Шаноўныя аўтары і чытачы! Мы вырашылі аднавіць-рэанімаваць нашую даўнюю апытанку для літаратараў – анкету «Дзеяслова» – якая цягам 2005-га года друкавалася на нашых старонках. За гэты час багата чаго змянілася. Нямала цудоўных аўтараў, якія тады бралі ўдзел у анкеце, адышло ў Вечнасць. Змяніўся, разам з часам, і часопіс. Але галоўныя пытанні Літаратуры засталіся ранейшымі, і адно з цэнтральных сярод іх – чым ёсць з’ява творчасці, у чым яе феномен. Іншымі словамі, з чаго «вырастаюць» вершы, паэмы, аповесці, драмы, раманы… Вось жа, да вашай увагі – развагі актуальных беларускіх літаратараў на гэты конт. І не толькі. Вашыя «дзеяслоўцы» ![]() Фота Міраслава Адамчыка
Творчасць ніяк не можа быць абавязкам. Абавязкам можа быць літаратурны занятак. Мне лацвей назваць гэта духоўным прызваннем… Высакапарна, але няхай. Гэта, безумоўна, тычыцца паэзіі, а што да маіх крытычных артыкулаў, рэцэнзій, літаратурных эсэ і зацемак, то гэта ні што іншае як рамяство, прафесійная праца (дарэчы, па першай прафесіі электрыка я без абсалютнага задавальнення прапрацаваў ні многа ні мала 15 гадоў). А што да паэзіі, то першай яе “творчай праявай” стаўся неардынарны школьны выпадак. Данос, здрада. Аднакласнік у чацвёртым класе пачатковай школы выдаў мяне настаўніку, якога я шэптам суседу па парце абазваў “кілуном” (а ў нашай вёсцы гэтае слова лічылася абразлівым). І адбылося гэта якраз перад Новым годам. Таму пакаранне сталася падвойным і балючым, як фізічна, так і маральна. Па-першае, мяне адлупцаваў бацька (таварыш і часты хаўруснік настаўніка па выпіўцы), па-другое, пазбавілі падарунка ад Дзеда Мароза. Вы можаце ўявіць, што значыла ў 1960-м годзе пазбавіць падлетка дармавых прысмакаў (цукерак, пернікаў)?! Па тым часе, калі трэба было яшчэ на досвітку займаць чаргу па буханку кукурузнага хлеба ў “хатняй” краме дзядзькі Петруся… Вось тады, замудоханаму ў хатнім астрозе, мне і стукнула ў галаву напісаць вершык пра здрайцу. І ведаеце, я нешта такое напісаў, бо крыўдная мянушка (дражнілка) прыліпла да аднакласніка на доўгія гады. Відаць, арыентаваўся на іранічны купалаўскі ўзор:
Праўду з няпраўдай, Цноту з гарэзіяй Вымяшай спрытам – Будзе паэзія.
Неверагодна, але пасля школы герой вершыка стаўся мне самым блізкім і верным сябрам (шкада, з-за алкагалізму ён сканаў на 45-м годзе жыцця). Такі вось быў пачатак “творчага” шляху. А да вершаў, сам таго не жадаючы, падштурхнуў мяне зноў жа бацька, калі аднойчы прынёс з вясковай бібліятэкі таўшчэзны том Янкі Купалы (памятаю, я яго ледзьве на печ узвалакваў, зялёны, нечым падобны да тлумачальных пяцітомнікаў беларускай мовы). Найперш праз вершы Івана Дамінікавіча я на паэзію і “падсеў”… Першая публікацыя была ў раёнцы, здаецца, у дзясятым класе, некалькі слупкоў нарыфмавалася пра Першамай, якія ў рэдакцыі сям-там выправілі на свой капыл. Хоць каля трох рублёў ганарару і пэўную долю гонару ад аднавяскоўцаў я ўсё ж атрымаў. Своеасаблівая кампенсацыя за колішнюю канфіскацыю навагодняга падарунка… Што ж, магчыма, дбанне і карпенне над словам таго каштавалі!
Вось, бачыце, у гэтым Вашым пытанні нарэшце сышліся, можна сказаць, сінонімы: творчасць і натхненне… І пры гэтым Вы пытаеце пра адметнасці працы. Калі гаварыць менавіта пра паэзію, то працы як такой і не бывае… Выходжванне, выседжванне, вылежванне, вымройванне – вось складнікі творчага плёну. А пасля ўжо – калі дасць Бог што – занатаванне і самакрытычнае рэдагаванне… Занатаванне часцей за ўсё адбываецца познім вечарам і ноччу, хоць успышка азарэння можа здарыцца ў любы, нават непадходны і неспрыяльны для таго час. У ХХ стагоддзі я пісаў толькі шарыкавай ручкай. З 2000-га года пераважна набіраю на кампутары (адразу было мулка, але як сапраўдны беларус мала-памалу звыкся). Да жніўня 1986-га года стымулятары былі аднастайныя: віно, самагонка, піва, цыгарэты… Пасля – да 1998-га – кнігі, цыгарэты і кава. З 2012-га – кнігі і ўнутраны зрушны водгук на знешнія праявы жыцця… Я не сцвярджаў бы, што заўжды чакаю нечаканай хвіліны натхнення… Але калі такое здараецца, то несумненна – гэта творчая ўдача, свята душы, насалода слоў на гаркоту пакут. Апошнім часам гэта такая рэдкасць, якую я дадаў бы ў сваю асабістую “Чырвоную кнігу”.
Так, я маю некалькі паліц з рознай дапаможнай літаратурай. Але найчасцей звяртаюся да даведнікаў, пішучы тэксты, звязаныя з крытыкай і эсэістыкай.
Найперш настрой, а цяпер яшчэ і здароўе. Хоць і паскудны настрой і розныя будзённыя няўдачы адкладваюць недзе ў падсвядомасці зародкі ідэй і тэм для будучых твораў. Перачытванне любімых кніг, настальгічнае ўспамінанне і новае перажыванне пражытага таксама дадаюць адпаведнага тонусу і поцягу да творчай працы. Што да ацэнкі напісанага, то скажу так, я чалавек вельмі самакрытычны і чуйны да крытыкі збоку ад каго б то ні было. І, вядома, у маладосці я прыслухоўваўся да падказак, асабліва людзей таленавітых і вопытных. Але гэта не значыць, што я правіў напісанае бяздумна. Тым больш цяпер, калі ўжо і закідаў крытычных стала менш (усё ж ледзь не “жывы класік”), аднак ёсць два чалавекі, да парад якіх і сёння я стаўлюся з павагай і разуменнем (абое выбітныя стылісты і маюць добры літаратурны густ і досвед). І калі перапісваць тэксты ў мяне не было і няма звычкі (за вельмі рэдкімі выпадкамі), то ўдасканальваць іх, калі ў гэтым ёсць упэўненасць, даводзіцца даволі часта.
Абсалютнай задаволенасці напісаным, я думаю, няма ні ў аднаго здаровага духам і розумам творцы. Ты напісаў, больш за тое, выдаў у свет тое, што напісаў. Яго ўжо немагчыма паправіць і выкрасліць з чытацкай памяці і літаратурнага працэсу. Ці мог бы ты зрабіць (стварыць) лепш, чым яно ёсць насамрэч? Нелагічнае пытанне. Ды ўсё ж кожны з творцаў сам пра сябе маракуе, што мог бы нешта напісаць (або і ўвогуле не напісаць) не так, не тое, нашмат лепш і таленавіцей… Гэта такія запозненыя супакаяльна-пакаянныя душэўныя споведзі… Таму адназначна я незадаволены практычна ўсім напісаным, апроч чатырох-пяці вершаў (магчыма, што яны застануцца ў хрэстаматыйнай беларускай літаратуры). Няма ў мяне вялікага асабістага негатыву і да пераважнай большасці сваіх “зацемак з левай кішэні” (наўрад ці можна аднесці іх да мастацкай літаратуры, але спадзеў, што ў будучыні ў іх будзе чытацкая і літаратуразначая зацікаўленасць, мяне не пакідае). Што да жыцця і ўласнай біяграфіі, калі б хто нават і даў такую мажлівасць, то ці ёсць патрэба нанова перажываць табой пражытае? Хоць настальгаваць, успамінаць, смакаваць і горка ўздыхаць ёсць пра што… Скажам, у новым жыцці я мог бы не захапляцца выпіўкай так, як захапляўся ёю некалі… Але ж колькі я страціў бы пры гэтым прыгод і “творчых” узлётаў у сне і на яве! Дадам нечаканае: магчыма, і ўвогуле няварта было “завязваць” з гэтай паскуднай звычкай і дарэшты высушваць душу… Паэзіі ад гэтага адназначна не дадалося. А вось што прыбавілася?.. Хіба толькі даўжыня бесперспектыўнага жыцця. Не трэба ўцякаць ад уласнай планіды (і ці магчыма гэта?). Што мая біяграфія адлюстравалася ў маіх кнігах, пэўна сказаць нельга. Хутчэй можна сказаць, што на іх старонках мільгаюць яе знікаючыя адценні… Творца – шчаслівы, ён жыве падвойным жыццём – дадзеным Богам і ўласна створаным…
Не, дзённікаў я не вёў і не вяду, але, як шмат каму вядома, пішу “зацемкі”, штосьці блізкае па змесце, але далёка не адно і тое ж. У гэтых маіх спарадычных занатоўках усё-ткі больш развагаў пра жыццё і літаратуру, чым пэўных дзённікавых фіксацый. А вершы я пішу, калі для гэтага з’яўляецца нейкая канкрэтная прычына альбо надараецца натхненне. Што да ляноты, то яна мяне пераследуе ўсё жыццё. І карані яе ў маіх неадступных сумненнях: а ці варта, а навошта, а каму гэта трэба, а ці змагу?.. Таму пішу, калі выпадаюць прасветы ўпэўненасці ў сабе і з’яўляецца творчы сверб. Увесь астатні час я думаю, мрою, чытаю, гляджу спартыўныя перадачы (я валідольны фанат: футбол, тэніс, біятлон)… І яшчэ, мяне часта накрывае экзістэнцыйная меланхолія і дэпрэсія. І гэта пры тым, што адразу пасля сну я раблю 15-хвілінныя фізічныя практыкаванні і чатырохкіламетровыя ранішнія і вечаровыя праходкі… Да таго ж трэба ўлічваць, што я выключны дамасед, апошні дзясятак гадоў увогуле рэдка куды выходжу. Карацей, за нязначным выключэннем уяўляю сабой абломаўскі вобраз.
Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры? Найбольш блізкія мне творцы ў мастацкім плане – гэта Цютчаў, Брыль, Фрост і Стральцоў. З сучасных пісьменнікаў пакуль нікога не перачытваю.
Найперш нашай сённяшняй літаратуры не хапае вольнамоўнай нацыянальнай напоўненасці (адчування творчай бяспечнасці і айчыннай духоўнай аўры). Літаратура і сам літаратар задыхаюцца не толькі ад разрэджанай атмасферы бязмоўя, але і ад адчування пэўнай адчужанасці ў сваёй Айчыне, пакінутасці і сіратлівасці, з зайдроснай аглядкай на суседзяў і на вялікія літаратуры свету. З іншага боку беларускія творцы загартоўваюцца ў змаганні (найперш унутраным) за спраўджванне свайго наканавання і таленту, што надае ім сілы, магчымасці і шанцы для прамаўлення свайго новага слова… Бо як сведчыць гістарычны і літаратурны вопыт прамінулага, менавіта ў такой непрымальнай, задушнай таталітарнай атмасферы час ад часу і выпакутваюцца выбітныя і знакавыя мастацкія творы. Калі заглядваеш у электронныя сеткі (Фэйсбук, скажам), ствараецца падманнае ўражанне буяння нацыянальнага літаратурнага жыцця. Аднак усё гэта віртуальныя відзежы (кукушка хвалит петуха за то, что хвалит он кукушку). Яшчэ трыццаць гадоў таму смяяліся і ганьбілі савецкі літаратурны працэс, а што ж маем сёння – збольшага абноўленыя яго знешнія формы, бо ўнутраны маральны змест (чалавека і творцы ў тым ліку) амаль не змяніўся (дабро і зло працягваюць сваю спрадвечную барацьбу). Кніжкі выдаюцца, праводзяцца вечарыны, раздаюцца прэміі ў вузкім коле, а – выбітнога, важкага мастацка-літаратурнага плёну не надта заўважна. Няма сур’ёзнай незалежнай крытыкі, а галоўнае, бракуе самакрытычнасці самім літаратарам. Пры маім жыцці, дзякаваць Богу, былі створаны знакавыя і вызначальныя на мастацкую перспектыву творы нашай літаратуры – гэта і мініяцюрная “Жменя сонечных промняў” Я. Брыля, і “Чужая бацькаўшчына” В. Адамчыка, і “Смаленне вепрука” М. Стральцова, і “Шлях-360” А. Разанава, і “Любіць ноч – права пацукоў” Што ёсць сёння? Прываблівае нязмушанай, духоўна выпакутаванай метафорыкай паэзія Н. Кудасавай, звяртаюць на сябе ўвагу стылёвыя і ідэйна-псіхалагічныя пошукі А. Бахарэвіча, інтрыгуюць сваёй паэтычнай арыгінальнасцю Дз. Строцаў і С. Брыло… З шэрагу маладзейшых, але заўважна даравітых, вылучыў бы паэта В. Кораня. Што пажадаць пачаткоўцам? Любіць Беларусь і намагацца быць яе творцамі. comments powered by HyperComments |