12/24/2013 

Архіў нумароў:














































































































Akavita
Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вінцэсь Мудроў

_____________________
Мех авечай воўны. Канспект рамана

Памяці І.П.Ш.

Выходзячы з машыны, Іван Андрэевіч згубіў гузік з прарэху (давялося падняць з асфальту), а ўзбягаючы па прыступках, двойчы спатыкнуўся. Гэта былі знакі зверху, папярэджанне вышніх сілаў. Іван Андрэевіч – чалавек далёка не прымхлівы, – але цяпер, напярэдадні паседжання бюро абкама тройчы плюнуў праз левы плячук. Якраз з таго боку шыбаваў Мішка Гардыка. Ля ўваходу Іван Андрэевіч павітаўся кіўком галавы са знаёмым міліцыянтам, паціснуў руку калегу – першаму сакратару Раздзярышчанскага райкама Пятру Халімону (калісьці разам працавалі ў камсамоле) і, пераводзячы дых, спыніўся на імгненне ля шыкоўнага, ці не даваеннага яшчэ люстра. Іван Андрэевіч дастаў грабянец, зачасаў на патыліцу разбэрсаныя валасы, прыняў паважную паставу і з-за спіны ягонай, як заўсёды недарэчы, вытыркнуўся Мішка Гардыка. Гэты рудавалосы, рабаціністы (пра такіх кажуць: мухамі заседжаны) маладзён першы год працаваў загадчыкам сельгасаддзела, упершыню быў запрошаны на паседжанне бюро абкама, і ўпрыкмет хваляваўся.
Іван Андрэевіч адышоў ад люстра, нетаропкай хадою, сюд-туд здароўкаючыся са знаёмцамі, рушыў па калідоры.
Загадчыца агульнага аддзела Зінаіда Станіславаўна, ладнага веку, але па-ранейшаму прыгожая жанчына, абагнала іх, тыцнула паперкі з парадкам дня паседжання.
– Та-ак, мы стаім пятымі, – Іван Андрэевіч азірнуўся на Гардыку, мімаходзь парукаўся (– Добрага здароўечка!) са старшынём абласнога выканкама Казленям. – Галоўнае, Міша, не хвалюйся. І кажы па сутнасці. Бацька не любіць вады…
Нечакана, аднекуль з бакавых дзвярэй, у калідор выйшаў той самы Бацька – першы сакратар абкама партыі Андрэй Пятровіч Дзяшчэня, – і Іван Андрэевіч, наструніўшыся, падцягнуў вузел гальштука.

Паседжанне доўжылася трэцюю гадзіну, і Бацьку даводзілася раз за разам стукаць асадкай па стале, патрабуючы цішыні.
– Так, таварышы… разгледзім яшчэ адно пытанне – і рушым на абед. – Бацька насунуў на нос гламаздаватыя, з тоўстымі шкельцамі акуляры. – “Аб мерах па развіцці авечкагадоўлі ў Верхнядрысенскім раёне”, – першы сакратар зрабіў паўзу, зірнуў паўзверх акуляраў у залу. – Дакладаюць таварышы Антанюк і Гардыка.
Іван Андрэевіч падхапіўся на ногі, з вайсковым спрытам абцягнуў пінжак.
– Верхнядрысенскі райкам партыі надае вялікую ўвагу развіццю сельскагаспадарчай вытворчасці, падвышэнню яе эфектыўнасці. У прыватнасці, мы акцэнтавалі сваю ўвагу на развіцці такой, скажам шчыра, занядбанай галіны, як авечкагадоўля. Між тым, гэтая галіна дае не толькі каштоўную воўну, аўчыну і высокакаларыйнае мяса, але й…
– Бацька шматзначна кашлянуў, Іван Андрэевіч прамармытаў:
– Я разумею, – каторым ужо разам паправіў гальштук: – Канкрэтна пра нашыя планы распавядзе загадчык сельгасаддзела таварыш Гардыка Міхал Ілліч.
Рудая Мішкава галава ўзнялася над моўніцай, паперы крануліся мікрафона, той зафаніў, прыкрым зыкам драпануўшы па нервах.
– Таварышы члены бюро абкама, шаноўныя прысутныя! – голас Мішкі злёгку дрыжэў ад хвалявання. – Намі падрыхтаваны канкрэтны план мерапрыемстваў з усімі выкладкамі, але, з-за недахопу часу, я спынюся толькі на асноўных момантах… Усе вы ведаеце, што авечкагадоўля вымагае…
– Не варта казаць пра тое, пра што мы ўсе ведаем, – перапыніў прамоўцу старшыня выканкама Казленя, і Бацька, на знак згоды, кіўнуў галавой.
– Добра, я буду канкрэтным, – Мішка ўздыхнуў, пашукаў вачыма Івана Андрэевіча. – На поўначы нашага раёна знаходзіцца вялізнае Усвайскае возера, а на ім востраў плошчаю 500 гектараў. Востраў незаселены і ў гаспадарчым сэнсе, як і наша авечкагадоўля, занядбаны. Я на мінулым тыдні наведаў тую мясціну. Дык вось, травастой там ў чалавечы рост. Калісьці на востраве жылі людзі, і сёння на месцы культурных палеткаў красуе поле самасейнай канюшыны. Узнікае пытанне: а чаму б не зрабіць там, умоўна кажучы, летні адкормачны пункт для дробнарагатай жывёлы? Запусціў яе, жывёлу, з канца красавіка – і хай сабе пасвіцца. Пры гэтым не трэба ніякіх пастухоў, не трэба падвозіць ваду, дый праблема крадзяжу жывёлы практычна знікае. Увосень частку пагалоўя можна б было перавесці на зімовае ўтрыманне. Тут таксама праблемы няма, бо ў нашым прыбярэжным калгасе “Усвайскі” чатыры жывёлагадоўчыя фермы стаяць пустыя.
Пачуўшы пра пустыя фермы, Іван Андрэевіч зашоргаў нагамі па падлозе, удакладніў з месца:
– Не чатыры, а адна.
У зале заварушыліся, закашлялі, і Бацька ізноўку пастукаў асадкай, цяпер ужо па графіне.
– Я таксама бываў на востраве, – азваўся Казленя. – Ад пасёлку Усвай яго аддзяляе два кіламетры вады. Як жа вы збіраецеся перапраўляць скаціну? На лодках? І яшчэ… Памятаеце, гадоў дваццаць таму паспрабавалі было гадаваць качак на браслаўскіх азёрах. Казалі: ніякага корму не трэба, будуць сілкавацца азёрнымі глеямі. І што атрымалася: і возера запаскудзілі, і качкі перадохлі. Так што тут варта добра падумаць.
Прысутныя разам загаманілі, але тут жа і аціхлі, наструнена пазіраючы на Мішку.
– З заходняга берага да вострава метраў васемсот, не болей, – голас Мішкаў ужо не дрыжэў; гучаў звонка і пераканаўча. – У тым месцы можна зрабіць паромную пераправу: збіць два дзясяткі бярвенняў, накрыць дошкамі… А што да браслаўскага казусу, дык не сёння сказана: свіння каню не таварыш. А баран, адпаведна, не таварыш качару; пры наяўнасці пашы, ён ніколі не скапыціцца.
Бацьку такі дзёрзкі адказ відавочна спадабаўся. Ён адкінуўся на прыслон старшынёўскага крэсла, зняў акуляры:
– І колькі галоў плануеце выпусціць на пашу?
– Чатырыста, а можа, і больш, – удакладніў Іван Андрэевіч, але Бацька ў ягоны бок нават не зірнуў.
– Мы ўжо, Андрэй Пятровіч, мелі размову з кіраўніцтвам племгаса “Ходцы”. Яны абяцалі даць некалькі сот галоў раманаўскай пароды, – Мішка сабраў паперы ў стос, ляпнуў ім па моўніцы.
– А пароду прэкас чаму ігнаруеце? – Бацька таксама канчаў сельгасака­дэмію і ў авечых пародах добра разбіраўся.
– Раманаўская авечка – адна з самых прадуктыўных. Кожная матка, як правіла, прыносіць па тры ягняці. Праўда, гэтая парода больш патрабавальная да рацыёну. Патрэбныя кукурузна-бабовы сілас, караняплоды, камбікорм…
– Ну, дайшла, нарэшце, справа і да камбікорму, – падаў голас няўрымслівы Казленя, – а між тым у нас кожны кілаграм даўно распісаны.
Але Бацька як і не чуў такіх словаў: прыкусіў дужку акуляраў, акінуў залу задуменна-невідушчым позіркам.
– Вось бачыце, таварышы. Калі з адказнасцю падыходзіць да справы, можна, аказваецца, знайсці рэзервы росту. Думаю, ініцыятыву верхнядрысенцаў трэба падтрымаць. Зараз у нас абед, а пасля перапынку мы вернемся да гэтага пытання.

Паседжанне бюро абкама скончылася а палове шостай. Перад тым, як ехаць дахаты, Іван Андрэевіч зазірнуў, напару з Пецькам Халімонам, у абкамаўскі буфет, балазе, апошнія наведнікі з яго ўжо выкуліліся. Каньяк тут ад нядаўняй пары не налівалі, але для першых сакратароў райкамаў буфетчыца рабіла выключэнне.
– І дзе ты выкапаў такога… рудога ды рабаціністага? – запытаўся Халімон, кульнуўшы поўны, з каптуром, фужэр “кізляру”.
Іван Андрэевіч таксама прыклаўся да фужэру, укінуў у рот скрылёк цытрыны.
– Заатэхнікам працаваў, задзер усіх сваімі ідэямі ды рацпрапановамі. Узяў яго ў райкам. Малец з галавою, дарма што рабаціністы, – Іван Андрэевіч здаволена адрыгнуў каньячна-цытрынавым духам.
– Вось і я пра тое… Бацька, адчуваю, ужо ўключыў яго ў кадравы рэзерв… любіць маладых ды неаб’езджаных.
Субяседнікі кульнулі па другой, закусілі канапкамі з чырвонай рыбай.
– А Казленя… Казленя! – абурана выдыхнуў Халімон, і Іван Андрэевіч шматзначна насупіў бровы: іхнюю размову магла пачуць кельнерка, што збірала са сталоў посуд. – Рые пад Бацькам, што той вяпрук. Тут ужо адно з двух: альбо Бацьку паваліць, альбо лыч сабе зверне.
– Ёсць і трэці варыянт, – буркнуў у адказ Іван Андрэевіч. – Ходзяць чуткі, што Казленю ў Цэка забяруць, у аддзел прапаганды.
Халімон хмыкнуў, разліў па фужэрах рэшткі хмельнага трунку.
– Ды ён сам гэтыя чуткі і распускае. Бачылі ў Цэка такіх… казленяў…
Летась, з ініцыятывы старшыні выканкама, Халімону за развал працы ўляпілі страгача, ад той пары Казленя стаў ягоным лютым ворагам.
– Не, бляха, я цаліну на ДТ-54 разворваў, а ён дзевак у райкаме камсамолу ціскаў; я паехаў у самы адсталы раён сельскую гаспадарку ўздымаць, а ён у выканкаме дваццаць гадоў порткі праціраў. І цяпер гэты к-казёл будзе мне партыйныя вымовы выпісваць?! На амаралцы сёлета ўжо двое пагарэлі… Чуў, як ён ім на пленуме мараль чытаў? А сам… – Халімон мімаходзь азірнуўся, суцішыў голас, – каханку сабе надыбаў. І ведаеш каго? Дырэктарку нашай вячэрняй школы! Кожнай суботы ў Раздзярышчы таўчэцца.
Першы сакратар Раздзярышчанскага райкама грукнуў кулаком па стале і Іван Андрэевіч, вінавата пасміхнуўшыся кельнерцы, тузануў субяседніка за рукаво.
– Усё, Пятро, пайшлі. На двары пагамонім.
Глынуўшы свежага паветра, суразмоўнікі запалілі цыгарэты, праводзілі юрлівымі позіркамі загадчыцу агульнага аддзела Зінаіду Станіславаўну, якая збягала па сходах, і Халімон таргануў падбародкам.
– Можа яшчэ дзе пасядзім?
Сядзець з Халімонам Івану Андрэевічу не выпадала.
– Табе тут ехаць паўгадзіны, а мне 180 кэмэ пілаваць. Так што давай, дружа… па конях. А то нас дома прычакаліся.
Іван Андрэевіч махнуў рукой вадзілу і райкамаўская “Волга”, даўшы кругаля па пляцы, спынілася ля сходаў. Гардыкі ў машыне не было.
– Прасіў па дарозе забраць. Будзе чакаць ля абласной бібліятэкі, – паведаміў вадзіла, і Іван Андрэевіч хітнуў галавой: яму праглася пагаманіць з падначаленым, пачуць, што той думае пра сённяшняе паседжанне.
– Я ў маладосці таксама кніжкі чытаў, – выдыхнуў Іван Андрэевіч, плюхнуўшыся на сядзенне, – Цяпер другое ў галаве…
“Колькі там на паром? Пару кубоў дошак хопіць? Потым… трэба замовіць цэглы для рамонту фермы, выбіць вагон камбікорму, паставіць павеці, каб авечкам было дзе ад дажджу хавацца… гэта яшчэ кубо-оў…” – прыкідваючы, колькі дошак спатрэбіцца, Іван Андрэевіч п’янавата пазяхнуў. “Усё ж такі гэты Гардыка спраўны малец. Дарма, што не дае спакою з рознай лухтой”.

Душным летнім вечарам Мішка Гардыка ляжаў на канапе і неадрыўна глядзеў на прастакутнік вакна. Гадзіннік паказваў палову восьмай, а неба ўжо было непраглядна-шэрым; па ім ляцела ашмоцце дымнай смугі, і гэта абяцала навальніцу. На грудзіне Мішкавай грувасцілася важкая таміна. Назва сцерлася з вокладкі, але для цікаўных паведамім, што гэта была ўзятая з абласной бібліятэкі “Авечкагадоўля” пад рэдакцыяй Есавулава і Літоўчанкі. Таміна калыхалася ў тахт парывістаму Мішкаваму дыханню і была разгорнута на раздзеле “Хваробы”.
Тры гады таму, як канчаў сельгасакадэмію, хваробы парнакапытных яго не надта хвалявалі. Хаваючы ў далонь позех, ён занатоўваў лекцыі, без асаблівага імпэту сядзеў у лабараторыях, яшчэ з большай неахвотаю здаваў вытворчую практыку. А вось цяпер, прачытаўшы пра гнойныя афты, ліхаманку і паразу крывяносных судзінаў у парнакапытных, не на жарты расхваляваўся. Хваляваўся ён, вядома ж, за авечак, што пасвіліся на востраве. Як яны там, без дагляду? А як возьмуць ды захварэюць? З каго спытаюць за паморак? З таго п’янчугі, што завіхаецца ля парому, падводзячы кармы? Калі што надарыцца, адказваць давядзецца асабіста яму, Мішку Гардыку, прычым, па поўнай праграме.
Мішка падняўся з канапы, падышоў да вакна і на даляглядзе, поўнячы душу халоднай трывогай, бліснула першая бліскавіца.

А тым часам, як шуганула бліскавіца, і па вадзе чорнымі гузікамі заскакалі першыя кроплі дажджу, да берага бязмежнага Усвайскага возера падышлі тры панурыя ваўкі. Яны прыбеглі з суседняй Латвіі і, задзершы пысы, доўга нюхалі паветра. На сваім ваўчыным вяку ім даводзілася часцяком пераплываць рэкі і нават невялічкія азярыны. Аднак тут, каб пажывіцца баранінай, галавакружны пах якой далятаў з супрацьлеглага берага, трэба было плысці немаведама колькі. Ваўкі разам аблізнуліся, і адзін з іх, старэйшы, дарэшты схуднелы – нават драбы тырчэлі з-пад поўсці – забег у кусты, некалькі разоў, як гэта робяць сабакі, крутнуўся на месцы і лёг, тыцнуўшыся носам у хвост. Неўзабаве непадалёку скруціліся абаранкамі й ягоныя спакрэвічы. Ваўкі вырашылі дачакацца ночы.

Наступны ранак, як гэта бывае пасля начной навальніцы, выдарыўся сонечным і навылёт празрыстым. І ўсё ж трывога за лёс племяннога статку не адпускала, і Мішка, падпільнаваўшы шэфа ў райкамаўскім калідоры, папрасіў таго даць машыну.
– Ва Усвай сабраўся? – Іван Андрэевіч шыбаваў па калідоры, на хаду гартаючы жмутак папераў. – У мяне на шыі трыццаць чатыры гаспадаркі, у мяне дзесяць камбайнаў стаяць неадрамантаваныя, а ты тут дзяўбеш голаў нейкім статкам. Едзь вунь у “Аблсельгастэхніку”, запчасткі даставай, – Іван Андрэевіч на імгненне спыніўся, ужо лагодным тонам дадаў: – Ну што ты, далібог, расхваляваўся? Нічога з тымі авечкамі не здарыцца. А здарыцца што – Балабошка з пасады зляціць, пагатоў, ужо і заява напісана.
Калі прымалі рашэнне аб арганізацыі авечай гаспадаркі, адказным за пагалоўе прызначылі старшыню калгаса “Усвайскі” Балабошку. Праўда, сам старшыня ад гаспадаркі той рашуча адбіваўся і нават падаў заяву аб сыходзе на пенсію.
– Так што, Міша, кідай свае выбрыкі і займіся запчасткамі. А ва Усвай выхаднымі днямі з’ездзіш; адпачнеш, пазагараеш. Я табе з такога выпадку нават свой японскі спінінг пазычу.
Іван Андрэевіч згадаў пра адпачынак мімаходзь, паўжартам, але падначалены ўспрыняў гэта як дырэктыву і ў суботу, яшчэ дасвеццем, выкаціў з дому спартовы ровар. Дарога да Усвая няблізкая, дваццаць пяць кіламетраў, ды Мішка так націснуў на понажы, што праз дзве гадзіны ўжо стаяў на ўзгорку, захопленымі вачыма пазіраючы на блакітны, шызаватай смугой крануты прасцяг. Усвайская возера гуляла ўсімі сваімі фарбамі, адбірала вочы, а леваруч, пад белай аблачынкай, падымаўся з вады пяшчысты востраў з чубком зялёнага лесу пасярэдзіне.
Сонца ўжо ладна прыпякала, і ехаць лукаватай праселіцай, у цяньку прыбярэжных кустоў, было праўдзівым задавальненнем. Праселіца прыбівалася да самага берага, але была сухой ды тупкай, і толькі ў адным месцы – там, дзе яе перацінала балоцістая ручаіна, – давялося ўскінуць ровар на плячук і скакаць па купінах, выбіраючыся на сухое. Пакуль Мішка скакаў, яго пакусалі камары, таму, ратуючыся ад заедзі, ён паехаў ля самага краю дарогі, падстаўляючы твар шаргатлівай альховай лістоце.
Мішку ўжо даводзілася бываць у гэтых мясцінах. Апошнім разам быў тут месяц таму: пад’ехалі разам з Балабошкам паглядзець – як перапраўляюць на востраў авечак. Тады, з апошняй партыяй, ён і сам хацеў пераправіцца, паглядзець – што там ды як, аднак Бабошка адгаварыў. Замест таго яны паехалі ў бліжэйшую латышскую вёску, узялі ў мясцовай краме дзве пляшкі гарэлкі і там жа, на ўзбочыне дарогі, адзначылі падзею…
…Нечакана дарога павярнула ўправа і з-за кустоў выплыў нізкарослы дзядзька, які піхаў наладаваны двума вялічэзнымі мяхамі ровар. Недаростак, сапучы і мацюкаючыся, прайшоў міма і ў паветры завіс устойлівы пах махры і самагону.
“Камбікорм крадуць!” – гэтая думка дала працы нагам; Мішка нават прыўзняўся з сядла, разганяючы ровар. Пры гэтым альховае вецце балюча хвастала па твары, выпетрываючы з душы асалоду летняга ранку.
Дарога пабегла ўгору і з-за пагорку вытыркнулася, бліснуўшы шыбамі вокнаў, прысадзістая хата. Стаяла яна непадалёку ад берага і ў ёй жыў Фарзун – паромшчык, які падвозіў на востраў камбікорм ды іншую спажыву.
“Будуць тут прывагі… усё прапіваюць, падлюгі!” – душа аж па край поўнілася абурэннем, і ў Мішкі, калі ён заязджаў у двор Фарзуновай хаты, нават затрэсліся рукі.
– Ёсць тут хто? – запытаўся, адчыніўшы рыплівыя дзверы, і пачуў грымотны храп за спінай.
Храплі пад хлявом. Там, у цяньку, стаялі калёсы, на якіх, прыкрыўшы ражком пустога меха вочы, спаў чарнявы бамбіза.
– Эй, таварыш! – адвёўшы нос, каб пазбыцца часнычна-самагоннага перагару, Мішка крануў бамбізу за плячук, тузануў, але той не прачнуўся. – Гэта і быў той самы Фарзун.
Ляпнуўшы далонямі па клубах, Мішка рушыў да возера.
Парому на месцы не аказалася, відаць, адагналі на востраў. Але затое поруч гойдалася, прывязаная вяроўчынай да кала, лодка-душагубка. Давялося вярнуцца ў двор, зазірнуць у пошуках вёслаў у хлеў і адрыну. Не знайшоўшы нічога лепшага, Мішка прыхапіў старую, пацямнелую ад часу лапату: тую самую, якой бабы садзяць у печ караваі. А ля самага берага знайшоўся даўжэзны, адшараваны далонямі шост.
Калі ён, стоячы ў лодцы, адпіхнуўся ад берага, душагубка небяспечна зыбанулася, чарпанула вады і далей ён ужо кіраваў лодкай упрысядку, тыцкаючы шост у глеістае дно.

Востраў уражваў сваёй пустэльнасцю, але пяшчаны бераг – гэты было бачна яшчэ здалёк – быў здратаваны авечымі капытамі. Хвілін праз пятнаццаць лодка тыцнулася носам у прыбярэжную асаку, шорхнула дном па жвіры і Мішка, скокнуўшы ў ваду, падцягнуў яе бліжэй да берага. Наўкол было ціха. Нават азёрныя кагаркі, якія ўсю дарогу да вострава сіпла крахталі над галавой, суняліся. Цяпер яны паселі ля прыбярэжных кустоў і штосьці там зацята дзяўблі.
“Дзе ж статак?” – з разважлівай насцярогай падумаў Мішка, ды тут жа адагнаў трывогу думкаю пра тое, што авечкі, хутчэй за ўсё, хаваюцца ад спёкі ў хвойніку.
Прыемна было ступіць голымі пяткамі па гарачым пяску, яшчэ прыемней было панурыць навярэджаныя ногі ў цёплую як сырадой ваду. Скінуўшы паўкеды, штаны, кашулю Мішка збіраўся быў сігануць у празрыстую азёрную глыб, ды тут убачыў, як адна з кагарак, загарлаўшы, узнялася ў паветра, несучы ў дзюбе нейкі сіняваты пухір.
Пазяхнуўшы, Мішка падышоў да кустоў і разам аслупянеў: у цяньку, напаказ сцякаючы крывёю, ляжалі шызыя вантробы.
“Чалавечыя!” – працяла мазгі панічная думка, але, прыгледзеўшыся, Мішка перавёў дых; нейкі злодзей, магчыма, нават Фарзун, разабраў авечку ды кінуў вантробы азёрным кагаркам.
З перапуду закарцела адліць. Мішка стаў ля куста, зашамацеў напорлівым струмком і зніякавеў: з-за алешыны, прама на яго, глядзелі бурштынавыя вочы вялізнага ваўка. Мішкава рэакцыя была дынамічнай. Не паспеўшы нават падцягнуць трусы, ён скокнуў убок, сігануў праз крапіву і ў наступнае імгненне ўжо караскаўся, да крыві абдзіраючы лыткі і сцёгны, на высокую асіну.
Узбіўшыся метраў на пяць ад зямлі, ён аддыхаўся, зірнуў долу, а потым, абламаўшы галіну перад носам, агледзеў азярыну. Непадалёку – так прынамсі, падалося, – гайдалася на хвалях рыбацкая лодка.
– Людзі-і! А-аа!!! – загарлаў ён штомоцы, – Давай сюды, тут ваўкі-і!!!
Гарлаў ён доўга, сарваў голас, але рыбакі яго не пачулі. Затое пачулі авечкі, і хваёвы падлесак – яны й папраўдзе былі там – напоўніўся жаласлівым бляяннем.
Ваўка не было бачна: ляжаў, відаць, пад кустом ды цікаваў, калі няпрошаны госць злезе з дрэва. Праўда, астыўшы мазгамі, Мішка вырашыў, што воўк і сам яго напужаўся.
– Не будзе сытая ваўчара кідацца на чалавека, – прашаптаў дзеля самазаспакаення небарака, і яшчэ падумаў, што дапамогі чакаць не даводзіцца і рана ці позна трэба будзе злазіць долу.
Асіна – дрэва крохкае, таму спускаўся, аберуч трымаючыся за стаўбур, бо галіны абломваліся, і толькі намацаўшы пяткай ніжні тоўсты сук, вырашыў крыху адпачыць. Ён паспеў уздыхнуць, але не паспеў выдыхнуць, бо сук надламіўся і Мішка, махнуўшы наастачу рукамі, абрынуў у парослыя крапівою кусты. Спанталыжаны, з апечаным крапівою тварам, ён вылецеў з кустоў, спінай адчуўшы гарачы ваўчыны подых. Не разбіраючы дарогі, Міхал Гардыка рынуў да лодкі, піхнуў душагубку ў ваду, і воўк, які бег следам, з адчаем забляяў. На беразе, убіўшыся па калена ў ваду, стаяў кудлаты маркач. Пыса ягоная была падзертая, да рагоў пачапіўся хмель, а з адвіслай вусны звісала, кранаючыся вады, бліскучая асца.
– Пачакай, братка… не да цябе… – прасіпеў Мішка, увагнаў прыс у глей і той, выслізнуўшы з рук, адразу ж аддаліўся, хітаючыся над вадою. – Мацюкнуўшыся (чаго ён сабе ніколі не дазваляў), Мішка схапіў лапату, з адчайным імпэтам пагнаў душагубку да берага. Ён не даваў спачыну цягліцам (два грабкі леваруч, два грабкі праваруч) і толькі аднойчы, на сярэдзіне пратокі, кінуў грабсці і поўнай жменяй плюхнуў на твар гаючай вады.
Калі лодка, запаволіўшы бег, зашамацела па прыбярэжным трысці, уваччу мітусіліся чорныя мятлікі і сэрца грукала ў вушах, заглушаючы не толькі навакольныя зыкі, але й думкі. Мішка плюхнуўся на гарачы пясок, заплюшчыў вочы. Лёгкі ветрык крануўся скроні, сэрца паволі суціхла і ён пачуў, як у вышыні, па-варонінаму зычна, крыкнула кагарка; як пляснула буйная рыба на мелкаводдзі; як крахтанула дзікая качка ў чаратах, і сонца, калі ён размежыў павекі, чорнай плямай здрыганулася ў нябесным прыціне.
Фарзун па-ранейшаму спаў на калёсах, адно змяніўшы паставу: цяпер левая нага была сагнутая ў калене, а правая звісала долу.
Трэба было ў нешта апрануцца, бо вопратка засталася на востраве. На вешаку ў Фарзуновай хаце знайшоў зрэбную кашулю, выцвілыя да белаты спартовыя нагавіцы. Насунуў на сябе ўсё гэта зрэб’е, падаўся на двор і, падумаўшы, сцягнуў з храпуна каравыя сандалеты.
Ён ужо гнаў ровар з гары, ды раптам загамаваў, заклапочана і разважліва пацёр угрэты лоб. Адказнаму райкамаўскаму работніку ехаць ва Усвай у такім выглядзе ніяк не выпадала. Дый Балабошка, відавочна, выхадным днём дома не сядзеў. Адзінае, адкуль можна было пазваніць, гэта пошта. Але ж не будзеш гарлаць пра ваўкоў у прысутнасці чужых людзей. За ўцечку інфармацыі Антанюк можа і лупня даць. Адзінае выйсце – ехаць у суседнюю Латвію. Пагатоў, да латышскага пасёлка Слабада, дзе яны з Балабошкам бралі гарэлку, нават бліжэй, чым да Ўсвая… Узняўшы ўгору пярэдняе кола, Мішка павярнуў ровар у адваротны бок.
Дарога да Слабады, калі ехаць не гасцінцам, а напрасткі, хаця й карацейшая, ды гіблая. Аж да самай латышскай мяжы – адныя балоты, да таго ж пасечаныя меліярацыйнымі канавамі. Так што давялося не столькі ехаць, колькі прадзірацца скрозь кусты, цягнучы на плячы ўраз пацяжэлы ровар. І толькі ля самай мяжы выбіўся на гасцінец, даў разгону, і з апалым сэрцам згадаў, што не мае грошай. Яны засталіся ў штанах, якія вартаваў ненажэрны ваўчара.
“Раскажу ўсё як ёсць… павінны дапамагчы… больш як на рубель не нагавару…” – з гэтымі думкамі, зыркнуўшы на дарожны паказальнік з надпісам “Slabada”, Мішка націснуў на понажы.
Між тым ненажэрны ваўчара і не думаў вартаваць ягоныя порткі. Гэта быў мацёры воўк і, пабачыўшы чалавека, які пазначаў пад самым ягоным носам тэрыторыю, вомігам зразумеў, што неўзабаве на востраве з’явяцца людзі са стрэльбамі, і што трэба адсюль ліняць. Пра гэта, ваўчыным языком, ён і паведаміў сваім спакрэвічам. Праз паўгадзіны ваўкі, укормленыя і пацяжэлыя, вытыркнуўшы з вады адны насы ды вушы, паплылі ў той бок, адкуль надоечы прыплылі. Адзін з ваўкоў, маладзейшы, яшчэ колькі часу стаяў на беразе, не разумеючы, чаму ён мусіць кідаць гэты ваўчыны рай, але, глянуўшы на вушы сябрукоў, што варушыліся сярод дробных хваляў, з неахвотаю, раз-пораз атрэсваючы пярэднія лапы, палез у ваду.

Хоць Мішка і не ведаў латышскай мовы, ды ўбачыўшы шыльду “Pasta nodaļa”, выдыхнуў: – Тут, – і скочыў з ровара.
У невялічкім, прапахлым клеем і растопленым сургучом пакоі, сядзелі дзве кабеты.
– Лабдзен! – выгукнуў Мішка, і адна з кабетаў – тая, што сядзела пад партрэтам Карла Маркса, крутнула ключ шуфляды. У шуфлядзе, відаць, ляжалі грошы.
– Я вам зараз усё растлумачу, – запабежліва пралепятаў наведнік, не пазнаючы ўласнага голасу. – Рэч у тым, што гэта не мая вопратка... – Мішка кашлянуў, але голас стаў яшчэ больш сіплым, – … мая засталася на востраве…
Зразумеўшы, што перад імі не рабаўнік, а вар’ят, жанкі пераглянуліся.
– Разумееце, на мяне напалі ваўкі… – ужо без ранейшага імпэту прамовіў Мішка Гардыка, і кабеты, а разам з імі і Карусь Маркс (а мо’ гэта толькі здалося), стрымана пасміхнуліся.
Хвілінаў дзесяць наведнік распавядаў – хто ён такі, і што з ім здарылася, пасля чаго папрасіў злучыць яго з Верхнядрысай.
– Грошай, праўда, у мяне няма. Але я вам заўтра прывязу…
– Заўтра нядзеля, мы не працуем, – азвалася адна з паштарак. – Мы вас злучым, але папярэдне спытаем дазволу ў начальства. Калі ласка, пачакайце ў двары…
Чакаць давялося доўга. Мішка спачатку сядзеў на лаве, потым прайшоўся вакол пошты, нарэшце, уявіўшы, як ваўчара загрызае чарговую ахвяру, расчыніў дзверы і прасіпеў ад парога:
– Ну, што там начальства?
– Ужо едзе! – быў адказ.
І сапраўды, непадалёку заляскатаў матацыкл і да весніц, узняўшы пылюку, падкаціў міліцэйскі К-750. Сэрца Мішкава абарвалася.
Сівагаловы міліцыянт злез з матацыкла, абабіў ад пылу форменнае галіфэ.
– Вашы дакументы.
Мішка развёў рукамі, пачаў, ужо дарэшты асіплым голасам, тлумачыць сітуацыю. Пачуўшы, што перад ім адказны работнік Верхнядрысенскага райкама, міліцыянт пакасіўся на Мішкавы абутак, з нетаропкай разважнасцю прыпаліў папяросу.
– А ну… хто ў Верхнядрысе начальнік міліцыі? – міліцыянт з шумам выпусціў дым.
– Як хто… Мандрык… Сцяпан Пятровіч.
Міліцыянт адкінуў на патыліцу фуражку, выцер рукавом узмакрэлую лабаціну.
– Ну, а хто старшыня ўсвайскага калгаса?
– Балабошка… гэта ён і заваліў усю працу. Увосень на пенсію выпраўляецца.
Вестка такая міліцыянта злёгку збянтэжыла. Ён крэкнуў, зняў з галавы фуражку.
– Ну і спёка сёння… Карацей, сядай на ровар і едзь за мной… што-небудзь прыдумаем.

Кабінет участковага месціўся ў двухпавярховай будыніне. Тут было прыцемна, прахалодна і Мішка, сеўшы ў крэсла, адчуў страшэнную стому: балеў карак і ногі гулі як тэлеграфныя слупы. Міліцыянт доўга круціў тэлефонны дыск – тэлефанаваць давялося праз Рыгу, – суцішна мацюкаўся, нарэшце прасвятлеў тварам і гучна выдыхнуў:
– Сцяпан Пятровіч?! – трубка штосьці прабубнела ў адказ, а міліцыянт, пацёршы няголеную шчаку, з уздыхам прамовіў: – Ды якая там рыбалка… не да таго зараз… – Слухай, тут да нас ваш чалавек завітаў… – міліцыянт прыціснуў далонню слухаўку, таргануў галавой.
– Гардыка… Міхаіл Іванавіч, – падказаў Мішка, прыўзняўшыся з крэсла.
– Гардыка Міхаіл… Дык вось, ён толькі што быў на востраве і ўзбіўся там на ваўка. Так што бярыце стрэльбы, сабак, і тэрмінова выязджайце на месца, – міліцыянт перакінуў трубку з аднаго вуха на другое. – Не, сам ён нічога сказаць не можа… сарваў голас.
Яшчэ пару хвілін міліцыянт гаманіў па тэлефоне, дамаўляўся наконт рыбалкі, і Мішка, выцягнуўшы стамлёныя ногі, адчайдушна пазяхнуў.

Калі ён прыцёгся на бераг, сонца ўжо кацілася за небакрай і ад прыбярэжных кустоў на ваду леглі фіялетавыя цені.
Ля Фарзуновай хаты стаялі два “ўазікі”, а ля самага берага завіхаліся нейкія людзі, напампоўваючы аўтамабільнай помпай гумовую лодку. Поруч, на траве, ляжалі дзве дубальтоўкі, а вакол іх бегала, прыязна махаючы хвастом, вялізная аўчарка.
– Ды няма там ніякіх ваўкоў. Пальма іх за пяць кіламетраў чуе. Калі б што – брахала б як апантаная, – Мішка пазнаў па голасе начальніка раённага аддзела міліцыі Мандрыка.
Мішка спусціўся да берага, падаў Мандрыку руку. Галоўны раённы міліцыянт быў пад хмяльком і не ў гуморы.
– Гэта што, латышы цябе так апранулі? – запытаўся Мандрык, і Мішка, кіўнуўшы ў бок вострава, сіпла працэдзіў:
– Апранаху маю забярыце. На беразе ляжыць.
Мішка пайшоў да свайго ровара, падагнаў яго да “ўазіка”.
– Ну як там, у Латвіі, парадак? – гукнуў у спіну начальнік міліцыі.
– Парадак! Нездарма ўсе браканьеры да нас едуць.
Словы такія Мандрыку не спадабаліся. Міліцыянт штосьці буркнуў у адказ – Мішка пачуў толькі словы “малады яшчэ… старых павучаць”, – а потым незадаволена крыкнуў:
– Ну што вы, бляха, цялёпкаецеся?! Лодку напампаваць не можаце?
Сонца ўжо не грэла, і Мішку страсянулі дрыжыкі. Прыхінуўшы ровар да машыны, ён залез у кабіну, падкурчыў ногі, лёг на праседжанае ся­дзенне.
“Зараз страляць пачнуць”, – адно й паспеў падумаць, перш чым праваліцца ў трывожны сон. Перад вачамі пабеглі ўсплёскі вады – леваруч, праваруч, – і па неспакойнай вадзе зашнуравалі цені імклівых кагарак…
– Ну што, праспаўся? Камбікорма шмат прапіў? – рэзкі Мандрыкаў голас на імгненне вырваў са сну. “Фарзуна ўшчувае”, – скрозь сон падумаў Мішка. Тым часам ён ужо не плыў, а ішоў да выспы напрасткі, пры гэтым вада не даставала каленяў. Пад нагамі срэбнай луской бліскала рыба, пяшчотна краналася лытак, белыя кагаркі чыркалі крыламі па хвалях, а на востраве, па грудзіну ўбіўшыся ў ваду, яго чакаў кудлаты маркач. “Нарабілі бяды, падлюгі!” – крыкнуў маркач, і Мішка ізноў прачнуўся.
Нехта плыў на лодцы, крычаў здаля:
– Хлопцы яшчэ лічаць, але, думаю, галоў пяць-шэсць зарэзалі!
– Дык можа гэта не ваўкі?
– Ваўкі… іхніх слядоў поўна.
Мішка падняўся, правёў далонню па прыспаным, прыпухлым ад крапівы твары і з радасцю падумаў, што заўтра нядзеля і можна будзе дасхочу выспацца.

Ад самага ранку Івану Андрэевічу патэлефанавалі з вобласці. Зычнагалосая Бацькава сакратарка, павітаўшыся, загадала адразу ж па абедзе прыехаць у абкам партыі.
– Калі, заўтра? – перапытаў першы сакратар.
– Сёння! Андрэй Пятровіч прыме вас а трэцяй гадзіне.
– А па якім пытанні? – спытаў быў Іван Андрэевіч, але тут жа, сумеўшыся, выдыхнуў: – Буду! – У размовах з абкамаўскімі сакратаркамі не варта было задаваць лішніх пытанняў.
Тэрміновы выклік у абкам усхваляваў Івана Андрэевіча. Халера яго ведае дзеля чаго выклікаюць. Можа хто ананімку нашрайбаў? Апошнім часам развялося пісакаў. Сашчапіўшы рукі за патыліцай, Іван Андрэевіч задзер галаву да столі.
“Можа, Пецьку Халімону патэлефанаваць?” – апанаваны невясёлымі думкамі, Іван Андрэевіч пацягнуўся да тэлефона, зняў трубку і доўга слухаў натужлівае гудзенне.
Пецька хоць і сядзеў у Раздзярышчы, але быў абазнаны ва ўсіх абкамаўскіх закалотах. Хадзілі нават чуткі, што ён інфармаваў Бацьку аб настроях у партыйным асяродку. Пачухаўшы пальцам сівую скронь, Іван Андрэевіч перадумаў тэлефанаваць, кінуў гудзёлку на вагар.

У разлеглай прымальні было поўна народу: сабраліся, відаць, на нейкую нараду. Іван Андрэевіч падумаў ужо, што рушыць у кабінет разам з усімі, але Бацькава сакратарка – вабная саракоўка ў дэкальтаванай сукенцы – акінула яго прыязным позіркам і стоена прашаптала: – Заходзьце, вас чакаюць.
Бацька сядзеў за сталом, штосьці пісаў, а пабачыўшы наведніка, моўчкі кіўнуў на крэсла. Паставіўшы кропку, першы сакратар парукаўся з падначаленым.
– Чаму рукі халодныя? – запытаўся Бацька, і падначалены, не ведаючы, што адказаць, разгублена пасміхнуўся.
Андрэй Пятровіч Дзяшчэня быў кіраўніком новай фармацыі, а таму любіў людзей самастойных, ініцыятыўных і, галоўнае, здольных да рызыкі. Сярод такіх і шукаў сабе хаўруснікаў. Ініцыятыва з адкормам статку на закінутым востраве, з якой выступіў Верхнядрысенскі райкам, пераканала абласнога кіраўніка, што Антанюк – чалавек, на якога можна пакласціся. Да таго ж, ён ужо не першы год прыглядаўся да падначаленага. Антанюк умеў трымаць язык за зубамі, і ўадначас дакладна і без пярэчанняў выконваў загады. І вось цяпер, пазіраючы на скурчаную постаць падначаленага, Андрэй Пятровіч міжволі падумаў: “Ці не памыляюся?”
Гаспадар кабінета падняўся, прайшоўся ўздоўж даўжэзнага, засланага зялёным абрусам стала.
– Ну, распавядай… як справы? Ваўкі больш не дакучаюць?
Падначалены сцепануўся, а Андрэй Пятровіч, пасміхнуўшыся, паляпаў таго па плячы.
– Усё, братка, ведаю. Думаеш, я тут сяджу ды мух лаўлю? Эх, Ваня-а… ад Бацькі не схаваешся.
Андрэй Пятровіч кіўнуў на партрэт, што вісеў на сцяне.
– Нас Ленін як вучыў? Мацаваць кіраўніцтва нераўнадушнымі, адданымі справе людзьмі. І рашуча вызваляцца, ад тых, хто не адпавядае такім крытэрам… – Дагэтуль Бацька гаманіў бадзёра і весела, ды нечакана надаў голасу сур’ёзныя ноткі: – Вы з Халімонам, здаецца, сябрукі?
– Ды так, працавалі разам у камсамоле, – голас у Івана Андрэевіча перасеў, як у таго Мішкі Гардыкі, і ён стрымана кашлянуў у жменю.
Шэф разважлівай хадою рушыў да стала, і сэрца падначаленага замірала ад страху перад кожным новым крокам.
– Карацей, Халімона ў Цэка забіраюць, будзе на ідэалагічнай ніве завіхацца…
– А каго ў Раздзярышча? – з нечаканай для сябе смеласцю запытаў Іван Андрэевіч.
– Казленю, – з хітрынкай уваччу адказаў шэф, задаволена пацёршы далоні, – атрымаў страгача – хай цяпер пакіруе адсталым раёнам.
“Звярнуў Казленя лыч”, – згадаліся Івану Андрэевічу Халімонавы словы. Ён з захапленнем, і ў той жа час з прытоенай асцярогай зірнуў на Бацьку.
– На вызваленую пасаду старшыні аблвыканкама камітэт партыі рэкамендуе… – Бацька сеў у крэсла, разгарнуў чырвоную тэчку, што ляжала на стале… – рэкамендуе… – Бацькава вока гарэзліва бліснула, – таварыша Антанюка… Івана Андрэевіча.
Пасля такіх словаў Іван Андрэевіч адчуў, што яму не хапае паветра.
– Згоды тваёй пытацца не буду, пагатоў, ёсць партыйная дысцыпліна. Ну а на тваё месца, думаю, пасадзім… гэтага… рыжага…
– Гардыку? – пралепятаў Іван Андрэевіч.
– А што, ёсць нейкія сумневы?
– Ды малады яшчэ… ні досведу, ні саліднасці… Два гады галоўным заатэхнікам працаваў, ды год у райкаме…
– Мне на месцах патрэбныя не салідныя перадпенсійныя тузы, а маладыя адміністрацыйныя шасцёркі. Тыя, што зямлю грызуць, ночы не спяць, а справу робяць. Гэта ж ён там, голы, ваўкоў ганяў? Так што ідзі, падумай над маёй прапановай, а ў сераду разам паедзем у Цэка.

Агаломшаны, Іван Андрэевіч спусціўся ў буфет, замовіў шклянку гарбаты. “Пажадана армянскай, і з цытрынай”, – аднымі вачамі паведаміў ён кельнерцы.
У буфеце было толькі тры наведнікі: нейкая кабета з пышнай “райкамаўскай” прычоскай піла каву за дальнім сталом, а ля ўваходу стаялі, зыркаючы на кельнерку, два кароткастрыжаныя ёлупні са службы Бацькавай аховы. Уваходзячы ў буфет, Іван Андрэевіч кіўнуў ім, але тыя не адказалі.
“Нічога, дармаеды, хутка пачнеце паважаць старэйшых”, – у думках прамовіў Іван Андрэевіч і згадаў учарашнюю размову са Сцёпкам Мандрыкам. Начальнік міліцыі чарговым разам наракаў на Гардыку. Лезе, маўляў, не ў свае справы. Учора ён Мандрыку нічога не сказаў. А вось заўтра параіць: пры сустрэчы з Міхалам Іллічом Гардыкам прыкладаць далонь да брылька і пераходзіць на парадны крок. І пажадана з зухаватай гіморай на твары. Іван Андрэевіч, як гэта ён любіў рабіць часінай душэўнага натхнення, ускудлаціў валасы на скронях. Натхняцца было з чаго: дзесяць гадоў адседзеў у праклятушчай Верхнядрысе, думаў, там і памрэ, а тут такі паварот лёсу!
“Ну і Халімо-он… нездарма яго называюць Бацькавым шпегам. Высачыў-такі Казленю, можа і фотаздымкі зрабіў для партыйнага кантролю, – Іван Андрэевіч нават уявіў здымачак: голы Казленя ляжыць на дырэктарцы вячэрняй школы, – дый раманаўскія авечкі прыдаліся ў жылу! Не-э, нездарма ангельцы паважаюць гэтую глумную жывёліну. Калі б не яна, Брытанія ніколі б не стала вялікай дзяржавай”.
Кельнерка прынесла каньяк, і Іван Андрэевіч гарэзліва схапіў дзяўчыну за руку.
– Ведаеце, прыгажуня, хто сядзіць на мяху авечай воўны?
– Старшыня палаты лордаў, – адказала дзяўчына.
Іван Андрэевіч шчыра здзівіўся: простая кельнерка, а ведае такія рэчы.
– А вас што, пераводзяць на працу ў Вялікую Брытанію?
– Пераводзяць, але крыху бліжэй, – адказаў наведнік і з асалодай, не варушачы коўцікам, уліў у рот пякучы трунак.