Віталь Рыжкоў (№79)

Віталь Рыжкоў

Анклаў 
(95 bpm)
Унутраны горад – 
як верш з адзінай метафарай: пляскаты й просты.
Па ім у імжы вострай 
лёгка прайсці ад мяжы да мяжы – абы было з кім.
Яго архітэктар сам, відаць, і не думаў, як тут будзе жыць:
ён ставіў мост у разліку, што рака сама прабяжыць пад мостам.
У самым цэнтры – каменная постаць, 
як костка ў горле горада,
і раз на год з гонарам,
альбо без гонару,
тут праводзяць парады паразаў 
і перамог.
Бывала дзіўна й сорамна,
калі падчас правядзення іх мог прысутнічаць хтосьці –
зазвычай на іх адзінока маршыруюць коскі
і вельмі рэдка бываюць госці.
Сумна й бязлюдна на цэнтральнай плошчы,
пад якой, невядома навошта,
па трубе цячэ памяць падземнай ракой.
Архітэктар так і не здолеў прыдумаць, што рабіць з ёй.
Для выпадковых людзей без імён –
квартал з ільготным жытлом,
тут рыпяць старыя арэлі з ветрам ва ўнісон, 
і хіліць у сон:
стваральнік працаваў тут у сезон дажджоў, і ён 
зрабіў спальным гэты раён.
На сцяне надпісы неразборлівым почыркам,
і на гэтыя вуліцы збочваць зусім не хочацца,
бо невядома, чыя тут вотчына.
Тут гарэлі будынкі, і пад заваламі яшчэ нехта варочаецца,
хай ідзе туды хто заўгодна, апроч мяне, я проста заплюшчу вочы
і пачакаю, пакуль усё скончыцца. Я невідочны.
Няўжо гэта сюды мы крочылі? Эй, давай паварочваем
і проста пакінем ноч над імі. Можа, і будзе тут іначай аднойчы,
але пакуль занадта змрочна – давай пройдземся моўчкі.
Хадзем далей 
уздоўж цяністых алей,
дзе гнёзды звілі сівыя Сівілы 
і з усёй сілы
ўслухоўваюцца ў цішыню,
але нічога не чуюць і дасылаюць жыхарам начныя жахі з ню,
якія я, дарэчы, таксама сню.
Ведаеш, часам тут не так ужо й змрочна, часам тут нават больш ці менш.
Ёсць правіла, якое, як жыццё, не зменіш,
калі падсвядома для існавання ты абярэш
месца, дзе павольней за ўсё пастарэеш, а можа і не памрэш.
Аднойчы я пасялюся ў верш.
У самым цэнтры каналізацыйны сток, куды ўвесь час нетаропка
ўслед за паводкай, сцякае горад, увесь анклаў, з дарогамі і высоткамі,
з насельнікамі і архітэктарам-недаробкам,
каб зрабіцца ўсім, што навокал, 
і аднойчы ператварыцца ў кропку.



Дзевяностыя 
(85 bpm)

Выносім транспарт: на мясцовасці зноўку арэлі,
і трэ разруліць з варожаю бандай чарговыя каніцелі,
бо паводле ўсіх паняткаў яны паводзяцца па беспрадзеле,
яны ўвогуле абарзелі! Ствалы пры целе – і мы паляцелі.
Ну, дык што за праблемы, непаважаныя пасажыры?
Вашых дзёрзкіх старэйшых пад хатнія пасадзілі
яшчэ з мінулай сутычкі, калі за нашыя гаражы вы
заходзілі, і няясна, чужыя, што вы там зноўку забылі!?
Эй, хто цяпер тут з вас за галоўнага па тэрыторыі,
адказвай нармальна, чаго ты гэтак затараторыў-та?
Ты не бачыў гора? Дык табе будзе гора!
Калі штосьці няясна, яшчэ раз усё абазначым, паўторым.
Таму што вось я – а хто такі ўвогуле ён?!
Як чэмпіён, павырашаўшы пытанні, нібы цунамі,
думаеш з понтам зарвацца назад да сябе на раён,
каб за справы зацерці з мясцовымі пацанамі –
тыпу, што ў вас, братва, на раёне-та новага?
Бачылі, які побач у нас увогуле дзеецца цырк?
Але аблом – у спіцах чатырохкалёснага ровара,
як на зло, заблыталіся дзьмухаўцы.



Міма 
(95 bpm)

У дваццаць – ты ўвесь такі апупенны, моцны духам, унутраны стрыжань,
у трыццаць – вопыт з душком, балотная жыжа, пупковая грыжа.
Сябры абіралі твой бок, каб проста пасля перабегчы на іншы,
цяпер усе ў курсе навокал, хто тут з усіх «самы рыжы».
Нібыта й сам ва ўсім вінаваты – клубок не разблытаць да гэтай пары.
Я ведаю: ўсім насамрэч глыбока пляваць на гэта з гары.
І самому напраўду абрыд увесь гэты крык і адвечны надрыў –
і полымем сінім усё б гары, але Фенікс паліць сябе знутры.
А што тут у вас? Гэтак жа душна ад крывадушша – патрэбны «кандзёр»?
А я тут у белым увесь стаю – ні даць ні ўзяць, Д’артаньян, мушкецёр.
Ціпа мацёры паэт, здатны хіба на такое ныццё
і псеўдаінтэлектуальны гон – толькі пад прыкрыццём.
Я спрабую прагнаць гэты мозгу ацёк, на мараў адзёр
перахварэў, зразумеў: тут вайна, бяры што хацеў ды ўцякай, марадзёр.
Ад плётак і цёрак уцёк… Азірнуўся, а тут не зямное жыццё –
гэта я ў пекле і я пераблытаў кацёл.
Але не будзе «рэспаўну» – будуць адно зруйнаваныя планы
спраўна мазгі раз’ядаць і плаўна будуць выкручваць страўнік.
Жыццё ты праспаў і вось прачнуўся ў гэтую аднастайнасць,
удача была, але ты не ў стане быў расшпіліць ёй станік.
Але я нармальна, мама, няма аніякіх ваганняў у зданяў,
мішн кампліт, віншаванні, ты з поспехам праваліў заданне.
Чорт тады з вамі! І што б вам там пасля пра мяне ні казалі,
я проста тут канспектую жыццё – бог прымае экзамен.



Стратасфера
(80 bpm)

Не чалавек, а той самы трыснёг –у нязграбным скафандры самога сябе,
нібы васьміног, які па сабе пакінуў атрамант і збег,
прычым – у тыя глухія куты сусвету, дзе між усім і нічым
проста ляці і маўчы, бо немагчыма абраць толькі адну з прычын
гэтых уцёкаў праз перагрузкі тым, кім ты насамрэч не ёсць,
куды да бацькоў цябе бусел прынёс і дзе надалей, да жалю, не лёс.
І вось ад цэнтру светабудовы, наўпрост да нары кратовай –
усё гатова, паказнікі ў норме, давай нырца праз яе наскрозь!
Ад лепразорыю вернікаў – 
назад праз зоры да церняў.
Туды, дзе новае сонца – 
загляне ў нашу бясконцасць.

Са стратай веры – праз стратасферу,
значна вышэй, чым ляціць душа,
і вышэй за паветраны шар,
у які ты калісьці наіўна паверыў, лашара!
Праз цемру й пустэчу этэру, праз неразуменне і нервы,
і звальваць напэўна раней было трэба – ты, грэбаны геній,
рэчы пакуй! Пакуль, родны кут, пакуль, не дом і не вуліца!
З дапушчальнай вагі толькі некалькі унцыяў – на абяцанні вярнуцца.
Але з іншага боку, калі заняцца
самым простым аналізам,
усе каго мы так прасілі застацца,
ніводнага разу яшчэ не вярталіся.
Магчыма, яны і ляцяць назад
у гэтых сваіх герметычных капсулах,
але хто б там з іх нам што ні казаў,
яны ніколі яшчэ не вярталіся.




 * * *

Пабудзь з сабою колькі гадзін,
уключы музыку і паглядзі,
як рассоўвае хмары напалоханы маладзік.

(«Калі ласка, сыдзі».)

Згадай пра тое, што я тады сказаў,
і як паўза павісала.
Проста – не паласа.

(«Сыдзі, калі ласка, сам».)

Так бывае – часова знікае азарт,
але не знікае ўсё, што па-за

(«Я прашу: сыдзі...)

па-за гэтым усім, дзе ніхто не адзін,
проста дыханне перавядзі.

(...і не вяртайся назад».)



Калыханка
(120 bpm)

Калісьці даўно – год з восем таму будзе, напэўна, –
са мной былі людзі, якія ў мяне верылі.
Калі не ў мяне, дык прынамсі ў маю пісаніну:
прасілі стварыць калыханкі дачцэ і сыну.
Прасілі нетэрмінова, але – ці асілю замову?
Заўсёды бракуе словаў так нясвоечасова.
Маўляў, ты, як Ванга ці Сціві Ўандэр, пішы ўсляпую!
А ў мяне дагэтуль – ні «баю-баю» ні «люлі-люлі».
Жыццё мне робіць знакі – і яны не мяккія.
Паэт я невялікі – такі сабе Нязнайка.
Мне Горад Сонца нават і не бачна з гэтай ямкі,
дык што чакаць на «дзякуй» ад гэтай п’янай п’яўкі?
Сябе назіраю звонку – «нон-фікшн» у «слоў-моўшане».
Такое ўсё няважнае – у прынцыпе як і ў кожнага.
Гаманец спустошаны, узрост патрабуе большага…
Так, шчасце – не ў грошах. І таму – трывожнае.
На сустрэчы выпускнікоў шоу праблемаў жыцця:
хтосьці сківіцы сцяў, хтосьці белы ўздымае сцяг…
Вядома, пад свой трыццон мы думаем пра працяг –
Дзімон адпусціў «мамон», у Іры расце дзіця.



Гульня святла
(94 bpm)

Тут затока святла. Тут у пыльны пакой праз акно зацякае святло.
Не магу назбіраць, каб як след — каб дакладна хапіла на ўсё жыццё.
Што мы ёсць, і куды мы ляцім і чым насамрэч гэта зрэшты было,
калі ў юнацтве ўва мне самім упершыню засвяцілася пачуццё?
Я не ведаў, як быць, як пра гэта казаць. Было новым усё,
што я бачыў раней. Свет у новым святле памяняў канчаткова колер,
і, каб распавесці, я біўся аб тэкст, біўся аб змест, але так і не ўсёк,
што мой шлях памылковы — я ў чарговы раз вынаходзіў ровар
і засвойваў нанава мову, прыглядаўся зноўку да кожнага слова.
І не мог апісаць, і не мог распавесці пра ўсё, што мне адкрыла святло.
Тады і з’яўляўся страх — angst — той, які не даступны жывёлам,
што мяне, як і большасць, у гэтым усім таксама чакае не плён, а аблом.
Я тады маладушна ўсё кінуў і ўцёк, даў дзёру туды, што завецца жыццём,
пабег ад няздатнасці ў забыццё, дзе цярпліва чакала мяне адкрыццё:
усё, што наўкола, — той самы тунэль, ува ўсіх тут аднолькавы план –
як бы выпаўзці з цемры — мне трэба з усімі таксама паўзці да святла.
Хвост віхляе сабакам, а я ўсё хаджу вакол ды каля,
і, нібы паліцай з кіно, заладзіў адвечнае «я, я».
Жыццё без цябе не ідзе, і нельга адкласці як-небудзь яго на пасля,
яно як ручай: само па сябе рана ці позна праб’е шлях
і павалачэ глею прычэп, смецця прычэп, і выставіць чэк
за ўсё, да чаго ты не меў дачынення. «Лёс» — ты гэта так нарачэш.
У немагчымасці выказаць гэта, апусціш рукі, разбіты ўшчэнт,
і тут знянацку — атрымаецца раз! А потым — яшчэ і яшчэ!
Я падумаў тады, што ўсё: нарэшце можна ўздыхнуць з палёгкай.
Але ўяўны ўлоў пасля як на зло апынецца толькі паклёўкай.
Поспех на першых кроках стане расплатай, чарговым урокам,
дзе, як ні банальна, сябры і каханыя —кропкі болевыя і самыя крохкія.
Цяпер я спакойны, цэльны, сяджу ў гэтым пакоі ў цені,
і, каб тут не было такой цемры, сонца святло, як малако, цэдзіць.
Тут дастаць рукой — і цэнтр, дзе стаяць над ракою цэрквы,
але я не з таго прастакоў працэнту, якому такая ў прыкол плацэба.
Ды і ведаю я напраўду подлых, каму ў царкве абсалютна камфортна,
у іх не шкілеты ў шафах, што ты, у іх там проста парыжскія катакомбы.
Яны роўна трымаюць паходні, чакаючы на прызямленне Хрыста ў Гародні,
але іх намеры добрыя выклікалі нязменна эфект кобры.
Бясцэнны жыццёвы досвед — і непазбежная змена ў асяроддзях
з пераламленнем святла ў іх, калі зрок цябе пачынае папросту падводзіць.
Жыццё — гэта лялечны тэатр, батлейка расчараванняў і стратаў,
і аднойчы ўсё ж надыходзіць час збіраць камяні ў сваім агародзе.
А я і кінуў надзею завершыць план, трапіўшы ў гэты эмоцый палон,
дзе злосць спапяліла на тло, дзе нібыта растраціў сваё святло,
ператварыўшыся ў чалавека са шкла, але, так, усё, што было, — было
днём сурка, часавая пятля, дзе ў галоўнай ролі не я, а клон.
Абнаўляліся звязкі ключоў. Столькі год папросту сышло ўпустую.
Лялькавод з тэатру сышоў, лялькі вуду ўтварылі тэатр абсурду —
марыянеткавы свет як спектакль жарсцяў, кахання, здрадаў, пакутаў,
толькі тонкія ніткі святла ад целаў актораў скіроўваліся ў нікуды.
І дакладна, што мы ў сусвеце — для жыцця не найлепшы ўзор.
Дык ці не ёсць мы адно святлом, а чалавек — гэта проста назоў?
Гэты свет, дзе сваркі і звадкі, горыч і боль — толькі найменшае з зол,
а мы проста з вамі ляцім — мы проста «ўсе разам ляцім да зор».

Апублікавана

у