Душа
Глумнее часу дзікі шал,
І глухне ў ім мая малітва.
0, як спустошана душа,
Нібыта поле пасьля бітвы.
У ёй зьвідна і дацямна,
Нібы на скрыпцы той бядачай,
Яшчэ трымціць адна струна
I тая несьціхана плача.
Безабаронная яна,
I гэтым цешацца глумліўцы.
Хоць жыць нанова пачынай,
Каб зьдзеку гэтага пазбыцца.
Цурайся здрадлівых вачэй.
Бунтуй, як доля не хацела б,
Пакуль ты чыстая яшчэ,
Пакуль трымаешся у целе.
* * *
Стагнаў і ветрам бег у полі,
крычаў, хоць закрывалі рот:
— Камо градзешы, мая Доля,
Камо градзешы, мой Народ.
Твой шлях бядой пераараны,
Падбіты болем кожны крок.
I што нам там наканавана,
Куды гукае нас прарок?
Ірвецца зноў з грудзей пакутных
Малітва даўняя мая:
“Калі ёсьць ты, усемагутны,
Чаму такі нямоглы я?”
Рынак
А як жыву, пытаць дарэмна,
Бо не паверыць аніхто,
А як жыву?
Жыву сярэдне,
Але сярэдзінай ня той.
Мой боль на вагах, не, ня ўзважыш,
Ды ты спытай у жабрака.
— Жыцьцё сярэдняе, — ён скажа —
Сам пасярэдзіне. А як жа,
А торбы, бачыш, пабаках.
I я даўно ўсё кінуў-рынуў,
Бягу, куды жыцьцё піхне.
Як той удаў, глытае рынак.
3 нутром і торбамі мяне.
Усім тут клопату даволі,
Ці ты ціхмяны ці настыр.
За што, скажы, гандлярка-доля,
Імчыш мяне ты ў гэты вір?
Я ўсё прадаў на той таўкучцы:
Гадзіньнік, ровар і дуду.
Пайшоў ні з чым, хай бачаць людцы.
Сабе пакінуўшы жуду.
Прадаў і баразёнку з плугам,
Прадаў і люльку, і тытунь.
А разам з порткамі — папругу,
А разам з ботамі — вярсту.
Я ўсё прадаў за тое выйсьце,
Якога так і не займеў.
Сумленьне ж маю, як і меў.
Няўжо й яго прадам калісьці,
Маю сьвятую нерухомасьць?
Пазіцыя
I праведнікі і паліцыя
Пытаюцца зноў у мяне:
— Якая твая пазіцыя?
— Такая яна ў мяне,
Нібыта ляжу ў труне.
Адпеты хлусьнёю квяцістаю
Хаўтурна,
няўмольна,
зьнячэў,
I справа, і зьлева заціснуты,
Падважаны зьнізу яшчэ.
Што ўзяў я сабе заміж гонару?
Адно толькі: дзікі мой страх.
Гайнёю за мною гоняцца
Выдаткі,
падаткі
і штраф.
Цярпеньня мне зноў пазычылі.
Мяне яно цісьне і гне.
Якая мая пазіцыя?
Мяне ратаваць ува мне!
Фейерверк
0, гул відовішча шалёны.
Студэнцік, франт і сонны клерк,
Праз вулкі, плошчы і газоны, —
Усе бягуць на фейерверк.
Ну, што ж, пацешымся, як трэба,
Прэм на сьвятло, як матылі.
Успыхне, расквітнее неба—
I зноўку цёмна на зямлі.
Само жыцьцё па гэных мерках,
Як ні круці і ні вярці,
Яно як выбух фейерверка:
Успыхне й тут жа адляціць
Якія сьветлыя хвіліны!
Крычаць клаксонамі машыны.
I хтось цнатліўку абдымае,
Бо дома часу ён ня мае.
Крычыць мая суседка Верка —
Ёй горача ад фейерверка.
Усё ён высьвеціць сягоньня:
Дарогу, прорву і ману.
I зноўку даўні страх агорне,
Што мне бяды не абмінуць,
Што з ёй сустрэнемся мы недзе,
На самай блізкае вярсьце.
А неба не згарае ледзьве,
А неба кветкамі цьвіце.
І вось ужо за трэцім залпам
Такія кветкі расьцьвілі!
Глядзіш, і нехта скажа заўтра:
— А добра ўчора мы жылі
Ішлі туды, куды піхалі,
Самім сабе салютавалі.
Інакш мы, пэўна ж, не маглі.
* * *
Болю нам не малавата,
Ты ня вер у гэты зман.
Зноў нясе свой грозны атам
Новы век,
Як атам-ан.
Мне яшчэ баліць былое
І, відаць, не адбаліць,
Што заплямлена маною,
Цяжка праўдай адбяліць.
Я пра ціш і пра лагоду,
Хай нам згоды Бог дае.
Хай і сум,
скаваны лёдам,
І зімою адтае.