Царскія хаўтуры
Юрка Карасюк памёр нечакана для сябе самога. Памёрлы са зьдзіўленым тварам сядзеў на лавачцы тры-чатыры гадзіны і не прыцягнуў нічыёй увагі. Першым убачыў яго дурны Яшка, які доўга таптаўся ля нябожчыка і прасіў папяроску. Пасьля лётаў ад хаты да хаты і прадказваў нейкі баль. Убок дурнога ўдовы пасылалі дулі або затыкалі яму рот скібкай пірагу з цукрам.
Пад вечар Карасюка знайшла маці.
— Што сядзіш як затычка ад пекла, — накрычала спачатку старая.
Пасьля на вуліцы, рыхтык як у пажар, пачуўся пранізьлівы бабскі віск. Гэта быў пачатак вялікага зрыву, які тры дні і тры ночы панаваў у Н. і які, без сумненьня, можна назваць найбольшай падзеяй за апошнія дзесяць гадоў.
l l l
Праз дваццаць хвілінаў у Н. зноў пачулі рык. Гэтым разам па брукаванай вулачцы імчала “хуткая дапамога”. Ня ўсе паверылі ў сьмерць Юрася Карасюка, нават тады, калі лекар пацьвердзіў на паперы скон.
Але пайшлі ўжо ў рух тэлефоны, бабулі званілі сваім дочкам, тыя, у сваю чаргу, перадавалі навіну далейшым сваякам і знаёмым ды ўсім хросным дочкам і сынам, якіх асіраціў Карасюк. Зьвестка пра здарэньне ў дрымучай і забытай вёсачцы на працягу першай гадзіны даляцела ў Аўстралію.
Нейкія дзьве гадзіны пазьней, сярэдзiнай вуліцы, басанож, імчала Шурка С. Удава толькі што ачуняла ад двухтыднёвага запою.
— Ах, мой саколік! Мой родненькі! Для каго ты нас бедных пакінуў?! — луналі пад неба яе журботныя галашэньні.
Пад уплывам ляманту, які выклікаў дрыжыкі на сьпіне і наклікаў плач, у вёсачцы зараўлі дзьве апошнія каровы.
Аднак да гэтай пары дзьве найстарэйшыя ўдавы пасьпелі ўжо памыць мерцьвяка. Апранутага як на шлюб Юрася, з кальцом са штучнага золата, паклалі на покуці.
— А я дапільнавала, каб ніхто вады ня сьвіснуў, — скажа пасьля ў таямніцы старажылка Сонька Ш.
У Н. ведае стары і малы (хоць тых апошніх, як на лякарства), што ля хаўтураў труцца аматары чорнай магіі. Самым вялікім для іх выклікам ёсьць пакража вады, у якой мыюць нябожчыка.
— Такой вадой лёгка чалавека або жывёлу са сьвету зьвесьці, — асьцерагае добрая старажылка.
Пасьля апошняй зьвесткі я адлятаю на Філіпіны.
l l l
Раніцай, недзе ў сем гадзінаў, над вёсачкай зноў пачуўся адчайны віск. У гэты раз калолі парсюка пад памінальную абедню. Яшчэ ўначы, калі бабулі сядзелі ля пакойніка і пяялі яму „Кажут людэ, што я ўмру”, чыталі галашэньні са старых сшыткаў, у якіх перапісаныя хаўтурныя творы, актывізавалася мужчынская талака. Старыя кавалеры, у тым ліку Ёзік Дрозд і Слава Касьцюк, пазьлівалі з усіх бунькаў брагу, якую знаходзілі ці то на печы, ці то ў кацубніку пенсіянераў, і выгналі тры вёдры самагонкі. Раніцай пагналіся яшчэ ў лес і насеклі поўны воз фашыны, якой выслалі панадворак памерлага. Каб прыгожа пахла.
З раніцы да вечару ў Н. панавала небывалае ажыўленьне. У гэты дзень наймалодшыя элеганткі адправіліся ў мястэчка, каб зрабіць перманентную завіўку. Вядома, паводле афіцыйнай версіі, кабеты сьпяшаліся па жалобны вянок — такія аздобы заказалі, здаецца, з кожнага двара.
На сьмерць Юрася Карасюка адгукнуліся і ўласьнікі аб’язных крамаў. Апрача хлеба і цукру прапанавалі яны лампадкі, пластмасавыя букеты з надпісам „Ostatnie poїegnanie”, чорныя бабскія калготы.
l l l
Пасьля абеду, у час, калі завяршаецца працоўны дзень, у Н. пачалі зьязджацца гарадскія сваякі. Машыны імчалі адна за адной, а потым іх можна было сустрэць ля кожнай старэнькай хаткі, рыхтык у Вялікдзень. Праўда, пасьля ўскладзеньня ля труны кветак або вянка, многія адразу вярталіся ў горад на начлег. Толькі старажылкі і найбліжэйшая сям’я — сёстры, браты і маці, трымалі ўсю ноч варту ля нябожчыка.
— Няма большага гора, чым пахаваць дзіця, — каментавалі па баках лямант і роспач маці, якія ўспыхавалі прыблізна сем разоў на гадзіну.
Час ад часу ўзрываліся спантанныя галашэньні і сярод аднавяскоўцаў. У гэтай справе ярка вылучалася згаданая ўжо ўдава Шурка С. У галашэньнях успаміналіся толькі станоўчыя рысы памерлага. Сам Юрась, каб жыў, дык дзіваваўся б гэтым раптоўным і квяцістым захапленьнем ягоным пройдзеным шляхам. У жыцьці па-рознаму бывала, асабліва ў апошнія дваццаць гадоў, калі на маразм і дэпрэсію, выкліканую пастаяннымі паховінамі, у Н. мелі адно лякарства — запой. Але Юрась і тут меў сваю шляхетную місію.
— Нават у час, калі стаў лізаць дэнатурат, меў ён свой людскі клас, — скажа пасьля Ёзік Дрозд. — Ён уставаў з-за стала або з лаўкі на зважай і прапаноўваў не банальны тост: За шчасьце і волю беларусаў!
Гэты тост новапрадстаўлены Георгій меў пачуць яшчэ ў часы дзяцінства ад свайго дзеда, балахоўца.
l l l
Праўда, мала каму з прыезджых падабалася, што Карасюка хаваюць свае людзі, значыць, вяскоўцы. Асабліва гарадскія круцілі насамі:
— Пахавальная фірма хавала б яго ў белых рукавічках!
Юрася Карасюка пахавалі на трэці дзень па сьмерці, калі зьехаліся ўжо з цэлай краіны і з замежжа сваякі. Сама магіла напамінала піраміду. Аблажылі яе гурбой пластмасавых вянкоў, як пасьля з зайздрасьцю будуць паўтараць у Н. — як па нейкім епіскапе. Сам бацечка, з якім сям’я таргавалася наконт ганарару за паховіны, назначаную суму аргументаваў словамі: „Я ж яго як самога цара вам пахаваў!”
Афіцыйныя хаўтуры закончыліся рытуальным спажываньнем канону і шчодрым абедам, які цягам двух дзён смажылі і гатавалі сваячкі і знаёмыя — таксама дружнай талакой. Цягам гадзіны на сталы паставілі звыш пяцідзесяці мясных, рыбных і салодкіх страваў. Былі галубцы і першасныя каўбасы, адбіўныя катлеткі і бігас, селядцы і рыба на пяць спосабаў, салаты з гародніны і экзатычных пладоў, пончыкі і далікатныя пірагі з крэмавымі і шакаладнымі начынкамі.
Пры стале, згодна з традыцыяй, выпілі па тры кілішачкі, а потым усе разышліся па дамах.
— Які слаўны погжэб вы Юрасю справілі, — гаварылі на разьвітаньне ўдзельнікі сумнай гасьціны.
Яшчэ ў той самы дзень у хаце пакойніка жанчыны спалілі сьмецьце і памылі падлогу.
l l l
Памінаньне новапрадстаўленага працягвалася пасьля ў навакольлі бара „Амазонка”. У сьпітай кампаніі ўсё выхвалялі шляхетнасьць і непаўторнасьць памерлага. Дзеля апошняй справы пайшлі ў рух згаданыя ўжо тры вядры самагонкі, якую расьпівалі-выпівалі калейкай, парцалянавай філіжанкай бяз вушка. Тут жа адбывалася і свайго роду тусоўка са сьмерцю:
— Цяпер чарга дайшла да мяне, — роў дзікім голасам Ёзік Дрозд. Яго змрочную персьпектыву меў прадвяшчаць апошні сон. Менавіта Дразду, як першаму, прысьніўся мярцьвяк. Юрась ехаў фурманкай па вуліцы і спыніўся каля яго хаткі. Зрабіў каля сябе месца і рукой заклікаў да сябе.
— У нас добро, вясёло, — заахвочваў калегу прысесьці побач. Сон Ёзіка разгадалі ў Н. адназначна, з-за чаго налівалі яму большыя дозы самагонкі.
Адчайная п’янка, у час якой мяшаліся сьлёзы і песьні кшталту „Тапаля-тапаля”, доўжылася яшчэ два тыдні. Ніхто не прыкмеціў, як памерла старая Палашка. Яе хаўтуры не цікавілі кампанію.
Палашку пахавала фірма ў белых рукавічках!
Дзірка ў неба
На месцы старой хаткі Макаркавай Гапкі асталася глыбокая яма. Без расьлінаў і жыцьця, як у пустыні. Сярод шэрай патрэсканай гліны валяецца дзіравы чобат. Ля паваленага, гнілога плоту бачу прыладу з часоў сярэднявечча — драўляны гарпун. У заваленай студні плавае мёртвы пацук.
— Каго так шукаем, га? — як з-пад зямлі на забытым панадворку зьяўляецца аброслы асобень. Страшнавата, калі падыходзіць бліжэй.
— Я таго... — чамусьці займае мне мову, — я-я фатаграфую... Мой фотааб’ектыў накіроўваецца ў бок сухога дуба, на які пачэпленыя стужкі, ручнікі і ўсякія чарадзейныя латкі.
— Гэта прыватная тэрыторыя! — асьцерагае мяне незнаёмы, а я адчуваю, як нейкая сіла вырывае фотаапарат у мяне з рук.
l l l
Генік Макаркаў, той аброслы асобень, першы заводзіць гутарку. Кажа, што любіць дзяўчат, якія яшчэ ўмеюць гаварыць па-своему.
— Прабач мне, што такі непабрыты, — кажа пра свой нясьвежы выгляд. Пасьля пакажа сваю гаспадарку: гэта мой кот, гэта мой ровар, гэта мая крапіва. Сярод буйнай крапівы, якая разраслася на панадворку, выглядае яшчэ матацыкл „Ява”, сапсаваны дваццаці гадоў таму.
— Няма для каго мне старацца, — быццам на апраўданьне кажа стары кавалер. Сапраўды, ахвота выбівацца ў людзі даўно пакінула майго субяседніка. Больш цягне яго ў бок лесу. Праз чарапіцу ягонай мураванкі прабіваецца бяроза, якая вырасла ў запушчаным пакоі. Хлявы і стадолу Генік парубаў на дровы і спаліў у печцы ў часе калядных маразоў.
— Сястра ў Беласток забраць мяне хацела, — успамінае, — намаўляла каб палячам уладкаваўся, каб новае жыцьцё завёў. А ня як той дзікун па руінах туляўся.
Але Геніку напляваць на тыя гарадскія падвалы:
— У мяне хоць чыстае паветра ёсьць!
Пра ежу не клапоціцца. Два разы ў тыдзень давозяць яму пашу з сацыяльнай дапамогі.
l l l
Неахайнасьць, абыякавасьць да сябе самога ў Геніка падазроная, на кіламетр чуваць ягоную моц і ўмеласьць зачараваць ад галавы да ног. Гэта маскіроўка. Хоць сам Генік Макаркаў клянецца і божыцца, што ня ведае чараў, усе ў Н. кажуць адно — менавіта ён „нешта ведае”! У бары „Амазонка” называюць яго Кашпіроўскім.
— А як дакранецца да галавы, то пронд па сьпіне ідзе, — кажа барменка Алька. І раіць, каб ня страціць розуму ў яго прысутнасьці. — Бо то такі балдун, што... о-го-го!
Генік — унук Гапкі Макаркавай.
— Калі ў каровы малако прападзе, або калі конь знаровіцца, то да яго з цэлага сьвету едуць за радай, — кажа баба Сонька. Пад лозунгам „з цэлага сьвету” мае на думцы сваю парафію, у якой пяць вёсак.
— А ёсьць у Н. хоць адзін конь? — пытаю.
— Нэма, нэма! — чую ў адказ.
Калі размова пра жывёлу, у аздараўленьні якой сьпецыялізуецца Генік Макаркаў, дык у Н. зусім няма для яго выклікаў. У хатках, дзе дажываюць самотныя ўдовы, асталіся адныя каты, пахрышчаныя імёнамі герояў тэлесерыялаў. Час ад часу трапіцца авечка або курка з пеўнем. Лясная зьвярына, якая шакіруе і наводзіць зайздрасьць у суседніх вёсках, чамусьці шырокім кругам абмінае іх вёску.
Праўда, недахоп шкоды ад пушчанскіх дзікоў і аленяў аж пераеўся ў Н.
Страхоўкі ад гміны ня выдубіш, — наракаюць тут. Вядома, — больш з перасьцярогі, каб не пашкодзіць сабе залішняй хвальбой. Кожны ведае жалезны прынцып: калі табе добра — наракай!
l l l
Ніякія знакі на небе і на зямлі не прадказвалі нараджэньня такога Геніка. На Гапку, ягоную бабулю, ніхто не зьвяртаў увагі, — яна замаўляла боль і немач як усе жанчыны з Н. Жыцьцё Геніка таксама не вылучалася і не адставала ад іншых. Будучы падшпаркам, з сакавіка па лістапад басанож ганяўся па брукаванай вулачцы, пасьвіў кароў і авечак, пасьля біўся як усе маладзёны на вясковых забавах. Хоць найстарэйшыя жанчыны ведалі... Генік ня быў просты. Ён нарадзіўся як блізьнюк, а гэта ў Н. гарантавала метафізічны посьпех. „Будэ тое, шчэ будэ!” — шапталі з надзеяй старажылкі. Ужо быў адзін знак, хоць мала хто ведаў старыя прыкметы. Калі ў тры месяцы пасьля нараджэньня памёр раптоўна яго брат-блізьнюк, уся падараваная сіла перайшла на адну галаву, значыць, на Геніка. Не дарма хлапец вучыўся на адны пяцёркі. Гэта таксама быў доказ: ён ведаў больш, чым ведаў! Хоць у той час ён сам нічога ня ведаў і не хацеў ведаць, сьмяяўся з забабонаў і з замоваў бабулі, якая час ад часу ўпамінала духаў, расказвала пра малако кароў, якое забралі зайздросныя вочы.
Генік закончыў ліцэй і зьбіраўся паступаць на студыя. Марыў стаць адвакатам і, як бабка, дапамагаць людзям.
l l l
Пра моц Гапкі Макаркавай даведаліся адно ў дзень яе сьмерці. Раней яе магічныя практыкі лічылі звычайнай тут штодзёншчынай. Але баба Гапка не магла памерці. Што ні рабілі ў Н., каб выправіць яе ў лепшы сьвет! Спачатку маліліся дзень і ноч. Аднак малітвы не дапамагалі. Гапка ляжала на прыпяку і выла ад болю як воўк. (Чулі ў суседняй вёсцы). Калі зьехаў бацечка, у Н. прыгадалі стары спосаб. Трэба было вырваць дзірку ў страсе хаты. Гэтая практыка ледзь не закончылася сьмерцю першага выканаўцы. Калі падвыпіўшы Уладзік Максімкаў ускараскаўся на дах, яго раптам ірванула і нейкая сіла грымнула аб зямлю. Хлопец ляжаў бяз дыху і здавалася, што канчаецца.
Каб нешчасьліўца вярнуць да жыцьця, яго доўга шыкалі-калысалі ў квяцістай радзюжцы і шапталі замовы. Пасьля паспрабаваў узьлезьці на дах яшчэ баявіты сусед Міцька. Яго таксама не дапусціла — як кажуць пра таемнае кіраваньне ў Н. Адкрыць дзіру ў даху ўдалося аднаму Геніку, які быццам кот ускараскаўся на дах і без ніякіх перашкодаў выдзер патрэбную шчыліну.
Гапка Макаркава супакоілася і прызвала да сябе ўнука. Цяпер адна яна ведала, што рабіць, каб аблегчыць сваю сьмерць. Хоць не хацела такой долі свайму ўнуку! „Бачыла” сьвет, у якім людзі хадзілі як сьвіньні, на чатырох нагах. Цікавіла іх адно: карыта. Словам — ніякага прэстыжу і гонару ад дабрадзейства не атрымае яе ўнучак! Але справа рабілася незалежна ад іх. Будучы адвакат сам стаў на калені ля сьмяротнай пасьцелі і папрасіўся:
— Я ўжо гатовы, — сказаў паміраючай.
Гапка Макаркава доўга шаптала яму нешта на вуха. Памерла яна ў той самы вечар.
Усю ноч, як клянуцца старажылы, была поўня, вылі ваўкі.
Час райскага пеўня
— Было такое! — чырванее Антоша Круп. Гісторыя дурненькая, і гэта добра разумее сам герой, і таму пра здарэньне распавядае выключна ў п’яным выглядзе.
Злосныя языкі бачаць тут яшчэ выяўленьне варажбы з удзелам курэй і пеўня.
Бо „цырк” разыграўся ў каляду кітайскага Году Пеўня, значыць, у магічны дзень, як наша Гагатуха.
— Пожывэм-побачым! — уздыхае Антон Круп. — Будэ відно...
l l l
Яшчэ нядаўна Антоша Круп карыстаўся заслужанай славай першага Казановы і Дон Жуана ў Н. і нават у парафіі. Прытым яго любімым заняткам, апроч эратычных заваёваў, была і ёсьць гадоўля курэй. Ён гадзінамі мог выседжваць ля акна і скрыта любавацца сваімі курачкамі і пеўнем. Антошка ў пэўным сэнсе паўтараў рытуал продкаў. Яго прабабка Параска ніколі адкрыта і шчыра не дазволіла зірнуць на сямейнае хараство, а ў хвіліны захапленьня шаптала закляцьце тыпу: „Соль табе, Парасачка, у вочы”!
Антоша не раскідаўся сольлю, хоць заўзята чытаў магічныя часопісы кшталту „Gwiazdy mуwi№” ды вульгарна-салёную парнуху. Апошняй не ўдзяляў увагі і замест таго, каб упрыгожваць ёю сьцены, як старыя кавалеры ў Н., кідаў у сьметніцу, дзе і валялася яна разам з лучынай і паленамі, падрыхтаванымі для падпалкі.
Вось і ў вілею Году Пеўніка Антоша Круп сядзеў каля вакна з кубкам кавы „Sido” і хваляваўся за лёс планеты. Карацей, ён чытаў у апошнім нумары „Wrуїkі” пра апакаліпсіс і жахлівае цунамі ў Тайландзе.
— Ку-ка-рэ-ку! — запеў, неяк дзіка, Прыблуда.
Антоша зірнуў на сваіх курэй, заўсьміхаўся і далей патануў у катастрафічную літаратуру.
Кукарэканьне паўтарылася.
Пасьля гадзіны кудахтаньня, кукарэканьня і запяваньня, якое Антошу напамінала чамусьці музыку рэп, гаспадар прыкмеціў сцэну. Насупраць адно аднога стаялі Юха з Прыблудам і змагаліся быццам рыцары на турніры. Аднак, што зьдзівіла Антошку, паводзілі сябе як пацыфісты — ня біліся і не дзяўбліся, а толькі кукарэкалі — хто галасьней! Да ўсяго, вядома, прыглядаліся куры, якія стаялі ў бясьпечнай адлегласьці і кудахталі, быццам публіка на трыбуне.
— Нейкая аранжавая рэвалюцыя ў мяне на панадворку? — падумаў Круп і ад уражаньня туды-сюды захадзіў па сваёй прасторнай кухні. Змаганьне на кукарэканьне, здалося яму, трывала без канца. Сам Круп, ня ведаць калі, зрабіўся балельшчыкам матчу і перажываў — як гэта ўсё скончыцца?
Наўзьдзіў — перамог Прыблуда! Райскі пеўнік, які зьявіўся невядома адкуль і навошта ў адзін летні вечар. Чорны конь турніру, значыць, чырвоны певень Юха, з самавітым як вяргінія грэбенем, прыняў да ведама свой пройгрыш і адышоў за кацубнік, а пасьля і зусім прапаў...
Антоша Круп нават пашкадаваў ветэрана, хоць яшчэ больш сябе, што не пасьпеў зарубаць Юху і згатаваць булён.
l l l
Два тыдні пазьней ноччу ў Н. успыхнуў перапалох. Толькі цяпер выявілася, што ў старой хаце Касьцюкоў зноў аб’явіўся д’ябал, значыць, нячысьцік жыве там ад 13 студзеня 1972 году. Тады менавіта мясцовая кавалерка, за намовай чароўнай паненкі Ані Касьцюк, наладзіла ў Гагатуху сьпірытычны сеанс. Моладзі пашанцавала выклікаць здань, з якой сям’я змагаецца ўжо трыццаць тры гады. Д’ябал, як вядома, ня сьпіць, ды час ад часу закрадаецца ў новую хату і вычварае фокусы. То зжарэ бульбу з каструлі, то разальле ваду з вядра на дываны, то раскіне пер’е па чыстым пакоі і мэблі. Што ні рабілі Касьцюкі, дзе не падаваліся за дапамогай, няма спосабу. Не дапамагаюць чарадзейныя замовы, ні бацечка са сьвянцонай вадой, ні партрэт Сталіна, які пакойная бабуля Прузына выразала з падручніка беларускай мовы 1952 году і павесіла на покуці, накрыўшы рытуальна „выцінанку” іконкай сьвятога Юр’я. Яшчэ летам 1972 году Касьцюкі запісаліся ў партыю, атрымалі беззваротны крэдыт ды мігам пабудавалі белую мураванку. Праўда, злыдзень упадабаў сабе больш традыцыйную архітэктуру, і, як кажуць, жыве сабе як пан у старой хатцы. Ніхто дакладна ня ведае, як маюцца яго справы — на ўсякі выпадак людзі з боязьзю жагнаюцца, калі пераходзяць побач сядзібы Касьцюкоў, вядомай ужо ў народзе, як „Чортаў Хвост”.
Вось, у першы дзень Году Пеўня, Пётар Касьцюк, як заўсёды, пайшоў у старую хатку, каб зачарпнуць асыпку для быка. Нягледзячы на гады сужыцьця з нячысьцікам, Пётар баяўся абіваць парогі старой хаткі. Цяпер таксама дзеля адвагі ён мармытаў пад носам песьню: „Ты мяне над крыніцаю...”
Пётар насыпаў з каробкі асыпкі і ўжо пераступаў парог, як раптам... грук! Касьцюк азірнуўся і... здранцьвеў. З коміну вылазіў чырвоны певень, з грэбенем, як вяргінія.
Як заклінаюцца ў Н., Касьцюк прастаяў на адным месцы да вечару.
l l l
Хто ведае, які быў бы далейшы лёс Пеці Касьцюка, каб не адна трагедыя. У першы дзень Году Пеўня, дакладна 9 лютага ў 17 гадзінаў 52 хвіліны, загарэлася клуня ва ўдавы Шуркі. Тут трэба адзначыць, што Пётар Касьцюк — першы ў акрузе пажарнік-добраахвотнік. Хоць у Н. ад урочышча Касьцюкоў тры кіламетры, Пётар зьявіўся раней, чым Арлянская пажарная каманда. Праўда, злыя языкі даказваюць, што арлянскія пажарнікі прыехалі апошнімі не з-за ляноты і бязладдзя, а толькі з-за палітыкі войта, які пазамыкаў на тры ключы пажарныя машыны. Хлопцы і дзяўчаты (там працуе таксама жаночая каманда) пакуль рушылі ў бой, мусілі разьбіць сьцяну дэпо.
Ніхто ня ведаў пра здарэньне ў старой хатцы Касьцюкоў (сутыкненьне фактаў наступіць 25 лютага, у дзьве гадзіны ночы, перад згаданым ужо тэлефонам-запрашэньнем!), але тады наш Пётар, як сам пажар, кідаўся на дваццаць кіламетраў у вочы. І, вядома, на языкі агню. Шырокая публіка, што ўміг зьехалася на машынах з усёй гміны, шаптала, што ў Касьцюка ўступіў сам чорт. Ён першы кінуўся ў агонь і як кот скакаў па сьценах, па вышках, па ентках. Выгружваў з занятай агнём клуні старыя цапы, хамуты, капанькі...
І хоць старой стадолкі ўдавы не пашанцавала адратаваць, Пётар Касьцюк быў узнагароджаны. Пасьля пажару ён зайшоў прысыпаць сольлю сьвежа апараныя рукі ў гасьцінную хатку пацярпелай гаспадыні. Як даказваюць зайздросныя языкі, чульлівая ўдава па сёньняшні дзень займаецца лекаваньнем нашага героя.
Паводле іншых — збылося ТОЕ, што паказалі на панадворку пеўні. Яшчэ да пажару, значыць, да апошняга дня кітайскага Году Малпы, пані Шурка найахвотней лекавала Антошу Крупа.
l l l
Вось яшчэ інфармацыі з апошняй хвіліны: калі ўчора я зноў наведала Н., выў вецер і скрыпеў пад нагамі сьнег. Антоша Круп ішоў усёй шырынёй вуліцы ў расхрыстанай фуфайцы, бяз шапкі і шаліка ды ваўкавыйна заводзіў: „Белым сьнегооо....”.
Між песьнямі ён балбатаў пра канец сьвету і пра першую інвестыцыю за еўрасаюзныя залатоўкі:
— Kуплю пісталет і заб’ю курву!
Цяпер у Н. ня сьпяць па начах і гадаюць — каго менавіта заб’е Антоша К.?! Адны кажуць, што найперш расправіцца з подлым сапернікам, другія — што з нявернай удавой, трэція — што застрэліць іх абоіх, злоўленых у момант лекаваньня?
Толік Дрозд, хоць летуценьнік, мяркуе, што ўсё скончыцца мірна. Праўда, у Крупа ўжо няма шанцаў на ранейшую славу Дон Жуана, і таму ён дрыгае, як недацяпаны певень.
Ёсьць на гэта ў Толіка жалезныя аргументы.
Вось неўзабаве Пётар Касьцюк атрымае на рукі найбольшую кампенсацыю да гектара з Еўрасаюзу. Не таму што ў яго найбольшая колькасьць зямлі — не. Дадатковыя грошы Брусэль налічыць за цяжкія ўмовы гаспадараньня ва ўрочышчы „Чортаў Хвост”!