

Сёння свой прыгожы юбілей адзначае паэтка, сталая аўтарка “Дзеяслова” Наталля Русецкая.
Наталля Русецкая — паэтка, перакладчыца, даследчыца беларускай літаратуры. Нарадзілася 1 лютага 1974 г. ў г. Урэнь (Расія). З 1976 г. жыла ў Мінску, дзе вучылася спачатку ў СШ №132, потым у ліцэі пры Белдзяржуніверсітэце, а пасля на філалагічным факультэце таго ж універсітэта. Цяпер жыве ў Любліне, працуе выкладчыцай у Інстытуце Славянскай Філалогіі Ўніверсітэта Марыі Складоўскай-Кюры. Пераклала на беларускую мову шэраг твораў Ф. У. Радзівіл, С. І. Віткацыя, В. Гамбровіча, В. Шымборскай, К. І. Галчыньскага і інш. Вершы і пераклады друкаваліся ў Беларусі і Польшчы. У 2007 г. апублікавала манаграфію, прысвечаную паэтычнай творчасці Францішкі Уршулі Радзівіл, “Сямейная Муза”. Аўтарка кніг паэзіі «Два бяссонні» і «Каштаны ў кішэнях» (бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”).
Найшчыра віншуем шаноўную Наталлю, зычым духоўнае моцы, Божае ласкі, натхнення на новыя творы!
А для нашых чытачоў прапануем падборку некаторых яе публікацый у “Дзеяслове” — літаратурную анкету, падарожныя нататкі і, вядома ж, вершы: