12/24/2013 

Архіў нумароў:














































































































Akavita
Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Яўген Рагін

_____________________
Пабачыць Гандурас і памерці

...Гэта хто там так адмыслова падміргвае з цемры безнадзейнасьці і безвыходнасьці? Шматабяцальна і вельмі інтымна. Хто так пасьміхаецца з-за трушчобных вод­бліскаў чырвонага ліхтара? Гэтак шчыра, цёпла і прыязна. Гасьцінна і шчодра развёўшы рукі для шчыльных любоўных абдымкаў. Пускаючы сьлі­ну і ціха павіскваю­чы ад асалоды хуткіх, ледзь не гар­ма­нальных зносінаў… Хто гэта?.. Тутэйшая эканоміка!..
Тая яшчэ пачварына! Пасьміхаецца шырока, ледзь не па-амерыканску (чыз, цётка, чыз!), а зубы, як ні пнецца, чорныя, гнілыя – савецкія. І подых гэткі ж – смуродны і невыносны. Вось яна – зьверху, а мы пад ёй. Вельмі прымусовае сумяшчэньне несумяшчальнага пад агульнае пакрэхтваньне (хто ад асалоды, хто — ад агіды). Дэ Сад перакульваецца ў труне. Адна палёгка: ну не інцэст жа ўрэшце. І калі “кахае” нас ня родная – ніякага крова­зьмяшэньня. Толькі сорам, з якім, даруй Бог, хутка звыкаешся.
Па першым загадзе гэтай істоты мы, зьбянтэжаныя і затлумленыя побытам, будуем на пяску і вырошчваем на камені, вельмі добраахвотна здаем уласныя грошы на ўзьвядзеньне лепшай, як нас запэўніваюць, на абсягах СНД бібліятэкі (хіба стане яна з-за гэтага нацыянальнай?), пасьпяваем дома і на суботніках, завіхаемся бяз стомы зранку да вечару (вучым, лечым, выхоўваем, пішам, малюем… насуперак усяму ня горш, чым у сьвеце), а атрымліваем за гэта ўсё меней і меней.
А нястомная цётка-дабрадзейка, спрытна жанглюючы бізуном ды пернікам, з пагрозьлівай добразычлівасьцю ўглядаецца ў шчыльныя шэрыя шэрагі: “Ну дык хто з вас, дзеткі, супраць?!”
А ніхто, даражэнькая! А ніхто, літасьцівая! Унураныя і маўклівыя, запалоханыя ўшчэнт і зьнямоглыя, гэта мы – твае незаконнанароджаныя пляменьнікі і пляменьніцы, назаўжды звыклыя дзеля мройлівага сёньняшняга забывацца на высакароднае ўчарашняе ды абыходзіцца бяз ня менш мройлівага заўтрашняга і замест беларускага частавацца тутэйшым…
Даруйце, што вы кажаце, даражэнькая? Давайце яшчэ раз і вельмі дакументальна пацьвердзім узаемную любоў?! Авохці Вам, цётачка, ды калі ласка! Хоць сто разоў! А можна хутчэй? А можна проста сёньня? Куды бегчы і дзе расьпісацца?..


l l l

Я хачу пабачыць Гандурас і пераканацца на ўласныя вочы, што там таксама ня ўсё як мае быць. Пад бадзёрыя і вясёлыя гукі тамтэйшага нацыянальнага гімну і радасныя ўсхліпы па-добраму ўзбуджаных хоць і несуайчыньнікаў, але паплечнікаў па жыцьцёвых пакутах і нявырашаных сацыяльна-эканамічных пытаньнях нясьпешна сысьці з карабельнага трапу, удыхнуць прасоленае марское паветра, хутка і задаволена агледзець нязвыклы пальмавы пейзаж, стрымана прыняць іхнія экзатычныя кветкі ад іхніх нястрымных экзатычных дзяўчат, пакаштаваць, хаваючы агіду і кепскія зубы, іхні хлеб з іхняй сольлю і праехацца ўрэшце кавалькадай па зруйнаваных напаўзабытых гістарычных завулках і тупіках.
Спыніцца на хвілю і глыбокадумна перакінуцца словам з тутэйшымі жабракамі-метысамі. Маўляў, ну як, калегі? Нацыянальнае пытаньне ня муляе? Амерыканцы не замінаюць? І яшчэ раз праз сьлёзы замілаваньня пераканацца, што й тут жабракам не па плячы патрабаваць — адно толькі прасіць…
І не забыцца заскочыць у Кангрэс з узаемакарыснай прапановай наладзіць неадкладна бартэрныя стасункі з персьпектывай абмену нашай бульбы на іхнія бананы па маршруце “Пухавічы – Тэгусігальпа”. І атрымаць неаспрэчную і катэгарычную адмову: ды пайшлі вы, бульбашы!
І абавязкова пабываць на іхняй агульнадзяржаўнай селектарнай нара­дзе па пытаньнях бязьлітаснай барацьбы з хранічна адсталымі ў капспаборніцтве па інтэнсіўным квадратна-гнездавым вырошчваньні кававых бабоў. І шчыра паспачуваць ахвярам. І зацята пазайздросьціць пераможцам з прычыны іх пастаяннай і афіцыйна дазволенай катэгарычнасьці і бескампраміснасьці ў зацятым змаганьні з самімі сабой. Паспрабаваць абмяняцца вопытам…
Што яшчэ? Прыцаніцца на мясцовых кірмашах. І ня ўразіцца. Сустрэцца ў вельмі неафіцыйнай абстаноўцы з мясцовым кіраўніцтвам і чынавенствам і пад нашае сала і іхні кактусавы чамяргес зазірнуць у вочы. І не знайсьці розьніцы. Пацікавіцца з веданьнем справы аб стане людажэрства ў слаба разьвітых і мала забясьпечаных рэгіёнах. Закахаць у сябе якую-небудзь метыску, а пасьля жорстка і катэгарычна адмовіць: не-не, даражэнькая, нашыя – лепшыя…
Так! І абавязкова прыдбаць тамтэйшы сувенір – штосьці накшталт высушанага і прасоленага чэрапа якога-небудзь правадыра варожага племені…
Урэшце стаміцца ад усяго гэтага і вярнуцца на радзіму. І памерці гадоў праз пяцьдзесят без мітусьні і глыбокадумна. Шчасьліва і спакойна ад трывалага і на ўласныя вочы пацьверджанага пачуцьця: мы, менавіта вось такія — беларуска-тутэйшыя — у сьвеце не адзіныя!


l l l

Калі б я быў разумны, я, па-першае, дачытаў бы Біблію, па-другое, зрабіў з гэтага карысныя высновы і жыў спакойна і заможна, па-ранейшаму б працаваў у “ЛіМе”, ня стаў бы Івана Іванавіча Іванова называць дурнем, купіў бы з дурнотнага па велічыні ганарару шыкоўны чорны капялюш і важна хадзіў бы ў ім па прасьпекце Скарыны – узад-уперад, узад-уперад; калі б я быў мужным, я б пайшоў на вайну і з яе вярнуўся, і паспрабаваў бы ўрэшце закрыць грудзьмі тую амбразуру, з якой так трапна і бязьлі­тасна б’е той, каго дзеля гэтага так безразважліва і нарадзіла калісьці маці, і, відаць, атрымаў бы ордэн, і не саромеўся б яго, і назваў бы дурнем Іванова Івана Іванавіча, і прыдбаў бы за генеральскую пенсію чорны шыкоўны капялюш, каб сфатаграфавацца ў ім на Рэспубліканскую дошку пашаны; калі б я быў хітрым, я б уладкаваўся на працу ў вінагарэлачны аддзел магазіна “Акіян”, пахнуў бы рыбай і адэкалонам “Консул”, пагаліў бы галаву, запісаўся б у гурток разьбы па дрэве і ўступіў бы ў Таварыства рашучай барацьбы з непрацоўнымі даходамі, і піў бы да ранку толькі з Іванам Іванавічам Івановым, нястомна адганяючы ад яго зялёных мух сваім шыкоўным чорным капелюшом; калі б я быў вар’ятам, дык адразу стаў бы старастам вар’ятні, паслухмяным і вельмі ініцыятыўным, і харчаваўся б своечасова і толькі па рацыёне, і павесіў бы гамак ля вакна з відам на неакрэсьленую вясну, і замест Ванегута з О’Генры чытаў бы толькі Праханава са Скобелевым, і вывучыў бы эсьперанта, і наладзіў бы зацятае ліставаньне з Гвадэлупай, і падараваў бы Іванову Івану Іванавічу (гары ён урэшце гарам!) свой чорны шыкоўны капялюш; калі б толькі я быў…


l l l

Спадары! (Добразычлівыя апладысьменты). Я доўга думаў перад тым, як выйсьці да вас. (Радасная і затоеная цішыня). Я доўга думаў… (Сьцішаныя воплескі, якія неўпрыкмет пераходзяць у зладжаную і ўрачыстую авацыю). А думаць, скажу я вам папросту, без мудраваньняў – гэта вам ня бульбу перабіраць… (Ажыўленьне і сьмех). Вы верыце мне?! (Шчасьлівы віск і грамавы ляскат у далоні). Дык вось, мае несамавітыя (пранізьлівыя воклічы “Брава!”), зараз я змушаны вам давесьці, што мне ўжо нішто не замінае менавіта сёньня (усхваляваная, прачулая цішыня) заявіць у поў­ны голас: “Як вы мне надакучылі! Як я вас ненавіджу!!!”

(Велічна і павольна сыходзіць немаведама куды, зьдзекліва бразнуўшы дзьвярыма).
(Цішыня, якую можна мацаць рукамі. Імгненная ўсеагульная сшэрхласьць. Смутак і жалоба. Там-сям нясьмелы шэпт: “Дык што ж гэта, браточкі?” Хтосьці ўсхліпвае, войкае і падае. Кагосьці кудысьці дзелавіта і мэтанакіравана пацягнулі, стоена і кваліфікавана сьціскаючы рукі і заціс­каючы рот. Пахне экспрапрыяцыяй з пераразьмеркаваньнем. Імгненны енк, гайня і вэрхал. Зацьменьне. Заслона, невыразна перафарбаваная ў колеры нацыянальнага сьцягу невядомай пакуль дзяржавы…).
Дзякуй за ўвагу! У нас гэта заўжды з аншлагам. Сцэнар мы пішам разам. Іграем таксама. Мора задавальненьня. Прыходзьце яшчэ.


l l l

Я – чарнобылец. Яшчэ дакладней – перасяленец. Больш за дзесяць гадоў таму перавёз я з радыяцыйнай Веткі ў больш-менш бясьпечны Менск усё сваё і ўсіх сваіх: сям’ю, думкі, жыцьцёвыя мэты і спадзяваньні, кніжкі, мары, хлусьню і праўду… Прайшло няшмат часу і я з жа­хам дацяміў, што забыўся ледзьве не на самае галоўнае: на круглы, вялікі (на палову сёньняшняй маёй кватэры) дубовы родавы стол, саматужна зладжаны калісьці па бацькавым заказе зухаватым веткаўскім цесьлям-стараверам. Яшчэ колькі гадоў таму за ім зьбіраліся на радзіме ўсе мае сваякі. І было ў гэтым штосьці велічнае і важнае, урачыстае і надзейнае, спакойнае і вясёлае… Як не хапае зараз гэткага грунтоўнага прыстасаваньня для ўзаемнай радасьці ад людскага жыцьця! Ці ж роўня яму хісткія гарадскія кухонныя столікі! Мо таму і сьнедаем, абедаем ды вячэраем мы зараз похапкам, не ў адзін час, зрэдку бачым адзін аднаго, стараючыся кудысьці пасьпець, штосьці там камусьці даказаць, у чымсьці пераканаць, безразважліва марнуючы час на дробязі… Як не хапае гэткага ж стала не толькі маёй сям’і — усім насельнікам Беларусі. І абавязкова круглага. Каб не знайшлося зьнянацку ахвотніка прагна крыкнуць з прэзідыумнага кута: “А давайце я буду адказваць за перамогі, а за паражэньні адкажаце вы!” І абавязкова вялікага, каб памясьціліся ўсе тутэйшыя, так кепска знаёмыя адзін з адным. Каб памясьціліся і падумалі пра адно, і памаўчалі пра адно, і зразумелі ўрэшце штосьці, і расплакаліся з гэтай нагоды разам, і з яе ж расьсьмяяліся… Але толькі разам… Не, сапраўды, трэба заказаць такі стол. Дубовы круглы і вялікі. Я нават ведаю аднаго зацятага, здатнага на гэта старавера з шыкоўнай барадой, які яшчэ не пасьпеў сьпіцца. Не, трэба!.. Яшчэ ня позна.


l l l

І калі пайшла ўжо такая гаворка паміж намі, беларусамі, пра нас, беларусаў, дык вось і такое бывае… Пяцікласьніца, старанна адказваючы на пытаньні дамашняга заданьня па рускай мове, занатавала (сам сшытак бачыў!): “На кого хочу быть похожей? На В. В. Путина”.
Наступствы доўгатэрміновай глыбокадумнай інтэграцыі, дзіцячая дур-свавольства, сапраўды шчырае жаданьне чагосьці дамагчыся ў будучым дарослым жыцьці (і абавязкова ў межах хоць нейкай ды дзяржавы), інфантыльны касмапалітызм, кепская, надта неэфектыўная праца тутэйшых піянерска-камсамольскіх арганізацыяў?
Ды якая ўрэшце розьніца! Галоўнае ў тым, што дзяўчынка гэтая, даруй ёй Божа, катэгарычна адмовілася быць падобнай на самую сябе. На гэтай беларускай зямлі і ў гэты зусім не беларускі час. Пакуль ці ўжо?

l l l

Ты памёр у 91-ым. Даруй, я так і не пасьпеў табе напісаць. Не пасьпеў пагаварыць у ахвотку, распытаць пра ўсё як сьлед, проста разам пася­дзець за чаркай. Камандзіроўкі, разьезды, клопаты, мітусьня. Даруй, усё гэта ўрэшце аказалася нікчэмным і дробязным, а хранічна не пасьпяваць за жыцьцём – стала маёй хваравітай уласьцівасьцю.
Паміраючы ў прапахлай лекамі анкалагічнай палаце, ты хваляваўся за тое, што адбываецца ў сьвеце. Карабах, Чачня, пераможны Ельцын і пераможаны Гарбачоў на крывавых рэштках перабудовы і чарговыя зялёныя парасткі беларуска незалежнасьці… Я ведаю, як ты хваляваўся за мяне. Калі б ты пабачыў, бацька, што адбываецца наўкола зараз! Я, як і ты, хвалююся за сваіх сыноў, якія так і не пасьпелі зразумець, чаму Беларусь, у якой яны нарадзіліся і жывуць, так і ня здолела застацца Беларусьсю. Я не дакараю, бо, сапраўды, цяжка зразумець, чаму мы, прайшоўшы, здаецца, праз усе магчымыя і немагчымыя пакуты, так і не захацелі жыць па-людску.
Натуральна, ты быў меў рацыю: справа не ў грашах, а ў дабрыні. А яна, як і любы штучны тавар, каштуе ох як дорага. Бацька, я стараюся не страціць сябе, стараюся не рабіць зла іншым. Атрымліваецца не заўсёды… Ты мо не паверыш, але я, як і ты, стаў настаўнікам – родная мова з роднай літаратурай. Паміж урокамі і днямі стараюся застацца журналістам. Імкнуся пісаць праўду. І увогуле пасьля сарака я амаль перастаў быць шалапутам. Не, паліць яшчэ ня кінуў, ня вельмі й паразумнеў, аднак захаваў амаль усіх сяброў і нават прыдбаў новых, ня горшых, чым тыя, з маленства.
На маленькім здымку, які я захаваў, ты, тагачасны, маладзейшы за мяне, сёньняшняга. І ў гэтым таксама твая бацькавая перавага. З неўтаймаванай пасмай, хударлявы, ты, узяўшыся ў бокі, адной нагой прыціскаеш да зямлі футбольны мяч і глядзіш ня мяне мяккімі вачыма: “Ну што, сын?” Даруй, я па-ранейшаму не люблю футбол, сваю любоў ты пасьпеў перадаць унукам. Так, зрэшты, і павінна быць. Даруй, што я калісьці не заўсёды разумеў цябе. Гэтаксама зараз ужо ня вельмі разумеюць мяне і мае сыны. Для ўсяго, як аказваецца, патрэбны час, і не заўжды ў гэты час уціскаецца нашае жыцьцё… Даруй…

l l l

Ох як не памыляліся колішнія мудрыя інквізітары: ня толькі вальнадумцаў трэба на вогнішчах зьнішчаць, але й іхнія кніжкі!
Нацыянальная літаратура ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў у межах сёньняшняй, няхай і “ўдасканаленай” рэформамі, школьнай праграмы робіць больш за ўсю нашую разам узятую апазіцыю. Не на пляцах і вуліцах, а ў аўдыторыях і класах. Кожны радок Каліноўскага, Багушэвіча, Ажэшкі, Цёткі, Багдановіча і маладога ненапалоханага пакуль “бэнээраўскага” Купалы гучыць і асэнсоўваецца зараз ня з меншай актуальнасьцю, чым калісьці. Не! Нават больш выразна і доказна! І па-ранейшаму заўжды знаходзіцца хтосьці, каму бракуе мужыцкай праўды, каму вузка, цесна, мала, каму даспадобы вальналюбнае гучаньне дудкі, скрыпкі ды жалейкі, хто насуперак усяму вырашыў застацца на Беларусі беларусам.
l l l

Чым далей, тым горай… Вось яшчэ адна ня вельмі суцяшальная жыцьцёвая выснова: лёсы чалавечыя вырашаюць далёка не лепшыя ў маральных адносінах індывідуумы. Больш таго – горшыя з горшых. Галоўная іх зброя – хамства і недасьведчаная самаўпэўненасьць. Вынік шчыраваньняў – чужая кроў і чужы страх. Лепшыя па ўласным жаданьні заўжды ўбаку ад глабальных палітычных справаў. Калектывізацыя з індустрыялізацыяй, пабудова рынкавага сацыялізму – гэта не для іх. Не па прычыне палахлі­васьці (гінуць усё роўна першыя), а з-за разуменьня абсурднасьці любой таталітарнай сістэмы. Ім у цяжар ісьці па трупах, ім карціць трапляць у прэзідыумы і на фуршэты, дзе бясплатна раздаюць і беспадстаўна ўзнагародж­ваюць… Не, любую адказнасьць усё роўна бяруць на сябе, хоць ні ў чым апрача гэтага не вінаватыя. Так іх калісьці выхавалі. Насуперак рэвалюцыям, савецкай ідэалогіі і маральнаму кодэксу будаўніка камунізму. Лепшыя ўсё адно бяруць адказнасьць на сябе. Хоць і нявыгадна, хоць і небясь­печна – для сябе, сем’яў і сяброў. Бяруць! Цішком, употай, каб, ня дай Бог, не паспачувалі сябры, каб не пашкадавалі жонкі і дзеці: маўляў, ну што ж ты – у агонь, ваду, сьцюжу, на чужыя штыхі; маўляў, няхай тыя, хто камандуе і накіроўвае, тыя, каму па высокай пасадзе бяз гэтага – ніяк. Але ўсё роўна бяруць і моўчкі цягнуць. Ды больш проста няма каму. Іх хутка прыбірае Бог. Інсульты, сардэчная недастатковасьць, нервы… Прозьвішчаў іхніх амаль ніхто не памятае. Апрача хіба сяброў, жонак ды дзяцей. Яны паміраюць незаўважна. Але ў выніку натуральнага чалавечага адбору яны з кожным годам становяцца ўсё дабрэйшымі і дабрэйшымі. І больш рэдкімі. Так, кепскіх заўжды больш. Але калі колькасьць пераважала над якасьцю?! І толькі дзякуючы ім, нешматлікім, яшчэ весела сьвеціць сонейка, і ўсьлед за зімою – абавязкова вясна, і хтосьці яшчэ атрымлівае задавальненьне ад чытаньня вершаў і іх складаньня, і дзесьці яшчэ любяць і кахаюць, а горшыя, як бы ні адмывалі рукі і якія б белыя адзеньні не прымервалі, заўжды будуць выдаваць менавіта на горшых. І няхай будзе так.


l l l

“Вунь крывадушнасьці лязо ляжыць іржавае ў музеі…”
Пра што думаў Віктар Cтрыжак, калі радкі гэтыя пісаў? На жаль, не спытаеш ужо…
Не ляжыць, Віця, не ляжыць пакуль тое лязо пад музейным шклом. Тое лязо, якім хтосьці вельмі знаны “перакройваў” калісьці “ЛіМ”, пасьпешліва і ўпотай выдаляючы апендыксы ўласных выкрывальніцкіх опусаў-вынікаў нястомнай і добра аплочанай барацьбы з ворагамі беларускай дзяржаўнасьці, якая (ці ж навіна!) з гідлівасьцю кепскай мачыхі цуралася ўсяго нацыянальнага. Цураецца і зараз. Але лязо, Віця, заўжды напагатове, іржавець яму яшчэ ня час. І хтосьці вельмі знаны, відаць, ужо зараз з небясьпекай паглядвае на падшыўкі “ЛіМу”, “Полымя”, “Маладосці” часінаў холдынгавага “процветания”. І, натуральна, на старонках тых няўзброеным вокам заўважна, хто кум, хто сват, а хто чужынец… Ох і хутка пойдзе крэмзаць тое лязо, хутка пойдзе танчыць па газетных ды часопісных старонках-палосах!
Беражыце пальцы, хлопцы!