_____________________ «Выбраныя творы».
Размова пра кнігу
Рыгора Барадуліна |
Творчы набытак Рыгора Барадуліна настолькі значны й шматпланавы, што некаторыя з тых, да каго мы зьвярталіся па водгук на кнігу выбранага (перадусім людзі старэйшага веку), лякаліся: маўляў, не агораю, хто я такі (-ая), каб аналізаваць класіка, пра якога, быццам бы, і так ужо ўсё сказана. Як вынік – мы амаль ня маем актуальных дасьледаваньняў паэтыкі Барадуліна, ня кажучы ўжо пра персаналізаваныя манаграфіі па яго творчасьці…
З іншага боку, некаторыя (маладзейшыя), каму прапаноўвалася паўдзельнічаць у гэтым “Бліц-крыце”, выказвалі думку, што сёньняшняя творчасьць Барадуліна “не дацягвае” да сучаснай паэзіі, што ўсё значнае было сказана ў шасьцідзясятыя. Маўляў, “ну колькі можна зьдзіўляць”, і з гэтае прычыны – “не жадаючы пакрыўдзіць дзядзьку Рыгора” – адмаўляліся…
Пакідаючы пакуль тэзу пра тое, што “не дацягвае”, зьвернемся да “колькі можна зьдзіўляць”. Бо напраўдзе гэта, даруйце за таўталогію, зьдзіўляе. Ня маючы жаданьня даводзіць глухому хараство музыкі, выкажам меркаваньне, што тыя, хто лічыць, нібыта паэзія Барадуліна на сёньня неактуальная, не чыталі хаця б публікацыяў у “Дзеяслове” цягам апошніх гадоў. Зірніце – і пабачыце: кожнае слова-рух там, гэтак жа, як і раней, поўнае сілы, энергетыкі, унутранае выбуховасьці.
Магчыма, варта казаць пра тое, што цяперашняя паэтыка Р.Барадуліна стала больш празрыстай, у ёй паменела вышуканых рыфмаў, алітэрацыяў параўнальна з бурапеннымі шасьцідзясятымі, то бок форма не ідзе паперадзе зьместу... Але, падаецца, праз тое паэзія толькі набывае. Цяперашняя творчасьць паэта – свайго роду суцэльны мінус-прыём. Яна трансфармуе колькасна-жанравыя паказьнікі, дасягаючы гранічнага лексічнага аскетызму, мінімізацыі колькасьці знакаў поруч з максімумам зьместу (так, “Паэма” Р. Барадуліна найноўшага ўзору складаецца з пяці словаў), выяўляе тое, што японцы называюць саторы (літаральна – “прасьвятленьня”), дасягненьня медытатыўнага “стану адной думкі”.
Можна пагадзіцца з адным нашым эксьпертам наконт аднабаковасьці, арыентаванасьці на праграмнасьць, кнігазбораўскага тому, што палягае, мабыць, ад успрыманьня Барадуліна ў пэўным, “фірмовым”, ракурсе – напрыклад, як “кшчонага паганца”, г. зн. з улікам сінтэзу толькі гэтых традыцыяў (язычніцкай і хрысьціянскай). Насамрэч жа ў сьветапоглядным плане эстэтычная сістэма Барадуліна значна шырэйшая: яна па-за й адначасна па-над канфесіямі, вучэньнямі і да т.п. Шукаючы спасьціжэньне вышэйшай веды, яна мае звышмэтай выяўленьне быційнага Хараства, і таму рухаецца па ўласных рэйках – як сама-сабе-рэлігія. Рэлігія беларускага паэтычнага слова:
Як матылёк свой кокан цёмны,
Душа мая
Пакіне цела.
І сонечныя верацёны
Спрадуць сарочку,
Каб зіхцела!
Бо й нарадзілася, магчыма,
Душа ў сарочцы,
Раз пасьпела
Зжыць недаверлівае цела
І неба падтрымаць вачыма.
Зямное ўсё
Душы чужое.
Эклезіяст сьпяшаў зазначыць:
Усё вачыма лепей бачыць,
Чым цёмначы блукаць душою.
У руху ў несупынным коле
Душа адчуе
Подых Ойчы,
Зямлю наведае аднойчы,
Ды мной
Ня будзе ўжо ніколі...
Генадзь Бураўкін, паэт: Барадулін перш за ўсё і больш за ўсё паэт
На маёй “барадулінскай ” кніжнай паліцы ў гэтага выданьня асаблівае месца . Не таму , што яно самае шыкоўнае (былі ня горшыя ), самае прэстыжнае (былі ня менш паважаныя ), а таму , што ў ім пад адной вокладкай разам сышліся шырока вядомыя , “класічныя ” вершы ды паэмы Рыгора і ягоная яркая , самабытная эсэістычная проза — і гэта дае выключна “асязальнае ” адчуваньне ягонага магутнага таленту .
I ў аўтабіяграфічных згадках , і ў нататках з далёкіх замежных вандровак , і ў партрэтах любімых сяброў і настаўнікаў Барадулін , вядома ж , перш за ўсё і больш за ўсё паэт — сваім бачаньнем сьвету і людзей , сваімі рэзка заяўленымі сімпатыямі і антыпатыямі , манерай аповеду , абавязковымі (невычэрпнымі ) ўшацкімі досьціпамі і слоўкамі . Усюды , ва ўсім , заўсёды — непаўторны , поўны нечаканасьцяў і адкрыцьцяў ...
Пры гэтым , як мне здаецца , абедзьве “часткі ” тома выбранага дапаўняюць і “падсьвятляюць ” адна адну : за вершамі паўстае жыцьцёвая канкрэтыка , зафіксаваная ў эсэ , а за прозай расхінаюцца эмацыйныя далягляды паэтычных азарэньняў . І з абодвух — у пэўнай меры дакументальна — вымалёўваецца выбітная асоба лепшага беларускага паэта пакаленьня “шасьцідзясятнікаў ”.
Ужо за адно гэта “Белкнігазбор ” і ўсе , хто рыхтаваў і выдаў “Выбраныя тво ры ” Рыгора Барадуліна , заслугоўваюць шчырую нашую ўдзячнасьць .
Не магу не адзначыць і ўступнае слова Міхася Скоблы , захопленае , паэтычнае , разумнае і таленавітае , так бы мовіць , на ўзроўні ўсёй кнігі . Такое , на мой погляд , здараецца ня часта — калі прадмова дапамагае ўвайсьці ў таямнічы сьвет творцы і даверліва вядзе цябе да сьветлых вышыняў боскага натхненьня нацыянальнага генія ...
Шкадую аб адным : наклад выдатнай кнігі ўсяго паўтары тысячы асобнікаў , а , па маім глыбокім перакананьні , яна абавязкова павінна быць у кожнай бібліятэцы . Праўда , гэта было б само сабою зразумелым пры ўмове , што нашая родная краіна , нашае сучаснае грамадства сапраўды цывілізаваныя і культурныя . Калі ж чыноўнікі запаўняюць бібліятэкі рускамоўнымі дэтэктывамі ды “дамскімі раманамі ”, дык месца ў іх бюджэтах і на паліцах для Барадуліна не застаецца . Як і для Купалы , Коласа , Гаруна , Быкава … Сумна гэта , вельмі сумна …
Рыгор Сітніца, мастак, паэт:Ані начытацца, ані перанасыціцца ім немагчыма
Болей як трыццаць гадоў чытаю Барадуліна . Смакуючы , расьцягваючы насалоду , учытваюся ў ягоныя словы ; удыхаючы паветра ягоных вышыняў , спрабую заглыбіцца ў глыбіні ягоныя і разумею , што ніколі да дна не дастану ; намагаючыся асягнуць бязьмежжа ягонае , ведаю – асягнуць яго немагчыма , бо на тое яно й бязьмежжа .
Начытаны , насычаны Барадуліным , разумею , што ані начытацца , ані перанасыціцца ім немагчыма ; хіба на нейкі момант можна спатоліць душу сасьмяглую , але ж не надоўга . А таму , гартаючы новую кнігу Паэта , выдадзеную рупнасьцю “Беларускага кнігазбора ”, зноў пераконваюся , што Барадуліна не бывае шмат , бо быць ня можа . Ён заўсёды своечасовы , заўсёды дарэчны , заўсёды неабходны . Асабліва цяпер , калі ўсялякія маральныя нормы сталіся ледзьве не рудыментамі , а цынічны сьцёб , які не спыняецца нават перад Сьвятынямі , прымітыў і звычайная неадукаванасьць , смакаваньне брыдотаў і , урэшце , амаль абавязковы расейскі мат – праявамі найсучаснага выкшталцонага стылю .
І тады ад не абы -якога розуму ды зайздроснага таленту часам адзін крок да эстэтычнай глухаты і звычайнага глупства , на жаль , далёка не бяскрыўднага . Бо цяжка застацца абыякавым , прачытаўшы па -беларуску , што “...беларускія паэты пахнуць потам ”, што “...беларускія пісьменьнікі пішуць не па -людску ” і што ўвогуле ўвесь “Белліт ” – графаманія ў паралімпійскім вазочку . А з гэтага вынікае , што Танк , Куляшоў , Панчанка , Брыль , Мележ (ды , напэўна , і Быкаў з Караткевічам ) – літаратурныя інваліды , вартыя жалю і шкадобы , а ў нашым выпадку – зьдзеку .
А далей – болей . І вось ужо , натхнёная новымі аўтарытэтамі , размаітая напаўпісьменная графамань , не абцяжарваючыся аніякімі этычнымі забабонамі , абвяшчае сябе і толькі сябе любімую сапраўднай літаратурай . А з гэтага маем : “Мне блізкая думка Альгерда , калі ён піша : “...той мужык , які гучна й груба ўсклікнуў калісьці : “А хто там ідзе ?”, насамрэч быў сьляпы , што да літаратуры , а другі мужык з абавязковым батанічным псеўданімам , ня ўмеў пісаць прозы ...”
Прыехалі . Злазьма . І вось ужо ловішся на гэтае лайно і пачынаеш у бяссоньні ўяўна палемізаваць , маўляў , ня бачна сярод тых “разумнікаў ” постаці , роўнай “інвалідам ”, бо не прачытаў у крутых і прасунутых тэкста , роўнага паэме “Хамуціус ”, ці раману “Людзі на балоце ”, альбо вершу “Першы сьнег ”, напісанаму шаснаццацігадовым Барадуліным . А ў гэтай віртуальнай дыскусіі ловіш сябе на простай думцы , што табе ўжо даўно карціць трэснуць сяму -таму з хлопусаў па пысе , і тое , відаць , было б найлепшым у такога кшталту палеміках .
Але своечасова прыгадваеш , што , дзякуй Богу , ёсьць Барадулін – эталонная мера вагі , глыбіні , вышыні , энергаёмкасьці беларускай паэзіі . І зьмераны гэтым эталонам , кожны круты пацан нашай літаратуры , хай сабе ў тым і не прызнаецца , але адчуе сваё належнае месца пад лаўкай , калі ён яшчэ здатны штосьці адчуваць , апроч уласнае гадоўлі засьцянковай геніяльнасьці .
І адступае да іншага разу простая думка разам з правакацыйным жаданьнем ; і ўжо ня тое што даводзіць нешта , але й думаць нават лянотна пра ўсё тое сьмецьце . Пагатоў калі змалку цябе прывучалі да чысьціні , тым болей што й шукаць яе ня трэба , дастаткова толькі разгарнуць наўздагад кніжку , у якой чысьціня на кожнай старонцы :
На нічыйных гарадскіх дварах,
Нібы сны ў разбураным Сезаме,
Па сваіх былых гаспадарах
Вішні плачуць
Белымі сьлязамі...
Дык хто там едзе ў інвалідскім вазочку , і куды ён коціцца ?
А пакуль літаратурныя шкаляры -падлеткі , разам з пераросткамі і звычайнай шпаною вызначаюць найноўшыя і адзінаправільныя кірункі літпрацэсу , маючы на ўвазе слушнымі толькі тыя , якімі прастуюць самі , Барадулін годна ідзе шляхам , які падказаў яму Бог . І на гэтым шляху ён сам – накірунак , ён сам – працэс , ён сам – Літаратура .
І калі б нават ніякага іншага літпрацэсу навокал не адбывалася , Барадуліна было б дастаткова , каб сьцьвердзіць наяўнасьць паўнавартаснага літаратурнага жыцьця нацыі .
Але ж , дзякуй Богу , на гэтым шляху Барадулін не самотны . Як не бядотная нацыя , якой Неба паслала Такога ! Паэта !
Паздароў Яго , Божа .
Тацяна Сушчэўская, выкладчыца беларускай мовы: Варты намінаваньня на Нобелеўскую...
Мы жывем у часе спажываньня і ў грамадстве спажывальнікаў . Ня толькі ў матэрыяльным сэнсе , але і ў сферы культурнай . Прыгадваюцца расповеды бацькоў пра даўжэзныя чэргі па кнігі , пра тое , як за рарытэтную грамкружэлку аддаваўся месячны заробак . Некаторыя літаратурныя тэксты напраўду былі бескаштоўнымі , мусілі прачытвацца за ноч і перадаваліся ў далейшыя рукі на гэты тэрмін . З прышэсьцем эры Інтэрнэту каштоўнасьць мастацтва ў глабальным сэнсе дэвальвавалася . Шэдэўры жывапісу , галерэі сусьветных музеяў , уся літаратурная класіка пераведзены ў электронны фармат (а тэксты сучасныя ў гэтым фармаце ствараюцца адпачатку ) і сталіся лёгка дасяжнымі для мільёнаў – досыць некалькіх клікаў мышкай . Зьбіральніцтва і калекцыянаваньне згубіла свой сакральны сэнс , бо любы музычны твор , што калі -небудзь выдаваўся на кружэлцы , загнаны ў mp3 і растыражаваны ў Сеціве . Слухай (чытай , глядзі ) – не хачу ...
Я яшчэ крыху зачапіла гэтага часу калекцыянаваньня , калі пад гітару , у сяброўскім коле , песьні некаторых культавых гуртоў выконваліся ў строгай пасьлядоўнасьці з альбомнай – ад першай да апошняй , калі ўсё , што пісалася на касеце ці дыску трапятліва вывучалася , а то і завучвалася на памяць ледзь не да выходных дадзеных ... У гэтай альбомнай пасьлядоўнасьці бачылася нейкая недатыкальнасьць , кананічная канцэптуальнасьць , што разбуралася ўсялякімі зборкамі “the best’аў ”. У наш лянотны час , калі кожны сам складае свой “зэ бэст ”, а ўся дыскарня й бібліятэка зьмяшчаецца на малюсенькай флэшцы , час зьбіральніцтва й калекцыяваньня з яго стосамі кнігаў , самадрукаў і россыпамі кружэлак уяўляецца мне рамантычным і беззваротна страчаным .
Якое дачыненьне ўсё гэта мае да кнігі выбраных твораў Рыгора Барадуліна , што выйшла сёлета ў “Кнігазборы ”? Як мне падаецца , самае непасрэднае . І гаворка ня столькі пра дэвальвацыю слова паэта ў наш прагматычны кібер -панкаўскі век , колькі пра тое , што добрая паэзія ў любы час таксама зьяўляецца аб ’ектам зьбіральніцтва . Кожны новы зборнік чытанага паэта быў падзеяй (няхай і ў вузкіх колах , але ...). Некалькі год таму адна знаёмая , эмігруючы , перадала мне “на захаваньне ” ўсе беларускія кнігі , што цягам жыцьця – дзесьці да сярэдзіны 1970-х – зьбіраў яе муж -нябожчык , рускамоўны філолаг . Перадала , сама добра ня ведаючы , што гэта за кнігі . Бо шкода выкідаць – кнігі ўсё ж . Дык вось , там у асноўным была паэзія 1960-х – 70-х гадоў : Танк , Гілевіч , Вярцінскі , Разанаў , Барадулін ... Для мяне , знаёмай з паэтычнай класікай савецкіх часоў найперш па школьных хрэстаматыях і анталогіях , сталі сапраўдным адкрыцьцём гэтыя , прайшоўшыя праз час і лецішчаўскае гарышча томікі з ахайна падкрэсьленымі алоўкам радкамі . Колькі дзёрзкасьці , сьвежасьці ды энергетыкі амаль у кожным творы ! Якая там савецкасьць ці саўковасьць ...
І вось , пазнаёміўшыся з кнігазбораўскім “the best’aм ” Р . Барадуліна , гэтае энергетычнасьці не адчула . Усьведамляючы , наколькі няўдзячная праца ўкладальніка (заўсёды знойдзецца хтосьці , накшталт мяне , хто ведае “лепш ”), маю колькі словаў крытыкі да яго . Па сутнасьці , творчасьць паэта -“шасьцідзясятніка ” прадстаўленая ўсяго некалькімі дзясяткамі хрэстаматыйных вершаў гэтае пары . Вядома , кніга – рэч не гумовая , але склалася ўражаньне ў пэўнай аднабаковасьці адбору тэкстаў . Так , яўная перавага аддаецца творам грамадзянскай і духоўнай лірыкі . А дзе барадулінскія сатыра , гумар , дзе “Здубавецьце ”? Ну , няўжо ж пашкадаваў укладальнік месца на верш “Сямейны партрэт ”, што колісь друкаваўся ў “Дзеяслове ”? Цытую цалкам : “Калі мы разам // у нас маразм ”. Альбо як можна было ня даць штосьці з кнігі “Дуліны ад Барадуліна ”? Ці тое не адпавядае нейкаму школьна -хрэстаматыйнаму канону ?..
І пераклады таксама паказваюць паэта амаль выключна ў сілаба -танічным ключы . А як жа пераклады ўсходняй паэзіі , да якой Барадулін вынайшаў свой -выключны падыход ? Нямашака ! Падаецца , у кнізе выбранага творчасьць паэта мусіць быць рэпрэзентаваная рознапланава, а не падведзеная пад нейкі стандарт (прадыктаваны ўласным густам укладальніка ?). Нават візуальна , паводле страфічнай пабудовы , тэксты тых савецкіх зборнікаў выглядалі авангардней . Па эксьперыментатарстве Р . Барадулін таго часу , здаецца , пераплёўвае свайго сябра -калегу А . Вазьнясенскага . Вось радкі з майго ўлюбёнага верша 1960-х “Гітара ” (ці варта казаць , ня ўключанага ў разгляданую кнігу ):
Эстрадная рэспубліка
Усіх бярэ ў палон.
Для сексуальнай публікі
Рыдае саксафон.
А няўжо гітара –
Музычная тара,
І гі-
тару – вон?..
Няхай гэтыя мае закіды будуць успрынятыя як барацьба лепшага з добрым . Бо кнігазбораўскі том Барадуліна (каб хтосьці ўзяўся якасна перастварыць на ангельскую ня толькі духоўныя тэксты ) далібог варты намінаваньня на Нобелеўскую ...
І яшчэ рэпліка адносна найменьня Міхасём Скоблам Рыгора Барадуліна “культурным брэндам Беларусі ” ў прадмове да кнігі . Я б рызыкнула прапанаваць ня менш пафаснае , але больш песімістычнае (г . зн . – больш набліжанае да рэальнасьці ) вызначэньне : Рыгор Барадулін – апошні Народны Паэт Беларусі (разам з Нілам Гілевічам , вядома ). Наўрад ці хтосьці яшчэ ў агляднай персьпектыве будзе варты гэтага высокага званьня . Маю на доказ таго такі сумнеўны метад , як апытаньне студэнтаў адной тэхнічнай ВНУ . На лекцыі , прысьвечанай найноўшаму літаратурнаму працэсу , прапаную аўдыторыі запісаць прозьвішчы сучасных беларускіх паэтаў (свайго роду топ -10, свой суб ’ектыўны хіт -парад ), наўмысна не ўключаючы сюды Народных . Вось ужо колькі год , пасьля кожнага называнага прозьвішча пытаюся , ці ведаюць яго студэнты . Статыстыка несуцяшальная : сярод тысячаў “апытаных ” ніхто й ніколі не пацьвярджаў ніводнага прозьвішча з прапанаванага сьпісу . Тады запытваюся : “Ну хоць аднаго сучаснага паэта хто -небудзь назаве ?” – і хор галасоў адказвае : “Рыгор Барадулін !”.
|