вершы на асфальце

У Мінску адкрыўся IX Міжнародны фестываль
“Вершы на асфальце” імя Міхася Стральцова

У залі рэстарана “Сёмаё неба” прайшло ўрачыстае адкрыццё
Восьмага міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова.  

Акурат у дзень народзінаў Міхася Стральцова дзясяткі менчукоў і гасцей сталіцы сабраліся на першым дні фестываля ў гатэлі “Мінск”. Традыцыйна шмат наведнікаў было побач са сталамі, дзе прадаваліся беларускія кнігі. Інтэрнэт-крамы “KNIHI.BY” і “Кніганоша” гасцінна сустракалі аматараў беларускай кнігі. Сярод навінак — і выбраныя творы Міхася Стральцова, укладзеныя Андрэем Хадановічам і выдадзеныя Змітром Коласам адмыслова да фэсту. Карыстаўся ўвагай і свежы нумар часопіса “Дзеяслоў”, які літаральна днямі выйшаў з друкарні. Адкрыла фестываль песня Андруся Такінданга, саліста гурта “РЭХА”. Задаўшы тон вечарыне, песня саступіла месца арганізатарам і традыцыйным прывітальным словам ад старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча і першай намесніцы старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру Таццяны Нядбай.

Сябрамі журы Аленай Стральцовай, Барысам Пятровічам і Аксанай Спрынчан быў абвешчаны новы лаўрэат Стральцоўскай прэміі. Літаратурная прэмія Міхася Стральцова 2019 года рашэннем журы ў складзе Алены Стральцовай, Уладзіміра Някляева, Барыса Пятровіча, Міхася Скоблы і Аксаны Спрынчан прысуджана Анатолю Вярцінскаму з фармулёўкай “за захаванне класічных літаратурных традыцый, метрычную і вобразную разнастайнасць паэтычнай мовы, афарыстычнасць і грамадзянскасць паэзіі і эсэістыкі”. Лаўрэат атрымаў прэмію ад удавы Міхася Стральцова, а ад пісьменніцкай арганізацыі — новую кнігу-прэмію “Тым часам…”.

varc850.jpg
Барыс Пятровіч, Алена Стральцова, Анатоль Вярцінскі, Аксана Спрынчан

Літаратурная прэмія Міхася Стральцова заснаваная ўдавой Міхася Стральцова Аленай Дзмітрыеўнай Стральцовай і ГА “Саюз беларусіх пісьменнікаў” у 2018 годзе. Уручаецца штогод на міжнародным фестывалі “Вершы на асфальце”. Папярэднія пераможцы: Алег Мінкін (2018), Анхела Эспіноса Руіс (2019). У якасці прэміі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” выдае кнігу лаўрэата. У прэміяльнай “стральцоўскай серыі” пабачылі свет выданні выбранага Алега Мінкіна “Мяне тут не было…”, Анхелы Эспіносы Руіс “Колер крылаў”.

Пасля віншавання лаўрэата Стральцоўскай прэміі распачалася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі “Залаты апостраф” за найлепшую публікацыю ў часопісе “Дзеяслоў”, якую ўручалі галоўны рэдактар выдання Барыс Пятровіч, намеснік галоўнага рэдактара Алесь Пашкевіч і адказны сакратар “Дзеяслова” Анатоль Івашчанка.

Узнагароды размеркаваліся наступным чынам:

gro.jpg
1. “Залаты апостраф” у намінацыі “Паэзія”: Вольга Гронская. заВершанае. Вершы. №98

brava.jpg
2. “Залаты апостраф” у намінацыі “Проза”: Алена Брава. Карыятыда ў маціцовых кліпсах. Апавяданне. №102

janch850.jpg
3. “Залаты апостраф” у намінацыі “Дэбют”: Кацярына Янчэўская. Белае шматкроп’е. Вершы. №101

Пасля ўручэння “Залатых апострафаў” і невялікай фотасесіі новых лаўрэатаў Андрэй Хадановіч прадставіў свежавыдадзены зборнік выбранага Міхася Стральцова з серыі “Паэты планеты” выдавецтва “Зміцер Колас”.

Наступны блок таксама праходзіў пры мадэрацыі Андрэя Хадановіча і прадстаўляў уласна паэтычную творасць найлепшых беларускіх літаратараў і замежных гасцей з Латвіі, Польшчы, Славакіі і Украіны. Перад слухачамі выступілі мінулагоднія лаўрэаты: Вера Бурлак (лаўрэатка Прэміі Цёткі за кнігу “Фантазюркі”), Марыя Мартысевіч (лаўрэатка Прэміі Арсенневай і прэміі “Кніга года” за паэму “Сарматыя”), Галіна Сіўчанка (лаўрэатка Прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ў намінацыі “Паэзія” за зборнік вершаў “Зоў звычаю”).

З замежжа на фестываль завіталі паэты Войцех Бановіч (Польшча), Пётр Міцнер (Польшча), Валтс Эрнстрэйтс (Латвія), Кірылс Эціс (Латвія), Петэр Мілчак (Славакія), Вячаслаў Лявіцкі (Украіна), Алена Сцепаненка (Украіна), Міра Лукша (Беласток).

ernstrej850.jpg
Андрэй Хадановіч і Валтс Эрнштрэйтс, якія пазнаёмілі публіку з ліўскай паэзіяй у арыгінале і перакладзе на беларускую

mart850.jpg
Марыя Мартысевіч вырашыла, што ў апошні раз прачытае ў Менску “Сарматыю” менавіта на Стральцоўскім фэсце

micner850.jpg
Пётр Міцнэр – паэт, прафесар, намеснік галоўнага рэдактара “Новая Польшча”

siuch850.jpg
Галіна Сіўчанка – пераможца Літаратурнай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча

milchak850.jpg
Перакладчыца Святлана Богуш і славацкі паэт Петэр Мілчак

stepa850.jpg
Заўсёды жаданая госця Стральцоўскага фэсту, украінская паэтка Алена Сцепаненка

burlak850.jpg
Чароўная эксцэнтрычная Вера Бурлак

lukha850.jpg
Госця з Беласточчыны Міра Лукша

Levic850.jpg
Украінскі паэт і перакладчык беларускай паэзіі Вячаслаў Лявіцкі

banow850.jpg
Андрэй Хадановіч і Войцех Бановіч (Польшча)

Ecis850.jpg
Кірылс Эціс (Латвія)

Сёлета фестываль праходзіць дзявяты раз. Партнёрамі фэсту выступілі Шведскі саюз пісьменнікаў, Польскі Інстытут у Мінску, Амбасада Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, платформа LATVIAN LITERATURE, Грамадска-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», Інтэрнэт-кнігарня „KNIHI.BY”, Літаратурнае аб’яднанне «Майстэрня. пр. Незалежнасці, 43», Клуб „Грай”.

Паводле lit-bel.org


Апублікавана

у