…І колькі дадзена табе служыць ім – столькі і служы. Не бойся. Што ні зробіш – толькі зрабі гэта па-чалавечы. Нават памры…

— Уладзімір Караткевіч
1

Быць беларусам? Быць!

Рэфлексія самапазнання

Анатоль Бутэвіч

Еўропа. Еўрапейскі.

Чаму мы ўвесь час намагаемся падкрэсліць сваю прыналежнасць да еўрапейскай цывілізацыі і сваю далучанасць да еўрапейскай гісторыі? Як быццам іншая гісторыя ўжо і не гісторыя, а іншая цывілізацыя гэта нешта ганебнае. Ці не стала такая гаворка проста моднымі словамі, якія мо не заўсёды шчырыя, не да канца асэнсаваныя і не цалкам усвядомленыя? Хацелася б верыць, што не.

Напэўна, найперш гаворым не толькі з жадання даказаць іншым (і сабе таксама) сваю роўнасць у гэтым еўрапейскім людскім хаўрусе, які нам, вядома ж, бліжэй за іншыя. Хоць і гэта – жаданне даказаць – таксама прысутнічае. Бо нас так доўга баламуцілі, змушалі паверыць, што беларуская дзяржаўнасць – гэта міф, што беларускі этнас гэта ніякі не суб’ект гісторыі, у лепшым выпадку яе аб’ект, што мы выбралі за лепшае раз за разам сцвярджаць нашу прыналежнасць да еўрапейскай супольнасці, нібыта гэтае прызнанне здымала з парадку дня ўсе іншыя пытанні нашай самаідэнтыфікацыі. Ды ўсё ж, відаць, на генным узроўні мы разумелі і разумеем нешта больш істотнае, больш глыбокае і сутнаснае, калі гаворым пра еўрапейскі хаўрус. Тое, што было зразумела нашым далёкім і не надта аддаленым ад нас продкам. Тое, што перадавалася ад пакалення да пакалення і таму дайшло да нас, сённяшніх.

Мы не спрачаемся, што еўрапейская гісторыя – гэта гісторыя розных этнічных дзяржаў, што еўрапейскія этнасы здаўна цесна знітаваны між сабой самымі разнастайнымі повязямі. Так было, што гэтыя этнасы, утвараючы Еўропу – агульнай тэрыторыяй аб’яднаную гістарычную супольнасць, адзіны суб’ект сусветнай гісторыі і чалавечай еднасці – кіраваліся не толькі, а мо і не столькі, прасторавай блізкасцю. Было тут нешта іншае, больш значнае. Найперш – падабенства гістарычнага лёсу і духоўнага развіцця. Гэта быў менавіта той мацавальны раствор, які, захоўваючы нацыянальныя адметнасці кожнага этнасу, кожнай зямлі, кожнай тэрыторыі, аб’ядноўваў іх на грунце падабенства шляху духоўнага, культурнага і гістарычнага станаўлення.

І мо таму Еўропа стала разглядацца не як простая сукупнасць краінаў, аб’яднаных адной тэрытарыяльнай прыналежнасцю, а найперш як еднасць народаў і этнасаў, якія маюць цывілізацыйнае падабенства.
Вось у чым сэнс, вось тое ключавое і вызначальнае слова – цывілізацыя. Таму Еўропа стала не проста тэрыторыяй, а найперш апазнавальным знакам, прыкметай новай цывілізацыі, якая займела найменне еўрапейскай. Акрамя таго з’явіўся і еўрапейскі лад жыцця, еўрапейскі спосаб мыслення. І таму да панятку “Еўропа” як тэрытарыяльнага адзінства ўдала і натуральна далучыўся панятак “еўрапейская цывілізацыя”. Стаў звыклым і вызначальным паняткам. Мо таму і мы, і іншыя этнасы нашага рэгіёна намагаюцца, даказваюць сваё права, імкнуцца ўвайсці ў гэтую цывілізацыю на роўных падставах з іншымі. Бо калі не сюды, то куды? Заставацца ў міжцывілізацыйнай прасторы? Не, гэта не вельмі ўтульна, не зусім натуральна, а праўдзіва кажучы, проста немагчыма.

Хоць, відаць, мы не заўсёды і не да канца разумеем пэўную парадаксальнасць такога еўрапейскага стану. Не варта забывацца, што еўрапейская цывілізацыя складаецца з сукупнасці розных этнічных утварэнняў. Але гэтая рознасць не замінае ім вызнаваць нешта большае, грунтоўнае і вызначальнае. Так, у кожнага з іх акрамя адрознасці дастаткова тых аб’яднальных, агульных з іншымі рысаў, каб не выпадаць з еўрапейскай цывілізацыі. Яна – своеасаблівая сістэма гістарычна, культурна з’яднаных этнасаў на агульнай для ўсіх тэрыторыі. Тэрыторыя то агульная, але тым не менш яна падзеленая на асобныя дзяржавы, што таксама справядліва і апраўдана.

Паўстае пытанне: а хто ж мы ў гэтай цывілізацыйнай прасторы? Як пачуваемся ў ёй? Ці бачым сябе ўключанымі, далучанымі да яе ў поўнай меры, ці толькі ў назыўным парадку, з нашага жадання?
Некаторым даследчыкам Беларусь здаўна падаецца занадта інтэрнацыяналіза­ванай краінай, дзе пэўныя гістарычныя абставіны, абумоўленыя кіраўнічымі памкненнямі ды пабочнымі ўплывамі больш моцных дзяржаваў, з рознай ступенню настойлівасці і выніковасці, з рознай мэтавай скіраванасцю змушалі беларусаў пазбавіцца, адмовіцца, адрачыся сваёй нацыянальнай сутнасці альбо намагаліся хоць бы нейтралізаваць яе.

У гэтых словах для мяне вызначальнымі з’яўляюц­ца “занад­та інтэрнацыя­налізаваная”. Бо спакойны, разважны, можна сказаць, бытавы інтэрнацыяналізм бачыцца мне нармальнай з’явай. І акурат ён трымаў і мацаваў беларускую зямлю ў магнітым полі еўрапейскасці, не даючы яе насельнікам змізарнець, абрынуцца ў глыбіню непаразуменняў, сварак, зацятасці, зласлівасці і варожасці.
Хіба не мірна і не вынікова суіснавалі на нашых землях рускія, татары, яўрэі, цыганы, іншыя этнасы?

Хіба не быў горад Мір цыганскай сталіцай на ўсё Вялікае Княства Літоўскае?

Хіба не насуперак тагачасным законам, якія забаранялі іншаземцам мець права на зямлю ў ВКЛ, атрымаў у сваё валоданне Крэва і іншыя зямельныя надзелы збеглы ад цара Івана Грознага (Жахлівага) рускі князь Андрэй Курбскі?

Хіба Ліда не з’яўлялася для хана Залатой Арды Тахтамыша з яго дружынай надзейным прытулкам?

Хіба не ўліліся ў беларускую нацыю самым натуральным чынам татары, якія яшчэ з часу Вітаўта Вялікага адчувалі сябе на гэтых землях не горш, чым дома? Пра ролю Вітаўта ў гэтым вялікім чалавечым паразуменні гаворка асобная і не цяпер яе кранаць.

Хіба ўцякалі куды-небудзь адгэтуль ад смяротнай нядобразычлівасці яўрэі?

Нацыя – гэта надэтнічнае. Таму і беларусы прыветна прымалі ў свой хаўрус яўрэяў, татараў, прадстаўнікоў іншых этнасаў, хто ішоў сюды з мірам і без пагрозы. З мірам і без пагрозы… Бо іншым прыхадням маглі наладзіць адпаведную іхнім мэтам сустрэчу. А гэтыя этнасы на беларускай зямлі ў меру сваіх сілаў спрыялі стварэнню, развіццю і мацаванню беларускай нацыі. Так было ў нацыянальна-гістарычным і духоўна-культурным развіцці беларусаў. Варта ўсвядоміць і зразумець, што беларусы здаўна, праўда, не заўсёды вынікова, намагаліся стаць на сваёй тэрыторыі дзяржаваўтваральнай нацыяй, якая аб’ядноўвала б гэтым памкненнем і іншыя этнасы. І гэта нікога не прыніжала, не зневажала. Бо беларусы забяспечвалі магчымасць нацыянальнага развіцця іншым, гэта значыць, не касавалі ўмоваў для захавання іхніх нацыянальных адметнасцяў. Адметнасцяў, якія, тым не менш, былі аб’яднаныя нечым больш аб’ёмным і значным – інтарэсамі ўтварэння, захавання і развіцця беларускай нацыянальнай дзяржавы, то бок, беларускай нацыі. Таму рысы нацыянальнага, беларускага зусім натуральна рабіліся вызначальнымі, больш важкімі, значнымі і прыярытэтнымі менавіта на гэтай зямлі.
Тут няма нічога дзіўнага і выключнага. Так стваралася не толькі беларуская дзяржава. Падобны лёс, відаць, кожнай шматэтнічнай краіны. Пры гэтым быць беларусам (альбо прадстаўніком іншай тытульнай нацыі якой-небудзь еўрапейскай краіны) найперш азначае зразумець і прыняць прыналежнасць менавіта да гэтага этнасу (не змяняючы сваёй нацыянальнай адметнасці), настроіць на гэта сваё духоўнае жыццё. А для таго, каб стаць беларусам па прыналежнасці менавіта да гэтай дзяржавааформленай тэрыторыі, зусім не абавязкова быць этнічным беларусам, не трэба губляць, нівеляваць сябе ў беларускай духоўнай сферы. Не выракаючыся сваёй індывідуальнасці, можна проста плённа працаваць на агульную мэту.

Такі стан – заклад развіцця асобных этнасаў пры дамінуючых на дадзенай тэрыторыі адметнасцях беларусаў, свядомае далучэнне да гэтай дамінанты, забеспячэнне яе ўстойлівага дынамічнага развіцця. Прыкладаў хапае як у далёкім мінулым, так і ў сённяшнія дні. Хацеў бы спаслацца толькі на некаторыя, мо не надта гучныя, але, як на мой погляд, пераканаўчыя. Дастаткова назваць дзейнасць рускіх па нацыянальнай прыналежнасці Уладзіміра Мулявіна і Валянціну Гаявую, чый уклад у развіццё культуры тытульнай нацыі цяжка пераацаніць. А яўрэі – пісьменнік Змітрок Бядуля, скульптар Заір Азгур? А татарын – выкладчык філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, даследчык беларускай літаратуры Сцяпан Александровіч? Канкрэтны спіс можа быць вельмі вялікім. Ды сэнс не ў колькасці, а ў тым сутнасным, што выпукла выяўляла і выяўляе характар беларускай нацыі.

Таму, калі ў Беларусі знікне або будзе “бязмерна інтэрнацыяналізавана” разуменне ролі беларускай нацыі як дзяржавастваральнай, што для мяне азначае страту нацыянальнай годнасці, то Беларусь проста перастане быць Беларуссю ў сённяшнім еўрапейскім разуменні гэтага слова. Знікне спачатку не фізічна і тэрытарыяльна. Знікне спярша тое сутнаснае, што павінна рабіць Беларусь Беларуссю, што стварае яе існасць. Павінна ствараць!

Экстрэмальнае дапушчэнне: калі ў Беларусі знікне нейкі іншы этнас, страта будзе значнай, балючай, адчувальнай, але пры гэтым Беларусь не перастане быць Беларуссю. І той зніклы ў Беларусі этнас не знікне з нацыянальнай карты свету, бо ён існуе больш моцна ў іншых рэгіёнах, на іншых нацыянальных землях. А вось са знікненнем беларускага этнасу праблема існавання беларускай дзяржавы, з’яднанай у адну на аснове найперш беларускага этнасу і беларускага духоўнага пачатку, стане безальтэрнатыўнай. Вось чаму ў прызнанні прыярытэту беларускага на беларускай тэрыторыі бачыцца мне моцны аб’яднаўчы стрыжань. І гэта не павінна нікога ні прыніжаць, ні ўзвялічваць. Гэта звыклае разуменне дзяржаваўтваральнай ролі беларускай нацыі як кансалідуючага пачатку, што прызнаецца еўрапейскай супольнасцю і складае еўрапейскі менталітэт у дачыненні да іншых дзяржаваўтваральных этнасаў.
Безумоўна, гэта ніякім чынам не адмаўляе супярэчнасцяў, складанасцяў і цяжкасцяў у гэтай няпростай справе. Але яны не павінны стаць дамінуючымі, разбуральнымі, дэструктыўнымі. Бо тое, што бязмернае, тое нядобрае.

І нечакана знайшоў сугучнае мне ў кнізе расійскага даследчыка Мікалая Козіна “Россия. Что это? В поиске идентификационных сущностей” (Масква, 2012): “Нас все время призывают на голгофу служения во имя чужих интересов. А для этого нет более эффективного пути, как только полностью хаотизировать сферу нации, после чего нация оказывается беззащитна перед экспансией любых наднациональных ценностей и идеологем”.

Не, у кнізе няма спасылак на прыклад беларускага этнасу, не закранаюцца праблемы яго станаўлення і развіцця. Але думкі аўтара міжволі пацягнулі мае разважанні, прымусілі з яго пазіцый паспрабаваць зірнуць на нас, на нашую сітуацыю ў еўрапейскай энічнай супольнасці.

Дык вось, намаганні хаатызаваць беларускую нацыю, яе крокі да ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі, відаць, не знікалі ніколі. Яны шмат у чым нашкодзілі гэтаму натуральнаму для іншых народаў працэсу, прывучылі беларусаў да асцярожнасці, маўклівасці, а то і абыякавасці, безуважнасці. Мы і дагэтуль не пазбавіліся тых даўніх рэцыдываў, усё яшчэ мітусімся, адгукаючыся на розныя прапановы, заклікі, поклічы, не ведаючы, дзе той глыбінны і плённы сэнс, які дапаможа нам у нашай галоўнай справе – ідэнтыфікацыі. Мо таму кожная з прапановаў, асабліва калі яна сыходзіць ад “сильных мира сего”, напачатку ўяўляецца ратавальнай і карыснай для нас, адразу ўспрымаецца як неабходная і патрэбная. І толькі час паказвае, што не ўсё тое золата, што блішчыць. Але ж час ужо страчаны, намаганні аказаліся марнымі, жаданая мэта не дасягнута. Цягнік прагрукатаў міма. Альбо, як любілі казаць даўней, мы зноў спазніліся на свой цягнік. Хіба што суцяшацца высновай, што і на памылках вучацца. Вядома, лепш было б на чужых, чым увесь час на сваіх уласных. Суцяшае хіба што адно – цягнік, аказваецца, у нас усё-ткі ёсць, бо спазніліся ж мы “на свой…”
Каб ведаць, што трэба рабіць, трэба найперш ведаць, хто мы.

Патрэбна спакойная, не падагрэтая істэрыяй і не ахалоджаная развагамі аб марнасці і неабавязковасці ідэнтыфікацыя і самаідэнтыфікацыя. Найперш патрэбна ўсвядомлена засвоіць свой ідэнтыфікацыйны код. Засвоіць да такой ступені, каб ён набыў рысы прыроднага, сталага, звыклага. Ён павінен быць трывалым і дзейсным. Бо яго знарочыстая змена цягне за сабой балючы і няпросты працэс перакадзіроўкі. Перакадзіроўкі не толькі ўсёй нацыянальнай дзяржаўнай свядомасці, але і свядомасці асобнага чалавека. Не толькі этнічнага беларуса, але і іншых этнасаў, якія з гэтым дзяржаваўтваральным этнасам звязаныя.

Прывіднасць ідэнтыфікацыі, яе нетрываласць, недастатко­васць і ёсць тым ха­о­сам, які замі­нае захаваць нацыястваральную, дзяржавастваральную скірава­насць.
Такое становішча можа ўзнікнуць і пры адрыве ад гістарычных каранёў, ігнараванні – свядомым ці несвядомым – мінулага. Асаблівую шкоду прыносіць знарочыстае, паказное, свядомае ігнараванне. Памножанае на агрэсіўнасць, яно набывае разбуральны характар. Нам да балючасці патрэбна зразумець трыадзіную цэласнасць і еднасць і прымірыць між сабой мінулае – сённяшняе – будучыню. Не, не дзеля нейкіх меркантыльных выгодаў альбо з-за нечай агрэсіўнай нязгоды, а дзеля праўды.

Чамусьці беларусам выпала яшчэ адна няўдзячная роля – даказваць іншым (і зноў жа – сабе таксама) сваю далучанасць да ўтварэння і развіцця колішняй поліэтнічнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. Неяк так атрымалася, што з нашай маўклівай згоды нашую некалі агульную гісторыю пачалі прысабечваць іншыя. І, не дай Бог, станецца так, што не мелі нашы продкі дачынення да ВКЛ, быццам і не жылі на гэтай тэрыторыі, не спрыялі яе ўладкаванню па сваіх, адметных ад іншых, памкненнях і разуменнях. Падаецца, ад такога трактавання страчвае не толькі беларускі этнас, нешта вельмі істотнае губляе ўся еўрапейская цывілізацыя, гісторыя яе станаўлення і развіцця.

А мо мы яшчэ не засвоілі, што на самым пачатку свае гісторыі Вялікае Княства Літоўскае, якое працяглы час стваралася намаганнямі розных этнасаў, не мела адназначна і канчаткова выяўленай дамінанты толькі нейкага аднаго этнасу, што і ў межах Княства памкненні і намаганні розных этнасаў (не заўсёды мірныя) маглі быць (і былі) рознымі? Аднак гэта не спыняла галоўнага імкнення: будаваць адну магутную дзяржаву, якая аднолькава абараняла б інтарэсы ўсіх.

Гэткае памкненне, відаць, мела месца, бо можна казаць аб яго прызнанні і разуменні іншымі дзяржавааформленымі этнасамі. Адзін прыклад з даўняй гісторыі.
Даследчыкі адзначаюць пэўную складанасць адносінаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Залатой Ардой, асабліва на пачатку ХІV стагоддзя. Адчуванне такой напружанасці, як ні дзіўна, сыходзіла найперш з залатаардынскага боку. Гэта мо першым зразумеў тагачасны кіраўнік Улуса Джучы (Залатой Арды) мангольскі хан Узбек (каля 1283 – 1341). Таму ён шукаў магчымасці паразумецца з гаспадаром Княства вялікім князем літоўскім Гедымінам (каля 1275 – снежань 1341). Так, так. Сам Узбек-хан, якога сучаснікі цанілі вельмі высока, а арабскі пісьменнік Ібн Батута казаў, што “ён адзін з тых сямі цароў, якія найвялікія і наймагутныя цары свету”. І гэты “адзін з наймагутных” уладароў шукае паразумення з вялікім князем літоўскім, жадае палепшыць адносіны з ім і ліквідаваць супярэчнасці. Значыць, не лічыў яго ніжэйшым і слабейшым настолькі, што можна зваяваць, захапіць альбо проста не звяртаць увагі. Хіба не пра гэта сведчыць наступны эпізод? Хоць, як на мой погляд, эпізод гэты варты значна большага, і пры ўважлівым да яго стаўленні і справядлівай ацэнцы пра многае гаворыць і многае высвятляе ў тагачасных міжэтнічных адносінах не толькі на еўрапейскай тэрыторыі.
Сын маскоўскага князя Івана Каліты Сямён Ганарлівы, як вядома, меў першай жонкай дачку Гедыміна Аўгусту (у праваслаўі Настассю). Іхні надзвычай пышны шлюб адбыўся ў Маскве ў 1333 годзе, пра што паведамляе Сімяонаўскі летапіс. Звычайная з’ява? А гэта як паглядзець. Мне бачыцца ў гэтым больш важкі сэнс.

Вядомая рэч, што той шлюб (дарэчы, як і многія тагачасныя) насіў палітычную афарбоўку, бо не пра палкае каханне, зразумела, тут ідзе. Гэтае шлюбаванне закранала як мінімум інтарэсы трох дзяржаўных утварэнняў. Найперш, вядома, яно мела на мэце палепшыць маскоўска-вялікалітоўскія стасункі. Але не толькі. Гэты шлюб самым непасрэдным чынам закранаў інтарэсы Залатой Арды.

У той час Масква залежала ад Залатой Арды, маскоўскія князі бралі ў ардынскіх ханаў ярлык на княжанне (хоць апошнім часам з’явілася нямала публікацый расійскіх даследчыкаў, якія спрабуюць абвергнуць гэта, вывесці зусім іншую дамінанту тагачаснага палітычнага жыцця). Арда не хацела і не магла страціць свайго ўплыву на маскоўскую палітыку. Таму ханы пільна сачылі за ўсімі стасункамі маскоўскіх князёў з іншымі этнасамі, асабліва з вялікалітоўцамі. Дык ці мог у такіх умовах адбыцца шлюб маскоўскага князя і вялікалітоўскай княжны без дазволу ардынскага хана? Наўрад ці. Не зразумеў бы хан Узбек такога кроку залежнага ад яго маскоўскага князя. Тым больш у дачыненні да непрыветнага Залатой Ардзе Вялікага Княства Літоўскага. Такіх кантактаў Арда, мякка кажучы, не вітала. Згодна з тагачаснай традыцыяй бацька жаніха павінен быў прасіць рукі маладой непасрэдна ў яе бацькі. Значыць, Іван Каліта мусіў сустрэцца з вялікім князем літоўскім Гедымінам. Сустрэўся, але са згоды хана Узбека.

Што стаіць за ўсімі гэтымі “рэверансамі” акрамя чыста шлюбных праблем? Вядомая рэч, палітычная выгода. Але для каго найперш? Адразу для ўсіх трох суб’ектаў гэтай гісторыі. Іван Каліта мог разлічваць на спрыяльнае стаўленне Гедыміна да Маскоўскага княства. Як ні дзіўна, але на тое ж самае спадзяваўся і хан Узбек, толькі ў дачыненні да самога сябе. Яму вельмі было патрэбна нармалізаваць, кажучы сучаснай мовай, адносіны з ВКЛ і найперш з самім гаспадаром Княства Гедымінам. Якім чынам? Усе трое станавіліся нібыта звязаныя адной ніткай – шлюбам Сямёна і Аўгусты.
Бацька Сямёна просіць дазволу ў хана Узбека і князя Гедыміна. Узбек, даючы такую згоду, выказвае свае адносіны да Каліты (не выпускае яго з-пад свае ўлады) і адначасова да Гедыміна, спадзеючыся, што ў выпадку чаго на паводзіны гаспадара Княства ў дачыненні да Залатой Арды здолее паўплываць Іван Каліта, а затым і ягоны сын Сямён Горды, які таксама не пазбаўляўся залатаардынскага падпарадкавання.

Такім чынам, гэты дынастычны шлюб наўпрост уплываў на маскоўска-вялікалітоўскія адносіны і адносіны паміж Залатой Ардой і ВКЛ. Можна без перабольшання казаць, што Масква і Арда (і не толькі, Тэўтонскі ордэн і Польшча таксама, адзін з прыкладаў стасункаў з апошняй бачыцца ў падпісанні 14 жніўня 1385 года Крэўскай уніі і запрашэнні (запрашэнні!) на каралеўскі пасад вялікага князя літоўскага Ягайлы) бачылі ў Княстве значную палітычную сілу, якая здольна была рэальна ўплываць на міждзяржаўныя стасункі не толькі ў сваім рэгіёне. А гэта давала пэўныя дывідэнды і самому вялікаму князю літоўскаму Гедыміну, умацоўвала яго лідарскія пазіцыі. Адначасова гэта сведчыла аб значнай і ўсё больш прыкметнай у Еўропе ролі ВКЛ. З Княствам мусілі лічыцца не самыя слабыя суб’екты тагачаснай гісторыі.

Дык гэта шлюб Сямёна і Аўгусты. А перад тым адбыўся шлюб вялікага князя цвярскога Дзмітрыя Міхайлавіча Грозныя Вочы з дачкой Гедыміна Марыяй. Згадайма таксама шлюбы дачок Гедыміна Альдоны (Ганны) з каралём польскім Казімірам ІІІ Вялікім, Эльжбеты з сынам мазавецкага князя Баляслава ІІ плоцкім князем Вацлавам, Офкі (Яўфіміі) з галіцка-валынскім князем Юрыем II Баля­славам. А паездка князя Альгерда ў Маскву да вялікага князя Сямёна Гордага з просьбай пашлюбіцца з сястрой ягонай жонкі дачкой вялікага князя цвярскога Аляксандра Міхайлавіча Уллянай? Нібыта ў адказ князь суздальскі Канстанцін Васільевіч ажаніў свайго сына Барыса з дачкой Альгерда. І г.д., і да т.п. Дык ці не ўплывалі гэтыя шлюбы на ўзвышэнне ролі Княства і вялікага князя літоўскага ва ўсіх еўрапейскіх, і не толькі, справах? Ці не сведчылі пра жаданне многіх валадароў мець прыязныя адносіны з ВКЛ і ягоным гаспадаром?

Але ж не адно шлюбамі мацаваліся еўрапейскія повязі і вызначаліся еўрапейскія прыярытэты. Былі і іншыя рэальныя праявы. Я назваў бы адзін з напрамкаў падобнай сітуацыі так: беларусы – гэта нацыя донараў. З нашай зямлі ў іншы высокі свет (і не толькі еўрапейскі), на іншыя блізкія і далёкія землі з’ехалі многія і многія народжаныя тут выбітныя асобы, а колькі паехала проста на заробкі, то й не злічыць. Прыкладаў можна прывесці безліч. Возьмем больш блізкія па часе і мо найбольш выразныя прозвішчы.

Ігнат Дамейка – нацыянальны герой Чылі. Тадэвуш Касцюшка – нацыянальны герой Польшчы і Амерыкі. Ураджэнец Міншчыны Іосіф Гашкевіч – першы расійскі консул у Японіі. Выхадзец з віцебшчыны Казімір Семяновіч – вынаходнік шматступеньчатай ракеты і тэарэтык артылерыі. Ураджэнец Ігуменскага павета Казімір Чарноўскі – вынаходнік падводнай лодкі. І нават выхаваўца дзяцей расійскага цара Аляксея Міхайлавіча філосаф і знаны паэт Сімяон Полацкі. Дарэчы, выхадцы з беларускіх земляў зрабілі вельмі і вельмі шмат у справе пабудовы і стварэння архітэтурнай і мастацкай выразнасці Масквы і Маскоўскага Крамля, іншых расійскіх мясцінаў. Нават маўзалей У.І. Леніна будавалі і беларусы. Прычым, не прадстаўнікі вялікіх гарадоў ці знаных паселішчаў. У гэтай справе бралі ўдзел жыхары вёскі Грабаўка з Гомельшчыны. З некаторымі я меў перапіску ў школьныя гады, іхнія лісты захоўваюцца ў маім архіве. Зрэшты, як сведчаць гістарычныя звесткі, у ХVІІ стагоддзі кожны дзясяты жыхар Масквы быў выхадцам з беларускіх земляў.

Але тэму беларускага донарства пакінем для іншага разу. Адзначу толькі, што гаворка на ідзе аб тым, каб сёння “адабраць” у іншых народаў выхадцаў з нашай зямлі. Зусім не. Проста і нам, і жыхарам гэтых замежных краінаў трэба дакладна ведаць гісторыю, не губляць каранёў тых, хто некалі нарадзіўся на нашай зямлі і ў сілу розных прычынаў годна працаваў дзеля дабрабыту і славы іншых.
Вось чаму нам проста конча трэба поўнааб’ёмна ведаць сваё мінулае, як і належыць кожнай еўрапейскай нацыі. Ведаць глыбінна, без выняткаў і выкрэсліванняў. Не выбарачна на карысць любых па часе нашага жыцця ідэалагем. І тады ў гэтым разумным паяднанні з’явіцца яшчэ адна магчымасць зразумець: хто мы, дзеля чаго мы, які наш лёс і сэнс жыцця на гэтай зямлі.

2013

comments powered by HyperComments