Адам Глобус (№102)

Пікаса

Словы пра найлепшага з мастакоў

 

Сонечнасць

У творах Пікаса шмат сонца. Ён народжаны ў сонечнай краі­не. Ён жыў і працаваў у краінах, поўных сонца. Напісаныя і намаляваныя ім рэчы і істоты напоўнены святлом і выпрамень­ва­юць святло… Сонца-твар. Сонца-рыса. Сонца-птушка. Нават сонца-чорт ёсць у Пабла Пікаса.

 

Цэмент

Чым больш прыглядаюся да іспанскай культуры, тым больш бачу ў ёй цэменту. Такое адчуванне, што цэмент – асноўны матэры­ял у іспанскамоўным свеце. Ён у іх паўсюль. У жывапісе Пікаса і Веласкеса. У саборах. Могілкі ў іх называюцца “цэментэрыя”. Можа, гэта ўсё з-за таго, што гляджу на Іспанію праз творы Пікаса? Але, каб я глядзеў на яе праз жывапіс Хуана Грыса, яна б была яшчэ менш сонечная, а больш шэрая і больш цэментная.

 

Кітай

У музей Пікаса вялікая чарга, не раўняючы як у маўзалей Леніна за часамі СССР. Боль­шасць чаргі складаецца з кітайцаў. Раней усе еўрапейскія музеі былі напоўнены японцамі, але цяпер замест іх паўсюль кітайцы, між ін­шым – іх значна болей. Музей так перапоўнены кітайцамі, што складаецца адчуванне, нібы ты не ў Барселоне, а ў Пекіне на перасоўнай выставе Пабла Пікаса. Сярод гледачоў з Кітая шмат інвалідаў у калясках, сярод японскіх турыстаў я інвалідаў-вазочнікаў не сустракаў.

 

Лежэ

Паважаеш мастака, цікавішся ягонай твор­часцю, вывучаеш асяродак, дзе ён жыў і праца­ваў, а потым даведваешся пра нейкую малапрыемную дэталь. Яна ну ніяк не ўпіс­ваецца ў старанна выбудаванае ўяўленне пра творцу. Напрыклад – Фернан Лежэ працаваў у засмечанай майстэрні, дзе не прыбіралася гадоў трыццаць. Для мяне канструктывіст Лежэ быў эталонам чысціні, як мінімаліст Мандрыян і пурыст Карбюзье. Нават на розных фота аскетыч­ная майстэрня Лежэ ў Лізоры з невялічкім працоўным сталом і вялізнай бочкай для смецця выглядала чыстай. Беларусачка Надзя, якая стала другой жонкай Фернана, расказала пра страшэнны бруд, пыл і попел у майстэрні майстра. Расказала, як ёй, каб прыбраць майстэрню, давялося надзяваць маску. Згадка маскі пераканала мяне ў шчырасці Надзі, і я засмуціўся; калі для Пабла Пікаса непрыбранасць і барахлолюбства з’явы натуральныя, дык для Лежэ і ягоных светлых палотнаў патрэбна чысціня.

Адам Глобус. “Неакласічнае…” 2015 год.

Пост

Паглядзеў выставу “Пост Пікаса” ў ягоным барселонскім музеі. Можна зда­гадацца, што сам Пабла Пікаса лепш глядзіцца за “Пост Пікаса”. Каб замацаваць праўдзівасць падобнай здагадкі, магу сказаць: Пабла глядзіцца не проста лепш, а значна лепш. Усё і сапраўды спазнаецца ў параўнанні.

 

Подпісы

У майстэрні Пікаса стаяла шмат карцін без подпісаў. Подпіс ставіўся майстрам, калі карціна прадавалася. Карціна Пікаса з подпісам каштуе больш за карціну без аўтографа. Зразумела, што подпіс можна і падрабіць, як усю карціну цалкам, дарэчы. Падрабляюць і подпісы, і карціны, і не толькі творы геніяльнага Пікаса падрабляюць. Самаробных Пікаса на арткірмашах процьма. Усё гэта мне згадалася, калі я вырашыў падрабіць подпіс аднаго літоўскага жывапісца. На сцяне маёй віленскай кватэры вісіць ягонае няскончанае палатно, а подпісу на ім няма. Каб тое палатно выставіць на аўкцыёне з подпісам, дык можна было б і добра зарабіць. Я набыў патрэбныя фарбы, набыў разбаўляльнік, падрыхтаваў адпаведны пэндзаль. Вывучыў усе подпісы літоўскага майстра. Зрабіў на паперы эскізы ягоных аўтографаў у розных памерах. Падабраў самы сумаштабны. Прыклаў да палатна і зразумеў, што подпіс падрабляць не стану. З подпісам палатно моцна пагаршаецца; а пагаршаецца яно таму, што пачынае прэтэндаваць на завершанасць. Яно не скончанае, яно толькі распачатае, у ім ёсць свежасць пачатковасці. Калі я пастаўлю подпіс – свежасць знікне. Подпіс у такім варыянце павышае кошт карціны, але зніжае яе жывапісныя і мастацкія якасці. Калі быць шчырым, дык і подпісы на карцінах Пабла Пікаса мяне ніколі моцна не хвалявалі.

 

Падпарадкаванасць

Вобразы, народжаныя фантазіяй, цяжка перанесці на палатно. Часам іх і немагчыма ўвасобіць у жывапіс. Ты намагаешся, ты прымушаеш фарбу падпарадкавацца тваёй волі, ты шматкроць перарабляеш розныя фрагменты, а карціна робіцца толькі горш. Можна занурыцца і ў адчай. Каб выйсці з адчайнай зануранасці, трэба адкінуць амбіцыі і пайсці ўсед за пэндзлем, пайсці ўслед за фарбамі са сваёй палітры, каб прыйсці да сваіх колераў, да сваіх новых вобразаў і сваёй скончанай карціны. Пра падобнае выказаўся і Пікаса: “Жывапіс мацнейшы за мяне. Ён прымушае мяне рабіць тое, што ён хоча”.

 

Холад

Фатографу Брасаю Пікаса казаў: “Мне некалькі разоў за жыццё даводзілася па­кутваць ад холаду! У Барселоне я паліў уласныя малюнкі, каб крыху сагрэцца…”
У маім жыцці падобнага холаду яшчэ не было і, спадзяюся, не будзе. Таму не наракаю на лёс і не зайздрошчу побыту свайго любімага Пабла Пікаса.

 

Адам Глобус. “Рэчы ад Пабла”. 2015 год.

Матэрыя

Пікаса любіў рэчы. Шанаваў рэчаіснасць і рэчывы. Ён быў страшэнны матэрыяліст ды ўласнік, а праз гэта і пабойваўся злодзеяў. Страх перад крадзяжамі цяпер захоўваецца ў музеях Пабла Пікаса.

 

Чорт

У 1966 годзе да дня народзінаў Пікаса ягоны вялікі прыхільнік Ілля Эрэнбург напісаў: “Некалі вельмі даўно, гледзячы на ягоныя палотны, я назваў яго, жартаўліва, чортам. Іспанцу лёгка вымавіць гэтае рускае слова, і кожны раз, калі я да яго прыязджаю, ён усміхаецца і кажа: “Я – чорт”. Чорт зазвычай падаецца хітрым і злосным, але Пікасса шчыры і добры чорт”. Чытаючы пра Чорта-Пікаса, мне згадаўся іншы мастак – Чарткоў, якога стварыў Гогаль у аповесці “Партрэт”. Калі адкінуць містыку, дык кожны, хто крэмзае і чэрціць, кожны, хто чорнай фарбай ці чорным алоўкам малюе на палатне ці паперы, у нейкай ступені – чорт. Хітрадушныя цемрашалы яшчэ казалі, што ў чорнай друкарскай фарбе жыве сам д’ябал. Такім чынам у чэрці можна залічваць усіх, хто крэсліць, малюе, піша і друкуе. Усіх, хто нясе асвету, можна залічыць да чарцей і нячысцікаў. Дзіўна, што туды так лёгка не залічваюцца тыя, хто страляе, забівае і зніштажае.

 

Карыкатура

Вайна – з’ява цяжкая. Вайна заўжды ка­рыкатурная. Нават пано Пабла Пікаса “Гер­ніка”, прысвечанае жахам вайны, нішто іншае як вялізная карыкатура на чалавецтва.

 

Брак

Сяброўка Пікаса – Гертруда Стайн запіса­ла ягонае жорстае выказванне: “Брак і Джойс – дзве загадкі, зразумелыя кожнаму”. Наконт Джойса не магу не пагадзіцца. Ірландская загадка Джэймса Джойса і сапраўды зразу­мелая, калі паверыць, што чарговы Уліс змог нарадзіцца і ў нейкім там Дубліне. Загадка Жоржа Брака больш складаная, бо яна і загадка самога Пікаса. Менавіта з Бракам Пабла Пікаса вынайшаў кубізм. Яны разам пачалі ствараць і стварылі на палотнах новую кубістычную рэальнасць. Загадку Брака можна зразумець толькі ў тым выпадку, калі зразумеш усяго, як ёсць, Пікаса, а гэта задача складаная і патрабуе доўгай працы.

 

Сапраўднасць

Сярод шматлікіх выказванняў Пікаса, якія пазапісвалі аматары ягонай творчасці, ёсць і такое: “У мастацтве не існуе ні мінулага, ні будучага”. Сапраўды ў творах мастацтва ёсць толькі цяперашні час, спыненае імгненне, вечнае тут і вечнае цяпер. Таму мастакі любяць і натхняюцца тым, што ёсць, днём сённяшнім, святлом дадзеным. Мастака радуе сапраўднасць, тутэйшасць і рэальнасць. Пабла Пікаса, безумоўна, адзін з самых сапраўдных і праўдзівых мастакоў у свеце.

 

Ліфт

Свой малюнак “Канец шляхоў (Анёл смерці)”, падфарбаваны акварэллю недзе ў 1899-м годзе, Пікаса вытлумачыў наступным чынам: “Багатыя едуць на неба ў карэтах, а бедныя валакуцца пешкі”. У 19-м стагоддзі грамадскі транспарт быў і сапраўды ў недаразвітым стане. Каб Пікаса маляваў “Анёла смерці” напрыканцы 20-га стагоддзя, дык абавязкова зрабіў бы для старых людзей і самы распаўсюджаны сучасны транспарт – ліфт. Думаю, шмат хто захоча выправіцца на неба да анёлаў менавіта ліфтам, а не пешкі ці ў карэце.

 

Самаробнае

У мастацтве гледача заўсёды вабілі рознага кшталту варыяцыі ды імправізацыі. Копіі ды падробкі таксама цешаць і радуюць людзей. Лепей паразглядаць аматарскую карціну, змаляваную з “Таемнай вячэры” Леанарда, чым засмечваць памяць арыгіналамі нейкага там Цюцюрына ці Кукузьміча. Таму і сам я раблю шмат малюн­каў з Пікаса і пад Пікаса. Ёсць у гэтых працах і камерцыйны сакрэт, бо акрамя матываў Пабла Пікаса мае малюнкі маюць фактуру, фарбы і непаўторнасць арыгінальнага твора. Гэта вам не шматтыражная рэпрадукцыя, між іншым. Дарэчы, калекцыянер-пачатковец, набываючы майго самаробнага Пікаса, можа задаволіць адразу дзве патрэбы – патрэбу ў творы генія і патрэбу ў арыгінальнай непаўторнасці набытка. Зрабіць гэта можна за досыць невялікую суму. У свой час сам Пабла Пікаса даваў падобную магчымасць аматарам Веласкеса і Эль Грэка, аматарам Латрэка і Энгра.

 

Знаёмцы

Паглядзеў фільм пра Пікаса, у якім было шмат размоў з добрымі знаёмцамі майстра і рознымі мастацтвазнаўцамі.

Мяне замаркоцілі апавяданні пра смерць, якую Пікаса моцна і неяк зусім па-дзіцячы баяўся. Яе ўсе баяцца, але страх мастака перад уласным сыходам быў перабольшана замоцны.

Парадавала тое, што Пікаса захапляўся хіпі. Любіў іх музыку і вопратку, любіў на Міжземнаморскіх пляжах пагутарыць з хіпанамі ды хіпушкамі. Ну і, вядома, ён шмат маляваў хіпі – даўгавалосых, барадатых, з гітарамі і флейтамі, яркіх, у капелюшах. Гэтыя малюнкі і карціны я бачыў раней, але не ведаў, што яны намаляваны з хіпі. Думаў, што гэта вобразы музыкантаў і артыстаў.

Пэўнае непаразуменне выклікалі размовы пра аперацыю, якую зрабілі старому мастаку. Пасля той аперацыі Пікаса страціў магчымасць займацца паўнавартасным сэксам. Мастацтвазнаўцы спрабавалі звязаць гэтую драматычную падзею з эратычнымі і парнаграфічнымі малюнкамі вялікага майстра. У мастацтвазнаўцаў нічога цікавага не атрымалася, бо эротыку і парнаграфію Пабла Пікаса маляваў няспынна цягам усяго свайго доўгага жыцця.

Адам Глобус. “Аматары выпіць за Пікаса”. 2014 год.

Пярэбары

Пікаса перабраўся з мінорнай Барселоны, асветленай прахалоднай поўняй, у мажорны і сонечны Парыж. Разам з Пікаса выбраліся на сонца і ягоныя блакітна­кроўныя цыркачы. Большасць мастакоў спрабуе выбрац­ца са сцюдзёных ценяў у цёплае святло. Ван Гог перабраўся з Галандыі ў Францыю, Гаген – з Францыі на Таіці, Рэрых – з Расеі ў Індыю…

 

Трагічны тыдзень

У юнацтве Пікаса зрабіў малюнак “Хрыстос, які бласлаўляе д’ябла”. Малады мастак добра адчуваў рэвалюцыйныя настроі, што ахоплівалі ягоную радзіму; настроі, што выліліся ў бар­селонскі Трагічны тыдзень, які адбыўся ў ліпені 1909 году. Стыхійныя народныя пратэсты перараслі ў бунт і ўсеагульную забастоўку, якая хутка змянілася жорсткімі ўзброенымі сутыкненнямі з паліцыянтамі. У час бунтарскіх і баявых дзеянняў было спустошана і спалена шмат хрысціянскіх сабораў. Свой юначы ма­люнак з Хрыстом і д’яблам Пікаса заўсёды вазіў з сабой, хоць амаль усе творы з таго перыяду пакінуў на захаванне ў барселонскіх сваякоў. Ці збіраўся Пікаса напісаць карціну з надзвычайным рэлігійным сюжэтам? Ніхто не ведае. Але гэты малюнак ён захоўваў разам з каштоўнымі фотаздымкамі праз усё сваё доўгае жыццё.

 

Спакуса

Часам узнікае спакуса назваць Пабла Пікаса – Д’ябло Picasso.

 

Цалкам публікацыю Адама Глобуса пра Пабла Пікаса чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова”.


Апублікавана

у