_____________________ Галасы з-за небакраю.
Новыя выданьні на кніжных паліцах "Дзеяслова" |
Пятро Васючэнка. Піраміда Ліннея: Бестыярый / Серыя “Другі фронт мастацтваў”. – Мінск: “Галіяфы”, 2008. – 76 с.: іл. Наклад 200 ас.
Нечаканая кніга-забаўка – і сваім мініяцюрным фарматам, і зьместам. Яна складаецца з некалькіх дзясяткаў чатырохрадковікаў-прысьвячэньняў: мікробам, жуку, вошы, сланам, студэнтам, паэтам… У сантыментах “да братоў нашых меншых” тоіцца іронія і да чытача, і да выдаўца. У пачатку кожнага тэксьціка – экзістэнцыйнае запытаньне “дзеля чаго жывуць на сьвеце” тыя ці іншыя стварэньні. У іх ліку – і паэты: “Дзеля чаго жывуць паэты? / Жывуць… І дзякуй ім за гэта”. А калі яны яшчэ й пішуць вершы – дык тым больш!
Фёдор Гуринович. Год – как жизнь, жизнь – как год: поэма. – Мінск, “Кнігазбор”, 2008. – 256 с. Наклад 250 ас.
Новая кніга беларускага (і найперш беларускамоўнага ды беларускадумнага) паэта па-расійску – біяграфічная паэма, якую яшчэ жанрава можна вызначыць як паэма-вандроўка, паэма-лёс, паэма-каляндар і, згадваючы старадаўнюю “Песьню пра зубра”, паэма-паляваньне. Паэтызацыя вясковага дзяцінства, згадкі пра маладосьць, каханьне, дзяцей, унукаў, сяброў, кранальна-чульлівыя пейзажныя малюнкі. Нараджаўся сьветлы лірычны тэкст (як сьцьвярджае аўтар), “у палях, на лугах, ля паляўнічых вогнішчаў”, а стаў кнігай дзякуючы салігорскаму “Беларуськалію”. Шырокафарматную кнігу прыгожа ілюструюць фотаздымкі Уладзіміра Трухана – прыродныя эцюды, партрэты ўсіх дванаццаці “беларускіх” месяцаў.
Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах / склад. М. Скобла; уступны артыкул Е. Лявонавай, навук. рэд. Л. Баршчэўскі. – Мінск: “Лімарыус”, 2008. – 896 [24]с.: іл. Наклад 1000 ас.
У новай, амаль што энцыклапедычнай, анталогіі паэтычнага перакладу прэзентуюцца звыш 650 сучасных і класічных замежных аўтараў, перакладзеных з 57 моваў сьвету на беларускую. Падобным томам магла б ганарыцца любая нацыянальная культура. І большасьць з іх сёньня маюць поўнае права зайздросьціць беларускаму кніжнаму праекту, які стаў другім бокам залатога медаля беларускага паэтычнага пісьменства: анталогія “Галасы з-за небакраю” – своесаблівы працяг “Красы і Сілы”, вядомай анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя, якая ўжо стала рарытэтным выданьнем.
Укладальнік абодвух фаліянтаў – нястомны руплівец паэт Міхась Скобла.
Дажыць да зялёнай травы...: ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960-2003) / Уклад., прадм. і камент. С.Шапрана. – Львів: ВолЯ, 2008. – 260 с.: іл. Наклад 1000 ас.
Том эпісталярыю двух народных і нацыянальных творцаў – больш, чым том эпісталярыю. Бо гэта і раман пра служэньне беларускай ідэі, і аповесьць пра творчасьць, і сага пра вернае сяброўства, і прыпавесьць пра змаганьне з таталітарызмам, і дзёньнік грамадска-літаратурнага жыцьця, урэшце – паэма ў прозе і вершах пра непераможнасьць праўды і мастакоўскай годнасьці.
Выданьне мае два багатыя дадаткі: збор графічных эскізаў-накідаў Васіля Быкава ды тэматычны фотаальбом.
Сяргей Законнікаў. Дол: вершы і паэмы; прадмовы Васіля Быкава і Барыса Кіта. – Мінск: Галіяфы, 2008. – 496 с. Наклад 500 ас.
Доўгачаканая аўтарам і ягонымі прыхільнікамі кніга, па зьмястоўнасьці і дыхтоўнасьці – том выбранага, чарговы падрахунак зьдзейсьненага паэтам. Вершы, балады, прысьвячэньні, паэмы разьмеркаваныя ў тры ідэйна-тэматычныя разьдзелы і састасаваны ў храналагічнай пасьлядоўнасьці: “Кропля крыві”, “Грунвальдскі вецер” і “Наперакор”. Дапаўняюць том бібліяграфічны дадатак і біяграфічная даведка.
Кніга становіцца дзейсным паэтавым адказам “крытыканам у пагонах” – як агонь перад лёдам, як песьня перад аняменьнем, як гром перад задухай, як споведзь перад даносам:
Колер чырвоны на белым полі...
Ён – абярог беларускае долі!
Запіскі янычара. Хроніка аб турэцкіх справах Канстанціна, сына Міхайла Канстанцінавіча, серба з Астровіцы, які быў узяты туркамі ў янычары. – Выдавецтва Універсітэта ў Беластоку, 2008. – 250 с. Наклад не пазначаны.
Гэта горкі аповед аб горкім лёсе эмігранта і няўдзячнай службе чужынцам (дваццацігадовая турэцкая адысея) і – першая прэзентацыя мемуарнага тэксту XV стагоддзя ў перакладзе на беларускую мову, тэксту, наўпрост зьвязанага з беларускім “вектарам”: Вялікім Княствам, кірылічнасьцю, Сапегамі, стараславянствам. Магчыма, помнік і быў напісаны на тагачаснай старабеларускай , а затым толькі быў перакладзены на польску ды чэшскую. Выяўлена 12 сьпісаў “Запісак...”. І вось – асобная кніга, некаторыя разьдзелы якой і сёньня чытаюцца з цікавасьцю (нават з нечаканымі грамадска-палітычна-часавымі паралелямі-алюзіямі): “Аб адметнасьці паганых...”, “Аб турэцкім правасуддзі”, “Аб дзяржаве вялікага хана і аб рымскіх кесарах”, “Як султан Мухамед здабывў Бялград”, “Аб размнажэньні туркаў” ды інш.
Перастварыла “Запіскі янычара” па-беларуску паэтэса і літаратуразнаўца Галіна Тварановіч (ёй жа ў кнізе напісана грунтоўная прадмова-дасьледаваньне – фундаментальны тэксталагічны аналіз і гарманічны ўвод “Запісак...” у кантэкст старабеларускай літаратуры).
Валерый Казакоў. Цень гобліна: раман, апавяданні, запісы. – Мінск: “Кнігазбор”, 2008. – 452 с. Наклад 1000 ас.
Валерый Казакоў напісаў і выдаў каля дзясятка кніг паэзіі, прозы і публіцыстыкі, але ягонае імя беларускаму чытачу амаль невядомае. Ураджэнец Магілёўшчыны жыве, працуе, піша і выдаецца ў Маскве. “Цень гобліна” – першая кніга Валерыя Казакова на роднай мове. Гэтая кніга, па-эзопаўску аформленая мастаком Уладзімірам Вішнеўскім, апавядае пра пераломныя падзеі найноўшай гісторыі, сьведкам і ўдзельнікам якіх аўтар быў сам. Раман, які даў назву кнізе, успрымаецца як метафарычны дэтэктыў-сьведчаньне пра сучасныя перыпетыі расійскай палітыкі: прэзідэнцкае акружэньне, змаганьне за ўладу, круцельства службоўцаў. І ўсё – ня без узьнёслай іроніі, якая, як падаецца, становіцца запарукай таго, што скрозь імперска-таталітарны цень “загляне сонца і ў наша ваконца”...
Арцём Кавалеўскі. Аддаленасць і Адданасць: паэзія і лірычная проза / Серыя “Другі фронт мастацтваў”. – Мінск: “Галіяфы”, 2008. – 132 с. Наклад 500 ас.
Кніга апантанага творчасьцю заўзятара – апантаная ад анатацыі да “Постграфу”. Слоўныя пачуцьці ды эмоцыі насычаюць усе тэксты А. Кавалеўскага, бягуць – як мяккі алкаголь – па венах-радках, разгадваюць самімі ж створаныя парадоксы чалавечай існасьці паміж “Аддаленасьцю” і “Адданасьцю”. І пакідаюць уражаньне, што аўтар піша – нібыта выразае-выштукоўвае на лёдзе: лёд растане, а напісанае запомніцца.
Уладзімір Несцяровіч. Сто дарог: вершы/Серыя ХХІ стагоддзе: паэтычныя далягляды. – Мінск: “Галіяфы”, 2008. – 112 с.: іл. Наклад 300 ас.
Па шчырай задуме выдаўцоў аўтар гэтае кнігі – мастак і фатограф – становіцца паэтам. Як праз лінзы фотаапарату, праз рыфмы ды вобразы ён апявае родныя пейзажы, падзеі ды людзей. Кнігу дапаўняюць кароткія паэмы, балады ды вершаваная казка. А да ўсяго – і альбомныя вершы з прысьвячэньнямі: і Дзеду марозу, і дэпутату палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу… Верш “Тут грэх паэтам не радзіцца” – як аўтарава крэда: “Гудзяць камбайны за сялом, / Дзе умалотная пшаніца. / Я пакланюся ёй чалом – / Тут грэх паэтам не радзіцца”…
Манс. Кшыштаф Ніткевіч. На шляхах Божай Міласэрнасьці. Бласлаўлёны Міхал Сапоцька – духоўнік сьвятой Фаўстыны / Серыя “Мартырыя 3”. – Полацк: Грэка-каталіцкі прыход сьвятога мучаніка Іасафата ў г. Полацку, 2008. – 46 с.: іл. Наклад 200 ас.
Духоўна-асьветніцкае выданьне стала ўзьнёслым жыцьцяпісам народжанага на Ашмяншчыне сьвятара, нястомнага апостала Божай Міласэрнасьці, далучанага да ліку Блаславёных Каталіцкай Царквы. Маладосьць, парафія, войска, вайна, служэньне – асноўныя лёсавыя прыступкі айца Міхала, а за імі і над імі – служэньне Божым словам. І кніга пра яго таксама служыць беларускаму Божаму слову – гэта годны пераклад з італьянскай а. Андрэя Крата.
Леапольд Родзевіч. Творы: драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты / Уклад., прадм., камент. В.Яцухны. – Мінск: “Мастацкая літаратура”, 2008. – 343 с. Наклад 2000 ас.
У гісторыі беларускай літаратуры імя аўтара гэтае кнігі доўгі час асацыявалася з жартаўлівай п’есай “Зьбянтэжаны Саўка”. Перад намі – сучасна і хрэстаматыйна выдадзены том выбранага, які зьмясьціў багатую драматургію Л.Родзевіча, ягоную прозу, паэзію, публіцыстыку, а таксама лісты пісьменьніка да Уладзімера Жылкі. Усе тэксты кнігі сьведчаць пра аўтара як стыльнага творцу, актыўнага культурнага рупліўца і палымянага нацыянальнага адраджэнца. Л.Родзевіч, рэпрэсаваны з сотнямі іншых літаратурных калегаў, быў рэабілітаваны ў 1956 годзе. Яго “Творы” – поўная грамадская і літаратуразнаўчая рэабілітацыя ў ХХІ стагоддзі.
Юры Туронак. Людзі СБМ. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. – (Смаленск), 2008. – 464 с.: іл. Наклад 500 ас.
Дакументальнае дасьледаваньне-“двухкніжжа” пра невядомую і сёньня забароненую Беларусь, Беларусь паміж молатам сталіншчыны ды накавальняй гітлераўшчыны, створанае рупліўцам-аўтарам на падставе мноства фактаў, архіваў, публікацыяў ды сьведчаньняў саміх герояў-ахвяраў тых падзеяў. Жыцьцяпісы чальцоў Саюзу беларускай моладзі могуць стаць падмуркам асобных аповесьцяў ды раманаў. Як, зрэшты, і ўся праца беларуса Польшчы доктара навук Юры Туронка.
Тэрмапілы. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс. 2008, №12. – Беларускае літаратурнае аб’яднаньне “Белавежа”, Беласток. – 352 с. Наклад не пазначаны.
З нагоды 50-гадовага юбілею літаратурнага аб’яднаньня “Белавежа” “Тэрмапілы” выйшлі ў найбольшым за ўсю сваю гісторыю аб’ёме, што дазволіла апублікаваць “Белавежскую” анталогію “Прывіды роднага”. Сярод арыгінальных публікацыяў – невядомая пакуль Беларусі Юстына Каролька (вершы) ды блізкія да дзёньнікавых запісаў тэксты Радзіма Гарэцкага “Жыцьцёвы меланж навукоўца”. Арфейна ўспрымаюцца “Маленькія паэмы ў прозе” Шарля Бадлера, перакладзеныя Кастусём Карпекіным. У “Спадчыне” – забытыя старонкі (і тэксты) Зьмітрака Бядулі. З аб’ёмнага і прадстаўнічага “Літаратуразнаўства” вылучаюцца тэксты Уладзіміра Конана, Людмілы Сіньковай, Міколы Мішчанчука, Алы Петрушкевіч, Анатоля Раманчука, Сяргея Чыгрына, Андрэя Савінкава, Міколы Мікуліча ды Зоі Мельнікавай.
Ян Чыквін. Жменя пяску. Бібліятэка Беларускага ліатаратурнага аб’яднаньня “Белавежа”. Кн. шэсьцьдзясят першая. – Беласток, 2008. – 52 с. Наклад не пазначаны.
Узьнёсла-одумна-філасофска-інтэлектуальная паэзія кнігі мае багатую каларыстыку восені, інтанацыю перадкаляднага студзеня, а пачуцьцёвасьць натруджанага жніўня. Многія вершы ўжо знаёмыя беларускаму чытачу (асобная нізка друкавалася ў “Дзеяслове”), многія – як роднае рэха даходзяць праз лясы Белавежы ў беларускую метраполію:
віхраць нясветныя віхуры
і зграй арнадаў хвалі муціць
са сноў распорхнутых імкнуцца
сістэмы новай Беларусі...
Ну а лірычная жменя пяску – гэта тое, што не дазваляе заснуць, тое, што перад небам уяўляюць людзі: «жанчынам у храме здалося – Хрыстос // Як жменю пяску, іх трымае ў далоні».
Иван Штейнер. Кому без человека нужно слово: перспективы литературы в ІІІ тысячелетии. – Минск: «Книгосбор», 2008. – 60 с. Наклад 300 ас.
Ці выжыве класічная творчасьць у эпоху абездухоўліваньня грамадства? Ці ёсьць персьпектыва ў еўрапейскіх літаратураў у сьвеце глабалізацыі і кампутарных тэхналогіяў? Ці застанецца слова Словам, якім яно было напачатку тварэньня нашага сьвету? Ці не здэвальвуецца яно пад наступам бульварнага спажываньня, ці ня зьменіцца ў супрацьстаяньні з масавымі забаўкамі ды танным чытвом? На ўсё гэта шукае адказы ў сваім літаратуразнаўчым эсэ прафесар І. Штэйнер. Ці, правільней, пакідае новыя пытаньні, бо адказваць – урэшце – мусіць чытач.
Трыяда славянскай паэзіі: Вершы / Пераклад В.В.Стралка. – Кіеў: Выдавецтва “Кніга”, 2008. – 246 с.: іл. Наклад 5 000 ас.
У кнігу беларускага перакладчыка Валерыя Стралка ўвайшлі класічныя вершы ўкраінцаў Тараса Шаўчэнкі, Івана Франка і Лэсі Украінкі, беларусаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, а таксама расейцаў Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава і Аляксандра Блока. Побач з арыгіналамі падаюцца пераклады на дзьве суседнія мовы. Перакладаць з іх – няпростая справа, а тым больш – вершы класікаў. Прышчэпліваць класічныя кветкі на галіны ўласнага саду незвычайна складана, клопатна і рызыкоўна. У “Трыядах” жа яны не спаборнічаюць у колерах, пахах, гуках, памерах, а ўзаемадапаўняюцца ды ўзбагачаюцца. І таму падчас прачытаньня нараджаецца запозьненая ўдзячнасьць ня толькі перакладчыку, але і разбуральніку Вавілонскай вежы, пасьля чаго сьвет загаварыў на розных мовах...
|