Муза і меч
Верш-фэнтазі
У тыя дні,
калі радкамі трызьню,
каханьне прадчуваючы
ці бой,
найлепшую сьвяточную бялізну
я надзяваю,
поўная сабой.
Вось дзеля гэтага
жыву на сьвеце!
Вось толькі гэта
ап’яняе дух!
Астатняе ўсё — толькі інтэрмецца
ў музычнай вакханаліі
удзьвюх.
Чара
Верш-фэнтазі
Гэта ня сон, гэта ня сон,
Знаю.
Гэта праклён, даўні праклён
Маю.
Сьветлая ноч, зорная ноч,
Поўня.
Шэптам: “Ня збоч, толькі ня збоч,
Помні...”
Поўная іх, твараў жывых,
Чара.
Альпы прайсьці й перакуліць –
Мара.
Хто быў ваяр, хто быў млынар –
Спрэчна:
Ўсіх падбярэ ў Храм Камяняр
Вечны.
Плённы дзень
Які плённы
Гэты дзень –
Як пялёны
Шусь у цень!
Хтось адсунуў
Цяжкі камень.
Я – узьнеслася!
Шукайце!
Мне цяпер
патрэбна воля!
Дагаджаць вам?
Аніколі!
Джгаю ў Неба,
А ці ў нешта,
Што ня знаю, —
Вершы вершаў!
Медытацыя над гнілым яблыкам
Трэба жыць цяпер, а не пасьля.
Нараджаць, а не чакаць жыльля.
Есьці добрае, а не найперш гнілое,
Каб жыцьцё ня сталася з гнільля.
Бо жыцьцё адно, як ёсьць адно!
Ведай: не паўторыцца яно...
Ты ня зможаш так шумець лістамі,
Калі з дрэўца станеш бервяном.
Кветкі-партрэты
Алене Лось
Мастачка малюе букеты –
нібыта стварае партрэты
Людзей: у настроі сьвяточным,
Прыўзьнятым, вясёлым ці змрочным...
У цэнтры – дзівосныя кветкі,
А фонам – фіранкі, сурвэткі.
Абрус, які ўсё аб’яднае.
Глядзі: Беларусь маладая.
Нататнік
Што б я рабіла без цябе,
Мой верны сябра, мой нататнік?
Як зерне курачка дзяўбе!
Як певень цісьнецца ў куратнік!
Бачыны разьвяду твае –
І на любым свабодным месцы
Мой верш, мой горад паўстае,
Дрыжыць налім на тонкай лесцы...
Малы, ты эльзівіра ўзор,
Ты “Падарожная” Скарыны.
Я з вобразаў магу узор
Саткаць за нейкія хвіліны!
Што б я рабіла без цябе,
Мой добры кодэкс, мой нататнік?..
Загінула б у баразьне,
І муж, напэўна, быў бы дачнік.
Год-пераход
О, ромбападобны
службовы
пакой!
Тут пэўнасьць жыцьця
я знайшла
і спакой.
Дай мне перажыць
гэты жудасны
год,
чый сімвал – мяжа,
пераезд,
пераход...
О, кнігі, якія,
бы мёд,
а ці ёд
на раны, — і вас
даў мне прывідны
год!
Каб толькі дажыць,
перажыць
і паўстаць
нанова Паэтам,
і вершы
пісаць.
Нібыта вяршыні
гармоніяў
тых,
якія даводзяць мне
памяць
і слых.
Школа рыфмаў
Мне пішацца – як гуляецца:
Я крыкну – і адгукаецца.
Інакш я ня ўмею...
Крыкну –
І чую адказ у рыфму.
Мне кажуць:
Ня модна болей.
Я – іншай належу школе:
Там дошкамі — горы і скалы.
Іначай бы не пісала!..
Ня ведаю, хто паклікаў,
А ведаю — гэта выклік
Нямілае злосьці дню.
Так дыхаю я. Так люблю.
На Калінавым мосьце
Стаю на Калінавым мосьце.
Бывай наўсягды, маё лета!
Ўжо не гаспадыня, ня госьця.
Перш-наперш я толькі Паэта.
А хто прасіў крыць яго (божа!)
За гэту шляхетную службу,
Таму ўжо ніхто не паможа
Закону адмовы адужаць.
І ўсё-ткі ён добра прыдумаў
Калісь пра ружовыя шчочкі!
(“Ўрагамі дружкі”... А ты думаў!)
Дагэтуль за Людкаю крочу.
* * *
Зноў пахне дымам, горкім дымам...
І ружавата-чорны ліст,
Абрысамі, як ты, радзіма,
Віруючы, нясецца ўніз.
За ім – кляновае насеньне,
Нібыта верталётаў рой,
У ветры круціцца, нясецца
Да гібельнай зямлі сырой...
Жабрачы дух! Якога чорта
Сьціскаеш словаў лахманы?
Як ёсьць пашкоджана аорта
Лязом іржавае маны...
Апошні дзень.
Апошнім словам.
Бог з намі.
Я заўжды гатова.
Апошні прарок
Паэце, не хадзі
І не рукайся
З малазнаёмымі!
Сядзі, пішы, хавайся.
У век
Інфармацыйнае прасторы
Тваё прызваньне –
Слабасьць, сьмех і гора.
Людзьмі
Інфармацыйнага грамадства
Ня будзе дзёньнік трызьненьняў
Чытацца.
А як яшчэ
Твае успрымуць вершы?
Ты тут – апошні,
Хоць сабе ты – першы.
Восень: Тры парасоны
Ліловы і ружовы, і руды...
Як парасоны скрозь дажджы-гады.
Я толькі вас, да шкла прыпаўшы, бачу:
Ліловы і ружовы, і руды.
А хто ішоў? Хто над сабой іх нёс?
Ня бачна... Толькі сьцежкі кропляў-сьлёз.
Я закрываю тоненькую кнігу
З малюнкамі, што падарыў мне лёс.