…сумленне
вартае тысячы сведкаў…

— Людміла Рублеўская

Бульба і бугі

Раптоўныя замалёўкі

Знікненне фразы

Перачытваць свае тэксты. Тое, што не памятаеш, схаванае там. І тое, чаго не было, таксама. З’яўляецца магчымасць адрозніць. Можна скарыстацца. Аднак…

 

Тры дні таму я адчуваў павагу да слова, калі пісаў. Сёння не пішу, і гэта таксама павага да слова.

 

Нават той, хто разумее мову, будзе прабірацца праз другія-трэція сэнсы, а можа, нават не паспрабуе. У вас розныя мовы – ведае ён. Ты – не.

 

Весці дзённік са спазненнем – гэта, так ці інакш, літаратура.

 

Ты запісаў цудоўную, прыгожую фразу. А потым яна знікла. Такім чынам, ты запісаў знікненне фразы. Мабыць, гэта і ёсць паэзія.

7.05.18

 

 

дарожнае

*

не знайшоў памылку там, дзе яе не было, – і ходзіш стомлены ўвесь дзень. цяжкая праца

 

*

цягнеш сваё так, быццам усё – тваё. захопнік нейкі

 

*

можна нічога не рабіць, але тады ці будзе што казаць заўтра?

 

*

пэўная звычка вымушае шукаць адказы ў цёмным лесе, дзе натоўп такіх, як ты

 

*

чаму я гэта пішу? дарога надыктоўвае ў запас

 7.05.18

 

 

пра слова

часам слова робіцца самамэтай, і ты імкнешся гэта давесці: слова, самамэта, слова, самамэта. нават не надакучвае. тэкст усё даўжэе, даўжэе, ён сам кажа за сябе

нейкія абмеркаванні… нейкія спрэчкі… нейкія чуткі… нейкія веды… вось так праз шматкроп’і можна працягваць тэкст… далей, далей

не напішаш дзённік, дык хаця б дасі інтэрв’ю – каб потым нешта раптам пра сябе даведацца

слова як самамэта

вымавіў і не можаш зразумець

складаныя стасункі

з сабой

 9.05.18

 

 

пра выбар

напрыклад, сёння садзіш бульбу, а заўтра граеш бугі – паўтары гадзіны тымі ж рукамі.

і не скажаш: каму бульба, а каму бугі.

з іншага боку, прыйдзецца ж некалі выбіраць. той, хто не можа зрабіць выбар паміж паэзіяй і музыкай, піша песні.

я нават расстаўлю ўсе коскі, каб вы гэта зразумелі

9.05.18

 

 

голас

скажаць свой голас, каб казалі, які шчыры

ён шчыры – у яго ёсць свой голас

чуеце гэтыя апладысменты, гэтае вохканне, гэтыя захопленыя вочы прыхільнікаў пафаснай праўды

цяжка верыць дадзенаму прыродай

9.05.18

 

 

тлумачэнні

вялікія літары

за імі хаваешся

маленькія літары

так хочаш каб цябе бачылі

усё вельмі проста растлумачыць

9.05.18

 

 

праўда

вось даведаемся праўду і стане лягчэй

вось даведаемся праўду і стане сорамна

трэба памерці каб праўда пра цябе дзесьці захавалася

                9.05.18

 

 

*  *  *

гэта тычыцца тых, каго ты можаш пакрыўдзіць

гэта тычыцца тых, каго ты можаш зрабіць шчаслівымі

не аднаго дык усіх

закон жыцця

9.05.18

 

 

стан

натхненне напачатку здзіўляе

здараюцца немагчымыя рэчы і нават магічныя

потым натхненне бянтэжыць

магічныя рэчы робяцца звыклымі, а немагчымыя звыкла знікаюць

прымроілася нешта, думаеш ты

гэты стан можна пралічыць досыць дакладна

9.05.18

 

 

праз стому

трэба было пасадзіць бульбу і ляжаць, каб нешта прыдумаць

мабыць, гэта закон, які палягае вывучэнню

ляжаць і ўспамінаць, што там у мінулым

ляжаць і бачыць праз стому

гэта было магчыма толькі пакуль сон не прыйшоў

10.05.18

 

 

маршрут

праязны давязе куды заўгодна

а як згубіш праязны пачынаеш інакш пракладаць маршрут

хоць гэта і немагчыма

але маршрут унутры цябе ўжо іншы

думаеш так і ўсё даруеш

10.05.18

 

 

немагчымае

калі прыдумаў мелодыю і назаўтра памятаеш – гэта добрая мелодыя

калі прыдумаў мелодыю і не памятаеш – гэта мелодыя з тых, якія з’яўляюцца толькі аднойчы

другі раз не напішаш тое, што знікла назаўжды

але немагчымае цягне за сабой

11.05.18

 

 

веды

яны ўсё ведаюць, але нічога не робяць

калі я нічога не раблю, мне становіцца сумна

я таксама пачынаю ўсё ведаць

не ведаю, што рабіць

11.05.18

 

 

*  *  *

вельмі падобна на тое, што гэта не апошняя спрэчка

выказаў думку, чакаю абвяржэнняў

дарослы быццам чалавек

а сядзіць тут ужо другую гадзіну

ніхто не ратуе

12.05.18

 

 

тэзісы

напрыклад я прамовіў тое-сёе

асноўныя тэзісы шчырасці

галоўныя пастулаты гонару

з улікам гістарычнай і маральнай перспектывы

а яны кажуць зрабі цішэй тут спяць дзеці

12.05.18

 

 

лёс

злітасцівіўся

нічога не казаў пра Бога

пра волю таксама

стаяў агаломшаны, калі выявілася запазычанасць

лёс не падманеш

12.05.18

 

 

рэшта

вось кажуць талент

у краме забыў рэшту

піша нешта

спадзяюся адчуць

12.05.18

 

 

*  *  *

псіхалагічная дапамога працуе тут і цяпер

учора яна не працуе, бо позна

заўтра яна не працуе, бо рана

гэта вельмі проста не зразумець

13.05.18

 

 

пачуцці

мабыць, нават і сумую

ты не чытаеш мае паведамленні

мы так дамовіліся

мы ведаем пра пачуцці ўсё

13.05.18

 

 

фільм

другая серыя бульбы

ніякіх фота

ніякіх фота

гэты фільм трэба спыніць годна

13.05.18

 

comments powered by HyperComments