8 траўня не стала Анатоля Паўлавіча Кудраўца, выдатнага празаіка, перакладчыка, чалавека, які спрычыніўся да стварэння часопіса “Дзеяслоў”. У свежым нумары друкуюцца яго падарожныя нататкі, які прапануем чытачам сайту. Няхай зямля Вам будзе пухам, дарагі Анатоль Паўлавіч…
Гослар
Вось ужо чацвёрты дзень, як я ў Гослары1. Здаецца, і адаспаўся, і супакоіўся. Трохі супакоіўся, бо сур’ёзна ўсё гэта, мусіць, ужо ніколі не прыйдзе. Старасць не радасць, а са старасцю прыходзіць усё тое, што збіралася, накоплівалася гадамі і дзесяцігоддзямі. І перш за ўсё – незадаволенасць сабой, зробленым і недаробленым. Недаробленым болей за ўсё па прычыне свайго характару, несабранасці, раскіданасці, нежадання зрабіць зараз жа, як найхутчэй, а жадання адкласці, перанесці на заўтра, ці паслязаўтра. І па прычынах знешніх, “атмасферных”, створаных уладным рэжымам, і кампанія, калі знішчаецца ўсё, на што ты спадзяваўся, працаваў, у што верыў, нават у старыя часы будучы ў ЦК, не гаворачы пра “Маладосць”, ці “Мастацкую літаратуру, ці “Нёман”. Калі знішчаецца мова, культура, калі робіцца ўсё, каб беларускім, Беларуссю не пахла. Усё забівае папса і расейшчына – нізкапробная, разбэшчаная, нахабная, калі беларускае выстаўляецца варожым, чужым, лішнім. Кайзерпфальц – рэзідэнцыя караля – аграмадная будыніна на некалькі паверхаў, першы з якіх падаграваўся з дапамогай печаў, якія паліліся дровамі. Цяпло ішло па трубах і сагравала будынак і пакоі, за нейкую гадзіну тэмпература падымалася да 15 градусаў. Другі паверх не мог абагравацца, бо былі вялікія вокны, а шкла, якім бы можна было іх зашкліць, яшчэ не вынайшлі. Рэзідэнцыя была пабудавана ў пачатку адзінаццатага стагоддзя. Цяпер у рэзідэнцыі праходзяць рэгістрацыі маладых і вяселлі – ёсць невялікая зала чалавек на 30-40, ёсць аграмадная зала, дзе праводзіліся вялікія каралеўскія прыёмы. Зала рэстаўравана ў 18 стагоддзі. Сцены распісаны батальнымі сцэнамі з часоў каралёў, усё гэта ўражвае, захапляе, гаворыць пра багацце горада – у блізкіх гарах паўночнага Харца2 з даўніх часоў здабывалі срэбра (яно было даражэй за золата), і не толькі срэбра. І толькі ў нядаўнія часы здабыча спынілася: выцягнулі ўсё, што можна было, цяпер можна пускаць турыстаў. Тут, перад рэзідэнцыяй і ў рэзідэнцыі, бывалі ўсе правіцелі Германіі, быў і Бісмарк, і Гітлер. Помнікі Вільгельму I і Фрыдрыху Барбаросу на конях стаяць перад рэзідэнцыяй, на травяной плошчы. Ездзілі ў Гамбург, аграмадны партовы горад на ўпадзенні Эльбы ў Паўночнае мора. Да мора 12 кіламетраў, а Эльба і шырокая, і глыбокая. Шырокая – некалькі дзясяткаў рукавоў, глыбокая – могуць заходзіць акіянскія лайнеры тыпу “Аіда” – турыстычны параход, дзесяціпавярховы дом на вадзе – нешта аграмаднае і страшнае; караблікі, якія суправаджаюць гэты параход, выглядаюць маленькімі гномікамі побач. Смелыя людзі, якія наважваюцца плаваць на “Аідах”, асабліва праз акіян, у Штаты ці Канаду. Здаецца, калі трапіць такі карабель у шторм – ён можа лёгка перакуліцца з-за сваіх памераў і людзей, а іх на караблі ад 2,5 тысяч да 5 тысяч, не карабель, а цэлы горад. І вось гэты горад зайшоў у Эльбу, у порт, і не адзін зайшоў, а ажно тры. Праўда, перш чым упусціць іх, давялося выселіць многія менш маштабныя судны – паруснікі на тры мачты і пяць рэяў, і меншыя паруснікі ды параходзікі, баркасы. Ездзілі ў горы. Ішлі пешшу, вышыня, як сказала Вераніка, – тры тройкі: 333 метры. Падняліся даволі лёгка, хоць пад канец адчуваўся нейкі цяжар у грудзях. Па ўсім – хочаш-не хочаш, сэрца не падманеш. Добры лес – бук, дуб, елкі, бярозы, рабіны. Па адзін бок спуск, круты і зарослы, па другі – дарожкі, пад’ём, такі ж круты і такі ж недагледжаны, хоць і прарэджаны пілой, але непрыбраны. Холаду не было, сонца і вецер, хоць на дварэ +10. Горы і лес – гэта прыгожа, асабліва летам, калі ўсё зелена, усё, што павінна цвісці – цвіце, што павінна зелянець – зелянее. Папілі чаю на прыпынку, падзівіліся на гару пасярод выбранай пустэчы, якую скарыстоўвалі сто гадоў для дабавак у асфальт, а цяпер зрабілі зонай адпачынку. Прайшлі па вёсцы ці гарадку (ён мае такі статус), хоць увесь ён адна- двухпавярховы, а гарадскога – гатэль на шэсць паверхаў. Цэлы дзень патрацілі на магазіны, і ўсё з-за Кудраўца, хоць я і спрабаваў супраціўляцца. Пабагацеў на рэмень, пінжак, джынсы і кепку, словам, – з галавы да ног. Пасля вячэры пайшлі пагуляць. Віллі, наш кот, пайшоў разам з намі, але па дарозе згубіўся – сустрэў сабаку і прайсці яго не змог. Ноч правёў недзе на прыродзе, сёння яшчэ не вярнуўся. Ёсць нешта карцінна прыгожае ў гэтым Гослары – усё дагледжана, засаджана, выкашана, кожны квадратны метр, можна сказаць, кожны сантыметр, а людзей не відно – хіба ў магазінах ці на вакзале. Канчае цвісці рапс, ужо не жоўты, а зялёны з жоўтымі крапінкамі. Радуюць сваімі галасамі птушкі, самая пара для песень. Пара і мне дамоў. Учора зайшлі на банхоф – знайшлі апошні білет – і той на 31-га, з Ганновера. Ці то разабралі, ці на Мінск так мала білетаў, за Мінскам жа Расея. Паўдня пайшло на кашэнне травы ў дворыку – Хельмут, Ахім, Кудравец. Машынка роўна такая, як была на Вячы і згарэла, а трава – так, трошкі адскочыла, пабілася белымі кветкамі, але пасля стрыжкі дворык стаў раўнешы, чысцейшы, прыемнейшы. Прыязджалі мой брат Жора, Галя (яго жонка). Яны ўжо з дзясятак гадоў жывуць у Германіі. Прывёз іх сын Дзяніс, іх і свайго пяцігадовага жыўчыка Юліяна. Трошкі праехалі па Гослары, заехалі ў горы на пляцоўку са сталовай і многімі сталамі і людзьмі за імі, адкуль добра відзён горад – і стары з чырвонымі дахамі, і маладзейшы, бялейшы, пасляваенны. Пасля прайшлі па старым Гослары, па яго цэнтральнай частцы, з царквой і плошчай, на якой любяць адпачываць і жыхары горада, і турысты. Дзень выхадны, магазіны пазакрываныя, нешта і турыстаў мала, хаця сталоў на плошчы шмат, ды і людзей за імі таксама. Прачытаў невялічкую кніжачку навелаў Ганны Гавальда, французкай пісьменніцы, аўтара некалькіх раманаў. Як гаворыцца ў анатацыі – сусветна вядомай (перакладзенай) на многія мовы. Не ведаю, як раманы, а навелы чытаюцца лёгка, напісаныя ў простай рэалістычнай хвалі, а, улічваючы цяперашняе літаратурнае зацішша, то, відаць, і добра. Вера прыехала з працы раней, гадзіны ў дзве. Паабедалі і паехалі ў пячоры горада Лангенштайн. Унікальнае, адзінае ў Германіі, выдзяўбанае ў гары Харц (пясчанік) паселішча, можна сказаць, вуліца на дзесяць дамоў (падворкаў). Безумоўна, усё прымітыўна ці па-першабытнаму прымітыўна, але людзі жылі ў гэтым паселішчы, гэтых дамах, у скале. Кожны дом на некалькі “пакояў” – для дарослых, для дзяцей, кухня з дзіркай-комінам, прабітым уверх, праз той жа пясчанік, каб выходзіў дым. У некаторых дамах быў закутак для жывёлы: коз, гусей, курэй. Козы пасвіліся над галавой, угары, з’ядалі траву і маладыя дрэўцы. Дрэўцы – перш за ўсё, каб не раслі і не разбуралі карэннем пясчанік, у якім і былі дамы з дзвярыма, малюсенькімі вокнамі-праёмамі. Ідэя “будаваць” такія “дамы” ўзнікла ў “пана” – ці то быў салідны фермер, ці не надта салідны памешчык, але яму належалі акружныя землі і гэтыя горы. Трохі вышэй ў іх была пабудавана-выдзяўбана крэпасць з усім неабходным для крэпасці і абароны яе. Пясчанік дазваляў весці такія “работы”, “узводзіць” пабудовы. Тое, што можна для крэпасці, чаму няможна для простай забудовы? Фермеру патрэбны былі людзі. Кругом засяваліся палі. Людзі прыходзілі, маладыя, здаровыя, а жыць не было дзе. Вось і з’явілася ідэя лезці ў гару: і грошы не трэба плаціць, і цёпла і зімой, і летам. Зімой гарэў агонь на “кухні”, потым зачыняліся “дзверы” і “вокны”. Летам усё гэта расчынялася. Людзі працавалі на палях, зараблялі грошы і потым ці будавалі сапраўдныя, нармальныя дамы, ці куплялі пабудаваныя. Праходзіла дзесяць ці дванаццаць гадоў – і ў пасёлку з’яўляліся новыя гаспадары… У лесе, у некалькіх кіламетрах ад Лангенштайна, у канцы вайны раскінуўся канцлагер – сорак чацвёрты год. Сюды звозілі вязняў з Бухенвальда і іншых месцаў, на якія наступалі савецкія войскі і войскі антыгітлераўскіх саюзнікаў. І хоць ужо 1944 год, вязняў прывозілі, будавалі баракі, сялілі і расстрэльвалі. Усяго ў некалькіх магілах пахавана (закапана) больш за 4600 чалавек – яўрэі, французы датчане, савецкія – людзі розных нацыянальнасцяў, розных верапалажэнняў. Фашысцкая машына працавала да канца. Красавік 1945 года, нямецкія арміі разгромлены, праз пару тыдняў будзе падпісаны пакт аб капітуляцыі, а тут – канец красавіка – працягваюць расстрэльваць людзей. Хадзілі ў горы. Даехалі да Ільзенбурга, гарадок на 10 000 чалавек, паставілі машыну на стаянку і пайшлі ўздоўж ракі Ільзы, каб дабрацца да скалы Ільзы з крыжам на самым версе. Некалі, у 1007 годзе, там, на мяжы адвесных скалаў, была пабудаваная крэпасць для абароны ад ворагаў. Крэпасць праз сто гадоў усё-такі развалілі. Але засталася дарога да гэтай скалы і легенда пра прынцэсу Ільзу, якая жыла на вяршыне і спускалася, каб пакупацца ў горнай вадзе ракі і прывабіць мясцовых юнакоў. Легенду некалі, у 1820-х гадах, пачуў Генрых Гейнэ, ён нейкі час жыў тут і падарожнічаў па берагах Ільзы, запісаў легенду. Цяпер на беразе ракі ёсць пешаходная дарожка, якая так і завецца – сцяжынка Гейнэ. Сцяжына прыгожая, горна-няроўная, каменная, пад нагамі, збоку, навісаюць скалы, парослыя букам і елкамі, а ўнізе нясецца, пеніцца, рвецца, вечна шукае сваю дарогу, неўтаймоўная Ільза, якую спрабуюць перагарадзіць упалыя магутныя дрэвы. Дні перад каталіцкай пяцідзясятніцай (троіцай). Пяць кірх праводзяць розныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай вельмі важнай для вернікаў падзеі, падрыхтавалі канцэрты. Кожная свой, і ва ўсіх розныя. І ва ўсіх поўныя залы людзей. Едзем у Лаўтэнталь – невялічкі ні то гарадок, ні то вёска ў падножжы адвеснай, як адсечанай, гары і проста ў гару ўваход – тунэль. Некалі гэта быў уваход у шахту, у якой здабывалі срэбра, свінец, цынк, і цягнулася гэта вякамі. Недзе пачынаючы з чатырнаццатага, спачатку з кіркай і ломам, пасля з адбойным малатком. Пад канец шахцёраў вазілі ў шахту на міні-паравозіку ў летніх вагончыках-клетках, дзе можна было памясціцца, толькі прыціснуўшыся адзін да аднаго. Працавалі мужчыны, працавалі жанчыны, працавалі дзеці з дванаццаці гадоў. Больш за ўсё атрымлівалі інжынеры – 2-3 талеры, майстры – 1 талер, далей ішлі здабытчыкі – да 80 грошаў жанчыны, што працавалі са здабытай пародай, зараблялі грошы ад аднаго і вышэй. Максімальнае жыццё здабытчыкаў абмяжоўвалася 35-38 гадамі: пыл, грукат, свінец… Шахта даўно не працуе, стала нечым накшталт музея, месцам экскурсій для турыстаў – нешта расказваюць, нешта паказваюць, даюць шахцёрскія шлемы, грузяць у вагончыкі цягнічка, нібы тых шахцёраў, вязуць на гару, зноў расказваюць, паказваюць. І тут, у глыбі зямлі, дзе тэмпература і зімой, і летам +12, дзе навісаюць, абступаюць, заціскаюць скалы – каменне, дзе нават цяпер, пры вентыляцыі, даволі няпроста дыхаць, пачынаеш разумець, якой цаной давалася тое срэбра і якая цана была чалавеку і чалавечаму жыццю. Наш экскурсавод, ён жа машыніст паравозіка, вясёлы мужчына гадоў пад сорак з прыгожай шырокай барадой, сказаў, што і яго дзед, і дзедаў дзед працавалі на гэтай “Лаутэнталь-глюк”(“шчаслівая гучная даліна”), і вось ён тут працуе. У гары знайшлі цынк, шукаюць далей, можа, шахта яшчэ “задыміць”, дасць яшчэ агню людзям. Паездка ў Вернігеродэ (35 тысяч чалавек), адтуль на паравозіку па вузкакалейцы на Брокэн3 (1142м), назад у Вернігеродэ і на двайным аўтобусе ў замак-музей Вернігеродэ… Перад паваротам ракі Ільзы на раўнейшыя і сушэйшыя мясціны перад Ільзенбургам, стаіць драўляны ўказальнік, абкладзены камянямі: там дарога, там горад, там горы… І задумалі Вера і Хельмут праехаць туды, куды паказвае стрэлка, – у горы. Праехалі некалькі кіламетраў, спыніліся. Блізкая восень, асыпаецца лісце – барвовае, сухое, бук шчодра дзеліцца ім. А сярод гэтага лісця і пад ім – баравічкі і маленькія, і большыя, але ўсе чыстыя, здаровыя, і чым далей – іх усё болей, быццам тут нікога ніколі не было, і грыбы чакалі, калі па іх прыедуць Вера і Хельмут. Мы не прывыклі мераць баравікі кілаграмамі, болей штукамі, але Вера і Хельмут набралі іх аж 17 кілаграмаў! Сямнаццаць кілаграмаў… І нечакана падумалася: можа, Ільза спускалася з гары не толькі, каб пакупацца ў горнай вадзе, а і пашукаць баравікоў?.. comments powered by HyperComments |