Ноч
Сонца заплюшчыць вочы,
Хмара сьлязу пралье.
Як я чакаю ночы –
Цемры мне нестае.
Поўня ў вакно загляне,
Кактус адкіне цень.
Зьнікне, нібы ў тумане,
Марна пражыты дзень.
Варта толькі ўглядзецца,
І ты не пазнаеш сябе…
Дзе ж нашым душам дзецца,
Што вольныя толькі ў сьне?..
Зорачка, сто і краты
Ты з надзеяй па кнопках лупіш,
Цісьнеш: зорачка, сто і краты.
А дысплей паказвае кукіш,
У адказ так і просяцца маты.
Да высновы жорсткай прыходзіш:
SMSак пісаць трэба меней.
Ды балансу ўпарта даводзіш,
што бяз грошай ня можа жыць геній!
Патаемны падкажа голас,
Як разьбіць тэлефон аб калена,
Альбо кінуць наўпрост у космас
Ці ў рэчку мазырскую Сену.
Але каб пазьбегнуць дэпрэсіі,
Ты адважна шыбуеш да касы.
Там паломнікі розных канфесій
Пратапталі ў падлозе трасу…
Зноў з надзеяй па кнопках лупіш,
Цісьнеш: зорачка, сто і краты.
А з дысплея – той самы кукіш,
Ты плюеш і паўзеш да хаты.
Мой Барадулін
Барадулін ляжыць на паліцы,
Усьміхаецца мне скрозь сон –
Беларускай мовы капліца,
Вершапесенны пантэон.
Рыфмы звонкія, як сініцы,
Між радкамі сьпяваюць шчыра.
З Барадуліным мне ня сьпіцца –
Адлятае душа у вырай…
Вышываныя сэрцам словы
Карагодзяць у галаве…
Вынікае адна выснова:
Барадулін заўжды жыве!