…І будаваць надзеі храм
* * * У маёй галаве – цэлы свет існуе, які разам са мною сканае. Трэба неяк яго ўратаваць – волю даць, вонкі выпусціць, покуль не позна…
ЗАЗІМАК На вуліцы – паўзімы. Там – дрэвы, нібы хімеры, нахохленыя дамы, гандлёвых радоў галеры;
ледзь-ледзь – нібы ўроскід – снег, бы з зор рассыпаны ўночы… Як быццам прачнуўся ў сне і з явы за сном тым сочыш.
Ссівелая стынь травы. Скалелыя рукі клёна. Настылы свет, паўжывы, стуляе вейкі стамлёна. 16 лістапада 2011
* * * Дзікія качкі целам сваім саграваюць палонку ў канале, не даюць зімнай плыні застыць канчаткова… То падступае лёд, то адступае, а яны, сабраўшыся граем, грэюцца-раяцца: як выстаяць ім застуду? На жаль, жалобны жолаб жыцця звужаецца на даўжыню знядужаных крыл… 7 лютага 2021
* * * Я часта думаю пра мёртвых, якія мне былі бліжэй, калі ім быў аптэчны морфій за ўсё на свеце даражэй.
Чапляцца за жывых без сэнсу – як будаваць надзеі храм, дзе па табе адслужаць месу, якой ужо не ўчуеш сам. 28 сакавіка 2010
* * * Купіў насценны каляндар, прысвечаны Алесю Разанаву. Прыладзіў у вітальні. Апранаючыся перад выхадам, заўжды сутыкаюся з яго строгім класічным позіркам. –Ты куды? – пытаецца ён. – У свет, – кажу, – бо знялюдзеў на адзіноце… Вярнуўшыся, зноў апынаюся перад яго вачыма. – Ну, што новага ў людзях? – пытаецца ён. – Анічога… – адказваю я роспачна, нібы сам вінаваты ў гэтым.
І скрушна перакідваю чарговую старонку календара… 27 кастрычніка 2022
НА КАЛЯДЫ У мамы былі бабуліны кросны, ткала яна то капу, то дыванок… Днём зімовым ясным, марозным стукалі бёрды і плаваў чаўнок…
Я, малы, але самы старэйшы, гартаў на печы Купалаў том і пад дзедаў кашаль старэчы там забываўся дзіцячым сном…
І вось праз столькі гадоў прачнуўся: няма ні мамы, ні кроснаў тых, і толькі я на імгненне вярнуўся да дзён, сатканых з хвілін былых… 2 студзеня 2016
У ВЯНОК ПАМЯЦІ НІНЕ МАЦЯШ Хто не ходзіць, той – лятае (люд шануе, Бог – вітае).
Ад бацькоўскага камля: табе – неба, нам – зямля.
Мы з утомы – да падушкі, а табе – хоць бы ў пастушкі… Нам – вясельны хмель гурбы, табе – сонмішча журбы. Плач разбудзіць нас дзіцячы, Ты ж сама заб’ешся ў плачы…
Днём зямны мы торым шлях, ты ж свой творыш па начах. Зерне літар родных сееш на загон свайго дысплея, праз світальны манітор вылятаючы ў прастор…
А ўзлятала ты высока, што не раз знікала з вока… Сёння вось – зусім прапала… Бог паклікаў, сіл не стала?
Калі – так, прашу я ў Бога, каб судзіў цябе не строга не таму, што ты нябога, а таму, што ў родным краі дастаткова ўжо каралі. Пацягалі тут па пекле – памяць, мову й годнасць секлі…
Ты ж, Тварэц, памылку выпраў – адмыслуй, дзе схібіў прыкра.
Дай ёй Там з народам гожым пахадзіць па Раі Божым… 25 снежня 2008
СТАРАСЦЬ Ад страты памяці і слоў сыходжу ў царства мрой і сноў… Там ясны свет і чысты подум – і смерць адкладзена на потым. 9 верасня 2021 comments powered by HyperComments |