Кветка
У прысутнасьці кветкі, якую ты мне падарыў
Выпадкова, відаць, ад штодзённай устойлівай стомы,
Я зусім не шкадую аб тым, што караблік прыплыў
У зацішную гавань, якая назвалася домам.
У прысутнасьці кветкі, якая ня можа сысьці,
І якая да самага скону маўклівая сьведка,
Я клянуся ніколі-ніколі сябе не клясьці
За абраную гавань (ды клятвы выконваюць рэдка).
Кветка, кветка, бывай! Я табе памахаю рукой,
Я ужо спакавала свае успаміны ды рэчы.
Ты са мной не паедзеш туды, дзе абраны спакой,
Я пакіну цябе аздабляць выпадковыя стрэчы.
* * *
Што мне ў табе асэнсоўваць, дурное стагоддзе?
Быццам бы зьмена стагоддзя зьмяняе людзей...
Штосьці будуюць на дурасьці, штось на выгодзе,
Побач адна толькі сьмерць неадступна ідзе.
Нам не даруюць ні лепшых, ні горшых учынкаў,
Нас за мінулае сёньня настойліва б’юць.
Браце паэт... Там, за кратамі, ёсьць аблачынка,
Браце мой кат... І сьмяротнікі песьні пяюць.
Спынім гадзіньнік, ды час, што ідзе і праходзіць,
Нам не спыніць – ні ў вайне, ні ў сяўбе, ні ў дзяльбе.
Што мне ў табе асэнсоўваць, дурное стагоддзе?
Мы ўсе – ахвяры і суддзі, твае і табе.
* * *
Хто я за сёньняшнім ранкам?
Толькі нязграбны мінак...
Зьніклі мае спадзяванкі,
Жарсьці спагналі каханкі,
Попел – ніякі на смак...
Болю не перагаворыш,
Лекаў ад праўды няма...
Тых, незабытых, ня скорыш,
Гэтых, сьляпых, не адорыш,
Вочы ня плачуць – зіма...
Вось ён – ставок і запруда,
Месца для сьветабыцьця...
Вершы мае самагуды,
Нам не падзецца нікуды
З гэтага злога жыцьця.
Мара
Мара здохла, задрала ножкі
І адкінула капыты.
За вакном пацямнела трошкі,
Пачалі марцаваць каты...
Як найлепшы таксідэрміста,
Упарадкую мару я:
На падставачцы залацістай
Мара вымытая мая.
Так, праходзьце, сядайце, госьці,
Прыгадайце: “Усё міне...”
Заўтра вечарам прыйдзе хтосьці
Не па мару, а па мяне.
* * *
Абсурд жыцьця абсурдам сьмерці
Ня мае сэнсу падмяняць.
Тут не малюнак: не падцерці
Абсурд жыцьця абсурдам сьмерці.
Тузе паўсюль душу мне дзерці,
Дык што туды-адтуль ганяць?
Абсурд жыцьця абсурдам сьмерці
Ня мае сэнсу падмяняць.
* * *
Кожны мае свой страх, як атрутную кветку,
Колькі ўласную волю не дакарай.
Я баюся прачнуцца рускамоўнай паэткай,
Опевающей Северо-Западный край.
* * *
Што майму добраму Богу
Трэба яшчэ ад мяне?
Ён мне прызначыў дарогу
З тых, што любога сагне.
Што тут скуголіць... Нічога,
Годнасьць ня дасца дарма.
Толькі — у добрага Бога
Ласкі ў паглядзе няма.
Гэта старая зьнямога
Мала каму навіна:
Й лепшага добрага Бога
Люціць прамая сьпіна.
* * *
Я нікому ня вінна болей
Думак, грошай ці абяцанак.
Вось усьмешка мая, сьвітанак, —
Я нікому ня вінна болей.
Воля — лепшая з каляжанак,
Хай ніхто не падкажа ролю.
Я нікому ня вінна болей
Думак, грошай ці абяцанак.
Паштоўка
“Полацк” праштэмпелявана...
Охра дрэў, блакіт вясны,
Ланцужок крыжоў парваны...
Адзінокі, неспазнаны,
Ціха сьпіць, зачараваны
Калыханкаю Дзьвіны.