…Не для нас гэты час, не для нас, мы яго нежаданыя дзеці…

— Алесь Пісьмянкоў
1

Паэтычны фэст у Друскеніках

Балада

 

Уладзімер Арлоў

твой арганізм атручаны паэзіяй

яе падаюць на сняданак

у каве з аўтамата

ў яечні з беконам

у зялёнай і чорнай гарбаце

чорная рыфмуецца з турмой

 

чытаеш верш

Ліст начальніку турмы

на экране пераклад

літоўская і англійская

нехта з вязняў у 1937-м

надрапаў на тынку

РАДЗІМА

так і засталося

начальнік загадаў не зафарбоўваць

радзіму трэба любіць

паўсюль

 

што зала ведае пра 37-мы?

што ты ведаеш пра 37-мы?

ведаў твой дзед

калі-небудзь раскажа

 

паэтка з Брытанскіх выспаў:

ці мог ваш начальнік чытаць Уайлда?

у прыватнасці Баладу Рэдынгскай турмы

паэт з Венесуэлы таксама нязгодны

ведае чалавека які з дзяцінства

марыў стаць начальнікам турмы

стаў ім

мары здзяйсняюцца

ці мог ён чытаць Уайлда?

адказ станоўчы

 

адзін слухач упэўнены што ты сядзеў

другі сядзеў сам

запрашае выпіць

самагон грэе лепей за чытацкую любоў

апрача таго дэзінфекцыя

 

твой арганізм атручаны паэзіяй

на абедзе яна ў начынцы цэпелінаў

пачынаеш разумець

чаму бульбяныя клёцкі

названыя ў гонар лятальных апаратаў

кухары служылі па сумяшчальніцтве

прыдворнымі паэтамі

або наадварот

або лёталі на цэпелінах

бразнуліся аб глебу

смачна есці!

 

на календары 8 кастрычніка 2015-га

Стакгольм не падвёў

Нобель у Святланы Алексіевіч!

літоўскі паэт віншуе:

цяпер Літве не дадуць ніколі

там ведаюць геаграфію

абдымае за плечы латышку і эстонку:

вам таксама не свеціць

расслабцеся

 

харвацкі паэт

расслабляецца роднай слівовіцай

частуе цябе з японкай

ім Нобеля ўжо давалі

думаеце дапамагло?

 

японская паэтка

аддае перавагу сакэ

просіць напісаць “Алексіевіч” па-беларуску

Харукі Муракамі

ішоў у букмекераў на другім месцы

японка не чула

просіш напісаць Муракамі па-японску

 

паводле Нобелеўскага камітэта

сёння дзень прозы

але

твой арганізм атручаны паэзіяй

яна ў свіных вушках з лісічкамі

у вегетарыянскіх стравах

у неразбаўленым таматным соку

слівовіца стала ўспамінам

гомеапатычныя дозы самагону

могуць давесці да шпіталізацыі

няхай жыве беларускі бальзам!

цудоўны антыдот

колер нечай нобелеўскай зайздрасці

жуе Беларусь!

 

не сумуй літоўскі калега

вам калі-небудзь таксама дадуць

але спачатку зноў нам

вось пабачыце

 

чытаеш верш

Дзяўчына з касой

вакзал заплечнік з флікерам

лязо туга забінтаванае

пакуль што прыехала не да цябе

яшчэ ёсць прывідныя шанцы

адна слухачка

хацела б прыехаць да цябе

ты зможаш сустрэць?

калі захопіць касу-літоўку

выдатная рыфма:

літоўка – літоўка

не верыце – калі ласка ў Google

 

польскі паэт кажа

тут побач пахаваны Ян Чачот

едзеце на могілкі

выпіваеце за Яна Чачота

звоніць твой сотавы

гэта Чачот кажаш ты

той хто набраў нумар маўчыць

просіш яго паслаць sms

 

улучаеце Чачота

ў спіс удзельнікаў фэсту

спрабуеце ўзгадаць на памяць

хоць адзін яго верш

няхай жыве сусветнае брацтва паэтаў!

на тым і на гэтым свеце

у тым і гэтым сусвеце

ах якія рымфы!

ну проста як німфы

 

удакладняеш:

брацтва і сястрынства

паэтаў і паэтак

 

харват частуе японскую паэтку

падступна прыхаванай слівовіцай

іспанскі паэт удзельнічае ў дэгустацыі

падымае вялікі палец угору

хоча зрабіць японцы прыемнае

кажа: сакэ – mierda1

спрабуе адабраць у вавёркі арэх

трэба закусіць

зараз ягоны выхад

 

іспанскі паэт чытае верш

пра іспанскі горад Барселону

іспанскага дойліда Антоніо Гаўдзі

іспанскага мастака Хуана Міро

адзін слухач не вытрымлівае:

Cataluña is not Spain!2

гэты слухач не ты

але ты пляскаеш

зала таксама

верша ўжо не чуваць

бурныя працяглыя апладысменты

Cataluña is not Spain!

 

цвёрдым крокам падымаешся на сцэну

чытаеш верш

Музей гадзіннікаў у Браціславе

урэшце ўсе мы ператворымся

ў дасканалыя часткі

сусветнага пясочнага гадзінніка

на экране пераклад

літоўская і англійская

mierda кажа іспанскі паэт

відавочна пра пераклад

 

польскі паэт чытае верш які

ты перакладаў на беларускую:

 

не маеш дому

ёсць побач горад

засохне дрэва

застанецца лес

канае чалавек

перакульваецца свет

 

на даляглядзе перакульваецца

невядомы паэт з невядомай краіны

свет не канае

паэт таксама жывучы

 

японская паэтка чытае верш

паводле якога

нікому нельга верыць

ні манархістам

ні сепаратыстам

ні камуністам

ні хрысціянам

ні дзэн-будыстам

ні ёй самой

харвацкі паэт кажа

пасля ўчорашняга – святая праўда

 

харвацкі паэт чытае верш

у якога толькі назва

назва Цішыня

далей таксама цішыня

на чыстым экране імёны перакладчыкаў

літоўская і англійская

геніяльныя рыфмы

найлепшыя пераклады

 

твой арганізм атручаны паэзіяй

да самых карэньчыкаў валасоў

добра шведскаму паэту

ён лысы

ды яшчэ прадбачліва не прыехаў

глядзіць з фоткі на праграмцы

дзякуй за Алексіевіч!

 

літоўскі паэт чытае верш пра магаў

знайшлі ў смеццевым кантэйнеры

мёртвае немаўля ў пластыкавым пакеце

не паднеслі яму дароў

не пахавалі

каб не мець праблемаў з паліцыяй

пакінулі пакутаваць за нашыя грахі

трэба выпіць бо

твой арганізм атручаны паэзіяй

стаіш з біклажкай у руках

з біклажкай дзе скончыўся антыдот

трэба ісці ў нумар на запраўку

 

украінскі паэт чытае верш

як стаіш з квітком у руках

з квітком на цягнік які сышоў

крычыш у сцяну

а яна – нічога нармальна – слухае

а на ёй нейкія бурыя плямы

быццам тут

ну самі разумееце

 

двое слухачоў уздымаюць

жоўта-блакітны сцяг

трэці выгуквае:

слава бандэраўцам!

 

чытаеш верш

Я марыў стаць патолагаанатамам

мара здзейснілася

але не ў цябе

адна слухачка кажа

яе званітавала ў пакецік

чытайце такія вершы ў трупярнях!

другая слухачка гатовая да знаёмства

пакуль без скальпеля

можна глыбей

для анестэзіі

цёмны як кроў патолагаанатама

беларускі бальзам

у развітальнай вечарыне

калі верыць праграмцы

бяруць удзел

William Shakespeare

T.S. Eliot

Robert Frost

Walt Whitman

Rudyard Kipling

John Milton

Dante

and нейкія Others3

 

даехалі не ўсе

аднак сэр Кіплінг

ужо рытмічна пагойдваецца

з ім рыфмуецца Ўітмэн

Эліёт спрытна зафіксаваўся

эпіграфам да барнае стойкі

але дзе – ты пытаешся

гендэрны баланс?

нельга было запрасіць Сапфо?

або Габрыэлу Містраль

або Віславу Шымборску

ці рызыкнуць нават

Эльфрыду Елінэк

 

аднаўляеш баланс на пустэльнай набярэжнай

літоўская паэтка чытае толькі табе

верш – пра поўню

на небе няма перакладу

калі не лічыць самой поўні

у рацэ таксама поўня

гэта пераклад на беларускую

перакладчык вядомы

запомні

жорстка кажаш ты

гэтая рака называецца Нёман

запомні

ласкава кажа літоўская паэтка

гэтая рака называецца Нямунас

іначай нічога не будзе

 

у самы напружаны момант

у зарасніках глогу

крычыць начная птушка

гэта паэт з Егіпта

remember

кажаш ты паэту з Егіпта

this river is called the Nioman4

baćka Nioman

baćka!

радасна галёкае паэт з Егіпта

are you from Belarus!?5

вечар атрымаўся

 

дастаеш біклажку

ты: belarusian liqueur!6

паэт з Егіпта: is it alcohol?7

ты: no it isnt8

вы бачылі як п’юць

асмяглыя жыхары Сахары?

паэт з Егіпта:

no! it isnt alcohol!9

залазіць на лавачку пад залатым клёнам

дэкламуе верш

тваёй англійскай не хапае

літоўская паэтка перакладае

верш як сфінкс ацэньвае

новую геапалітычную сітуацыю

ў Паўночнай Афрыцы

над Нёманам выбухае феерверк

паэт з Егіпта ацэньвае сітуацыю імгненна

падае пластуе за клён

нічога смешнага

брат загінуў у рэвалюцыю

Алах акбар!

кавярня атручаная паэзіяй

Мілтан дрэмле ў абдымках маладога прыхільніка

Эліёт захапіў месца бармэна

латышская паэтка аддаецца ўспамінам

даўні фэст у Ашгабадзе

святкавалі з беларусамі Ліго

па-вашаму Купалле

скакалі ў гатэлі

цераз паваленыя таршэры

напісала пра гэта верш

пасля глытка бальзаму павінна ўспомніць

ідзеце шукаць таршэры

у парку гусцее атручаны паэзіяй туман

латышская паэтка чытае пад ліхтаром

верш – пра таршэры

сярод слухачоў можна заўважыць

трох паліцэйскіх

адзін тлумачыць:

у парку не растуць таршэры

А вы що Карл Леней?

нечакана пытаецца паэт з Украіны

паваліць слуп з ліхтаром доўга не ўдаецца

паэтычныя чытанні

працягваюцца ў паліцэйскім участку

ты цалкам гатовы даваць паказанні

yes

твой арганізм атручаны паэзіяй

паэт з Егіпта ўдакладняе:

it isnt alcohol!

паліцэйскі сумняецца

краіна пражывання?

ты (урачыста):

Magnus Dukatus Poesis!10

паліцэйскі (задуменна):

зараз прыедзе Вергіліюс

ты (ветліва):

няхай захопіць Гарацыюса з Катуласам

і Шэкспіраса

з’яўляецца Вергіліюс

вядзе Уітмэна і Эліёта

Шэкспірас ідзе сам

бярэ мышку ад кампутара

пачынае ўпэўнена дэкламаваць у яе

чамусьці па-літоўску

радкі знаёмыя

ты перакладаў іх на беларускую:

 

ну вось і ўсё… цяпер ужо капец

на небе поўня

думкі што адбой праз хвілю

 

Вергіліюс: яшчэ адзін пратакол!

 

адбіраеш у Шэкспіраса мышку

падносіш да вуснаў

ты хочаш зрабіць палітычную заяву

цішыня не запаноўвае

прашу паэтычнага прытулку!

нетэатральна падаеш

з галавой накрываешся праграмкай

 

бачыш як ва ўчастак

з баявой харугваю фэсту

урываюцца

Дантэ з Хаданавічусам

Муракамі з сакэ і сакурай

венесуэльскі паэт з калашнікавым

and оthers

 

дзесьці за сцэнай

Бон Джові спявае песню

на твой даўні верш

it’s all the same

only the names have changed11

 

1 лайно (ісп.)

2 Каталонія – не Іспанія! (англ.)

3 ды іншыя (англ.)

4 запомні: гэтая рака завецца Нёман (англ.)

5 вы з Беларусі!? (англ.)

6 тут – беларускі бальзам! (англ.)

7 гэта алкаголь? (англ.)

8 не (англ.)

9 не! гэта не алкаголь! (англ.)

10 Вялікае Княства Паэзіі (лац.)

11 усё па-ранейшаму

толькі імёны змяніліся (англ.)

comments powered by HyperComments