* * *
Паўсюдна піліцца бабло,
А ты прыгожая такая.
Цябе я з танцаў сустракаю,
ды помню: піліцца бабло.
Твой кожны вершык – пра каханне.
У ім твой роздум і настрой,
Як ты са мной, альбо з сястрой.
Таннеюць акцыі кампаній.
Паўсюдна піліцца бабло,
І грошы дзеляцца няроўна.
А ты адна, як Бандароўна.
І што мяне з табой звяло?
Не яго дзэн
Ці сумуеш па волі,
Ці так з гора пучыць,
Толькі неяк не складваецца жыццё.
Быў не меней не болей,
Чым проста папутчык
І трымаў у сабе пачуццё.
Не заводзіў спантанны
Ілжывы раманчык,
Немужыцкі як бавіў свой час.
Калі раптам спыталі:
– Ды усё-ткі рамантык?
Адказаў:
– Можа быць,
па начах.
Па вачах не пабачыць,
Што так непакоіць
I выводзіць са стану у дзэн.
Не аматар сабачкаў
І зусім не па коціках.
Проста сёння быў не яго дзень.
30 коцікаў
Табе праз тыдзень дваццаць тры,
А гэта значыць, хутка трыццаць.
Таму свой прынцып “толькі з прынцам”
Ты лепш трымаеш унутры.
Ну хай бы проста нехта быў
Надзейны, а не так, нядзельны,
Каб прасаваць яму адзенне
І смажыць з бульбаю грыбы.
Але ж ты хочаш, каб было
З ім і цікава, і прыемна,
Абавязкова узаемна,
І каб да нечага вяло.
Як цяжка выбраць варыянт,
Бо кожны мае свае хібы
І толькі папраўляюць німбы
Адзін – цяля, другі – вар’ят.
І ў ложку лежачы з адным,
Мяркуеш, можа, лепей іншы.
А як у выніку так выйшла,
Што ты не з гэтым і не з тым?
Каму і як сігналіць SOS,
Што нешта выбраць так нялёгка?
А трыццаць коцікаў здалёку
Табе мяукаюць твой лёс.
* * *
Твой рэтраградны Меркурый –
Лепшая з горшых прычын
Зноўку ад тэмы культуры
Ўцячы.
Чым гэты горад трымае,
Што не сысці нікуды?
Цягнецца сцежка прамая
Туды,
Дзе так, як трэба і варта,
Дзе ёсць каханне і сэкс.
Кажаш не дзякуй упарта,
А thanks.
Будзеш і шчыра і проста
Без выпадковых навін
Шчасце ад новага ўзросту
Лавіць.
Немужыцкая
Мне імя тваё неўміручае
Штораз чуецца варыяцыяй:
Лізаветаю мілагучнаю
Ці Альжбэтаю з іншай нацыі.
Не сядзіцца ёй, не ляжыцца ёй –
Увесь час за шляхамі-вандроўкамі.
Тваё прозвішча – немужыцкае,
А шляхетнае, з ноткай роўмінгу.
І у верасні, і у студзені
Вочы свецяцца дзіва-зорамі.
Зноў цягаешся з тымі будзьмамі
Дням-ночамі ды выходнымі.
З нейкай прагаю сонца босае
П’еш і болей усё табе хочацца.
Ты гісторыю нашу коскамі
Пазначай, бо яна хутка скончыцца.
* * *
Болей сэнсу не ў тым,
каб сыходзіцца, а сыходзіць.
Задыхацца ад нематы
Нібы хворыя на сухоты.
Не прасіць ні аб чым
І даваць без патрабаванняў.
А пасля ўначы
Заставацца адному ў ванне.
Спяць у ложку каты,
Скочуць зранку галодныя.
Мне бы даць лататы
Ад усмешкі лагоднае.
І глядзець, і сачыць
Каб не ведала нават.
Так сумуе ўначы
Па Зямлі касманаўт.
* * *
З такіх цаглінак, як ты,
Будуюць сцены.
Ў кватэры граюць каты
Начныя сцэны.
Іх традыцыйны фінал
Бліжэй да ранку.
Адкрый бутэльку віна,
Закрый фіранку.
З табой адзін негатыў
Апошнім часам.
Жывуць са мною каты,
Хоць лепш сам-насам.
Чыя урэшце віна?
Спытай у Франка.
Наш традыцыйны фінал
Бліжэй да ранку.
Змяні ды пералічы
Свае лекалы.
Я зразумеў уначы
Усяго Шагала.
Дваццаць чатыры
Людзей здзіўляю, сам дзіўлюся
І не стамляюся штодня.
Ніхто б не здолеў, не адняў
Мой шар у лузе, шару, лузер.
Штодня гляджуся у люстэрка
Ды сам сябе не пазнаю.
А час ганяе плынь сваю.
І што з чаго, вядома зверху.
Сумую па табе, але
Кайфую, калі нешта штырыць
Я шчасны: мне дваццать чатыры
А лепшае усё – далей.
* * *
Давай мы так паступiм:
Паеду на наступным.
А не – дык застануся.
Цi гэта думка stupid?
Давай, калi нарэшце
Усё у нас дарэчы,
То захаваем magic
Апошняе сустрэчы.
Нявiнныя навіны.
Ты верыць не павінна
Нібыта нас звязала
Якая пупавіна.
Табе мяне не хопіць,
І мне бы не сыходзіць
І піць з табой да ранку
Нясмачнае сухое.
Але запомніць момант
Галоўная умова
І гэта усё сам насам
перажываць нанова.
* * *
Хай праз гэтыя танцы цябе няма,
Я не буду лічыць нястачы.
Дарма.
Танчы.
Да цябе не прыйду на адкрыты ўрок,
Не схаваю ў кватэры цюльпаны.
Скок
Панны.
Замінала мне нешта. Танцор я благі.
Толькі ён няхай будзе лепшы.
Другі.
Першы.
* * *
Было каб галоўнае, з кім
Падыхаць марозам марскім,
А там ужо знойдзецца, дзе
Глядзець на усход па чарзе.
Падзелены хмарамі на
ЗвычАй і на неверагО.
А дождж – проста лівень, сцяна,
Нібы акіян з берагO.
Халодным дыханнем сваім
Працягне амаль да касцей
І хочацца мёрзнуць у ім,
І хочацца дыхаць часцей.
Каб потым у потны пакой
Узяць накірунак прамы
І злегчы з ангінай якой
На светлыя святы зімы.