Сад дзяцінства
Маё дзяцiнства ў райскiм садзе —
ядвабны лiсьцiк шмарагдовы
з кропелькамi ранiшняй расы
плыву сабе па хвалях кветак
ды ўсмоктваю iх водар далiкатны
сьцябліны мажныя бы мачтавыя сосны
я ж — красналюдак у калысцы травяной
расьлiнны сьвет гудзеньне пчолаў
і колер неба з плямамi кефiру
далёка ўверсе i не скаштаваць
цяпер ужо пладоў тых райскiх
ружова-прамiнулага дзяцiнства.
На даўнiм здымку
На даўнiм здымку я, нiбы апачы, —
ў вяночку з пёраў, ножык у руцэ.
Цяпер такога не пабачыш —
барозны зморшчын на шчацэ.
На даўнiм здымку — зелянiна лета,
мой дзед пад сьлiвай ў хустцы, як пiрат,
бабуля смажыць тлустыя катлеты,
і газiроўку п’е стрыечны брат.
На даўнiм здымку — верныя сабакi
ля ног пiльнуюць сьцiплы дабрабыт,
а я павольна трушчу казiнакi
ды мару, бы фiлосаф Гераклiт.
На даўнiм здымку ў квеценi i сонцы
шчасьлiвы момант — птушка на плячы!
Усьмешка дзеда
плiшчыцца ў бясконцасьць,
і ад дзяцiнства нельга уцячы…
У рэжыме ультрафiялету
Адно ў рэжыме ультрафiялету
мажлiва распазнаць усе прадметы,
якiя iснавацьмуць паралельна —
лагодна-незаўважна i суцэльна.
А так — яны падобныя да мараў,
калi глядзець праз прызму акуляраў.
I рыфмы, так патрэбныя паэту,
жывуць ў рэжыме ультрафiялету.
Падарожжа
Па дарозе з Поўначы на Поўдзень
у бардовым няўтульным «Iкарусе»
сузiраю зьмену родных краявiдаў
на вялiкай хуткасьцi
немагчыма спазнаць усе таямнiцы
флоры i фауны
гэтаксама як ня ўдасца
на працягу хуткаплыннага жыцьця
спазнаць самога сябе
«Пасха»
Даляцеў з нябёсаў звон прарочы,
нiбы пошчак капытоў каня.
Ксёндз ня можа дачакацца ночы,
поп чакае надыходу дня.
Я ж пiльную, як бабуля «пасху» —
булку смачную сьпячэ й пiрог.
І тады з вясновым пахам краскаў
у маёй душы ўваскрэсьне Бог.