Сьнег
Лёгкі сьнег – мітусьлівая зграя…
Я ж цікую — з якой ён ракі:
Можа з Сьвіслачы, можа з Дунаю –
Ад мясьцін, ад вышынь якіх?
Можа колькі ўжо дзён у дарозе,
Можа з Сожу узьняўся ледзь-ледзь?
Ні па смаку ж яго не адрозьніць
І па колеру не зразумець.
Сьнег звычайны – такі, як і ўчора.
Белым пухам сьняжынкі лятуць…
Мне ж здаецца, што ён з Рагачова,
Дзе з Дняпром заплятаецца Друць…
Шчасьце
Хораша да болю,
Горача да сьмеху,
Ад масьніц да столі
Разьлілося рэхам
Сто разоў да стомы:
“Ка-
каха-
кахаю!..”
У вокнах сноп саломы –
Сонца дагарае.
Залатою хваляй,
Вочы, сэрца засьціць…
“Ка-
каха-
кахаю!..”
Вось такое шчасьце.
* * *
Я адчуваю твой дзівосны пах,
салодка-горкі,
Як вецер, што застаўся ў крылах
пад кожным пёркам.
Ледзь дакрануся вуснамі павек
дрыготкай дужкі –
І быццам бы,
здаецца мне,
цалую птушку…
Ля помніка
Адвучылі дарогі ад дому,
Адвучылі аблокі ад сіні…
Вымаўляю імя знаёмае:
Як вымольваю – Еўфрасіньня.
У паглядзе – ані хмурыны,
Толькі сэрцы тугой апалена…
Паглядзіце, —
яна ж не жанчына,
Гэта птушка
ў каменным саване.
* * *
Птушцы – высокага лёту.
Ветразю – сьвежага ветру.
Мне б – дзьмухаўцоў ля плоту,
Сонейкам абагрэтых.
Долі сірочай – прытулак.
Сейбіту – роўнага поля.
Мне б — здароўя матулі,
Бацьку – гадоў паболей.
Сквапнаму – досыць грошай.
Зданям – цямнейшай ночы.
Мне б – назьбіраць валошак
Любаму на вяночак.
Як бы ня шмат і трэба,
Толькі ня ўсё далося…
Быццам разьліў Бог неба –
Просіньню на калосьсе…
* * *
Я хварэю на неба,
як людзі хварэюць на грып.
Ноччу лётаю ў сьне,
а ўдзень мне трывожна і мулка:
Засьпяваць ад тугі –
ды з грудзей вырываецца хрып,
І губляецца дзень у глухіх
лабірынтах завулкаў…
Так гаркотна-жахліва
ад гэтай маёй нематы,
Я баюся сябе
і часта задумвацца мушу:
Ці то ёсьць параканьне,
ці проста паблытаў сьвяты,
Пасяліўшы ў бяскрылае цела
птушыную душу…