…Мова валодае незвычайнай жывучасцю…
І я ўпэўнены – беларуская мова
ніколі не знікне…

— Ігар Шклярэўскі
 
У Мінску адкрыўся IX Міжнародны фестываль "Вершы на асфальце" імя Міхася Стральцова У залі рэстарана "Сёмаё неба" прайшло ўрачыстае адкрыццё Восьмага міжнароднага паэтычнага фестывалю "Вершы на асфальце" памяці Міхася Стральцова.   Акурат у дзень народзінаў Міхася Стральцова дзясяткі менчукоў і гасцей сталіцы сабраліся на першым дні фестываля ў гатэлі "Мінск". Традыцыйна шмат наведнікаў было побач са сталамі, дзе прадаваліся беларускія кнігі. Інтэрнэт-крамы "KNIHI.BY" і "Кніганоша" гасцінна сустракалі аматараў беларускай кнігі. Сярод навінак — і выбраныя творы Міхася Стральцова, укладзеныя Андрэем Хадановічам і выдадзеныя Змітром Коласам адмыслова да фэсту. Карыстаўся ўвагай і свежы нумар часопіса "Дзеяслоў", які літаральна днямі выйшаў з друкарні. Адкрыла фестываль песня Андруся Такінданга, саліста гурта "РЭХА". Задаўшы тон вечарыне, песня саступіла месца арганізатарам і традыцыйным прывітальным словам ад старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча і першай намесніцы старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру Таццяны Нядбай. Сябрамі журы Аленай Стральцовай, Барысам Пятровічам і Аксанай Спрынчан быў абвешчаны новы лаўрэат Стральцоўскай прэміі. Літаратурная прэмія Міхася Стральцова 2019 года рашэннем журы ў складзе Алены Стральцовай, Уладзіміра Някляева, Барыса Пятровіча, Міхася Скоблы і Аксаны Спрынчан прысуджана Анатолю Вярцінскаму з фармулёўкай "за захаванне класічных літаратурных традыцый, метрычную і вобразную разнастайнасць паэтычнай мовы, афарыстычнасць і грамадзянскасць паэзіі і эсэістыкі". Лаўрэат атрымаў прэмію ад удавы Міхася Стральцова, а ад пісьменніцкай арганізацыі — новую кнігу-прэмію "Тым часам...". Барыс Пятровіч, Алена Стральцова, Анатоль Вярцінскі, Аксана Спрынчан Літаратурная прэмія Міхася Стральцова заснаваная ўдавой Міхася Стральцова Аленай Дзмітрыеўнай Стральцовай і ГА "Саюз беларусіх пісьменнікаў" у 2018 годзе. Уручаецца штогод на міжнародным фестывалі "Вершы на асфальце". Папярэднія пераможцы: Алег Мінкін (2018), Анхела Эспіноса Руіс (2019). У якасці прэміі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выдае кнігу лаўрэата. У прэміяльнай "стральцоўскай серыі" пабачылі свет выданні выбранага Алега Мінкіна "Мяне тут не было...", Анхелы Эспіносы Руіс "Колер крылаў". Пасля віншавання лаўрэата Стральцоўскай прэміі распачалася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі "Залаты апостраф" за найлепшую публікацыю ў часопісе "Дзеяслоў", якую ўручалі галоўны рэдактар выдання Барыс Пятровіч, намеснік галоўнага рэдактара Алесь Пашкевіч і адказны сакратар "Дзеяслова" Анатоль Івашчанка. Узнагароды размеркаваліся наступным чынам: 1. "Залаты апостраф" у намінацыі "Паэзія": Вольга Гронская. заВершанае. Вершы. №98 2. "Залаты апостраф" у намінацыі "Проза": Алена Брава. Карыятыда ў маціцовых кліпсах. Апавяданне. №102 3. "Залаты апостраф" у намінацыі "Дэбют": Кацярына Янчэўская. Белае шматкроп’е. Вершы. №101 Пасля ўручэння "Залатых апострафаў" і невялікай фотасесіі новых лаўрэатаў Андрэй Хадановіч прадставіў свежавыдадзены зборнік выбранага Міхася Стральцова з серыі "Паэты планеты" выдавецтва "Зміцер Колас". Наступны блок таксама праходзіў пры мадэрацыі Андрэя Хадановіча і прадстаўляў уласна паэтычную творасць найлепшых беларускіх літаратараў і замежных гасцей з Латвіі, Польшчы, Славакіі і Украіны. Перад слухачамі выступілі мінулагоднія лаўрэаты: Вера Бурлак (лаўрэатка Прэміі Цёткі за кнігу "Фантазюркі"), Марыя Мартысевіч (лаўрэатка Прэміі Арсенневай і прэміі “Кніга года” за паэму “Сарматыя”), Галіна Сіўчанка (лаўрэатка Прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча ў намінацыі "Паэзія" за зборнік вершаў "Зоў звычаю"). З замежжа на фестываль завіталі паэты Войцех Бановіч (Польшча), Пётр Міцнер (Польшча), Валтс Эрнстрэйтс (Латвія), Кірылс Эціс (Латвія), Петэр Мілчак (Славакія), Вячаслаў Лявіцкі (Украіна), Алена Сцепаненка (Украіна), Міра Лукша (Беласток). Андрэй Хадановіч і Валтс Эрнштрэйтс, якія пазнаёмілі публіку з ліўскай паэзіяй у арыгінале і перакладзе на беларускую Марыя Мартысевіч вырашыла, што ў апошні раз прачытае ў Менску "Сарматыю" менавіта на Стральцоўскім фэсце Пётр Міцнэр - паэт, прафесар, намеснік галоўнага рэдактара "Новая Польшча" Галіна Сіўчанка - пераможца Літаратурнай прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча Перакладчыца Святлана Богуш і славацкі паэт Петэр Мілчак Заўсёды жаданая госця Стральцоўскага фэсту, украінская паэтка Алена Сцепаненка Чароўная эксцэнтрычная Вера Бурлак Госця з Беласточчыны Міра Лукша Украінскі паэт і перакладчык беларускай паэзіі Вячаслаў Лявіцкі Андрэй Хадановіч і Войцех Бановіч (Польшча) Кірылс Эціс (Латвія) Сёлета фестываль праходзіць дзявяты раз. Партнёрамі фэсту выступілі Шведскі саюз пісьменнікаў, Польскі Інстытут у Мінску, Амбасада Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, платформа LATVIAN LITERATURE, Грамадска-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», Інтэрнэт-кнігарня „KNIHI.BY”, Літаратурнае аб’яднанне «Майстэрня. пр. Незалежнасці, 43», Клуб „Грай”. Паводле lit-bel.org
 
«САБРАЦЬ АГУЛЬНАЕ»   Прамінуў яшчэ адзін год нашага жыцця, у тым ліку пісьменніцкага і чытацкага. Разышліся па сваіх адрасах прэміі, ухвалы і крытычныя папрокі… Напісаліся адметныя творы, з’явіліся новыя імёны, перастварылася на родную мову не адна сусветная класічная глыба, адкрылася нечаканым бокам запыленая мінуўшчына… Раздумаешся, нібыта плённы літаратурны набытак маем. А ў душы чамусьці адчуваецца пэўная незадаволенасць, нейкае адчуванне нацягнутасці ў выбары і недаверу ў ацэнках. Спішам гэта на ўзрост і кансерватыўны погляд на сучаснасць. А каб канчаткова пазбыцца творчага песімізму, занурымся ў чытанне чарговага нумара часопіса «Дзеяслоў», які адкрываецца нізкай вершаў Людкі Сільновай. Публікацыя, як заўсёды, у яе лірычна-экспрэсіўным стылі. Але калі раней яе вершы адпачатку здзіўлялі нечаканай асацыятыўнасцю і эмацыйным узлётам, дык цяпер толькі аддаленым рэхам адгукаюцца яны на свой былы срэбна-чараўнічы голас. Аднак, даў Бог, яшчэ здараюцца ў іх радкі з агнём жыцця і экспрэсіўным супрацівам часу.  І такія натуральныя пачуцці абуджаюць чытача да высокіх праяў спагады і душэўнасці ў нашым даволі блытаным і прагматычным свеце.   Дні прайшлі – і зніклі мары, Слоўнік, пантэон і памяць, Нашы песні пад гітару, Нашых вершаў дробных замець…   Друкуецца другая, заключная, частка рамана Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро». Адмысловая дэтэктыўная гісторыя, фінал якой зададзены папярэдне спланаванымі наступствамі… Напрыканцы ўсё абсалютна нечакана заканчваецца «хэпі-эндам», без ахвяр і злачынцаў; адзінокі пажылы паэт, які спрабуе вярнуцца да лірычных пачуццяў першага кахання і пачаткоўскай творчай узрушанасці, у сваіх кампутарных запісах, зробленых ім адносна распаведзеных у рамане падзей, аказваецца на парадак вышэй службовага вопыту прыватнага следчага… Пры ўсім пры тым, як заўжды ў прозе Федарэнкі, чытача захапляюць яго адметная яснамоўнасць, вытанчаная стылёвасць і адпрыродная філасофская скіраванасць, якія  дапамагаюць яму годна выйсці з уласна вытканай павучынай пасткі заблытанага сюжэта. «У следчага і ў аўтара дэтэктываў адна задача – з дэталяў сабраць агульнае. Але, па-перашае, у маім тэксце невядомы не толькі злачынца, а і ахвяра, па-другое – я многа думаў і прыйшоў да высновы, што дэтэктыў – стары добры традыцыйны класічны дэтэктыў, дзе ўсё пабудавана на хітрым злачынстве і непазбежным пакаранні, немагчымы ў нашых цяперашніх варунках. У лепшым выпадку ён будзе ўспрыняты як парадокс, у горшым – як нацягнутасць». Як на маё меркаванне, раман «Жэтон на метро» ёсць прыхаванай і па-майстэрску выштукаванай пародыяй на сучасны канвеер штампаваных дэтэктываў. Ну і пэўная спроба самабытнага таленавітага пісьменніка выйсці за межы адведзенай яму крытыкай класічна-традыцыйнай (пераважна тэматычна вясковай) творчай прасторы. І ўсё ж, прызнаюся, як для мяне, яго колішнія слуцкія, разбітыя рэвалюцыйным часам, «нічые» былі больш нашымі, чым адзінокія суверэнныя калекцыянеры сувенірных жэтонаў мінскага метро… Аднак шмат чаго, узніклага пры чытанні твора, – шараговага і палемічнага – пераважыла вось гэтая, як бы міжвольна ўстаўленая ў тэкст, экзістэнцыйна-філасофская тэза А. Федарэнкі: «Дзіўна, што нас палохае будучая смерць, але не палохае мінулая. Нас жа не было раней, да нараджэння, мы ўжо як мінімум адзін раз былі мёртвыя. Колькі часу? Столькі, колькі нас не будзе – вечнасць. Цэлую вечнасць мы былі мёртвыя. Значыць, мы ўжо адзін раз прайшлі бясконцасць і ўваскрэслі з яе». Мажліва, і дзеля гэтага прымхлівым прыхільнікам краснага пісьменства зрэдзьчас варта чытаць сучасныя дэтэктыўныя раманы. Следам друкуецца нізка вершаў «Знакі жыцця» Леаніда Галубовіча. Надзённыя, у пэўным сэнсе дзённікавыя, нататкі-развагі, некаторыя з якіх можна было б аднесці і да жанру эсэ, публікуе ў часопісе вядомы паэт Леанід Дранько-Майсюк. Погляд на чалавечае жыццё збоку і знутры, яго аналіз і мастацкая рэтраспекцыя ў часе. У прыватнасці ў заяўленай падборцы пераважаюць культурна-гістарычныя знакі Масквы часоў савецкага застою, што кантрастуюць з выявамі Масквы сучаснага «застрою»… Найперш згадваюцца месцы культурнага прызначэння, адметныя выбітной архітуктурай, якія наноў ажыўляюцца і эстэтычна «перадаюцца» цяперашняму і, магчыма, перададуцца іншаму часу. Агулам, лірычна-паэтычная экскурсія па памятных месцах былога студэнта Літаратурнага інстытута. І тут, як заўсёды, таленавіты паэт стварае запамінальныя тэксты: «Памятаю, як на мяжы сярэдзіны 1970 – пачатку 1980 гадоў ці не ўсе мае знаёмыя на якія толькі хітрыкі не пускаліся, каб займець таганкаўскі вельмі жаданы квіток на тую ці іншую пастаноўку (тады ў гэты прывідны тэатр было надзвычай цяжка патрапіць!), а я – далёкі ад фікуснай таганкаўскай эстэтыкі – пасмейваўся ў душы са сваіх знаёмых, бо не любіў, калі ў мастацтве шкарпэткі нацягваюць на чаравікі, калі талент жывіцца празмерным самавыстаўленнем. Я любіў (і люблю!) мастацтва, сумежнае з далікатнасцю, таму ў тыя гады меў іншы кірунак, аддаваў перавагу тэатру на Малой Броннай, і з выбарам не памыліўся. Дарэчы, і да сцэны на Малой Броннай звычайнаму гледачу цяжка было даступіцца, амаль немагчыма было ўшыцца ў глядзельную залу, бо і тут квіткі разляталіся ўмомант, ішлі нарасхоп (і перш за ўсё на паказы А. Эфраса!), і мой сябар па інтэрнацкім пакоі С. Казначэеў прапанаваў: «Уладкуемся туды мыць падлогу!» Уладкаваліся…». Філосаф па адукацыі і бард па прызванні Алесь Камоцкі ў сваёй новай нізцы вершаў разважае над часам і вечнасцю дадзенага чалавеку жыцця:   Прыходзіў сэнс нясмела і часова, Але нядоўгім быў ягоны век, – Галоўны вораг сэнсу, чалавек, Штораз цынічна пераблытваў словы. Цяпер не так, цяпер усё мудрэй – Сівыя камяні жаданні імітуюць, Згубі сваю душу – дадуць табе другую, Бяры, насі і сам яе чым хочаш грэй.   Друкуецца ўрывак з рамана «Цялец» аднаго з пісьменнікаў старэйшага пакалення Уладзіміра Ліпскага, па стылі, вобразнасці (партрэтнасці) і сюжэтнай канве якога можна ўяўляць родных і блізкіх людзей аўтара, прыгажосць беларускай прыроды і знешнюю зменлівасць цяжкасцяў і прасвятленняў савецкага, у тым ліку і ваеннага, часу. Тэкст чытэльны, пісьмо шчырае і даверлівае. Спецыяльна для «сучасных» дзяўчатак працытую гэты фрагмент: «Бацька двужыльным удаўся мужыком. У калгасе – ударнік.  Возьмецца касіць, пляжыць да поту, да мазалёў. Калі араў на валах, то хадзіў за плугам, пакуль валы перастаўлялі ногі. А прыцемкам, раніцай і ўвечары, рабіў усё для сваёй гаспадаркі. Карове сена нарыхтуй, плот рамантуй, гной з хлява выкінь, дроў у печ назапась, свінчо абсмалі, разбяры. Яго клопат адзін: даць гаспадыні Марыі Адамаўне ўсё-ўсё, каб было чым карміць і дзяцей, і худобу, і курэй. Ён – здабывала, мама – раздавала. Гэтыя функцыі яны так умела выконвалі, што, выбіўшыся з пасляваеннай галоты, сям’я Майскіх не вельмі жыравала, але ніколі і не галадала, нічога ні ў кога не пазычала, нікому не зайздросціла. Жыць з гонарам, прыстойна і сумленна – вось навігатар іх сэрца». Нізка вершаў Наталлі Русецкай уяўляе сабой чыста лірычны дзённік колазвароту дзён беларускай паэткі, што жыве ў Любліне. На мой погляд, яе тэксты стылістычна блізкія да паэтыкі Марыі Вайцяшонак і Валянціны Аксак, хіба толькі з менш адчувальнай повяззю аўтара з жывым акаляючым светам у яго лёсавызначальных канструкцыях. Але пры гэтым Н. Русецкая, можа, больш тонкая, датклівая і сцярожкая ў вобразных аддалена-затоеных метафарычных асацыяцыях:   нясу сябе праз лістапад нібы віна паўнюткі келіх і сонца дастае да дна густой гранатавай купелі і грэе   Урывак з біяграфічнага рамана «Подых Тэмры» Віктара Стахвюка з Беласточчыны выдрукаваны на мясцовым гутарковым дыялекце, які ў сваім сінтэзе з’яўляецца вытворным ад беларускага, польскага і ўкраінскага памежных моўных уплываў. Хоць напачатку і нялёгка даецца чытанне, але пры звыканні адчуваецца, што стылёва, сюжэтна і вобразна тэкст напісаны на добрым мастацкім узроўні, хоць і не без хаатычнай разбалансаванасці. Для чытацкай ацэнкі працытую адзін з заключных фрагментаў рамана: «Ліжыш і думаеш, і віэдэш, што нэ спочнэш, покуоль хватіт сіл. Будэш іті стэжкою правды і віэры, стэжкою продкув твоіх зо словяно-арыйськоі расы. Расы русув, найстаршоі на Міргард-зэмліэ, з котороі вэдэ напрамкі корні своіэ наш, застывшы в дрымоті, белоруські этнос і гінувшэ Пуляшэ, аж проснэтсе, вкінута в компрадорскі сон сусьвіэтноою большэвіёю, сама Русь Біэла і вспуомніт правдіву родословну свою. А я вэрнусь! Я вжэ ворочаюсь! Сюды, на Родіну». Вершы Андрэя Сцепанюка, усё з таго ж Падляшша, – гэта суровы, шчыры і бязлітасны суд уласна-вобразнага жыцця, вынесены на людзі, але ў такім таемна-безадказным стылі, дзе змест хаваецца за пачуццямі ды эмоцыямі – і канчатковы прысуд штораз адкладваецца:   Пасля слоў давай сядзем і пакаштуем халоднай гарбаты Маглі б закурыць папяроску але гэта робіцца пасля сексу А ў нас толькі скончыліся словы Нуль слоў Нуль думак Нуль вершаў Змярканне   Нешта ў стылі сацыяльнага фэнтэзі з іранічна-гумарыстычнай падкладкай пад назвай «Фірма» друкуе Алесь Бычкоўскі (назваўшы тэкст «амаль крымінальным чытвом» (вылучэнне маё, – ЛеГал), – як бачым, гэты новы жанр паступова ўваходзіць у літаратурную моду). Паколькі я сам былы алкаголік (хоць даводзяць, што такіх не бывае), то магу ўскосна пацвердзіць рэалістычную шчырасць і мастацкую праўдзівасць у падобных даволі жывых і адносна майстравітых  апісаннях аўтара. Вязка-навязлівыя вершы Марыны Юрчык у рубрыцы «Дэбют» сваімі разгалінаванымі асацыяцыямі намагаюцца пусціць карэнне ў найбольш адчувальныя сферы чытацкай душы, і здаецца, самым удалым з іх гэта ўдаецца… На першы погляд, вельмі сентыментальная навела Элізы Ажэшкі «Бог ведае хто» (пра надзённыя рэаліі паўстанскага атачэння 1863 года) у сваім нечаканым фінале ўздымае гістарычны і філасофскі сэнс бунтарскай і натуральнай нацыянальнай годнасці чалавека. З польскай пераклад зрабіў Анатоль Бутэвіч. Працытую эмацыйны маналог пана Буракевіча, ладныя часткі кажуха якога дзіўным чынам патраціліся на матэрыяльную дапамогу паўстанцам Каліноўскага: «Няхай панове будуць ласкавыя пры кожнай патрэбе, такой агульнай… пры кожнай такой аказіі, што да грошай, альбо трохі працы якой патрэбна, звяртацца да мяне… Я хачу… я жадаю… хоць нечым паслужыць… нашай маці… бо і я таксама… сын яе… а што шэльма лёс закінуў мяне ў асяроддзе самых чужых на гэтым свеце, то я і не навязваюся нікому… а толькі… д’ябал ведае, што ў сэрцы сядзіць і не дае спакою…». Друкуюцца вершы (цяпер ужо шырока вядомага) паэта Веніяміна Блажэннага (1921–1999). Выдатная прадмова і пераклады Насты Кудасавай. Пры чытанні складвалася ўражанне, што паэзія аўтара гарманічна пераўвасобілася ў вершы перакладчыцы. Выбітную прозу нядаўняй набеліянткі Вольгі Татарчук «Зялёныя дзеці, або Апісанне загадкавых здарэнняў на Валыні…» цудоўна пераклала Марына Шода. Валянцін Акудовіч працягвае занатоўваць і друкаваць асноўныя і найбольш значныя этапы як уласнай творчай біяграфіі, так і грамадска-нацыянальных асветніцкіх ініцыятыў і праектаў суверэннага часу – гэтым разам пра стварэнне і дзейнасць Беларускага калегіюма. Франц Сіўко піша пра сямейна-лёсавую драматургію вялікага рускага (яснапалянскага) пісьменніка Льва Талстога. Міхал Талочка – пра сваіх вясковых (апошніх і помных) землякоў, пра паступовае згасанне традыцый і культуры малой бацькаўшчыны. Леанід Галубовіч рэцэнзуе зборнік вершаў Георгія Ліхтаровіча «Санеты». Анатацыі новых кніг – у рубрыцы «Дзеяпіс». Таксама напрыканцы нумара выкладаецца змест часопісаў за 2019 год. Не прамініце прачытаць. ЛеГал   Будзьма з «Дзеясловам»!   Падпісацца на літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі ды атрымліваць яго шэсць разоў на год. Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813, для ведамаснай падпіскі — 748132.
 
Навагодні парадунак ад каманды "Дзеяслова" – англамоўны дайджэст "VERBUM"!
Шмат разоў, на розных дыскусіях, у крытычных выступах казалася, што сучасная беларуская літаратура адна з самых невядомых усходнееўрапейскіх і разам з тым – адна з самых цікавых… З першым можна пагадзіцца адразу. Бо мы ведаем, што ў большасці суседзяў Беларусі ёсць праграмы і цэлыя інстытуты, якія працуюць на прэзентацыю ўласнай культуры і літаратуры ў прыватнасці. Беларуская ж дзяржава абсалютна нічога дзеля гэтага не робіць, нават у буйнейшых еўрапейскіх кніжных выставах фактычна не ўдзельнічае. Няма і спецыяльных праектаў на пераклад беларускай прозы і паэзіі на замежныя мовы. І якім чынам тады даведацца чытачам па-за Беларуссю, што нашая літаратура і сапраўды цікавая ды адметная, што ў нас, апроч лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, ёсць яшчэ дзясяткі імёнаў творцаў, вартых пільнейшай увагі і больш блізкага знаёмства? Вось таму незалежны літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў” вырашыў запоўніць гэты прабел дайджэстам тэкстаў са сваіх апошніх нумароў у перакладзе на англійскую мову. Паэзія, проза, эсэістыка, крытыка, кніжныя навінкі – тут прадстаўлены ўсе жанры, якія ёсць у часопісе. Дзякуй вялікі ўсім, хто спрычыніўся да рэалізацыі гэтай ідэі і асабліва перакладчыку Джыму Дынглі! А шаноўным чытачам жадаем прыемнага знаёмства з сучасным беларускім мастацкім словам.
 
  Такарчук, Федарэнка, Блажэнны: пабачыў свет калядны “Дзеяслоў”!     Перадкалядны 103-ці нумар “Дзеяслова” парадуе чытачоў літаратурнымі цікавосткамі ў розных жанрах ды рубрыках: тут і тонкая лірычная паэзія Людкі Сільновай, і вострасюжэтныя творы Андрэя Федарэнкі ды Алеся Бычкоўскага, і медытатыўна-роздумныя старонкі з “Памятнай кнігі” Леаніда Дранько-Майсюка, і Хронікі беларускага інтэлектуала Валянціна Акудовіча, і падарожнае эсэ Франца Сіўко – рэфлексія па наведванні аўтарам Яснае Паляны, і густоўныя пераклады Веніяміна Блажэннага, выкананыя Настай Кудасавай, і новыя вершы Леаніда Галубовіча... Нумар мае выразны польскі акцэнт – як з лакальнага гледзішча, гэтак і з гледзішча моўнага. Так, у рубрыцы “Пераклады” друкуецца навела беларускай польскамоўнай пісьменніцы Элізы Ажэшкі (пераклад Анатоля Бутэвіча), а таксама – апавяданне леташняй набелянткі Вольгі Такарчук (пераклад Марыны Шода). Таксама ў нумары – фрагмент рамана “Подых Тэмры” беластоцкага літаратара Віктара Стахвюка, напісанага заходне-палескай гаворкаю, ці “падляшскай мікрамовай”, ці, як кажуць на Беласточчыне, – “по своёму”. Дырэктар бельскага беларускамоўнага ліцэя Андрэй Сцепанюк прэзентуе паэтычную нізку. Паэтка і перакладчыца Наталля Русецкая, што жыве ў Любліне, таксама дзеліцца сваімі новымі вершамі. Як заўсёды “Дзеяслоў” адкрывае новыя імёны ў літаратуры. Гэтым разам такое імя – паэтка, навучэнка Школы маладога літаратара пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў Марына Юрчык. І гэта – не поўны пералік усяго, чым парадуе чытачоў 103-ці “Дзеяслоў”!   ПАЭЗІЯ Людка Сільнова. Выйсці вонкі. Вершы. Леанід Галубовіч. Знакі жыцця. Крок насустрач празрыстым марам. Вершы. Наталля Русецкая. Паміж намі былымі. Вершы. Андрэй Сцепанюк. Замала мяне ў табе... Вершы.   ПРОЗА Андрэй Федарэнка. Жэтон на метро. Раман. (Заканчэнне.) Леанід Дранько-Майсюк. Старонкі з “Памятнай кніжкі”. Уладзімір Ліпскі. Цялец. Урывак з рамана. Віктар Стахвюк. Подых Тэмры. Урывак з рамана.       Алесь Бычкоўскі. Фірма. Амаль крымінальнае чытво.   ДЭБЮТ Марына Юрчык. Слуханне цела. Вершы.   ПЕРАКЛАДЫ Эліза Ажэшка. Бог ведае хто. Прадмова і пераклад Анатоля Бутэвіча. Веніямін Блажэнны. «І вечны толькі шлях, і вечны толькі пошук...» Прадмова і пераклад Насты Кудасавай.    Вольга Такарчук. Зялёныя Дзеці, або Апісанне загадкавых здарэнняў на Валыні, медыкам Яго Каралеўскай Мосці Яна Казіміра, Уільямам Дэвісанам, упарадкаванае. Пераклад Марыны Шода.            ЗГАДКІ Валянцін Акудовіч. Беларускі калегіюм. З новай кнігі «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. (Хронікі беларускага інтэлектуала)». (Працяг).    ЭСЭ Франц Сіўко. Тры вярсты.   ЗАПІСЫ Міхал Талочка. Калі поўня становіцца княжычам.   КНІГАПІС Леанід Галубовіч. «Пракрустава ложа санета». Рэцэнзія на кнігу Георгія Ліхтаровіча «Санеты».      ДЗЕЯПІС Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова».   У афармленні вокладкі выкарыстана каліграфія Юрыя Тарэева.     Шукайце незалежны літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў» у менскіх кнігарнях: «Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72) «Lohvinau» (вул. Караля, 22) «Галіяфы» (вул. Няміга, 3) «Кніжная шафа» (пр-т Дзяржынскага, 9), а таксама — у інтэрнэт-краме knihi.by.   Падпісны індэкс на «Белпошце»: 74813
 
«І ХАЙ НІХТО НЕ ПОЙДЗЕ ПАКРЫЎДЖАНЫМ»   Ну вось, і пачала паціху атачаць нас імгла меланхалічнай восені. Такому флегматычнаму часу якраз, асабліва ў выходныя дні, спрыяе няспешнае роздумнае чытанне. Найперш мастацкай літаратуры. Нашага разліву, як кажуць, беларускай, сучаснай. То – чарговы «Дзеяслоў» вам у рукі. У 102 яго нумары вас чакае сустрэча з адмысловай прозай Андрэя Федарэнкі і Валерыя Гапеева. Думаю, падасца займальным і цікавым і эсэ ў стылі нон-фікшн філосафа Валянціна Акудовіча. Гэта – найбольш вартае, як на маё меркаванне, з салідных публікацый часопіса. На іх адмеце шырэй і грунтоўней прыпынімся. Пачатак рамана Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро», што публікуе часопіс, у пэўнай меры новая старонка ў творчасці вядомага пісьменніка. Ён спрабуе асэнсаваць сферу бізнесу і выкласці займальную гісторыю з дэтэктыўнай падсветкай. Вядома, расповед не столькі пра сам бізнес, як пра людзей, што ў яго ўкручаны. Ды і не толькі бізнес. Гаворка вядзецца пра двух зводных братоў з Расіі, Літавых, адзін з якіх робіць прыўладную палітычную кар’еру і ўжо стаіць адной нагой на прыступцы да самага высокага месца ва ўрадзе імперскай дзяржавы, а другі, трохі старэйшы, працуе ў вялікай лесаапрацоўчай кампаніі, маючы там свае немалыя акцыі. Малодшы кіруе старэйшым, бо нешта ў маладосці такое здарылася, што ад таго ўчынку (магчыма, крымінальнага) залежыць службовы і жыццёвы лёс іх абодвух. Таму Леаніда Літава пераводзяць (вядома, з падачы брата) з аднаго месца на другое (Латвія, Украіна, Эстонія, Польшча). Не больш двух гадоў працы, і – змена месца дыслакацыі. Цяпер ён ужо два гады ў Беларусі, якая яму вельмі палюбілася, прыжыўся тут з сям’ёй і нават сабраўся вывучыць беларускую мову (мы ж ведаем, рускія – ветлівыя людзі). Да таго ж пачаў пісаць гістарычную прозу. Жыве і паводзіць ён сябе вельмі дзіўна, а часам і падазрона. (Sic! – пабудаваў у падворку бункер, называючы яго працоўным кабінетам.) Упарта шукаў знаёмства з беларускамоўнымі, каб хтосьці з іх дапамог з літаратурнай апрацоўкай тэкстаў. І знайшоў пенсіянера, былога выкладчыка ўніверсітэта, а той звёў Літава з паэтам Ракам, які некалі вучыўся ў таго самага выкладчыка, прафесара Самусенкава. Абодва беларусы знаходзяцца ў творчым і псіхалагічным крызісе. Адзінота і замкнёнасць змушаюць іх да знаёмства і стасункаў з Літавым… Чым далей, тым болей гісторыя заблытваецца, заводзіць герояў у непралазную палескую пушчу… А між тым, таемнасць аўтарскай задумы аніяк не выдаецца, і гэта яшчэ больш напружвае… Тут і жанчыны, і грамадска-палітычная падаплёка, і літаратура, і маральныя зрушэнні… Стыль пісьма, мова, вобразы і характары герояў Федарэнкі так дасціпна і нязмушана кладуцца на душу чытача, што ён, забыўшыся, рухаецца за сюжэтам, міжвольна ўжываючыся ў яго і суперажываючы ўсяму, што там адбываецца… Чытвом пазначыў жанр свайго прыгодніцкага тэкста «І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаны, або Грак і Монця Хрысцік» адметны і сталы празаік з Івацэвічаў Валеры Гапееў. Сюжэт раскручваецца па волі аўтара вельмі заманліва для чытача. Але, у адрозненне ад Федарэнкі, тут рука вопытнага складальніка пазлаў праглядаецца амаль візуальна. Ход гісторыі, якую распавядае нам аўтар, хоць асаблівай навізной і не вылучаецца, у функцыянальных дэталях і мастацкім афармленні мае свае падтэкставыя ізюмінкі. Чытанне даецца лёгка, ды і змест і яго высновы даволі ясна праглядваюцца. Зрэшты, насамрэч не ўсё так проста. Калі коратка, то фрагмент чытва, які падаецца ў часопісе як інтрыга для ўсяго будучага тэкста, можна выкласці ў пяці сказах. Хлопцы з правінцыі заканчваюць вучобу ў магістратуры ўніверсітэта. Адзін – таленавіты тэарэтык, другі прагматычны і амбітны практык. Працуюць над адным перспектыўным вынаходніцтвам і хочуць давесці яго да канца. Але месца ў аспірантуры ёсць толькі для аднаго, і яно выпадае Монцю (Мацвею). Даніла затойвае глыбокую крыўду на свайго калегу. Інтэрнацкія сябры, адчуўшы крыўду і роспач Данілы, наважваюць яго на подласць: падкласці ў рэчавы тайнік Монці бэнээфаўскія ўлёткі і распавесці пра тое людзям з органаў… Монцю «разаблачаюць» і выстаўляюць з універсітэта як апазіцыянера (хоць той ні сном, ні духам…). Ён едзе ў свой райцэнтр да хваравітай і адзінокай маці, а не знайшоўшы там працы, патрапляе ў гурт гастарбайтэраў, што адпраўляюцца на заробкі ў Расію. Аднак працадаўцы аказваюцца крымінальнікамі і завозяць хлопцаў у Чэчню, прадаючы іх горцам у рабства… Монця апынаецца ў безвыходнай сітуацыі, але ў яго ачахлы дух усяляе надзею такі ж, палонены перад ім, рускі афіцэр па прозвішчы Грак, якога Монця заспявае пры смерці і выходжвае… Словам, каб выйсці за межы ўласнага гора, абодвум даводзіцца натуральна прабіваць самыя што ні ёсць горы… « – Я тут усё аблазіў. У левы бок нам дарогі няма, наверх – няма, управа – вось апошні крок. Такім чынам, скалу скінем у прорву – зможам перайсці.<…> Гэта табе не твае беларускія лясы, дзе можна і грыба з’есці, і жабку. Тут камяні грызці не станеш. Заблукаць у гарах – лягчэй лёгкага, бо тут усё падманнае. І адлегласці, і велічыні. <…> У нас няма іншага паратунку, як самім шукаць выйсця. Іначай апынемся ў нейкі дзень на дне прорвы. <…> Сек Грак, затым – Мацвей, потым зносілі і выкідалі аскалёпкі ў прорву, і зноў секлі. Скала паддавалася – з адным узмахам аддавала кавалачак на два-тры сантыметры са свайго нутра». Тэкст займальны – яго сюжэтная ніць, як провад з пераменным токам, штораз напружвае і падвышае цікавасць да чытання. Сіла волі, гонар і маральнасць падчас вялікіх выпрабаванняў чалавечага цела і духу. Што праўда, чытача чакае незадача: калі раман Федарэнкі будзе ў часопісе дадрукаваны цалкам, то больш чым на публікацыю фрагмента з чытва Гапеева часопіс не разлічвае. Прыхільнікам давядзецца чакаць кніжкі. З малой прозы публікуюцца апавяданні Алены Брава («Карыятыда ў маціцовых кліпсах»), Сяргея Рублеўскага («Хлюст наезны») і дэбютанткі Дар’і Значонак («У ноч на сямнаццатага ліпеня»). Спадзяюся, што шмат каго зацікавіць і гісторыя элітарнага часопіса «Крыніца», выкладзеная ў асабістай інтэрпрэтацыі і з уласнага пункту гледжання вядомым і папулярным філосафам Валянцінам Акудовічам, але як па мне, дык даволі аб’ектыўна, хоць і занадта сцісла праз спрошчанасць і не дарэшты асветленную запавуціненую частку некаторых вострых і цямнейшых вуглоў у існаванні гэтага знакавага мастацка-літаратурнага і культаралагічнага выдання 1990-х гадоў. «Не было нічога дзіўнага, што як мы згуртаваліся ў «Крыніцы», дык загалоўнай творчай фігурай тут мне бачыўся не галоўны рэдактар Някляеў, а Разанаў. Якім жа было маё здзіўленне, калі неўзабаве высветлілася, што суладна са мной мяркуе не шмат хто. Ды, відаць, і сам Разанаў не быў пэўны ў сваім вяршынстве. <…> А значна пазней нечакана ўзважылася: «Цалкам верагодна, што Разанаў і Някляеў аднолькава таленавітыя. Проста ў іх розныя мэтавыя аўдыторыі. Разанаў – паэт для багоў, Някляеў – дзеля жывых людзей». Можа яно і насамрэч так, толькі чаму аднойчы раптам падумалася ні з чаго: прачнуцца праз тысячу гадоў і пачытаць Разанава…» Напомню, што гэта працяг тэкстаў, якія Акудовіч друкуе ў часопісе са сваёй будучай кніжкі «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым (Хроніка беларускага інтэлектуала)». Што да краснага пісьменства гэтага нумара, то паэзія ў пераважнай большасці прадстаўлена вершамі. Выглядае, што Уладзімір Арлоў не задаволіцца адным зборнікам баладаў («Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань»). І трэба зазначыць, што яго новы твор «Цвіў скрыпень» ад упомненых розніцца больш каларытнай і душэўнай лірыкай, не зважаючы на метафарычную аўтабіяграфічнасць зместу. Аўтар піша пра ўласныя дзяцінства і маладосць, адшукваючы ў тым матыльковым часе абрысы, характар і мужчынскія праявы свайго бацькі – генна-гістарычную радаслоўную.   ты не дачакаўся маёй першай кнігі магчыма ты прачытаў яе як і ўсе наступныя досыць было б кнігі баладаў Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань цябе магла прывабіць назва ты быў лейтэнантам памятаеш? у тое лета я прасіў цябе калі пасля будзе працяг дай мне ведаць напрыклад затэлефануй на дзень нараджэння   Аб’ёмная нізка вершаў Васіля Жуковіча (да яго пашанотнага юбілею – віншуем!) – гэта факталагічныя будні прамінулага часу, зарыфмаваныя з сённяшняй айчыннай рэчаіснасцю і зрытмізаваныя з ходам нашай гісторыі і лёсам самога паэта ў прыватнасці.   Малая радзіма?.. Правал паміж слоў, Хоць нехта у сэнс іх паверыў, Назваў недарэчна святыню малой, Аднёс яе ў шэраг памераў. Радзіма… У ёй да сканчэння вякоў Прастора душу набывае. Магчыма, бывае малая любоў, Святыні малой не бывае.   Паэзія нешматслоўная ў сваёй духоўнай спрадвечнай моўкнасці. Гэткага вершатворнага канону стараецца прытрымлівацца паэт Віктар Ярац.   Лужуць фасолю бабулі ў вянках сівізны. Згадкі – не дзікія пчолы, не восы, а востра так джаляць…   Хмельна-іранічныя, правакацыйна-жывыя, лёгкаслоўныя вершы Андрэя Хадановіча ўсё яшчэ бягуць прыпознена вясёлай кампаніяй, напамінаючы пра сябе, за сваім выдадзеным фарматам («зборнік «Школа травы», 2019). Вартае сучаснае мастацкае выяўленне свету праз прызму ўласных думак і адчуванняў.   ці помніш філфак і першыя перакуры паэзію бруднай красы, дацэнтаў нянавісць і жах як помнікі несусветнай літаратуры у рытм не траплялі, але цяклі па вушах   Напевы, шэпты, замовы і літанні зболенай душы – у стоена-таямнічых паэтычных радках Антаніны Хатэнкі.   Схамянуся ў паўсонным зіхценні, чужаніца й шчымліва свая: сумны Нехта, заблуджаны ў ценях, – гэта я? Гэта – я? Гэта – я.   Безумоўна, да гэтага шэрагу, як своеасаблівыя ўзоры высокага мастацкага слова, адносяцца санетны «Марафон» нямецкага паэта Георга Гайма (пераклад Ганны Янкута), дзе гістарычны міф праецыруецца на спрадвечную братазабойчую светабудову, і перастворанае са старабеларускай Алесем Разанавым казанне на пахаванні Зоф’і, княгіні Чартарыйскай багаслова Лаўрэнція Зізанія (?–1634) пад назвай «Як рыба хвастом надае свайму целу рух», дзе Разанаў сваім талентам пераніцоўвае рэлігійна-духоўныя пастулаты ў экзістэнцыйныя сэнсы і надае багаслоўнасці Зізанія сучасную філасофскую ўзвышанасць… У публіцыстычна-крытычнай частцы часопіса чытач можа пазнаёміцца з шэрагам гістарычных і актуальных тэкстаў. Мабыць, найбольш прыцягальным і вартым увагі можна назваць артыкул Юрася Пацюпы «Яшчэ адна ананімная паэма» з адсылам да архіўных крыніц, што тычацца беларускамоўнага краснага пісьменства ХІХ стагоддзя. Чытачу прапануецца расшыфраваны В. Мартысюком вершаваны тэкст пакуль пэўна невядомага аўтара «Чортава сіла». Да юбілею знанага паэта Анатоля Сыса рэдакцыя выдрукоўвае адшуканае ў спадчыне Алеся Ліпая (таксама заўчасна адышоўшага творцы) яго даўняе інтэрв’ю з тады яшчэ маладым «братам Максіма Багдановіча»… Арыгінальны, досведны, сцісла-афарыстычны і па-майстэрску выстыляваны расповед Адама Глобуса пра сусветна вядомага мастака Пабла Пікаса варты шырокай чытацкай увагі. Літаратуразнаўца Алесь Пяткевіч разважае над кнігай «Як укладалі “Спадчыну”», што летась пабачыла свет у «Бібліятэцы Бацькаўшчыны» (укладанне Н. Гардзіенка і Л. Юрэвіча). Выданне прыўрочана да 135-годдзя ад нараджэння і 75-годдзя смерці Янкі Купалы. Зіна Гімпелевіч рэцэнзуе зборнік вершаў Ю. Шамецькі «Непрадказальнае», а Леанід Галубовіч – трохтомнік выбраных твораў У. Мароза. Напрыканцы вас чакае кніжны навігатар «Дзеяпіс». Чытайма. Пакуль хмурэе да першага снегу…   ЛеГал       Будзьма з «Дзеясловам»!   Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі ды атрымліваць яго шэсць разоў на год. Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813, для ведамаснай падпіскі — 748132.
 
 «РУШ НАПЕРАД! ТОЛЬКІ РУХ ДАЕ АДЧУВАННЕ ЖЫЦЦЯ…» [caption id="attachment_1307" align="alignleft" width="300"] Фота Міраслава Адамчыка[/caption] Напрыканцы лета пабачыў свет першы пасляюбілейны – 101 – нумар часопіса «Дзеяслоў». Калі накрэсліць рэзюме да яго, то найперш, у адрозненне ад большасці папярэдніх, кідаецца ў вочы тэматычная стракатасць і шырокая аўтарская геаграфія. Як на мой погляд, гэта добра, асабліва апошняе. Адкрываецца нумар нізкай вершаў Валянціны Аксак пад містычна-інтрыгуючым назовам «Меню таемнай вячэры». Гэта, па-простаму кажучы, збеларушчаныя (нацыяналізаваныя) хрысціянскія матывы. Своеасаблівы пошук святасці зямной грэшніцай. У верлібрах, «якія камусьці ўяўляюцца вершамі», вібрыруе той унутраны душэўна-духоўны покліч, наўслед якому ідзе аўтар у сваіх мастацкіх пожадах і вымогах такога ачышчальнага шляху. І спадзяецца, што   Калі-небудзь я зразумею тую, што стаяла на гаўбцы з келіхам чылійскага шыразу, а цераз дзверы з кухні йшоў дымок ад спаленай намёртва каляднае куцці.   Вядомы пісьменнік гістарычнай тэматыкі Вітаўт Чаропка друкуе кароткае апавяданне трансцэндэнтнага характару «Радасць руху», пра фізічнае і духоўнае пераадоленне трагічных і лёсавызначальных сітуацый у жыцці чалавека. І ўвогуле, ці заўсёды гэта магчыма? На тое ў аўтара ёсць, апроч уласнага досведу, такія высновы: «Руш наперад, нават калі расчараванні сагнулі цябе і аднялі надзею. Руш наперад, крок за крокам, як анямелую нагу, цягні за сабой цяжар сваіх грахоў, як свой крыж іх нясі, не азірайся назад, руш наперад! Нават калі не дойдзеш да патрэбнай мэты, дык наблізішся да яе, затое іншы па тваіх слядах дойдзе да яе і будзе табе ўдзячны за пракладзеную сцяжыну. Руш наперад! Толькі рух дае адчуванне жыцця, толькі так спазнаеш радасць руху! Дык руш наперад, куды цябе вядзе твой вольны розум!» Уладзімір Някляеў прапануе чытачам нальшанскую легенду «Зорка Дзіва». Гэта яшчэ адна па-майстэрску выпісаная знаным паэтам гісторыя родавай (крэўна-крэўскай) сутнасці беларускай нацыі ў яе міфалагічным узнаўленні. Каханне і любоў, нараджэнне і смерць, гібель і ўваскрашэнне… Як і большасць такіх аб’ёмных паэтычных твораў гэтага аўтара, легенда напісана ў дэкламацыйным стылі, немалаважным для публічнага ўспрымання. Усё без швоў суцэльна знітавана: думка, рытміка і эмоцыя, дзе слова трымаецца за слова, як каханкі – адно за аднаго… З такіх палкіх міфа-метафарычных узаемаадносін і нараджаецца паэзія:   То пад ім яна стагнала, То яна над ім Зоркай бліскала і ззяла, І кахала, абдымала У агні сваім. І да зоркі кожны дотык Цела працінаў… Ні раней ён і ні потым Гэтак не кахаў. Бог паслаў яму каханку!.. І прачнуўшыся наранку, Сон на яве ўбачыў Янка Той, які прысніў: У агні стаяла Дзіва… І ўсміхнуўся ён шчасліва, І ў агонь ступіў.   Нечаканы па сваёй ідэі, змесце і форме празаічны тэкст прапануе пісьменнік Васіль Гігевіч. Называецца ён «Творчасць», з падзагалоўкам «спроба аналізу». Чытач адразу ж настройваецца на літаратурна-крэатыўны лад, чакаючы неардынарных развагаў на заяўленую тэму. Аднак у нашым выпадку не ўсё так проста. Калі ў першай частцы аўтар і насамрэч задаецца спробай аналізу літаратурнай творчасці, то далей ён нечакана адыходзіць ад гэтага і пачынае абгрунтоўваць свае філасофскія і мыслярскія тэзісы пра ўсё чалавечае жыццё, высноўваючы яго ад першапачатку Слова і першакрыніц быцця (тут – ад кастрычніцкай рэвалюцыі) да нашых дзён. Метад цікавы, але занадта ўжо хаатычны і разбэрсаны – ад праставата-наіўнай, падчас сентыментальнай спробы апісання працэсу і сутнасці самой літаратурнай творчасці да практычна-дакументальных сюжэтаў (мажлівасці і немагчымасці пры тых ці іншых умовах і раскладах зямнога жыцця ўвогуле)… Свой эсэістычна-публіцыстычны запал і набыты асветніцкі досвед В. Гігевіч у рэшце рэшт зводзіць да маральнасці і пошукаў бяспечнай чалавечай будучыні, якія, нібыта панацэю, прапісвае дзесяццю рэцэптамі-запаветамі Новай рэлігіі, падкрэслена «заснаванымі на разумнасці». Што й казаць, тут ёсць поле для разгортвання шырокай палемікі. Але як чытач уласна я не магу не пагадзіцца з наступнымі развагамі літаратара: «Думаю, што творчае натхненне, як і каханне, сапраўды ёсць, існуе ў прыродзе чалавека. Можа, гэта той рытмічны гул, які з’яўляецца ў душы творцы. Як і каханне, яно прыходзіць да ўсіх, яно даецца кожнаму, – і таленту, і бездару. Натхненне – душэўнае ўзрушэнне, і не думаю, што творцы, якіх называюць графаманамі, адчуваюць жыццё горш, чым таленавітыя людзі. Ніяк не пагаджуся глядзець на графаманаў як на калег-нябог. Бяда многіх аўтараў не ў адсутнасці натхнення, а ў нежаданні ці няўменні выказаць, выкласці на паперы свае перажыванні, перажыванні сваіх герояў». З вышыні ўласнага набытага жыццёвага і творчага вопыту прапануе чытачам сваю паэтычную нізку Галіна Каржанеўская. Вершы простыя, як «дарога да Бога», філасофія іх больш чым відавочная:   «Бывай» не гаварыце маладосці, Пакуль да вас прыходзіць Муза ў госці, Пакуль між сном і явай, раніцою Рэальнымі здаюцца планы, мроі…   Друкуецца заканчэнне факталагічнай аповесці пра Адама Станкевіча «...Усе бачылі нястачу віна…» Леаніда Дранько-Майсюка з кнігі «У Вільні і больш нідзе». Па сутнасці, гэта архіўна-біяграфічны нарыс з літаратурна-мастацкімі ўстаўкамі аўтара пра вядомага беларускага ксяндза і грамадскага нацыянальнага дзеяча і асветніка, замучанага і даведзенага да гібелі бальшавікамі ў Азярлагеры пад далёкім халодным Брацкам у1949 годзе. Зачапіў за жывое такі нечаканы пасаж у пасляслоўі: «Яму заўсёды давяралі грошы, і ён ні разу нікога не падмануў, не ўтаіў ні капейкі… <…> Зрэшты, можна і не здзіўляцца, што быў такі – гадаваўся ж у сям’і, дзе шчыра шанавалі запавет: не крадзь! Грошы з ягоных рук без астачы йшлі на грамадскую справу, і калі справа ўдавалася, то ён мог тады і весела ўздыхнуць: «Эх, каб грошы ўмелі размаўляць і размаўлялі па-беларуску, то тады па-беларуску гаварылі б усе!». І напрыканцы аповесці аўтар піша: «Душа Адама Станкевіча супакоена верай: Бог прамаўляе беларускай мовай таксама… Магчыма, у апошнюю сваю хвіліну святар адкрыў галоўнае: калі пытацца, то пытацца заўсёды варта пра адно – дзе ты, Беларусь? А магчыма, у тую хвіліну ўспомніў пра вяселле ў Кане Галілейскай, на якім Ісус Хрыстос ваду ператварыў у віно – зрабіў немагчымае. Тое ж немагчымае рабіў і ён, Адам Станкевіч, бо таксама ж бачыў нястачу віна, – брак Беларусі ў Беларусі, – і да апошняга (як мог і як умеў!) ператвараў буднае – у святочнае. І аддаў жыццё, бо толькі жыццё – плата за высокую мэту!» Нізка вершаў віленчанкі Ванды Марцінш душ Рэйш «Плод авакада» – гэта, па ўсім, даніна любові і павагі партугальскай Мадэйры ў яе гожым беларускамоўным успрыманні. Прырода, культура народа, яго душа, пачуцці і філасофія духоўнага жыцця… Вершы і сама іх паэтыка зроблены ў мастакоўскім стылі – яны каляровыя, пахкія, эмацыянальна-чуйныя, візуальна-вабныя і прыцягальныя:   Хачу пад сэрца стук Палаць, згараць датла, Пакуль спявае лук, Пакуль ляціць страла.   Шчымліва-горкія, а часам проста сентыментальныя і павучальныя гісторыі з пасляваеннага маленства – сіратлівага, галоднага і халоднага – прадстаўленыя трыма кароткімі навеламі магіляўчаніна Міхася Булавацкага. Яны так і названыя: «Згадкі маленства» («Лыска», «Шаптуха», «Яблынька»). Разважаючы над тэкстамі, нечакана прыйшло на розум неардынарнае параўнанне, што гэтыя тэксты могуць успрымацца сучаснымі маладымі чытачамі прыкладна так жа, як пяцьдзясят гадоў таму маім чытацкім пакаленнем – «Пяць лыжак заціркі» Змітрака Бядулі. Адным словам, нязмушаная, шчырая (сёння сказалі б «нон-фікшн») проза класічнай беларускай правінцыі вартая ўвагі. Вершы Ганны Комар – гэта аддаленыя, але не адстароненыя асацыяцыі, якія ўводзяць чытача ў тэкст сваёй нечаканай падвоенай метафорыкай, адлюстроўваючы яго сэнс і духоўна-інтэлектуальную сутнасць… Кажучы шчыра, вершы з ранейшых публікацый і кніг паэткі мне былі бліжэйшымі, больш празрыстымі, менш загадкавымі, але значна глыбейшымі ў сваіх ідэйных і мастацкіх праяўленнях.   А ў яе пад адзеннем ад ключыц да шчыкалатак словы, напісаныя вострым прадметам, нашкрабаныя наспех, рэльефныя, для чытання з заплюшчанымі вачыма.   Два аповеды Паўла Касцюкевіча пад агульным назовам «Мяне вучыў ангельскай Лі Харві Освальд» уяўляюць сабой аўтарскія фантазіі, заснаваныя на рэальных гісторыях, як палітычнага, так і сямейна-родавага характару. Натуральныя і ў той жа час выбітныя – мова, стыль, форма і сюжэты робяць тэксты займальнымі і чытэльнымі. Будзённа-запозненая лірыка кахання, у тым ліку і віртуальна-мройлівая – у нізцы вершаў Таццяны Барысюк. Спрошчаная складанасць жыцця:   Апошні дзень вясны – апошняе каханне. Я мару зліцца з ім у жарсным парыванні. Ды толькі ці магчыма шчаслівае здзяйсненне? Анёлам за плячыма ён, мройным вабным сненнем… Не для мяне, о не!..   Вершы мастацтвазнаўцы – так можна сказаць, прачытаўшы паэтычную падборку лідчанкі Кацярыны Янчэўскай «Белае шмакроп’е».   Граматыка і сінтаксіс пачуццяў, Задумкі для карцін сярод галін, Узнёсласць колеру ў смарагдавы  ландшафце.   Аднак за ўсімі яркімі і вабнымі фарбамі прыхаваны няпросты ўнутраны дух жыцця:   Стары калодзеж чыстай вады абдымае крыніцу пяшчоты. Журботу маўчання майго – паглыні! Перамяні на мову!   Вядомы іраніст, парадыст і сатырык з Віцебска Міхась Мірановіч публікуе заканчэнне выбраных і перакладзеных ім на беларускую мову «Непрычасаных думак» Станіслава Ежы Леца. Вось адна з найбольш прыкольных: «Плагіятары могуць спаць спакойна. Муза – жанчына, яна наўрад ці скажа, хто ў яе быў першым». А Вольга Гапеева друкуе ў сваіх перакладах вершы індыйскага паэта Мохана Рана, які ўжо даўно жыве ў Вялікабрытаніі, але піша на мове хіндзі (хоць пазначана, што пераклады В. Гапеевай зроблены з ангельскай мовы). Як піша сам індыйскі паэт: «на твары маім маска, адмыслова прыдуманая для гэтага верша». Да 60-годдзя выдатнага (заўчасна памерлага: 1959–2005) паэта Анатоля Сыса крытык і літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў, які жыве ў Любліне, узгадвае таленавітага творцу праз прызму шматзначных сведчанняў яго былых таварышаў, сяброў і калегаў, а таксама архіўных даведак і розных публікацый у друку. Ёсць пэўная спроба аналізу жыцця і творчасці выбітнай асобы як паэта і чалавека. Аўтар як бы папярэджвае нас, што мажліва «не ўсе літаратуразнаўцы ды і звыклыя чытачы будуць згодныя з такой высокай ацэнкай творчасці Анатоля Сыса, з сакралізацыяй яго неадназначнай асобы і «запісваннем» нашага сучасніка ў пантэон нацыянальных класікаў узроўню Купалы і Багдановіча, прыніжаючы тым самым статус Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Максіма Танка, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і іншых выдатных беларускіх паэтаў ХХ ст. Бяспрэчна аднак, што Анатоль Сыс назаўсёды застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры як выдатны паэт канца ХХ ст., творчы лідэр свайго пакалення, голас нацыянальнага адраджэння ў Беларусі, пісьменнік з нетыповай біяграфіяй і трагічным лёсам». Сёння пісьменнік і філосаф Валянцін Акудовіч як бы абвяргае свой даўні, але вельмі жывучы сафізм з усім вядомым выразам «мяне няма» і ўпарта даводзіць сучаснаму чытачу, што ён быў, ёсць і будзе ў нашым нацыянальным адраджэнскім працэсе, культуры і літаратуры. У публікацыі «“Крыніца” і “Крыніца”» (з хронікі беларускага інтэлектуала) ён піша пра нашумелы ў свой час элітарны часопіс – пэўней, пра тое, як ён сам бачыць і разумее з сённяшняга пункту погляду гэты літаратурна-культуралагічны і ў нейкай меры філасофскі праект постсавецкага часу, – яго быццё і кананне… Лявон Юрэвіч з Нью-Ёрка піша пра пошукі першакрыніц, якімі, мажліва, карыстаўся У. Караткевіч падчас працы над легендай «Ладдзя Роспачы». Публіцыстка Марыя Міцкевіч публікуе артыкул пра братоў Луцкевічаў і іх грамадска-палітычную і літаратурную сувязь з Якубам Коласам, пра неацэнную значнасць іх асветніцкай працы ў справе адраджэння нацыянальнай нівы жыцця беларускага народа. Паэт Васіль Жуковіч у сваім эсэ цёпла ўспамінае чысты і годны талент паэта і рэдактара Алеся Пісьмянкова. Уладзімір Сіўчыкаў прапануе чытацкай увазе штрыхі да творчага партрэта вядомага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава. Літаратуразнаўца Алена Лепішава піша пра эксперыментальную драматургію канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў («Пакаленне “нетутэйшых”»). Вольга Гапеева прэзентуе антыраман «не для ўсіх» «Калі прыгледзецца – Марс сіні» Зм. Вішнёва: як аўтарскую шчырасць адносна трагізму авангарда. Леанід Галубовіч рэцэнзуе зборнік хоку Уладзіміра Сцяпана «Шапка». Традыцыйная рубрыка «Дзеяпіс» з анатацыямі новых кніжных навінак завяршае публікацыі нумара. Усім прыхільнікам беларускай літаратуры жадаю зацікаўленнага чытання.   ЛеГал
 
У суквецці паэтак...
Выйшаў 101-ы нумар «Дзеяслова». Што ў ім ёсць пачытаць? Адкрывае нумар нізка вершаў Валянціны Аксак «Меню таемнае вячэры». Нізка насычана біблійнымі матывамі (верлібры «Вербы», «Міраносіцы», «Эмануіл», «Міраносіцы», «Вялікдзень-2019» і інш.), што суседнічаюць і пераплятаюцца з няўлоўным хараством, якое паэтка бачыць ў самых быццам бы будзённых рэчах. Уладзімір Някляеў прэзентуе сваю новую паэму «Зорка Дзіва». Даўней яе назвалі б ліра-эпічнаю (зрэшты, жанравая пазнака Нальшанская легенда ўжо ўказвае на гэта). Наогул жа, калі казаць пра паэтычную частку нумару, Уладзіміра Пракопавіча акаляе цэлае суквецце паэтак: Галіна Каржанеўская (нізка «Сустрэча з крэўнымі»), Ванда Марцінш душ Рэйш ( «Плод авакада»), Ганна Комар ( «Мора ўнутры»), Таццяна Барысюк («Віртуальнае каханне»), Кацярына Янчэўская («Белае шматкроп’е», рубрыка Дэбют). Празаічную частку адкрывае апавяданне Вітаўта Чаропкі »Радасць руху». Гэты, дужа папулярны ў 90-я аўтар твораў на гістарычную тэматыку, — нячасты госць на старонках літаратурнае перыёдыкі. Тэкст Васіля Гігевіча — суплёт эсэяў ды невялічкіх аповедаў, аб’яднаных адной мэтаю — спасцігнуць з’яву творчасці. Некаторыя з іх — свайго роду майстар-класы ад знанага празаіка перадусім для тых, хто сам спрабуе сябе ў літаратурнай справе («З чаго пачынаецца творчасць», «Сюжэт», «Натхненне», «Як пісаць»). Леанід Дранько-Майсюк завяршае сваё захапляльнае літаратурна-дакументальнае даследаванне — аповесць пра Адама Станкевіча «…Усе бачылі нястачу віна…» Між тым, хочацца спадзявацца, тэксты з вялікага цыклу «У Вільні і больш нідзе», якія цягам 10-годдзя з’яўляліся на старонках «Дзеяслова», будуць доўжыцца. Адзін з заснавальнікаў магілёўскай філіі аб’яднання «Мартыралог Беларусі Міхась Булавацкі дзеліцца з чытачом сваімі пранізлівымі «Згадкамі маленства». Храналагічна першы лаўрэат прэміі імя Е. Гедройца Павал Касцюкевіч выступае на старонках 101-га «Дзеяслова» з двума аповедамі, аб’яднанымі не толькі агульнай назваю («Мяне вучыў ангельскай Лі Харві Освальд»), але і галоўным героем — дзедам Імануілам. Гэтым нумарам «Дзеяслоў» развітваецца не толькі з летам, але і з «непрычасанымі думкамі» Станіслава Ежы Леца — афарызмамі славутага польскага паэта і майстра кароткага філасофскага парадоксу ў перакладзе Міхася Мірановіча. Вольга Гапеева выступае адразу ў дзвюх творчых іпастасях — як перакладніца (перастварыўшы на беларускую вершы Мохана Рана, аднаго з вядучых паэтаў, які піша на хіндзі і жыве па-за межамі Індыі) і як [анты]крытык (друкуецца яе антырэцэнзія на антыраман Змітра Вішнёва «Калі прыгледзецца — Марс сіні»). Не паверыце, але ў гэткім звышхуткім аглядным тэмпе мы даляцелі толькі да сярэдзіны нумара (пры тым што гэты, параўнальна з ранейшымі, заўважна патанчэў). Частку нон-фікшн распачынае артыкул Сяргея Кавалёва, прымеркаваны да 60-годдзя Анатоля Сыса «Прарок — блазан — легенда». Аўтар прасочвае развіццё асобы паэта ў гэтых трох іпастасях, абапіраючыся на сведчанні як даследнікаў, гэтак і паплечнікаў А. Сыса. Шмат для каго гэтая частка ўспамінаў Валянціна Акудовіча падасца самай цікавай, бо прысвечана яна культаваму часопісу «Крыніца», а дакладней — двум зусім розным часопісам, што мелі адзіную назву. Цэнтральнымі фігурамі гэтых старонак Хронікі беларускага інтэлектуала ёсць паэты Уладзімір Някляеў і Алесь Разанаў. У рубрыцы Прачытанне архівіст нью-ёркскай публічнай бібліятэкі Лявон Юрэвіч шукае (і, здаецца, знаходзіць!) першакрыніцы аповесці Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы», а Марыя Міцкевіч (між іншага, унучка Якуба Коласа па бацьку і Янкі Маўра па маці) разглядае асабістыя стасункі ды жыццёвыя перыпетыі трох волатаў Беларушчыны — Якуба Коласа, а таксама Івана і Антона Луцкевічаў. Наўздагон сотаму нумару, што быў прысвечаны аўтарам, чые тэксты друкаваліся ў першым «Дзеяслове», Васіль Жуковіч прадстаўляе пранізлівы эсэй «Цудадзейны талент Алеся Пісьмянкова». У рубрыцы Мастацтва друкуюцца Штрыхі да творчага партрэта заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Слабодчыкава. У гутарцы з Уладзімірам Сіўчыкавым знакаміты скульптар разважае пра традыцыі нацыянальнай скульптурнай школы, пра выкланіцкі прэстыж ды статуснасць, пра сваю творчую ды педагагічную дзейнасць, пра ламанне стэрэатыпаў у выяўленні класікаў беларускай літаратуры… У рубрыцы Кантэкст кандыдатка філалагічных навук Алена Лепішава выступае з артыкулам пра беларускую эксперыментальную драматургію канца ХХ — пач. ХХІ стагоддзя Пакаленне «нетутэйшых». Даследніца разглядае творчасць такіх аўтараў, як З. Вішнёў, В. Жыбуль, Джэці, В. Морт, В. Дранько-Майсюк, І. Сін, В. Гапеева ды інш. У рубрыцы Кнігапіс галоўны кніжны карыфей часопіса Леанід Галубовіч рэцэнзуе зборнік хайку Уладзімір Сцяпана «Папяровая шапка», што пабачыў свет у бібліятэчцы «Дзеяслова». Свежыя выданні Васіля Быкава, Сяргея Дубаўца, Леаніда Левановіча, Сары Лундберг, Ганны Янкуты аглядаюцца ў традыцыйнай рубрыцы Дзеяпіс. Ілюстрацыі на вокладцы Аляксандра Кулажэнкі. Шукайце незалежны літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў» у менскіх кнігарнях: «Акадэмкніга» (пр. Незалежнасці, 72) «Lohvinau» (вул. Караля, 22) «Галіяфы» (вул. Няміга, 3) «Кніжная шафа» (пр. Дзяржынскага, 9), а таксама — у інтэрнэт-краме knihi.by.  
 
Новы нумар!
Адкрывае першы ў 2019 годзе нумар нізка вершаў Вольгі Гронскай “заВершанае”. Таксама з вершамі ў нумары выступаюць Віктар Ярац (паэма “Зіма без мамы”), Вольга Гапеева (нізка “Чорная яблыня”), Анхела Эспіноса Руіс (нізка “Я прыйшла з ніадкуль”), Кацярына Сянкевіч (нізка “Бачу цябе”). Празаічны блок “Дзеяслова” распачынае Вінцэсь Мудроў з апавяданнем “Дом творчасці”. Зараслава Камінская прэзентуе абразкі пад агульным загалоўкам “Святочнае”. Друкуюцца апавяданні Сцяпана Сяргея і Віктара Варанца. Па выніках конкурсу “Экслібрыс”, які летась быў прысвечаны 100-годдзю абвяшчэння БНР, друкуюцца творы пераможцаў – Яўгена Аснарэўскага, Змітра Астроўскага, Андрэя Кулеша. Рыгор Сітніца раскрываецца ў нумары і літаратуры як драматург, прэзентуючы драму ў дзвюх дзеях з пралогам і эпілогам “Фармат Вечнасці”. У нумары друкуюцца пераклады знакамітага летувіскага паэта Томаса Вянцлавы ў перастварэнні Лявона Баршчэўскага, апавяданняў О. Генры (у перакладах Таццяны Ждановіч і Сашы Сайкоўскай), а таксама – пачатак афарыстычных запісаў Станіслава Ежы Леца “З непрычасаных думак” (пераклад Міхася Мірановіча). У блоку нон-фікшн друкуецца другая частка этнаграфічнай працы Эмы Яленскай “Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце” ў перакладзе Уладзіміра Васілевіча, пачатак згадак Кастуся Цвіркі “Мой дзве тысяча шаснаццаты”, працяг кнігі Валянціна Акудовіча “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” (гэтым разам “хронікі беларускага інтэлектуала” прысвечаныя Бум-Бам-Літу). Таксама друкуюцца артыкулы Таццяны Кабржыцкай, прысвечаны “волату ўкраінскага Адраджэння” Кліменту Вітку і яго ўзаемадачыненням з Беларуссю, Васіля Дранько-Майсюка “Душагуб беларускай сцэны” – пра Уладзіслава Галубка, эсэ Вольгі Бабковай “Грушаўка і Падгрушша”, Марыны Яўсейчык “Замова ад «‎вавка»”. У рубрыцы Мастацтва Уладзімір Сіўчыкаў піша пра “сонечнага творцу” Уладзіміра Макарава. Павал Абрамовіч выступае з рэфлексіямі “Мой чытацкі лёс”. Леанід Галубовіч разглядае кнігу Міколы Пракаповіча “Прытулак памяці”. Завяршае нумар традыцыйны агляд навінак на кніжных паліцах “Дзеяслова”. Ілюстрацыі на вокладцы знакамітага мастака-каліграфа Паўла Семчанкі.
 
 НАВАГОДНЯЕ ЧЫТАННЕ: «ДЗЕЯСЛОЎ-97»  Неўпрыкмет мінуўся яшчэ адзін год стваральнага жыцця ў беларускім сучасным літаратурным працэсе. Шмат напісана і нямала выдадзена. І нават калі браць па вялікім рахунку – сярод усяго гэтага ёсць таленавітыя, адметныя і вартыя шырокай чытацкай увагі творы нашых паэтаў, пісьменнікаў… і крытыкаў. Хоць чамусьці менавіта апошнім, бедным, якраз і дастаецца найбольш таго самага пякучага выспятку. За што? А за тое, што ўсё-ткі не ўсё напісанае і выдадзенае вартае чытання і ўхвалы… М-да… Іншая справа – часопіс. Да прыкладу – “Дзеяслоў”. Тут ёсць разнастайны жанравы выбар. Таму нешта ды знойдзецца для чытання на ўсякі густ. Нават для самых што ні на ёсць літаратурных гурманаў. Ну вось хоць бы і ў гэтым 97-м (6-м) нумары. Пераднавагодняе выданне адкрываецца публікацыяй перастварэння “Каляднай казані” Лявонція Карповіча са старабеларускай мовы, зробленае вядомым сучасным паэтам Алесем Разанавым. Л. Карповіч (1580–1620) – паэт-публіцыст і вядомы царкоўны дзеяч (узначальваў антыўніяцкае супрацьстаянне ў ВКЛ), народжаны ў Пінску (памёр у Вільні); быў архімандрытам брацкага праваслаўнага манастрыра Святога Духа ў Вільні, таксама меў датычнасць да навучальнай і выдавецкай дзейнасці, у прыватнасці, да выдання кніг Мялеція Сматрыцкага. Перастварэнне, як мне падаецца, надало “казанню” свецкасці, жывой логікі, душэўнага цяпла і той простасці, што закранае глыбіню сутнасці зямнога чалавечага жыцця і яго духоўнага працягу ў боскай вечнасці…   Ці многія з вас, праваслаўныя хрысціяне, падрыхтавалі свой розум ды ад зямных уяў аддалілі? Ці многія з вас адчулі патрэбу свой дом душэўны абмыць ды ачысціць выспавяданнем грахоў сваіх і пакаяннем праўдзівым, ад сэрца, і ўжо гэта зрабілі? …………………………………… Дык чаму душэўны твой дом застаецца такі занядбаны? Чаму не ачысціш ніяк ад бруду і цвілі сваё начынне? Калі, вось, на лаву альбо на стол сядзе пляма якая, яе сціраеш, чаму ж тады не зважаеш на плямы, што на душы, і самохаць сябе пазбаўляеш боскіх дароў? Хіба не ведаеш, што кірмаш жыцця нашага дужа кароткі і хутка ўжо скончыцца, а ты нічога яшчэ не набыў?!   Нізку адмысловых вершаў рознай тэматычнай скіраванасці – ад грамадзянска-палітычных да пачуццёвай лірыкі – прапануе чытачу Уладзімір Някляеў. Творы – дасканалыя па версіфікацыі, вытанчаныя па майстэрству і стылю, напоўненыя зрушлівым і ўзвышаным духам, аднак пазнавальныя і прадказальныя карэннымі праявамі, што вынікаюць са шматгадовага вопыту літаратурнай творчасці і грамадскай працы. Вось адзін з такіх вершаў:   Сарвалася ў бездань дарога, І я азірнуўся ўначы: За спінай маёй анікога. Хоць крыкам крычы – Ніхто мне вяроўку не кіне, Ніхто не працягне руку!.. А недзе Агонь у каміне. Каханая на скразняку.   Вельмі актыўны апошнім часам пісьменнік Віктар Казько. Чытачам прапануецца аповесць “Як я “рабіў” шпіёнам у Нью-Ёрку”. У гэтым тэксце так шмат фактычнага матэрыялу і фігуруе каля дзясятка сапраўдных імён, таму я не ведаю, чаму ён названы аповесцю, а не, скажам, эсэ альбо яшчэ якім мемуарным жанрам. Аднак – аповесць. Пра што? Пра былога савецкага чалавека і найбольш пра сябе самога. Пра чалавека Хрыста, які быў у кроку ад чалавека Юды… Пра паўсядзённую працу органаў дзяржбяспекі (КДБ) і спробы схілення да працы на гэтыя органы. Аўтар зазначае:“Лічыцца, што самая старажытная на зямлі прафесія – прастытуцыя. Падман. Выведка – яна прастытуткай была ці не раней. Калі ўжо не блізняты яны, то, бясспрэчна, аднаяйкавыя родзічы”. І вось пад яе пільным наглядам і адбывалася драматычная эвалюцыя савецкага чалавека – ад грамадзяніна да асобы. В. Казько, не шкадуючы слоў, падрабязна апісвае гэтае калючае прадзіранне праз заслоны знешне аточанага ад усяго свету жыцця, а таксама не хавае перанесеных пакут, і ўрэшце выкрывае і высмейвае псеўдакамуністычныя рэаліі і вычварэнні сацыялістычнага будаўніцтва. Ну і асноўная гаворка ў аповесці – пра ўдзел пісьменніка ў асамблеі ААН у Нью-Ёрку якраз на пачатку гарбачоўскай перабудовы. Як мне здаецца, то на такія доўгатэрміновыя мерапрыемствы ў самае логава капіталізма пасылаліся ўсё-ткі правераныя людзі. Не думаю, што В. Казько нейкім дзіўным чынам пазбег гэтага. Але ўнутрана аўтар усё ж заставаўся натурай творчай і таму не да канца вытлумачальнай, а да ўсяго яшчэ і глыбока перакананым беларускім нацыянальным чалавекам. Як ён піша:“Сапраўды, усё таемнае з цягам часу становіцца яўным, як шыла ў мяшку: згвалтаваная і падманная гісторыя, сапраўдны кошт усіх рэвалюцый, справядлівых і несправядлівых войнаў, крывавая, забітая ў Гулагах праўда. І гэта толькі здаецца, што ўсе мы розныя і таемныя. Карэннае, нашчадкавае, у барадзе Карла Маркса не схаваеш, у дрыгве і багне не стоіш, чужое ёсць чужое, сваё ж заўсёды бярэ верх, кілой яно выпрэ з цябе. Кожны на зямлі смяецца, плача, робіць і нават крадзе і хлусіць так, як бацькі і бацькаўшчына запаветавалі”. І ў той жа час пісьменнік шчыра прызнаецца, што ён “не жадаў выходзіць з дваццатага свайго веку – вясковая вернасць. Вернасць свайму стойлу, балоту і часу”. Аднак жа паступова празарэнне адбывалася… І ўжо з сённяшняга часу вымалёўваецца гэты наш ментальны і, дасць Бог, неўміручы гістарычны вобраз: “І я іду, іду па сваім жа следзе праз каменні спатыкання, па сцежках, бара́х і дубровах, багне і дрыгве дзяцінства. Па апякаючай і чаруючай нас памяці, прагі загадак, сакрэтаў таямніц, няхай і марна прывідных. Іду на чужыне і дома, па тым, што наканавана і загадана мне вечнасцю – быць шпіёнам, хаця на кожным кроку выракаюся гэтага, толькі ў галаве трымаю: назіраць і бачыць, слухаць і маўчаць. Чым не наш з вамі партрэт, партрэт беларуса сёння”. Друкуюцца ў апошнім нумары “Дзеяслова” 2018 года новыя вершы Леаніда Галубовіча і Валянціны Аксак. Калі ў першага пераважае традыцыйны песімізм і самотлівая адзінота, дык у яго зямлячкі з-пад Нясвіжа больш існыя і глыбокія тэмы і матывы замешаныя на хрысціянскіх традыцыях і нярэдка супярэчлівых ім сучасных успрыманнях гэтага свету, бо “уцёкі ад дзікае слівы// ў завінены рай// апынуліся бегам// па трэнажорнай дарожцы” (маюцца на ўвазе папярэднія зборнікі паэткі “Дзікая сліва” і “Завінены рай”). Бо:   Пасталела нарэшце – ужо не азіраюся. Там нічога няма. Нават жменькі попелу са спаленых дзённікаў. Але палюбіла чытаць чужыя ўспаміны. У іх так прыгожа распавядаецца пра тое, чаго не было. І я гэта помню. Дараваць – не значыць забыць. Уважліва чытаю між радкоў.   Неяк цяжка давялося мне падмастакоўвацца да ўспрымання дзіцячай прозы Сяргея Рублеўскага, да гэтага яго новага дзедаўскага стылю. Я маю на ўвазе аповед пра сабачку, унукаў і іх шчаслівага дзядулю “Тузік-Гузік”. Хоць у рэшце рэшт пэўнае паразуменне адбылося. Алесь Бычкоўскі публікуе заканчэнне свайго фэйсбучнага рамана “Край ваўкалакаў”. На першы погляд, прыземленыя, але жывыя натуральныя запісы беларускага жыцця ў правінцыйным гарадку. Ёсць звычайныя шараговыя нататкі, але сустракаюцца і адметныя, можна сказаць, афарыстычныя і філасофскія, як вось гэтыя: “Дзядуля мой з Палесся быў вернікам. Бывае, паслухае вядзьмарскія заклёны, кульне гранчак самагонкі і абавязкова зап’е свянцонай вадой…”; “Працаваў аператарам вёрсткі ў газеце. Калі раздрукаваны аркуш фармату А3 з маёй вёрсткай выпаўзаў з прынтара ў рукі, заўсёды адчуваў сябе Францішкам Скарынам”. З чаго ж “вырастае” і складваецца гэты “раман”? З непахіснай любові аўтара да беларушчыны, неабыякавасці да сучаснага парадаксальнага жыцця і вернасці свайму літаратурнаму пакліканню. Ну і – гумару, іроніі ды правакацыйнасці, як жа без гэтага можа трываць прывязка да фэйсбуку: “Чамусьці я ўпэнены: каб стаць пісьменнікам у нашай краіне, можна ўвогуле нічога не пісаць. Замест творчасці трэба часцей рабіць сэлфі з помнікамі Купалу-Коласу, святкаваць чарговыя ўгодкі Міцкевіча-Багдановіча, наведваць магілы Караткевіча-Янішчыц, бываць на шматлікіх прэзентацыях, даваць аўтарытэтныя каментары ў сацыяльных сетках і трубіць-гудзець-трэсці-звінець пра гэта на ўвесь свет праз фэйсбук. І ўсе пачнуць лічыць цябе творцам, паслядоўнікам традыцый айчыннай літаратуры…” Як заўжды, іранічна-аптымістычны Андрэй Хадановіч надае нашай – то блазнавата-шумнай, то сумнавата-шчымлівай – паэзіі пэўнага еўрапейскага глянцу і адпаведнага настрою. Для ўзору хоць бы гэтая страфа:   Неймаверны горад сышоў са сваіх графіці і вядзе ў ноч музеяў, бо кожная ноч – музей: “Нарадзіўся – расці вялікім, мой неафіце, адрывайся, спявай і танчы, не цверазей.   Друкуюцца побытавыя і падарожныя – гэтым разам амерыканскія – запісы з нізкі “Уладзевы гісторыі” Уладзіміра Січыкава (“Стрыптыз каля Белага Дома”). Прысутнічае фактура і жывы досціп. Тэксты для разняволенага чытання. Вершы нашай беларускай палтаўчанкі Іны Снарскай, як заўсёды, эмацыйна-душэўныя і мройна-праніклівыя. У іх ёсць ужо даволі разняволены ўкраінскі росхрыст дум і пачуццяў, але засталіся відавочныя і згадлівыя беларускія мяккасць, дабрыня і спагадлівасць.   Паляцелі на поўдзень гусі, Развіталіся да вясны. Уплятаю я сны Беларусі У свае даматканыя сны.   У рубрыцы “Дэбют” маладая паэтка з Магілёва (цяпер вучыцца ў польскім горадзе Лодзь) Яніна Асіпцова спрабуе згарманізаваць спакойную разважлівасць і жарстлівую пачуццёвасць у своеасаблівых вершаваных маналогах, раскрываючы пространі сваіх няспраўджаных мрой і няўрымслівай закаханасці… Іншыя з іх зацягнутыя і блізкія да празаічных высноў і сыходаў. Аднак літаратурная і паэтычная адоранасць аўтара несумнеўныя.   І табе здаецца, што збіраеш Пялёсткі, А насамрэч трапляеш у чарговыя Пасткі, Для бязмежнай прасторы прыдумваеш Межы, І гуляеш у краіны, планеты і зоркі, Толькі Верыш сістэме адноснасці свету, Лету Летуценна дапісваеш сэрцам Санэты.   Публікуецца кідкая на таленты ды імёны падборка перакладаў з сучаснай польскай паэзіі, прапанаваная Андрэем Хадановічам. Прачытаўшы, думаеш, а добра было б, каб і нашых лепшых паэтаў прадстаўлялі за мяжой гэтак жа гожа і паўнавартасна. Сярод перакладзеных на беларускую мову Войцех Бановіч, Ілона Віткоўска, Эва Ліпска, Юлія Фядорчук. З вершаў В. Бановіча:   Напішы паэту. Вышлі паштоўку або напішы ў фэйсбуку што яго сляпая ўпартасць табе патрэбная.   Друкуецца ўрывак з рамана вядомага ўкраінскага паэта і пісьменніка Аляксандра Ірванца “Харкаў-1938” у перакладзе заўчасна памерлага нашага таленавітага творцы Уладзіслава Ахроменкі з яго кароткай прадмовай да тэкста. Гэта фантэзійны раман пра мажлівую некалі Украінскую Рабоча-Сялянскую Рэспубліку. Нездарма ва ўступным слове перакладчык задаецца іранічным пытаннем: а якой магла б быць Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), калі б у свой час перамога аказалася на яе баку? Выбітны фалькларыст і перакладчык Уладзімір Васілевіч публікуе (з разгорнутай біябібліяграфічнай прадмовай) побытавы з дамешкам маральнай і матэрыяльнай культуры людзей вёскі Камаровічы, што на Мазыршчыне, нарыс Эмы Яленскай у перакладзе з польскай мовы. Як зазначае перакладчык, гэтая “праца стала, можна сказаць, універсальным комплексным даследаваннем, пабудаваным на прыкладзе адной вёскі, дзе знайшло месца адлюстраванне яе гісторыі, геаграфіі і культуры яе насельнікаў”. Штрыхі да творчага партрэта вядомага пісьменніка, рэдактара і энцыклапедыста Барыса Сачанкі “Служыць Бацькаўшчыне” публікуе літаратар Анатоль Астапенка. А паэт Васіль Жуковіч прапануе чытачам часопіса цікавы рознабаковы артыкул пра жыццё і творчасць вядомага паэта Анатоля Вярцінскага. Друкуюцца ўспаміны тагачаснага падлетка “Дарагія цені” Паўла Ляхновіча – пра Ракаў, яго ваколіцы, людзей і іх жыццё ў далёкіх ужо 1960-х гадах не так даўно мінулага ХХ стагоддзя. Наш сучасны філосаф Валянцін Акудовіч працягвае публікацыю хронікі беларускага інтэлектуала – гэтым разам у асноўным гаворка вядзецца пра літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО”, што выдаваўся пры тыднёвіку “Культура”. Паэт і нацыянал-патрыёт Славамір Адамовіч публікуе згадкі “Кулакі дабра” з новай уласнай кнігі “Лісты да Зянона”. Тэксты ў выглядзе дзённікавых нататкаў у Славаміра, як заўсёды, гарачыя, правакацыйныя і палемічныя. Вартае чытанне. Літаратуразнаўца з Віцебска Ірына Саматой друкуе артыкул пра мастацкі свет паэта і перакладчыка Уладзіміра Папковіча. Леанід Галубовіч рэцэнзуе кнігу Віктара Казько “Казань пра ката, каторы смяяўся”. Апроч усяго гэтага змястоўнага, напрыканцы змяшчаецца міні-анатацыйная выдавецкая рубрыка “Дзеяпіс” ды змест часопіса за 2018 год. Ну, дык чытайма лепшае!   ЛеГал       Будзьма з «Дзеясловам»!   Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі ды атрымліваць яго шэсць разоў на год. Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813, для ведамаснай падпіскі — 748132.
 
Калядны "Дзеяслоў" №97
Калядны 97-мы нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Дзеяслоў" адкрываецца ўзнаўленнем тэксту Лявонція Карповіча «Што адбылося аднойчы, нанова цяпер адбываецца”, зробленым Алесем Разанавым. У лірычнай рубрыцы – новыя вершы Валянціны Аксак, Леаніда Галубовіча, Уладзіміра Някляева, Іны Снарскай, Андрэя Хадановіча. У рубрыцы “Дэбют” – вершы Яніны Асіпцовай. Проза прадстаўлена новай аповесцю Віктара Казько “Як я “рабіў” шпіёнам у Нью-Ёрку”, заканчэннем фэйсбучнага рамана Алеся Бычкоўскага “Край ваўкалакаў”, апавяданнем Сяргеем Рублеўскага, “Уладзевымі гісторыямі” Уладзіміра Сіўчыкава. З перакладаў друкуецца вялікая падборка сучаснай польскай паэзіі чатырох аўтараў і аўтарак: Войцеха Бановіча, Ілоны Віткоўскай, Эвы Ліпскай і Юліі Фядорчук у перастварэнні Андрэя Хадановіча. Тут жа – апошняя, пасмяротная ужо, праца Уладзіслава Ахроменкі, якою стаўся пераклад з украінскай мовы ўрыўка рамана Аляксандра Ірванца “Харкаў-1938”. У №97 "Дзеяслова" пачынаецца публікацыя этнаграфічнай працы Эмы Яленскай “Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце” у перакладзе Уладзіміра Васілевіча. Раздзел “Згадкі” змяшчае аўтабіяграфічныя тэксты Паўла Ляхновіча, Валянціна Акудовіча і Славаміра Адамовіча. Крытыка і эсэістыка ў свежым нумары прадстаўлена артыкуламі Васіля Жуковіча пра творчасць Анатоля Вярцінскага, Анатоля Астапенкі пра жыццё і творчасць Барыса Сачанкі, Ірыны Саматой пра паэзію Уладзіміра Папковіча, рэцэнзіяй Леаніда Галубовіча на кнігу Віктара Казько.