_____________________ Расквітацца з жаночай нядоляй.
Новыя факты з біяграфіі Ганны Брэскай |
Імя таленавітай полацкай паэткі 20-х гадоў мінулага стагоддзя Ганны Брэскай было вернутае з нябыту зусім нядаўна: 14 кастрычніка 1999 году ў газеце «Голас Радзімы» быў зьмешчаны артыкул Леаніда Маракова «Невядомая Ганна Брэская», прысьвечаны творчасьці паэткі. 3 лістапада ў тым жа выданьні зьявілася нізка ейных вершаў, а ў наступным 2000 годзе дзякуючы Таварыству Вольных Літаратараў выйшла кніга «Настурцыі». Акрамя твораў самой Брэскай, у кнізе зьмешчаная прадмова Алеся Аркуша і вершы сучасных полацкіх паэтак Надзеі Салодкай, Ірыны Дарафейчук і Тацяны Хмаркі з прысьвячэньнямі Ганьне Брэскай. Вяртаньне забытай аўтаркі, творчасьць якой высока цаніў Максім Гарэцкі, прыцягнула ўвагу сучаснага літаратурнага асяроддзя Полаччыны. Вакол асобы ўшанаванай землякамі паэткі ўзьнік своеасаблівы арэол таямнічасьці, што ў значнай ступені тлумачыцца адсутнасьцю біяграфічных зьвестак. Дакладна вядома было толькі тое, што Г.Брэская належала да Полацкае філіі «Маладняку». Вось менавіта гэты факт і зьявіўся той зачэпкай, якая дапамагла нам удакладніць яшчэ некаторыя дэталі з біяграфіі паэткі.
У Беларускім Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца даволі ёмісты пакет з самымі рознымі і складзенымі без храналагічнага парадку дакументамі Полацкае філіі «Маладняку» (Ф. 225, воп. 1, спр. 13)* . Гэтыя дакументы дапамагаюць нам аднавіць некаторыя факты з жыцьцяпісу Ганны Брэскай, чыё імя сустракаецца там неаднаразова.
Пачнем з агульных біяграфічных дадзеных.
28 траўня 1926 г. Сымон Хурсік пісаў у ЦБ «Маладняка»: «Дасылаю пакуль што тры біяграфіі: Брэскай, Драгілёва і Хадкевіч. Гэтыя таварышы ўжо некалькі выявілі сябе. Біяграфіі астатніх маладнякоўцаў-палачан я покуль што лічу немэтазгодным дасылаць: амаль зусім ня выявілі сябе» (л. 79).
Калі б гэтыя біяграфіі захаваліся, мы б цяпер ведалі пра паэтку нашмат болей. Але, на жаль, у архіве іх няма. Таму будзем абапірацца на зьвесткі з іншых дакументаў Полацкай філіі. Вось анкета Ганны Брэскай, запоўненая 3 лютага 1927 года (л. 29):
«Анкета
для перавучоту сяброў «Маладняку».
1. Прозьвішча, імя і імя па бацьку ... Брэская Ганна
2. Партыйнасьць і стаж ... бесп<артыйная >
3. Праца ў грамадзкіх арганізацыях .... –
4. Узрост ... 1902 год нараджэньня
5. Якую займае пасаду ... беспрац<оўная>
6. Праца ў літ. арганізацыях .... «Маладняк»
7. Від творчасьці .... вершы
8. Ці друкаваўся .... друкавалася.
Подпіс <Г. Брэская>
3/II-27 г., г. Полацак».
Такім чынам, дакладны год нараджэньня Ганны Брэскай не «паміж 1907-10 гадамі», як гэта лічылася дагэтуль, а як мінімум на пяць гадоў раней. А гэта значыць, што «адным з наймалодшых сяброў Полацкай філіі «Маладняка» яна не была. Калі менавіта яна ўступіла ў філію – цяжка вызначыць дакладна, бо склад сяброў часта пераглядаўся. Згодна пастановы Камісіі аднаго з такіх пераглядаў (л. 53), 30 ліпеня 1925 г. Ганна Брэская, Базыль Драгілеў і Антось Мікуцкі рэкамендаваліся да зацьвярджэньня кандыдатамі ў Сапраўдныя сябры “Маладняку”, пасьля чаго яны павінныя былі атрымаць і сяброўскія білеты. Але ёсьць сьведчаньні, што Брэская ўваходзіла ў філію і раней, далучыўшыся да яе альбо ў траўні (мяркуючы па характарыстыцы, напісанай А. Дударом), альбо нават у сакавіку. У любым выпадку, увосень яна лічылася ўжо не кандыдатам, а Сапраўдным сябрам «Маладняку», як бачна са «Сьпісу асабовага складу Полацкай філіі «Маладняку» (л.36), складзенага ў выглядзе табліцы пры канцы кастрычніка 1925 г. Увесь сьпіс прыводзіць ня будзем, працытуем толькі зьвесткі пра Г. Брэскую (у сьпісе яна фігуруе пад № 6):
«Прозьвішча і імя – Брэская Гануля.
Калі залічаны ў філію – Сак<авік> 1925 г.
Партыйнасьць – бесп<артыйная>.
Соцыяльны стан – служ<ачая>.
Хто: прозаік, поэт, крытык – поэт.
Узрост і пол – 22 г., жанч<ына>.
Нацыянальнасьць – белар<уска>».
Гэтая табліца дапамагае ўдакладніць нам і месяц нараджэньня паэткі. Акрамя Г. Брэскай, у сьпісе ёсьць (пад № 2) С. Хурсік. Але Хурсіку на той момант (канец кастрычніка) ужо споўнілася 23 гады (натуральна, бо нарадзіўся ён 31 студзеня па старым стылі), а Брэскай – яшчэ не. З гэтага можна меркаваць, што зьявілася на сьвет яна ў лістападзе альбо сьнежні 1902. Зьвяртае на сябе ўвагу і сацыяльны стан паэткі. З усіх 18 сяброў, супрацоўнікаў і кандыдатаў Полацкай філіі «Маладняку» са «служачых» паходзілі толькі двое: Ганна Брэская і празаік Уладзімер Галін (Булаш), які прыехаў з Украіны. Яшчэ двое (Якуб Дадон і Грыгор Гарнон) паходзілі з рабочых сем’яў, усе астатнія – з сялянскіх. Падобныя суадносіны назіраліся бадай ва ўсіх філіях “Маладняку”. Магчыма, гэта і дало падставу Леаніду Маракову выказаць меркаваньне аб сялянскім паходжаньні Брэскай.
Дакладна казаць пра ейную адукацыю і род заняткаў пакуль не выпадае. Як мы бачым з прыведзенай вышэй «Анкеты для перавучоту сяброў «Маладняку» (л. 29), на пачатку 1927 г. паэтка была «беспрацоўнай». Але ў 20-я гады да беспрацоўных прыраўноўваліся і вольныя слухачы ўніверсітэтаў і тэхнікумаў. Напрыклад, згаданы ўжо Сымон Хурсік у маладнякоўскай анкеце ад 5 мая 1925 г. на пытаньне «Дзе вы працуеце ў сучасны момант?» адказаў: «Беспрацоўны; слухач М<енскага> Бел<арускага> Пэд<агагічнага> Тэхнікума». Ня выключана, што і Ганна Брэская ў сярэдзіне 20-х гг. была слухачкай адной з навучальных установаў альбо знаходзілася ў адпачынку, даглядаючы дзіця, што выглядае натуральным для маладой замужняй жанчыны. Пра сямейнае становішча Брэскай даведваемся з наступнага дакументу – сьціслай характарыстыкі, дасланай кіраўніком Полацкай філіі Алесем Дударом разам са справаздачай аб праведзенай працы ў цэнтральнае бюро «Маладняку» 11 траўня 1925 г. (л. 54):
«Дадатковы сьпіс.
Прыняты на апошнім сходзе.
1. Брэская Ганна.
Беспартыйная. Жонка аднаго настаўніка. Піша даволі добрыя вершы па беларуску. Але над ёю яшчэ шмат працы ў сэнсе ўмацаваньня ідэолёгіі а таксама тэхнікі.
2. Баркан.
Піянэр. Напісаў пару вершыкаў па-беларуску. Прынялі яго грунтуючыся на тым поглядзе, што яму ў філіі будзе дадзена належнае выхаваньне: падрасьце — будзе добрым беларускім работнікам.
Ал. Дудар».
Такім чынам, муж Ганны Брэскай працаваў настаўнікам. І, акрамя таго, таксама цікавіўся літаратурай, зрэдку наведваў пасяджэньні Полацкай філіі «Маладняка», удзельнічаў у абмеркаваньнях твораў маладых паэтаў і празаікаў. А ў пратаколе аднаго з пасяджэньняў (18 кастрычніка 1925 г.), на якім пераглядаўся склад філіі, сярод сяброў філіі пазначана ня толькі Брэская, але і Брэскі (л.9). Так што прозьвішча, пад якім паэтка набыла вядомасьць у літаратуры – ад мужа. Але сам настаўнік Брэскі (мы ня ведаем ні ягонага імя, ні нават ініцыялаў) быў, як відаць, асобай даволі пасрэднай: прозьвішча ягонае са сьпісу выкрасьлена – значыцца, сябрам філіі яго не зацьвердзілі. Мабыць, у Ганны ня склаліся з ім адносіны: у вершах яна піша то пра «жаночую нядолю», то пра жаданьне знайсьці каханага, то, урэшце, пра тое, што «муж у піўной, муж з другой»...
Вядома ж, пасьля ўсяго гэтага па-іншаму ўспрымаецца і версія наконт каханьня паміж Ганнай Брэскай і Петрусём Броўкам. Магчыма, яны пазнаёміліся яшчэ ў 1925 годзе, але пра раман тут казаць не выпадае – не таму што «дзяўчына, відавочна, была непаўнагадовая», а, наадварот, – таму што была замужняя і, да таго ж, трохі старэйшая за Броўку. Хутчэй за ўсё, паміж паэтамі была проста сяброўская прыязнасьць, якая адбілася ў вершы Брэскай «Шчасьце горн...». Хаця, вядома ж, калі ў паэткі ня ладзіліся адносіны з мужам, то яна магла і ўсур’ёз захапіцца маладым энергічным Петрусём.
Але вернемся да Алеся Дудара, які таксама нездарма сустрэўся на жыцьцёвым шляху Ганны Брэскай. 31 мая 1925 г. Дудар у лісьце Уладзімеру Дубоўку скардзіўся на творчую і арганізатарскую пасіўнасьць полацкіх маладнякоўцаў: «Няма ніякай падставы для далейшага існаваньня Полацкай філіі, аб’яднаньня хлопцаў, якія зусім не цікавяцца і ня хочуць цікавіцца Маладняком. Тыя адзінкі, якіх Маладняк будзе мець у Полаччыне, знойдзены лічна мною, а ня філіяй» (л. 45). Думаецца, што зьяўленьнем Ганны Брэскай у літаратуры мы абавязаны менавіта А. Дудару – арганізатару і першаму кіраўніку Полацкай філіі «Маладняку».
З дакументаў Полацкае філіі мы даведваемся і пра гісторыю стварэньня верша «Франьцішку Скарыне». У 1925 годзе беларуская грамадскасьць актыўна рыхтавалася да сьвята, прысьвечанага 400-годдзю з пачатку працы на беларускай ніве «першага вялікага беларускага дзеяча» Франьцішка Скарыны. Чынны ўдзел у падрыхтоўцы сьвята браў «Маладняк». Менавіта тады й напісала Г. Брэская свой верш, які прачытала перад усімі сябрамі філіі 27 кастрычніка 1925 г. Сябры параілі зьмясьціць верш у «Скарынаўскім зборніку», які меркавалася выдаць сіламі «Маладняку» ў полацкай друкарні. Спачатку, аднак, верш выйшаў у газеце «Красный пахарь» (будучай «Чырвонай Полаччыне») 1 студзеня 1926 г., а потым – у альманаху «Наддзьвіньне», які выйшаў замест «Скарынаўскага зборніка» пры канцы таго ж году.
У прадмове да кнігі «Настурцыі» Алесь Аркуш піша: «Упэўнены, акрамя «Настурцый» будуць і іншыя кнігі Ганны Брэскай». Напэўна, аўтар прадмовы мае рацыю, бо творы Брэскай працягваюць адшуквацца. У наш час даволі цяжка знайсьці старую газетную падшыўку з поўным камплектам нумароў, таму ў кнігу трапілі далёка ня ўсе творы паэткі, апублікаваныя ў 20-я гг. Так, у падшыўках газеты «Чырвоная Полаччына» за 1926-28 гады знайшліся яшчэ тры вершы Г. Брэскай: «Сава», «Зімовае» і «Сады цьвітуць...». І ў іх аўтарка выявіла неардынарны паэтычны талент. Асабліва вылучаецца верш «Сава», які не зьяўляецца характэрным ня толькі для творчасьці Ганны Брэскай, але збольшага і для маладнякоўскай паэтыкі наогул. У той час як іншыя аўтары насычалі свае вершы пераважна бадзёра-аптымістычным настроем і ўзьнёсла-рамантычнымі сьветлымі фарбамі, Г. Брэская напісала твор, поўны смутку і нават роспачы. Свой неспакойны стан лірычная гераіня перадае, параўноўваючы сябе з беспрытульнаю савою. Магчыма, схільнасьць Брэскай да такіх вобразаў і дала падставу Алесю Дудару адзначыць недастатковую «ідэолёгічную» загартоўку паэткі.
Верш Г. Брэскай «Зімовае» перагукаецца з іншым творам паэткі – вершам «З Каўкаскіх напеваў». Абодва вершы, напісаныя ў 1926 годзе, аб’яднаны супрацьпастаўленьнем сьцюдзёнага зімовага надвор’я і васількоў, якія цьвітуць у сэрцы й думках лірычнае гераіні і, адпаведна, натхняюць на «песьні аб сьветлай вясьне». Вясна ў паэзіі Г. Брэскай набывае як літаральнае, так і сімвалічнае значэньне: у вершы «Зімовае» яна наогул ня згадваецца, затое выказана жаданьне «...зьнішчыць мінуўшчыны сьцень, Расквітацца з жаночай нядоляй...». Разам з распаўсюджанай у 20-я гады тэмай абнаўленьня старога ладу тут праглядаюцца і відавочна фемінісцкія матывы, якія прысутнічаюць і ў іншых асобных вершах Брэскай, напрыклад, «Хочацца жыць!» (1931), дзе ад першай асобы паказаны, па ўсім відаць, аўтабіяграфічны вобраз жанчыны, якая яшчэ нядаўна перажыла голад, матэрыяльную нястачу, здрады мужа, а цяпер атрымала магчымасьць працаваць на фабрыцы і, адпаведна, — «жыць і славіць вясну маладую».
Намёк на вызваленьне ад «жаночай нядолі» ёсьць і ва ўзьнёсла-лірычным вершы «Сады цьвітуць...», дзе гераіня кажа сабе: «свабодная, свабодна ты, / пакуль сады яшчэ цьвітуць, / сабе каханага знайду». Верш напісаны ў 1928 годзе. Магчыма, тады Ганна Брэская парвала адносіны са сваім нялюбым мужам, ахвочым да выпіўкі і абыякавым да сям’і, і марыла зьвязаць жыцьцё з іншым, больш вартым сябе чалавекам. Невядома, ці знайшла яна мужчыну сваёй мары. Адказу на гэтае пытаньне не дае верш «Прымітыў» (1929), у якім згадваецца «Янка – камсамолец малады», які чакае на паляне лірычную гераіню. Гэты Янка – найхутчэй, вобраз абагулена-рамантызаваны, характэрны для тагачасных камсамольскіх прыпевак, пад якія часткова стылізаваны верш.
Як бачым, біяграфія Ганны Брэскай па-ранейшаму ахутаная таямніцай, хоць некаторыя факты нам і ўдалося высьветліць. Яшчэ адным крокам у вяртаньні ейнай творчай спадчыны будзе публікацыя згаданых вершаў, якія засталіся па-за кнігай «Настурцыі» і пасьля 20-х гадоў не перадрукоўваліся.
Ганна Брэская
Сава
Крычы, крычы, сава...
У ночку чорнай восені,
Ты енкам жудасьці
Наводзіш страх.
Ня маеш ты ў жыцьці
Прытульнасьці –
Ты мне сястра.
Ізноў сканае дзень,
Заціхне ўсё наўкол...
Ахрыпшым голасам
Ты абуджаеш страх.
У чорнай цемені
Ты бачыш шмат агнёў –
Ты мне сястра.
(Чырвоная Полаччына, 1926, 1 мая)
Зімовае
Сані скрыпам прарэзалі сьнежную бель...
Эх, зьвініце, ліхія бубёны!...
Вецер посьвістам сьмелым у сіняй імгле
Песьціць стан завірухі шалёнай.
Вецер, стары буян, горы-гурбы мяце,
Узьнімае пуховыя хвалі...
Я хачу сёньня зьнішчыць мінуўшчыны сьцень,
Расквітацца з жаночай нядоляй.
Захаваўся ў глыбокіх сьнягох небасхіл,
А мне сьняцца ружовыя далі...
Што зіма? Калі ў сэрцы цьвітуць васількі,
Калі чарамі ноч захапляе?!
Мутна-белая ноч на мярэжнай канве
Парассыпала срэбную россып...
Ну чаго так галосяць палозьзі саней,
Калі сэрца ад шчасьця зайшлося?..
(Чырвоная Полаччына, 1926, 23 сакавіка)
САДЫ ЦЬВІТУЦЬ...
Сады цьвітуць...
цьвітуць сады!..
мне у вачох зялёны дым,
зялёна-сінім паясом
вясна зьвязала гушч лясоў,
і нейкім дзівам яе чар
лягла зялёная парча.
Сады шумяць!
цьвітуць сады...
свабодная, свабодна ты,
пакуль сады яшчэ цьвітуць,
сабе каханага найду.
Пайду па сьцежках –
травы мяць
і буду, буду цалаваць.
Закруціць зноўку
вір жыцьця,
а думы віхрам праляцяць,
раскінуць слоў –
мядовы цьвець,
што будуць яблыньню
шумець.
(Чырвоная Полаччына, 1928, 17 сакавіка)
|