_____________________ Дык хто ж фантазёр?
Па старонках адной кнігі |
Кніга баранавіцкага краязнаўцы, правадзейнага члена геаграфічнага таварыства Міхася Маліноўскага “Павел Іосіфавіч Багрым (Паўлюк Багрым). Легенды, праўда, загадкі” (Баранавічы, ПУВП “Інпрынт”, 2006. – 128 с.) – гэта спроба рэінтэрпрэтацыі біяграфіі і творчай спадчыны Паўлюка Багрыма, які вядомы ў сучаснай беларускай культуры як аўтар адзінага верша, што па праўдзе лічыцца яркім узорам беларускай лірычнай паэзіі першай трэці ХІХ ст., і цуда-жырандолі, якая стала аздобай крошынскага касьцёлу. Аўтар паставіў для сябе надзвычай складаную і радыкальную задачу: аспрэчыць аўтарства П. Багрыма ня толькі ў напісаньні верша “Заграй, заграй хлопча малы...”, але і адначасова адмовіць яму ў праве лічыцца выдатным народным майстрам, у тым ліку і стваральнікам жырандолі. Безумоўна, трэба пагадзіцца, што існуючыя зьвесткі з біяграфіі Паўлюка Багрыма скупыя і супярэчлівыя, таму справядліва ўзьнікаюць падставы для сумненьняў і пошуку гістарычнай праўды. Асоба Багрыма і на пачатку ХХІ ст. працягвае заставацца маладасьледаванай, загадкавай і таямнічай. У сувязі з гэтым, працу Міхася Маліноўскага патрэбна было б ухваліць, адзначыць сьмеласьць аўтара, які бярэцца зьняпраўдзіць даўно ўсталяваныя ў беларускім літаратуразнаўстве погляды і стэрэатыпы. Але ўжо з першых старонак кнігі рабіць гэта ўсялякае жаданьне прападае, а скончыўшы яе чытаньне, міжволі прыходзіш да сумнай высновы: біяграфія П. Багрыма аўтарам кнігі ня столькі пераасэнсавана, колькі зашальмавана прыкрымі і непераканаўчымі сьцьвярджэньнямі. Усё створанае ў багрымазнаўстве ўвогуле аб’яўляецца М.Маліноўскім “багатай фантазіяй”, “бессэнсоўнымі намаганьнямі”, “хлусьнёй і падманам”, “наўмысным стварэньнем трагічнага лёсу чалавека з Крошына”. У кнізе абвінавачваньні на адрас вядомых дзеячаў беларускай культуры гучаць ці не на кожнай яе старонцы. Напрыклад, М. Маліноўскі піша: “Усе нашы даследчыкі з нейкай хваравітасцю і з яўным задавальненнем, асалодай, імпэтам наганялі і наганяюць на людзей жахі пра цяжкі лёс Паўлюка Багрыма, які, нібыта, страціў свой талент пры царызме”. М. Маліноўскім вобраз Багрыма і як паэта, і як майстра, і як простага чалавека свае эпохі пераасэнсаваны з загадкава-трагічнага не ў рэалістычны, а ў дэманічны з такімі характэрнымі рысамі як “правакатар”, “багацей-эксплуататар сваіх землякоў”, “псеўдапаэт і майстар”. У выніку працяглага шальмаваньня постаці Паўлюка Багрыма з боку правадзейнага члена геаграфічнага таварыства, вучэбныя праграмы агульнаадукацыйных школаў, на жаль, па пасьпешлівым рашэньні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пазбавіліся адпаведнай тэмы, адведзенай на вывучэньне біяграфіі і творчасьці Багрыма. У дасьледаваньні М. Маліноўскага няма ніводнага новага гістарычнага дакументу з біяграфічнымі зьвесткамі пра Багрыма, які б ня быў вядомы дасьледчыкам, таму пастаўленае пад радыкальны сумніў тое, што лічыцца агульнапрынятым, абвяргаецца аўтарам без пераканаўчай аргументацыі. Да ўжо вядомых легендаў, якія, дарэчы, дзякуючы намаганьням беларускіх літаратуразнаўцаў, а найперш Язэпа Янушкевіча, даўно зьняпраўджаныя, і біяграфія Багрыма стала больш прыземленай і рэалістычнай, аўтар сьвядома ці падсьвядома стварае новыя, відавочная штучнасьць якіх змушае неабыякавага чытача зьвярнуць на іх увагу грамадскасьці.
Новая легенда першая:
верш “Зайграй, зайграй хлопча малы” напісаў Ігнат Яцкоўскі.
“На мой погляд, верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы...” напісаў не вядомы для нас міфалагічны Багрым, а сам аўтар кнігі “Аповесць майго часу, ці Літоўскія прыгоды” І. Яцкоўскі”…
Рабіць выснову аб аўтарстве верша на падставе аднаго толькі факту, што гэты верш быў надрукаваны І. Яцкоўскім у ягонай кнізе сама меней, на наш погляд, наўмыснае спрашчэньне існуючай літаратуразнаўчай праблемы. Калі аўтар адважыўся выступіць з альтэрнатыўнай гіпотэзай, то ў яе падмацаваньне патрэбна было б да драбніцаў вывучыць біяграфію І. Яцкоўскага, даць аргументаваную ацэнку яго літаратурнай спадчыны, зьвярнуўшы асаблівую ўвагу на літаратуразнаўчую эксьпертызу вершаванай яе часткі, бо, як гэта добра вядома, пасьля вяртаньня ў 1857 г. з выгнаньня ён супрацоўнічаў у беларускім польскамоўным друку, пісаў карэспандэнцыі і, што асабліва важна, вершы. Можа, і сапраўды былы навагрудскі адвакат зьяўляецца аўтарам верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы...”, але вашае, Міхась, даруйце фамільярнасьць, аргументацыі для зробленай гучнай заявы замала.
Што да агульнай характарыстыкі постаці І. Яцкоўскага, то яна паўстае ня ў вобразе нейкага “спаланізаванага” чалавека, для якога “Багрым быў толькі быдлам, не вартым увагі, які “маскалёў ненавідзеў усёй душой, і гэту нянавісць да маскалёў ён з вялікай пераканаўчасцю вырашыў укласці ў прыдуманага ім хлопчыка Пётрака, якога называе аўтарам верша “Зайграй, заграй, хлопча малы...”, а найперш у вобразе адукаванага, патрыятычна настроенага і, што немалаважна, сумленнага чалавека. Аб яго грамадзянскай рэпутацыі сьведчаць гістарычныя факты. У траўні 1856 году Аляксандр ІІ, з нагоды свайго ўзыходжаньня на прастол Расейскай імперыі, аб’явіў амністыю ўсім палітычным эмігрантам і палітычным ссыльным. З мэтай аказаньня матэрыяльнай дапамогі гэтай катэгорыі людзей, на паседжаньні Менскага Дваранскага Дэпутацкага сходу 22 верасьня 1859 г. быў заснаваны асобны камітэт для збору сродкаў і разьмеркаваньня іх сярод тых, каму яны былі найбольш патрэбныя. Сродкі камітэту фармаваліся з дадатковага падатку, які зьбіраўся на працягу трох гадоў (1859-1862 гг.) у памеры 5 кап. срэбрам з кожнай рэвізскай сялянскай душы прыватнаўласьніцкіх маёнткаў Менскай губерніі. У дзейнасьці камітэту ўзьніклі пэўныя праблемы: здараліся скандальныя выпадкі па прычыне несправядлівага падзелу грошай, дваране ўхіляліся ад унясеньня патрэбных сумаў. Каб паставіць дзейнасьць камітэту пад кантроль грамадскасьці, І. Яцкоўскі выступіў з насьпелай ініцыятывай – ён зьвярнуўся да губернскага маршалка з прапановай апублікаваць справаздачу аб рабоце камітэту. Аднак паўстаньне 1863-1864 гг. перапыніла далейшую дзейнасьць камітэту і зрабіла немажлівай рэалізацыю ініцыятывы І. Яцкоўскага.
Ці задаваліся Вы, спадар Маліноўскі, пытаньнем – а за што Ігнат Яцкоўскі павінен быў любіць маскалёў, а разам і прусакоў з аўстрыякамі: за ганебна разабраную краіну, якую, як справядліва заўважыў У. Ленін, “гэтыя тры каранаваныя разбойнікі... дзялілі 100 гадоў, яны рвалі па жывому мясу... рускі разбойнік уварваў болей, таму што быў тады мацнейшы”, за зьдзекі над яе лепшымі сынамі, згадайма тут лёсы нашых з вамі землякоў, ураджэнцаў Навагрудчыны, Я.Чачота, А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі і сотняў іншых, якія апынуліся на доўгія гады ў выгнаньні, а многія так ніколі і ня здолелі вярнуцца ў бацькоўскі край, ці скароныя жыцьцёвымі нягодамі, як той І. Дамейка, змушаныя былі служыць на гонар і славу новай Айчыне. У нечым хісткасьць свае аргументацыі прызнае і аўтар кнігі шляхам увядзеньня ў кантэкст зробленай высновы выслоўя “на мой погляд”, праўда, у іншым месцы выснова больш катэгарычная і безапеляцыйная: “Я (М. Маліноўскі – аўт.) адназначна прыйшоў да высновы, што Багрым не мог і не быў паэтам...”.
Новая легенда другая:
Павел Багрым правакатар.
“З якой мэтай прачытаў антыпрыгонніцкі верш “Размова хлопаў” Павел Багрым – сын Іосіфа Багрыма, які працаваў слесарам у панскім маёнтку? Зусім зразумела, што з правакацыйнай. Для памешчыка Станіслава Гедройца Юрагі і царскіх уладаў была патрэба, як хутчэй скончыць бунт сялян у Крошыне, які стаў вядомы ў Санкт-Пецярбургу і Варшаве. Але гэты бунт вельмі ўдала і надта асцярожна з асаблівай пільнасцю і клопатамі падтрымліваў мясцовы пробашч ксёндз В. Магнушэўскі, які зжыўся з мясцовым працавітым насельніцтвам. Каб падрубіць гэты бунт і зняславіць іх ідэйнага падтрымоўцу і спатрэбіўся малады правакатар, які да таго ж даглядаў за старым і нямоглым ксяндзом Войцехам Магнушэўскім. Яны (Мацей Радзівіл з Станіславам Юрагам – аўт.) цераз Іосіфа, бацьку Паўла Багрыма, далі апошняму ўстаноўку, як пры з’яўленні чыноўнікаў з Гродна прачытаць забаронены верш Я. Баршчэўскага “Размова хлопаў”. Гэтую акцыю Паўлюк Багрым выдатна выканаў...”. “За сваю правакацыю... Павел Іосіфавіч Багрым да канца свайго жыцця меў вялікую ласку і прыхільнасць ад памешчыка Станіслава Гедройца Юрагі і яго спадчыннікаў – памешчыкаў Завадскіх і царскіх улад.” (с. 12-13).
Напэўна, калі б існавала гэтая “панская ласка і царскіх уладаў”, то інвентар маёнтка Крошын, складзены ў 1844 г. Багрымаву сям’ю не называў сярод катэгорыі цяглых сялянаў, г.зн. прыгонных, што зьяўляліся ўласнасьцю памешчыка Юрагі. У той самы час, напрыклад, вядомы факт вызваленьня ад прыгону ў 1836г. дваранамі Станіславам і Антанінаю з князёў Радзівілаў Юрагамі крошынскіх сялянаў Яна і Мікалая Рачкоўскіх за “заслугі сына і бацькі Рачкоўскіх верна выкананыя ў нашым доме...”. “За сумленную службу” былі вызваленыя ад прыгону ў 1850 г. Фама Міхайлавіч Лукашэвіч і яго сын Міхал. Прыналежнасьць да стану прыгонных сялянаў сям’і Багрымаў падкрэсьліў Язэп Янушкевіч, які не пагадзіўся з думкай былога крошынскага ксяндза Караля Жураўскага, які палічыў матку Паўлюка Багрыма шляхцянкай. Беларускі дасьледчык трапна выдзяліў у копіі запісу касьцельнай метрыкі аб сьмерці і пахаваньні Марыі (Марыяны) Багрымавай ад 9 студзеня 1832 г. словы “працавітага стану”, што былі на той час раўназначнымі па сэнсу тэрмінам “цяглыя”, “прыгонныя”. Відавочна, недзе ў другой палове 40-х гг. ХІХ Багрымы вярнулі сабе ранейшую волю, бо невыпадкова ж Павел Багрым падчас сьледства 1828 г. кожны раз падкрэсьліваў, што “я, ніжэйпадпісаны, запісаны ў сказках вольных людзей”. Больш за тое, у нас ёсьць падставы сьцьвярджаць, што Багрымы сапраўды першапачаткова былі шляхтай, бо, напрыклад, на Беларусі вядомы шляхецкі род Багрымаў-Камінскіх. Шмат прадстаўнікоў шляхецкіх родаў у выніку паступовага зьбядненьня перасяляліся ў мястэчкі, станавіліся на больш нізкую прыступку сацыяльнай лесьвіцы – мяшчанамі, якія ў прыватнаўласьніцкіх гарадах і мястэчках ператвараліся ў залежную ад сваіх гаспадароў катэгорыю жыхароў, хоць і не адбывалі паншчыны, а толькі плацілі чынш. Прыкладна тое самае адбывалася і з Багрымамі, якія ў выніку крошынскіх падзеяў апусьціліся да ўзроўню дваровых сялянаў-слугаў пана Юрагі, што сваім становішчам мала розьніліся ад становішча прыгонных. Пазьнейшае вызваленьне Багрымаў пацьвярджае запіс метрыкі сьмерці і пахаваньня Юзафа Багрыма, бацькі Паўла Багрыма: “1855 года генваря 18 дня скончался мещанин (вылучана мной – аўт.) Иосиф Багрим от старости”, а таксама Устаўная грамата маёнтка Крошын, складзеная ў 1862 г. з мэтай вызначэньня памераў часовых павіннасьцяў мясцовых сялянаў, у якой Багрымы да сялянаў ужо не аднесеныя. Аднак справа, на наш погляд, мусіла сьведчыць не аб “панскай ласцы”, а аб неўміручым жаданьні людзей быць вольнымі. Падобных прыкладаў нам вядома з гісторыі іншых мястэчак краю многа, калі людзей па розных прычынах запісвалі пры правядзеньні рэгулярных перапісаў насельніцтва ў прыгонныя і тыя пачыналі доўгую барацьбу за сваё вызваленьне. Такім чынам, на момант складаньня інвентару 1844-1847гг. Багрымы не належалі да катэгорыі вольных і найбольш заможных у Крошыне жыхароў, а гэта, заўважым, праз 20 гадоў, што мінулі з моманту бунту. Становішча для Багрымаў зьмянілася ў горшы бок – сям’ю адразу пасьля бунту 1828 г. запісалі ў катэгорыю цяглых, адпаведна і бяспраўных падданых дваранаў Юрагаў. Сьцьвярджаць адваротнае – гэта ісьці насуперак відавочным гістарычным фактам, ігнараваць іх.
Новая легенда трэцяя:
у Крошыне жылі два Паўлы Багрымы.
“Жыў у Крошыне яго цёзка аднафамілец каваль Павел Багрым, які зрабіў на захапленне ўсім для мясцовага памешчыка цуда-жырандоль... Людзі па сваёй недасведчанасці звязалі гэтых Багрымаў у адзін вобраз... Вось так імя аднаго Багрыма “прыліпла” да другога і засталося жыць у памяці аднавяскоўцаў, з кожным годам абрастаючы легендамі і выдумкамі, іх з ахвотай і з захапленнем слухаюць і пераказваюць многія пакаленні крошынцаў (сваю лепту ў гэтую справу ўнёс творам “Слядамі легенды” і даследчык Сцяпан Александровіч, які, як след, не разабраўся з гэтымі Багрымамі і не даследаваў належным чынам архівы” (с. 8).
З логікі разважаньняў паважанага аўтара вынікае, што калі С. Аляксандровіч “не дасьледаваў належным чынам архівы”, то гэты прагал ліквідаваў баранавіцкі краязнаўца, дасьледаваўшы нарэшце архівы “належным чынам”, выцерабіў сенсацыйны факт з жыцьця Багрымаў у Крошыне. З хваляваньнем шмат разоў перачытаўшы кнігу ў надзеі знайсьці хоць нейкія, нават ускосныя біяграфічныя зьвесткі пра новую для нас постаць у Крошыне, назавем яе, пакуль што ўмоўна, “каваль Павел Багрым, № 2”, з прыемным расчараваньнем супакойваюся: у кнізе М. Маліноўскага іх няма. Зьвяртаюся да асабістых запісаў, сапраўды зробленых у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, і пераконваюся, што ў 1827 г., за адзін год да бунту крошынцаў, у мястэчку жыла адна сям’я Багрымаў: старэйшым у родзе лічыўся Станіслаў Вікенцьевіч Багрым, якому споўнілася 70 гадоў, ягонаму сыну Іосіфу – 42, а ўнуку Паўлу – 15. Інвентар 1844-1847 гг. называе зноў у Крошыне адну цяглую гаспадарку Багрымаў пад парадкавым № 72: старэйшым у родзе цяпер быў Іосіф Станіслававіч Багрым (59 гадоў), затым ішлі яго дзеці: сыны Павел (32), Вікенцій (25), Аляксандр і Станіслаў, дочкі Ганна (33) і Тэрэза (28). Рабочымі душамі ў сям’і Багрымаў лічыліся чатыры мужчыны, акрамя непаўналетняга Станіслава, і дзьве жанчыны. Дасьледчыкі ўжо зьвярталі ўвагу на адну цікавую сямейную зьяву, якая ў нашай размове не другарадная: дарослыя сыны і асабліва дочкі Іосіфа Багрыма ня мелі на момант складаньня інвентару сваіх сем’яў, што насьцярожвае. Давайце гіпатэтычна ўявім сабе, а ці магло такое быць у заможнай сялянскай гаспадарцы. Адказ відавочны.
Адноснай заможнасьці Багрыма, вядома, у параўнаньні з яго аднавяскоўцамі мы не выключаем, але гэты капітал сабраны ня дзякуючы эксплуатацыі сваіх землякоў, а дзякуючы самаахвярнай працы майстра – каваля, якім ён мог стаць недзе з канца 40-х ці пачынаючы з пачатку 50-х гадоў ХІХ ст. У пасямейным апісаньні жыхароў мястэчка Крошын за 1844 г. кавалём у паселішчы працаваў Вікенцій Сабко (цяглая гаспадарка № 77), шаўцамі – Іосіф Шышлоўскі (без пазначэньня нумару гаспадаркі) і Францішак, малодшы сын удавы Настусі Сабковай (36), кухарамі Мацьвей Гаркавік (7), Антон, старэйшы сын Настусі Сабко, Іван Мікула (14, у дакуменьце памылкова 15). Брат Іосіфа Шышлоўскага Аляксандр часова быў прыпісаны да Менскага шпіталю, дзе практыкаваўся на фельчара. Прагледжаныя мною архіўныя дакументы па вялікай колькасьці маёнткаў сучаснага Баранавіцкага раёну на час складаньня абавязковых інвентароў фіксуюць толькі ў маёнтку Крошын павіннасьць сялянаў утрымліваць сваім коштам “лекара”, гадавы заробак якога дасягаў сумы ад 50 да 75 руб., дадаткова жыхары мястэчка абавязваліся сабраць 50-60 руб на лекі. Міжволі ўзьнікае выснова: уласьнікі Крошына планава праводзілі навучаньне розным прафесіям сваіх сялянаў-слуг. Нельга Юрагам адмовіць і ў хрысьціянскім стаўленьні да сваіх падданых: сяляне, што пацьвярджае інвентар, карысталіся лепшымі землямі, пры двары служылі па жаданьні, у якасьці разьліку атрымлівалі адзеньне, харчаваньне, іншыя замацоўваліся за сталовай на пастаянна. Шкада, але прамысловы занятак цяглых гаспадарак Багрыма Іосіфа, Лойкі Лаўрына (73), Кандрата Селівона (74), Івана Сабко (58), якія не займаліся сельскай гаспадаркай, не названы. У агульных зьвестках інвентару размова ідзе аб дваравых масьцеравых, да іх ліку, відавочна, адносіліся і Багрымы. Матэрыялы 1828 г. дазваляюць сьцьвярджаць, што Іосіф выконваў пры двары Юрагі абавязкі сьлесара, г.зн. рабіў і рамантаваў сельскагаспадарчы інвентар у двары і фальварках маёнтку, дзе стала працавалі чатыры вінакурні, яшчэ дзьве вінакурні працавалі ў зімова-веснавы перыяд. Гэтыя навыкі, што набыў каля бацькі і Павел, а ў дадатак і навыкі каваля, стварылі трывалы падмурак яго прафесійнага майстэрства. Пацьвярджае гэта прыведзены Я. Янушкевічам новы гістарычны факт. Так, Павел Багрым да студзеня 1859 г. бліскуча выканаў заказ праваслаўнага менскага архіепіскапа Міхала Галубовіча (1800-1881) і зрабіў для яго два французскія замкі з засаўкамі для дзьвярэй па 15 руб. кожны, а таксама стары замок з даробленай засаўкай за 3 руб. і тры ножыкі. Заказ вядомага на Беларусі праваслаўнага іеарарха безумоўна сьведчыць аб вядомасьці нашага Багрыма далёка за межамі роднай Навагрудчыны. Такім чынам, калі ў 1859 г. у вядомага ўжо майстра Паўла Багрыма падрастаў пляменьнік Павел, то яго ўзрост не сягаў за 15 гадкоў, адпаведна і скласьці канкурэнцыю ў майстэрстве дзядзьку той ня мог.
Знайшла сваё пацьвяджэньне і старая легенда, перададзеная ад крошынцаў літаратарам Сьцяпанам Александровічам у нарысе пра радзіму Паўла Багрыма. Яна гаворыць, што мясцовы пан вырашыў праверыць Багрымава ўмельства: загадаў зрабіць на замежны ўзор брытву. Праз нейкі час каваль прыносіць дзьве брытвы, якія пан доўга разглядаў і нарэшце выбраў тую, у якой тронка падалася ладнейшай. Адкрывае, а там замест кляйма фірмы подпіс: “Bahrym”. Дык вось, сьвятар К. Жураўскі трымаў на схіле 30-х гадоў мінулага стагоддзя адную такую брытву, паспрабаваў намаляваць яе, а малюнак аздобіў наступнаым запісам: “Так выглядала брытва, якую мне паказваў парафіянін з Крошына п.(ан) Лукашэвіч з надпісам “Gryntop” (на адваротным баку быў надпіс “Bahrym” – аўт.). Прасіў, каб мне даў яе на рукі і, патрымаўшы хвіліну, потым вярнуў, бо яшчэ яе ўжываў для галеньня...”. Ці ж не красамоўны, пацьверджаны відавочцам, прыклад незвычайных здольнасьцяў Багрыма? Ксёндз Жураўскі пра “Паўла Багрыма № 2”, ані зьвесткак пра яго з касьцельных метрычных кніг, а ні вусных паведамленьняў крошынцаў не падае, таму і яго постаць сапраўды міфічная.
Новая легенда чацьвёртая:
Павел Багрым быў багацейшы за самога Пятра Сьветаполк-Завадскага
“Пад канец жыцця ён быў заможней за мясцовага памешчыка Завадскага, спадчынніка С. Юрагі і А. Радзівіл. На Багрыма працавалі людзі ў Крошыне, Кунілаве, Стайках... Таму і немагчыма было прадставіць Паўла Іосіфавіча Багрыма ні ў паўстанні 1831 года, ні ў змаганні Вікенція-Канстанціна Каліноўскага 1861-1864 гадоў...”( с. 17). “Багацей “гаротніка”, “бедака” П. Багрыма ва ўсёй акрузе не было, нават пан Завадскі з маёнтка ў Крошыне павінен быў яму вялікія грошы. П. Багрыму належалі землі ў Стайках, частка ў Крошыне, а потым далучыўся і маёнтак з землямі ў Кунілаве. І брычка з Багрымам кожны дзень потым каціла з Кунілава, каб даваць шматлікія распараджэнні батракам і працу прышэльцам” (с. 31). П. Багрым “...такі стаў багаты, што захацеў і самога памешчыка з Крошына зваліць і завалодаць яго памесцем, але Светаполк-Завадскі ўсё ж змог вырвацца з яго кіпцюроў...” (с. 58).
Напрыканцы жыцьця Паўла Багрыма гаспадарчыя і маёмасныя справы ў маёнтку Крошын сапраўды знаходзіліся ня ў лепшым стане. Аб гэтым паведамляе архіўная крыніца “Справа аб устанаўленні дваранскай апекі над маёнткам памешчыка Навагрудскага ўезда П. Завадскага за марнатраўства”. 13 чэрвеня 1892 г. на імя губернскага маршалка паступіў ліст ад Марыі Яўгенаўны Грабоўскай, народжанай Сьветаполк-Завадскай, якая паведаміла, што маёнтак Крошын адышоў у спадчыну па бацьку ва ўласнасьць яе і брата Пятра, але гаспадаркай займаўся выключна брат, які, як зрабіла выснову сястра, “не быў падрыхтаваны да цяжкай задачы кіраваць гаспадаркай і аказаўся зусім няздольным да вядзення спраў, чаму спрыяла слабасць яго характару, выкарыстоўваючы які некаторыя недобразычлівыя людзі, эксплуатавалі яго на сваю карысць”. Сястра характарызавала брата, як схільнага да марнатраўства, бо ўжо “болей за пяць гадоў не вядзецца належна гаспадарка і сяляне самавольна захопліваюць раллю, высякаюць лясы, будоўля прыведзеная ў поўную нягоднасць”. Гаспадарка з узорна-ўладкаванай даведзена да крайне занядбанага стану: прыбытак змяншаецца з кожным годам, а доўгу за маёнткам лічыцца 160 тыс. рублёў. Аднак сапраўднае фінансавае становішча П.Е. Сьветаполк-Завадскага аказалася яшчэ горшым, чым гэта лічыла Марыя Грабоўская. У сваім прашэньні, зарэгістраваным 22 чэрвеня 1892 г. Пётр пагадзіўся з хадатайніцтвам сястры і даў згоду на прызначэньне апекуноў па нагляду за яго гаспадаркай, у якасьці дадатаку да прашэньня прыклаў даўгавыя лісты, па якіх лічыліся наступныя сумы доўгу:
1. Віленскаму зямельнаму банку – 95000 рублёў;
2. Менскаму Грамадству ўзаемнага крэдыту – 2275;
3. Непаўналетнім сынам Вацлаву, Канстанціну і Міхалу – 25000;
4. Графіні Марыі Яўгенаўне Грабоўскай – 40000;
5. Ковенскай Рыма-Каталіцкай Духоўнай семінарыі – 4000;
6. Розным асобам па зыскавых лістах – 17166;
7. Па абавязацельствах і векселях – 25915;
8. Доўг дваровай чэлядзі – 1983;
Усяго: 211339 рублёў.
Нават з улікам гіпатэтычна зробленага дапушчэньня, што Багрым да сваёй сьмерці належаў да не названых у дакуменьце “асобаў”, якія былі крэдыторамі Пятра, то і ў гэтым разе аніякіх шанцаў завалодаць маёнткам у яго не было, бо “кантрольны пакет”, як мы бачым, належаў Віленскаму зямельнаму банку, заснаванаму Юзафам Мантвілам у 1885 г. Асноўнай жа мэтай у дзейнасьці гэтай фінансавай установы было захаваньне пазіцыяў у Літве і Беларусі каталіцкага землеўладаньня польскай арыентацыі. У выпадку банкроцтва тутэйшых землеўласьнікаў рабілася ўсё магчымае, каб зямля не перайшла да расейскіх памешчыкаў і чыноўнікаў. Пры пагрозе страты маёнтку банк быў гатовы несьці пэўныя выдаткі. Але асноўная перашкода на шляху прыдуманых Маліноўскім “планаў” Багрыма была ў іншым: ён належаў да каталіцкага веравызнаньня, а католікам ад 1864 г. забаранялася ўладамі набываць зямлю, каб такім чынам падтрымаць і ўмацаваць праваслаўнае землеўладаньне ў Паўночна-Заходнім краі. Думаю, наш зямляк меў уяўленьне пра тагачасныя парадкі ў галіне землеўладаньня. Пра пазыку Багрыма Завадскім вядома з архіўнага дакументу? Таму, у лепшым выпадку, П. Багрым мог разьлічваць у выніку таргоў на нейкую частку нерухомай маёмасьці ў Крошыне, чаго, як гэта пакажуць наступныя падзеі, не адбылося. Рашэньнем Менскага Дваранскага Дэпутацкага сходу былі прызначаныя апекуны з ліку навакольных памешчыкаў, і справа ў гаспадарцы Сьветаполк-Завадскіх стала імкліва паляпшацца, бо невыпадкова апекуны Іван Шпігальскі, Ігнат Чачот, Антон Вярбіцкі просяць у маршалка дваранства Менскай губерніі зьняць апеку, але рашэньнем Менскага Дваранскага Дэпутацкага сходу ад 02 кастрычніка 1896 прасіцелям было адмоўлена. Напачатку ХХ ст. маёнткам кіраваў Канстанцін Сьветаполк-Завадскі, які выкупіў долю ў брата Вацлава. У яго лічылася ў 1911-1914 гг. 1860 га зямлі і 27262 рублёў не зямельнага капіталу, атрыманага ад прамысловай дзейнасьці. Такім чынам, можна канстатаваць, што становішча ў Крошыне намаганьнямі сыноў Пятра было стабілізаванае і маёнтак не пайшоў “з малатка”. Павел Багрым і яго жонка Карнэлія (у першым шлюбе Шышлоўская), дачка Юстына і Ядвігі Рэўкоўскіх, не ўспамінаецца ў Сьпісах замлеўладальнікаў Менскай губерніі за 1876 і 1888 гг. У Сьпіс 1888 г. з крошынцаў, акрамя Сьветаполк-Завадскіх, трапілі праваслаўны мешчанін Лукашэвіч Міхаіл Іванавіч, уласьнік 8 дзес. зямлі і дваранін Рачкоўскі Мацьвей Іванавіч – 8, сын Яна Рачкоўскага, вядомага нам па падзеях 1836 г. Як бачым, нават 8 дзес. зямлі ў Багрымаў не было, таму называць яго багацеем і эксплуататарам, а таксама абвінавачваць у жаданьні разарыць Завадскіх беспадстаўна.
Новая легенда пятая:
Павел Багрым эміграваў у Амерыку.
“Наконт магілы Паўлюка Багрыма і даты смерці яго – яе ніколі не існавала ў Крошыне (гэта не выявіў ксёндз Караль Жураўскі, які трымаў у сваіх руках усе касцельныя кнігі, таму дасюль нам не вядома дата смерці Паўла Іосіфавіча Багрыма) бо ён са свайго маёнтка Кунілава з усёй сям’ёй і іншымі родзічамі ад’ехаў у Амерыку, таму і зніклі ўсе нашчадкі самога Багрыма, якія суродзіліся з немцамі, а таксама шматлікіх яго братоў і сясцёр...”(с. 97).
Караль Жураўскі, відавочна, трымаў у сваіх руках ня ўсе касьцельныя кнігі, бо многія з іх загінулі ў віхуры Першай сусьветнай і грамадзянскай войнаў. Як вядома, па рацэ Шчара прайшла лінія руска-германскага фронту і паселішча, а разам і сьвятыня, былі цалкам зруйнаваны, насельніцва прымусова, падганяемае нагайкамі рускіх казакаў, пайшло ў бежанства на ўсход. Людзі, якія ўхіліліся ад “рускай апекі” і засталіся да восені 1915 г. жыць у зоне фронту, былі эвакуіраваны, але цяпер па загаду камандаваньня германскай арміі ў Сувалкскую губернію. Гэтыя драматычныя падзеі моцна паўплывалі на дэмаграфічнае становішча мястэчка, бо калі ў 1909 г.., згодна Алфавітнага сьпісу населеных мясьцінаў Менскай губерніі тут. лічылася 160 двароў і пражывала 1380 чалавек, то ў 1921 г. улічана толькі 79 двароў – 411 чалавек. Статыстычныя зьвесткі ўражваюць: насельніцтва мястэчка за час войнаў скарацілася больш чым у тры разы. Недзе і Багрымавы сваякі апынуліся ў далечыні ад радзімы і дакладна невядома як склаўся іх жыцьцёвы лёс, можа і трагічна. Але дзе хоць адзінкавыя дакументы, на падставе якіх нам можна было б выказацца на карысьць думкі аб эміграцыі ў Амерыку. У дасьледаваньні Маліноўскага, на вялікі жаль, іх таксама няма. Больш за тое, магіла П.Багрыма існавала на крошынскім цьвінтары і гэта пацьвярджаюць ня плёткі недабразычліўцаў, а архіўныя дакументы. Так, В.У. Бабкова ў артыкуле “Новы факт да біяграфіі Паўлюка Багрыма”, зьмешчаным у другім выпуску зборніка навуковых паведамленьняў і артыкулаў “Архіварыус” за 2004 г. паведаміла, што ў фондзе “Менскі губернскі распарадчы камітэт” у дакуменьце “Ведамасці аб колькасці і каштоўнасці нерухомай маёмасці, што падлягае падатку ў Менскай губерніі на 1891 год”, складзеным 21 верасьня 1890 г. насупраць запісу пра драўляны дом з прыбудовамі, у якім жыў Багрым у мястэчку Крошын, пазначана, што “по смерти Багрима перешло в собственность Ивана Мартинковского”. У ведамасьці падобнага зьместу, складзенай праз год, у верасьні 1891 г., пад нумарам 10 запісана ўжо толькі Багрымава ўдава – Карнэлія. Такім чынам, робіць выснову В.У. Бабкова, можна меркаваць, што Паўлюк Багрым памёр прыкладна летам 1890 г. ва ўзросьце 78 год. (с. 92-93).
Новая легенда шостая:
Павел Багрым нясе персанальную адказнасьць
за закрыцьцё Крошынскай парафіяльнай школы
“Я (Міхась Маліноўскі – аўт.) адназначна прыйшоў да высновы, што Багрым не мог і не быў паэтам, што з-за яго дзейнасці была зачынена парафіяльная школа, дзе вучыліся дзеці Крошынцаў” (с. 93).
Тое, што крошынская парафіяльная школа была закрытая пасьля задушэньня сялянскага бунту сьцьвярджалася і раней. М. Маліноўскі, як гэта вынікае з прыведзенай цытаты, ня толькі пагаджаецца са сьцьвярджэньнем, але ў дадатак ускладвае ўсю віну за здарэньне зноў на “бедака” П. Багрыма. На самой жа справе чыноўнікі Міністэрства народнай асьветы, якое праводзіла асобнае сьледства, распачатае пасьля таго, як выявілася, што да гэтых падзеяў мела дачыненьне школа, не былі зацікаўленыя ў раскрыцьці сувязі школы з сялянскімі хваляваньнямі, а таму аднадушна сьцьвярджалі, што навучаньне ў ёй ня толькі ня шкоднае, але і карыснае, “...ибо оно научает детей познавать своего создателя, воссылать к нему хвалы и благоговеть к нему в молитвах и делах, а тем направлять в добрую сторону и самую их нравственность”. Вынікі сьледства былі накіраваныя ў Варшаву вялікаму князю Канстанціну, які, разабраўшы ўсю справу, прыслаў загад у Вільню, у якім прызнаў ксяндза Магнушэўскага і яго школу невінаватымі ў хваляваньнях, а таксама пагадзіўся з прапановай аб “введении в Крошинском училище лучшего впредь порядка и о замещении в оном наставников более надежными людьми”. Настаўнікаў Парфіновіча і Арлоўскага адхілілі ад работы ў школе, а на іх месца быў прысланы выпускнік семінарыі парафіяльных школаў пры Віленскім універсітэце Восіп Юкевіч. Крошынская парафіяльная школа была зачыненая крыху пазьней і па другой прычыне. У выніку нацыянальна-вызваленчага паўстаньня 1830-1831 гг., зьмянілася ў горшы бок стаўленьне царскага ўраду да каталіцкай царквы ў Літве і на Беларусі. У масавым парадку закрываюцца кляштары і касьцёлы, быў узяты курс на перавод рэлігійнага набажэнства і справаводства на рускую мову і, вядома ж, зачыняюцца парафіяльныя школы, сярод іх і крошынская школа.
Новая легенда сёмая:
феномен крошынцаў у іх абыякавасьці да злачынстваў
“У сваіх шматлікіх матэрыялах, асабліва ў мясцовым друку, часта пішу пра незразумелы для мяне феномен жыхароў мястэчка Крошын – не стваральны, а разбуральны” (с. 96). “У першы год імперыялістычнай вайны Крошынцы ўрываюцца ў мураваную грабніцу, выцягваюць труны, трупы выкідваюць у Шчару, а ў трунах Крошынцы доўгі час на беразе ракі мыюць бялізну” (с. 96-97). (Маецца на ўвазе глумленьне над магіламі Юрагаў і Сьветаполк-Завадскіх і надмагільных помнікаў Паўлюку Багрыму – аўт.).
Што гэта “феномен крошынцаў” чыстая праўда, але болей праўды ў тым, што гэта феномен усяго нашага народу, і ня толькі “цёмнага” сялянства, на пачатку ХХ ст., якое трапіла пад моцны ідэалагічны ўплыў розных рэвалюцыйных групаў, што распаўсюджвалі розныя рэвалюцыйныя байкі пра магчымае ў будучым “бесклапотнае, справядлівае, заможнае жыцьцё для людзей”. Такія байкі ў Крошыне зьявіліся, дзякуючы мясцовым ураджэнцам, якія стварылі тут рэвалюцыйную ячэйку, што знаходзілася пад моцным уплывам ідэй РСДРП. Так, В. Турко, С. Грыгаровіч заклікалі да захопу панскіх земляў, пад узьдзеяньнем іх агітацыі была разбураная плаціна вядзянога млыну, відаць, таго самага, дзе было шмат каваных Багрымам дэталяў, адбываліся патравы і высечка лесу. У верасьні 1906 г. паліцыя зрабіла вобыск у кватэры С. Грыгаровіча і знайшла брашуру “Ускосныя налогі”, выдадзеную Паўночна-Заходнім саюзам РСДРП, але пры спробе арышту В. Турко і С. Грыгаровіча 40 жыхароў мястэчка аказалі супраціўленьне.
Колькі прыкладаў ведае аўтар з нашай рэгіянальнай гісторыі пра глумленьні з магілаў, склепаў-пахаваньняў былых гаспадароў двароў і фальваркаў – шляхецкіх родаў краю, якія, дарэчы, былі ня толькі прыгнятальнікамі, але былі і героямі, палітычнымі і культурнымі дзеячамі розных часоў і краінаў, стваралі славу роднаму краю. Нельга перадаць агіды, шкадаваньня і болю, што прыйшлося перажыць, калі пры агледзінах склепаў паноў Барановічаў каля Мастытыч, мы з Міхасём Бернатам бачылі выкінутыя чалавечыя парэшткі былых уладароў, а сам склеп выконваў ролю звалкі здыхляціны з блізкай адтуль жывёлагадоўчай фермы. А як зразумець сялянскую сквапнасьць пры разрабаваньні найпрыгажэйшага ў краі Сваротаўскага палацу, які б мог і цяпер служыць нашчадкам тых людзей у якасьці, напрыклад, школы. Сяляне зблізу і здалёк разьнесьлі ў прамым сэнсе мясцовы архітэктурны шэдэўр па камені: коньмі заязджалі ў палац і вырывалі прыгожа аздобленыя калоны, лесьвіцы, расьцягвалі мэблю і кафлю з разбураных печаў, якая і дасюль упрыгожвае хаты сялянаў у некаторых навакольных вёсках. І такіх прыкладаў бясконцае мноства. Згадайма прыклады апошніх дзесяцігоддзяў, калі калгасныя старшыні далі загад зруйнаваць склеп Верашчакаў у Ясянцы, могілкі ў Вялікім Гацішчы, калі бульдозер зрынуў у раку шмат прыгожых падмальных плітаў і крыжоў, у тым ліку, і магілу генерал-маёра рускай арміі П. Гаціцкага. А паглядзіце, што цяпер вырабляюць “чорныя археолагі” – руйнуюць і да таго зруйнаваную беларускую мінуўшчыну. Цяжка адмаўляць тое, што адказнасьць за гэта кладзецца на ўсіх нас. Але ці варта вінаваціць усіх разам, бо ня ўсе прымалі і прымаюць у гэтым удзел. Заставаліся і тыя, хто памятае свой хрысьціянскі абавязак.. Так, што “феномен крошынцаў”, якія нібыта абыякава ставяцца і да магілы П.Багрыма, бо ён належаў да тых самых прыгнятальнікаў, што і Юрагі з Радзівіламі і Сьветаполк-Завадскія, феномен ня крошынцаў, а феномен нашага культурнага, чалавечага ўзроўню ўвогуле.
|