_____________________ Дрэвы, сьпілаваныя зімой.
Зацемкі |
Дрэвы , сьпілаваныя зімой … Гэты вобраз трывожыў мяне ўвесь час , пасьля таго , як я стала шмат часу праводзіць у Воршы . Каля нашага дому зімой высеклі дрэвы . Пні пакаціліся з высокага берагу ў Дняпро , упалі ў ваду , там і ўмерзьлі , зьверху лёг лёд , схаваў сьвежыя зрэзы . Але дрэваў было шмат , і ня ўсе яны скаціліся ў Дняпро – агромністыя заледзянелыя камлі ляглі побач з тым месцам , дзе яшчэ нядаўна расьлі , дзе захаваліся пад мерзлай зямлёй іх карані .
Пра сьпілаваныя зімой дрэвы , як пра сімвал самоты , пісаў Франц Кафка : “Мы як сьпілаваныя дрэвы зімой . Здаецца , што яны проста скаціліся на сьнег , крыху піхнуць – і можна скрануць іх з месца . Не , скрануць іх нельга – яны моцна прымерзьлі да зямлі ”. Жудасны сон пра абсалютную адзіноту . Прамерзлыя мёртвыя дрэвы , для якіх ня будзе вясны , але яны пра гэта яшчэ ня ведаюць .
Гэтыя зацемкі прысьвечаныя жыцьцю ў Воршы . Часткова яны друкаваліся на сайце http://www.svabodaby.net/, а часткова ў дзёньніку http://kyta-kyta.livejournal.com.
Люстэрка
У краме жанчына сталага веку спрабавала прайсьці праз люстэрка ў кабінцы для перааапрананьня . Маладая прадавачка выводзіла яе з кабіны паказвала на дзьверы і казала :
– Вам туды ...
– Адкуль Вы ведаеце , куды мне ? – адказала жанчына і вярталася ў кабіну з люстэркам .
Там яна прыціскала далоні да люстранога шкла і казала свайму адлюставаньню :
– Ідзіце сюды , тут можна прайсьці . Праходзьце , праходзьце ... А то яны не даюць вам прайсьці ...
Адлюстраваньне бязгучна варушыла вуснамі
– Нічога ня чую , – крычала жанчына свайму адлюстраваньню , – тут нічога не чуваць .
Чатыры бабулі
У дзевяціпавярховым доме , на адной пляцоўцы жылі чатыры бабулі . Спачатку адна паставіла сабе лічыльнік на ваду і выхвалялася перад суседкамі сваёй беражлівасьцю , пасьля другая … Неўзабаве ўсе чатыры бабулі паставілі лічыльнікі .
Цяпер яны пачалі параўноўваць , у каго большая эканомія . Адна з бабуляў скеміла , што можна сэканоміць на гарачай вадзе і пачала набіраць гарачую ваду з батарэяў . Суседка ня ведала , што можна браць ваду з батарэяў , але інтуітыўна адчувала , што яе суперніца эканоміць менавіта на гэтым . Таму яна адключыла гарачую ваду , а дзецям , якія спачатку думалі , што ваду адключылі ва ўсім доме , растлумачыла , што вада ў кране ўсё роўна іржавая і мыцца ёй шкодна , асабліва , каля яна гарачая . “А якой жа вадой карысна мыцца ?!” – спыталі ў яе . І гэты момант стаў паваротным , бабуля зразумела , як вырвацца ў пераможцы . “Карысная тая вада , якая на вуліцы ў калонцы ”, – адказала яна .
Калонка захавалася ў двары , бо побач стаялі прыватныя дамы . Ваду пачалі насіць і грэць у бачку на газе (газавага лічыльніка ў кватэры пакуль не было ). Потым ваду залівалі ў ванну , дзе мылася па чарзе ўся сям ’я . Але і пасьля таго , як усе памыюцца , ваду не зьлівалі , а выкарыстоўвалі для ўнітазу – перацягваючы яе з ванны ў прыбіральню ў адмысловым маленькім вядзерцы .
У кватэры наступіла поўная і абсалютная эканомія вады . Лічыльнік нічога не налічваў . З ЖЭСу пачалі прыходзіць праверкі , але з лічыльнікам усё было ў парадку .
Загадка касьцёльнага кветніка
Мы стаялі і разглядалі ставок ля касьцёлу Сьвятога Язэпа ў Воршы – было цікава , у чым там растуць лотасы , і наогул , як усё зроблена ? Кветнік ля касьцёлу – надзвычайная зьява ў нашым горадзе , у якім калі зьявіцца нешта прыгожае й новае , дык адразу ж б ’ецца , ламаецца і выкарчоўваецца (калі гэта ў зямлі ). Гэта тычыцца ўсяго : прыбіральняў , ліхтароў , пляжных “грыбкоў ”, лавак , агароджаў і г .д . Я спрабавала выявіць заканамернасьць , быццам бы ўсё зламанае нічога ня зьвязвае … Нічога , апрача прыгажосьці і навізны .
Дык вось , кветнік каля касьцёлу для мяне загадка . Альбо на яго ня робяць напады вандалы , альбо ксяндзы ведаюць , як вырашаць пытаньне з вандаламі . Альбо там хутка ўсё аднаўляюць . Нават маленькія бутэлечкі ад настойкі баярышніка (найтаньнейшы алкагольны напой – “медыцынскі каньяк ”) ляжаць пад плотам з іншага боку . Таму я часта хаджу глядзець на гэты цуд пасярод рэзруху .
І вось стаялі мы так і глядзелі , калі да нас падышла жанчына . Як кажуць , інтэлігентнага выгляду , я спачатку падумала , што яна накіроўваецца ў касьцёл , але не , жанчына спынілася і завяла з намі размову .
– Нядоўгі час застаўся для ўсё гэтай прыгажосьці …
– Чаму ?
– Хутка прыедзе Лукашэнка і навядзе парадак …
– Які парадак ?
– Ну , хто гэта такое дазволіў ? Яны адхапілі столькі зямлі і робяць на ёй , што хочуць .
– А што тут трэба зрабіць ?
– Праход каля рэчкі , каб людзі хадзілі … А такая прыгажосьць можа быць толькі ў цэнтры гораду на плошчы , а ня ў іх .
Цікава , што , адчуваючы нашу нязгоду , жанчына адстойвала сваю пазіцыю дастаткова цывілізавана – не крычала , не брыдкасловіла і нават не выказвалася ў наш адрас . Засталося ясным адно – прыгажосьць можа быць у сьпецыяльна вызначаным дзяржавай і прэзідэнтам месцы , усё астатняе – непарадак , з якім трэба змагацца .
Словаў не было . Замест адгадкі я атрымала яшчэ адна загадку …
Вайна з дрэвамі
Мы пасадзілі ў двары елачку , каб расла , каб упрыгожваць яе на зімовыя сьвяты . Прыйшла суседка – рыначная гандлярка , паглядзела , пакрывілася і сказала , што трэба елачку тэрмінова выкапаць і выкінуць , але не патлумачыла чаму і сышла . Пасьля прыйшла іншая жанчына – выкладчыца красьленьня і жахнулася , убачыўшы елачку , і таксама сказала , што ад елкі трэба пазбаўляцца як мага хутчэй , бо калі елка дарасьце да пэўнага ўзросту , а яе камель дасягне пэўнага дыяметру , то памірае гаспадар дому ... Усе нашыя словы пра тое , што паўсюль у Еўропе перад кожным домам растуць елкі , ня дзейнічалі . Выкладчыца сьцьвярджала , што пра жудасныя ўласьцівасьці елкі ёй распавялі па БТ , што жадае яна нам толькі добрага і кідалася на елачку .
Што гэта ? Нейкі стары невытлумачальны страх перад лесам , які трэба карчаваць , каб рабіць поле , будаваць хату ? Уяўленьне пра тое , што лясныя дрэвы ня мусяць расьці надта блізка да хаты , бо гэта – небясьпечна ? Лес – гэта ня толькі елкі , але і зьвяры , і злыя рабаўнікі ? Здаецца , у еўрапейскіх краінах перасталі баяцца дрэваў . У Германіі старыя дрэвы маюць асаблівы догляд , у нас – зьнішчаюцца ўмомант . Навядзеньне парадку ў беларускіх гарадах наўпрост зьвязанае са зьнішчэньнем дрэваў – чым болей высеклі , тым большую навялі прыгажосьць . Шмат было сказана незалежнымі СМІ пра перанос помніка Уладзіміру Караткевічу ў яго родным горадзе – былі радыёперадачы , артыкулы і сюжэт па незалежным тэлеканале “Белсат ”. Але ніхто не сказаў пра тыя шыкоўныя экзатычныя залатыя кусты , што расьлі каля помніка і былі зьнішчыны бульдорзерам , як толькі на іх зьявіліся кветкі (вельмі хачу верыць у тое , што адзін куст мне ўсё ж удалося ўратаваць , і ён знайшоў надзейны прытулак у прыватным садзе ). Нічога не было сказана і пра няшчасныя кветкі , якія загінулі пад нажом бульдозера ў тым самым Прыдняпроўскім парку – хосты , ірысы , баданы , восеньскія астры , вялікія дэкаратыўныя васількі . Бо толькі ў Беларусі рэканструкцыі паркаў праводзяць з дапамогай бульдозераў , бо ў нас дагэтуль працягваюць баяцца дрэваў і расьлінаў .
“Хрэнаўка” – каб захаваць жыцьцё,
у госьці трэба хадзіць са “сваім”...
“Хрэнаўку ” робяць на расійскім сьпірце , але з беларускім хрэнам . Ад самаробнай “смаленскай гарэлкі ”, якая вырабляецца і актыўна спажываецца ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі , “хрэнаўка ” адрозьніваецца – гэта больш далікатны напой . Каб у хатніх умовах вырабіць “смаленскую гарэлку ”, трэба разьвесьці вадой з -пад крану прывезены са Смаленску сьпірт , заліць у бутэльку і наклеіць этыкетку . Гэты нескладаны рэцэпт актыўна рэалізуецца на “кропках ” нелегальнымі гандлярамі сьпіртным , такая гарэлка ў два разы таньнейшая за крамную .
Тэхналогія вырабу “хрэнаўкі ” больш складаная : бяруць карані хрэну , ачышчаюць , пасьля пераціраюць на тарцы і засыпаюць ва ўсё той жа разбаўлены вадой сьпірт . Пасля “хрэнаўка ” настойваецца – столькі дзён , на колькі хопіць цярпеньня . Пасьля можна дадаць некалькі кропляў лімоннага соку ...
А потым “хрэнаўку ” п ’юць і хваляць : “Які смак прыемны , галава не баліць !” Дбайныя гаспадыні “хрэнаўку ” разьліваюць па бутэльках і выстаўляюць на стол . Пра тое , што выпіў у гасьцях менавіта “хрэнаўку ”, а не , напрыклад , “Няміраў ”, можна даведацца толькі пасьля таго , як вып ’еш , бо могуць спытаць : “Ці добра табе ? Ці смачна ? Самі рабілі ! Гэта ж хрэнаўка !”
І вельмі добра , калі “хрэнаўка ” не была зробленая на падставе “максімкі ” – тэхнічнага сьпірту , тады ёсьць шанец захаваць жыцьцё і здароўе . А яшчэ лепей , калі ідзеш на госьці са “сваім ”.
«Рыба ды зайцы завядуць у старцы»
Лёд на рэчках пачаў раставаць , але гэта не спыняе рыбакоў . Як цені забытых продкаў блукаюць яны каля рэчак і азёраў . Зранку і ўвечары , і ўначы , і цэлы год рыбакі – неад ’емная частка беларускага краявіду . Чаму яны ходзяць на рыбалку ? Што рухае імі ? Жаданьне здабыць рыбу , пракарміць сям ’ю ? Наўрад ці … Рыбалка – гэта пошук шчасьця . Якое немагчыма ў рэальным жыцьці . Гэта пошук шанцу , які немагчымы ў сацыяльным жыцьці . Рыбацкае шчасьце – замена жыцьцёвага посьпеху . Пра гэта сьведчыць і беларуская народная мудрасьць – «рыба ды зайцы завядуць у старцы », у сэньсе , калі будзеш займацца толькі рыбалкай ды паляваньнем , то станеш жабраком – старцам . Можна запярэчыць : самыя багатыя людзі захапляюцца рыбалкай . Гэта так … У 1986 годзе на вялікім вадасховішчы Гастываж пад Прагай мой бацька стаў сьведкам здарэньня , якое яго ўразіла . Рыбакі гналі да вады чалавека , у якога падстаўкі пад вуду былі выразаныя з дрэва (ва ўсіх астатніх падстаўкі былі металёвыя – крамныя ). Рыбакі крычалі : «Прэч ад вады . Зарабі спачатку грошы . Ня маеш грошай купіць прылады і рэжаш дрэвы ! Зарабляй ! Ідзі працуй ». Вось такая сумная гісторыя пра тое , як багатыя рыбакі прагналі ад вады беднага рыбака …
Рыбацкае шчасьце – гэта вялікая , незвычайная рыба , якую дагэтуль ніхто не злавіў . Рыбалка і корміць , і супакойвае , дазваляе застацца сам -насам з сабой і прыродай , адчуць сябе першым чалавекам на Зямлі – Адамам у чаканьні посьпеху – «сёньня мне пашчасьціць , нягледзячы ні на што ». А калі нічога ня зловіш , дык пашчасьціць у наступны раз . На рыбалцы ты сам на сам са сваім шанцункам ці нешанцункам . На рыбалцы людзі ідуць на рызыку , часта гінуць , робяцца неабачлівымі , забываюць пра бясьпеку . Гэта пошук таямнічага і цікавага , таго , чаго няма ні ў кога , а можа здарыцца толькі з табой . У штодзённым жыцьці людзі ня маюць магчымасьці ўвесь час займацца пошукам шанцунку .
Чалавек любіць свабоду , але часам яму яе не хапае … Рыбалка до рыць адчуваньне свабоды , якой амаль не засталося ў штодзённым жыцьці . Паплавок на паверхні вады заварожвае , супакойвае . Ты закінуў вуду і нерухомееш у чаканьні цуду – вось -вось … Ты закінуў вуду і чакаеш , хто адгукнецца , хто выйдзе з табой на сувязь – раптам гэта тваё шчасьце – рыба , якую дагэтуль ніхто не лавіў . Вось яно – рыбацкае шчасьце !
Ці існуе беларуская аўчарка?
Ёсьць розныя аўчаркі – нямецкая (самая распаўсюджаная ў сьвеце ), польская нізінная , каўказ cкая , паўднёва -руская , а таксама венгерскі ды ірландскі ваўкадавы … Гэтыя сабакі спрадвеку ахоўвалі статкі ад драпежнікаў і злодзеяў . Да аўчарак адносяцца лёгкія , хуткія , не абавязкова буйных памераў сабакі , у якіх дастаткова шырокае кола абавязкаў – трымаць статак разам , гнаць на выпас , і , канешне , ахоўваць .
А ці існуе беларуская аўчарка ? Сярод прызнаных парод – не . А ў прыродзе існуе . Узгадайце ! Вы іх бачылі на вуліцах беларускіх гарадоў , мястэчак і вёсак . Раней яны верна беглі за возам (а гэта сьведчыла пра іх вернасьць ), калі гаспадар выязджаў па справах , а цяпер вельмі любяць бегаць сьледам за машынамі . Нездарма кажуць : “бяжыць , як сабака за возам ”. Да канца 20 стагоддзя “сабакі за возам ” гарманічна існавалі ва ўсіх карцінах штодзённага беларускага жыцьця . Іх можна і цяпер убачыць і ў дакументальнай хроніцы , і на сямейных фотаздымках . Гэта дастаткова моцныя сабакі , вышынёй 50 сантыметраў у холцы , крыху аблавухія (але вушы могуць і падымацца пры пэўных абставінах ), хвост могуць трымаць як абаранак , так і на ваўчыны манер . Вострая пыса – у профіль вельмі падобная на ваўчыную . Добра разьвітая сістэма цягліцаў , асабліва на гру дзях . Кароткая густая поўсьць чапрачнага колеру (спалучэньне чорнага і рудога ). Сабака можа выглядаць агрэсіўным , але большая частка брэша і не кусае людзей . Верагодна , што парода гэтая была сфармаваная ў 16 стагоддзі – у адзін час з польскай нізіннай аўчаркай . Свае прыродныя інстынкты гэты сабака цудоўна прыстасоўвае да жыцьця сярод людзей – гэта адданы кампаньён і цудоўны вартаўнік .
На жаль , гэтая старажытная парода так і не была культываваная , як і ўсё беларускае : што маем – не шануем . Зараз “сабакі за возам ” актыўна мяшаюцца з прадстаўнікамі іншых пародаў , якіх людзі набываюць , а пасьля збываюць на вёскі , дзе яны пачынаюць весьці вольны лад жыцьця . Які лёс чакае ў будучыні “сабаку за возам ”? Цяжка сказаць … Польская нізінная аўчарка , напрыклад , падчас другой сусьветнай вайны была на мяжы зьнікненьня , і захавалася толькі дзякуючы намаганьням прыхільнікаў пароды . А мы ? Хочацца аптымістычна спадзявацца , што “сабакі за возам ” ня зьнікнуць назаўсёды .
Дзеля справядлівасьці варта адзначыць , што ідэю пра існаваньне беларускай аўчаркі альбо сабакі за возам у 90-ыя гады выказаў Алесь Бяляцкі , які тады ня быў праваабаронцам , а працаваў дырэктарам музею Максіма Багдановіча ў Менску .
Смаленскія прысмакі
Людзі , якія жывуць на мяжы з Польшчай , па магчымасьці набываюць прадукты ў Польшчы , на літоўскай мяжы – у Літве , на ўкраінскай – ва Ўкраіне , а людзі з беларуска -расейскай мяжы , каб “затарыцца ”, накіроўваюцца ў Расію .
Дабірацца да Смаленску можна па чыгунцы . А лепей за ўсё на ўласнай машыне ці прыватнай маршрутцы – кіроўцы такіх маршрутак на просьбу кліентаў “падбіраюць ” іх ля самага дому . Як правіла , каля сямі раніцы . У Смаленску закупляюць цыгарэты (пераважна танную “Балканскую зьвязду ”), каўбасу , марожаную рыбу , курыныя кумпячкі , паўфабрыкаты – шарыкі з курынага філе з сырам усярэдзіне , “рыбныя палачкі ”, маянез . А яшчэ вязуць са Смаленску розныя салодкія прысмакі – зефір у шакаладзе , цукеркі , печыва , вельмі смачныя слаёныя рагалікі са згушчонкай . Прывезенае са Смаленску часткова спажываецца дома , часткова прадаецца . Маршрут прыватнай маршруткі на Смаленск ідзе па трасе праз Дуброўна . Людзі з Дуброўна возяць на рынак прадаваць мяса – сьвініну . Да мытні ўсе едуць сонныя , хто сьпіць , хто размаўляе паміж сабой , размовы ў асноўным “барыжныя ” – дзе што купіў , як прадаў , што атрымаў . На расейскай мяжы кіроўца плоціць разавую страхоўку і вязе пасажыраў далей . У Смаленску езьдзяць па аптовых базах , дзе закупляюць прадукты – усё тыя ж кумпячкі , рыбу , слодычы . Потым – на Цэнтральны рынак , дзе ўсе разыходзяцца гадзіны на дзьве .
У Беларусь усе вяртаюцца з поўнымі торбамі , мікрааўтобус едзе загружаны да самага верху . На адваротным шляху на мяжы можа зазірнуць у маршрутку беларускі мытнік – праверыць – ці не перабраная норма на сьпіртное і цыгарэты , ці не вязуць кантрабандны небясьпечны для жыцьця сьпірт “максімка ”.
Які сэнс у такіх паездках ? Гэтае пытаньне я задала хатняй гаспадыні Натальлі , што рэгулярна наведвае Смаленск .
– Прадукты харчаваньня ў Расіі значна таньней , а на аптовых базах яшчэ таньней . Калі прадаць , то акупляецца ўся дарога і яшчэ на жыцьцё хапае . Перад сьвятамі езьдзяць , каб закупіць прадукты для сябе , бо розьніца ў коштах рэальна адчуваецца . Смаленск – горад старажытны , але вельмі брудны . Гэта горад -базар … Я добра ведаю , дзе ў Смаленску якія аптовыя базы , дзе лепей браць .
– Адкуль вы ведаеце ?
– Захочаш есьці – даведаешся !
Басейн у Александрыі
Спачатку мы ехалі па цёмнай -цёмнай дарозе сярод змрочных елак . Пасьля ўбачылі ўдалечыні яркае сьвятло , сканцэнтраванае над адным аб ’ектам – быццам сярод цемры беларускіх палёў апусьцілася іншаземнае НЛА . Але нічога касьмічнага ... На ўзбочыне дарогі зьявіліся людзі , прыкметныя ў цемры , – законапаслухмяныя – усе з флікерамі .
І адразу мы ўбачылі ўказальнік “Александрыя ”.
“Александры -ыя !” – засьпяваў пад “Песьняроў ” адзін са спадарожнікаў – у далёкія 1980-я лідэр аршанскага рок -гурта “Калыска для коткі ”. “Ня тое пяеш , – паправілі яго , – “Песьняры ” спявалі “Александры -ына ” – гэта жаночае імя , а Алескандрыя – родная вёска Лукашэнкі ”. Вось і прыехалі .
Тое , што здалёк здавалася касьмічнай талеркай , зблізу аказалася спартовым цэнтрам , пабудаваным у вёсцы на асабісты загад Лукашэнкі . Комплекс складаецца з аквапарку , вялізнай спартовай ды трэнажорнай залаў . Вакол спорткомплексу шмат машынаў . Увечары сюды зьязджаюцца людзі з навакольных гарадоў – Копысі , Шклова , Барані і Оршы . У гэтых гарадах няма аквапаркаў і нават няма басейнаў з разавым наведваньнем – калі можна не набываць абанемент , а проста , заплаціўшы грошы , паплаваць у сваё задавальненьне . Там басейны знаходяцца , галоўным чынам , на розных прадпрыемствах , і трапіць туды можна толькі праз заводскую прахадную , папярэдне набыўшы абанемент . А прыхільнікаў здаровага ладу жыцьця ў гэтых гарадах хапае . Таму аквапарк у Александрыі не пустуе . Днём яго наведваюць дзеці з вёсак , а таксама возяць сюды арганізавана і дарослых вясковых жыхароў , а пасьля 18.00 – вольнае наведваньне па запісе .
Пры ўваходзе нас сустрэлі ветлівыя жанчыны ў белых блузках і чорных нагавіцах , патлумачылі , што тэлефоны (папярэдне адключыўшы ) мы можам пакінуць у гардэробе : “Не хвалюйцеся , у нас тут нічога не зьнікае ”. У гардэробе мы пераабуліся , далей пайшлі ў тапках – гэта тут абавязкова – тапкі і шапкі гумовыя . Усё паўсюль цёплае , чыстае і прыемнае – новенькае . Тут ёсьць басейн на 25 метраў , саўна і джакузі і асобны басейн для маленькіх дзетак . І ўсё аформлена ў антычным стылі – калоны , порцікі , блакітная і сіняя мазаіка , лавы ўздоўж басейну з падагрэвам .
Людзей шмат . Басейн поўны . Жанчыны ў прыгожых купальніках , рознакаляровых тапках і шапках . Тут можна і людзей паглядзець , і сябе паказаць – сьвецкае жыцьцё ідзе поўным ходам . Вось з мужчынскай распранальні выйшаў вусаты здаровы мужчына ў чорных плаўках – радасна ўсьміхнуўся і даў нырца .
Цацачная пліта
Зусім нечакана я знайшла на вуліцы вельмі старую цацку – гэта была мініяцюрная кухонная пліта , якую можна па -сапраўднаму запальваць . Пасля вайны палонныя немцы выраблялі такія рэчы ў Балбасава , а можа і ня толькі там ... Балбасава – гэта мястэчка з вайсковым аэрадромам , адкуль у 80-я выляталі самалёты на Афганістан , там служыў генерал Джахар Дудаеў … Маленькая іржавая плітка ляжала пасярод вуліцы , на якой нядаўна – вясной – зьнесьлі старыя дамы . Старыя дамы зносяць , з іх сыходзяць рэчы са сваімі таямніцамі . Прайшоў дождж і вымыў цацку з кучы друзу . Унутры пліты ляжалі трэскі – дровы , і на дзіва , сухія . Пасьля вайны дзяўчаты вучыліся ў такіх плітках распальваць агонь . Я распавяла маці пра сваю знаходку .
Вельм дзіўна – дзецям звычайна не дазваляюць гуляць з запалкамі . Гэта забароненыя гульні . З цягам часу ўяўленьні пра тое , як і чым могуць альбо ня могуць гуляць дзеці , мяняліся . Так адказала маці .
Дзіўна , я пра гэта ня думала . Калі я была маленькая , захоўвалася яшчэ старая мода , каб дзеці мелі лялечныя куткі . Дзецям дазвалялі ў куце , за ложкам ці яшчэ чым -небудзь , рабіць на падлозе лялечныя куткі . Лялечная мэбля , лялечны посуд . Але мне не было гэта цікава . Улюбёнай забавай былі люстэрка і сподак з вадой . З дапамогай гэтых прадметаў мы з сяброўкай спрабавалі зазірнуць у будучае . У лазьні , накрыўшыся коўдрай і запаліўшы сьвечку , мы ўзіраліся ў люстэрка і бачылі там штосьці цьмянае і загадкавае – сваю будучыню . А каб сапраўды ўбачылі – не паверылі . Напрыклад , ці магла мая сяброўка ўбачыць там сваё раньняе замужжа і ад ’езд ва Узьбекістан , а пасьля вяртаньне на радзіму з дачкой ? Ці маглі мы там пабачыць незалежнасьць Беларусі , а пасьля і чалавека , які ўплывае на лёс краіны ? Каб убачылі , то , відаць , ляцелі б з той лазьні … куды -небудзь гуляць у іншыя гульні … А цацачную пліту я забрала з вуліцы , прынесла і паставіла ў той самай лазьні . Бо будучыня заўсёды цьмяная , а мінулага шкада .2007-2009 год, г. Орша
|