12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Настасся Кухарэнка

_____________________
На крылах кахання. Вершы


* * *

Дамалюю табе крылы...
Беларускім эльфам будзеш
Між рамонкаў і званочкаў
Пылок шчасця рассыпаць

Дамалюю табе крылы…
Мо спытаешся навошта?
Да вясёлкавых аблокаў
Будзеш сэрцы падымаць

Дамалюю табе крылы…
Шпарка лётаць марыць кожны,
Бо з вышыняў, з-пад блакіту
Нам сябе ясней відаць

Дамалюю табе крылы…
Каб ты лётаў асцярожна,
Каб жыццё насіў на крылах,
Бо ў далонях не ўтрымаць.


* * *

Жыццё крычала: “Пачакай!”
Гарэла сонца. Дрэвы млелі.
За палыновы небакрай
Адчай навыперадкі бег з надзеяй.
Анёлкі лета – матылькі,
Дагэтуль родныя, чужымі зрабіліся,
Бы тыя сны: мы веру ў іх даўно згубілі.
Яны кружлялі ў парах-тройках,
Пакуль не спыніць іх знямога.
Ды сваім лёгкім танцам шчырым
Не заварожвалі нікога…

Ён шлях скіроўваў свой да іншай,
Што у рацэ ваду муціла.
Быць вольным нарадзіўся вецер –
Ў зацішшы жыць не хопіць сілаў.
2010



* * *

У гэты белы ясны дзень
З холадам крыві
Я іду
і ты ідзеш
Па святой зямлі
Ты – ў адчаі
Я – ў чаканні
Блізім хвілю раставання


* * *

Мае крылы імкнуцца да зорак
Позірк – халодны сцізорык
Ты ўсё чакаеш
Адчайна трываеш
Праўды не бачыш,
Бо не жадаеш

Цёмнымі думкамі сцятыя, вечныя –
Мы назаўсёды ў жыцці забяспечаны
Крыўдай запечанай
Душаў галечаю

Мы не ў сне, а на яве кахалі
Гэта не зоркі на вусны ўпалі
Тайну шапталі
Як мы сканалі

А ці пачуеш?
Дзе ты начуеш?

У хуткім часе…

Цёмна ў страсе
І зубру на пласе.
травень 2010

* * *

Над горадам вочы і крылы
У вусцішнай далечы зоры
Мяне абдымі, ветрык мілы,
Спявай пра спакой вераснёвы

У гэтай восені водар растання
Не таму, што жыццё ўмірае,
А душа, тым не менш, жывая
Проста ў лёсе пара такая

Над горадам вочы і крылы
Ад поўні сівеюць прасторы
Мяне абдымі, ветрык мілы,
Скажы пра спагаду прыроды

Яркіх фарбаў жывых затуханне
Ціхім шэптам бярозы люляе
Пакрысе ўсё зямное знікае
След яго неўзабаве згасае

Над горадам вочы і крылы
Маўчанне нішто не ўстрывожыць
Палётай са мной, ветрык мілы,
Пакуль лёс навек не стрыножыць
23.05.2010