Я́НА
Я баюся, што хутка нічога не звяжа нас: ані вершы, ні грошы, ні тое заўважнае, што трымала, але перастала трымаць. Я калісьці так проста спраўляўся з трыма, а цяпер і з адною табою так цяжка.
Успамінам ляжаць у шуфлядзе падцяжкі. Ты не чула нічога, як вас было трое, а цяпер адчуваеш ўсе змены ў настроі. Што той вобраз між намі ўвесь час паўстае. Чый? Яе.
ФортэпіЯна Тыя, што выйшлі з вады сухімі, тыя, што былі заўжды ў спакоі, забыліся, што нараджаецца хімія, калі застаюцца двое ў пакоі.
Ранкам раўнуеш да ўсіх азіятаў. Больш да бліжэйшай самай. Дарма бяжыш з артпраектавай хаты, дарма.
Будзе даваць нам фальшывыя ноты подлае чорнае белае. Горш, што цяпер ад тваёй адзіноты я адзін бегаю.
Новым кватэрам бы шчасце старое. Ў ложак упасці б разам. Толькі размовамі вечаровымі болей прыдбаем абразаў.
Можа вялізнае стала валізнае, тое, што мусіць адбыцца? Перамяшаліся з бруднай бялізнаю так, што цяпер не адмыцца. ВУДУ
Ты катуй яго шчырасцю, калі ласкай, гавары, што ён лепшы на свеце хлопец. Будзь з ім побач паўсюль: і ў Глыбокім, і ў Глазга, і пабачыш, на колькі ўпартасці хопіць.
Ты трымай яго хітрасцю, рабі выгляд, што табе падабаюцца яго ўчынкі, а калі гэта птушка папросіцца ў вырай, то ўсё да апошняга кораня вырві, і яму не захочацца больш далячыняў. Не прасі дарыць кветкі, кампліменты сама яму гавары і сама яшчэ пішы вершы. Ды трымай пад сабой, як пад ігам Мамая, а пасля, калі нораў ягоны зламаеш, усміхніся і моўчкі палыпай вейкамі.
Калі рыбка патрапіла на тваю вуду, ляльку вуду трымай у руках сваіх моцна. Ты адна ў яго зорка, што свеціць паўсюдна. Яму болей не трэба іншага сонца.
МАРОКА Чарнявае дзяўчо з Марока Збірае рыжыя, як ты. І нават ад начнога змроку Гараць ад оранджаў сады!
І старажытныя багіні На ліру памянялі цытру. Давай бульбяны край пакінем, Калі нам свеціць рыжы цытрус. Lа pomme de terre і апельсіны – Па сутнасці звычайны яблык. А варыянт заўжды адзіны, Калі ў радок кладуцца ямбы. ДЖАЗ-МАДЭРН
Ты босая і лёгкая І нейкая далёкая Глядзіш не “на”, а “паўз”. У рэдкім рытме паўз.
Ў паветры нешта лётае, А ты такая лёгкая, Што прыпыняеш час, Як танчыш гэты джаз,
Свой джаз-мадэрн паўторна, Ў чацверы і аўторкі. А побач людзі лётаюць, Як на фуршэце лёкаі. А ў вачах і музыка, А ў вачах і рызыка, А гузакі як гузікі. Тут непатрэбна фізіка. А дома ў інтэрнаце На цёртым ламінаце, Як на вялікай сцэне Ты зноў у джаз-мадэрне. КАЛІ ЗГУБІШ КЛЮЧЫ…
Збітыя калені, Як сінонім танцаў. Наша пакаленне Не чытала стансаў.
Вуліцай забытай Прыпыні трамваі. Пакідай адбітак Тым, хто не трымае.
Рэкі маюць вусці, Ды свае вытокі. Хочаш вусны ў вусны? Робіш рукі ў бокі.
Мы з табой такія Смелыя нібыта. Тым, хто не пакіне, Пакідай адбітак.
* * *
Выпадковай сустрэчы Ўдар пад дых. Гронкі спелых парэчак Чакаюць тых,
Для каго ты і я Ў гэты свет прыйшлі, Для каго акіян Значна менш зямлі.
Недзе ў сонечнай Індыі Спяць сланы. Нехта бачыў і выдаліў Нашы сны.
Я такія гісторыі Раскажу, Як мы ранкам на моры І хваляў шум. Да цябе іду з краскамі Ўваччу. Будзь са мной калі ласка, Калі маўчу. Будзь са мною і ў згодзе, І ў журбе Толькі свет не народзіць Адну цябе.
* * *
Гэта не зразумее ніхто апроч, як разводзілі дні і яднала ноч. Як пад коўдрай адной засыналі хутчэй і хацелі яшчэ. Гэта не зразумее, але каму нам тлумачыць, як варта пражыць зіму. Тут звычайная справа: альбо зімуй ці сумуй. Я сумую, і ў суме было нас больш. Выпіваю ўспаміны свае нагбом. Палароід каштуе зашмат уе, але шанцы дае. Пакідаць фотаздымкі амаль штодня. Тваё месца яшчэ ніхто не заняў. Пацалункі з каханкамі не лічу. На НГ да цябе не лячу. Толькі нібы памёр недзе мой вар’ят. Так спакойна пралічваю варыянт. Хай бы лепей спазняцца на цягнікі ў час такі.
* * *
Нейкі незразумелы сум, хоць я добра ведаю сам, што ўсё гэта звычайны сон, а я дома ў мамы сын.
А ты недзе далёка так, што між намі аж процьма тых і не тых. Выбіраю з трох тую, што вырабляе ток.
Выраб зроблены – незалік. Высыхаў на пазногцях лак. Я лаўлю твой чарговы лук. Тэлефон выпадае з рук.
БЛІЖЭЙ ДА РАНІЦЫ
Бліжэй да раніцы Яно здараецца І накрывае Мацней за коўдру. Бліжэй да раніцы Ўсё ўспамінаецца І адчуваецца Даволі добра. Бялі някепскімі, Цяпер аскепкамі Мы разляцеліся, Што больш не склеіш. Пакінь налепкамі, Ратуйся лекамі, Якія маеш, Ў якія верыш. А вершы пішуцца, І ўсё здараецца Бліжэй да раніцы, Далей ад ночы. Адкрыў Манілаўку, На новай станцыі Ратую стансамі Каго захочаш.