Свежы – 95-ты! – “Дзеяслоў” выпраўляецца ў шлях да чытача!
Да 130-годдзя Язэпа Драздовіча гісторык літаратуры Лія Кісялёва падрыхтавала “самнамбулічна-тэлевізійныя эскізы” “Жыцьцё на плянэце Сатурн” з прадмовай да іх. Гэтая публікацыя сталася мажлівай дзякуючы фундацыі Паўла Падкарытава. Цэнтральным тэкстам у літаратуразнаўча-крытычнай частцы нумару ёсць даследаванне Сяргея Кавалёва “Тутэйшыя”: паміж літаратурай і палітыкай. Дарэчы, у нумары прадстаўленыя творы аж чатырох чальцоў гэтай легендарнай суполкі. Акрамя названага вышэй Уладзіміра Сцяпана, друкуюцца творы Адама Глобуса (“Таня”. Словы пра паэтку Таню Сапач), Вітаўта Чаропкі (фрагменты з нізкі “Запасная кніжыца жыцця”) і, уласна, сам Сяргей Кавалёў, як вядома, — “тутэйшавец”. У нумары таксама — аповесць Івана Клімянкова, апавяданне Вольгі Бабковай, вершы Васіля Зуёнка, Людмілы Хейдаравай, Крысціны Бандурынай, Яўгена Бяласіна, Валерыя Ягорава. Сяргей Вайніцкі дэбютуе ў “Дзеяслове” (і літаратуры) з апавяданнем “Ліхтар”. Рубрыка “Пераклады” знаёміць чытача з творамі амерыканскай паэткі СіДзі Райт у перакладзе Вольгі Гапеевай, а таксама — польскага паэта Ежы Плютовіча ў перакладах Надзеі Артымовіч і Ціхана Чарнякевіча. “Бульба і бугі” — гэтак называюцца “раптоўныя замалёўкі” Міхала Рубіна. Завяршае нумар традыцыйны агляд кніжных навінак на паліцах “Дзеяслова”. |