Усё мінецца, адна праўда застанецца

— Народная прыказка

Адкрывае нумар твор Сяргея Дубаўца, які называецца “Д’ябал запрэжаны ў плуг” і мае падзагаловак містычны трылер з жыцця пражскіх големаў.

Бярэзінскі літаратар Алесь Бычкоўскі, вядомы перадусім як аўтар навуковай фантастыкі, прадстаўляе пачатак свайго фэйсбучнага рамана “Край ваўкалакаў”.

Нядаўні юбіляр Леанід Левановіч выступае з апавяданнем “Белая, белая яблыня”.

Юры Несцярэнка прэзентуе нізку апавяданняў “Шляхам ад Вялікай ночы да Вялікага дня”.

Завяршае рубрыку “Проза” апавяданне Міхася Зізюка “За Крывою Грываю”.

Паэтычную частку нумара адкрываюць вершы пра фобіі і маніі Людмілы Рублеўскай “Яны”, створаныя на выспе Готланд у ліпені-жніўні 2018 года.

Таксама з вершамі выступаюць: Мікола Гіль, Сяргей Чыгрын, Пятро Жаўняровіч, Анатоль Івашчанка.

З вершамі ж – у нумары і літаратуры – дэбютуе Марыя Бадзей.

У перакладах – Арцюр Рэмбо ў перастварэнні Андрэя Хадановіча і Габрыэля Пузыня, абеларушаная Ірынай Багдановіч.
Шырока прадстаўлены ў часопісе нон-фікшн. Рубрыка “Архівы” адкрывае “Гісторыю аднаго сямейнага архіва”, дзе распавядаецца пра знаходку сшытка паэткі Галіны Гайлевіч. Друкуецца гутарка даследчыцы Аксаны Данільчык з унучкай Галевіч Алінай Алексенка. У гэтай жа рубрыцы – артыкул Віктара Жыбуля “Вяртанне “Бенгаліі” пра невядомую паэму Сяргея Астрэйкі, паэта, рэпрэсаванага і забітага ў 1937 годзе. Сама паэма таксама друкуецца ў нумары.

У рубрыцы “Кантэкст” – артыкул Таццяны Алешка “Матылькі словаў”, або “На кітайскай кажы”, прысвечаны вобразам Кітая ў сучаснай беларускай паэзіі, і палемічны тэкст Ігара Запрудскага “Асобаснае літаратуразнаўства і “багрымаўскае” пытанне”.

У рубрыцы “Повязь” – згадкі Янкі Запрудніка пра яго знаёмства з Барысом Сачанкам.

Часопіс працягвае друкаваць фрагменты кнігі Валянціна Акудовіча “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым”. Гэтым разам – пра стварэнне тыднёвіка “Культура”.

Друкуецца эсэ Васіля Дранько-Майсюка “Зміцер Жылуновіч і яго крыўда”.

У “Кнігапісе” Леанід Галубовіч разглядае новы зборнік вершаў Усевалада Сцебуракі “Сны дарог”.

Завяршаецца нумар традыцыйным аглядам кніжных навінак.

comments powered by HyperComments