Артур Камароўскі (№108)

Называй маё цела

 

*  *  *

даставаць гэтую крохкасць

класці побач з бразільскім імем на шалі

хто пераважыць – няхай цела маё

суцяшае

няхай дорыць яму коды і ўзоры

далёкіх галактык

дзе ні крохкасці, ні найменняў

толькі зорнага дыхання дотык

няхай лепіць яму сутнасць

аблічча й абрысы

адной неадрыўнай міжгалактычнай

рыскай

пазбавіць выразных мужчынскіх

жаночых адзінак

каб вылепіць самасць такую

вялікую й дзіўную як

нешта па-за геаграфіяй часам і

скуры маёй манускрыпты

як вечнасць і ты.

 

 

*  *  *

Васілісе Палянінай

няўрымслівае жоўтае цельца

гарэза-каза

там дзе лес прыхарошвае твар

і гудзе драбяза

скрыжаванае вецце расчэсвае нам валасы

і выходзяць чужыя звяры

называй дары.

варажы на атожылках нашых цел

каб рубін вераб’ём на руку ўзляцеў

каб пад скураю скура была

бірузой

каб гулялі з казой.

 

 

*  *  *

называй маё цела,

перабірай слізкія літары ў роце.

самыя горкія – выбірай

ратуй.

безназоўнае – пакідай на самоце.

яно ўзыдзе аднойчы

гаваркою ракою зялёных туй.

называй маё цела –

яно будзе выходзіць з ценю

вечназялёных дрэваў

усіх гарадоў

каб радзімкі свае й рабацінне

аддаць

сляпому зіхценню,

невымоўнаму – кроў.

называй маё цела

самым белым і верным словам,

самай крохкай і вечнай

з усіх скульптур.

яно будзе чакаць на твой голас

пад аховай алькова

мой нур

 

 

*  *  *

мова майго языка –

неспазнаная рэч у сабе

невядомая плынь

(плысці ёй да вытоку

глытаць

даўкія гукі й літары)

збіраць пад падушку

палын

ад запазычанняў

запальваць і-маякі

апострафы-ліхтары

гаварыць

значыць быць па-за мовай

навідавоку

аддаць яе пад ахову

самой сабе

ці жывой зямлі

што навокал

бывае яна брыняе вадою

а тая цурчыць

праз сляпыя адтуліны

і нараджае словы

такія

што мне

ніколі не прыручыць

 

 

*  *  *

малое і лёгкае

нібы рассыпаць соль

прарастае ўва мне

растком

і даверлівым стукам

паміж сэрцам і лёгкімі

вось

вашая столь

канапа і ручнікі

і раўчукі маіх рук

брыняюць вадой

і гукам

раплываюцца хто куды

выпускаюць свае целаходы

і тыя вязуць

гаваркіх пасажыраў

на выспы і астравы

яны выбіраюць

наўмысна

хады й пераходы

брасам ці бродам

ад вады

да бяссоннай травы

каб пасля падглядаць

за святлом

у нябачную шчыліну неба

запамінаць

яго зрухі і крокі

ад вытокаў і пылу

да крохкага паднябення

і ўрадлівая глеба

майго языка

адчыніць ім дзверы

і дасць збавенне.

 

 

анігіляцыя

*

дзяцел

чысціць бліскучыя пёркі

цэліцца дзюбай у цела

цела спіць

галавою ў напрамку Нью-Ёрка

цела мкнецца застацца цэлым

пад прыцэлам

зямлі і джала

цела песціць штосьці ўнутры

жывое

цела – джа

лабірынт непралазных венаў

і цяпла сувой

дзяцел цвеліць

цнатлівае цела часам

адзінотаю цэнтрал-парка

цела спіць

пакуль дзяцел у кіпцюрах трымае

спадкаемцу mersa і sarsa.

 

**

прачынаешся, намацваеш цела. на прасціне, нібы на вайне, усё проста.

працягваюць вецце праз вокны дрэвы, пераскокваюць міны ўзросту.

прасцяг сцерагуць невядомыя птушкі, прасейваюць сонца спевам.

цела балела, пакуль свядома не выйшла за дзверы залевай.

гарачыя кроплі цалуюць сцёгны, выводзяць на скуры знакі.

спявай жа, цела, пакуль насенне не ператворыцца ў макі.

пасееш семя, што цягам часу засцеле поле абрусам.

і дзяцел сцішыцца ў вецці дрэваў,

і жук паківае вусам.

 

 

*  *  *

хтосьці кемлівы

звыклы да фільмаў з субтытрамі

расчытае фірмовыя знакі скуры

цела

што хавае сябе за фільтрамі

спецэфектамі і тэкстурамі

прачынаешся

падымаеш дзень-ноч фіранкі

запіваеш кефірам сненні

фонам –

Колтрэйн і Фіцджэральд. тыя ж ранкі

той жа скуры фасон і адзення.

за вакном

вецер дзьме ў раты фарынгіт

падае форт мой пад воплескі

зрыфмуеш

з нотаю фа вечны біт

фортэ і сонца водбліскі.

 

 

*  *  *

узысці над сабой,

як горы ўзыходзяць над морам.

вымераць цела мераю вышыні.

вылетаць вечнасць

паветраных калідораў,

вымавіць ціш.

ні

рукі мае,

ні словы

не знаюць, як абняць сябе,

зрыфмаваць.

дзесьці глыбока пад скураю –

сховы,

ды што з іх узяць.

выйсці з сябе

нябачнай эдэмскай ракою.

толькі такою,

каб рыбы маглі гаварыць.

“бачыш – Эдэм”, –

кажу свайму целу, каб супакоіць.

нічога, нічога.

удыхаю ў поры святло,

злізваю соль.

апранайся,

хадзем.

 

 

*  *  *

твая самая чаканая цяжарнасць

напрыканцы лета

пасярод Еўропы

мы чакалі

калі адыдуць воды

гладзілі твой вялікі жывот

сваімі маленькімі рукамі

захіналі ў вялікія сцягі

слухалі

як унутры варушыцца будучыня

і мкнецца ў цяпер

мы баяліся

што яна будзе кволай

што будзе нягеглай

і яе не возьмуць у садок

яна не пойдзе ў школу

як іншыя дзеці Еўропы

што чакае яе замужжа і нялюбы муж

такі як наш бацька

што яна

самая малодшая ў нашай сям’і

ніколі не зведае шчасця й любові

тым вечарам неба –

наша бабка-павітуха –

надзела чырвонае з белым

каб узяць твой боль

самыя цяжкія твае роды

ты плакала

губляла прытомнасць

ачуньвала

але нараджала будучыню

мы стаялі вакол

усе твае дзеці

а бацька ў шаленстве хапаў нас

збіваў

і кідаў у турмы

ён хацеў і далей валодаць табой

мы трымаліся

трымалі твае вялікія рукі

чакалі

і жнівеньскім вечарам

будучыня нарадзілася жывой

і закрычыла

 

 

*  *  *

бровы маміны

лоб дзедаў –

казалі знаёмыя і незнаёмыя

я глядзеў на сябе

ў люстэрка часу

з расколінай пасярэдзіне

чужымі вачыма –

чыімі – пакуль не ведаў –

і бачыў

як дрэва ўва мне

жывіцца сокам любові

сталее

кранае галінкамі столь

я хацеў каб яно

было толькі маім.

нос дзедаў

вушы бабуліны –

казалі ў крамах бабе Марыі

людзі што прадавалі чужое

быццам мяне таксама

прадалі разам з вялікай краінай

або аддалі ў нагрузку

і калі цішыня

адмервала кроплямі спорных дажджоў

маё падарожжа –

я чуў праз смаўжыны рот

рэха біцця незнаёмага сэрца

я хацеў каб яно

было толькі маім.

вусны прабабуліны

шчокі маміны

казалі людзі

і цягалі мяне за шчокі

быццам хацелі праверыць

і правяралі – напраўду:

вялікія і не мае

а дрэва ўва мне расло і квітнела

і гладзіла чырванню

мой пухлы твар

я хацеў каб ён

быў толькі маім.

радзімкі бабуліны

рукі дзедавы

казалі сваякі і сваячніцы

беручы мае рукі ў свае

дзівіліся мяккасці

цалавалі далоні

дзеда любілі за сілу

прабабка казала –

сваімі рукамі ён перацягваў дрэвы

а мне было страшна

што дойдзе чарга да майго

я хацеў каб яно

было толькі маім.

зараз гляджу ў люстэрка

і бачу вялікае дрэва ўва мне

што гайдаецца веццем родных

і стаіць на маёй зямлі

і ніхто апрача радзімы

нічога не кажа

я гладжу яго

і ведаю:

пакуль будзе лісце –

я нічога табе не аддам,

радзіма.


Апублікавана

у