_____________________ Два пінгвіны. Імгненьні вясны |
Кажуць , што ўсім “воздастся ” па іх справах . І гэта абавязкова адбудзецца , калі не пры жыцьці , то пасьля сьмерці – дакладна і абавязкова . У іншым сьвеце добрыя людзі атрымаюць супакой , а злыя – вечныя пакуты . А як хацелася б пры гэтым жыцьці , каб прыйшоў добры і справядлівы суддзя і патлумачыў кожнаму , хто што зрабіў добрага , а хто – падлюка . І каб суд гэты быў праўдзівы , і каб кожны зразумеў , хто ён ёсьць на самой справе і чым займаецца . Самім так цяжка разабрацца і зразумець . Але суддзя не ідзе …
Спачатку іх было два . Было два парцалянавыя Пінгвіны . 26 лютага , на мой дзень нараджэньня , іх падаравалі мне Кася з Віцем . Калі набывалі падарунак . Кася перапытала ў прадавачкі :
– Прабачце , гэта ў Вас Пінгвіны ?
– Не , што вы , – адказалі ёй , – гэта ў нас Пінгві няткі .
Значыць , «Пінгвіняткі » – так і было напісана на пакавальнай скрынцы . Сядзелі парцалянавыя Пінгвіняткі ў гнязьдзечку на клецістай посьцілцы . Адзін быў у чырвоным шаліку . Другі бяз шаліка . Два Пінгвіны – набор для перцу і солі . У таго , які з чырвоным шалікам , я засыпала чырвоны перац , набыты на рынку ў Бішкеку . А ў таго , які бяз шаліка , засыпала соль . Паставіла на стол . Праз месяц , на Вялікдзень , Кася падарыла мне маленькае парцалянавае яйка . Фіялетавае . У яго я засыпала чорны перац і паклала ў гнязьдзечка да Пінгвінятак .
Дзень нараджэньня ў мяне 26 лютага , а 25 лютага мне патэлефанаваў Юрчык . Яго ўсе клікалі Апалонікам , таму што галава вялікая . У 15 гадоў ён зрабіў вельмі кепскае – паўдзельнічаў у групавым згвалтаваньні ... І – на зону . А пасьля вярнуўся , ажаніўся , разьвёўся і жыў з мамай Данілаўнай і дачкой Бажэнай . Жонка Юрчыка , маці Бажэны , сыйшла ад яго , жыла з чалавекам , які першай жонцы адрэзаў галаву і паклаў у лядоўню . Таму Бажэна жыла з татам Юрам і бабуляй Данілаўнай , а Юрчык – гэта іх прозьвішча .
Юрчык хварэў на сухоты . Ён патэлефанаваў мне 25 лютага (Пінгвіны тады яшчэ сядзелі ў скрынцы ў сувенірнай краме ), а я сядзела і складала сьпіс гасьцей , запрошаных на заўтра . У тэлефоннай трубцы чуўся трэск , голас зьнікаў , словы разьбіраліся з цяжкасьцю . Ён нешта казаў , а я ці то не разумела , ці то не хацела разумець .
– Нічога не разумею , але ў цябе голас такі загадкавы ? Што ты хочаш ?
– Я не загадкавы , – адказаў Юрчык , – я заўтра памру .
– Ты паміраеш кожны год , колькі я цябе ведаю .
На наступны дзень я вярнулася дамоў з падараванай скрыначкай з Пінгвіняткамі і даведалася , што Юрчык памёр .
– Не хадзі туды , – папярэдзіў мяне Юрчыкаў сябра Вазелін , ён разам з ім быў на зоне для малалетак .
Калі Вазеліну было 14 гадоў , ён абрабаваў 11 кватэраў . І на ўсе грошы паехаў у Вільню , купіў канструктар – складаць самалёт .
З тых часоў ён нічога акрамя Вільні і Навасадаў – мястэчка пад Барысавам , дзе знаходзілася калонія , ня бачыў .
Вазелін быў з Юрчыкам да апошняга , ставіў кропельніцы і рабіў уколы .
– Не хадзі туды , – папярэдзіў Вазелін .
Ён казаў пра разьвітаньне з Юрчыкам і пахаваньне :
– Там побач з дамавінай сядзіць Данілаўна і ўсім нешта кажа . Аднаму : «Юрась сказаў , што ты яму дол капаць будзеш ». Іншаму яшчэ нейкае заданьне знаходзіць і ўсё : «Юрась сказаў ».
– А ты ?
– А я дол капаць буду ...
Я не пайшла , перадала кветкі і так і не даведалася , якое заданьне даў мне Юрчык пасьля сьмерці . Але ня думаю , што гэта важна . Бо і Вазелін хутка таксама памёр … Праз два гады . Сам сабе праткнуў нажом лёгкае і памёр ад пнеўманіі .
І перад гэтым адно з Пінгвінятак зьнікла – тое , якое было бяз шаліка . Я ў паніцы . Кажу :
– Калі адзін Пінгвін зьнік , гэта дрэнная прыкмета .
Вазелін мяне суцяшае :
– Ну , пэўна , забурыўся недзе . Будзеш да Вялікадня прыборку рабіць знойдзем .
У той год прамежак паміж каталіцкім і праваслаўным Вялікаднямі быў незвычайна доўгім . Каталіцкі Вялікдзень быў зусім рана . Ляжаў яшчэ цьвёрды сьнег . Цеплынёй і ня пахла . А як магло быць інакш ?
Прыбіралі і перад адным Вялікаднем , і перад другім . Толькі Пінгвіна нідзе няма . Калі б ён быў разьбіты , то недзе б заставаліся аскепкі . Бо нават калі прыбраць старанна , усё роўна хоць маленькі востранькі аскепачак застанецца . Або чырвоны перац прасыпаўся б , таксама прыкметна . Але ні Пінгвіняткі , ні сьлядоў яго няма . Нідзе .
На ровары каталася ўздоўж каналу . Пераязджала з аднаго берагу на другі па мастках з высокімі парэнчамі — супакойвалася .
На наступны дзень паехала ў Вільню . Вырашыла ўважліва глядзець вакол сябе . Таму што звычайна нічога “ва ўпор ” ня бачу . Затое чую шмат лішняга . Рашэньне ўважліва назіраць за тым , што адбываецца вакол было цалкам сьвядомым . Самая вялікая небясьпека ў гэтым сэнсе – патануць ва ўласных думках . Бо , калі патонеш , то зноў перастанеш заўважаць усё вакол .
Гэтым разам мне ўдалося ўтрымацца на паверхні .
Так я заўважыла Чатыры колеры .
Першым колерам быў белы . Раніцай з акна аўтобуса ўбачыла , як па полі едзе трактар , а над ім і за ім уецца чарада вялікіх белых птушак . Іх шмат – Цемра . Белая цемра . Трактар амаль схаваўся сярод узмахаў белых крылаў , як у сьнежнай завеі . Белы клубок зімы на вясновым полі .
– Глядзі , – сказала я свайму сябру Віцю .
– Так , – адказаў ён , – бачу .
– Што гэта за птушкі ?
– Бакланы , – адказаў Віця .
– Бакланы не жывуць у Беларусі . Гэта чайкі .
Ён паціснуў плячыма .
– Для мяне яны ўсе – бакланы . Але могуць быць і чайкамі .
– Яны ядуць чарвякоў , якіх выварочвае трактар ?
– І тое , што гэты трактар сее , таксама ядуць . Могуць і жабу ўчапіць , калі падгорнецца ...
– Але , калі гэта чайкі , то паблізу павінна быць вада .
– Значыць тут ёсьць вада .
Так мы праехалі побач з рэчкай Ашмянкай .
А ўвечары з Лондану прылятала Кася . Там яна была па запрашэньні ветэранаў з беларускіх батальёнаў , герояў бітвы пры Монтэ -Касіна – яны захацелі паслухаць песьні Касі .
Ехалі ў аэрапорт на таксі па цэнтры гораду , па вузкіх вулках , на вялікай хуткасьці сярод чорных ценяў ад дамоў , цені дамоў падалі на белыя сьцены суседніх дамоў і стваралі ўражаньне бяздонных студняў – прорваў , у якія вось -вось павінна зваліцца таксі . Зваліцца з канцамі . Зьнікнуць у чорнай яме бяз сьледу .
Так увечары я заўважыла чорны колер .
У аэрапорт памкнулася мноства людзей , каб сустрэць самалёт з Лондану . Самалёт ішоў на пасадку , Віця вырашыў купіць кветкі для Касі . Бо яна ягоная жонка . Віця выбраў касачы альбо ірысы – назва ад багіні вясёлкі Ірыды .
У кватэры з высокімі столямі і арачнымі вокнамі мы пілі віскі і гаварылі пра самалёты , пра тое , як яны падаюць .
– Ты ведаеш , як гэта – выпраўляць каханага чалавека ў пустэчу ? – спыталі ў мяне .
– Ня ведаю …
Апошніх колераў было два – сіні і ружовы . Па дарозе дадому .
Аўтобус выехаў з гораду і раптам зьлева зьявіліся два азярцы – ужо цалкам вольныя ад лёду . Вада ў іх была сіняя , сіняя . А ў небе над сіняй вадою вісела ружовае воблака .
Неба стала гаснуць , калі пад ’язджалі да Ашмянаў .
У Ашмянах аўтобус cтаяў 20 хвілінаў . Быў час зайсьці ў касьцёл Сьвятога Арханёла Міхаіла . Высокія халодныя сьцены , партрэт Яна Паўла -ІІ , мноства сьвечак перад партрэтам .
А пасьля Вялікадня Радаўніца ...
Ёсьць такая кніга на 186 старонак , завецца «Перажыткі старажытнага сьветаўспрыманьня ў беларусаў », выдадзеная ў Гародні ў 1895 годзе , а яе аўтар Адам Ягоравіч Багдановіч , бацька Максіма Багдановіча .
Што там напісана ?
Я працытую : «Па поглядах беларусаў , увесну , разам з ажываньнем прыроды , з абуджэньнем яе ад зімовага сну , ажываюць і душы мёртвых і выходзяць з цесных дамавінаў на вольнае сьвятло . Лічыцца , што ім патрэбная ежа і пітво , што яны ядуць і п ’юць , але рэдка – тры -чатыры разы на год з іх досыць . Дзеля задавальненьня гэтай патрэбы і ў знак павагі да продкаў , перыядычна наладжваюцца памінальныя сталы . «Радаўніца » або «нябожчыцкі вялікі дзень » адрозьніваецца ад іншых тым , што ў гэты дзень памінальная трапеза робіцца на могілках . Што не зьядаюць , пакідаюць на магіле , на яе ж ліюць гарэлку , калі нябожчык любіў выпіць , сыплюць тытунь , калі ён быў курэц . Пакідаюць велікоднае яйка ».
Перад гэтым нябожчыцкім днём магілы павінны быць прыбранымі , з іх трэба прыбраць леташняе лісьце , агароджы падфарбаваць , столікі поруч магілаў умацаваць , лавачкі таксама .
Прадаюцца кветкі неверагодных колераў і формаў . Такіх кветак і расьлінаў , такіх фарбаў няма ў жывой прыродзе . Бо гэта кветкі для нябожчыкаў . Можа , жанчыны , якія вырабляюць іх , нешта ведаюць пра іншы сьвет і тое , што там расьце , якія там колеры . І на тым сьвеце мы будзем гуляць па палях і лясах , дзе ўся расьліннасьць атрутнага колеру ?
На Маскоўскіх могілках у Менску ўсе людзі парадкавалі магілы . Бачыла жанчыну , якая вырвала крыж з зямлі , падсыпала ў ямку пясочак , пасьля падняла крыж і ўсталявала на месца . Вакол неверагодная стракатасьць ад незямных кветак і жывых – ужо прарослых з зямлі прымул , фіялак і канваліяў .
Могілкі нагадвалі вулей . Усюды мітусьня . Гул . Супакой толькі на габрэйскай частцы могілак . Тут не было прыбранае леташняе лісьцё , з яго ў самых нечаканых месцах прарасталі яркія прымулы і фіялкі . Помнікі стаялі блізка адзін да аднаго . Я разглядала адзін з іх – пліта з чырвонага граніту і надпіс : «Брату ад сясьцёр ». І яшчэ надпіс : «А ты , матуля , дзе ляжыш ?»
Мы пафарбавалі агароджу – шэрай і чорнай фарбай . Зьверху шэрай , зьнізу чорнай . Падобна на варону . Пасадзілі прымулы , фіялкі , канваліі ... Зямля была вельмі чорная і халодная . Халодная чорная зямля . Як я ні грэла рукі ў кішэнях курткі – не дапамагала .
Пасьля могілак пайшлі ў офіс . І тут званок па тэлефоне .
– Ты ўяўляеш , Сыс памёр ....
– Гэта сур ’ёзна , ці ён так нас у госьці запрашае ?
– Ня ведаю , – адказалі мне .
– Я патэлефаную , даведаюся . Менск, вясна, год, калі памёр паэт Анатоль Сыс.
|