Mens sana…
Не баліць галава жаўне –
птушкі ў хворым гаі сыцеюць…
Кволым духам,
здаровым целам
патыхае і ад мяне.
Канюшыну сваю кашу
і чыіхсьці дзяцей люляю.
Не малюся.
Не замаўляю.
Не анёльствую.
Не грашу.
…Толькі хіба здаровы той,
хто дасьвецьцямі вые нема
ад бясьсільля адолець немач
прастаты,
хай сабе й сьвятой?!.
Не баліць галава жаўне.
Мне баліць галава.
Мне.
* * *
Бязьвер’ем балюча спавітую
душу,
як магу, суцяшаю
няўмелай наіўнай малітваю,
сатканай з надзей і адчаю.
Ды штосьці душа безьязыкая
ня прагне майго спачуваньня…
У радасьці ўсе мы язычнікі
і толькі ў бядзе – хрысьціяне.
* * *
Міколу Яцкову
Сёлета свой Дзень нараджэньня
Сьвяты Мікола Цудатворац
адзначаў у г. Магілёў-на-Дняпры…
Зьляцеў сівагракам
Мікола-Сьвяты ў Падмікольле
і сьціпла прайшоў чалавекам
па ўюшлівых гонях людскіх,
і ў Храм увайшоў...
І лёгка ня стала сьвятому
ад хвалы такой. Ці заслужанай?
Ад сьпеваў, такіх... ці заслужаных?..
І выйшаў ён з храма на волю,
забыўшы чало пераксьціць.
А...
...выпілі пляшку амброзы
з тутэйшым наркотам Сяргунем,
пагаманілі «за жысь»
і потым паклалі галовы
на бляху трубы-цеплатрасы
і цёхкалі, цёхкалі, цёхкалі
ў лад салаўям.
«Божачкі, – марыў Мікола, –
а так бы хоць пару стагоддзяў...»
Толькі гэнае дзіва
ня здолее й ён сатварыць.
* * *
Христос воскрес
Воистину воскрес
Что и требовалось
Доказать
Усевалад Някрасаў
Згадваю я
ўсё часьцей і часьцей
малітву няўцешную:
«Госпадзе-Йсусе-Хрысьце,
памілуй мя, грэшнага...»
...Сумую.
Па Аксіёме...
* * *
Чую тваю сьлязу:
касою-«васьмёркай»
ты парэзала жабчыну лапку.
Мама!
На лузе ў нас
86 буслоў.
Аднакурсьнікі
«Няўжо мы сапраўды не маладзеем?.. –
пяклівай думкай лоб захаладзіла.
– Дзівак, ты жыў, люляючы надзею, —
на Дзіва!
Убачыліся мы – і зьніклі словы,
ад радасьці хіба што не заплачаш...
А ў хлопцаў загарэлыя галовы.
Ты бачыш?..»
Сон
Сорак гадоў з неспадзеўным «гакам!»
Толькі яшчэ пачынаю жыць.
Зьнецеўкі – ува мне – Стральцоўскае:
«Я маўчу,
я думаю,
што гэта мне сьніцца сон».
Сон?..
* * *
Краёчкам падпітага вока
на мосьце імя Прэзідэнта
над стромай дняпроўскаю
выхапіў быў неспадзеўна:
«…аша».
А ўчора
цьвярозае вока
мне дачытала з дакорам:
«Наташа».
* * *
«Белоруссы?
Выжиги, вьюны…
Им бы русского духа поболее
да немножко чеченской войны.
Вот и бросили б думать о ”воле”».
А ці думаюць?
Волю сваю,
пэўна, й так ужо
грукнулі вобземлю.
...Сьпіць, заплюшчыўшы вочы,
уюн
на пяску
трохлітровага возера.
* * *
Сьвет ёсьць мост.
Праходзь па ім,
але не ладуйся на ім жыць.
Аграфа.
Поўня лагодзіць хмурынкаю
рабую сваю шчаку.
Горад хліпае ў сьне
дзюраватымі лёгкімі.
Я спрачаюся – да безгалосься –
з нябожчыкам дзедам Масеем…
Дзед мой,
Масей Іванавіч Сілянкоў,
якога вучыў сеяць грэчку
радзькаўскі пан Дзерналовіч,
ня бачыў мяне пры жыцьці.
Цяпер вось даймае па сьмерці.
Навязьліва голас гучыць,
цытуючы некага з даўніх:
«Не ляпі сабе з гліны бажкоў,
не юры з маладзіцай-суседкай.
Не скрадзі, не схлусі, не забі!..»
...А сам чараваў сельчукам.
А ў самога
душа да сахі не ляжала!
Дзед Масей – не біблейскі Майсей.
Ды і я не фанат дэкалогу,
Хаця не краду, не чарую,
ня б’ю чалавекаў
нават гумавай палкай....
Проста я ўжо і сам разумею,
чым яно скончыцца.
Тое жыцьцё.
* * *
Прачнуўся ад звону разьбітае шыбы
і ўрачыстага карканьня:
гэтак суседка-варона
штосакавік мне нагадвае
пра надыход вясны.
Сьвяткаваньне-2005
…а тата маўчаў пра вайну.
Тройчы паранены,
Ён адолеў аж 84 зімы.
На далоні маёй –
Два яго ордэны:
«Айчынная…»
«Зорачка…»
Цяжкія.
* * *
Жанчына.
Мая...
Ільдзінкаю дакранулася
(вусны).
Любая,
ня браў я тваю маладосьць!..
(... вось ён, фаньцік).
* * *
Да болю кахаў
і бяздумна грашыў,
ня раз наракаў на долю.
І толькі ў вязьніцы тваёй Душы
я ўчуў
асалоду няволі…