_____________________ Краўчыха Антоніха.
Вершы |
Ты расказала і пра Антоніху –
Сваю прабабку,
Што жыла ў заходнебеларускім мястэчку
І памерла яшчэ пры Масьціцкім.
Яна так і ня зьведала каханьня —
Яе ж Антоні ўсё трызьніў
аб нейкай там Ганьне!
Калі праўду сказаць,
То Антоніха пра каханьне й ня думала:
Шыючы людзям, марыла пра багацьце,
Аднак мара ня спраўдзілася…
Антоніха, быццам жабрачка,
З душою па-звыкламу гожай.
Ніхто не казаў, што лайдачка,
Аднак жа гібела бяз грошай.
Антоні ж, скрыпач безграшовы,
Пянёндзы раскідваў па лёсе
І толькі што ў дзень кірмашовы
Ён злота якога прыносіў...
Бяз крыку яна і бяз енку
Марнела ў чаканьні багацьця…
Як новую справіць сукенку,
Ня мела, як кажуць, паняцьця.
Затое глядзела на зоры,
Затое на кветкі глядзела;
Ніколі ня плакала ў горы
І ў шчасьці, бо шчасьця ня мела.
Усіх сустракала вясёла;
Адзінага славіла Бога;
Жыла між царквой і касьцёлам,
Мячэцьцю і сінагогай.
Бывала, ледзь бачнай сьлязінкай
Душу асьвятляла і слова,
Ды музыкай швейнаю «зінгер»
Яе суцяшаў адмыслова.
Калі ж цеплыні неставала,
Тады, імкнучыся да ладу,
То дзецьмі сабе разважала,
То песенькай хатняга складу:
«Сукенка Ганулі,
Спадніца Настулі,
Кашуля Антолі,
Ясёнка Аўдолі...
Штаны Апанасу,
Камзэля Тарасу,
А беднай краўчысе
Зацірка – у місе...»
А ў часе гаворкі гарачай
Прасіла: «Ша, дай жа мне спокой!»
Спакой уяўляла, няйначай,
Іконаю, самай высокай.
|