страціць куска хлеба. Аўтар баіцца, што калі выдавецтва атрымае з-за яго аплявуху, у Галоўліце ці іншым “галоў”, то больш не возмецца за выданне яго твораў. Гэта ў лепшым выпадку. А калі заўважана нешта больш-менш сур’ёзнае – паплоціцца кар’ерай. Таму перш, чым несці рукапіс у выдавецтва, аўтар прасявае яго сам на густое цэнзурнае сіта... У Галоўліце на кожнага рэдактара вядзецца дасье, куды запісваюцца ўсе яго цэнзурныя грахі. Збярэцца гэтых грахоў некалькі, і цэнзар абавязкова дасць ход справе... На Галоўліце СССР кола не замыкаецца – над ім стаіць ЦК КПСС. Сетка густая. Але ж і гэта яе не поўная характарыстыка. Ёсць яшчэ шматлікі цэнзурны інстытут – чытачы. (…) Гэта чытальніцкія падонкі… Яны бяруць у рукі кнігу не для таго, каб далучыцца да добрага, вечнага, а для таго, каб вышукаць у ёй антысаветчыну і паказаць адпаведным органам, які ён пільны, надзейны і адданы”. Таксама ў нумары можна пазнаёміцца з творчымі партрэтамі былых сяброў і вядомых калег Кастуся Цвіркі, якія ўвойдуць у яго кніну “Човен часу” (Н. Гілевіч, Р. Барадулін, Г. Бураўкін). Эдуард Дубянецкі спрабуе-такі разгадаць “Загадку Стральцова”.  Іван Штэйнер разважае пра “канцэпцыю голаду ў беларускай і сусветнай літаратуры”.  Алесь Гібок-Гібкоўскі піша пра нечаканы досвед і згадкі, звязаныя з няпростым лёсам свайго бацькі (“Прапаў без вестак”). Сяргей Кавалёў аналізуе гісторыю рамана Кастуся Тарасава “Пагоня на Грунвальд”. Наталля Якавенка рэцэнзуе кнігу Валеры Гапеева “Ноч цмока”, а Яўген Бяласін дзеліцца свежымі ўражаннямі ад нечакана ўскалыхнуўшай медыяпрастору кніжкі Андруся Горвата “Радзіва “Прудок”. Завяршае публікацыі анатацыйная рубрыка новых кніг. “Дзеяслоў” гэтым разам важкі як ніколі. Чытайма.   ЛеГал Літаратурная Беларусь, выпуск №3 (127), сакавік 2017.
 
У № 78 «Дзеяслова» – невядомы «шасцідзясятніцкі» дзённік Караткевіча
Летам у рэдакцыю часопіса нечакана звярнулася пляменніца пісьменніка Алена Сінькевіч. Яна прапанавала для публікацыі дзённік Уладзіміра Караткевіча, датаваны 1965-1966 гадамі, які захоўваецца ў хатнім архіве пісьменніка. Алена Сінькевіч вырашыла самастойна падрыхтаваць яго да друку і напісаць каментарыі. Спраўджваецца з арыгіналам вёрстка дзённіка У. Караткевіча. Злева направа: Анатоль Івашчанка, Барыс Пятровіч, Алена Сінькевіч Як ведаюць караткевічазнаўцы, паўнавартаснага шматгадовага дзённіка, у адрозненне ад Максіма Танка ці Вячаслава Адамчыка, Уладзімір Сямёнавіч не вёў. У часе перабудовы былі адшуканыя і апублікаваныя паасобныя нататнікавыя запісы пісьменніка, якія да схілу пісьменніцкага веку рабіліся ўсё больш і больш сістэматычна. Аднак запісаў перыяду 1960-х гадоў, так лічылася раней, амаль не захавалася. І гэта пры тым, што найважнейшыя і найаб’ёмнейшыя свае творы Караткевіч напісаў менавіта ў маладосці: раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Леаніды не вернуцца да зямлі». Не кажучы пра шматлікія аповесці і апавяданні, вершы. Ва Уладзіміра Караткевіча быў вельмі чытэльны почырк... Дзённік уяўляе сабой бухгалтарскі гросбух вялікага фармату, старонкі якога з абодвух бакоў запоўненыя круглым, вельмі чытэльным почыркам Караткевіча. Як і ў шматлікіх іншых рукапісах аўтара “Каласоў…”, нямала месца тут адведзена аўтарскім малюнкам. Яшчэ большую цікавасць выклікаюць яны таму, што ў час напісання дзённіка Караткевіч працаваў над раманам “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і аповесцю “Чазенія”. Перарабляючы ў каторы ўжо раз сцэнар для кінастужкі, празаік урэшце вырашае для сябе, што не аддасць на глум сваю ідэю, цэнзуруючы пачатковую ідэю паводле чыноўніцкіх вымогаў ад Дзяржкіно. Фактычна на старонках дзённіка Караткевіч пастанаўляе пісаць раман так, як ён хоча, не азіраючыся на кіношнікаў. ...і нешараговы мастацкі талент. Яшчэ адна важная частка дзённіка – падарожжа ва Уладзівасток разам з Рыгорам Барадуліным і Генадзем Кляўко. Як кажа легенда, аднойчы паэты жартам патэлефанавалі знаёмаму генералу з просьбай закінуць іх як мага далей у камандзіроўку і пасля забыліся пра той званок. Аднак у Саюз пісьменнікаў БССР прыйшоў афіцыйны ліст, і троіца хоць-няхоцькі паехала набірацца ўражанняў на ціхаакіянскае ўзбярэжжа савецкай імперыі. Беларусы могуць быць насамрэч удзячныя таму невядомаму генералу, бо дзякуючы падарожжу з’явілася “Чазенія” – адзін з самых пранікнёных твораў пра каханне ў беларускай літаратуры. Караткевіч фактычна пачынае пісаць “Чазенію” ў дзённіку, запісваючы для памяці пейзажы прыродных запаведнікаў, але імя галоўнай гераіні аповесці ў побытавы аповед так і не трапляе. Партрэт Каліноўскага ў кабінеце Караткевіча вядомы па фотаздымках і ўспамінах... Дзённік часта запаўняўся Караткевічам постфактум, фактычна – гэта самастойны літаратурны твор, дзе ёсць месца развагам пра беларускае асяроддзе, пытанням пісьменніцкай тэхнікі, праблемам планетарнага маштабу. Аднак нямала старонак аб’ёмнага сшытку прысвечана і побытавым апісанням: жыццю і працы пісьменніка ў рагачоўскай хаце, расповедам пра паходы ў рэдакцыі літаратурных часопісаў, сустрэчам з пісьменнікамі і чыноўнікамі. У тэксце хапае досыць спрэчных і асабістых момантаў, і менавіта таму Алена Сінькевіч як абаронца аўтарскіх правоў пісьменніка вырашыла самастойна падрыхтаваць дзённік Караткевіча да друку. Для каментавання тэксту, паведамляе яна, давялося ці мала праседзець у бібліятэцы беларускай Акадэміі Навук, дзе цяпер у асноўным захоўваецца рукапісная спадчына Караткевіча, у тым ліку аб’ёмнае ліставанне. Гэткім чынам удалося вызначыць шматлікія рэаліі і персаналіі, ведаць якія Алена Сінькевіч не магла і па ўзросце, і таму, што пераехала ў Беларусь толькі ў 1971 годзе. Аднак цікавым з'яўляецца і адварот -- з каліграфіяй Зянона Пазняка: "Уладзімеру Караткевічу. Няхай Тваё жыццё будзе вартым Ягонай смерці. З.П. 26.ХІ.65. Мінск" Навуковым рэдактарам тэксту з’яўляецца караткевічазнаўца Пятро Жаўняровіч. Відавочна, што дзённік будзе ўлічвацца пры складанні апошніх тамоў збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах, выданне якога цяпер ажыцяўляецца. Ужо сёння нумар “Дзеяслова” №78 з невядомым дзённікам Караткевіча можна набыць у Мінску ў краме “Акадэмкніга”. Заўтра часопіс з’явіцца ў продажы ў кнігарнях “Логвінаў”, “Кніжны салон”, на сайце knihi.by. Тэкст і фота: Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org
 
Вечар з "Дзеясловам" (фотарэпартаж)
28 верасня ў мінскім бары «ДК» былі прэзентаваныя новыя нумары літаратурна-мастацкага часопіса, а таксама паэтычны зборнік Наталлі Русецкай, які выйшаў у Бібліятэчцы «Дзеяслова». Прывітальным словам адкрыў вечарыну галоўны рэдактар часопіса, празаік, Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч. Вядоўцам стаў паэт, адказны сакратар "Дзеяслова" Анатоль Івашчанка. Барыс Пятровіч -- Сёння, трымаючы ў руках першы нумар "Дзеяслова" і ўспамінаючы, як ён ствараўся, хачу сказаць, што ўсё пачыналася практычна як авантура, з нуля. Літаральна за два летнія месяцы 2002 года былі сабраныя творы, і 23 верасня адбылася прэзентацыя на з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў. Каля шасці аўтараў першага нумара на той час жылі за мяжой, напрыклад, Алесь Разанаў дасылаў тэксты па электроннай пошце, якая на той час яшчэ не была настолькі развіта ў Беларусі, як зараз. Па творы Івана Антонавіча Брыля ездзілі да яго на лецішча, і паколькі мабільнай сувязі не было і спытаць шляху не было як, спачатку заблукалі на глухой лясной дарозе. Васіль Быкаў тады быў у Празе і параіў узяць адзін са сваіх тэкстаў, але пасля аказалася -- ён ужо друкаваўся ў нейкім замежным выданні, а нашая рэдакцыйная пазіцыя была публікаваць выключна тое, што раней нідзе не выходзіла. Увайшлі ў № 1 творы Ніла Гілевіча, Уладзіміра Някляева, Алеся Асташонка, Святланы Алексіевіч, Андрэя Федарэнкі, Міхася Скоблы. Спачатку мы сумняваліся, наколькі лагічна тое, што ў адным нумары друкуюцца літаратары розных пакаленняў, а таксама артыкулы пра музыку, тэатр, кіно і мастацтва. Цяпер бачна -- "Дзеяслоў" у нас адзін, і яго канцэпцыя яднае ўсіх і адкрытая для ўсіх, -- распавёў Барыс Пятровіч.       Унізе: Анатоль Івашчанка На імпрэзе выступілі аўтары 76-га і 77-га нумароў "Дзеяслова" — Вольга Гронская, Мікіта Найдзёнаў, Арцём Сітнікаў, Андрэй Федарэнка. Галіна Сіўчанка і Вольга Гронская Злева направа: Таццяна Сівец, Марына Шода, Андрэй Хадановіч Арцём Сітнікаў (з гітарай); уверсе: Мікіта Найдзёнаў, унізе: Андрэй Федарэнка  Паэтка Вольга Гронская падрыхтавала супольны вершавана-музычны выступ з бардам Галінай Сіўчанка. Паэт, перакладчык і спявак Арцём Сітнікаў выконваў свае беларускія пераклады з Боба Дылана і Барыса Грэбеншчыкова разам са сваімі сябрамі-музыкантамі. Наталля Русецкая выступае разам з дачушкай Зосяй Беларуская паэтка, даследчыца, перакладчыца Наталля Русецкая, якая жыве і працуе ў Любліне (Польшча), прадставіла свой новы зборнік "Каштаны ў кішэнях". Пераможца конкурсу на лепшы рэкламны верш для "Дзеяслова" Кацярына Шчасная атрымлівае прызы ад "Дзеяслова" Пераклады з Барыса Грэбеншчыкова і Аляксандра Башлачова спявае Анатоль Івашчанка  Былі праведзеныя віктарыны на веданне сучаснай беларускай літаратуры. Пераможцы атрымалі прызы ад грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" і часопіса "Дзеяслоў".  
 
Агляд "Дзеяслова" №74
«ПЕСНІ РАННЯЙ ВЯСНЫ»   Вясна паціху пачынае ўсталёўвацца на адталых айчынных прасторах. Яшчэ шмат пасляснежнай вады і гразі, аднак сям-там падсыхае і лапінамі пачынае вылазіць трава, а на вербах набухаюць пупышкі… Тым часам і літаратурны працэс бурліць вуркліва да самазабыўнасці. Асабліва ў электронных сетках. Здаецца, сёння ўсё, апроч нараджэння і смерці, змяшчаецца ў інтэрнэце. Бадай што і сам Фёдар Дастаеўскі, напэўна, быў бы здзіўлены, што чалавека так хутка «звузілі»… А між тым, на кожным кроку праблемы. Дайшло й да «дыскрымінацыі» – падумаць толькі! – рускай мовы ў беларускай літаратуры. М-да… А на адной з нядаўніх імпрэз С. Дубавец нечакана заяўляе, што вось змагаўся ён з саветчынай і «рускім мірам», але сёння, як бы тое не выглядала дзіўным, перад пагрозай магчымай вайны, амаль гатовы вылучыць некалі зацяганы стары партыйны лозунг: з кім вы, майстры культуры?! Трохі ўтрырую, але блізка да таго. І дарэчы, сам з падобнай пастаноўкай пытання таксама амаль пагаджаюся. Агулам – запальных спрэчак і палемікі шмат, тусовачнага апломбу праз край, эгацэнтрычнасць зашкальвае, а высокамастацкай літаратуры – вобмаль… Ды, дзякаваць Богу, усё ж зрэдзьчас з’яўляецца. Вось вакол такіх паасобных твораў і распальваць бы палеміку, «ламаць пер’е», разгалошваць чуткі пра іх, пашыраючы абсяг прыхільнікаў краснага пісьменства. Часопіс «Дзеяслоў» – адно з тых рэдкіх выданняў, якое намагаецца быць на вастрыі літаратурнага, а не калялітаратурнага, працэса. Не заўсёды атрымліваецца трымаць раўнавагу, але прага мастацкага заўважная. Як і ў чарговым (74) нумары, публікацыі якога пачынаюцца двума аповедамі вядомага пісьменніка Віктара Казько пад агульным назовам «Свята мужчынскага смутку». Мудрае, а таму лірычна-іранічнае, асэнсаванне марнасці жыцця сучаснага пост-савецкага чалавека. Што праўда, падчас занадта згушчаны стыль пісьма замаруджвае ход і яснасць думкі і агульнае чытацкае ўспрыманне. Разам з тым, трэба прызнаць, што адвольна і карыкатурна выпісаны вобраз беларускага Моці ў гэтых і папярэдніх аповедах Віктара Казько востра выяўляе крытычную сітуацыю з нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасцю ў нашай краіне. Вось адзін з фрагментаў: «Але так ужо заведзена – за вялікім чаканнем такое ж вялікае расчараванне. Амаль сусветны падман, разбуральны падман прывабнага снення. Часам незапамінальныя пробліскі яго гоняцца за табой у калавароце сумнай рэчаіснасці і помсцяць, помсцяць табе нязбыўнасцю. <…> У якой ступені і меры гэта тычылася яго, Моці, ён не ведаў. Але падсвядома адчуваў такі сэнс, такі вырак усяму жывому на свеце. Гэта адчуванне агарнула яго, калі ён пайшоў у дзіцячы садок». Што ж, будзем спадзявацца на выхад асобнай кнігі нашага вядомага пісьменніка пра жыццяпіс нязломнага электаральнага Моці. Франц Сіўко друкуе маральна-псіхалагічны твор (аповесць «Цымант»), які заводзіць чытача са знешняга, акаляючага нас свету, ва ўнутраны свет чалавека з усімі яго неспадзяванкамі і таямніцамі. Дэтэктыўна-крымінальны стрыжань сюжэту не засланяе агульную і паасобную духоўную карціну чалавечага і грамадскага жыцця. Адказнасць чалавека перад людзьмі не толькі за сябе і свае ўчынкі, але і спроба негалоснага замольвання ім чалавечай грахоўнасці ўвогуле надае тэксту мастацкай вартасці і злабадзённага гучання. Простыя аповеды пра простыя рэчы і звычайных людзей. Як ёсць. Шмат абрысаў і вобмаль фарбы. Такое, значыць, чорна-белае жыццё і адпаведная яму кароткая проза Уладзіміра Сцяпана («Задача», тры навелы). Сухаватая, але чытэльная. А вось сатырычна-гумарны аповед Вінцэся Мудрова («Песні ранняй вясны»), на мой погляд, рэдакцыя магла б прытрымаць і да восеньскага нумара, да пачатку чарговага ўсенароднага выбарчага адабрэння. Цытаваць тэкст можна з любога месца… Я толькі прывяду некаторыя забытыя намі словы, якія паспрабаваў уваскрасіць аўтар: «удзельнікі польскага падзем’я», «выбарчыя дзяльніцы», «бедалака», «жычкі», «калейка», «бравэра», «запрыдух», «ірты», «брызгуль», «гілос», «трыба», «пушка запалак» і поруч «кубарка сярнічак», «лемзаць», «начвэндзіць», «сутанак», «хваравека», «кіяховы корак», «памяльнік»… Пры чытанні, дарэчы, успомніўся мне ўласны дзіцячы час пачатку 1950-х гадоў, калі ў заходне-беларускіх вёсках і нават у райцэнтрах пачуць расійскую мову можна было нераўнуючы як насамрэч замежную… Раю і вам акунуцца ў «страхаморлівыя», як піша аўтар, думкі і амаль святочныя чырвонасцяжныя завейныя дзеі таго часу. Цяжка даць вызначэнне тэкстам Паліны Качатковай: ці то гэта напраўду, як яна пазначае, аповеды, ці то журналісцкія нататкі (або ў лепшым выпадку эсэ). У іх ёсць добрая мова, аўтарскі вопытны зрок і слых, але бракуе стылёвай музыкі і адзінства формы і зместу. З перакладаў прозы трэба адзначыць чытэльную і завабную аповесць украінскага пісьменніка Валадзіміра Даніленкі «Цені ў маёнтку Тарноўскіх» (пераклад Б. Пятровіча), на першы погляд, прымітыўна-праставатую, як самі чалавечыя інстынкты, але і прыцягальную нейкай унутранай, патаемнай, штокроць наспяваючай метафарычнай жарсцю, за якой, бы начная жаночая бялізна, зазыўна мільгаецца код нацыянальнага і фізічнага выраку чалавека. Тэкст з сэксуальнай і эратычнай падкладкай, як кажуць, для вельмі шырокай публікі. Міні-аповед «Дождж» – сухі, лапідарны, прахалодны скандынаўскі стыль – пэўны, хоць даастатку і недагавораны. «Я, бачыце, рэгулярна выходжу на шпацыр. На доўгі шпацыр па дажджы. І вось сёння ўдзень я ўбачыў гэтага пацука. Ён папросту патануў. Я ў гэтым не сумняваўся. Ва ўсякім разе ён ляжаў у канаве – нежывы і мокры. Вось яно як, падумаў я. Ты там валяешся, а я тут стаю». У гэтым кароткім фрагменце ўвесь высокі сэнс духоўных спасціжэнняў і ўнутраных пературбацый нарвежскага пісьменніка Інгвара Амб’ёрнсэна (апавяданні «Часовая прысутнасць» у перакладзе Лідзіі Ёхансэн). Што да паэзіі… Вершы вядомага старэйшага паэта Васіля Зуёнка лірычныя, але дастаткова мудрыя, без напускной павучальнасці, нібы перад выдыхам – прароча-адчайныя. Як гэты («Д’ябальскае пытанне»):   Не суджана змовіцца двум прарокам, Адзінства – не іх узаемны дар. Прарок – як гэты свет – адзінокі. Ён толькі сам над сабой валадар. Прарокі ж самі і навучылі – Несумяшчальнасцю ў мудрых тамах: Няма прарока ў сваёй Айчыне… – А можа, Айчыны ў прарока няма?..   Нізка верлібраў Марыі Вайцяшонак «Да зімы тварам» вызначаецца тонкай душэўнай вынашанасцю, сатканай з досведу жыцця і духоўнага вопыту. Своеасаблівая метафарычна-вобразная магма жаночай бяссонніцы…   гады падыходзяць вясковым разводдзем: той бераг, дзе ты, яшчэ далей адплывае.   Вершы Валеры Дубоўскага («Родавыя аскепкі неба») – пошук формы і стылю для бесперапыннага ўдасканальвання ўласнай асобы. Шмат абстракцый і адстароненасці ад быту дзеля спасціжэння існасці зямнога быцця.   Слова – запісаны сэнс, занітаваная рэальнасць, эмоцыя, якая здабыла абалонку.   Вершы Таццяны Будовіч вартыя прачытання, хоць бы таму, што выпадкова занатаваныя ў падсвядомым космасе падчас псіхалагічнай бязважкасці:   сцісні мяне ў далонях калі паспееш я твой квіток у іншае вымярэнне адпачывалі Хічкок з Міядзакі калі Бог прырабляў мне крылы   Падляшскі беларускамоўны паэт Андрэй Сцепанюк (нізка «Бельскае маўчанне») разлічвае на разважлівага чытача. У яго тэкстах амаль нічога не засталося ад традыцыйнага класічнага верша, але, як мне падаецца, яшчэ недастаткова і таго, што спараджае высокае мастацтва. Скажам, аўтар і Паэзія на паўдарозе адзін да аднаго.   З кахання пачнецца Слова невыразнае і маўклівае нясмелае і няспелае Са слова вырасце нескладаны Сказ граматычна просты і недасканалы ў форме Са сказам адкрыюцца Вусны і горла зробіць праверку Голасу Голас зварушыць Думку вырве яе са сну і дрымоты   Даволі аб’ёмная, як для дэбютанта, нізка вершаў «Мая Ітака» мінскага мастацтвазнаўцы Паўла Дарохіна пакідае неадназначнае ўражанне. Адукаваны, начытаны чалавек, але хаатычна разбэрсаны ў думках і пачуццях, не зусім падрыхтаваны да гарманічнага ўспрыняцця свету. Паэзія патрабуе мастацкай цэльнасці, калі неабходныя словы паспяваюць за аўтарскай інтуіцыяй. У Паўла ж пакуль падобных удач, мякка кажучы, няшмат.   Маўчу часта, кажу рэдка Слухайце, дзеткі, страшны сакрэт Папараць-кветка – не папараць-кветка Гэта катлетка. З дзяцінства ўмейце адрозніваць расліны ад катлет.   Пажадаем і нашаму аўтару навучыцца адрозніваць паэзію ад версіфікацыі. Пяройдзем, як мне падаецца, да найбольш цікавага раздзела, які можна аднесці да мемуараў, дзённікаў і публіцыстыкі. Да 80-годдзя народнага паэта Рыгора Барадуліна Сяргей Шапран сабраў і падрыхтаваў успаміны пра яго розных людзей. Асаблівую цікавасць выклікае расповед жонкі паэта Валянціны, у якім яна даволі шчыра прыпомніла пяцьдзясят тры пражытыя разам гады. Бывала ўсякае, але помніцца найбольш яскравае. Напрыклад: «Не магу сказаць, што пакахала Грышу за ягоную паэзію – ён спадабаўся мне проста як чалавек. І ўсё жыццё я цаніла яго найперш як чалавека і толькі пасля – як паэта…». Далей больш: «Мову я, канечне, любіла – мову саму па сабе, але да паэзіі была абыякавай. Я не тое, што не люблю паэзію – яна мяне не кранае». І напрыканцы трохі дзіўная як для філолага, але, як для самага блізкага чалавека, зразумелая выснова: «Думаю, што ўсё ж ён быў геніем. І хоць ён са мной не пагадзіўся б, але мне здаецца, што ў беларускай літаратуры менавіта ён першы пісьменнік – наперадзе Багдановіча, Купалы, Коласа. Яны першыя таму, што былі раней за яго, але па ўзроўні першы ўсё-ткі Рыгор»… Да ўспамінаў Валянціны Барадулінай дадаліся цёплыя словы Г. Бураўкіна, сястры В. Быкава Валянціны, лонданскага беларусіста А. Макміліна, У. Сіўчыкава і Р. Сітніцы. Следам публікуюцца запісы розных гадоў народнага паэта Ніла Гілевіча. Цікава, што пачынаюцца яны з такой рэдакцыйнай вынаскі, якая пасуе да папярэдняга: «…наконт генія зайздрасці мы, беларусы, можам з балгарамі пацягацца…». Прыцягваюць увагу вельмі жывыя «гісторыі з савецкага часу» Зянона Пазьняка пра сціплых герояў беларушчыны, вобразы якіх, прапушчаныя праз памяць і сэрца аўтара, вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча, як праз трохграннік часу, недзе ў падтэктах выяўляюць і постаць самога Пазьняка, як неардынарнага чалавека і асобы. Нястомны рата́й нашай літаратурнай нівы Сяргей Шапран працягвае перагортваць старонкі новай кнігі «Уладзімір Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія». Чытэльная, між іншым, штука. Дзіўнымі фармалістычна-лінгвістычнымі ўспамінамі падзяліўся з чытачамі Аляксандр Лукашук («На вадзе, на зямлі і ў небе»). Калі шчыра, мяне больш уражвалі яго партрэты сучаснікаў у папярэдніх нумарах часопіса. Друкуюцца «алкагольныя эцюды» Анатоля Астапенкі. Пра мастака Пётру Багданава піша Галіна Багданава. Вядомы літаратуразнаўца, крытык і драматург Сяргей Кавалёў рэцэнзуе даволі неардынарную кніжку калегі Ігара Запрудскага «Метафізіка беларускай крытыкі». Леанід Галубовіч разважае над зборнікам вершаў беластоцкай маладой паэткі Касі Сянкевіч «Гарбата з незабудак». Завяршаюць публікацыі рубрыка «Дзеяпіс» і змест усіх нумароў часопіса за 2014 год. Ёсць што пачытаць, шаноўныя. Давайце жыць не толькі хлебам, але і словам. Беларускім. Каб не ўмерці даастатку ні пры якіх раскладах цёмных сілаў. Вясна ўсё ж!   ЛеГАЛ       Будзьма з «Дзеясловам»!   Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі і спраўна атрымліваць яго шэсць разоў на год. Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813, для ведамаснай падпіскі — 748132.