Новы нумар!

Адкрывае першы ў 2019 годзе нумар нізка вершаў Вольгі Гронскай “заВершанае”. Таксама з вершамі ў нумары выступаюць Віктар Ярац (паэма “Зіма без мамы”), Вольга Гапеева (нізка “Чорная яблыня”), Анхела Эспіноса Руіс (нізка “Я прыйшла з ніадкуль”), Кацярына Сянкевіч (нізка “Бачу цябе”).
Празаічны блок “Дзеяслова” распачынае Вінцэсь Мудроў з апавяданнем “Дом творчасці”. Зараслава Камінская прэзентуе абразкі пад агульным загалоўкам “Святочнае”. Друкуюцца апавяданні Сцяпана Сяргея і Віктара Варанца.
Па выніках конкурсу “Экслібрыс”, які летась быў прысвечаны 100-годдзю абвяшчэння БНР, друкуюцца творы пераможцаў – Яўгена Аснарэўскага, Змітра Астроўскага, Андрэя Кулеша.
Рыгор Сітніца раскрываецца ў нумары і літаратуры як драматург, прэзентуючы драму ў дзвюх дзеях з пралогам і эпілогам “Фармат Вечнасці”.
У нумары друкуюцца пераклады знакамітага летувіскага паэта Томаса Вянцлавы ў перастварэнні Лявона Баршчэўскага, апавяданняў О. Генры (у перакладах Таццяны Ждановіч і Сашы Сайкоўскай), а таксама – пачатак афарыстычных запісаў Станіслава Ежы Леца “З непрычасаных думак” (пераклад Міхася Мірановіча).
У блоку нон-фікшн друкуецца другая частка этнаграфічнай працы Эмы Яленскай “Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце” ў перакладзе Уладзіміра Васілевіча, пачатак згадак Кастуся Цвіркі “Мой дзве тысяча шаснаццаты”, працяг кнігі Валянціна Акудовіча “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” (гэтым разам “хронікі беларускага інтэлектуала” прысвечаныя Бум-Бам-Літу).
Таксама друкуюцца артыкулы Таццяны Кабржыцкай, прысвечаны “волату ўкраінскага Адраджэння” Кліменту Вітку і яго ўзаемадачыненням з Беларуссю, Васіля Дранько-Майсюка “Душагуб беларускай сцэны” – пра Уладзіслава Галубка, эсэ Вольгі Бабковай “Грушаўка і Падгрушша”, Марыны Яўсейчык “Замова ад «вавка»”.
У рубрыцы Мастацтва Уладзімір Сіўчыкаў піша пра “сонечнага творцу” Уладзіміра Макарава.
Павал Абрамовіч выступае з рэфлексіямі “Мой чытацкі лёс”.
Леанід Галубовіч разглядае кнігу Міколы Пракаповіча “Прытулак памяці”.
Завяршае нумар традыцыйны агляд навінак на кніжных паліцах “Дзеяслова”.
Ілюстрацыі на вокладцы знакамітага мастака-каліграфа Паўла Семчанкі.
 

НАВАГОДНЯЕ ЧЫТАННЕ: «ДЗЕЯСЛОЎ-97»
Неўпрыкмет мінуўся яшчэ адзін год стваральнага жыцця ў беларускім сучасным літаратурным працэсе. Шмат напісана і нямала выдадзена. І нават калі браць па вялікім рахунку – сярод усяго гэтага ёсць таленавітыя, адметныя і вартыя шырокай чытацкай увагі творы нашых паэтаў, пісьменнікаў… і крытыкаў.
Хоць чамусьці менавіта апошнім, бедным, якраз і дастаецца найбольш таго самага пякучага выспятку. За што? А за тое, што ўсё-ткі не ўсё напісанае і выдадзенае вартае чытання і ўхвалы… М-да…
Іншая справа – часопіс. Да прыкладу – “Дзеяслоў”. Тут ёсць разнастайны жанравы выбар. Таму нешта ды знойдзецца для чытання на ўсякі густ. Нават для самых што ні на ёсць літаратурных гурманаў. Ну вось хоць бы і ў гэтым 97-м (6-м) нумары.
Пераднавагодняе выданне адкрываецца публікацыяй перастварэння “Каляднай казані” Лявонція Карповіча са старабеларускай мовы, зробленае вядомым сучасным паэтам Алесем Разанавым. Л. Карповіч (1580–1620) – паэт-публіцыст і вядомы царкоўны дзеяч (узначальваў антыўніяцкае супрацьстаянне ў ВКЛ), народжаны ў Пінску (памёр у Вільні); быў архімандрытам брацкага праваслаўнага манастрыра Святога Духа ў Вільні, таксама меў датычнасць да навучальнай і выдавецкай дзейнасці, у прыватнасці, да выдання кніг Мялеція Сматрыцкага. Перастварэнне, як мне падаецца, надало “казанню” свецкасці, жывой логікі, душэўнага цяпла і той простасці, што закранае глыбіню сутнасці зямнога чалавечага жыцця і яго духоўнага працягу ў боскай вечнасці…
Ці многія з вас,
праваслаўныя хрысціяне,
падрыхтавалі свой розум
ды ад зямных
уяў аддалілі?
Ці многія з вас адчулі
патрэбу свой дом душэўны
абмыць ды ачысціць выспавяданнем
грахоў сваіх і пакаяннем
праўдзівым, ад сэрца, і ўжо
гэта зрабілі?
……………………………………
Дык чаму
душэўны твой дом застаецца
такі занядбаны?
Чаму не ачысціш ніяк
ад бруду і цвілі сваё начынне?
Калі, вось, на лаву
альбо на стол сядзе
пляма якая, яе сціраеш,
чаму ж тады не зважаеш
на плямы, што на душы,
і самохаць сябе пазбаўляеш
боскіх дароў? Хіба
не ведаеш, што кірмаш
жыцця нашага дужа кароткі
і хутка ўжо скончыцца,
а ты нічога
яшчэ не набыў?!
Нізку адмысловых вершаў рознай тэматычнай скіраванасці – ад грамадзянска-палітычных да пачуццёвай лірыкі – прапануе чытачу Уладзімір Някляеў. Творы – дасканалыя па версіфікацыі, вытанчаныя па майстэрству і стылю, напоўненыя зрушлівым і ўзвышаным духам, аднак пазнавальныя і прадказальныя карэннымі праявамі, што вынікаюць са шматгадовага вопыту літаратурнай творчасці і грамадскай працы. Вось адзін з такіх вершаў:
Сарвалася ў бездань дарога,
І я азірнуўся ўначы:
За спінай маёй анікога.
Хоць крыкам крычы –
Ніхто мне вяроўку не кіне,
Ніхто не працягне руку!..
А недзе
Агонь у каміне.
Каханая на скразняку.
Вельмі актыўны апошнім часам пісьменнік Віктар Казько. Чытачам прапануецца аповесць “Як я “рабіў” шпіёнам у Нью-Ёрку”. У гэтым тэксце так шмат фактычнага матэрыялу і фігуруе каля дзясятка сапраўдных імён, таму я не ведаю, чаму ён названы аповесцю, а не, скажам, эсэ альбо яшчэ якім мемуарным жанрам. Аднак – аповесць. Пра што? Пра былога савецкага чалавека і найбольш пра сябе самога. Пра чалавека Хрыста, які быў у кроку ад чалавека Юды… Пра паўсядзённую працу органаў дзяржбяспекі (КДБ) і спробы схілення да працы на гэтыя органы. Аўтар зазначае:“Лічыцца, што самая старажытная на зямлі прафесія – прастытуцыя. Падман. Выведка – яна прастытуткай была ці не раней. Калі ўжо не блізняты яны, то, бясспрэчна, аднаяйкавыя родзічы”. І вось пад яе пільным наглядам і адбывалася драматычная эвалюцыя савецкага чалавека – ад грамадзяніна да асобы. В. Казько, не шкадуючы слоў, падрабязна апісвае гэтае калючае прадзіранне праз заслоны знешне аточанага ад усяго свету жыцця, а таксама не хавае перанесеных пакут, і ўрэшце выкрывае і высмейвае псеўдакамуністычныя рэаліі і вычварэнні сацыялістычнага будаўніцтва. Ну і асноўная гаворка ў аповесці – пра ўдзел пісьменніка ў асамблеі ААН у Нью-Ёрку якраз на пачатку гарбачоўскай перабудовы.
Як мне здаецца, то на такія доўгатэрміновыя мерапрыемствы ў самае логава капіталізма пасылаліся ўсё-ткі правераныя людзі. Не думаю, што В. Казько нейкім дзіўным чынам пазбег гэтага. Але ўнутрана аўтар усё ж заставаўся натурай творчай і таму не да канца вытлумачальнай, а да ўсяго яшчэ і глыбока перакананым беларускім нацыянальным чалавекам. Як ён піша:“Сапраўды, усё таемнае з цягам часу становіцца яўным, як шыла ў мяшку: згвалтаваная і падманная гісторыя, сапраўдны кошт усіх рэвалюцый, справядлівых і несправядлівых войнаў, крывавая, забітая ў Гулагах праўда. І гэта толькі здаецца, што ўсе мы розныя і таемныя. Карэннае, нашчадкавае, у барадзе Карла Маркса не схаваеш, у дрыгве і багне не стоіш, чужое ёсць чужое, сваё ж заўсёды бярэ верх, кілой яно выпрэ з цябе. Кожны на зямлі смяецца, плача, робіць і нават крадзе і хлусіць так, як бацькі і бацькаўшчына запаветавалі”. І ў той жа час пісьменнік шчыра прызнаецца, што ён “не жадаў выходзіць з дваццатага свайго веку – вясковая вернасць. Вернасць свайму стойлу, балоту і часу”. Аднак жа паступова празарэнне адбывалася… І ўжо з сённяшняга часу вымалёўваецца гэты наш ментальны і, дасць Бог, неўміручы гістарычны вобраз: “І я іду, іду па сваім жа следзе праз каменні спатыкання, па сцежках, бара́х і дубровах, багне і дрыгве дзяцінства. Па апякаючай і чаруючай нас памяці, прагі загадак, сакрэтаў таямніц, няхай і марна прывідных. Іду на чужыне і дома, па тым, што наканавана і загадана мне вечнасцю – быць шпіёнам, хаця на кожным кроку выракаюся гэтага, толькі ў галаве трымаю: назіраць і бачыць, слухаць і маўчаць. Чым не наш з вамі партрэт, партрэт беларуса сёння”.
Друкуюцца ў апошнім нумары “Дзеяслова” 2018 года новыя вершы Леаніда Галубовіча і Валянціны Аксак. Калі ў першага пераважае традыцыйны песімізм і самотлівая адзінота, дык у яго зямлячкі з-пад Нясвіжа больш існыя і глыбокія тэмы і матывы замешаныя на хрысціянскіх традыцыях і нярэдка супярэчлівых ім сучасных успрыманнях гэтага свету, бо “уцёкі ад дзікае слівы// ў завінены рай// апынуліся бегам// па трэнажорнай дарожцы” (маюцца на ўвазе папярэднія зборнікі паэткі “Дзікая сліва” і “Завінены рай”). Бо:
Пасталела нарэшце –
ужо не азіраюся.
Там нічога няма.
Нават жменькі попелу
са спаленых дзённікаў.
Але палюбіла чытаць
чужыя ўспаміны.
У іх так прыгожа
распавядаецца пра тое,
чаго не было.
І я гэта помню.
Дараваць –
не значыць забыць.
Уважліва чытаю
між радкоў.
Неяк цяжка давялося мне падмастакоўвацца да ўспрымання дзіцячай прозы Сяргея Рублеўскага, да гэтага яго новага дзедаўскага стылю. Я маю на ўвазе аповед пра сабачку, унукаў і іх шчаслівага дзядулю “Тузік-Гузік”. Хоць у рэшце рэшт пэўнае паразуменне адбылося.
Алесь Бычкоўскі публікуе заканчэнне свайго фэйсбучнага рамана “Край ваўкалакаў”. На першы погляд, прыземленыя, але жывыя натуральныя запісы беларускага жыцця ў правінцыйным гарадку. Ёсць звычайныя шараговыя нататкі, але сустракаюцца і адметныя, можна сказаць, афарыстычныя і філасофскія, як вось гэтыя:
“Дзядуля мой з Палесся быў вернікам. Бывае, паслухае вядзьмарскія заклёны, кульне гранчак самагонкі і абавязкова зап’е свянцонай вадой…”;
“Працаваў аператарам вёрсткі ў газеце. Калі раздрукаваны аркуш фармату А3 з маёй вёрсткай выпаўзаў з прынтара ў рукі, заўсёды адчуваў сябе Францішкам Скарынам”.
З чаго ж “вырастае” і складваецца гэты “раман”? З непахіснай любові аўтара да беларушчыны, неабыякавасці да сучаснага парадаксальнага жыцця і вернасці свайму літаратурнаму пакліканню. Ну і – гумару, іроніі ды правакацыйнасці, як жа без гэтага можа трываць прывязка да фэйсбуку:
“Чамусьці я ўпэнены: каб стаць пісьменнікам у нашай краіне, можна ўвогуле нічога не пісаць. Замест творчасці трэба часцей рабіць сэлфі з помнікамі Купалу-Коласу, святкаваць чарговыя ўгодкі Міцкевіча-Багдановіча, наведваць магілы Караткевіча-Янішчыц, бываць на шматлікіх прэзентацыях, даваць аўтарытэтныя каментары ў сацыяльных сетках і трубіць-гудзець-трэсці-звінець пра гэта на ўвесь свет праз фэйсбук. І ўсе пачнуць лічыць цябе творцам, паслядоўнікам традыцый айчыннай літаратуры…”
Як заўжды, іранічна-аптымістычны Андрэй Хадановіч надае нашай – то блазнавата-шумнай, то сумнавата-шчымлівай – паэзіі пэўнага еўрапейскага глянцу і адпаведнага настрою. Для ўзору хоць бы гэтая страфа:
Неймаверны горад сышоў са сваіх графіці
і вядзе ў ноч музеяў, бо кожная ноч – музей:
“Нарадзіўся – расці вялікім, мой неафіце,
адрывайся, спявай і танчы, не цверазей.
Друкуюцца побытавыя і падарожныя – гэтым разам амерыканскія – запісы з нізкі “Уладзевы гісторыі” Уладзіміра Січыкава (“Стрыптыз каля Белага Дома”). Прысутнічае фактура і жывы досціп. Тэксты для разняволенага чытання.
Вершы нашай беларускай палтаўчанкі Іны Снарскай, як заўсёды, эмацыйна-душэўныя і мройна-праніклівыя. У іх ёсць ужо даволі разняволены ўкраінскі росхрыст дум і пачуццяў, але засталіся відавочныя і згадлівыя беларускія мяккасць, дабрыня і спагадлівасць.
Паляцелі на поўдзень гусі,
Развіталіся да вясны.
Уплятаю я сны Беларусі
У свае даматканыя сны.
У рубрыцы “Дэбют” маладая паэтка з Магілёва (цяпер вучыцца ў польскім горадзе Лодзь) Яніна Асіпцова спрабуе згарманізаваць спакойную разважлівасць і жарстлівую пачуццёвасць у своеасаблівых вершаваных маналогах, раскрываючы пространі сваіх няспраўджаных мрой і няўрымслівай закаханасці… Іншыя з іх зацягнутыя і блізкія да празаічных высноў і сыходаў. Аднак літаратурная і паэтычная адоранасць аўтара несумнеўныя.
І табе здаецца, што збіраеш
Пялёсткі,
А насамрэч трапляеш у чарговыя
Пасткі,
Для бязмежнай прасторы прыдумваеш
Межы,
І гуляеш у краіны, планеты і зоркі,
Толькі
Верыш сістэме адноснасці свету,
Лету
Летуценна дапісваеш сэрцам
Санэты.
Публікуецца кідкая на таленты ды імёны падборка перакладаў з сучаснай польскай паэзіі, прапанаваная Андрэем Хадановічам. Прачытаўшы, думаеш, а добра было б, каб і нашых лепшых паэтаў прадстаўлялі за мяжой гэтак жа гожа і паўнавартасна. Сярод перакладзеных на беларускую мову Войцех Бановіч, Ілона Віткоўска, Эва Ліпска, Юлія Фядорчук. З вершаў В. Бановіча:
Напішы паэту.
Вышлі паштоўку
або напішы ў фэйсбуку
што яго сляпая ўпартасць
табе патрэбная.
Друкуецца ўрывак з рамана вядомага ўкраінскага паэта і пісьменніка Аляксандра Ірванца “Харкаў-1938” у перакладзе заўчасна памерлага нашага таленавітага творцы Уладзіслава Ахроменкі з яго кароткай прадмовай да тэкста.
Гэта фантэзійны раман пра мажлівую некалі Украінскую Рабоча-Сялянскую Рэспубліку. Нездарма ва ўступным слове перакладчык задаецца іранічным пытаннем: а якой магла б быць Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), калі б у свой час перамога аказалася на яе баку?
Выбітны фалькларыст і перакладчык Уладзімір Васілевіч публікуе (з разгорнутай біябібліяграфічнай прадмовай) побытавы з дамешкам маральнай і матэрыяльнай культуры людзей вёскі Камаровічы, што на Мазыршчыне, нарыс Эмы Яленскай у перакладзе з польскай мовы. Як зазначае перакладчык, гэтая “праца стала, можна сказаць, універсальным комплексным даследаваннем, пабудаваным на прыкладзе адной вёскі, дзе знайшло месца адлюстраванне яе гісторыі, геаграфіі і культуры яе насельнікаў”.
Штрыхі да творчага партрэта вядомага пісьменніка, рэдактара і энцыклапедыста Барыса Сачанкі “Служыць Бацькаўшчыне” публікуе літаратар Анатоль Астапенка.
А паэт Васіль Жуковіч прапануе чытачам часопіса цікавы рознабаковы артыкул пра жыццё і творчасць вядомага паэта Анатоля Вярцінскага.
Друкуюцца ўспаміны тагачаснага падлетка “Дарагія цені” Паўла Ляхновіча – пра Ракаў, яго ваколіцы, людзей і іх жыццё ў далёкіх ужо 1960-х гадах не так даўно мінулага ХХ стагоддзя.
Наш сучасны філосаф Валянцін Акудовіч працягвае публікацыю хронікі беларускага інтэлектуала – гэтым разам у асноўным гаворка вядзецца пра літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО”, што выдаваўся пры тыднёвіку “Культура”.
Паэт і нацыянал-патрыёт Славамір Адамовіч публікуе згадкі “Кулакі дабра” з новай уласнай кнігі “Лісты да Зянона”. Тэксты ў выглядзе дзённікавых нататкаў у Славаміра, як заўсёды, гарачыя, правакацыйныя і палемічныя. Вартае чытанне.
Літаратуразнаўца з Віцебска Ірына Саматой друкуе артыкул пра мастацкі свет паэта і перакладчыка Уладзіміра Папковіча.
Леанід Галубовіч рэцэнзуе кнігу Віктара Казько “Казань пра ката, каторы смяяўся”.
Апроч усяго гэтага змястоўнага, напрыканцы змяшчаецца міні-анатацыйная выдавецкая рубрыка “Дзеяпіс” ды змест часопіса за 2018 год.
Ну, дык чытайма лепшае!
ЛеГал
Будзьма з «Дзеясловам»!
Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі ды атрымліваць яго шэсць разоў на год.
Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813,
для ведамаснай падпіскі — 748132.
 
Калядны "Дзеяслоў" №97

Калядны 97-мы нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Дзеяслоў" адкрываецца ўзнаўленнем тэксту Лявонція Карповіча «Што адбылося аднойчы, нанова цяпер адбываецца”, зробленым Алесем Разанавым. У лірычнай рубрыцы – новыя вершы Валянціны Аксак, Леаніда Галубовіча, Уладзіміра Някляева, Іны Снарскай, Андрэя Хадановіча. У рубрыцы “Дэбют” – вершы Яніны Асіпцовай.
Проза прадстаўлена новай аповесцю Віктара Казько “Як я “рабіў” шпіёнам у Нью-Ёрку”, заканчэннем фэйсбучнага рамана Алеся Бычкоўскага “Край ваўкалакаў”, апавяданнем Сяргеем Рублеўскага, “Уладзевымі гісторыямі” Уладзіміра Сіўчыкава.
З перакладаў друкуецца вялікая падборка сучаснай польскай паэзіі чатырох аўтараў і аўтарак: Войцеха Бановіча, Ілоны Віткоўскай, Эвы Ліпскай і Юліі Фядорчук у перастварэнні Андрэя Хадановіча. Тут жа – апошняя, пасмяротная ужо, праца Уладзіслава Ахроменкі, якою стаўся пераклад з украінскай мовы ўрыўка рамана Аляксандра Ірванца “Харкаў-1938”. У №97 "Дзеяслова" пачынаецца публікацыя этнаграфічнай працы Эмы Яленскай “Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце” у перакладзе Уладзіміра Васілевіча.
Раздзел “Згадкі” змяшчае аўтабіяграфічныя тэксты Паўла Ляхновіча, Валянціна Акудовіча і Славаміра Адамовіча.
Крытыка і эсэістыка ў свежым нумары прадстаўлена артыкуламі Васіля Жуковіча пра творчасць Анатоля Вярцінскага, Анатоля Астапенкі пра жыццё і творчасць Барыса Сачанкі, Ірыны Саматой пра паэзію Уладзіміра Папковіча, рэцэнзіяй Леаніда Галубовіча на кнігу Віктара Казько.
 
Выйшаў "Дзеяслоў" № 96: Сяргей Дубавец, Людміла Рублеўская, Арцюр Рэмбо

Адкрывае нумар твор Сяргея Дубаўца, які называецца “Д’ябал запрэжаны ў плуг” і мае падзагаловак містычны трылер з жыцця пражскіх големаў.
Бярэзінскі літаратар Алесь Бычкоўскі, вядомы перадусім як аўтар навуковай фантастыкі, прадстаўляе пачатак свайго фэйсбучнага рамана “Край ваўкалакаў”.
Нядаўні юбіляр Леанід Левановіч выступае з апавяданнем “Белая, белая яблыня”.
Юры Несцярэнка прэзентуе нізку апавяданняў “Шляхам ад Вялікай ночы да Вялікага дня”.
Завяршае рубрыку “Проза” апавяданне Міхася Зізюка “За Крывою Грываю”.
Паэтычную частку нумара адкрываюць вершы пра фобіі і маніі Людмілы Рублеўскай “Яны”, створаныя на выспе Готланд у ліпені-жніўні 2018 года.
Таксама з вершамі выступаюць: Мікола Гіль, Сяргей Чыгрын, Пятро Жаўняровіч, Анатоль Івашчанка.
З вершамі ж – у нумары і літаратуры – дэбютуе Марыя Бадзей.
У перакладах – Арцюр Рэмбо ў перастварэнні Андрэя Хадановіча і Габрыэля Пузыня, абеларушаная Ірынай Багдановіч.
Шырока прадстаўлены ў часопісе нон-фікшн. Рубрыка “Архівы” адкрывае “Гісторыю аднаго сямейнага архіва”, дзе распавядаецца пра знаходку сшытка паэткі Галіны Гайлевіч. Друкуецца гутарка даследчыцы Аксаны Данільчык з унучкай Галевіч Алінай Алексенка. У гэтай жа рубрыцы – артыкул Віктара Жыбуля “Вяртанне “Бенгаліі” пра невядомую паэму Сяргея Астрэйкі, паэта, рэпрэсаванага і забітага ў 1937 годзе. Сама паэма таксама друкуецца ў нумары.
У рубрыцы “Кантэкст” – артыкул Таццяны Алешка “Матылькі словаў”, або “На кітайскай кажы”, прысвечаны вобразам Кітая ў сучаснай беларускай паэзіі, і палемічны тэкст Ігара Запрудскага “Асобаснае літаратуразнаўства і “багрымаўскае” пытанне”.
У рубрыцы “Повязь” – згадкі Янкі Запрудніка пра яго знаёмства з Барысом Сачанкам.
Часопіс працягвае друкаваць фрагменты кнігі Валянціна Акудовіча “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым”. Гэтым разам – пра стварэнне тыднёвіка “Культура”.
Друкуецца эсэ Васіля Дранько-Майсюка “Зміцер Жылуновіч і яго крыўда”.
У “Кнігапісе” Леанід Галубовіч разглядае новы зборнік вершаў Усевалада Сцебуракі “Сны дарог”.
Завяршаецца нумар традыцыйным аглядам кніжных навінак.
 
Свежы – 95-ты! – “Дзеяслоў” выпраўляецца ў шлях да чытача!

Свежы – 95-ты! – “Дзеяслоў” выпраўляецца ў шлях да чытача!
Адкрывае нумар фрагмент з рамана “Садомская яблыня” Алены Брава. Густоўна-іранічны “Букет” мініяцюраў прапануе чытачам Уладзімір Сцяпан.
Да 130-годдзя Язэпа Драздовіча гісторык літаратуры Лія Кісялёва падрыхтавала "самнамбулічна-тэлевізійныя эскізы" "Жыцьцё на плянэце Сатурн" з прадмовай да іх. Гэтая публікацыя сталася мажлівай дзякуючы фундацыі Паўла Падкарытава. Цэнтральным тэкстам у літаратуразнаўча-крытычнай частцы нумару ёсць даследаванне Сяргея Кавалёва "Тутэйшыя": паміж літаратурай і палітыкай. Дарэчы, у нумары прадстаўленыя творы аж чатырох чальцоў гэтай легендарнай суполкі. Акрамя названага вышэй Уладзіміра Сцяпана, друкуюцца творы Адама Глобуса ("Таня". Словы пра паэтку Таню Сапач), Вітаўта Чаропкі (фрагменты з нізкі "Запасная кніжыца жыцця") і, уласна, сам Сяргей Кавалёў, як вядома, -- "тутэйшавец".
У нумары таксама -- аповесць Івана Клімянкова, апавяданне Вольгі Бабковай, вершы Васіля Зуёнка, Людмілы Хейдаравай, Крысціны Бандурынай, Яўгена Бяласіна, Валерыя Ягорава. Сяргей Вайніцкі дэбютуе ў "Дзеяслове" (і літаратуры) з апавяданнем "Ліхтар".
Рубрыка "Пераклады" знаёміць чытача з творамі амерыканскай паэткі СіДзі Райт у перакладзе Вольгі Гапеевай, а таксама -- польскага паэта Ежы Плютовіча ў перакладах Надзеі Артымовіч і Ціхана Чарнякевіча.
І гэта яшчэ толькі сярэдзіна нумара. Да 135-годдзя Вацлава Ластоўскага Таццяна Кабржыцкая падрыхтавала артыкул пра ўкраінскі катэкст жыццёвага і творчага шляху славутага адраджэнца. Валянцін Акудовіч знаёміць чытача з фрагментамі сваёй новай кнігі "Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым". Уладзімір Мароз дзеліцца згадкамі пра сваю "Спатоленасць Парыжам". У рубрыцы "In memoriam" -- Слова Алеся Бельскага пра Любоў Тарасюк. Заканчэнне ўспамінаў бібліёграфа-бібліятэкаркі Юліі Бібілы, рэпрэсаванай у 1930-я гады, пра Менск 20-30-х гадоў (сярод іншага, -- пра супрацу з Янкам Купалам). Гэтая публікацыя, падрыхтаваная Таццянай Кекелевай і Арсенем Лісам, сталася апошняй прыжыццёвай для спадара Арсеня.
"Бульба і бугі" -- гэтак называюцца "раптоўныя замалёўкі" Міхала Рубіна.
"Дзеяслоўскі" кніжны аглядальнік Леанід Галубовіч піша пра зборнік вершаў Сабіны Брыло "Это буквы".
Завяршае нумар традыцыйны агляд кніжных навінак на паліцах "Дзеяслова".
Прыемнага чытання!
 
Дзеяслоў №94

ПАЭЗІЯ
Сяргей Дубавец.
«Мяне ніколі так не любілі геніі…»
Вершы з Вісбю.
Аксана Данільчык.
Сказаць – каб быць пачутай... Вершы.
Валеры Дубоўскі.
Воблака шостых пачуццяў. Вершы.
Валерыя Кустава.
Усміхацца праз боль прыгожа... Вершы.
Ірына Мацкевіч.
Прысніўся небакрай... Вершы.
ПРОЗА
Франц Сіўко.
Раз – шкілет, і два – шкілет. Аповесць.
Валеры Гапееў.
Пазл. Фрагменты рамана.
Аксана Спрынчан.
Змушаная рамантыка. Разынкавая муроўка. (Працяг).
Таццяна Будовіч-Барадуля.
Аляксандра. Непрыдуманая гісторыя.
ДЭБЮТ
Галіна Сіўчанка.
Наследаваны звычай. Вершы.
ПЛЕНЭР
«За лесам, за летам, за Летай».
Вершы ўдзельнікаў першага пленэру Тацяны Сапач. Прадмова і ўкладанне
Адэлі Дубавец.
Наста Кудасава; Павел Астравух; Ніна Лістота; Таццяна Нядбай;
Насця Шакунова; Аксана Яраш-Камінская.
ПЕРАКЛАДЫ
Эліза Ажэшка.
Афіцэр. Навела. Пераклад і прадмова Анатоля Бутэвіча.
Лінда Клакен.
Пакуль чакала цябе. Пераклад Вольгі Гапеевай.
СПАДЧЫНА
Артур Бартэльс.
Артур Бартэльс і яго паэма «Дзяніскавічы».
Прадмова Анатоля Трафімчыка. Пераклад Віктара Гардзея.
Сяргей Чыгрын.
Масей Сяднёў і Тодар Лебяда.
Юлія Бібіла.
«…Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!»
Успаміны. (Заканчэнне). Падрыхтоўка да друку і каментары Таццяны Кекелевай і Арсеня Ліса.
IN MEMORIAM
Алесь Бельскі.
Рытм сэрца і лейтматыў жыцця. Слова пра Ігара Жука.
ПРАЧЫТАННЕ
Арнольд Макмілін.
Вальжына Морт: паэтка паміж двума кантынентамі.
КНІГАПІС
Леанід Галубовіч.
Несці свой крыж. Рэцэнзія на кнігу Віктара Карамазава «Пад крыжам».
ПРАКТЫКУМ
Павал Абрамовіч.
Маё жыццё ў нетрах літаратуры.
ДЗЕЯПІС
Новыя выданні на кніжных паліцах "Дзеяслова".
 
Полацкі малец з адкрытым забралам.
Балада жыцця і смерці
Памятаеце тэорыю нелінейнага часу? Не існуе мінулага і будучыні. Ёсць толькі бясконцае палатно з кропкамі – усімі падзеямі, што быццам былі і будуць. Быццам – бо ўсё адносна. Найперш – адносна вашага становішча на палатне.
У грузінскай баладзе Уладзімер Арлоў піша:
Гвірабі вяртае ў іншы час
тады свой час ствараў ты сам
выдзьмуваў час
вясёлкавымі мыльнымі пухірамі
мелодыяй трысняговай дудачкі
трапяткой куляй на экскурсіі ў гуце
чамусьці ты думаў:
твой час нараджаецца ад твайго дыхання
для полацкага мальца зусім няблага
Полацкі малец вырас, але не пакінуў надзею кіраваць часам. У кнізе “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань” ён збольшага тым і займаецца, што вольна перасоўваецца па бясконцым палатне. Пераскоквае з купіны на купіну, а вакол – твань забыцця.
Следам крочаць прывіды. Уласна, гэта і ёсць Пятровіч і Здань. А яшчэ Францішак Скарына, Ціт Лівій, Віслава Шымборска, Стэндаль, Актавіян Аўгуст, Данатэла і Дантэ, Адам Міцкевіч, Лютар, Борхес, нават Хрыстос з Пілатам… Пералік далёка не поўны.
Адныя з іх прыйшлі ў тэкст выпадкова. Яны ажылі праз судакрананне аўтара з месцам, якое захавала сляды даўно спачылых людзей. Іншыя здані былі з Арловым заўжды. Гэта рэальныя людзі, якіх у часавых каардынатах аўтара больш няма. Яны ў іншых кропках. Мы гэта завем іншасветам.
Але як такога іншасвету ў Арлова не існуе. Так, ён іранічна разважае пра тое, што ў пекле цікавая кампанія і ўвогуле добрая інфраструктура... Але і гэты, нібыта рэальны свет, і той, нібыта прыдуманы, існуюць на роўных.
Крытыкі, якія разважалі пра папярэднія паэтычныя кнігі Арлова, прыпісвалі гэтыю рысу – рэальнасць прывіднага,прывіднасць рэальнага – магічнаму рэалізму. З тым жа поспехам можна свярджаць: Уладзімір Арлоў – ідэаліст. То бок прыхільнік вучэння Платона пра свет ідэальны і матэрыяльны. Ідэя першасная, і нават калі яе матэрыяльнае ўвасабленне будзе знішчанае, сутнасць рэчы застанецца непарушнай.
Як не згадаць:
усё па-ранейшаму
толькі імёны змяніліся
Пятро Васючэнка, пішучы пра “Паром праз Ла-Манш”, параўнаў светабудову верша Арлова з лабірынтам. У лабірынце можна безнадзейна згубіцца, калі не мець арыенцір. У паэзіі Арлова гэты арыценцір – ён сам. Аўтарскае “я”.
Гэта цэнтр каардынатаў, ад якога да розных людзей, у розныя часы разбягаюцца ніткі асацыяцый. І што цікава, паторгванне ніткі памяці не проста ажыўляе персанажа, але робіць яго галоўным героем. Ён перахоплівае аповед. Становіцца на месца аўтара.
І сам торгае за нітачку ўспамінаў.
Так разгортваецца складаная сетка сувязяў паміж рознымі фргаментамі тэксту.
У кожнай баладзе ёсць нешта накшталт сюжэта. Ёсць дзеянне ў часе аўтара, паралельна – дзеянне ў свеце “прывідаў”. Часы перагукаюцца. Арлоў рэзануе з мінулым, з сугучнымі асобамі.Напрыклад, Бальтазар з полацкай балады, які жыве адначасова ў старадаўнім княстве і ў сучасным
Полацку. Гэтая балада – пра тое, як няпроста быць катам. “Аркады Падуі” – пра вандроўку ў насычаны гісторыяй горад. Эратычныя прыгоды таксама ёсць. “Мёд” – пра дзяцінства і лёсы сяброў. “Алека” – пра паездку ў Балгарыю. І г.д.
Безумоўна, усе гэтыя “пра” – вялікая-вялікая ўмоўнасць. Сам Арлоў выдатна праілюстраваў абсурднасць спробы ўсталяваць хоць якое “пра”:
паэтка Ольга просіць прачытаць
твой улюбёны верш
о Радзіма мой светач цудоўны адзіны
явар мой мой агністы снягір на сасне
ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай
што ў душы не хацела і ведаць мяне
пра што верш?
верш пра снегіра
такая птушачка з чырвонай грудкай
Да пытання жанру. Аўтар з літасці пазбавіў тэарэтыкаў літаратуры галаўнога болю, пастанавіўшы: гэта балады. Раней адны называлі яго паэзію вершатэксткамі, іншыя – паэтычнымі эсэ. Кожнае з азначэнняў мае права існаваць, а гэта значыць – ніводнае не мае сэнсу.
Балады Арлова – гэта спрэс асацыяцыяі, сімвалы, шырокая геаграфія, перанаселенасць, і ўсё аздоблена іроніяй… Але найбольш уражвае не эрудыцыя аўтара ці паэтычны досціп, а ўменне ўпарадкаваць хаос, які творыцца наўкол і адбіваецца ў паэзіі Арлова. Здаецца, ён адразу скарыўся хаосу. І хаос адказаў тым жа. Як дзікі звер, які адчуў, што яго не збіраюцца прыручаць, заспакоіўся і дазволіў даследаваць сябе. Ад пухнатай і мяккай грывы – да смертаносных іклаў.
І аказалася, што яны аднолькава прыўкрасныя.
хто гэта сказаў пра час:
мы тут былі і адбыліся?
маўляў мілы прытулак
пяшчотны і эфемерны
твой варыянт пазбаўлены лірыкі:
былі і не адбыліся
развеяліся ў экзістэнцыйным тумане
у мілым пяшчотным прытулку
дзе над ложкамі схіляюцца
пачвары і дэманы
***
Застаецца адкрытым пытанне: чаму ў любым творы Арлова абавязкова прысутнічае жанчына?
Зразумела, ёсць катэгорыя пісьменнікаў, якія ва ўмоўным узросце “за пяцьдзясят” маніякальна апісваюць эратычныя перажыванні (сублімацыя на сублімацыі). Але Уладзімер Арлоў не з гэтых шэрагаў. Датычна паэта-інтэлектуала такое тлумачэнне было б, мякка кажучы, прымітыўным.
І яшчэ пытанне: дзеля чаго ўсё-такі гэтыя шэрагі ценяў, паўсюднае ўваскрашэнне прывідаў? Няўжо для стварэння т.зв. “еўрапейскага кантэксту”?.. Ці адно з павагі да спачылых калегаў па пяры? Паэзія, паэзія,
твой арганізм атручаны паэзіяй
да самых карэньчыкаў валасоў
…Адказ аказаўся простым. Анталагічным, можна сказаць.
І літаратура (гэта значыць, творчасць), і жанчыны (што значыць – каханне) у свеце мужчыны пакліканыя перамагаць Смерць.
Цяжка паверыць у гэта, перачытаўшы сакавітыя гімны жыццю, але ўсё да таго: у аснове кожнага верша Арлова – той самы першабытны страх. “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань” – гэта вялікая барацьба са Смерцю. Змаганне з непазбежным, спробы зацугляць час. Таму Арлоў так пільна ўзіраецца ў твары вялікіх, так часта іх згадвае. Пры тым, што кніга пакідае па сабе вясёлае ўражанне (збольшага – за кошт гумару), у ёй багата сцэнаў, дзе Смерць правіць баль.
Надзвычай важна, што ўсе прывіды, якіх Арлоў перанёс у сучаснасць, мужчынскага полу. Калі ж размова ідзе пра жаночага персанажа, Яна перанараджаецца (чытайце “Вуліца Саламеі”). Усё тлумачыцца старой тэорыяй, згодна з якой мужчыны дасягаюць несмяротнасці праз Подзвіг. У нашым выпадку – праз літаратурны геній. Што да жанчыны, яна жыве ў дзецях (тое ж перанараджэнне).
Няўжо толькі пра страх смерці гэтая кніга? Вядома, не. У кожным радку гэтаму страху супрацьстаіць жыццё. А галоўнае – сам Уладзімер Арлоў. Як належыць, з адкрытым забралам.
Наста Грышчук, lit-bel.org
 
Прэзентацыя 93-га “Дзеяслова” і новай кнігі Уладзімера Арлова

Прэзентацыя 93-га “Дзеяслова” і новай кнігі Уладзімера Арлова
Шаноўныя сябры!
30 траўня (серада) у межах фэсту інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” адбудзецца прэзентацыя 93-га нумара часопіса “Дзеяслоў”.
Са сваімі творамі выступяць аўтары нумара – Уладзімер Арлоў, Янка Вольская, Вадзім Корань. Чакаюцца нечаканыя сюрпрызы ды цікавосткі!
Акрамя таго, упершыню ў Менску адбудзецца прэзентацыя кнігі балад Уладзімера Арлова “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань”, якая нядаўна пабачыла свет у серыі Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”.
Пачатак імпрэзы а 13:30.
Месца ДЗЕяння: Культурніцкі інкубатар ОК16, вул. Кастрычніцкая, 16. Зона В.
Гэтая падзея ў фэйсбуку
 
Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным

ЗМЕСТ
Паэзія
Ігар Сідарук. Калі цябе няма... Вершы.
Уладзімер Арлоў. Гвірабі. Грузінская балада.
Наста Кудасава. Бег па няўмольнай вадзе. Вершы.
Усевалад Гарачка. Свята вайны. Вершы.
Алесь Наркевіч. Сваё неба. Вершы.
Проза
Сяргей Рублеўскі. Возны. Апавяданне.
Паліна Качаткова. Гатэль “Цішыня”. Апавяданне.
Уладзімір Міхно. Буслік. Апавяданне.
Зміцер Вішнёў. Калі прыгледзецца – Марс сіні. Фрагмент рамана.
Уладзімір Сіўчыкаў. Смаленні вепрукоў. З нізкі “Уладзевы гісторыі”.
Дэбют
Янка Вольская. “Вы жэ самі ўсё прэкрасна панімаеце”. Аповесць.
Вадзім Корань. Лавіць матылькоў... Вершы.
Пераклады
Уладзіслаў Ахроменка, Максім Клімковіч.
Карта паляка. Крэсовыя сцэны ў двух актах. Тэксты зонгаў – Сяргей Балахонаў.
Кабаясі Іса. Сляды ад лапак. Хайку. Прадмова і пераклад Вольгі Гапеевай.
Стэйнар Упстад. Дзень усіх святых. Вершы. Пераклад Дзмітрыя Плакса.
Словы
Святлана Алексіевіч. Мінулае яшчэ наперадзе. Дыялогі з Веніямінам Айзенштатам (Блажэнным).
Эсэ
Ева Лявонава. «Рух незавершаны і космас вершаваны…» Лёс і паэзія Гіёма Апалінэра.
Спадчына
Аксана Данільчык. “Жменя асенніх думак”. Слова пра рукапісны паэтычны зборнік Ганны Новік.
Юлія Бібіла. “…Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!” Успаміны. (Працяг). Падрыхтоўка да друку і каментары Таццяны Кекелевай і Арсеня Ліса.
Палата №6
Яўген Рагін. Я ў вас свой картузік не пакідаў?
Кнігапіс
Віктар Жыбуль. Валун у мур дубоўказнаўства. Рэцэнзія на кнігу Ганны Севярынец “Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго”.
Леанід Галубовіч. “Вось кніга на стале...” Рэцэнзія на кнігу Андрэя Пяткевіча “Шчасьлівым сканаць”.
Дзеяпіс
Новыя выданні на паліцах "Дзеяслова".
 
Залаты Апостраф-2017

Рэдакцыя часопіса "Дзеяслоў" віншуе лаўрэатаў прэміі "Залаты Апостраф" за 2017 год:
«Проза». Андрэй ФЕДАРЭНКА. За Апавяданне “Вандроўка“, №90.
«Паэзія». Анатоль БРУСЕВІЧ. За нізку вершаў “Апошні паэт”, №90.
«Дэбют». Марына БУЛАТОЎСКАЯ. За два апавяданні “Бедная Марына”, №86.
Прэмію «За ўклад у развіццё сучаснай беларускай літаратуры» атрымаў Алесь РАЗАНАЎ.