Клуб Мёртвых
у памерлых свае цяжкасці ды інтарэсы
але пра іх не пішуць у кнігах не кажуць у прэсе
напрыклад самагубцы пікетуюць райскую амбасаду
патрабуючы роўнасці й допуску да райскага саду
яны маюць сваю Самагубчую Лігу
праз якую прасоўваюць змены ў Святую Кнігу
там таксама ёсць зборы й прызывы ў войска
дэзерціраў – абодва бакі – караюць жорстка
спустошыўшы кволыя душы, іх
высылаюць назад – у свет жывых
свет мёрвых – ён быццам лятучы галандзец
дае табе шанец і забірае шанец
там гастарбайтары з пекла ствараюць таемныя ложы
але кожны жыхар парадызу да іх варожы
у сваю чаргу жыхары парадызу, занураныя ў тугу,
бяруць экскурсійныя туры на востраў граху
і калі скажам віктар пятровіч знаёміцца ў пабе
за порцыяй віскі з шыкоўнай бабай
і калі скажам віктар пятровіч, нябесны насельнік,
пакідае ў выніку ў пекле сваё насенне
то абедзьве сістэмы згубіўшы сваіх адэптаў
ператвараюцца ў два ўяўных канцэпты
то бок паміраючы ты без ніякіх віз
патрапляючы ўверх патрапляеш і ўніз
універсам “Universum”
нашая памяць бы той металічны кошык
поўная страхаў ды іншых сумніўных тавараў
аддзел са старымі сябрамі на зацяжным рамонце
колькі было іх а зараз не помніш і твараў
ты імярэк што рабіцьмеш з гэтымі заламі болю
скрынямі стомы на доўгіх паліцах будняў
у табе сумняваецца нават анёл-ахоўнік
калі ты нервова выстойваеш у шматлюднай
чарзе а за душою – ён ведае – ані капейкі
і ты адчуваеш ачко тваё таньчыць шэйк
бо вельмі хутка так мабыць занадта хутка
дзеўчына-смерць выб’е на касе чэк
Гігіена смерці
не кожнаму шанцуе памерці ад рук маньяка
з кішкамі навыпуск з гламурным надрэзам на горле
не кожны бярэ смерць
як маленькую дзяўчынку за руку
і ідзе з ёю
ў цёмны парк на прагулку
звычайна ўсё адбываецца ў блізкім коле
ад насмарку ці лішку калорый
неяк ціха й спакойна
карацей ніякай красы і позы
то бок катарсісу і агоніі
хто не ўмее паміраць
той не ўмее жыць
Місіма любіў такія максімы
бо найлепшы антысептык – боль
той што ўрываецца ў цела – у кожны яго пакой
што вырывае з мясам шуфляды страхаў
як прафесійны налётчык адным махам
знаходзіць той сакрэтны сейф дзе ляжыць душа
смерць – гэта твой ва-банк
і не бойся за душу яна як панк
каторы не памірае
яна вечна жывая
Курортная гісторыя
Паўднёвая Украіна. Старая акторка
правінцыйнае трупы ў партовым доку,
паехаўшы дахам, забівае матроса.
Пісталет знаходзяць у яе пад матрасам.
На допытах распавядае пра Руку
Гасподню, што ёй кіравала. Следчыя ў шоку.
Вобшук дадае новых нюансаў:
аматарка спірытычных сеансаў,
пісала лісты святому Антонію,
просячы даць ёй дзіця, гучную славу й гармонію.
У выніку бабульку закрываюць у псіхлякарні
на 14 гадоў. Па начох, у святле ліхтарняў,
піша раманы пра шчуроў, санітарак,
паралельныя светы суседак-вар’ятак.
Напісанае ўночы, паліць зранку ў начным гаршку.
Седзячы на лекавым опіум-парашку,
малюе ў сарціры на сценах марсіянскія хронікі,
ад чаго паступова выміраюць усе гіпертонікі.
Але часам у ментальных штольнях ірвуцца тросы:
яна гадзінамі ляжыць гледзячы на кончык носа,
на краты, за якімі далёка-далёка сінее рака,
ад чаго пуста робіцца ў сэрцы і салёнай шчака.
За месяц да выпіскі, у адну з такіх цёмных нірванаў,
бабулька ўцякае, захапіўшы з сабою планы
места, падрабязныя схемы дарог.
Дзяжурнай сястры – хто б такое падумаць мог! –
ламае хрыбет у начным развітальным танцы.
Хуткая смерць, сястрычка не мае шанцаў.
”Святы мой Антоній, мой шызафрэнічны Вергілій,
ты не даў задыхнуцца ў гэтым жыццёвым пыле”.
Сядае ў трамвайчык і едзе паволі да мора,
мілуючы вока драпежнай паўднёвай флорай.
У сэрцы расце прадчуванне шыкоўнай развязкі,
такой што бываюць адно толькі з Божае ласкі.
Сядзіць на ўзбярэжжы, чакае нябеснага знаку
пакуль не прыходзяць прыблудныя злыя сабакі
і не загрызаюць. Ад голаду ці проста так.
І ў небе паціху згасае яе задыяк.
Варыяцыі на тэму заняпаду
І Гісторыя на пераможаных
з жалем зірне, але не дапаможа і не даруе паразы.
У. Г. Одэн, “Гішпанія”.
І.
(Ананімны аўтар, І ст. н.э.)
І вось ты са службы вяртаешся поцемкі ў стоме.
Нібы Калізей, колісь велічны, сёння твая галава.
Цяпер ад колішніх ейных перамог і паразаў
адно толькі вецер: пясок па арэне пустой ганяе;
адно сабакі адчаю, што ліжуць запеклую кроў.
Сядзіш пры агні, чытаеш ліст ад старога сябра
з якім у гімназіі бегалі пабавіцца на Капітолій,
а потым у легіянерах – на ноч да гетэр мясцовых.
Ён піша цяпер мне: “дружа, жыццё – бясплодная глеба.
І нават віно не прыносіць жаданага супакаення.
і ўвечары ўжо не выйсці на форум або тэрасу –
страх працінае цела сягаючы самых ускраін –
бо чужынцы, стаіўшыся ў цёмных садох і завулках,
чакаюць, калі шчаку пад удар падставіўшы моўчкі,
падставіш ім і другую паводле сумніўных правіл.
А ўвечар прыходзяць сектанты і іхняя зграя хорам
багоў зневажаць пачынае пад дахам тваёй гасподы.
Выпытваць навошта ў лазні хлопчыкаў спакушаю.
Ці веру ў падзенне Рыму, а як не, то паверыць мушу;
ці веру ў адзінага бога, а як не, то стол накрый нам,
адкрый душы сваёй браму – астатняе зробім самі.
І замест – як раней бывала – здаць іх на смерць уладам,
спускаеш сабак на няверных. Вяртаешся ў бібліятэку
дачытваць чарговы кавалак з “Гісторыі” Гая Тацыта
пра прыгожую сцэну з пажарам у Рыме і пра Нерона
што ігрою на ліры нябёсны гнеў супакойваў.
ІІ.
(Ананімны аўтар, ХХІ ст. н.э.)
І вось вяртаешся з працы
галава быццам некалі велічны Калізей
ад колішніх перамог і паражэнняў –
адно вецер што ганяе пясок па пустой арэне
адно сабакі адчаю што ліжуць запеклую кроў
чытаеш захутаны ў плед смс ад сябра
з якім у гімназіі бегалі на парады
а потым у войску ў мястэчка да самадаек
цяпер сябра піша жыццё йдзе на схіл не паспеўшы сягнуць і паловы
жонка пайшла і нават віно не прыносіць супакаення
і ўвечары ўжо не выйсці спакойна ў краму
страх працінае цела сягаючы самых ускраін
бо гопнікі захапіўшы прыпынкі дворыкі тратуары
чакаюць калі пад удар падставіўшы нырку
падставіш ім і другую паводле сумніўных правіл
а пад вечар прыходзяць баптысты і самы галоўны
пачынае несці суцэльную ахінею
выпытваць ці меў я грэх з незамужняй жанчынай
ці веру што мне хана а калі не то верыць мушу
ці слушнага бога слаўлю а як не то налі нам кавы
адкрый сваю душу астатняе зробім самі
і замест – як бывала раней – спусціць іх са сходаў
замыкаеш дзверы і йдзеш у залу
даглядаць кіно дзе герой са свайго верталёту
назірае армагедон
і цытуючы Герадота
ідзе ў атаку