…Радзіма сталася таварам! Як на такой Радзіме жыць?..

— Уладзімір Някляеў

 «РУШ НАПЕРАД! ТОЛЬКІ РУХ ДАЕ АДЧУВАННЕ ЖЫЦЦЯ…»

Фота Міраслава Адамчыка

Напрыканцы лета пабачыў свет першы пасляюбілейны – 101 – нумар часопіса «Дзеяслоў». Калі накрэсліць рэзюме да яго, то найперш, у адрозненне ад большасці папярэдніх, кідаецца ў вочы тэматычная стракатасць і шырокая аўтарская геаграфія. Як на мой погляд, гэта добра, асабліва апошняе.

Адкрываецца нумар нізкай вершаў Валянціны Аксак пад містычна-інтрыгуючым назовам «Меню таемнай вячэры». Гэта, па-простаму кажучы, збеларушчаныя (нацыяналізаваныя) хрысціянскія матывы. Своеасаблівы пошук святасці зямной грэшніцай. У верлібрах, «якія камусьці ўяўляюцца вершамі», вібрыруе той унутраны душэўна-духоўны покліч, наўслед якому ідзе аўтар у сваіх мастацкіх пожадах і вымогах такога ачышчальнага шляху. І спадзяецца, што

 

Калі-небудзь

я зразумею тую,

што стаяла на гаўбцы

з келіхам чылійскага шыразу,

а цераз дзверы з кухні

йшоў дымок

ад спаленай намёртва

каляднае куцці.

 

Вядомы пісьменнік гістарычнай тэматыкі Вітаўт Чаропка друкуе кароткае апавяданне трансцэндэнтнага характару «Радасць руху», пра фізічнае і духоўнае пераадоленне трагічных і лёсавызначальных сітуацый у жыцці чалавека. І ўвогуле, ці заўсёды гэта магчыма? На тое ў аўтара ёсць, апроч уласнага досведу, такія высновы: «Руш наперад, нават калі расчараванні сагнулі цябе і аднялі надзею. Руш наперад, крок за крокам, як анямелую нагу, цягні за сабой цяжар сваіх грахоў, як свой крыж іх нясі, не азірайся назад, руш наперад! Нават калі не дойдзеш да патрэбнай мэты, дык наблізішся да яе, затое іншы па тваіх слядах дойдзе да яе і будзе табе ўдзячны за пракладзеную сцяжыну. Руш наперад! Толькі рух дае адчуванне жыцця, толькі так спазнаеш радасць руху! Дык руш наперад, куды цябе вядзе твой вольны розум!»

Уладзімір Някляеў прапануе чытачам нальшанскую легенду «Зорка Дзіва». Гэта яшчэ адна па-майстэрску выпісаная знаным паэтам гісторыя родавай (крэўна-крэўскай) сутнасці беларускай нацыі ў яе міфалагічным узнаўленні. Каханне і любоў, нараджэнне і смерць, гібель і ўваскрашэнне… Як і большасць такіх аб’ёмных паэтычных твораў гэтага аўтара, легенда напісана ў дэкламацыйным стылі, немалаважным для публічнага ўспрымання. Усё без швоў суцэльна знітавана: думка, рытміка і эмоцыя, дзе слова трымаецца за слова, як каханкі – адно за аднаго… З такіх палкіх міфа-метафарычных узаемаадносін і нараджаецца паэзія:

 

То пад ім яна стагнала,

То яна над ім

Зоркай бліскала і ззяла,

І кахала, абдымала

У агні сваім.

І да зоркі кожны дотык

Цела працінаў…

Ні раней ён і ні потым

Гэтак не кахаў.

Бог паслаў яму каханку!..

І прачнуўшыся наранку,

Сон на яве ўбачыў Янка

Той, які прысніў:

У агні стаяла Дзіва…

І ўсміхнуўся ён шчасліва,

І ў агонь ступіў.

 

Нечаканы па сваёй ідэі, змесце і форме празаічны тэкст прапануе пісьменнік Васіль Гігевіч. Называецца ён «Творчасць», з падзагалоўкам «спроба аналізу». Чытач адразу ж настройваецца на літаратурна-крэатыўны лад, чакаючы неардынарных развагаў на заяўленую тэму. Аднак у нашым выпадку не ўсё так проста. Калі ў першай частцы аўтар і насамрэч задаецца спробай аналізу літаратурнай творчасці, то далей ён нечакана адыходзіць ад гэтага і пачынае абгрунтоўваць свае філасофскія і мыслярскія тэзісы пра ўсё чалавечае жыццё, высноўваючы яго ад першапачатку Слова і першакрыніц быцця (тут – ад кастрычніцкай рэвалюцыі) да нашых дзён. Метад цікавы, але занадта ўжо хаатычны і разбэрсаны – ад праставата-наіўнай, падчас сентыментальнай спробы апісання працэсу і сутнасці самой літаратурнай творчасці да практычна-дакументальных сюжэтаў (мажлівасці і немагчымасці пры тых ці іншых умовах і раскладах зямнога жыцця ўвогуле)… Свой эсэістычна-публіцыстычны запал і набыты асветніцкі досвед В. Гігевіч у рэшце рэшт зводзіць да маральнасці і пошукаў бяспечнай чалавечай будучыні, якія, нібыта панацэю, прапісвае дзесяццю рэцэптамі-запаветамі Новай рэлігіі, падкрэслена «заснаванымі на разумнасці». Што й казаць, тут ёсць поле для разгортвання шырокай палемікі. Але як чытач уласна я не магу не пагадзіцца з наступнымі развагамі літаратара: «Думаю, што творчае натхненне, як і каханне, сапраўды ёсць, існуе ў прыродзе чалавека. Можа, гэта той рытмічны гул, які з’яўляецца ў душы творцы. Як і каханне, яно прыходзіць да ўсіх, яно даецца кожнаму, – і таленту, і бездару. Натхненне – душэўнае ўзрушэнне, і не думаю, што творцы, якіх называюць графаманамі, адчуваюць жыццё горш, чым таленавітыя людзі. Ніяк не пагаджуся глядзець на графаманаў як на калег-нябог. Бяда многіх аўтараў не ў адсутнасці натхнення, а ў нежаданні ці няўменні выказаць, выкласці на паперы свае перажыванні, перажыванні сваіх герояў».

З вышыні ўласнага набытага жыццёвага і творчага вопыту прапануе чытачам сваю паэтычную нізку Галіна Каржанеўская. Вершы простыя, як «дарога да Бога», філасофія іх больш чым відавочная:

 

«Бывай» не гаварыце маладосці,

Пакуль да вас прыходзіць Муза ў госці,

Пакуль між сном і явай, раніцою

Рэальнымі здаюцца планы, мроі…

 

Друкуецца заканчэнне факталагічнай аповесці пра Адама Станкевіча «…Усе бачылі нястачу віна…» Леаніда Дранько-Майсюка з кнігі «У Вільні і больш нідзе». Па сутнасці, гэта архіўна-біяграфічны нарыс з літаратурна-мастацкімі ўстаўкамі аўтара пра вядомага беларускага ксяндза і грамадскага нацыянальнага дзеяча і асветніка, замучанага і даведзенага да гібелі бальшавікамі ў Азярлагеры пад далёкім халодным Брацкам у1949 годзе. Зачапіў за жывое такі нечаканы пасаж у пасляслоўі: «Яму заўсёды давяралі грошы, і ён ні разу нікога не падмануў, не ўтаіў ні капейкі… <…> Зрэшты, можна і не здзіўляцца, што быў такі – гадаваўся ж у сям’і, дзе шчыра шанавалі запавет: не крадзь! Грошы з ягоных рук без астачы йшлі на грамадскую справу, і калі справа ўдавалася, то ён мог тады і весела ўздыхнуць: «Эх, каб грошы ўмелі размаўляць і размаўлялі па-беларуску, то тады па-беларуску гаварылі б усе!». І напрыканцы аповесці аўтар піша: «Душа Адама Станкевіча супакоена верай: Бог прамаўляе беларускай мовай таксама… Магчыма, у апошнюю сваю хвіліну святар адкрыў галоўнае: калі пытацца, то пытацца заўсёды варта пра адно – дзе ты, Беларусь? А магчыма, у тую хвіліну ўспомніў пра вяселле ў Кане Галілейскай, на якім Ісус Хрыстос ваду ператварыў у віно – зрабіў немагчымае. Тое ж немагчымае рабіў і ён, Адам Станкевіч, бо таксама ж бачыў нястачу віна, – брак Беларусі ў Беларусі, – і да апошняга (як мог і як умеў!) ператвараў буднае – у святочнае. І аддаў жыццё, бо толькі жыццё – плата за высокую мэту!»

Нізка вершаў віленчанкі Ванды Марцінш душ Рэйш «Плод авакада» – гэта, па ўсім, даніна любові і павагі партугальскай Мадэйры ў яе гожым беларускамоўным успрыманні. Прырода, культура народа, яго душа, пачуцці і філасофія духоўнага жыцця… Вершы і сама іх паэтыка зроблены ў мастакоўскім стылі – яны каляровыя, пахкія, эмацыянальна-чуйныя, візуальна-вабныя і прыцягальныя:

 

Хачу пад сэрца стук

Палаць, згараць датла,

Пакуль спявае лук,

Пакуль ляціць страла.

 

Шчымліва-горкія, а часам проста сентыментальныя і павучальныя гісторыі з пасляваеннага маленства – сіратлівага, галоднага і халоднага – прадстаўленыя трыма кароткімі навеламі магіляўчаніна Міхася Булавацкага. Яны так і названыя: «Згадкі маленства» («Лыска», «Шаптуха», «Яблынька»). Разважаючы над тэкстамі, нечакана прыйшло на розум неардынарнае параўнанне, што гэтыя тэксты могуць успрымацца сучаснымі маладымі чытачамі прыкладна так жа, як пяцьдзясят гадоў таму маім чытацкім пакаленнем – «Пяць лыжак заціркі» Змітрака Бядулі. Адным словам, нязмушаная, шчырая (сёння сказалі б «нон-фікшн») проза класічнай беларускай правінцыі вартая ўвагі.

Вершы Ганны Комар – гэта аддаленыя, але не адстароненыя асацыяцыі, якія ўводзяць чытача ў тэкст сваёй нечаканай падвоенай метафорыкай, адлюстроўваючы яго сэнс і духоўна-інтэлектуальную сутнасць… Кажучы шчыра, вершы з ранейшых публікацый і кніг паэткі мне былі бліжэйшымі, больш празрыстымі, менш загадкавымі, але значна глыбейшымі ў сваіх ідэйных і мастацкіх праяўленнях.

 

А ў яе пад адзеннем

ад ключыц да шчыкалатак

словы, напісаныя

вострым прадметам,

нашкрабаныя наспех,

рэльефныя, для чытання

з заплюшчанымі вачыма.

 

Два аповеды Паўла Касцюкевіча пад агульным назовам «Мяне вучыў ангельскай Лі Харві Освальд» уяўляюць сабой аўтарскія фантазіі, заснаваныя на рэальных гісторыях, як палітычнага, так і сямейна-родавага характару. Натуральныя і ў той жа час выбітныя – мова, стыль, форма і сюжэты робяць тэксты займальнымі і чытэльнымі.

Будзённа-запозненая лірыка кахання, у тым ліку і віртуальна-мройлівая – у нізцы вершаў Таццяны Барысюк. Спрошчаная складанасць жыцця:

 

Апошні дзень вясны –

апошняе каханне.

Я мару зліцца з ім

у жарсным парыванні.

Ды толькі ці магчыма

шчаслівае здзяйсненне?

Анёлам за плячыма

ён, мройным вабным сненнем…

Не для мяне, о не!..

 

Вершы мастацтвазнаўцы – так можна сказаць, прачытаўшы паэтычную падборку лідчанкі Кацярыны Янчэўскай «Белае шмакроп’е».

 

Граматыка і сінтаксіс пачуццяў,

Задумкі для карцін сярод галін,

Узнёсласць колеру ў смарагдавы

 ландшафце.

 

Аднак за ўсімі яркімі і вабнымі фарбамі прыхаваны няпросты ўнутраны дух жыцця:

 

Стары калодзеж

чыстай вады

абдымае

крыніцу пяшчоты.

Журботу маўчання майго –

паглыні!

Перамяні на мову!

 

Вядомы іраніст, парадыст і сатырык з Віцебска Міхась Мірановіч публікуе заканчэнне выбраных і перакладзеных ім на беларускую мову «Непрычасаных думак» Станіслава Ежы Леца. Вось адна з найбольш прыкольных: «Плагіятары могуць спаць спакойна. Муза – жанчына, яна наўрад ці скажа, хто ў яе быў першым».

А Вольга Гапеева друкуе ў сваіх перакладах вершы індыйскага паэта Мохана Рана, які ўжо даўно жыве ў Вялікабрытаніі, але піша на мове хіндзі (хоць пазначана, што пераклады В. Гапеевай зроблены з ангельскай мовы). Як піша сам індыйскі паэт: «на твары маім маска, адмыслова прыдуманая для гэтага верша».

Да 60-годдзя выдатнага (заўчасна памерлага: 19592005) паэта Анатоля Сыса крытык і літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў, які жыве ў Любліне, узгадвае таленавітага творцу праз прызму шматзначных сведчанняў яго былых таварышаў, сяброў і калегаў, а таксама архіўных даведак і розных публікацый у друку. Ёсць пэўная спроба аналізу жыцця і творчасці выбітнай асобы як паэта і чалавека. Аўтар як бы папярэджвае нас, што мажліва «не ўсе літаратуразнаўцы ды і звыклыя чытачы будуць згодныя з такой высокай ацэнкай творчасці Анатоля Сыса, з сакралізацыяй яго неадназначнай асобы і «запісваннем» нашага сучасніка ў пантэон нацыянальных класікаў узроўню Купалы і Багдановіча, прыніжаючы тым самым статус Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Максіма Танка, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і іншых выдатных беларускіх паэтаў ХХ ст. Бяспрэчна аднак, што Анатоль Сыс назаўсёды застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры як выдатны паэт канца ХХ ст., творчы лідэр свайго пакалення, голас нацыянальнага адраджэння ў Беларусі, пісьменнік з нетыповай біяграфіяй і трагічным лёсам».

Сёння пісьменнік і філосаф Валянцін Акудовіч як бы абвяргае свой даўні, але вельмі жывучы сафізм з усім вядомым выразам «мяне няма» і ўпарта даводзіць сучаснаму чытачу, што ён быў, ёсць і будзе ў нашым нацыянальным адраджэнскім працэсе, культуры і літаратуры. У публікацыі «“Крыніца” і “Крыніца”» (з хронікі беларускага інтэлектуала) ён піша пра нашумелы ў свой час элітарны часопіс – пэўней, пра тое, як ён сам бачыць і разумее з сённяшняга пункту погляду гэты літаратурна-культуралагічны і ў нейкай меры філасофскі праект постсавецкага часу, – яго быццё і кананне…

Лявон Юрэвіч з Нью-Ёрка піша пра пошукі першакрыніц, якімі, мажліва, карыстаўся У. Караткевіч падчас працы над легендай «Ладдзя Роспачы».

Публіцыстка Марыя Міцкевіч публікуе артыкул пра братоў Луцкевічаў і іх грамадска-палітычную і літаратурную сувязь з Якубам Коласам, пра неацэнную значнасць іх асветніцкай працы ў справе адраджэння нацыянальнай нівы жыцця беларускага народа.

Паэт Васіль Жуковіч у сваім эсэ цёпла ўспамінае чысты і годны талент паэта і рэдактара Алеся Пісьмянкова.

Уладзімір Сіўчыкаў прапануе чытацкай увазе штрыхі да творчага партрэта вядомага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава.

Літаратуразнаўца Алена Лепішава піша пра эксперыментальную драматургію канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў («Пакаленне “нетутэйшых”»).

Вольга Гапеева прэзентуе антыраман «не для ўсіх» «Калі прыгледзецца – Марс сіні» Зм. Вішнёва: як аўтарскую шчырасць адносна трагізму авангарда.

Леанід Галубовіч рэцэнзуе зборнік хоку Уладзіміра Сцяпана «Шапка».

Традыцыйная рубрыка «Дзеяпіс» з анатацыямі новых кніжных навінак завяршае публікацыі нумара.

Усім прыхільнікам беларускай літаратуры жадаю зацікаўленнага чытання.

 

ЛеГал

comments powered by HyperComments