_____________________ Па чужых узорах. Танка і гекзаметры |
Танка
* * *
Злуюцца, крычаць:
“Дакуль ты іх будзеш сьніць—
Вершы аб волі?”
Злуюцца... А хіба ж я
Снам у сьне загадаю?
* * *
Задыхаюся.
Не хапае паветра —
Бы ў душагубцы.
А стаю на пагорку,
Пад небам, сярод палёў.
* * *
Што гэта ў цемры
Сьвеціцца там, дзе клады?
Ледзь здагадаўся:
Фасфарасцыруючы,
Мова выходзіць з магіл.
* * *
Памяць маленства:
Над чорным полем – імжа.
Сагнуўшыся ў крук,
Грэбае мама ральлю
І кідае ў кош бульбу.
* * *
Усё пасьпела
Адкрасаваць у пару,
Яшчэ за цяплом,
Толькі “бабіна лета”
Ізноў апаліў мароз.
* * *
Сядзіць і плача,
А чаго — не гаворыць.
І страшна спытаць —
Каб не пачуць такое,
Што й сам зальюся сьлязьмі.
* * *
Доўгі летні дзень
Зглуміў на прыіску слоў.
А ўвечары ў двор
Аднекуль прыплыў дымок —
Напомніў, што ёсьць жыцьцё.
* * *
Дожджык уночы
Яблыньцы каля ганку
Штось шэпча. І мне
Ня хочацца ў хату йсьці —
Наўспамінаюся хоць.
* * *
Кветка за кветкай,
Адцьвіў і пажух няўзнак
Мой агародчык.
Сумна. Бо скора, відаць,
Адцьвіце мне і сонца.
Гекзаметры
* * *
Сёньня, о Муза, аддай ты належнае ў песьнях і одах
Сыну Радзімы, калісьці вялікай, магутнай і знанай, —
Сыну, што гэтак бясстрашна і доблесна, і гераічна,
Гледзячы ў вочы, цалуе з прыцмокам руку “дабрадзею”.
* * *
Вось і прысьпела пара выбіраць і плаціць па галоўным,
Самым вялікім рахунку. І чым жа яго ты аплоціш?
Думай жа! Думай сягоньня, калі не дадумаўся ўчора.
Заўтрага можа ня быць. Ну а будзе — дык думай і заўтра.
* * *
Я на тым сьвеце зусім не зьдзіўлюся, як раптам па часе
Знойдуць нашчадкі нятленнымі мошчы мае ў дамавіне.
Гэтым, Заіл, я табе абавязаны буду: штодзённа
Бальзамаваў пры жыцьці ты мяне сваім ядам гадзючым.
* * *
Думаў, Заіл, я імя тваё рыфмай прыпрэгчы да тэксту —
Так, каб сугучча было і па форме і зьместам таксама,
Дый перадумаў. Чаму? Бо ты добрае рыфмы ня варты.
Тою ж, якое ты варты, ня хочацца брудзіць аловак.
2ОО2, студзень-ліпень.
|