…свабоду нельга заваяваць —
яе можна толькі дачакацца…

— Валянцін Акудовіч

Празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць вашаму здароўю

Пераднавагодняя аповесць. Фрагмент

Жана Іосіфаўна сядзела ў кабінеце і чакала планёрку. За вакном, якое па загадзе зверху было ўжо ўпрыгожана папяровымі сняжынкамі напярэдадні Новага года, кружляў ранішні снег, асядаў на лапінах вялізных сініх ялінаў, што разрасліся магутнымі слупамі каля ЖЭСу нумар 88.

Насупраць, каля крамы “Віцебск”, мітусіліся шкаляры, а па дарозе ўздоўж ЖЭСу да трамвайных шляхоў і аўтобуснага прыпынку цягнуліся супрацоўнікі разнастайных офісаў, бізнэс-цэнтраў, аб’ектаў грамадскага харчавання і абслугоўвання насельніцтва. Акурат у такім самым аб’екце абслугоўвання дыспетчар па прыёме заявак Жана Іосіфаўна і запарыла сабе каву, а потым зрабіла адзнаку ў журнале наведвальнасці аб заступленні на працоўную змену.

– Добрай раніцы, Жаначка! – паказалася з-за дзвярэй вялікая калматая шапка загадчыка брыгады сантэхнікаў Леаніда Кадолкі.

Ён любіў прыйсці значна раней за планёрку, кінуць рэчы ў бытоўцы і пасядзець на дыспетчарскай: папіць кавы, абмеркаваць апошнія навіны, плёткі, паскардзіцца на жыхароў, пажартаваць ды пасмяяцца.

Прагучаў першы званок.

– Ало, ало! Гэта ЖЭК? – крыклівая цётка ў слухаўцы патрабавала тэрміновага візіту сантэхніка: – Нас заліваюць! – істэрычна лямантавала яна ў слухаўку. – Мы толькі што зрабілі рамонт! Дашліце сантэхніка зараз жа!

Кадолка зрабіў яскравы жэст, які мусіў адначасова азначаць і ягонае стаўленне да праблемы, і ягоную адсутнасць у гэтым памяшканні для лямантуючай цёткі.

Дыспетчарка аднымі вачыма паказала, што зразумела яго, і пачала апытанне па класічным для гэтых выпадкаў сцэнары:

– У якой частцы кватэры вас заліваюць? Наколькі актыўна кропліць вада і наколькі моцная напруга вады: ці гэта пляміна, ці цячэ вада са столі? Гарачая вада ці халодная? Ці ёсць доступ да кватэры вышэй паверхам?

– Проста на кухні! – адрапартавала цётка на тым баку. – І пляміна, і цячэ! І гэта нават не вада, а я не ведаю што! А вышэй паверхам сусед мой жыве, самотны, але парадачны чалавек, упэўненая, што гэта не праз яго. Вось над ім – новы сусед, нядаўна пераехаў, вось ён цалкам мог заліць нас усіх!

– Не вада? – здзівілася дыспетчарка. – А што ж? Ці ёсць у вадкасці спецыфічны рэзкі пах? У суседа вышэй няма заліцця? Гэта дакладна не ён залівае?

– Адкуль я ведаю, ён ці не ён! Гэта вашая праца, разабрацца хто вінаваты, – надрывалася цётка. – А вадкасць пахне… пахне, як бы вам сказаць, – на момант сумелася цётка, быццам нешта абдумваючы, – дражджамі пахне ці нават півам!

Жана Іосіфаўна ад здзіўлення перапытала:

– Прабачце, чым? Півам?

На гэтым этапе размовы сантэхнік раптам вельмі ажывіўся і пачаў прыслухоўвацца.

– Так, – не вельмі ўпэўнена пацвердзіў голас.

– Добра, – дыспетчарка занатавала адрас, усе неабходныя дадзеныя і паведаміла ў слухаўку:

– Чакайце, пасля планёркі дашлю да вас сантэхніка.

– Як пасля планёркі? – з наноў абуджаным імпэтам загарлала цётка. – Дасылайце зараз жа! Зараз жа! Чуеце?

– Сантэхнікі з’яўляюцца на працы і атрымліваюць заяўкі падчас ранішняй планёркі, зараз нават няма ніводнага.

У гэты момант Кадолка, які стаяў побач, згодна кіўнуў галавой.

– А калі тая планёрка? – раздражнёна запыталася цётка.

– Пачнецца ўжо праз дваццаць хвілінаў.

– Зразумела, – згадзіўся голас у слухаўцы, – але да мяне найперш адпраўце.

Паколькі заяўкі такога кшталту, як заліццё кватэры, лічыліся экстраннымі, то Жана Іосіфаўна выразна паглядзела на сантэхніка:

– Ну што, Лёня, табе давядзецца ісці.

– Я нікуды не пайду, – адразу запратэставаў Кадолка. – Я толькі прыйшоў, адразу ідзі. Усім ім не находзішся. Па марозе па такім бегаць.

– Лёня, гэта заліццё, ты ведаеш, што гэта тэрміновая заяўка.

– Я не пайду! Зараз прыйдзе Вярбіцкі, няхай ён сходзіць!

І Кадолка злосна каўтнуў кавы.

Некалькі хвілінаў цягнулася маўчанне.

– А што там у яе? – абыякава, але з замірэнчай інтанацыяй запытаўся ён.

– Піва ліецца са столі, – са з’едлівай усмешкай адказала дыспетчарка.

Сантэхнік ледзь не папярхнуўся кавай. Але ўзяў сябе ў рукі і пажартаваў:

– Ой, Жана, калі б было мора півам, быў бы я тады ведаеш, кім? Дэльфінам бы стаў. Піва са столі цячэ.

– Сказала, што пахне півам, а што там – не разбярэшся, – рэзонна заўважыла дыспетчарка.

– А яна там не таго? – сантэхнік пакруціў пальцам ля скроні. – Ну, у сэнсе, сама піва не выпіла з раніцы? – Які адрас мае дамы? – усё яшчэ з робленай абыякавасцю, але ўжо больш ажыўлена паглядзеў у карту заяўкі. – Зрэшты, ведаеш, схаджу пагляджу. Сапраўды ж, аварыйная сітуацыя.

– Іосіфаўна, хадзем ужо на планёрку! – паклікаў з-за дзвярэй голас старэйшага майстра Бубневіч.

Штодзённыя планёркі адбываліся ў актавай зале. Сантэхнікі, электрыкі, маляры, майстры займалі месцы гледачоў, а дыспетчарка мусіла ўзысці на сцэну як канферансье, абвяшчаючы чарговую заяўку, бы эстрадны нумар.

Апрача гэтага, вядучай зоркай заўсёды прысутнічаў упаўнаважаны прадстаўнік ЖЭСаўскага кіраўніцтва – дырэктар ці галоўны інжынер.

– А чаму мне далі заяўкі Макарэвіча? – атрымаўшы стос папераў, закрычаў з месца электрык Саломка. – Гэта не мой участак!

– Саломка, – з падкрэслена мяккай інтанацыяй звярнуўся да яго дырэктар, – гэта часова твой участак, бо Макарэвіч праходзіць курсы перакваліфікацыі.

– Нукзар Юр’евіч! Чаму я мушу за яго працаваць? Няхай вяртаецца пасля перакваліфікацыі і сам закрывае свае заяўкі! – абурана працягваў крычаць Саломка.  – Тым больш пасля перакваліфікацыі Макарэвіч вернецца больш адукаваным спецыялістам! – іранічна дадаў ён напрыканцы.

– Саломка, пойдзеш ты на перакваліфікацыю, ён будзе за цябе працаваць, – адрэзаў дырэктар. – Яшчэ пытанні?

– Так, ведаю я, напрацуе за мяне, потым нічога не разбярэш на сваім участку, – ужо не так упэўнена прабурчэў Саломка, апусціўшы вочы і незадаволена ўзіраючыся ў спіс з заяўкамі.

– Давай далей, – скамандаваў дырэктар дыспетчарцы.

– Макарэвічу тры заяўкі, – прадэкламавала яна.

– Яго ж няма! – зноў выбухнуў Саломка.

– Дык не электрыку Макарэвічу, а сантэхніку.

– А электрык Макарэвіч пасля перакваліфікацыі будзе ўжо і сантэхнікам! – заявіў Саломка, і ўся зала гучна засмяялася.

Саломка, відавочна задаволены сваёй трапнай заўвагай, працягнуў:

– І, наогул, не будзе электрыкаў і сантэхнікаў, а будуць спецыялісты па пабытовых паслугах! Працы болей, а заробак той жа!

Сантэхнік Макарэвіч, нявыспаны і ці то ўжо, ці то яшчэ п’янаваты, неўразумелым позіркам абвёў залу і насупіўся.

Саломка працягваў захоплена вяшчаць:

– Як кажуць – і кравец, і жняяр, і на дудзе дудар!

Раптам ён заўважыў вельмі пахмурны твар дырэктара, узгадаў, што ён на планёрцы, і змоўк.

Дыспетчарка ганарова ўручыла сантэхніку Макарэвічу чарговы стос папераў з раздрукаванымі заяўкамі.

– Чаму мне так шмат заявак? – адразу ж зароў Макарэвіч. – Калі я буду гэта ўсё рабіць?

– Макарэвіч, – пагрозліва прарычэў дырэктар, – я цябе папярэджваў наконт з’яўлення на працы ў нецвярозым стане. Гэта было першае папярэджанне. Калі будзе другое, я пазбаўляю цябе прэміі, а на трэцяе, Макарэвіч, ты ў мяне выляціш з працы.

Сантэхнік моўчкі залыпаў вачыма. З усіх сантэхнікаў Макарэвіч быў самы добры, самы бяскрыўдны, але адначасова й самы гарланісты ды самы горкі п’яніца. Цвярозым ён амаль не бываў, а калі бываў, то твар у яго рабіўся зямлістага колеру, а сам ён выглядаў на хворага, няшчаснага і злоснага. Затое ўвесь астатні час, калі ён быў альбо нападпітку, альбо зусім п’яны, Макарэвіч быў вясёлым і лагодным, любіў прынесці ў дыспетчарскую шакаладку ці цукерку, каб пачаставаць Жану Іосіфаўну, распавесці пра свае колішнія вандроўкі ў Нясвіж і Мірскі замак.

Цяпер ён сядзеў п’янаваты і крыху нахабны, але хаміць у адказ ці спрачацца пабаяўся, узяў заяўкі і гучна заўздыхаў.

Астатнія заяўкі былі раздадзеныя без спрэчак і заўвагаў.

Праз пяць хвілінаў шумная актавая зала апусцела, засталіся толькі дырэктар і дыспетчарка.

“Зараз самы зручны момант”, – мільганула ў галаве ў дыспетчаркі.

– Нукзар Юр’евіч, – упэўнена пачала яна, – у нас на дыспетчарскай зламаўся чайнік.

Дырэктар, робячы суворы выгляд, заўважыў:

– Дык, канечне, сантэхнікі і электрыкі твае й зламалі. Не вылазяць з дыспетчарскай.

– Ён жа быў ужо стары! – пачала змагацца за чайнік Жана Іосіфаўна.

– Дык няхай бы сантэхнікі й электрыкі скінуліся на чайнік і набылі. Гарбату і каву ж туды-сюды бегаюць піць.

– Скінуцца яны, чакай, – агучыла ўслых яна свае прыкрыя думкі.

– Ну добра, выпішам на рахунак арганізацыі, – нечакана згадзіўся дырэктар і з усмешкай паглядзеў на дыспетчарку.

Акрыленая такой лёгка здабытай перамогай, яна зляцела на дыс­петчарскую, дзе несупынна званіў тэлефон.

– Дыспетчарская, слухаю вас! – адпрацаваным да аўтаматызму прывітаннем прамовіла яна ў слухаўку.

– Захар’еўская, трыццаць пяць, нам патрэбны на агляд майстар, бо ў нас тут у сутарэннях жывуць бамжы. Яны паляць, напэўна, ці ўжо нешта спалілі, – паскардзіўся раздражнёны мужчынскі голас.

Дыспетчарка зразумела, што трэба падлучаць больш адказныя службы.

– Вам трэба тэлефанаваць у МНС , паколькі гэта можа быць аварыйнай сітуацыяй, – паведаміла яна.

– Я вам патэлефанаваў, вы давайце і разбірайцеся там, – голас стаў яшчэ больш раздражнёны. – Вы што, не можаце патэлефанаваць куды трэба?

– Добра, я патэлефаную, – халодным тонам адказала дыспетчарка.

– Вы зафіксавалі маю заяўку? – перапытаў голас.

– Усе заяўкі, што паступаюць на лінію, у нас фіксуюцца і запісваюцца, – даклала яна.

– Вы занеслі яе ў кампутарную сістэму? – не сунімаўся голас.

– Безумоўна.

Ледзь толькі яна паклала слухаўку, як тая пачала званіць зноў.

– Дыспетчарская, слухаю вас!

– Скасуйце заяўку, калі ласка, – прадыктаваў пажылы сухі жаночы голас, – вуліца Крывіцкая, дом шэсць, кватэра дзесяць.

– Вы давалі заяўку з прычыны замены шаравых кранаў у лазенцы? – перапытала дыспетчарка.

– Так, але мы справіліся сваімі сіламі, – пацвердзіла жанчына.

– Добра, пацвярджаю вашую адмову.

“Самі справіліся”, – пракаментавала яна сама сабе, паклаўшы слухаўку. “Сама хіба краны круціла слясарным інструментам. Так, які гэта майстар якой брыгады?”

Яна прагледзела нядаўна адноўлены спіс трох сантэхнічны брыгадаў, кожную з якіх узначальваў пэўны майстар. Вось, Парэпка А.Л. Адрас – Крывіцкая, шэсць, значыцца, гэта другая брыгада, а ўчастак Хадакова.

Дыспетчарка ўзяла службовы мабільны тэлефон і набрала нумар Хадакова.

– Алё, Жаначка! – радасна павітаў яе сантэхнік.

– Ало, Яўген. Крывіцкая, шэсць, кватэра дзесяць. Зараз патэлефанавала жыхарка і скасавала заяўку.

– Дык што? – падробна здзівіўся сантэхнік. – Яны мо самі адолелі?

– Так, самі адолелі, з тваёй дапамогай.

– Як з маёй? – яшчэ больш здзівіўся ён. – Я наогул на іншым адрасе працую.

– А яна сказала, што стаіць сантэхнік побач, які ўсё і зрабіў, – схлусіла дыспетчарка.

– Так і сказала? – было чуваць, што ён падскочыў. – Вось гадзіна!

– Яўген, – вымоўным тонам звярнулася да яго дыспетчарка. – Ты ведаеш, што будзе, калі пачнуць правяраць базу?

– Жаначка, я хутка буду на дыспетчарскай, – паабяцаў сантэхнік і кінуў слухаўку.

Праз тры хвіліны Хадакоў ужо стаяў на ганку дыспетчарскай і лісліва пасміхаўся.

– Дык ты на іншым адрасе, значыць? У бытоўцы сядзеў? – строга паглядзела яна на сантэхніка.

– Ды што ты, дабег проста хутка. Ведаеш, як кажуць – адна нага тут, другая там. У сэнсе тут. А тая – там. – Ай, – пасля паўзы працягнуў ён. – Нудна з табой, Жанэт. Новы год хутка, свята, а ты ўсё па працы ганяеш. Ты што ж, не ведаеш, як яны выклікаюць? Вунь адзін, у яго кран працякаў два тыдні, яшчэ б два вытрымаў, а яны ўсе перад Новым годам кінуліся дарабляць недаробленае. – Вось ты мне заяўку перадала – шум у трубах, дык гэта ўжо пятая заяўка па адным і тым жа адрасе! Пятая! Прыходжу – усё ціха. Пяць разоў прыходзіў – пяць разоў ціха было. Можа, у яе ў галаве трубы шумяць, га?

– Давай, Хадакоў, не выдурвайся. А хто наяўнымі грошы з жыхароў бярэ? Ёсць жа пастанаўленне: ці асобная аплата па лік-фактуры, ці ўлучаная ў квітанцыю, у квартплату. А ты што такое робіш?

– Жана, як наконт мяне, дык я сумленны чалавек, Жана. Я падзялюся з табой, дамовімся!

– Мы з табой дамовімся, а потым я з працы палячу за дамоўленасці такія з табой.

– Ды што ты, Жанка! Усе паўсюль так робяць, я табе яшчэ шчыра прапаноўваю падзяліцца, а ў іншых ЖЭСах ніхто нават і не падумаў бы.

– Давай зараз збегаю па шакаладку? Ты якую любіш? Горкую, малочную? Добра, сам пагляджу!

І выпарыўся за дзверы.

“Ну Хадакоў!” – мільганула ў галаве ў дыспетчаркі.

– О, Жана! – паказалася галава ў фактурнай хімзавіўцы, уладальніцай якой была майстар Парэпка. – Зайдзі да мяне на пяць хвілінаў зараз.

– У мяне тут аўрал – увесь час тэлефануюць.

– Пайшлі, кажу, патэлефануюць і перастануць.

– Дык у нас жа кантроль тэлефанаванняў: я слухаўку не здыму, увечары на дыспетчарскай у ЖРЭА праслухаюць і на справаздачы мне адразу вымову зробяць. Ці, ведаеш, як жыхары – сюды не датэлефаноўваюцца, нават, калі занята, адразу пачынаюць тэлефанаваць у ЖРЭА, а са ЖРЭА мне ўжо на службовы нумар тэлефануюць і зноў вымову робяць.

– Дык ты што, – кажа Парэпка, – не ведаеш як адключыць гэтую лінію запісу?

Запыханая, мажная, з кудзерамі колеру чырвонага бурачка, яна ўвалілася на дыспетчарскую, пакруціла на тэлефоне нейкае рэле, адлучыла нейкі дрот і пераможна ўсміхнулася:

– Ну, хадзем.

– Дык тэлефон жа не будзе працаваць! – спалохалася дыспетчарка.

Парэпка паглядзела на яе, як на відавочна не вельмі разумную жанчыну, і прыціснула слухаўку да ейнага вуха:

– Ёсць сігнал?

– Ёсць сігнал, – паўтарыла Жана Іосіфаўна.

– Значыцца, працуе. Пайшлі, кажу, у мяне часу ўжо мала, я ж ужо сыходжу.

Дыспетчарка заўважыла, што на гадзінніку ледзь-ледзь перайшло за палову на чацвертую.

– А куды вы? – пацікавілася яна ў Парэпкі.

– Куды-куды, на Кудыкіну гару. У мяне ў паліклініцы запіс на сёння да тэрапеўта на пяць гадзінаў, аналізы ўжо прыйшлі, потым у цырульню. Цырульніца мая з’ехала зараз у вёску да бацькоў, давялося запісвацца да нейкай новай, пастрыгчыся трэба. А ты ідзеш на капуснік навагодні? Нашыя пашпартысткі з другога паверху ўжо грошы збіраюць. Ды я не ведаю, будзем з іхнім аддзелам святкаваць ці, можа, сваім калектывам?

– Можа, сваім, – няўпэўнена выказалася дыспетчарка.

– О, бачыш! – радасна пагадзілася з ёй і больш сама з сабой Парэпка, – я ж і кажу, лепей нашым. А то пачнуць потым абмяркоўваць, хто колькі выпіў, як быў апрануты, як паводзіўся. Ну, ты ведаеш, звычайныя гэтыя плёткі. Гэта ж жах.

І яна выразна паглядзела на Жану Іосіфаўну.

Парэпка ўпэўненай хадой спрытна рушыла да свайго кабінета майстроў. Хутка адамкнула дзверы і забегла ў пакой.

У кабінеце было цёпла, ціха, тры працоўныя сталы майстроў пуставалі. За вокнамі, як гэта звычайна бывае ў зімовы час, ужо цямнела, і снег, што ляжаў на лапінах ялінаў, зрабіўся бела-сінім. Парэпка зазірнула пад свой стол і выцягнула з-пад яго бляшанку белай акрылавай фарбы.

– Трымай, дарагая, – з гонарам прэзентавала яна бляшанку дыспетчарцы.

– Дык, а куды ж я яе? – разгубілася тая.

– Куды, куды. Табе што, няма чаго на лецішчы падфарбаваць?

– А ў мяне ж лецішча няма, – прызналася Жана Іосіфаўна.

– Ну, у гаспадарцы што падфарбуеш. Банку фарбы ёй даю, а яна не ведае, што з ёй рабіць. Маляршы нашыя першыя ўсё паразбіралі, вунь апошнія дзве банкі засталіся. Бяры, а то сабе пакіну.

– Дзякуй, Людмілачка Аляксандраўна, – усё яшчэ разгублена стаяла дыспетчарка.

За дзвярыма кабінета пачуліся нечыя крокі, рыпенне дзвярэй, галасы.

– Усё, пайшлі, пайшлі, – паспешліва справадзіла Парэпка калегу.

Выходзячы, яны пабачылі двух сантэхнікаў, што ў працоўнай робе заходзілі ў ЖЭС.

– Людміла Санна! – артыстычна вымавіў першы з іх, худы, падцягнуты, невысокага росту, мужчына. – А куды гэта мы?

– Як куды, Суша?! – з запалам парыравала Парэпка, – па заяўках іду на агляд кватэраў.

– То хадземце разам, – прапанаваў другі, вельмі высокі сантэхнік са спартоваю фігурай. – Праводзім.

– Ой, Вярбіцкі! – пляснула ў далоні майстар. – Нам не па дарозе. – Бяжы ў кабінет ды схавай, каб не бачылі, – паспела шапнуць яна дыспетчарцы і, узмахнуўшы торбачкай, выпырхнула за дзверы.

Жана Іосіфаўна схавала бляшанку з фарбай у шафу і падумала: “Навошта яна мне?”

Адразу за ёю на дыспетчарскую зайшоў сантэхнік Вярбіцкі.

Ён заўжды быў нешматслоўны і змрачнаваты. У ЖЭСе пра яго казалі, што калісьці ён служыў ці то ў марфлоце, ці то ў дэсанце, што ў яго бываюць зрывы, калі ён сыходзіць на тыдзень у запой, што ён сквапнаваты, а яшчэ казалі, што ён таемна закаханы ў дыспетчарку.

– А Вярбіцкі ж закаханы ў нашую Жаначку Іосіфаўну, – колькі месяцаў таму з уласцівай ёй жаночай мудрасцю, назапашанай досведам і пранізлівым вокам пляткаркі, першай заўважыла Парэпка.

Потым і астатнія супрацоўнікі пачалі заўважаць, што ў прысутнасці дыспетчаркі Вярбіцкі неяк бянтэжыцца, губляецца, з хамаватага “салдафона” ператвараецца ў ціхага і непрыкметнага чалавека.

Хутка ўжо ўвесь ЖЭС ведаў пра асаблівае стаўленне сантэхніка да дыспетчаркі, і ў нікога не было сумневаў, што так яно і ёсць.

Вось і цяпер ён маўкліва з’явіўся на дыспетчарскай, павітаўся, крыху пастаяў, а потым нешта паклаў на стол і знік.

Дыспетчарка падышла да стала. На ягонай роўнай паверхні з безліччу раздрукаваных заявак, тэчак, стосаў паперы для запісу нумараў тэлефонаў і просьбаў жыхароў, акуратна ляжалі ў бліскучых чырвоных прыбраных абгортках тры шакаладныя цукеркі “Рашэн”.

 

*  *  *

– Дзе тут у вас піва са столі льецца? – з дзвярэй задыхана спытаў чырвоны ад марозу Кадолка, след ад якога пацягнуўся ў вітальню звычайнай пенсіянерскай кватэры, сваім выглядам і ўзростам цалкам адпавядаючай гаспадыні, што сустрэла сантэхніка з выразам поўнай нецярплівасці на мяжы з гатоўнасцю да скандалу.

– Бач ты, – адразу з выклікам заўважыла яна. – Піва са столі. Якая розніца, піва ці не піва?

– Як? – аслупянеў Кадолка.

Ён, можна сказаць, толькі з цікаўнасці да піва і выправіўся на гэтую заяўку.

– Так, – перадражніла гаспадыня кватэры.

– Дык я мо кватэрай памыліўся, – чамусьці са спадзевам падумаў услых сантэхнік, ліхаманкава шукаючы ў кішэнях паперу з раздрукаванай заяўкай.

– Не памыліўся, не памыліўся, – пачуў ён у адказ бязлітасны голас.

– Дык жа мне перадалі – піва, – неяк пакрыўджана прамовіў Кадолка.

– Ды якая вам урэшце розніца? Ідзіце і глядзіце ў кухні, што адбываецца. Усё мне пазалівалі, уся сцяна ў мяне мокрая, я на гэтых шкоднікаў управу знайду, я ў УЖГ патэлефаную.

Сантэхнік не стаў слухаць і прайшоў у кухню.

На падваконні за фіранкамі прытаіўся вялікі чорны кот з белымі плямінамі на лапах і галаве. Газавая пліта была застаўленая патэльнямі ды рондалямі, відаць, нядаўна нешта гатавалася. Усё выглядала на звычайную кухню, дзе звыкла рыхтаваліся да Новага года, наразаючы салат “аліўе” і запякаючы курыцу.

За выключэннем аднаго моманту. У кухні выразна патыхала самым сапраўдным півам. Гэты пах сантэхнік мог адрозніць беспамылкова. У мінулым годзе ён выпадкова апынуўся на экскурсіі па піўным бровары, і цяпер смачныя ўспаміны захлынулі яго: гэты саладкаваты, бражысты пах піва, ад якога падкружваецца галава.

Тут, у замкнёнай прасторы кватэры, гэты пах яшчэ больш згусціўся, набрыняў.

Па сцяне тоненькім струменем вельмі павольна бруілася карычневата-празрыстая вадкасць, пакідаючы непрыгожыя сляды на выцвілых светла-саламяных шпалерах.

– Хадзіце сюды, – паклікаў Кадолка гаспадыню.

Старая паказалася з вітальні. Яна ўсё яшчэ была раздражнёная і зласнаватая, бо гэты піўны інцыдэнт істотна перашкаджаў ейным кулінарным заняткам. Да яе ўжо заўтра прыязджаюць і дачка з унукамі, і стрыечная пляменніца з мужам, а ў яе ані курыца яшчэ не замарынаваная, ані салаты не нарыхтаваныя, дый у хаце стаіць нейкі гармідар.

– Бачыце? – запытаўся сантэхнік, паказваючы на струмень.

– Вядома, бачу, не сляпая ж.

– Пахне півам, выглядае на піва, значыцца, піва й ёсць, – лагічна патлумачыў сантэхнік.

– Мне ўсё адно, піва гэта ці не піва, – распальвалася жанчына, – мяне заліваюць, давайце рабіце што-небудзь, а то пра піва толькі і думаеце.

Звычайна ў такім выпадку сантэхнік ведаў, як супакоіць разгневаных гаспадароў. Дастаткова было зайсці ў прыбіральню і паглядзець на лічыльнікі вады, да якіх прымацаваныя магніты1, каб уся скандальнасць вокамгненна зляцела, а замест яе з’явілася ліслівае залагоджванне.

За ягоную 15-гадовую кар’еру гэты выпадак стаўся такім незвычайным і невытлумачальным, што Кадолка нават не адказаў на хамства старой. Аднойчы, па праўдзе, у яго быў выклік, калі ў лазенцы з шампанскім здарыўся забруд ружовымі пялёсткамі. Толькі, па-першае, гэта было даўно, а, па-другое, там былі не толькі пялёсткі. А тут сапраўднае піва, ды яшчэ са столі. Ён нават пакаштаваў яго і мог цяпер паклясціся, што гэта звычайнае цёмнае нефільтраванае.

– Трэба даведацца ў суседзяў зверху, ці не яны заліваюць, – толькі і здолеў прамовіць Кадолка, выходзячы на лесвічную пляцоўку.

Гаспадыня ўслед яму яшчэ нешта пакрыквала пра УЖГ, пра “неадкладна выправіць” і пра “буду скардзіцца”, а ён у задуменні падымаўся на паверх вышэй. Яму ўжо было гарачавата.

Кадолка націснуў на дзвярны званок і стаў чакаць. Ніхто не адчыняў. Тады ён націснуў яшчэ раз і патрымаў кнопку даўжэй. Той жа вынік.

“Нікога няма”, – зразумеў сантэхнік і пачаў уздымацца на яшчэ адзін паверх вышэй. Тут ужо гаспадар быў дома і адразу адчыніў. Перад сантэхнікам стаяў спартовага выгляду хлопец з гладка прычасанымі валасамі, а з кватэры гучна неслася тэхна-музыка, пад якую, відаць, добра адціскацца ці займацца на трэнажоры.

– Чё нада? – ветліва прывітаў ён супрацоўніка камунальнай службы.

– Суседзяў заліваеце, – гэтак жа нахабна адказаў Кадолка.

– Я? – зніякавеў хлопец і пабег кудысьці ўглыб кватэры.

Не чакаючы запрашэння, сантэхнік зайшоў у кватэру ўслед за хлопцам. Не прайшло і хвіліны, як той выбег у вітальню з выразам палёгкі на твары.

– Гэта не я, – амаль радасна прамовіў ён.

– Доступ у прыбіральню, у лазенку і ў кухню, – загадаў Кадолка.

– Калі ласка, – запрасіў гаспадар, – праходзьце.

Лазенка і прыбіральня былі такімі, якія прынята рабіць у прадстаўнікоў класу: стылёва, эканомна і безаблічна. Аніякіх прыкметаў таго, што адсюль магло быць заліццё, не заўважалася. Усё чыста і ў працоўным стане. У кухні таксама не было ніякіх слядоў піўнога вадаспаду. Маленькая і нават празмерна ахайненькая кухня з акуратна састаўленымі да абеду баначкамі з пратэінам.

Кадолка, зрабіўшыся панурым і змрочным, пацягнуўся да суседзяў двума паверхамі ніжэй.

Там яго чакала сустрэча з дамай сярэдняга веку, якая трымала на адной руцэ дзіцё гадоў трох, а ў другой – плойку для накручвання валасоў. З-за жанчыны вызірнулі яшчэ двое крыху старэйшых дзяцей. Паўсюль у кватэры былі раскіданыя дзіцячыя цацкі, у лазенцы валяліся рушнікі, бялізна, з прыбіральні з жахам выскачыла напалоханая котка, а ў кухні стаяў пах падгарэлай кашы.

– Ніякіх праблемаў з каналізацыяй, значыцца, не маеце? – запытаўся Кадолка. – Суседзі не заліваюць, са столі нічога не цячэ?

Жанчына пакруціла галавой на знак адказу і пабегла на гук дзіцячага плачу ў суседні пакой.

Кадолка яшчэ раз агледзеў столь і выйшаў з кватэры.

 

*  *  *

– Шакаладачку для прыгажуні, – з усім артыстызмам, на які быў здатны, зрабіў прэзент Хадакоў.

Жана Іосіфаўна, хаця яшчэ й не перастала злавацца на сантэхніка, разумела, што яго не выправіш, а гэтага заганнага падыходу не зменіш, толькі калі пасварышся, дык потым ні на тэрміновую заяўку яго не дапросішся, ні шакаладкі не пабачыш. Да ўсяго, што ні кажы, а шакаладку атрымаць ёй было прыемна. Таму чарговым разам яна вырашыла заплюшчыць вочы на гэтыя махінацыі і, палагаднеўшы, схавала прэзент ў сваю торбачку. І толькі Хадакоў наважыўся запытацца пра запрашэнне на святочны вечар, намагаючыся зрабіць гэта інтэлігентна, нават прагаварыўшы сам сабе ўжо: “Ты адна, і я адзін, чаму б нам не злучыць нашыя дзве самоты дый не схадзіць на другі паверх на карпаратыў у гэтую суботу”, як на дыспетчарскую вельмі ціха зайшла старэнькая жанчына ў палінялым футры і ў пуховай хустцы. Твар у яе быў увесь у зморшчынах, добры ды сціплы. Яна, відавочна, прыйшла ці то з просьбай, ці то з пытаннем і, спыніўшыся на ўваходзе, цярпліва чакала, калі можна будзе звярнуцца да дыспетчаркі.

Хадакоў здзівіўся, як яна наогул дайшла да ЖЭСу ў вечаровы час, па лёдзе на ўсіх падыходах да гэтага бастыёну камунальнай службы. Падыходы хаця й пасыпаліся пяском са шчодрай рукі дворніка, але ўвечары ўсё адно ператвараліся ў каток.

– Вам дапамагчы? – галантна звярнуўся сантэхнік да яе з разлікам, што й дыспетчарка ацэніць ягоныя манеры, а калі справа вырашыцца хутка, дык ён па гарачых слядах свайго джэнтльменства з высокай верагоднасцю даб’ецца згоды на запрашэнне.

– Калі ласка, – вельмі культурна пагадзілася жанчына, – я прыйшла да сына. Вы, пэўна, ведаеце, бо ён тут працуе. Ягонае прозвішча Кадолка.

І ў дыспетчаркі, і ў сантэхніка акругліліся вочы: “Дык гэта маці Кадолкі? Чаму яна шукае яго на працы?”

– Вядома, вядома, – у адзін голас прамовілі яны і паглядзелі адно на аднаго.

– Так, – сказала Жана Іосіфаўна, – ён акурат зараз павінен прыйсці, каб даць справаздачу па заяўцы.

– Дык я, можа, яму патэлефаную? – прапанаваў Хадакоў.

– Не, не, – запратэставала жанчына, – калі ласка, не тэлефануйце. Мне яго трэба менавіта сустрэць, бо сёння ў нас важны вечар, мы запрасілі гасцей, а Леанід, ведаеце, павінен быць у форме. То я пачакаю яго тут у вас?

Сантэхнік паглядзеў на дыспетчарку, а тая з разуменнем захітала галавой.

Хадакоў з сумам падумаў, што з запрашэннем не складаецца, ён адчуў, што яму задушна ў спецадзенні, што спіна ў яго ўзмакрэла, яму стала нудна, але ён яшчэ раздумваў і перамінаўся з нагі на нагу.

Жана Іосіфаўна вырашыла выйсці ў шчытавую за дзвярыма, каб уключыць ліхтар на брыльку ля ўвахода. У шчытавой таксама былі выключальнікі да двух ліхтароў, што месціліся на сцяжыне, якая вяла да ЖЭСу, а святло па ўсім раёне ўключалася ў ліфцёрнай, кабінеты якой знаходзіліся далей па калідоры.

 

Дыспетчарка сябравала з ліфцёркай: тая часта распавядала пра сваіх дзяцей – асабліва Жана Іосіфаўна была ўражана самым першым расповедам ліфцёркі, з якога й пачалося іхняе знаёмства.

Гэта было так: на трэці дзень працы Жаны Іосіфаўны ў гэтым ЖЭСе, а яна перавялася з іншага ЖЭСу, бо гэты быў бліжэйшы да дому, да таго ж у папярэднім змяніўся дырэктар на новага, такога пільнага ды з’едлівага ў параўнанні з трыма, што былі да яго і змянялі адзін аднаго цягам трох гадоў, пачынаючы з самага ціхага, які абсталяваў патаемны пакой у кабінеце і не моцна злоўжываў падчас цяжкай дырэктарскай працы, і сканчаючы прагрэсіўным маладзёнам, які асвойтваў гульні на планшэце і, калі наведнікі са скаргамі адцягвалі яго ад праходжання новага ўзроўню, вельмі жорстка і хутка распраўляўся з імі, накіроўваючы да вышэйшых інстанцыяў.

Апошні ж не даваў Жане Іосіфаўне праходу: адсочваў час прыходу на працу і сыходу, патрабаваў дэталёвых справаздачаў, ставіў пад сумнеў ейную кампетэнтнасць, і праз месяц такіх нечалавечых антаганізмаў дыспетчарка гатовая была бегчы значна далей за любы ЖЭС, як неўзабаве ёй прапанавалі вакантнае месца тут.

Дык вось, на трэці дзень ліфцёрка, уварваўшыся ў дыспетчарскую, з ганку заявіла:

– Якая свалата!

Дыспетчарка аслупянела. Потым чамусьці паглядзела вакол сябе, не ў змозе даць веры, што зварот прызначаецца ёй.

Ліфцёрка падбегла да чайніка, наліла сабе вады ў кубак і, хутка серба­нуўшы, паўтарыла:

– Свалата!

– А што такое здарылася? – асцярожна пацікавілася дыспетчарка.

– Ой, не пытайся, – са стогнам адмахнулася ліфцёрка, але адразу ж пачала дзяліцца сваёй гісторыяй, з якой вынікала, што паўгода таму яна неверагоднымі матэрыяльнымі і маральнымі намаганнямі выдала сваю дачку замуж, узяўшы пад гэтую радасную падзею крэдыт. Таксама высветлілася, што былі запрошаныя ўсе блізкія і далёкія сваякі, набытая выдатная сукенка са стразамі, замоўленая кавярня з тамадой і ўсемагчымымі закускамі, маладым у падарунак прыдбалі буйную ды дробную тэхніку, а на днях паважаны зяць гэтай жанчыны знік, пакінуўшы дарагой цешчы і жонцы пустую кватэру.

З гэтага расповеду й пачалося сяброўства ліфцёркі з дыспетчаркай.

Цяпер Жана Іосіфаўна заўважыла сяброўку каля ліфцёрнай:

– Сёння за вечар пяць выклікаў па ліфтах, – пракрычала тая.

Пяць выклікаў за вечар – гэта шмат. Рэдка калі ў ліфцёраў выдаецца такі дзень, калі са слухаўкі не крычыць панічны голас: “Я застраў у ліфце!”, але пяць няспраўнасцяў за вечар для аднаго майстра, якога складана ўвечары знайсці – гэта гарант доўгахвіліннай псіхалагічнай дапамогі. Таму Жана Іосіфаўна ледзь пабачыла сяброўку здалёк і, пераключыўшы рэле, пайшла ў дыспетчарскую, як з галоўнага ўвахода, упусціўшы марознае воблака, паказаўся Кадолка.

– О, – усміхнулася дыспетчарка.

– Я таксама цябе рады бачыць, – пахмурна адгукнуўся Кадолка.

Ён вырашыў зайсці ў дыспетчарскую, бо быў дзяжурным сантэхнікам і мусіў паказацца на вечаровай планёрцы, каб не мець праблемаў з кіраўніцтвам, а апошнія дзве гадзіны працоўнага дня ў яго ўжо былі распісаныя на сустрэчу з сябрам з суседняга дома, які прывёз з вілейскай рыбалкі пятнаццаць кілаграмаў выдатных шчупакоў і, вядома, набыў да іх добрае суправаджэнне.

– Зайдзі ў дыспетчарскую, – запрасіла Жана Іосіфаўна. – Цябе тут чакаюць.

– Хто там мяне чакае? – падазрона запытаўся сантэхнік.

– Пабачыш, – паабяцала Жана.

Старая, седзячы ў крэсле ў дыспетчарскай, радасна ажывілася, пабачыўшы сына.

Кадолка, які ўжо пераступіў парог, у сваю чаргу пабачыўшы маці, ані слова не кажучы, зрабіў амаль акрабатычны разварот ад дзвярэй.

Старая адразу падхапілася надзіва жвава і кінулася напярэймы, перагароджваючы сваім драўляным кіёчкам выйсце.

– Мама, чакай мяне, я зараз, – не даючы ёй ніводнай хвіліны, каб апамятацца, паабяцаў Кадолка і хутка пабег па калідоры да другога выхаду з ЖЭСу.

Дыспетчарка назірала праз вакно, як ён не бег, а літаральна ляцеў па лёдзе, і ягоная чорная постаць на белым снезе, аддаляючыся ад ЖЭСу, рабілася ўсё меншай і меншай.

Яна паглядзела на старую, што стаяла каля дзвярэй – сівыя валасы выбіліся з-пад хусткі, кій пастукваў па падлозе, а вочы разгублена аглядалі пусты калідор.

 

*  *  *

– Можна цябе правесці дахаты? – прагучала над самым вухам у дыспетчаркі ўжо на выхадзе з ЖЭСу.

Яна нават спалохалася нечакана рэзкага голасу Вярбіцкага.

– Ды не бойся, – зарагатаў ён. – Марак дзіцё не пакрыўдзіць.

З гэтымі словамі ён падхапіў ейныя клункі.

– Нічога сабе, якія цяжкія! Ты што, з ЖЭСу будаўнічыя матэрыялы цягаеш? – няўклюдна пажартаваў сантэхнік.

Жана Іосіфаўна пачырванела, бо ў адным з клункаў яна насамрэч цягнула падараваную ўдзень Парэпкай бляшанку з фарбай.

– Памятаеш, у цябе нейкі жыхар цікавіўся пра драўляныя лаўкі? – запытаўся Вярбіцкі. – Ну, тыя, што стаялі на першым паверсе, тыпу як рэклама ЖЭСаўскай вытворчасці?

– А-а, гэтыя! – прыгадала Жана Іосіфаўна. – Ну, так, памятаю.

– Дык наш Нукзар сёння ўжо прадаў іх! Вось дырэктар, усё прадасць! Вось як працаваць трэба!

Далей яны йшлі моўчкі: Вярбіцкі відавочна хваляваўся, не ведаючы, як падтрымаць размову, дыспетчарка стомлена думала, навошта ён выклікаўся яе праводзіць.

Сыпаў лёгкі срэбны снег, ён казачна кружляў у святле ліхтароў, асыпаючыся долу і чароўна расквечваючы ўсё навокал.

Асабліва ўражваў зацярушаны снегам высокі велічны лес, ля якога прытуліўся шэраг дамоў тыповага менскага спальніка.

Дыспетчарка спынілася на павароце да дома:

– Дзякуй, далей не праводзь мяне.

Сантэхнік паглядзеў на яе ў гэтым бляску ліхтароў, у снежным суквецці, што атачыла футравую апуху яе капюшона:

– Да заўтра, – ніякавата, ледзь чутна сказаў ён і, аддаўшы клункі, павольна і з неахвотай, так, што ягоная двухметровая постаць з апушчанымі плячыма зрабілася нейкай няшчаснай і худой, пацягнуўся ў іншы бок.

А снег кружляў і кружляў, складваючыся ў карункі, у гурбы, абяцаючы свята, Новы год, ялінку і мандарыны.

(Цалкам аповесць Янкі Вольскай чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова”).

comments powered by HyperComments