…мяжа імперыі заўсёды праходзіла там, дзе слова сутыкалася з паперай…

— Аляксандар Лукашук

ТЫСЯЧА І АДНА ФРАШКА

 

Урны

(паслявыбарнае)

Нашчадкі вочы ўтаропілі,

застылі між экспанатаў:

– Што гэта?

– Урны, і кожная ў попеле

спаленых кандыдатаў.

 

Міфалогія

Я прызнаўся даме ў каханні,

намякаючы на інтым:

“Ці магу, нібы Зеўс, да пані

я прыйсці дажджом залатым?”

 

А яна смяецца гулліва:

“Вершатворца, будзь мужыком,

а калі зусім немажліва

нам без міфаў, прыходзь быком!”

 

 

*  *  *

Як розняцца людскія лёсы:

хто піша вершы, хто даносы,

а хто другое разам з першым –

даносы выкшталцоным вершам.

 

 

Ідэалогія аднаго пісьменніка

Не марксіст і не католік –

прававерны алкаголік.

 

Наканаванасць

Тут бяссільны прымус і вырак,

курсы крытыкі і дрэсуры.

Гэты вырасце й будзе сатырык,

той – начальнік аддзела цэнзуры.

 

 

Пра людзей

У людзей няшмат паўнамоцтваў:

новы гімн – ці турэмныя шлягеры.

Вось ты ў лагеры пераможцаў,

а пасля ў пераможцаў – у лагеры.

 

 

Радасць плагіятара

Сяджу ў бібліятэцы, адводзячы душу:

чытаю свае вершы – якія напішу!

 

 

Фрашка

Жонка прыехала ў госці нарэшце –

цэлы курорт абмяркоўваў патрошку,

як мы ўдваіх, бы жаніх на нявесце,

тыдзень і два не вылазілі з ложку.

Месяц кахаліся мы ўсё нястомней…

Класік пісаў, што нуду абуджае

жонка ў мужчыне. Наіўны!..

 

P.S. Не помню,

ці я казаў вам, што жонка чужая?

 

 

Фрашка

Раз на нудысцкі пляж зайшоў у паліто

эксгібіцыяніст – сышліся дзве культуры.

Ім паказаў усё, а гадам – хоць бы што…

Ён закрычаў: “Банзай!” – і выскачыў са скуры.

 

 

Пра некаторых

“Ідзем да Хрыста!” – яны хваляцца горда.

Навошта? Каб крыкнуць: “Жыдоўская морда!”

 

 

*  *  *

Баляць галовы і ў святых

ад німбаў залатых.

 

 

*  *  *

Жабракі на катэдральным цвінтары

не жабруюць – атрымоўваюць дары!

 

 

Непаразуменне

На холадзе пляскаў, каб рукі сагрэць, у далоні.

Праходзіў актор – і схіліўся ва ўдзячным паклоне.

 

 

Кожнаму штосьці належыць

Кожная хвойда

свайго мае Фройда.

 

Кожная гніда –

свайго Парменіда.

 

Кожная чарка –

свайго Петрарку.

 

Кожная вена –

свайго Шапэна.

 

Кожная здрада –

свайго дэ Сада.

 

Кожная страта –

свайго Герастрата.

Кожная ср…ка –

свайго Бальзака.

 

А кожная нага –

свайго Дэга.

 

Кожная ў свеце штуковіна

мае свайго Бетховена.

 

Кожны жывы мае нешта.

Астатнім – рэшта.

 

 

Цяжкасці паразумення

“Куды ты спяшаеш?” – у хвалі пытаю,

ды за паварот адплыла хваля тая,

а іншая, што наўздагон ёй цячэ,

пытання майго не пачула яшчэ.

 

 

Сатырычныя лаўры

Сатырыку ўпляце ў вянок лаўровы ліст

пабіты ў вершыках удзячны мазахіст.

 

 

Адноснасць

У сараканожкі – гора:

трыццаць дзевяць мае ног.

Горка скардзілася ўчора,

што няроўна дзеліць Бог.

 

 

Скрозь слёзы

Не кожны ідал неўміручы,

не з кожнай дупы выйдзе дучэ,

не ўсім венерыкам – Венеру,

не ў кожнай сральні быць пленэру,

не кожны шыбенік павешаны,

не ўсе прарокі пішуць вершамі,

не кожны Бог – занудны клірык…

А то б усім – смяротны вырак.

 

 

*  *  *

Цікава, калі ўрэшце пазнаёмяцца

унук паэта з цэнзара нашчадкам, –

каму з унукаў прыйдзецца саромецца,

каму – хваліцца дзедавым заняткам?

 

 

*  *  *

Запытаўся гарбун асвечаны:

“Ці бязгорбы вярблюд – скалечаны?”

 

 

Графаману

Усякая Муза – жанчына,

што любіць прэзент, камплімент,

ды гвалціць яе – злачынна,

тым больш, калі ты – імпатэнт.

 

 

Папярэджанне

Герастрат – цяпер паэт, што безгаловым

паліць сэрцы. Нецэнзурным дзеясловам.

 

 

Пра салідарнасць

Вальтэра купіў нашай моваю,

бо мёртвых калег падтрымоўваю.

 

 

*  *  *

Напісанне гімнаў і пэанаў –

спецыяльнасць нашых графаманаў:

так багоў малюе верш хвалебны,

што сатырык болей непатрэбны.

 

 

Пра фрашку

Як фрашку перажыў герой яе гаротны?

Ледзь не памёр, але зрабіўся несмяротны.

 

 

Ноч

Паэт сніць водары нязнаных нам батанік,

зрываючы ўва сне з русалкі лёгкі станік,

сніць, як па небе цмок ляціць дзівосным дзівам,

і смачныя сыры з халодным моцным півам,

і салаўіны спеў, як месяцовы лівень…

Сніць, і ўсю ноч дрыжыць – і чэшацца ўвесь жнівень,

бо зноў пасцельны клоп, глухі да песні боскай,

прыпаў да генія сваёй душою плоскай.

 

 

Пра Зоську

Зоська-манашка шчыруе ў мальбе.

Злітуйся, Божа, з самога сябе!

 

 

На могілках

Ходзіць фартуна вядзьмаркай касою.

Смерць не чытае газетаў і кніжак:

як непісьменная цётка з касою,

подпісы ставіць – за крыжыкам крыжык.

 

 

Між паэтамі

  1. Версія для далікатных

З ніваў чужых ты збіраеш свае ўраджаі.

– Гэта абраза? – Ды што ты, метафара не абражае.

 

  1. Версія для таўстаскурых

Крадзеш ва ўсіх, не шкадуеш ні лаўраў, ні пенсій.

– Гэта абраза? – Ды што ты, я ў пераносным сэнсе.

 

 

Парадокс

З кожным годам пытанне

гучыць у душы ўсё трывожней:

“Калі ж апошняя навалач стане

навалаччу апошняй?”

 

 

Пра моду

Мы ў тонусе й добрым тоне,

глядзім у часопіс новы:

з чым у гэтым сeзоне

трэба насіць галовы?

 

 

Супраць адкрыццяў

На Месяц? Але не са мною,

мне досыць паверхні зямное,

для космасу я стары.

Бо хтось яшчэ вернецца з Месяца

і скажа: “Там шмат чаго змесціцца,

збудуем там лагеры!”

 

Магіла паэта

Сюды спяшаецца паломнік,

як да кастальскае бруі.

Стаіць абкаканы ўвесь помнік.

Не страшна. Гэта салаўі.

 

Слоган

Пацярпеўшы перамогу, свой шалом

патрыёт здае ў металалом.

 

 

Пра паэта

На шостым тварыў пачуцці.

Бо першых не меў пяці.

 

 

Пра нейкую

Столькі цноты ў гэтай лілеі,

аж сама ад нявіннасці млее.

 

 

Або – або

Быць лэдзі – тады ўжо Гадзівай.

Быць сучкай – тады ўжо праўдзівай.

 

 

Хлеб наш надзённы

Дзеля хлеба, толькі дзеля хлеба

з кімсьці і катлету з’есці трэба.

 

 

Пра вакацыі

Адпраўляем думку ў адпачынак.

Каб не намякала нам на ўчынак.

 

 

Пра нябожчыкаў

Бывае, нябожчык ніяк

не сцяміць, што ён мярцвяк.

 

 

Класіфікацыя

І нават найвышэйшы рангам

асёл не зробіцца мустангам.

 

 

*  *  *

Хто спецыялісты ў справах веры?

Люцыферы.

 

 

Пра механіку

Дасканалай машынкай зрабіў яго страх:

адкрывае душу – пры замкнёных дзвярах.

 

 

Указальнік

Усе дарогі – да Рыма.

Кожнай можна праехаць міма.

 

 

Пра намеры

Не асуджайце мужчынаў, паненкі і пані!

Іхні намер празрысты, як вашыя ўбранні.

 

 

Дзяўчыне

Твае вочы мне ззяюць згубаю.

Твае вусны прарочаць файнае.

Адыдзі! Праз цябе, мая любая,

эпігонам зраблюся Гайнэ я.

 

 

Злачынства і пакаранне

Ён чытае ёй вершы – мае, як свае,

а яна яму сэрца навек аддае,

і ніякая песня мая ўжо не ў стане

ліхадзея ад ейнага збавіць кахання.

 

 

Пра час

Ахвяра і кат –

дзве стрэлкі, адзін цыферблат.

 

 

Пра ваўкоў і авечак

І сытыя ваўкі, і цэлыя авечкі,

бо сёння гусакі, а заўтра чалавечкі.

 

 

Герой!

Адным пальцам усіх перамог у баі вырашальным.

Бо той пальчык быў указальным.

 

 

Пра снабізм

І ў мышынай дзіры

жывуць снобы: шчуры.

 

 

Пра адказнасць

Кожны каменьчык лавіны

лічыць, што ён нявінны.

 

 

Пра органы слыху

Як вухам пачуць немагчыма,

то бліжнія чуюць вачыма.

 

 

У ціхім лесе

У ціхім лесе паляўнічы ўзвёў курок.

Ліс адказаў: “Я зразумеў намёк!”.

 

 

Датклівы

Сам не паліў людзей, а толькі дровы нёс,

і вельмі мучыўся, што дым казыча нос.

 

 

Ключавое

Знайдзіце ключы хутчэй

для адкрывання вачэй.

 

 

Прывыканне

І прынцэса на гарошыне патроху

пятай кропкай прывыкае да гароху.

Што казаць пра чалавечыя галовы,

менш пяшчотныя за ніжнія паловы.

 

*  *  *

Вясна, лета, восень, зіма,

Вясна, лета, восень, зіма,

Вясна, лета, восень, зіма,

Вясна, лета, вось…

І нас няма.

 

 

Пра двух нябожчыкаў

Той загінуў, як Гектар,

гэты жыў, як дырэктар.

 

 

Інфармацыя для роздумаў

Нават з Эльдарада, шчыра вам кажу,

жыхары ўцякаюць за мяжу.

 

 

Тысячы год

Тысячы год, як плывуць, абмінаючы рыфы,

разам міфічная праўда й праўдзівыя міфы.

 

 

Напэўна ж!

Каб далі нам бочку Дыягена,

доўга б не стаяла ў нас пустой:

бочку Дыягена вокамгненна

мы напоўнім вогненнай вадой!

 

 

Пра святасць

За святыя німбы

гэты біўся з тым бы.

 

 

Аптымістычная фрашка

Для кожнага асла

дзесь траўка падрасла.

 

 

Пра планаванне

Змяняюцца багі – і ўжо ўзгаднілі мы,

каму блюзнерыць, а каму пяяць псалмы.

 

 

Пра дарогі

Каб хоць нехта з нашых начальнікаў

галавой зразумець бы змог:

лепш дарогі без указальнікаў

за ўказальнікі без дарог.

 

 

Руплівец культуры

– Цяжка арэцца культурная ніва?

– Я толькі ўгнойваю, – хмыкнуў ляніва.

 

 

Time is money

“Ці ты ўжо на сёмым небе? Падай хоць маленькі знак!” –

на пахаванні секунды лічыў спадкаемца-сваяк.

 

 

Твар

Твар палітычнага ладу

добра відаць толькі ззаду.

 

 

Законы фізікі

Цяжка паціху-памалу

грымнуцца з п’едэсталу.

 

 

Роздум

Кепска будзе нам, грэшным, нягеглым,

калі неба дамовіцца з пеклам!

comments powered by HyperComments