…Тое, што потым здалёк успамінаецца як шчасьце…

— Янка Брыль
1

Svieta redaktarka

Усе рудыя – ведзьмакі
Апавяданне

Кто рыж и бледен – тот сволочь.

 

Уначы на рабым кані па чарнатропу з’ехала восень, размінуўшыся з маўклівым белым конікам, па следзе якога паспяшалі ваўкі. Святы Юрай даўно разамкнуў ім пашчы – а без гэтага зіма і не можа пачацца. Настаў той самы момант, калі з неба чуецца шум, туманныя колы становяцца вакол месяца, хмары ідуць супраць ветру, выюць сабакі і певень цягне хвост па зямлі. Ідуць снегапады і мяцеліцы.

Людзі кажуць, што неба складзена ў сем столак. Але гэта летняе. Зімовае – толькі ў тры. У сямі вёрстах ад зямлі паўстаюць высокія хмары, якія нагадваюць параскіданае птушынае пер’е. Гэта вымаражаныя нетры – ні кроплі вады, ні крышталіку лёду. У трох вёрстах ад зямлі вялікімі сіняватымі посцілкамі вісяць сярэднія хмары, якія маюць у сабе і гнеў, і боль, і ваду, і лёд. Дабра яны не абяцаюць. За вярсту ад зямлі мітусліва бягуць нізкія хмары, нібыта шэрыя авечкі. Іх яшчэ называюць пераезнымі свахамі.

Воля Сініцкая, якая выскачыла на двор пакарміць курэй, магла расказаць яшчэ больш: яна бачыла, як усе тры столкі пранізвае воблака, вялізны слуп, які рос і рос, каб ператварыцца ў грыб і дасягнуць самага верху неба. Гэта быў цёмны вал, так званы каўнер завірухі. Бура непакоіла Волю і не давала спаць, але зрабіць з ёй нічога нельга было: каб разагнаць пераезных свах, патрэбен гадзючы кій. Гадзючы кій быў толькі ў ненавіснай Пастуховай Манькі. Такі кій, які разганяе хмары, здабыць няпроста: калі ўбачыш, што вуж або гадзіна есць жывую жабу, то трэба іх разагнаць кійком так, каб распаўзліся. Дзе ты цяпер набярэшся гадзюк і жаб, ды яшчэ трэба застаць іх за такім заняткам. Маньцы кій перапаў у спадчыну ад дзеда, які ўсё жыццё быў пастухом і меў шмат нагодаў назіраць жыццё гадаў і жаб.

Ад перамены надвор’я Волі круціла рукі і ногі, бо хоць яна і была маладая, праца на ферме давала пра сябе знаць. Ціснула ёй нешта і сэрца, такі неспакой быў, што Воля павярнула люстэркі да сцяны і пахавала ўсе металічныя рэчы, якія магла. Да таго ж уначы развалілася паленніца, што ўжо зусім кепска. Складваць дровы Воля выправіла свайго сына Пецьку, які цягаўся цяпер па двары з дрывамі, нібыта мокрае гарыць.

Магчыма, Волі было б лягчэй на душы, каб яна ведала, што яе варагіня і суседка, Пастухова Манька, таксама не знаходзіць сабе месца. Па-першае, пад печчу азваўся цвыркун, што сведчыла пра блізкае няшчасце, а па-другое, прапаў гадзючы кій, якім Манька збіралася разагнаць хмары. Напэўна, кіёк знесла яе дачка Волька дзеля сваіх дурных гульняў, але малая ўсяляк адмаўлялася. Тым не менш, для парадку Маня загадала той вымыць усю хату.

Волю і Маню ў вёсцы звалі «чорная ведзьма» і «белая ведзьма». Былі яны стрыечнымі сёстрамі, але не ладзілі яшчэ са школы. Воля – перахлябістая высокая брунетка, а Маня – бялявая пампушачка. Яны былі ўнучкамі старой Машнічанкі, шаптухі, да якой ездзілі лячыцца адусюль, так што двор яе ніколі не зарастаў травою, ды і цяпер стаяў лысаваты, хаця Машнічанка даўно выправілася на той свет. Праблема была ў тым, што на двары Машнічанкі стаялі дзве хаты – старая і новая. У старой былі толькі печ і калонка, а ў новай – печ, кацёл і ўвогуле «ўсе ўдобства». Добрая хата дасталася Сініцкім, а чорная – Маньцы з сынам, што не падняло яе і так невысокі статус пастуховых нашчадкаў. Цяпер у хатах, падзяліўшыся плотам, жылі толькі Маня і Воля з дзецьмі. Прымакі ў іх неяк не трымаліся.

Дзеці гэтыя гадаваліся на лес гледзячы, бо ў Пярэхрысці садка не было, школа толькі, ды і тая ўсё меншала і меншала на дзяцей. Мацяркі-даяркі з маленства кідалі дзяцей адных у хаце, бегучы на ранішнюю, дзённую і вячэрнюю дойкі і молячыся, каб дзеці не ўпалілі хаты, не пабіліся і не парэзаліся. Дзеці былі раўналеткі і сябравалі змалку, хаця мацяркі ўсяляк забаранялі ім, у тым ліку лупцоўкай.

Нават на дойку сёстры стараліся хадзіць паасобку і цікавалі, каб не сутыкацца ў двары. Аднак сёння не дагледзелі: калі Воля выпускала і карміла курэй, Манька вынесла вымаразіць перад Калядамі падушкі. Угледзеўшы варагіню, яна знарок пачала вешаць падушкі на сумесным плоце і малаціць па іх выбівалкаю.

– Чаго ты свае плюндры тут малоціш мне, заразу сваю распускаеш? – закрычала Воля.

– У мяне не плюндры, а лёгкія падушачкі з дранага пер’я, і насыпкі з атласу. А вось у цябе пер’е сечанае на калодзе, падушкі цяжкія, як глевяшы! – адказвала Маня.

– Сама ты глявеш сыры! Няхай у мяне пер’е сечанае, затое не вылазіць з насыпак, а тваё ўсё клоччам лезе, як валачашчы сабака!

– Думаеш, лярва, я не ведаю, што ты мне каршэчага пер’я ў падушкі зашыла? Цяпер маё пер’е з падушак уцякае! Усё я ведаю, усе твае штучкі!

– А хто мне іголак у падушкі насаваў? Хто мне жабу пад прызбаю закапаў? Шабалда ты, курва пастухова.

– Каб ты зайграла на вяроўцы, як ты цяпер граеш!

– Каб цябе п’яўкі пілі!

– Ты на маё дабро зайздрыш, як сараччо, спаць не можаш!

– Каб тваё дабро ды чорту ў рабро! Твой род такі жадны, што з г… плеўкі дзерацё.

– Каб тваё байстручанё праз плот ка мне не лазіла!

– Маё-о-о байстручанё, а тваё мо княжанё? Пад плотам сеяна, племя крапіўнае!

– Каб ты вычарнела і выстагнала!

– Хваробу ты з’ясі і трасцаю закусіш!

На тым кожная заскочыла ў сваю хату, бразнуўшы дзвярыма.

Дома Воля першым чынам палезла за абразы, выцягнула куфэрачак са свянцонай соллю і абсыпала сабе вакол галавы, прымаўляючы:

 

– Соль у вочы ад суроку,

Дзяркач табе ў зубы,

Гаршчок паміж шчок,

Клубок нітак – паміж лытак.

Абношу соллю ад чорных вачэй, ад злых людзей.

Бог адзін, а злыдняў многа.

 

У той жа час у сваёй хаце Маня задаволілася мармытаннем:

 

– Як усякаму нараджонаму Божага твару не пазнаць,

Воблака не адкрыць,

Хуткіх зорак не адбіць

Ранішняе зарніцы сякераю не перасекчы.

Маладога месяца не адамкнукць,

Як мёртвым з зямлі не ўстаць,

Як з мора вады не выпіць,

Як пасеянаму пяску не ўзысці,

Так і мяне, Манечку, нікому не сапсаваць век па веку цяпер і давеку.

 

І помсліва завяршыла:

– Каб жа ты мяне ўспамянула, на ўласным г…е сеўшы.

Трохі супакоіўшыся, крыкнула:

– Нінка! Дзе ты?

Але малой і след прастыў. Затое ў хату нехта пагрукаўся. З сенцаў, абтупваючы з ботаў сняжок, увайшла Сытая Ірма, жанчына-шкілет, чыя дыета складалася з аднаго “чарніла”.

– Манечка, кветачка, дзетачка, дай сарочых лап з вароніным вокам. Ды каб лютае было. Мышэй і пладажэрак труціць.

– Якія ў цябе мышы і пладажэркі? Што ім у цябе за наедак? Ты ж папрапівала ўсё.

– Ну ты што? І сад, і пограб поўны. Зойдзеш, а яны – шмысь з-пад носу!

– Гэта ў цябе белачка шмыгае. Глядзі, дурная галава, настойка на спірце, але не пі, бо лапкі складзеш!

– Галубухно, рыбухно, ды каб я так дыхала! На табе яечко за гэта!

– Ідзі ты са сваім яечкам. Праполіс на спірце хто летась зжор? Паможаш увесну картошку пасадзіць.

– Добра, Манечка!

Маня доўга і падазрона ўглядалася ўслед Сытай Ірме, але нічога не сказала. Урэшце, не яе справа, нашто ёй зелле. Пэўна, атруціць чыйгосьці сабаку, каб спрытней цібрыць з чужога падворку. З тых часоў, як Ірму прагналі з тартака, ёй не было за што піць. А піць трэба.

Аднак Сытай Ірме сарочыя лапы з вароніным вокам былі патрэбныя зусім не на сабаку. Зусім іншыя планы былі ў Ірмы. Выйшаўшы ад Мані, яна задрала свой маленькі счарнелы тварык і ўгледзелася ў неба, дзе ляцелі «пераезныя свахі», нават падняла наслінены палец. «Зноў бура ідзе, і зноў той Хаўер ці Ксаўер, так што і платы пазамятае», – падумала Ірма. Па снезе ёй зусім невыгодна было лазіць па селішчах – нікуды не падбярэшся, па слядах знойдуць, у каршэнь натаўкуць. А можа, наадварот, сляды пазамятае, што адпавядала б яе планам. Як, зрэшты, падгадаць.

«І чаму ж гэта буры завуць Ксаўер ці Хаўер? Ёсць у Машніцах арганісты Ксаўеры, акуратны, як ціхае лета», – падумала Сытая Ірма і падалася па сваіх справах.

Участковы, Руды Марцін, да якога Ірма збіралася завітаць на пачостку, ціхім летам не быў. Як і Ірма не заўжды была счарнелым шкілетам. Яшчэ некалькі год таму яна была гладкая, як леў. Рабіла ў школьнай сталоўцы кухаркаю, а мужык яе – Донька – пільнаваў тартак. Быў у іх і сын – Антон. Донька, аднак, пачаў співацца – то таму дроваў адпусціць, то сяму дошак, і ўсё за пляшку. У хаце пачалася калатнеча. Сытая Ірма раз вярнулася са школы, а мужык лупцуе дзіця за разлітае віно. Раздабрэлая на школьных харчах Ірма ўзяла Доньку за пас і каўнер ды і выкінула з хаты. Услед паляцелі Донькавы мэтлухі. Пасля таго Донька з’ехаў у бацькоў­скую халупу пад Старыя Дарогі і дапіўся там да таго, што перастаў выходзіць па патрэбе на двор – аблягчаўся ў падпол, куды ўрэшце і сам зваліўся дый не падняўся.

– А я б яго і не хавала, – злапомна сказала Ірма. – Забіла б падпол дошкамі, дый хай бы ляжаў.

Надта зненавідзела яна мужыка за сына, бо тыя пабоі, як аказалася, былі не адзіныя, і Антошку зашкодзілі на галаву.

Спачатку Ірма з Антошкам зажылі добра. Хаця заробак кухаркі і не быў уежны, але штодня можна было прыхапіць супу, кашы, хлеба, кісялю, коржыкаў ці якіх камакоў бульбяных. А то і масла ці фаршу. Аднак, выцягнуўшыся ў падлетка, Донькаў сын «звязаўся з вулічнай кумпаніяй». Хлопцы чысцілі чужыя падполы і гаражы, не грэбавалі хусце пасцелевае ці адзежу з вяровак зняць, закаткі павыцягваць, самагонку бутлямі і дзежкамі выкочвалі. Так і выпіваць дзіця пачало. Сытая Ірма пайшла тады да Марціна і просам прасіла, каб той неяк паўплываў на дзіця, але не біў і не садзіў. Так і наклікала бяду. Бо як нехта ўкраў у Рудога Марціна яго чырвоную старасвецкую «Яву», Марцін не сумняваўся, што гэта Донькаў Антось. Завёз у лес і збіў на горкі яблык, вымагаючы прызнанне. Падлетак плакаў, прасіўся, але не прызнаўся. З хмызнякоў ён быццам бы яшчэ выпаўз жывы, але засіліўся на яблыні ў калгасным садзе, на які выходзіў Марцінаў катэдж. Што праўда, хадзілі чуткі, нібыта Руды Марцін сам яго са злосці і падвесіў, але хто будзе вешаць хлопца насупраць свае хаты? Справу замялі, бо хто такая Сытая Ірма насуперак Марціна. Зрэшты, ніхто ў вёсцы асабліва і не рваўся даводзіць праўды – Ірму не любілі, бо бачылі, як тая адвячоркам цягала сумкі са школьнай сталоўкі, а Антося дык і ўвогуле ненавідзелі, бо вельмі ж люты быў на крадзеж і патраву. А матацыкл потым знайшоўся недзе пад плотам – яго ўзяў дурнаваты Толя, пакатаў за руль па вуліцах дый кінуў.

Сытая ж Ірма вельмі хутка пачала скочвацца ўніз. Працу кінула, і яе штодня бачылі ля магазіна, дзе яна трубіла з гарла “чарніла”, нібыта гарніст. Потым уладкавалася на тартак вартаўніцаю, але і адтуль яе хутка папрасілі. І цяпер Ірма перабівалася выпадковай работаю – ці бульбу каму пасадзіць, ці дровы паскладаць, ці сена пагрэбці. Зрэшты, працы давалі ўсё менш, бо Ірма цягнула ўсё, што кепска ляжыць. А потым, забалела ў яе сярэдзіна, падкінуўся цыроз, і Ірма спалохалася, што не паспее завітаць да Рудога Марціна.

Тым часам Руды Марцін і сам не грэбаваў выпіўкаю пасля свае адстаўкі. Уваччу яму стаяў падлетак, які жудасным плодам звісаў з яблыні ў месяцовым святле. Марцін перастаў хадзіць у магазін і на пошту, не вітаўся ні з кім, па хлеб і гарэлку ездзіў у Машніцы ці Лужок. Калі ж яму ўсё ж траплялася Сытая Ірма, ён абмінаў яе за вярсту. Куды й па­дзеўся фанабэрысты, гладкі міліцыянт, які пралятаў на сваім матацыкле вуліцаю – «уцякайце, куры, гусі». Быў Марцін гаспадаром пяці вёсак, быў стрыечным пракурора, улюбёнкам мясцовых жанок, ды і здзьмуўся.

У гэты снежаньскі дзень яму ўсё было нядобра, неяк цягнула пад сэрцам, ныла. А ўсё з-за сарокі. Гэта не птушка, а пацук сярод птушак, характарам разумная, але паскудная, трымаецца далей ад людскога падворка і хаваецца нанач. Аднак сарока, якая пасялілася на бярозе на Марцінавым падворку, была іншай. Яна сядала пры аканіцы, дзяўбла ў вакно і стракатала. Учора вечарам падагрэты Марцін нават расчыніў вакно і кінуў у паскуду брыкецінай, але не дапамагло. Ёй тут нібы мёдам было намазана. Зрэшты, цалкам магчыма, што дурная птушка прывілася да селішча ад мяцеліцы.

Што мяцеліца будзе, і будзе страшная – нікога й не пытай. Зайцы парабіліся тлустыя, як цецярукі, ціснуцца да вёскі, ваўкі выюць паблізу, вераб’і пахаваліся каторы дзень, і сонца сядае чырвоным слупом. Скора разнягодзіцца. Усё адно да аднаго. Прысніў сёння Донькавага смаркача. Нібыта ідзе Марцін праз сад, яблыні ўсе ў шэрані, ззяюць пад месяцам, а Антось з яблыні і кажа: «Дзядзька Марцін, не бойцеся, я не павесіўся, а пашуціў, проста стаю, калены падгабаўшы, каб маму напужаць». «Гэта добра, хлопча, добра!» – абрадаваўся Марцін, аж прачнуўся і прыгадаў, што Антося не вернеш, угледзеў, што падушка зноў мокрая ад слёз і хворага гарэлачнага поту.

У дзверы ціха пастукалі. Руды Марцін расчыніў і адхіснуўся, убачыўшы Сытую Ірму.

– Здароў, Марцін, – сказала тая. – Што ж ты ад мяне ўсё хаваешся? Нам даўно пагаварыць трэба, запрашай за стол.

– Выпіць прыйшла? – прасіпеў Марцін. Глотка не слухалася, не хацела раскрывацца, шурпатая, нібы наждак.

– Анягож. І бутылку прынесла. Харошую. Але спачатку давай сваю. Ты майго хлопца загубіў, табе і прастаўляцца.

– Ірма, я яго не вешаў.

– А зубы і гізунды паадбіваў. Ну знаю я, што паадбіваў. Але знаю шчэ, што не ты адзін яго біў. Білі майго сыночка, і было за што. Не змагла я яго вывесці ў людзі. Сама і вінавата.

– Дык ты за бутылку гатовая і забойцу прасціць? Зусім запілася.

– Я ўжо, Марцінка, да вясны не дажыву. Заснула на зямлі, нутро застудзіла, баліць мне. Вось прыйшла пагаварыць з табой, выпіць. Мы ж некалі ўхаджвалі, помніш? Можа, перапросіш мяне?

– Я перапрашу, але Антона я табе тым не падыму.

– Нічога, скора я сама да яго лягу. Налівай.

Распілі не адну, а тры Марцінавы пляшкі, пакуль Сытая дастала сваю. Калі яна сыйшла, Марцін не памятае, адключыўся, аж прахапіўся сярэдначы. Пакуль спаў, невялікі ветрык нанёс снег, чорная ноч асвяцілася блакітым святлом. На бярозе сядзела сарока і дзяўбла ў шыбу. Прыгле­дзеўшыся, Марцін сцяміў, што гэта зусім і не сарока, а сіняя птушка шчасця. Круціць галавою, пазірае на Марціна то адным вокам, то другім. Адчыніў вакно, але сіняя птушка ў хату не паляцела, а адсела з бярозы на яблыньку і зноў галавой круціць. Марцін накінуў кажух, насунуў боты і шапку, вылез у вакно, каб не губляць птушку з воч.

 

«Гэта я з трупам у садзе. Гэта ж мяне заманьваюць», – прамільгнула думка, але тут жа і згасла. Сэрца тахкала. Маніна атрута – сарочыя лапы, вароніна вока – працуе суткі. Марцін нібыта зачараваны пайшоў за птушкай, што, стракочучы, пералятала з дрэва на дрэва ўсё далей у сад. Нішто не магло спыніць яго, нават зграі ваўкоў, якія недзе бегалі ў палынных, быльнягова-белых палёх за маліннікам, шукаючы спажывы. Марознаю месяцоваю ноччу брыў ён, снег блішчэў мірыядамі агнёў, Праз хмель Марцін адчуваў, як ягонае цела прапорваюць мірыяды іголак, і праз гэтыя ўколы пад скуру й за самыя косці прабіраецца смяротны холад. Марцін спыніўся ля агароджы і застыў, прытуліўшыся да слупка. Ногі здубелі і не йшлі. «Што ж гэта за маразіла ўпала? Учора было яшчэ адлёжна», – мільганула думка. Марцін не ведаў, што гэта атрута скоўвала яго кроў і пабуджала відмы – зрэнкі яго сталі такія шырокія, што амаль пакрывалі зялёныя калёсцы вачэй. Ён разляпіў вусны і прахрыпеў: «Вось гарэлачкі б сюды, не дзевачку, дык чарачку».

– Удача табе! Двойчы й не прасі! – сказаў ціхі голас аднекуль знізу, ледзь не з-пад калена Марціна.

Марцін схамянуўся, забыўшыся пра мароз. Ля плота, напалову схаваны кустом мёртвага дзядоўніка, стаяў малы чалавек і пазіраў на Марціна. Вочы яго адсвечвалі волавам, нялюдскія, малыя, звужаныя ў ражочках, як гарбузовыя семкі.

Малы чалавек працягнуў Білі біклажку.

«Хоць чорт, хоць пёс, абы яйкі нёс», – падумаў Марцін і даў такога каўтка, што апалавініў запас. Па целе нібыта сто маланак прабегла, і Марцін зноў адчуў сябе да апошняга пальчыка ног.

– Давядзецца табе заплаціць за гэты каўток, – сказаў малы чалавек. – Хадзем са мной.

Марцін не памятаў, як пералез праз агароджу і падаўся за малым чалавекам праз пасвіска проста да балотца Лозкі, акружанага агароджай «у два кіі». Абмінуў купу высокай травы, з якой вылецела карычневая сава. І пакорліва, пакорліва ішоў за хохлікам, які паспяшаў наперадзе. У хохліка былі шэрыя, пыльныя валасы, нібыта мышыная поўстка, доўгія вушы і маркоўныя, нібыта ў нутрыі, зубы. Вядома ж, блукаў па багнах, загуменнях і глухой крапіве ля закінутых хат. Ягоны народ сукупляўся з рапухамі, пацукамі, жабамі, ласкамі і невядомымі стварэннямі, што шуршаць пад ганкамі, прызбамі, на гарышчах і ўздоўж сцен. Вось і падабраў недзе трусіныя вушы і доўгія маркоўныя зубы. Марціну хохлік быў і смешны, і нястрашны, але мужчына пакорліва ішоў услед. Раптам хохлік спыніўся.

– Награшыў жа ты, браце, у той дзень, – сваім рыпучым, рэдка карыстаным галаском сказаў хохлік. – Я цябе на расстрэл прывёў. Паглядзі на гэты месяц – бачыш на ім мужчыну са стрэльбай?

– Які мужчына са стрэльбай – маладзік жа цяпер! – хацеў сказаць Марцін, але паглядзеў на неба і сумеўся. Там была поўня і нейкая такая ненатуральна вялікая, якой Марцін зроду не бачыў. Яна ўсё расла, прыбывала, і цяністы мужчына са стрэльбай на ёй рос, рос, прыцэльваўся ў Марціна і потым гахнуў чырвоным агнём, так што ў Марціна ў галаве ўспыхнула, і былы машнічанскі ўчастковы паваліўся ў снег ля агароджы Лозкаўскага балота.

Ніколі не бадзяйся адзін і не адбівайся ад статку, не хадзі па начах па дарогах, лясах і канавінах, на загуменні і задворкі. Не лазь уначы ў падпол ані на гарышча. Адбіўшыся ад сваіх, уначы так лёгка прыбіцца да чужых – тых, хто вядзе сваё існаванне на водшыбах і ў невядомых прасторах. Нябачны свет тут, побач. Галоўныя заняткі яго невялікіх насельнікаў – баляванне і скокі, і ігранне на дудачках. Раззлуеш іх – і будзе праз твае рэбры вецер свістаць і быльнёг прабівацца.

Калі назіраць ужо не было каму, Марцінаў хохлік пайшоў у бок чорнай багны, гіблай плоці, халоднае смалы. Яе атачалі крывыя елкі, сасонкі і бярозы, і кожная цягнулася, каб дакінуць сваё сямянка бліжэй да цвёрдае глебы. З такой бярозкі зляцеў цяжкі, як бамбавоз, цецярук і павольна прайшоўся па полі, вышукваючы высокага сумёту. Аднак сумётаў яшчэ не было, цецярук паспяшаўся. Ксавэры падкрадваўся падступна, з адцяжкаю.

 

– Гэтыя сіноптыкі – дурні, саломай напхатыя, – важна сказаў Пятрок Сініцкі Пастуховай Нінцы назаўтра аб адзінаццатай раніцы. – Дзе тая бура? Дзе мароз? Прыпарашыла толькі для прыклёпу.

Дзеці паўцякалі ад крыклівых матак і сноўдалі па вуліцы. Як бы раззлавалася Маня, угледзеўшы, як дачка калупае снег і конскія яблыкі гадзючым кійком! Пятрок таксама меў кіёк, але не такі чароўны – сам выразаў з арэшыны. Дзеці збіраліся гуляць у любімую гульню, якую назвалі лапатаніма. Заключалася яна ў хаджэнні па платах. Асабліва доб­ра было хадзіць вакол школы (там зверху штыкецін была пакладзеная яшчэ і перамычка), калгаснага саду (ніхто не роў: «Вон, смаркачы, з майго плоту!»). Найвышэйшым майстэрствам было гуляць так, каб са школьнага плата па дрэвах і кустах пералезці на садовы плот, а адтуль на лозкаву агароджу – самую складаную, бо хадзіць трэба было па круглай бярвеніне. Балансавалі і падпіраліся кійкамі, хто больш падаў, той прайграваў. Падаючы, трэба было крычаць: “Лапатаніма!” – слова выдумала Нінка, вельмі ж вясёлае. У іх было шмат такіх гульняў і словаў, цэлая мова. Бо чым больш лаяліся і чубіліся маткі, тым больш моцнай і таемнай, і салодкай, і забароненай рабілася дружба дзяцей. Хадзіць па платах перад Калядамі й Васіллем – справа страшная і займальная. Людзі білі свіней, рэзалі цялят і курэй, а галовы й капыты выкідвалі пад плот ці ў шуметнікі, адкуль іх падбіралі сабакі і цягалі па вёсцы. Нінка з Петраком паплакалі ўжо над целам маленькага парасяткі з ружовым лычыкам («Здохла!» – сказаў Пятрок, паторкаўшы кійком), пажахаліся, углядаючыся ў шкляное вока каровінай галавы (з абрэзу глоткі тырчалі нейкія трубкі і нібыта храшчы) і зноў узлезлі на плот.

– Глядзі, а вунь нешта рыжае ляжыць! Шапка чыясьці! О, нехта п’яны заснуў! – закрычала Нінка, і дзеці з крыкам пападалі з плота і сталі асцярожна набліжацца да куста. Гэта была не шапка, а рудая галава Марціна, які паўпрыкрытымі зялёнымі вачыма глядзеў некуды нібыта сабе на грудзі.

– Ён мёртвы. У яго вочы, як у той каровы, – са страхам прашаптала Нінка. Дзеці замерлі і сквапна ўзіраліся ў адублае цела. Яны хавалі выпалых птушанят, здохлых кацянят і сабачанят, ладзілі пышныя праводзіны і магілкі «з сакрэцікам», але мёртвага чалавека бачылі ўпершыню.

– Што вы тут робіце? – пачуўся за імі жаночы, асіплы голас. Дзеці павярнуліся і ўбачылі Сытую Ірму ў ватніку, з кішэні якога тырчала пляшка. Другую пляшку, з ужо адрэзаным коркам, Сытая трымала ў руцэ.

– Дзядзька Марцін памёр! Замерз п’яны, – сказаў Пятрок.

– Ну? Вось жа ж гора. Памянуць трэба, – сказала Ірма і затрубіла ў свой горн, толькі бурбалы пабеглі ў бутэльцы. Дапіўшы “фаўста”, Ірма паставіла яго ля плота, выцерла рот і прамовіла: – Ну, царства нябеснае. А вы чаго стаіце? Ведаеце, што раз вы цела знайшлі, то і вам памянуць трэба?

Ірма дастала сцізор, зрэзала пластыкавы корак і працягнула бутэльку Петраку. Той адпіў і падаў Нінцы.

– Светлая памяць, – прабляяла Нінка тое, што чула ад маці.

– Яшчэ. Што ты стаіш, як не свой, – сказала Сытая Ірма. – Піце, піце, сіроткі горкія! І валіце адсюль. Я пайду міліцыю вызаву.

– А мы ў Машніцы пойдзем! Там вялікую ёлку паставілі, з агнямі, з нашага гарышча відна. А па дарозе на Галоднай гары палазім, там Нінка летам пярсцёнак згубіла.

Дзяцей ахапіла лёгкасць, адчуванне свята і ахвота да прыгод. Аж горача ім зрабілася, паскідалі капюшоны, шапкі, пабраліся за рукі і пайшлі да Машніцаў, торкаючы кійкамі ў зямлю.

– Ідзіце, ідзіце, выблядкі рудыя, мо і вам капцы будуць. Майго сыноч­ка не пашкадаваў, дык хай і твае байструкі памерзнуць, – праказала са злосці Ірма і зноў затрубіла ў горн.

 

Дарога да Машніц была, можа, і нядоўгая, бо з гарыстай Пярэхрысці Машніцы былі добра відны, але надта ж пакручастая, аббягала Лозку, Галодную гару, ішла праз густы сасоннік.

Дзеці неаднойчы ездзілі ў Машніцы возам, машынаю ці аўтобусам, і ведалі тут кожны паварот, але ўпершыню ішлі пехам, і паступова хмялёк разбаўляўся ўзбуджаным, прыемным страхам. Вось праходзяць яны пажарную вышку, з якой скінуўся ветэрынар Пашка, яму п’янаму яны пхалі кветкі ў планшэт з лекамі. Вось тры крыжы на месцы, дзе пабіліся на машыне Гардзюкі (выжыла толькі малая Гардзючка). Паступова пачынала сутоніцца, і было страшна ўяўляць, што раптам Гардзюкі выйдуць да сваіх крыжоў і крыкнуць: «Аддай сваё сэрца». Або Пашка саскочыць з вышкі і пагоніцца за імі за тое, што пхалі яму каменьчыкі і кветкі куды папала. Аднак пранесла. Што праўда, лось быў высунуў сваю вялізную морду з зімазёлу і лазы, але лось хутчэй пануры, чым страшны. Ды яшчэ Нінка збаялася прайсці па чорнай бярозе, якая была пакрытая дробнай луской і вілася па зямлі.

Ды яшчэ чорны дрозд праскакаў па дарозе. Аднак да Галоднай гары дзеці дабраліся без прыгод. Галодная гара звалася так таму, што на ёй нічога не расло. Ужо колькі разоў яе спрабавалі разараць як след, а яна так і стаяла лысая ў праплешынах, зарослая нейкім быльнягом, са старой, струхлелай дзічкай на вершаліне. Кажуць, там некалі стаяў кулацкі хутар, але іх выселілі, дом раскаталі на бярвенні, з якіх потым склалі старую школу.

Пятрок і Нінка летась даехалі на роварах да гары, пабачылі і дзічку, і стары, паўабвалены пограб (адтуль, казалі, нехта страшыць, нібыта нават дачка кулака, якая схавалася ў пограбе, як забіралі, ды там і сканала). І сапраўды, калі дзеці гукнулі ў яму, заваленую гнілымі бэлькамі, пад якімі віднеліся абкладзеныя каменем сцены, адтуль пачуўся жалобны дзіцячы галасок:

– Тууут я!

Пятрок з Нінкаю так беглі, што пакідалі ровары. А яшчэ Нінка згубіла пярсцёнак з сінім каменьчыкам, які Пятрок ёй купіў у магазіне. Бо быў пярсцёнак трохі завялікі, дык і спаў з пальца. Ровары потым, лаячыся, забралі маткі, а вось пярсцёнак (сіні-сіні і залаты-залаты) там і згубіўся. Нападпітку дзеці не баяліся голасу з пограба, дый не сцямнела яшчэ. Але колькі б яны ні рассоўвалі снег і быльнёг кійкамі, пярсцёнка не знайшлі. Затое пужанулі тоўстага зайца, які лупянуў па схіле гары, высока падкідваючы заднія ногі.

– Заяц вельмі баязлівы, бо мае невялічкае сэрца. Бог яму выляпіў надта доўгія вушы, а на сэрца не хапіла гліны, дык адарваў хвост, пакідаючы толькі адростачак, каторы потым аброс шэрсцю, да й зрабіў маленькае сэрца. Ось зачым ён усіх баіцца, а яго ніхто, – патлумачыў Пятрок. – Але калі зрабіць дудачку з савінай косткі, то ўсе зайцы будуць збірацца да цябе на музыку, толькі грай і хапай.

– Пятрок – елка! Загарэлася елка!

Яны стаялі на Галоднай гары і, зачараваныя, глядзелі на ярчэзныя каляровыя агні, што манілі да сябе.

– Лапатаніма! – закрычалі дзеці, ірванулі з гары, і іх рудыя галоўкі заскакалі ўніз, па мярцвянаму снегу, быльнягу, тумане гары, нібы агень­чыкі.

 

Агонь тым вечарам быў чырвоны і дровы ў печы гарэлі з трэскам, дзверы, аканіцы і весніцы рыпелі, спявалі і пішчэлі. Воліны пародзістыя каляровыя куры зараней пайшлі ў куратнік і высока пазалазілі на седала, прытуліўшыся адна да адной, як спалоханыя дзеці. Зімазёл на шыбах рос галінкамі ўверх – прароцтва доўгіх, цяжкіх халадоў. Волю гэта не надта непакоіла – яна і так ведала, што ідзе бура і мароз. Больш турбавала, куды падзеўся Пятрок і ці прыйдзе ён дахаты да цемры і непагадзі. Ісці да Манькі-паскуды і пытацца, ці дома Нінка, не выпадала. На вока ж Нінкі нідзе не было відно.

Раптам весніцы бразнулі, нехта прабухаў па сцежцы, зарыпелі сенцы і ў хату ўвалілася Сытая Ірма.

– Папіць дай і налі трохі. То скажу, куды твой малы пайшоў.

Праз некалькі хвілінаў Воля бегла па сцяжынцы, на хаду ўздзеючы кажух, вобмільгам урываючыся ў двор да суседкі.

– Маня! Маня! Нашыя дзеці ў Машніцы пасунуліся!

Сытая Ірма паслухала крык і енк суседак на вуліцы і палезла ў халадзільнік, а потым і пад высокі спружынны ложак з падузорнікам. І не падманулася. Было і мяса, і выстраеныя пад ложкам батарэі гарэлкі. Ірма распачала доўгае баляванне ў цёплай хаце.

Маня з Воляю аббеглі ўсе хаты, але толку не дабіліся. Кабыла, што належала ФАПу, ажарабілася, «казёлчык» старшыні стаяў з паздыманымі шынамі над ямай, а Гаўрыльчыкі на сваім «Пасаце» паехалі да дочкі ў Глуск. Тэлефоны нідзе не адказвалі.

– Стройдвор! Трактар!

– Там жа пазакрывана ўсё. Ты ўмееш на трактары ездзіць?

– Сытая ўмее, і ведае, дзе там што.

Праз некаторы час па сцямнелых і прыціхлых вуліцах бег дзіўны гурт – дзве бабы пад рукі цягнулі трэцюю, якая заграбала нагамі, гнула галаву і мычэла.

Жанчыны пралезлі на тартак праз адзін з пралазаў Ірмы – дошку, што вісела на цвіку. Сабак і вартаўніка нідзе не было відаць.

– Спіць, стары казёл! – сказала Ірма, якая на тартаку вельмі ўбадзёрылася. – Ірму прагналі, Тафільевіча ўзялі. А Тафільевіч і п’е, і крадзе, як тры Ірмы!

Вароты адкрыць не ўдалося, і тры бабы іх проста вынеслі трактарам. Ірма жалезнай рукой учапілася ў стырно і рычаг. Воля і Маня сядзелі поруч і думаць забылі пра сваю варажнечу.

Між тым Ксаўер пачаў падаваць знак пра сябе, узняў такое выццё і каламуту, што не разабраць было, ці то снег валіць з неба, ці то падняўся з зямлі.

Ірма адной рукой трымалася за стырно, а другой рвала з кішэні ватніка бутэльку беленькай.

– Куды, курва?! Угробіць нас усіх хочаш? І так набралася, як рапуха твані! – сказала Воля, адбіраючы бутэльку. – Манька, паглядзі, мо ў яе і другая ў рукаве ці ў кішэні.

– Не, другой няма, але паўкілбасы сцягнула.

Волька рашуча заліла ў сябе плюх гарэлкі і, прамінуўшы Ірму, працягнула бутэльку Маньцы. Тым жа рухам адабрала ў Манькі кілбасу, адкусіла. Манька ад суседкі не адстала.

– А мне?! – закрычала пакрыўджаная Ірма.

– У цябе нос у г…не! – парыравалі хорам сёстры.

– Гэта ў вас нос у г…не! Мала таго, што байстручаняты вашыя ўпрочкі пайшлі, дык яшчэ і ё…р дапіўся і здох у кустах ля Лозкі! – пракрычала Ірма. – Там і ляжыць! Я яшчэ не заявіла.

Жанчыны прыціхлі. Трактар нёсся праз замець, дарога была ледзь відная. Пасля доўгай паўзы Маня ў роздуме сказала:

– Хай ляжыць. Што яму за ноч зробіцца ў такую буру. Дзяцей трэба шукаць.

Жанчыны маўчалі да самых Машніц, гарэлку пілі ўжо ўтраіх. Але колькі б ні піла Сытая Ірма, яна памятала, што яе таямніца павінна не ўсплываць на бурлівых водах спірытусу, а тануць – глыбей і глыбей. Тая, што прадала ёй атруту, будзе маўчаць. Ды і каму ён нарэшце патрэбны, гэты руды Марцін? Бабылёў у вёсках дзясяткі. Дарма, што гэты быў прыгожы – спіўся б і ён.

 

…Пятрок і Нінка сядзелі пад вялізнай Машніцкай ёлкаю, прыціснуўшыся адно да аднаго. Зблізу елка аказалася ўсяго толькі старой змрочнай елкай, на лапах якой ад ветру трэсліся і хісталіся вялікія лямпачкі з калгаснае фермы, абы-як памазаныя каляровымі фарбамі. Вакол ёлкі не было карагодаў, гулянняў, Дзеда Мароза, снягуркі, нікога не было.

– Нінка, а як жа мы дадому дойдзем? Няма нікога, цёмна, дарогу не відаць.

Нінка не паспела зарумзаць, бо ёй перашкодзіў нягучны жаночы голас.

– Як цёмна? Як дарогі не відаць? Хіба вы падурнелі, шчаняты? Ужо з гадзючым кійком яны дадому не дойдуць! Узялі кій і пасунуліся!

Перад дзецьмі стаяла кабета, высокая і худая, як дзяржальна ад грабель. Праставалосая. Валасы срэбна-шэрыя, нібыта глухі прысак, змяшаны са срэбрам; нібыта пер’е старога крумкача. І цяжкія, нібыта небялёны лён. Вецер, нібыта такі магутны, ледзь варушыў іх, і яны цьмяна свяціліся над галавой.

– Цётухно, а вы чаго тут у такі цёмны час? – спытаў Пятрок, адчуваю­чы, што адказу ён чуць не хоча. Цётухна адказу і не дала. Твар яе быў худы, бледны, як гусінае яйка, а вочы зялёныя і халодныя, лёд на стаялай вадзе. Рукі, прамыя, як палкі, віселі ўздоўж цела, а ногі, прамыя, як палкі, біліся адна аб адну.

– Холадна мне, – глуха сказала незнаёмка. – Ох, і холадна мне ў такія ночы. Я не па вас тут хаджу, ідзіце дадому.

Дзеці выскачылі з-пад ёлкі і пабеглі. Нінка задрала свой кій і закрычала:

– Глядзі, Пятрок, гэта ж мой пярсцёнак! На кій нанізаўся, а мы й не бачылі!

На кончыку кія, нібыта заўжды там і быў, сядзеў яе залаты-залаты пярсцёнак з сінім-сінім каменьчыкам, і гарэў той каменьчык сінім-сінім агнём. Дзеці пабеглі па сінім прамяні, які ні разу не збочыў з дарогі. А паабапал бушаваў Ксавэры.

…У трактар улезлі ўсе. Начавалі ў Волькі таксама ўсе. Бо з Маньчынай хаты страху знесла. Пятрок бажыўся, што нейкія малыя віхурныя стварэнні дралі страху, і вецер шалёны веяў вакол іх, віравала салома, лісце, пыл і смецце. Ніхто яму не паверыў, і нядзіўна. Бо віхравых русалак бачаць толькі мужчыны, надзеленыя дарам ведзьмара.

 

Бушаваў Ксавэры, а ў хаце было зацішна, цёпла і ўсяго хапала. Вядома ж, дом весці – не лейцамі трэсці, і Волька дастала ўсе прыпасы. Ды і Каляды якраз падыходзілі.

Потым узяла Манін гадзючы кій, выйшла на вуліцу і перажагнала хмары.

Пад раніцу віхура сціхла, сады Пярэхрысці стаялі ў снезе, убраныя на святы. Дзеці ў пальцішках і яркіх шапках лёталі па садзе, страсаючы з яблыняў шэрань і снег. Чыстая Ірма ў новым Воліным ватніку стаяла на ганку і пільнавала дзяцей Рудога Марціна, пакуль яго маткі дояць кароваў, а бацька ляжыць у снягах Лозкі і чакае, калі яго забярэ міліцыя.

 

Абтрасаючы яблыкі напрадзім’і, адзін ці два трэба пакінуць зімаваць – для птушак і для тых, хто шамаціць у садах.

8 снежня 2013 года.

 

comments powered by HyperComments