…Радзіма сталася таварам! Як на такой Радзіме жыць?..

— Уладзімір Някляеў
1
бялькевіч даша
Кветкі і цыгарэткі


НЕ МУЗЫКА 

Я глядзела на свет,
А трэба было глядзець пад ногі,
Каб не спатыкнуцца і не расцягнуць звязкі.
Спачатку прывязкі, пасля перавязкі,
Тынкоўкі-замазкі, адмазкі,
Бязглуздыя казкі...
Зноў маўчыць тэлефон.
Цела – фон.
Для гульні ў сЭксафон.
Гэта проста джаз...
Jazz for pleasure
Jazz for fun
А пасля – ў цэ-ла-фан,
Выкінуць,
І абавязкова сказаць што-небудзь суцяшальнае,
І пажадаць поспехаў.
Дзякую. І Вам – усяго добрага...
А злое – я пакіну сабе
І пастаўлю, як сувенір на палічку.
Спадзяюся,
на іншым інструменце
Вы будзеце меней фальшывіць.

№2

Ці то помста, ці жарт – не ведаю,
Гісторыя паўтараецца.
Лёс, што было тваей мэтаю?
Ці ты хмурышся, ці ўсміхаешся?
Другі шанец, другая спроба – 
Памылкі патрэбна выправіць?
Лёс, я прымаю тваю прапанову:
Перапісаць, чорнае выбеліць.
Час з нас смяецца. Неверагодна.
Ільецца жыццё халоднай вадой.
Ты можаш ісці куды заўгодна,
Адкажы: мне ісці за табой?

* * *
Не спявай 
Для мяне
Ніколі
Я не буду
Слухаць
Ніколі
Нават без языка
Ты для мяне
Спяваеш
Нават без вушэй
Я цябе 
Чую
У маіх снах
На тваіх
Скронях
Попел
Я яго здзьму
Калі будзе
Бой
Я катанай
Стану
Самурай
Пакалечаны
Усходам

КВЕТКІ І ЦЫГАРЭТКІ

зрэзанае сцябло кветкі
пахне смачней за бутон
моц цыгарэткі ў месцы
каля фільтра
трымаешся 
за левы бок бо боль
усміхаешся
кветка надламана
зараз пальецца чароўны пах
кашляеш так
што здаецца лёгкія
выскачаць на падлогу
разумееш што
жыццё вучыць цябе
любіць
бутоны жывых кветак
і стоячы на прыпынку
не спяшайся дапальваць
паедзеш на наступным
а лепей хадзі пешкам

МУРАШЫ

Калі ў мяне боль ці сум на душы,
Мяне прыходзяць суцяшаць мурашы.
Яны выпаўзаюць са сваіх хованак,
Танюткія, бурштынна-чырвоныя,
Дакранаюцца вусікамі да маіх пальцаў,
Абдымаюць ледзь бачнымі ножкамі,
Прыносяць травінкі і дробкі,
Водзяць ланцужковыя карагоды,
Становяцца ў клін і шэпчуць:
“Мы пераносім рэчы, у 10 разоў цяжэйшыя за нас,
І ты зможаш стаць цяжкаатлетам.
Мы будзем тваімі трэнерамі,
На алімпіядзе выйграеш золата”.
Мурашы мяне любяць, нягледзячы на тое,
Што я ў дзяцінстве любіла
Смаліць запальнічкай
Іх братоў, якія жылі пад ганкам.
Яны мне кажуць,
Што мае чалавечыя звычкі – 
Прыдуманыя, што я – мураш,
Я – крайні правы воін…
Калі ў мяне боль ці сум на душы,
Я ем салодкае
І мурашоў частую.

ПАДАРУНКІ

Што рабіць з падарункамі
Ад мужчыны, які ажаніўся
З іншай жанчынай?
Вяселле, пасля наваселле
Гадавіна шлюбу, дзіця нараджэнне…
А я сяджу на падлозе
І перабіраю падораныя табой рэчы.
Рэчы – сустрэчы.
У рэчах – пустэча,
І без рэчаў – пустэча.
Дык што рабіць з падарункамі?
Выкінуць?
Дык што рабіць з сабою?
Выкінуць?
У цябе свая Вера,
У мяне – свая.
Толькі прашу
Не насі шэры,
Шэры табе не пасуе.
У астатнім у цябе бездакорны густ,
Асабліва на ўпрыгожванні:
На брошкі, музыку, кампліменты
І МУЗ.

ДЗЕЦІ

У дзяцінстве
Я гулялася з палкамі,
Гойсала са скакалкамі,
Марыла стаць русалкаю.
Крычала: “Мама, скінь мячык!”
Мяняла аловак на значак,
Карміла батонам качак.
Я не ведала, што такое адгезія,
Не чытала грэбанае паэзіі,
Лезла на дрэвы, падала, рагатала гарэзліва.
Зараз – дзеці падаюць з дахаў,
Дзецям зрывае дах.
Маленькія кволыя птахі,
Але іх не спыняе страх.
А ты, модны паэт,
П’еш у кафэ свой латэ
Давай, выправі: “латэ”
І запхай у вершы яшчэ болей матаў.
Цябе дзеці чытаюць, паэт.
А ты не спыняеш свой вінегрэт
Са словаў, думак і сказаў.
І не прымаеш абразаў,
Што ты – ну ніякі, паэт.
Дзеці табой хочуць стаць,
Каб выступаць і чытаць.
Толькі зусім не лёс,
Толькі зусім не час.
Ты прыдумляеш радкі:
“Вочы колеру антрацыту”,
Так прыдумай іншую рыфму
Акрамя “хворага суіцыду”.
Ты пішаш свае палёныя вершы
Вось такой даўжыні,
А дзеці падаюць з вышыні,
Дзеці падаюць з вышыні,
Дзеці падаюць,
Дзеці падаюць!
Дзеці!
Дзеці…
comments powered by HyperComments