12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Слова ад "Дзеяслова"

Шаноўныя чытачы!
Гісторыя вучыць нас:
— сапраўдная літаратура заўсёды была па-за палітыкай;
— сапраўдная літаратура заўсёды была ў апазіцыі да любой улады;
— сапраўдная літаратура ніколі не слугавала тым, хто пры ўладзе.
Аднак у таталітарных дзяржавах улады заўсёды імкнуліся калі не прыручыць творцаў, дык нейтралізаваць, каб потым зьнішчыць жывое, праўдзівае слова. Так было ў колішнім СССР, так ёсьць у сёньняшняй Беларусі. Гвалт над літаратурна-мастацкімі часопісамі “Полымя”, “Нёман”, “Маладосьць”, “Крыніца”, тыднёвікам “Літаратура і мастацтва”, а таксама над Саюзам бе­ларускіх пісьменьнікаў як арганізацыяй уцэлым – ёсьць таму прыкладам і доказам.
Пасьля расправы над беларускамоўным друкам сітуацыя на літаратурным полі нашай краіны карэнным чынам зьмянілася. Дзесяткам пісьменьнікаў улады перакрылі мажлівасьць выхаду са сваім словам да масавага чытача, яшчэ дзесяткі – самі прынцыпова ня пойдуць на супрацоўніцтва з адабранымі і зацуглянымі часопісамі. Паўстала неабходнасьць зьяўленьня новых літаратурных выданьняў, якія запоўняць штучна ўтвораную пустэчу. Адным з іх павінен з часам стаць “Дзеяслоў”.
Сёньня беларускіх літаратараў хочуць падзяліць на “сваіх” і “чужых”. “Дзеяслоў” супраць усялякіх падзелаў. “Дзеяслоў” — выданьне адкрытае для ўсіх. У гэтым можна пераканацца па першым выпуску. Усё вартае: таленавітае, адметнае, шчырае, сьмелае — будзе друкавацца на старонках выданьня. “Дзея­слоў” пастараецца не расчараваць ні сваіх сяброў, ні сваіх ворагаў. Крытэрыем для “Дзеяслова” будзе найперш літаратурная вартасьць і якасьць твору, а не палітычная заангажаванасьць. “Дзеяслову” імпануе адзіны неаспрэчны прынцып – служэньне на карысьць роднай Беларусі: жыцьцё кароткае — Радзіма вечная! “Дзеяслоў” лічыць, што захаваньне і разьвіцьцё роднай мовы і культуры найважнейшая задача цяперашніх пакаленьняў беларусаў. Жыцьцё, час выпрабоў­ваюць нас — талерантных і цярплівых — на талерантнасьць і цярплівасьць. Дык будзем жа яшчэ і мужнымі, годнымі нашых продкаў, якія пакінулі нам у спадчыну неацэнны дар — Краіну Беларусь.
“Дзеяслоў” не зьбіраецца абмяжоўвацца толькі колам літаратурных і літаратарскіх праблемаў. Жывапіс, музыка, тэатр, кіно, гісторыя, мовазнаўства, філасофія, паліталогія, эканоміка, экалогія... — словам, усе напрамкі чалавечай дзейнасьці будуць асьвятляцца на старонках выданьня. Шмат увагі “Дзея­ слоў” мяркуе надаваць перакладной літаратуры: чытачы выданьня павінны ведаць, што новага сёньня адбываецца ў сьвеце, чым захапляюцца нашыя суседзі, якія тэндэнцыі пануюць у сусьветным мастацтве і культуры ўвогуле. У планах “Дзеяслова” рабіць сьпецыяльныя выпускі, прысьвечаныя сучасным еўрапейскім літаратурам і літаратурам сьвету: нямецкай, швецкай, ангельскай, польскай, нарвежскай, фінскай, амерыканскай... “Дзеяслоў” мяркуе таксама пастаянна знаё­міць чытачоў з творчасьцю нашых суайчыньнікаў, якія жывуць на эміграцыі. І абавязкова, у кожным выпуску, будзе прысутнічаць рубрыка “Дэбют” з першымі “спробамі пяра” маладых аўтараў.
Неабходна патлумачыць яшчэ адзін момант: цягам дзесяцігоддзяў чыніўся гвалт над беларускай мовай. Псеўдарэфарматары рабілі ўсё, каб пазбавіць беларускую мову яе адметнасьцяў і наблізіць да расейскай: у правапісе, у стылістыцы, у лексіцы. Вяртаньне да спрадвечных асноваў роднай мовы будзе для нас цяжкім і паступовым, але, верыцца, непазьбежным. З чаго пачаць? Пытаньне для доўгіх дыскусіяў. “Дзеяслоў” лічыць, што пачынаць варта з рэа­білітацыі рэпрэсаванага першым мяккага знаку. Што і робіць. “Дзеяслоў” разумее — гэта выкліча неадназначную рэакцыю з боку прыхільнікаў і “тарашкеві­цы” і “наркомаўкі”, але робіць гэты крок з надзеяй, што за ім будуць наступныя...
...“Беларусь, твой народ дачакаецца...” – гэтыя словы з аптымістычнага чатырохрадкоўя Максіма Багдановіча ўсё часьцей сімвалічна і пагрозь­ліва-перасьцерагальна абрываюцца на першым радку. Пісьменьнікі, якія ціха сядзелі – абы іх не чапалі – у сваіх літаратурна-мастацкіх выданьнях і сваім пісьменьніцкім Доме, ужо дачакаліся... Холдынг пад назовам “саюзная дзяржава” – рэальная персьпектыва і для ўсіх беларусаў. Няўжо ж беларусы настолькі бездапаможныя гаспадары, што гатовыя перасяліцца з уласнага дому ў інтэрнат для “брацкіх” народаў, аддаць уласную сядзібу ў новы “калгас”, страціць дзяржаўнасьць дзеля ўяўна абяцаных танных “энерганосьбітаў”?.. Ці знойдзецца сёньня на Беларусі хоць адзін здаровы чалавек, які адкажа на гэтыя пытаньні станоўча?.. Не, нам жыць у незалежнай, суверэннай Беларусі. Нам непатрэбныя ніякія “холдынгі” ды “саюзныя дзяржавы”. Нам непатрэбныя гаспадары над намі, якія будуць дыктаваць, што і як рабіць — што друкаваць, што пісаць, як пісаць і пра каго пісаць. Мы хочам быць самастойнымі і мы будзем такімі!
На пачатку было Слова? Так, але за словам была Дзея! Дык ня будзем жа чакаць, будзем дзейнічаць!
“Дзеяслоў” зьвяртаецца да беларускіх літаратараў і чытачоў — далучайцеся да новага выданьня! “Дзеяслову” цяпер вельмі патрэбныя вашае разуменьне і вашая дапамога. І дзеяй. І словам.

_____________________
Падпіска:

На наш часопіс на 2007 год
можна падпісацца ў любым паштовым аддзяленьні Беларусі.
Наш індэкс - 74813 (для індывідуальных падпісчыкаў),
- 748132 (для ведамаснай падпіскі).
_____________________
Рэдакцыя:

Барыс Пятровіч (Сачанка) - галоўны рэдактар,
Эдуард Акулін, Алесь Пашкевіч - намесьнікі галоўнага рэдактара,
Анатоль Івашчанка
_____________________
Лістуйце нам:

220089 г. Менск-25, а/с 91.
e-mail: [email protected], [email protected]
Тэл.: 293-73-38.


Lotus Notes/Lotus Domino hosting by IDLab company