Белае шматкроп’еВяртанне Дробязі знікаюць у татальным белым: завіруха спакушае забыць пра чорныя вежы самотных літар, пуцявіны-радкі паміж быць і не быць. Стомлены снег шукае прытулку у цёмных завулках – старонках душы. Дробязь? Здаецца, няма паратунку у тэкстах зімовых, прабач! …Нябачныя літары забытых імёнаў чакаюць вясны…
* * * Сваёй чароўнасцю скрадае роспач холаду студзеньскі снег. Сёння ён – як пялёсткі язміну – мае водар збаўлення і дабрыні. Замест чорнага шматкроп’я – Белы снег. Абнаўленне надзеі і абнуленне тугі.
* * * Амаль вясна. Памежжа прадчуванняў. Архітэктоніка імклівага святла. Ля берага няспыннага вяртання – зноў сілуэты нашага жыцця.
Іншы колер Чорна-белая графіка нашай размовы пакрыху губляе выразнасць малюнку і насычанасць тону. Кампазіцыя словаў вось-вось ператворыцца у суцэльную пляму нічыйнай свабоды, без межаў і без адценняў, – паглынуўшы цябе і мяне. Шкада: не прыйшло ў галаву пашукаць іншы колер для нашай размовы.
Авантурная гарбата Сумяшчаюць лекавае і атрутнае кветкі постмадэрну: гарбата з іх двухсэнсоўная, як грэчаскі фармакон. Класічны дуалізм хаваецца у (не)звычайных кветках? Рызыка набліжэння да сучаснасці – зранку? Мо лепш не каштаваць такую авантурную гарбату?
Нацюрморт Твая вытанчаная рацыянальнасць нагадвае стары галандскі нацюрморт: узаемасувязь рэчаў і неабходныя акцэнты. Мёртвая прырода або ціхае жыццё? Ты з лёгкасцю прачытваеш усе алегорыі, падлічваеш, узважваеш, параўноўваеш. Але раптам… апантана кідаеш лупіну лімона на падлогу мне пад ногі. І я бачу: твой рацыянальны досвед – хлусня – trompe–l’œil*.
* * * Апраўдваю пялёсткамі вясны няспраўджанасць як заканамернасць. Прыступкі мармуровыя ў цішы я блытаю з пяшчотай ў тваім сэрцы. Праз крокі дзьмухаўцоў жыццё ляціць, нястомнае паветра аблачынак, пялёсткі зноў як завушніцы кніг, прачытаных паміж зімой і летам…
* * * Меланхолія звольнена з пачэснай пасады па збіранні ўраджаю каменняў у скляпеннях займенніка “я”. Меланхолія ў дождж і з вялікім пасагам па знаёмай мясцовасці вольна крочыць да княжацкіх замкаў – старажытным руінам нясе камяні…
Сэрцабіццё У кровазвароце маіх летуценняў ружы гатычных сабораў аздоблены промнямі сонца. Праз цені сумневу – світанні спатканняў, надзея. Ружы гатычных сабораў святлом атуляюць задымлены ранак заблытанага ўяўлення. Над стральчатым парталам – падарунак інакшасці, сустрэча ў паветры дзівоснага ўвасаблення. Спадчына думкі ўплецена ў разнастайнасць свабоды. У кровазвароце маіх летуценняў ружы гатычных сабораў рупліва ахоўваюць сэрцабіццё…
Лёс Стары калодзеж чыстай вады абдымае крыніцу пяшчоты. Журботу маўчання майго – паглыні! Перамяні на мову! Ночы праходзяць і дні настаюць. Новыя людзі і словы. …Лёс мой крынічны, бы плёскат вады зорнага мора.
“Старыя яблыні” Фердынанда Рушчыца Сцяжынка – паміж небам і зямлёй – Мінулае злучае і сучаснасць, У родным садзе: блізкі шлях дамоў, У родным садзе: восеньская памяць. “Старыя яблыні” – ўвесь радавод сям’і, Граматыка і сінтаксіс пачуццяў, Задумкі для карцін сярод галін, Узнёсласць колеру ў смарагдавым ландшафце. Танцуюць дрэвы ці пакутуюць ад болю, Спяваюць ці стаміліся ў маўчанні? Журботная паэзія прызнання… “Старыя яблыні” – мастацтва і жыццё. comments powered by HyperComments Дзеяслоў
2020-02-18 13:18:07
[…] “Залаты апостраф” у намінацыі “Дэбют”: Кацярына Янчэўская. Белае шматкроп’е. Вершы. №101 Пасля ўручэння “Залатых апострафаў” і […]
|