_____________________ Крыніца творчасьці - боль.
Гутарка з Кастусём Акулам |
У 80-х Кастусь Акула быў рэдактарам маёй
(разам з А. Мяльгуем) амерыканскай кнігі
“Праз рок-прызму”. Выбраўшыся ў Амерыку
на ейную прэзентацыю ўлетку 1990 году,
я пазнаёміўся з пісьменьнікам асабіста, нават
жыў у яго ў Канадзе, у Таронта цэлы месяц.
Потым у доўгай перапісцы ўгаворваў яго адведаць
Радзіму. Згоду атрымаў толькі ў 1993-м,
выправіў яму запрашэньне і ўзаемны месяц прымаў
шаноўнага госьця ў матчынай хаце. Тады ж у нас
адбылася зьмястоўная гутарка ў прысутнасьці
дыктафону. Яна захоўвалася ў маіх архівах
з таго часу, бо адразу не змагла прабіцца ў друк.
Цяпер жа, прайшоўшы праз прызму часу,
яна ня страціла актуальнасьці.Вітаўт МАРТЫНЕНКА. – Спадар Кастусь, бадай, і ў канадыйскіх беларусаў, і ў тутэйшых ёсьць у лёсе, у сьветапоглядах ня толькі рознае, але й агульнае, ёсьць агульныя куміры й пуцяводныя зоркі. Магчыма, гэта й Купала, і Багдановіч... Вы ня менш за нас шануеце Быкава, Караткевіча... Але нямала людзей такой думкі прытрымліваецца: вось, маўляў, нават ваш Янка Купала пісаў хваласьпевы і Сталіну, і партыі...
– Тых людзей папросту трэба запытаць, ці бачылі яны купалаўскія рукапісы з такімі вершамі. А то ж усім вядома, што і як у вас друкавалася, ды колькі правак і падчыстак было. І да сёньняшняга ж дня ў Вязынцы на помніку паэта выбіты і па-расейску, і па-беларуску словы: “З Масквы, з Крамля хадою ўдумнай,/ Хадою ўдумнай, чалавечай/ Ідзе, браты, да вас камуна,/ Каб ваша шчасьце ўвекавечыць.” Залатымі літарамі зьзяюць гэтыя крывадушныя словы, нібыта нічога больш купалаўскага не знайшлі ў паэты, якога тая “шчасьцядайная камуна” справакавала нават на харакіры. Затое на хатцы, дзе нарадзіўся пясьняр, такая бляклая шыльда, што й зблізку не прачытаеш. Во якое шанаваньне сваіх прарокаў! Ужо й кампартыі няма, а яны толькі й чакаюць, што “камуна ідзе”. Я гэта зафіксаваў фотаапаратам, і пісаць, зразумела, буду ў замежжы. Тут жа, відаць, яшчэ не было каму гэтым заняцца. Я той здымак мяркую нават на першую бачыну часопіса “Зважай” хляснуць. І скажу: як вам ня сорамна, людзі, што вы вырабляеце? А калі вырабляеце ня вы, дык каго вы трываеце? Наш найвялікшы прарок стаіць у месцы свайго нараджэньня, і да сёньня на ягоным помніку гэткае паскудства. Людзі маўчаць і, мо, баяцца, а абармоты зьверху сядзяць і рагочуць. [Цяпер надпіс на помніку ў Вязынцы зьменены. – Рэд.]
– Так, разумею вас: пасьля пяцідзесяцігадовай ростані з Радзімай імкнешся да нацыянальнай Меккі, а яна – з антынацыянальнай сімволікай. А мо хоць іншыя Вашыя пілігрымкі прынесьлі нейкую асалоду душы?
– Быў я на роднай Віцебшчыне, у вёсцы Верацеі, у Полацку, у Заслаўі... Пісьменьнік Уладзімер Арлоў прапанаваў і Нясьвіж адведаць, але вырашыў я: досыць. Нікуды мне ня хочацца езьдзіць: прыгожых мясьцінаў шмат, але гэтак усё занядбанае, што ня хочацца лішні раз вярэдзіць душу. Зрэшты, тое, што я хацеў, дык усё ж пабачыў, аб’езьдзіў. А чаго было ехаць у Нясьвіж: паглядзець, як там «гаспадары» парк зруйнавалі? Я ж чытаў пра Нясьвіж. Дзякуй Богу, будынкі хоць не зруйнавалі. [Іх потым, у 2003-м, спалілі «рэстаўратары». – Рэд.] Але там жа грабніцы гістарычныя былі, там уся дынастыя Радзівілаў ляжыць. Мо і грабніцы панішчылі? А калі й захавалася штосьці, дык там таксама, як і ўсюды, турысту ня будзе дзе кавы папіць, пасядзець. Мяне гэта страшэнна б’е. Вось быў тут неяк у рэстаране «Сьвіцязь», ну й падыходзіць нейкае дзяўчо з пахмурным тварам. Я жартам пытаюся, ці ёсьць у іх дранікі або яшчэ што беларускае, а яна й сьмяяцца ня ўмее: маўляў, «по списку смотрите». Ды яшчэ з кіслым гэткім выразам. Але ж ты мне ласку ня робіш: я ж кліент твой ці твайго шэфа, а ты тут толькі грошы зарабляеш. Калі ты мне настрой створыш, дык мне ж і падкінуць лішняга цэнта не шкада. Дый другім разам я б менавіта сюды й прыйшоў. Што за людзі? І гэта адзін з лепшых сталічных рэстаранаў? У нас, каб хто гэтак рабіў, даўно б збанкрутаваў. Без павагі да кліента нельга мець даходу, а пра персьпектывы й гаварыць няма чаго. З кіслым тварам нельга йсьці ў сьвет. Час ужо зьмяняцца, працаваць па-людску, тады й грошы будуць, і ўсё будзе.
– Сапраўды. Прыгадваю, як мы з Вамі ў Канадзе езьдзілі на Ніягарскі вадаспад. Каб там паўладарылі бальшавікі, дык пад’ехаў бы, зірнуў на адзін з цудаў сьвету – і хутчэй дахаты. Мо яшчэ ў чарзе прымусілі б патаптацца. А так, памятаю, у кавярні пасядзелі, музыку паслухалі, пагутарылі, абмяняліся ўражаньнямі...
– Менавіта... Чалавек чалавеку настрой павінен ствараць, калі сам хоча мець настрой. Гэта ж і сапраўды самому прыемна, калі навокал усе задаволеныя, усьміхаюцца. Я ж не кажу, што ўжо зараз усё давай – найлепшы сэрвіс, тавары найвышэйшых стандартаў, найноўшыя тэхналогіі. Але пачынаць жа трэба. Асабліва сталіца, ейныя галоўныя ўстановы павінны ўжо сёньня дбаць пра свой прэстыж, даючы прыклад перыферыі.
– На жаль, пакуль і ня верыцца, што ў нас некалі гэтак будзе, што мы зможам прывабіць турыстаў да нашых гістарычных славутасьцяў еўрапейскага маштабу.
– Дык вы ж прэса. Усё пачынаецца ад прэсы. Яна мае бамбіць гэтых людзей абыякавых, якія не адчуваюць патрэбы зьменаў. Яна сама павінна зьмяняцца, думаць пра чалавека, бо гэта ейны чытач. І ён ня проста чытае набор словаў. Ён хоча размаўляць з газетай. І калі яна ня жміньдзіць ды не анекдоты пераказвае, а гаворыць коратка ды ёміста, калі ад яе робіцца сьветла ў галаве – такая газета будзе жыць, нягледзячы на тое, на якой яна мове… Газета служыць толькі свайму чытачу. І кожнае ейнае слова павінна быць на вагу золата, калі хочаш менш выдаць ды больш прыдбаць. Лепей менш напісаць ды большым шрыфтом, але каб людзі адчулі, што журналіст пра іх думае.
– Няўжо задача прэсы толькі ў тым, каб зьмяшчаць скаргі людзей ды бічаваць тых, хто кепска ўсьміхнуўся?
– Не, я зусім не пра гэта казаў. Я кажу пра тое, што трэба пазбаўляцца стандартаў і банальнасьцяў. Бо акурат вашая прэса перапоўненая банальнымі перадрукамі з розных канцоў сьвету, дзе немагчыма нават знайсьці нейкі нацыянальны погляд на хай сабе й на далёкія рэчы і зьявы. Найлепей – аўтарскі экспромт. А яшчэ чытача цікавіць творчая лабараторыя розных таленавітых людзей – мастакоў, сьпевакоў, паэтаў, пісьменьнікаў... Вы можа чулі нешта пра амерыканскія ток-шоў? Як журналісты нават з прэзідэнтамі гавораць! Яны літаральна правакуюць іх сваімі пытаньнямі – і лагоднымі, і неспадзяванымі, дапамагаюць людзям як быццам вылузацца з шалупіньня. Чалавек як на далоні, таму людзі цікавяцца гэтым.
– Шмат у якіх сваіх інтэрв’ю Вы распавядалі пра тое, як апынуліся на эміграцыі. Гэта, бадай, найлепш апісана ў Вашым рамане “Змагарныя дарогі”. Але мяне цікавіць адзін нявысьветлены асьпект: адны хваляцца, што “ня здрадзілі Радзіме ды вярнуліся пасьля вайны сюды, дамоў”, другія – што “зьбеглі ад двух тыранаў і здолелі нешта рэальнае зрабіць для свайго паняволенага народу”. Я адчуваю, у каго тут больш шчырасьці, але ў Вас самога не было сумненьня ў правільнасьці свайго выбару?
– Часам чалавек адкрые ў сваёй душы настальгію, а іншыя ўжо робяць выснову: “Во, засумняваўся. Значыць, памыліўся.” Між тым, нават і туга па Радзіме – ня тое самае, што любоў да яе. Туга руйнуе чалавека, а любоў натхняе. Ня буду цяпер пералічваць свае заслугі, лепш узгадаю лёс іншых, якія таксама выбралі свой шлях. У Полацку, я сустракаўся з адным чалавекам, з якім былі разам і ў школе Беларускай Краёвай Абароны (дарэчы, днём заснаваньня БКА лічыцца 23 лютага, які ў вас чамусьці ўсё яшчэ сьвяткуюць), і вычышчалі ад фашыстаў Італію ў складзе Польскага корпусу Брытанскай арміі. Ён вярнуўся... і адпакутаваў у лагерох пятнаццаць гадоў за гэта. Ці вы думаеце, што мяне чакаў бы тут іншы лёс? Зразумела, ёсьць прыклады, калі людзі вярталіся на Радзіму з Нямеччыны, а потым, як і я, мелі магчымасьць пісаць, выдавацца. Але пачытайце іхнія творы: яны цалкам прасякнутыя любоўю не да Радзімы, а да “роднай партыі”. Ці гэта шчыра, ці дзеля таго, каб выжыць – мяне ўжо не цікавіць. Але сітуацыя зьмяняецца, людзі даведваюцца праўду пра тую партыю, і няшчырасьць выплывае на паверхню.
У войску, у арміі генерала Андэрса я вёў дзёньнік, запісваў па магчымасьці кожную дробязь. З гэтага потым выйшла аповесьць “Змагарныя дарогі”. Некаторыя лічаць яе дакументальным творам, але гэта хутчэй твор мастацкі. Дакументальнымі можна было б назваць самі тыя нататкі жаўнерскія, якія дазволілі зафіксаваць пэўны кавалак гісторыі. Цяпер часам кажуць, што 1925-27 гадавікі нараджэньня – гэта страчанае пакаленьне. І я сам гэта перажыў: адных згнаілі ў Сібіры, другіх панішчыла бойка двух тыранаў, трэціх адарвалі ад Радзімы помсьлівыя нашчадкі тых тыранаў... Яны помсьцілі нам, што ня сталі “савецкімі патрыётамі”, хоць мы, беларусы, былі беларускімі патрыётамі. Трох з сотні здолелі выжыць. Напачатку вайны нам было па 15-16 гадоў. У часе вайны нам выпала вучыцца, і мы прыехалі ў Вільню, у Беларускую гімназію. Было цяжка вучыцца, бо й есьці не было чаго. Даводзілася дамоў езьдзіць “зайцамі” на цягніках, каб нешта з харчоў прывезьці ад родных. Вайна прайшлася па нас спачатку стопамі аднаго тырана, а ўжо чуваць было, што йдзе другі. Ну мы неяк і параіліся наконт бліжэйшай будучыні ды вырашылі, што трэба абавязкова дастацца на Захад. Але як? Чуем, у Менску набіраюць у афіцэрскую школу. Яна называлася... дакладней, мела называцца “Школа камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны”. І ў нас у гімназіі абвестка: “Хто хоча запісацца?” Дык вось пагаварылі мы сабе пару гадзінаў і думаем: “А можа гэтак?” І мы туды запісаліся. Прыехалі з Менску двое ад той школы. Адзін, памятаю, лекар у ранзе капітана, і другі, здаецца, таксама капітан. У Беларускім камітэце на вуліцы Міцкевіча ў Вільні нас агледзелі, апрабавалі медычна, і ўсё: едзем у Менск. Прыехалі мы сюды 7 чэрвеня 1944 году. Ня ведалі яшчэ, што 6-га хаўрусьнікі ў Нармандыі высадзіліся, што другі фронт адкрыўся. А ў гэтай школе апынулася каля 300 чалавек, і ўсё такіх юнакоў, як мы, і гэтаксама, як мы, дабраахвотнікі. Праз тры тыдні – мы там добра не навучыліся яшчэ хадзіць, маршыраваць, а дзе там страляць, на гэта ня мелі часу, – прыйшоў загад адступаць. Акурат 29-га гэта было. Адступілі: пайшлі праз Вільню, да Кёнігсбергу не дайшлі, пасьля цягніком да Варшавы... Дзесьці ў сярэдзіне ліпеня – загад ехаць у Францыю. Во, думаем, так нам і трэба: туды, куды хацелі, там і апынуліся ўжо 30 жніўня. І 30 жніўня ўжо ў макісы перайшлі...
– А што такое “макісы”, чаму такая назва?
– Макісы – гэта французскі рух Рэзістанс (Супраціўленьня). Так як тут партызаны былі. А само слова “макісы” – гэта па-французску “кусты”. Разумееш, чаму гэтак? Ну дык вось, як мы перайшлі да тых макісаў, то тады ж недалёка й да нашай арміі. Мы ж у бальшыні былі грамадзяне Польшчы і ведалі, што Польскі корпус Брытанскай арміі змагаецца з фашыстамі ў Італіі. Бальшыня ў тым корпусе беларусаў. І ўжо да Новага году мы таксама апынуліся ў Італіі. Яшчэ шэсьць месяцаў змагаліся там, выкідаючы немцаў з Італіі...
– Гэты шлях адарваў вас ад Радзімы ледзь не назаўсёды... Ці не было іншага спосабу, каб вярнуцца?
– Ну то ж і вярнуліся некаторыя, я казаў, ды атрымалі па 25 гадоў зьняволеньня. А якія яшчэ шляхі? Колькі народу беларускага стала новым “сьвежым мясам” для Сталіна за “даёшь Берлин”. Само па сабе зразумела, што бальшавікам патрэбна было гэтае “мяса”. Але ці яны навучылі каго ваяваць? Яны зьбіралі юнакоў, вінтоўку ў рукі – крычы “Ура!” і йдзі на сьмерць. Нават з тых нямногіх, што вярнуліся, колькі калекаў. Я вось цяпер у сваёй роднай вёсцы пабываў, з людзьмі размаўляў: так, з вайны толькі пара калекаў вярнулася, а рэшту выбілі, усіх маіх сяброў дзяцінства. А я ж таксама ваяваў. Чаму я нават паранены ня быў? Я не герой, а звычайны пехацінец... Але ж мне далі навуку перад тым, як кінуць на фронт: як засьцерагацца мінаў, як ісьці па зямлі, як падпаўзаць...
– Вы маеце на ўвазе “Школу камандзіраў”?
– Дзе там, якая навука за тры тыдні? Ваяваць мяне вучылі ўжо ў Польскім корпусе. Калі мы апынуліся там, нас найперш запыталі, якую маем асьвету ды якой мы нацыянальнасьці. Былі пэўныя праблемы, калі ўсіх каталікоў хацелі пісаць палякамі, але той, хто сьвядома назваўся беларусам, таксама не адчуў ніякіх “псотаў” з іхняга боку. Хто меў сярэднюю адукацыю (скажам, як я або Аляксандр Надсан, які цяпер у Лондане), той здаваў экзамен і пасьля дзесьці паўтара месяца першакласнага вышкаленьня адпраўляўся на фронт. Прыблізна да 21 красавіка 1945 году я й ваяваў на Італьянскім фронце. А як мы занялі Балонію, на мяне паступіў загад ехаць у афіцэрскую школу ў Англію. Я памятаю, яшчэ траўня не было, ішла вайна, мы селі на карабель і праз Гібралтар рушылі ў Англію. Дзесьці 6 ці 7 траўня прыбылі ў Ліверпуль...
– Усё далей і далей ад Радзімы...
– Вітаўт, ты ведаеш, што такое нацыянальная самасьвядомасьць. Дык вось я вельмі рана быў усьвядомлены нацыянальна. Я разумеў, што ёсьць мая Радзіма і ў якім яна становішчы. І ў войску, і ўсюды я стараўся рэй вадзіць. Калі й сам выратаваўся, і іншым дапамог, дык таму, што сьвядома ведаў: няма звароту да “бацькі народаў”. Ішло пра тое, каб яшчэ пасьля вайны з гэтым “бацькам народаў” змагацца дзесяцігоддзямі. Я вось гэта і планаваў. Разумееш, пасьля афіцэрскай школы я мог ісьці ва універсітэт і рабіць кар’еру. Але мне хацелася пісаць. Я ж яшчэ ў Віленскай гімназіі пісаў, друкаваўся. А здольнасьць пісаць – ня штучная рэч, яна даецца чалавеку ад нараджэньня, ад Бога. Уся творчасьць, я мяркую, пачынаецца ад болю. Каб гэты боль загаіць, ты маеш тварыць. І вось, бачыш, так сталася, што я вайну прайшоў, не паранены, прыехаў у Канаду і гляджу, што тут беларусаў трэба арганізоўваць. А нашто мне тая чужая кар’ера, калі нячыстая сіла паглынула амаль палову Еўропы, пад ёй і мой народ. Дзеля таго, каб забясьпечыць сваё жыцьцё, сваю новаствораную сям’ю, я атрымаў прафесію, здабыў працу, купіў хату. Затое ўвесь вольны час апроч працы я пісаў. Бадай, такой нагоды, як я сабе стварыў, такіх умоваў для пісаньня рэдка хто з беларусаў мае. Бо я быў абсалютна незалежным ад нікога: ніякіх цэнзараў, ніякіх настаўнікаў. А я хацеў паказаць сапраўдную Беларусь так, як я яе бачу, так, як народ змагаўся, як крывавіўся, як нячыстая сіла руйнавала нас... Натуральна, на гэтым шляху ніхто не даваў ніякіх гарантыяў, але настаў час, калі прыйшлі й вынікі, калі мае творы прабілі сабе дарогу й на Радзіму.
– Але ж ня кожнага з беларускіх пісьменьнікаў чакаў на чужыне такі лёс…
– Ведаеш, што мне адразу ў вока стрэліла? Пра што часам пісалі нашыя пісьменьнікі на эміграцыі? Скажам, Уладзімір Клішэвіч:
Хоць ты плач ці давіся ад сьмеху,
Не ўцячы ад праклятай бяды:
На апошні паўстанак прыехаў,
Болей ехаць няма куды.
Вось часам і думаеш: дык чаго ж ты прыехаў, едзь назад. Альбо другі піша: “Я тужу па Бацькаўшчыне, я журуся па Бацькаўшчыне, я спаць не магу”. Ну дык ты журыся, пакуль твае аднагодкі паснулі дома вечным сном, а я ня маю часу журыцца, трэба працаваць. Мы на новым кантыненьце, тут таксама людзі жывуць, працуюць, ніхто нікога ў карак ня б’е. Я сабе адразу так і пастанавіў: ты журыся, а я ня буду. Заклаў газету “Беларускі эмігрант”, пяць гадоў яе рэдагаваў. Знайшоў людзей, стварылі арганізацыю Згуртаваньне Беларусаў Канады, я быў першым старшынём ЗБК. А паколькі мы ўжо зачалі тут сапраўды дзейнічаць, нас жа хутка й заўважылі. Камуністычныя цівуны тутэйшыя панасылалі агентаў. Я быў доўга пад іхнім абстрэлам. І ўжо колькі фашысьцілі розныя Прокшы, Мацкевічы, Бажкі, усялякія іншыя паўзуны... Дык, дарэчы, на гэтым вось матэрыяле грунтуецца й апошняя мая кніга “За волю”... Я й тады прадчуваў, што імперыя гэтая разваліцца, але як і калі?.. Меркавалася, што гэты развал пачнецца зьнізу, і была перасьцярога, што давядзецца зноў ваяваць, што зноў будуць паўстаньні, кроў. Наўрад ці хутка людзі адважыліся б гэта зрабіць, бо галоўная зброя ўключна з атамнай бомбай – у руках зладзеяў, што сядзяць зьверху. Але ўсё адно гэта сталася б, бо яны давялі людзей да такой роспачы, што трываць усё цяжэй і цяжэй было. Гэтак аблічаючы сабе, меркаваў, што маглі патрываць да 2005, 2010 году. Аказваецца, памыліўся на добрыя два дзясяткі гадоў, бо й сярод гэтых бандытаў ішоў зусім іншы працэс: яны палову народнай гаспадаркі пусьцілі на зброю – ды бачаць, што народ у галечы, а нічога не выходзіць. Не дапамагае ніводзін “лысун”, ні “жулікаваты”, ні “васпаваты”, дык тады ўжо ўзяліся самі загрудкі і... імперыя пачала распадацца зьверху.
– Ці толькі з гэтым распадам адкрыўся для вас і вашых кніг шлях на Радзіму?
– Бадай, пра кнігі чулі й раней. Мне неяк пісаў старэйшы брат з Верацеяў: “Тут прыязджалі людзі і распытвалі пра цябе”. Дык я ўжо з’арыентаваўся, хто гэта мог распытвацца. Сам сабе думаю: ну распытвайце, якіх я там кароў пасьвіў, хвасты накручваў... Бо я вучыўся то ў Вільні, то ў Менску. Ну што яны пра мяне ў вёсцы распытаюць: быў такі – ну быў, вучыўся – ну вучыўся, пасьвіў кароў – ну пасьвіў. Што пра мяне тады вяскоўцы ведалі: быў такі юнак, матка памерла ў 1939 годзе, перад вайной. Мачыха мяне любіла, і ні яна, ні бацька не хацелі мяне адпускаць на ўцёкі ад дыктатараў. Я казаў тады: “Вы сваё жыцьцё пражылі, а я сваё буду жыць”. Каб застаўся, дык пэўна б даўно ў магіле ляжаў недзе па дарозе на Берлін. А так... прынамсі, раней, чым у вас тут галоснасьць пачалася, мае аднавяскоўцы, як мне пісалі, пагаворвалі: “Знаеш, што Сашка зрабіў (мяне ведалі як Сашку, бо я Аляксандр Качан насамрэч)? Кніжку нейкую напісаў. Мала таго, што жыве ў Амерыцы, дык яшчэ кніжкі беларускія піша”. Гэта крыху сьмешна цяпер, але тады ніякага гумару не было. Па-першае, як я апынуўся ў Канадзе ў 1947 годзе (закантрактаваўся спачатку на сельскагаспадарчыя працы), дык думаю, што рабіць? Ніхто ж ня ведае з блізкіх, дзе я, ці ўвогуле жывы. А пісаць – страшэнная рызыка, бо тады яшчэ савецкае права карала толькі за “сувязь з заграніцай”. Але паколькі я нікога не забіваў, мяркую, ніякай крыўды не рабіў, хоць і ня крыўся ніколі, што камуністаў не люблю, усё ж можна спадзявацца, што ліст дойдзе нейкім чынам. І вось на другім месяцы майго побыту ў Канадзе напісаў да бацькі. Што за гадаўё тады на пошце сядзела ды абкрадала людзей, можна здагадацца: бацьку ліст яны не перадалі, але й самі сакрэту гэтага не ўтрымалі, што ліст быў, і што я жыву. Толькі так бацька й даведаўся пра мяне. Што далей было, мне цяжка распытваць. Бацьку выцягнулі ў канцлагер ды замардавалі, але адкрываць гэтыя старыя раны мне не выпадала. Расказвалі, як пуню расьцягалі, як гаспадарку разрабавалі... Але асабліва старэйшая сястра як расплакалася, дык я ўжо й перастаў пытаць. Кажу толькі: “А дзе бацька ляжыць?” Дык ніхто ня ведае, магілы няма. І я болей не пытаўся. Людзі радаваліся, што я хоць праз такі час вярнуўся. Не спадзяваліся ўжо й пабачыцца калі.
– Як Вы мяркуеце, згодна цяперашніх законаў ці можна было б аднавіць справядлівасьць у дачыненьні Вашай сям’і?
– Хто іх, тых бандытаў, засудзіць? Дарма час траціць. Цяпер яшчэ й абкрадаюць пакрыўджаных імі. Ты ж ведаеш, чым у вас тут закончыліся суды за добрае імя незвычайнага таленту паэткі Ларысы Геніюш... Шкадую толькі, што я гадоў на дваццаць не маладзейшы, каб дапамагчы новаму пакаленьню. Я б дамогся грамадзянства Рэспублікі Беларусь і дапамог бы нашым сумленным людзям здабыць сьмеласьць і ўсьведамленьне, што народ ёсьць гаспадар, што ніхто над ім цяпер не пануе. Бяз сьмеласьці людзей і іхняга ўсьведамленьня сябе гаспадарамі ніякія добрыя законы іх не абароняць. А ў чым была б мая дапамога? Не ў мільёнах даляраў, якіх я ня маю, а ў стварэньні сапраўды вольнай прэсы, якая не чакае дапамогі ад ураду, а сама дапамагае гэтаму ўраду абраць вольны шлях: крытыкуе яго, цьвяроза аналізуе ягоныя ўчынкі. Беларусь яшчэ ў такім стане, калі яе можа выратаваць вольнае слова й вольная думка. Бо народ яшчэ здольны да працы.
– Дзякуй, спадар Кастусь, за шчырыя думкі й за гадзіну часу...
|