..мы жывем,
пакуль імкнемся да святла,
пакуль святло ў нас
перамагае цемру…

— Барыс Пятровіч

Наследаваны звычай

выспаверх

падсціл лясны ўзарваны кратавінай

разгладжаная берага кайма

няма недаравальнае правіны

і раны незагойнае няма

ні богам не агледжанае глебы

ні д’яблам разамкнутае душы

 

 

мне тут не жыць без вечнай выспатрэбы

мне госцяй быць у гучнай плынь-глушы

маўленне і дыханне ў часазломе

ахвяраваць таму хто смерць абверг

і знаць што колісь у захмарным доме

ключар мяне ўзвядзе на выспаверх

 

 

выспакушэнне

па-над выспай бягуць ганчакі па нябеснай пожні

да вялікага воза вядзе двух валоў валапас

я заўжды абяцаю сабе

гэты раз – апошні

ды прыцягвае зноў дасканалы дасконны штораз

ды працягвае зваць неадольнае спакушэнне

злішпяшчоту

злішпамяць

усю адбалелую зліш

птахам ночы скарміць быццам крошкі з пустых кішэняў

глебе ночы аддаць каб атожылкі спелі заміж

дзённай стомы на выспе птушынай

каб вершазавязь

незаўважна мацнела на дрэвах пад зорным святлом

што ліе вадаліў праз галінаў густую навісь

на драўляныя сцегапаломы і ў сэрцапалом

мне не высніць спакой без цябе

мне начэй не выспаць

мне чуваць пераспевы жыцця ў маладым трысці

гэта я спакушаю найлепшую ў свеце выспу

непаўторным сусветам са слоў ува мне прарасці

 

 

выспамінальнае

памінальнікі цягнуцца на клады

я цягнуся да сціпласці сон-берагоў

для мяне пачалося жыццё з вады

і са слова тае што сышла да багоў

я не помню што значыць дачкою быць

успаміны сцер час аднаго акрамя

як да слыху душы бы вада бруіць

яе голасам вымаўленае імя

і маўчаць берагі

і вада пяе

выспаміны вызвоньваюцца ў пустаплаў

і я маю імя

не маё –

яе

ды не маю таго хто б мяне назваў

 

 

вяртанне

для каго найворагам жыццядар стаў

для таго найсябрам няўхільны скон

зброяспевы бітвы пяці ваярстваў

абрывае звіты з маўчання сон

смалякі бязгучна трашчаць жывіцай

рассыпае страхі агонь у тло

ды з цясніны горнай здалёк цадзіцца

тагасветам доранае святло –

узыду туды дзе няіснай смерці

шэраздані белы глытае дым

жорнам лёсу памяць не перацерці

век-дажджу не змыць успамін аб тым

як праз пругкі звіў валасоў з прасторай

праз супынам часу нацятую ціш

да вяршыні мклівай стралой празору

далятае

 

– спіш?

 

 

супрацьстаянне

дух паўночны табе адзінотай аддзячыў

тут расталі даўно каго-кольвек сляды

ды у тым каб таліцца напоем нястачы

на самоце няма аніякай бяды

сам сабе гаспадар ды паслужлівы лёкай

ты праз непагадзь к мору дарогу праклаў

ды ў адвечным бязмор’і радзімы далёкай

мы да Бога хутчэй дабіраемся ўплаў

ты на ўласныя вочы пабачыў мясціны

дзе над жэглішчам век не ўзнімаўся агонь

ды ажыўлены памяццю дотык адзіны

невыносным цяплом апякае далонь

у захмар’е загнаў прамяні вецер-збродзень

халадэча такая што дух заняло

ды зярнятка заўжды будзе мкнуцца на поўдзень

тым акрайкам з якога праб’ецца сцябло

 

 

пячора

паступова – па гукакроплях – сцякае не

па часовым угнуцці ў вечнае недаўчора

мне ізноў прывыкаць да звершанае мяне

зноў хавацца ў разломе ўнутранае пячоры

адплывае затворам мыслення лёдагор

азараецца сцегавыглад – вястун слізготы

зберагла б я сябе ды толькі святла адмор

пачынаецца тут за першым жа паваротам

я трымаюся за накапкі хвілін дабра

ухіляюся ад нацёкаў былога страху

дзесь на поўдні нячутна плача сузор-гара

дзесь на поўначы кліча дом пад прарослым дахам

а навокал адно блакіць

белаглінь

вугляк

мне не выйсці наверх пакуль не знайсці пакладу

найпразрыстых

сумленнем выпаласканых так

каб пусціць іх цячы у заўтра ручвом пажады

 

 

аер

аднойчы ты выйдзеш пад неба на цьмяным дасвецці

захочаш спакою набраць у вясны напавер

і знойдзеш дарогу сваю па адзінай адмеце

да старыцы мглістай дзе шоўкам шапоча аер

кранешся разгладжанай зелені ў мулкай трывозе

завостраным рубам парэжаш руку да крыві

пачуеш як трэскі – ахвяры былога разводдзя –

з зямлі блаславяць тваю чырвань:

– жадай і жыві!

суніме твой боль найпяшчота аеравых хваляў

на кожнай травінцы падзенні ды ўздымы паўскрай

растане цяпла майго след у таемным прагале

не выдасць расліна расталага як ні шукай

праз ліха сыход прарасце надыход ціхалецця

наперадсвітальная зорка пакліча дамоў

ты знойдзеш дарогу сваю па адзінай адмеце –

пакінутых мною найменнях нячутных слядоў

 

 

кветкі падвежжа

уладарства травы ды россып дзікарослага дзіўнацвету

прыцягальны холад камення і ўласнай рукі цяплынь…

сівазём векавога падвежжа разумее ўсе мовы свету

ідучы да вяршыні пачуеш бы загад на сваёй:

застынь

скаланешся ды паслухмяна знерухомееш і заўважыш

як пялёсткавымі штрыхамі лёс малюе высокавей

летапісцы і летапіўцы на спрадвечным падвежжы княжым

зноў кладуцца на зрок узорам залачоных зарой надзей

 

 

небарасць

нашы цені плывуць да Віліі на туга звітым дубовым згоне

паўмінулае расцярушваецца паўцяперашнім па вадзе

паслухмяныя пасмы водарасцей тояць небарасці прадонне

той у хвалях урэкавечваецца хто пісаў зніадкуль…

нідзе

я дагэтуль не адлюстроўвалася так прыгожа і так спакойна

да адхону ўспамін прывязваецца праз атрутны балігалоў

як на роўнядзь тваю далоневую пад ухвальны спеў дрэвастойны

я кладуся бясконцай небарасцю без націны ды каранёў

 

 

уцёкі

не прыняўшы як дар пераемнасць раення ў вуллі

пад аховаю думаў пра волю і мову рэчаў

уцякаю на ўсход ад тваёй жыццяноснай кулі

у сухмень па суглінку і супескам у макрэчу

ад тваіх віратворных стрэлаў хаваю спіну

духу логу за схоў адплачваю злом і злогай

адпалоскваю пасак блікамі лукавіны

зноў шукаю дарогу выклятая дарогай

я даўно не бяглячка – сястра вятрам адзінокім

хоць за мною няма пагоні – не маю сілы

азірнуцца і стаць

я праз яву чыню уцёкі

на Радзіму што ймёны для нас з табой парадзіла

 

 

пярэвітка

вітаю медзь што залівае ўсход

ўнутры званчэе дзіва супадзення

кароткі верш – бясконца доўгі плот

ад слоў-жардзінаў – роўнядзь змыслаценяў

аблашчаныя сцятыя слупкі

прыцьмелым траўем некалі бліскотным

і нечы рух уздоўж нетарапкі

змушае птахаў пець не так самотна

завяз у пруцці сіверу павеў

ды плоць яго мярэжную казыча

каб і ўва мне надалей не слабеў

пярэвіткай наследаваны звычай

так лёгка мову гэтаму вязьму

ператвараць у плот пазадарожжа

ён паўстае дзе хочацца таму

каму не знаць ніколі агароджаў

comments powered by HyperComments